A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АЛЕСЬ АРКУШ

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алесь Аркуш
Маё Жодзіна


ПЕРШЫ САМВЫДАЎ

Свой першы самвыдаў я зрабіў у Жодзіне. На дварэ стаяў 1983 год.

Вярнуўшыся з войска, я падаўся ў наргас. Як большасьць студэнтаў-жодзінцаў, езьдзіў на заняткі электрычкай. На першым курсе БДІНГ набыў просьценькую, самую танную друкарку «Москва» і вечарамі «перастукваў» сваю паэзію (на той час друкарку можна было мець ужо без рэгістрацыі ў органах). На пачатку 1980-х я належаў да кола маладых паэтаў, якія гуртаваліся вакол часопісу «Рабочая смена» (неўзабаве ён стаў «Парусом», а затым і зусім зьнік). Алеся Аркуша яшчэ не было, а Аляксандар Козік пісаў па-расейску. Сярод іншых «рабочасьменаўцаў» наперш згадваецца Вера Лойка, цяперашняя жонка вядомага паэта Леаніда Галубовіча. Яна, дарэчы, і дала мне адрас «вельмі таленавітага» хлопца зь вёскі Вароніна, зь якім я меў надзвычай інтэнсіўнае ліставаньне. Было гэта, праўда, пазьней – у 1986 годзе. Сама ж Вера пазнаёмілася зь «беларускім Рубцовым» толькі праз год у Маскве ў літінстытуце – у Белакаменнай яны й пабраліся шлюбам. У 1986-м у паветры ўжо лунаў дух «вызваленьня». У 1983-м сытуацыя была іншая.

Мая першая публікацыя ў «Рабочей смене» рыхтавалася вельмі марудна. Зьявілася яна ў верасьнёўскім нумары за 1983 год. Пісаў я пераважна вэрлібры пад уплывам менскага расейскамоўнага паэта Валер’я Ліпневіча. Стаміўшыся чакаць «вялікага» дэбюту (дагэтуль мяне друкавалі толькі шматтыражкі БелАЗу «Белорусский автозаводец» і наргасу «Экономист»), я вырашыў самастойна «выдаць» свой першы зборнік паэзіі. Называўся ён «Дыхания». Наклад рабіўся на друкарцы з дапамогай капіркі. Збрашуравала саматужныя зборнічкі знаёмая маёй маці ў белазаўскай друкарні. Вядома, таемна.

Сёньня той зборнік чытаю з усьмешкай, хаця вытокі паэзіі Алеся Аркуша ў ім добра прасочваюцца. Падставы для тае амбіцыі былі слабаваценькія, але набыты «скарынаўскі» досьвед ня зьнік бясьсьледна. Напрыканцы 1980-х у Наваполацку амаль у такі ж спосаб я пачаў выдаваць літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі».

ПОШУК ВЫТОКАЎ

У 1993 годзе мне закарцела адшукаць свае жодзінскія вытокі. Я напісаў эсэ «Мой нязьдзейсьнены Ёкнапатофа». Тэкст гэты, праявіўшы нечуваную талеранцыю, надрукаваў орган Жодзінскага гарадзкога Савету народных дэпутатаў «Жодзінскія навіны». Сёньня наўрад ці нешта падобнае магло б зьявіцца на старонках тае газэты. Варта прывесьці невялікі твор цалкам:

Калі час ад часу я наяжджаю ў Жодынь (так называла горад майго дзяцінства мая родная бабуля, якая амаль усё жыцьцё пражыла ў вёсцы Арлова, што за дванаццаць кілямэтраў ад сёньняшняй белазаўскай агароджы), я кожны раз па-іншаму згадваю свае дзіцячыя і юначыя гады. Праўда, у маіх успамінах заўсёды адсутнічаюць шчымлівыя настальгічныя ноткі.

Я не ідэалізую свайго дзяцінства. Хапала ў ім рознага, пэўна, як у дзяцінстве любога чалавека. Аднак чагосьці прыкметна-ўрбаністычнага ў ім не было ані каліва. Мае бацькі жылі і жывуць цяпер у самай старой і даволі аддаленай ад цэнтру гораду частцы Жодыня, як яе называюць жодыньцы, – пасёлку ДРЭС. Мусіць, калі б я стаў празаікам, я абавязкова напісаў бы кнігу пра жыцьцё гэтай населенай кропкі. Штосьці сярэдняе паміж гумарам Шукшына і сур’ёзнасьцю Фолкнэра (памятаеце ягоны ўяўны гарадок Ёкнапатофа?). Калярытных герояў на ДРЭСе знайшлося б на добры тузін аповесьцяў… Аднак я стаў паэтам. Чаму? На гэтае пытаньне не адкажа ніхто. На ўсё воля божая. Але нейкія пазасьвядомыя вытокі майго паэтычнага нараджэньня можна прасачыць.

Напрыканцы 1980-х у беларускую літаратуру нарэшце прыйшлі выхаванцы гораду. Яны ўпарта падкрэсьлівалі сваю «гарадзковасьць». У паэзіі і прозе пачаў прабівацца кволы парастак беларускай урбаністычнай літаратуры. Зьявіліся вершы пра тэлевежу, мікрараёны, бітум, гарадзкую вуліцу. Гэта не было «бурапенства» будаўнікоў сьветлага заўтра, як некалі ў «маладнякоўцаў» 1920-х гадоў. Гарадчукі 1980-х спрабавалі выштукаваць сваю адмысловую эстэтыку, эстэтыку асфальту й бэтону. Яны шукалі прыгажосьць на тлумных гарадзкіх вуліцах. Яны разумелі, што горад – іх наканаванасьць, ад яго нікуды ня дзецца. Таму трэба творча «ператраўляць» яго, прыстасаваць для паўнакроўнага жыцьця. Літаратары, гараджане другога-трэцяга пакаленьня, пачалі ствараць сваю плынь. І хаця па ўсіх біяграфічных анкетах паэт Алесь Аркуш лічыўся «прадуктам гораду», аднак літаратурныя крытыкі ніколі яго не далучалі да «ўрбаністаў». Ну які гэта ўрбанізм?

        Над балотам захад сонца.
        Пасярод, нібыта рана,
        Багны дрогкае акенца
        Чырванее. За парканам
        З трысьнягу, аеру, хлуду
        Цішыня – як погляд Бога,
        Быццам там чакаюць цудаў
        Ці даўно няма нікога.

Гэтак сама Аркуша нельга занесьці ў вясковыя «традыцыяналісты». Няма ў яго вершаў пра касцоў, аратых, росныя раніцы. Ягоныя вершы задужа ідэалістычныя.

Сапраўды, маё дзяцінства нельга назваць ані вясковым, ані гарадзкім. Самота ціхага пасёлку прызвычаіла мяне да кнігі, да ідэалістычнага сузіраньня, да адзіноты. Любімым месцам баўленьня часу была навакольная прырода – рэчка Пліса, возера Судабаль, лясы ў ваколіцы Зялёнага бору (нездарма пазьней блізу тых лясоў пабудавалі сваё лецішча мае бацькі). Менавіта там я адчуваў душэўную разьняволенасьць, знаходзіў паразуменьне з навакольным сьветам. Мусіць, у тыя хвіліны душэўнага разьняволеньня і нарадзіўся паэт Алесь Аркуш. Але далейшы мой лёс не дае падставаў для падобнага меркаваньня.

Так было ў дзяцінстве, калі я мог не зьвяртаць увагі на горад Жодынь, ігнараваць яго прысутнасьць. Дарослым юнаком абстрагавацца ад яго існаваньня было немагчыма. Родны горад быў задужа рацыяналістычным, як мэліярацыйная канава, у яго не было культурных традыцый. Час сузіраньня скончыўся, прыйшла пара дзеяць, зьдзяйсьняць задуманае, жыць так, як я лічыў найбольш патрэбным, а ня так, як прымушала плынь жыцьцёвых падзеяў. І таму Жодынь проста выпхнуў за свае межы паэта Алеся Аркуша (дарэчы, мой літаратурны псэўданім зьявіўся, напэўна, дзеля таго, каб схавацца ад сумнай будзёншчыны, пазбавіць уяўнага паэта Аркуша ад непажаданых сутыкненьняў з жорсткай таталітарнай навакольнай рэчаіснасьцю).

Козік даў Аркушу шанец на нонканфармізм. Ён пазбавіў апошняга ад усяго руціннага і бруднага. Праўда, Аркуш ня быў сьляпым, і таму ў яго паэзіі столькі надрыву і расчараваньняў.

Аркушу ня трэба было прыстасоўвацца да хцівага жыцьця. Яму ня трэба было думаць пра ганарары. Ён проста пісаў вершы. Сёньня хтосьці іх называе філязафічнымі, хтосьці эстэцкімі. Ён аказаўся вышэйшым за падзел на вёску і горад.

Жодынь Аркуша выпхнуў, падабраў Полацак. Пераезд у Полацак стаўся чарговым нонканфармісцкім крокам да творчай і духоўнай незалежнасьці. Старажытны, легендарны Полацак не сустракае паэтаў пірагамі з сочывам, але ён абавязкова непрыкметна «прышчэпіць» чалавеку пачуцьцё патрэбнасьці ягонага творчага самараскрыцьця. Ён мудры – Полацак. Ён заўсёды прыцягвае да сябе патрэбных людзей, і ня толькі зь беларускіх земляў – але і з Польшчы, Нямеччыны, Галяндыі, Францыі, Швэцыі.

Раней «варагі» рабіліся выкладчыкамі ў Полацкай езуіцкай акадэміі, адначасова працуючы на карысьць усёй Полацкай зямлі. Гэтак было, і гэтак зноў робіцца. Полацак дазволіў Алесю Аркушу заснаваць выдавецкую суполку «Полацкае ляда», выдаваць кнігі і андэграўндны альманах «Ксэракс Беларускі», дазволіў стварыць альтэрнатыўнае Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Таварыства вольных літаратараў, у якое ўвайшлі пісьменьнікі з усёй рэспублікі. Сёе-тое пакрысе зьдзяйсьняецца зь яго задумаў. І, дзякуй Богу, цяпер гэта ня лічыцца злачынствам, і КДБ, напэўна, ужо за ім ня сочыць. Бо паэт існуе ня толькі, каб пісаць вершы, але і для таго, каб матэрыялізаваць свае, на першы погляд, вар’яцкія ўяўленьні аб годнасьці, волі, справядлівасьці. Ня кожнаму гэта зразумела. Нехта зноў згадае ідэалізм. Сапраўды, дух – нешта ідэальнае, асабліва высокі дух. Пры слове «дух» я заўсёды згадваю аблокі.

Жодынь, са сваёй караценькай, у большай частцы ідэалягічнай, гісторыяй, пакуль не разумее сэнсу дальнабачнай палітыкі вялікага Полацку. Ён яшчэ не ўсьведамляе сябе як штосьці цэльнае, са сваімі інтарэсамі і сваёю годнасьцю. Гораду без нацыянальных традыцый яшчэ доўга прыйдзецца пазбаўляцца путаў былога таталітарызму, «вытраўляць» правінцыйнае таўро. Яшчэ ня хутка зьявяцца тут друкарні, нацыянальны тэатар, літаратурнае жыцьцё.

Але ўжо трэба пра гэта марыць. Недзе тут сёньня нараджаецца новы паэт, які застанецца на сваёй малой радзіме.

Вось такое крыху наіўнае эсэ. Але яго высновы і сёньня гучаць актуальна.

МАСТАКОЎСКАЕ АСЯРОДЗЬДЗЕ

У Жодзіне 1970–1980-х гадоў я ня меў ніякага літаратурнага асяродзьдзя. Гэта мяне прыгнятала. Затое вакол было шмат мастакоў – мой стрыечны брат Сяргей Казлоўскі (ён стаў архітэктарам), браты Андруковічы, браты Ступаковы, Толя Чычын, Уладзімер Гладкевіч (у традыцыйных джонленанаўскіх (круглых) акулярах), Праскуракоў Юры Фёдаравіч, сябры звалі яго Юфам, паводле першых літараў імя і імя па бацьку, бо быў ён старэйшы за іх усіх. Гэтыя хлопцы-аматары маляваньня, за выключэньнем Чычына і Гладкевіча, жылі на ДРЭСе. Пэрыядычна жодзінскія мастакі рабілі выставы ў фае кінатэатру «Юность». Я перад кінасэансам зь цікавасьцю разглядаў іх карціны. Зь некаторымі мастакамі-студэнтамі амаль штодзень езьдзіў электрычкай у Менск на заняткі. Існавала стракатая студэнцкая электрычкаўская сябрына. У дарозе быў час і пагаманіць, і ў карты згуляць, і піва выпіць, і канспэкт пачытаць. Мне было цікава з мастакамі. Пад іх уплывам пачаў хадзіць на выставы ў менскі Палац мастацтва. Спадабаліся: Мікалай Селяшчук, Валеры Славук, Уладзімер Савіч. Пазьней у выставачных залях зьявіўся нефігуратыўны, авангардны жывапіс, але мне па-ранейшаму падабаўся Селяшчук. Неяк выпадкова даведаўся, што разам зь Селешчуком у тэатралцы вучыўся Праскуракоў, ён нават зь Міколам жыў у адным студэнцкім пакоі. Пачаў распытваць пра любімага мастака. Даведаўся, што Селяшчук быў упартым і працавітым шкаляром, любіў мастацтва прыбалтыйскіх рэспублік, штолета туды езьдзіў. У красавіку 1985 году я патрапіў у яго майстэрню разам зь сябрамі чырваназьменаўскага літаб’яднаньня «Крыніцы», якім кіравала Раіса Баравікова. Былі Шніп, Славамір Адамовіч, Дзьмітрук… Амаль усе карціны, якія паказваў Мікола, аказаліся знаёмыя па выставах. Запомнілася, як Селяшчук апавядаў пра пакуту першага мазка пэндзлем: спачатку ён доўга хадзіў вакол чыстага палатна, баяўся парушыць яго цнатлівасьць, усялякім чынам адцягваў гэтую хвіліну – піў гарбату, думаў, нешта згадваў – рыхтаваўся, як спартовец перад заліковай спробай…

У траўні таго ж году адбылася цудоўная выстава групоўкі Селяшчук–Савіч–Славук–Тоўсьцік–Альшэўскі–Янушкевіч–Ксяндзоў. Я быў у захапленьні. Ад Праскуракова даведаўся, што Славук мае жодзінскія сувязі. Выстава ягоных працаў была арганізавана ў Жодзінскім палітэхнікуме, у якім я вучыўся да войска. Сёньняшняя клясыка беларускай графікі вісела без нагляду на сьценах пашарпаных калідораў. Да таго ж бацькі Славука на той час жылі ў пасёлку Зялёны Бор, куды мастаку зь Менску трэба было дабірацца праз Жодзіна. Яшчэ большыя сувязі з маім родным горадам меў Ксяндзоў. З 1963 году ён там жыў, вучыўся ў СШ № 2 і № 4, пачаў маляваць у студыі Алеся Марачкіна, які ў той час таксама жыў у Жодзіне і выкладаў маляваньне ў СШ № 4. Але гэта былі людзі зусім іншага пакаленьня, зусім зь іншага раёну гораду – мне не знаёмыя. З Марачкіным я пазнаёмлюся пазьней – у Полацку, на адкрыцьці яго пэрсанальнай выставы ў тагачаснай гарадзкой мастацкай галерэі, якая месьцілася ў Богаяўленскім саборы. А з Ксяндзовым толькі пазалетась – на прэзэнтацыі ў полацкай мастацкай галерэі выставы «Майстар і майстры (Гаўрыла Вашчанка і вучні)».

«Дрэсаўская» мастацкая «рунь» мела свайго «гуру» – Анатоля Шыбікіна, настаўніка маляваньня нашай СШ № 1. Мастак-аматар, вайсковец-адстаўнік, ён штолета наладжваў для сваіх вучняў-студыйцаў пленэры-выправы. Неяк мастацкая сябрына на чале зь дзядзькам Анатолем пару тыдняў жыла на хутары майго дзеда. Вядома, тое адбылося не без удзелу стрыечнага брата Сяргея. Мае знаёмцы-мастакі былі ўсе расейскамоўныя, нацпытаньне сярод нас не закраналася нават у прыватных размовах, прынамсі, я такога ня памятаю. Гэта ў другой палове 1980-х (у Жодзіне мяне тады ўжо не было) хваля нацабуджэньня дасягнула тамтэйшага мастацкага асяродку. Прынамсі, браты Андруковічы, Канстанцін і Мікалай, сталі сябрамі суполкі мастакоў «Пагоня».

Лёсы «дрэсаўскай багемы» склаліся па-рознаму. У Наваполацак, яшчэ раней за мяне, пераехаў Коля Ступакоў (у тэатралцы ён вучыўся ў адной групе з Адамам Глёбусам). Зрабіў некалькі росьпісаў і мазаічных пано на будынках нафтаграду. У мастацкім жыцьці Полаччыны практычна ня ўдзельнічаў, неўзабаве мастацтва закінуў увогуле. Не хапіла амбіцыяў? Глёбус казаў мне, што Коля быў хлопцам здольным і арыгінальным.

На адной з калектыўных выставаў у Палацы мастацтва я набыў карціну Селешчука «Дзяўчына з Палесься», якая і сёньня ўпрыгожвае маю полацкую кватэру. Патраціў амаль палову грошай, заробленых у будатрадзе.

БЕЛАРУСКІ ВУПРАЖНЫ

Неяк атрымаў журналісцкае заданьне ў «Рабочей смене»: напісаць пра жодзінскі конезавод «Зарэчча». Знаходзіцца ён побач з пасёлкам ДРЭС: перайшоў масток праз Плісу – і да канторы гаспадаркі рукой дастаць. Сустрэў мяне адзін з сэлекцыянэраў беларускага вупражнога каня Ўладзімер Гладэнка. Ён адказаў на мае пытаньні і падараваў сваю кнігу «Белорусская лошадь» (Менск, 1976). Кніга пачынаецца з апісаньня паходжаньня тутэйшых коней:

Паводле хронік XII–XIII стст. у Полацку, Тураве, Менску, Берасьці адбіралі найбольш моцных буланых («палавыя коні») для фармаваньня конных палкоў («харугваў»)… Мэтадам народнай сэлекцыі выведзены абарыгенныя коні (лясны, палескі, беларускі), якія адпавядалі гаспадарчым патрэбам чалавека… У беларускіх коней чэрап карацейшы, але шырэйшы, чым у коней мангольскага кораня… За апошнія 100 гадоў конь (беларускі вупражны. – Аўт.) выводзіўся мэтадам складанага вытворніцкага скрыжоўваньня жарабцоў заводзкіх пародаў з абарыгеннымі ляснога тыпу маткамі і наступным разьвядзеньнем помесяў «у сабе»…

Пасьля сустрэчы з Гладэнкам мы з братам Віктарам наладзілі фатасэсію для беларускіх вупражных. Нядаўна тыя нэгатывы і здымкі я адшукаў. Цікавы матэрыял. Мой артыкул пра коней у «Рабочей смене» зарэзалі, затое надрукавалі ў «Чырвонай змене».

Беларускі вупражны конь. «БелАЗ». Ёсьць тут пэўная пераемнасьць. Прынамсі, у слове «беларускі» і ў прызначэньні – «перавозіць цяжкія грузы».

КАРЫСНЫ ВЫКАПЕНЬ

У другой палове ХХ стагодзьдзя Жодзіна імкліва ўварвалася ў «эліту» беларускіх гарадоў. Адбылося гэта дзякуючы будаўніцтву Беларускага аўтамабільнага заводу. На лёс невялічкага мястэчка паўплывалі дзьве акалічнасьці: яго месцазнаходжаньне – на шляху з Масквы ў Эўропу – і тутэйшыя балоты зь іх багатымі радовішчамі торфу. Спачатку ў Жодзіне зьявілася чыгуначная станцыя, затым, з улікам транспартных выгодаў і навакольных пакладаў торфу, электрастанцыя на беразе ракі Плісы, затым – завод тарфянога машынабудаваньня «Торфмаш», які неўзабаве і ператварыўся ў БелАЗ. Усе гэтыя этапы станаўленьня Жодзіна шчыльна пераплеценыя зь лёсам маёй сям’і: мой дзед, Антон Козік, быў начальнікам чыгуначнай станцыі (прызначаны ў 1938 годзе), мае бацькі амаль палову жыцьця аддалі працы на Жодзінскай ЦЭЦ, а я сам нейкі час працаваў у канструктарскім аддзеле БелАЗу. У Жодзіне ёсьць помнік жодзінскаму самаскіду. Лічу, варта жодзінцам ушанаваць і галоўны беларускі карысны выкапень – торф. Дзякуючы яму, няхай сабе і ўскосна, Жодзіна дасягнула росквіту. Сымбалічна, што імя ракі Плісы, на берагох якой стаіць мой горад дзяцінства, мае балцкі корань і перакладаецца як «балота». Акрамя Плісы шанавалі мы, дрэсаўскія падлеткі, і возера Судабаль, на якім днямі прападалі з вудамі – тут цудоўна лавіліся карасі. У прыбярэжных хмызох хавалі чаўны, грузілі на іх свае ровары, на якіх дабіраліся да возера (ад дому кілямэтры чатыры), і амаль на цэлы дзень сплывалі ў бяскрайнія аеравыя «джунглі». Возера няўхільна зарастала, глыбіня вады ў ім ледзь дасягала паўмэтру – далей твань. У 1980-х з Судабалі пачалі здабываць сапрапэлі, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы ў якасьці ўгнаеньня і дамешку ў корм жывёле, – вялізны земснарад пампаваў тую твань па трубах на адмысловыя пляцы для сушэньня. А неўзабаве беларускія газэты пачалі пісаць пра цудадзейныя мэдычныя якасьці судабальскай гразі. Высьветлілася, што Судабаль – адзінае возера ў Беларусі, якое адпавядае ўсім 33 пунктам мэдычных патрабаваньняў да лекавых сапрапэляў. Гразь з майго возера пачалі цыстэрнамі вазіць у Менск у гразелячэбніцы. Вось такія яны – балоты ў ваколіцах Жодзіна.

Жодзінская ЦЭЦ (за маім дзяцінствам яна называлася Смалявіцкая ДРЭС) першапачаткова працавала на торфе. Яго вазілі цеплавозы па вузкакалейках з навакольных торфапрадпрыемстваў. Аднойчы мне пашчасьціла пракаціцца па торфачыгунцы. Адзін месяц лета я звычайна праводзіў у піянерскім лягеры «Чайка», які належаў СмалДРЭСу. Месьціцца ён на беразе Плісы за некалькі кілямэтраў ад гораду. Ці ня самае запамінальнае ўражаньне тых гадоў – вандроўка на возера Пясочнае. Да пасёлку Зялёны Бор дабіраліся «дрэсаўскім» цягнічком на адмысловых адкрытых плятформах, прыстасаваных для перавозкі людзей. Некалькі гадоў таму на падобным цеплавозіку мне ладзілі экскурсію ў польскую частку Белавескай пушчы. (Гайнаўская калейка засталася яшчэ ад пачатку ХХ стагодзьдзя – ёй немцы вывозілі лес з пушчы.) Тады і згадалася мая дзіцячая вандроўка на Пясочнае.

У 1980-я жодзінская электрастанцыя перайшла на мазут і газ, вузкакалейку на Зялёны Бор разабралі. Шкада! Сёньня можна было б прыстасаваць яе для турыстычных патрэбаў. І ня толькі… Зважаючы на апошнія паліўна-энэргетычныя канфлікты з Расеяй і прагнозы на сусьветную нафтавую нішчымніцу напрыканцы нашага стагодзьдзя, варта было б вузкакалейкі аднавіць. Ну не «БелАЗамі» ж вазіць торф на электрастанцыі і хімічныя прадпрыемствы!

ЖОДЗІНСКІ МІТ

Доўгі час гісторыя гораду майго дзяцінства пачынала сваё летазьлічэньне з 1963 году, калі гарадзкому пасёлку Жодзіна быў нададзены статус гораду абласнога падпарадкаваньня. За апошнія пяць гадоў беларускія гісторыкі і краязнаўцы, добра папрацаваўшы ў архівах, выявілі больш шляхетны радавод гораду. Вынікам гэтай працы стала выданьне кнігі г. І. Аніскевіч «Жодино: история и современность» (Менск, 2003). Сёньняшні міт Жодзіна «прывязаны» да клясычнага полацкага. Па-першае, прызнана, што адпачатку гэта было крывіцкае паселішча, бо ў Х–ХІІІ стст. землі па берагох Плісы ўваходзілі ў склад Полацкага княства. Па-другое, канчаткова замацавана ў мясцовай краязнаўчай літаратуры, што назва гораду паходзіць ад назвы рачулкі Жодзінка, якая ўпадае ў Плісу.

Таксама дакумэнтальна пацьверджана, што мястэчка на сутоку Жодзінкі і Плісы заснаваў князь Багуслаў Радзівіл. З клясычнай гарадзкой структурай плянаваньня: у цэнтры – рынкавы пляц з царквой і крамамі, ад якога разыходзяцца вуліцы.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Жодзіна згадваецца ў інвэнтары маёнтку Смалявічы за 1643 год пад назвай Багуслава Поле. Трэба меркаваць, што паўстала яно на месцы ранейшага невялікага селішча з назваю Жодынь (або Жодзін), з часам старая назва перамагла новую. Яго месца адшукаў гісторык і археоляг Міхась Ткачоў, які ў 1960-х гадох жыў у Жодзіне і выкладаў гісторыю ў СШ № 3. У 1970-х ён правёў некалькі археалягічных дасьледаваньняў у межах гораду і выявіў сьляды селішча эпохі раньняга жалеза на высокім правым беразе Плісы – амаль на тэрыторыі СмалДРЭС. А пры ўпадзеньні Жодзінкі ў Плісу знайшліся рэшткі селішча часоў Полацкага княства. У невялікім культурным пласьце, ад 30 да 50 сантымэтраў, траплялася кераміка ХІ–ХІІІ стст. Усе пералічаныя тут мясьціны – прастора майго дзяцінства. А на сутоку Жодзінкі і Плісы я любіў лавіць рыбу.

Дачыненьне да Жодзіна мае яшчэ адзін вядомы гісторык і археоляг – Мікалай Крывальцэвіч. Ён выхоўваўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце.

Каб замацавацца ў беларускай старажытнай гісторыі, жодзінцы плянуюць усталяваць помнік заснавальніку гораду – князю Багуславу Радзівілу.

ЖОДЗІНСКІЯ АМБІЦЫІ

У караценькай біяграфіі для сайту «litara.net» я назваў Жодзіна, месца свайго нараджэньня, самым амбітным горадам Беларусі. Падстава для гэткага сьцьверджаньня сур’ёзная: Жодзіна выпускае на канвэеры самыя вялікія аўтамабілі на нашым кантынэнце. З кнігі Аніскевіч я даведаўся, што ў Жодзіне ў 1991 годзе быў сабраны самы вялікі на той час у сьвеце (!) кар’ерны самаскід «БелАЗ» грузападымальнасьцю 280 тонаў, а цяпер канструктары аўтазаводу працуюць над 300-тоньнікам. Ці не праява амбіцыяў! Бо ўласна для Беларусі такія самаскіды не патрэбныя – мы ня маем вялікіх кар’ерных распрацовак каштоўных выкапняў. Над праектамі падобных аўтагігантаў сёньня працуюць толькі аўтамабільныя канцэрны ЗША і Японіі. Вялікагрузныя самаскіды амаль як касьмічныя караблі, яны пад завязку напічканыя электронікай. І каштуюць адпаведна – мільёны даляраў.

Торф стаўся толькі штуршком да развою Жодзіна. На ім былі зароблены першыя дывідэнды: атрыманы ўласныя кіляваты электраэнэргіі, ад торфапрадпрыемстваў паступілі замовы на вытворчасьць торфаздабывальнай тэхнікі і абсталяваньня. У выніку зьявіліся працоўныя месцы – і моладзь з навакольных вёсак масава пацягнулася ў былое мястэчка. Жодзінскі праект у 1960-х пачаў шукаць свой уласны шлях. Хто мог падумаць, што ім стане вытворчасьць кар’ерных самаскідаў і аэрадромных цягачоў?

ПАХ ЛЯДАНУ Ў БІБЛІЯТЭЦЫ

Жодзіна ніколі не было цэнтрам культурнага і духоўнага жыцьця беларускага краю. Багуслава Поле за часамі Радзівілаў – гэта невякае паселішча з двума вадзянымі млынамі, дзьвюма драўлянымі цэрквамі, сядзібамі рамесьнікаў ды некалькімі корчмамі. На сярэдзіну ХХ стагодзьдзя ў Жодзіне «ад старыны» захавалася толькі драўляная Міхайлаўская царква, якая была разбураная ў 1962 годзе. Старое царковішча зь велічнымі стогадовымі ліпамі было маім любімым месцам у горадзе. Сёньня ад тых ліп амаль нічога не засталося. Ужо дарослым я даведаўся, што ахрышчаны я быў у доме настаяцеля Сьвята-Міхайлаўскай царквы. Вядома, таемна. У 1966-м у папоўскім доме зрабілі дзіцячую бібліятэку. Менавіта яна стала маёй першай бібліятэкай, якую і сёньня я згадваю з удзячнасьцю. Скрыпучыя масьнічыны, кніжныя паліцы, на якіх дазвалялі самому выбіраць кнігі, дзіўны прыемны пах (сёньня я разумею – гэта «спадчынны» пах васковых сьвечак і кадзільнага лядану).

ВЯДОМЫЯ ЖОДЗІНЦЫ

  укладальнік полацкага нумару «ARCHE»
   

Жодзіна дала Беларусі шмат вядомых людзей. Літаратарам і выдаўцом стаў Уладзімер Сіўчыкаў, мастакамі – Мікалай і Канстанцін Андруковічы, Уладзімер Гладкевіч, архітэктарамі – Сяргей Казлоўскі1 і Аляксандар Трухін2.

Сярод вядомых жодзінцаў асобнае месца займае Дзьмітры Сямёнаў, які ў 1990 годзе ў сямнаццацігадовым узросьце адагнаў самалёт у Стакгольм. Студэнт жодзінскага палітэхнікуму набыў білет на рэйс Менск–Мурманск і з дапамогай муляжа гранаты РГ-42 апынуўся ў сталіцы Швэцыі. Хлопец, відавочна, быў надзвычай амбітны. Пра яго шмат пісалі газэты. Зарабіўшы сабе скандальнае імя, Дзіма стаў мастаком і, пасьля непрацяглага турэмнага зьняволеньня (Швэцыя выдала СССР тэрарыста з умовай несуворага пакараньня непаўналетняга), скіраваўся на Захад зарабляць пэндзлем.

Жнівень, 2004

  1 Сяргей Казлоўскі працуе начальнікам упраўленьня рэгуляваньня забудовы камітэту архітэктуры, горадабудаўніцтва і землекарыстаньня Менскага гарвыканкаму.

2 Аляксандар Трухін – аўтар праекту царквы ў гонар абраза Маці Божай Менскай (Менск, Чыжоўка, асьвячоная ў 2000 г.) і шэрагу іншых праектаў праваслаўных культавых будынкаў, дыплямант нацыянальных архітэктурных фэстываляў у 2000 і 2003 гг.

   

   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25