A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ЮРАСЬ БАРЫСЕВІЧ

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юрась Барысевіч
Сусьвет Слова


Ад іншых біялягічных відаў чалавецтва адрозьніваецца найперш тым, што ня мае агульнае мовы: кожны народ і некаторыя асобныя людзі (мастакі, навукоўцы, шыфравальнікі) ствараюць уласныя знакавыя сыстэмы. Радыюс чалавечага голасу параўнальна невялікі, і гэта сталася прычынаю вынаходзтва музычных інструмэнтаў (а потым і радыё), якія мусілі ўзмацніць альбо падмяніць жывы голас. Тэлеграфаваць патрэбную вестку нашым продкам дапамагалі таксама вогнішчы на вяршынях пагоркаў, сонечныя «зайчыкі», пункцірныя слупы дыму ці пылу.

Найбольш дасканалы спосаб перадачы зрокавых знакаў – гэта малюнкавае пісьмо. Усе графічныя віды пісьма паходзяць ад піктаграмаў. Ад іх жа паходзяць кіно й кампутарныя гульні. Вядома, што піктаграфіяй цікавіўся Ленін: у Цэнтральным партыйным архіве пры ЦК КПСС захоўваўся піктаграфічны ліст правадыра бальшавікоў, напісаны на бяросьце. Найбольш верагодная вэрсія ягонае расшыфроўкі такая: шасьцёра таварышаў прагаладаліся пасьля паляваньня на мядзьведзя (пэрсаніфікаваны вобраз царскае Расеі?) і просяць чорнабародага чалавека вярнуцца на явачную кватэру ля возера й пакарміць іх.

На працягу амаль усёй гiсторыi валоданьне пiсьменнасьцю было прывiлеем сьвятароў, i таму яно было зьнiтаванае з магiчнымi цi рэлiгiйнымi практыкамi. Як i ў сучасных шыфравальных сыстэмах, пiсьмо служыла не для адкрыцьця, а для закрыцьця сьвятарных таемных ведаў ад чужынцаў i прафанаў. Стаўленьне да ўсялякага пiсьмовага тэксту як да скарбу (а да ўменьня чытаць i пiсаць – як да магiчнага мастацтва) трывала ў народзе ажно да вынаходзтва кнiгадрукаваньня i нават даўжэй – да абвяшчэньня свабоды друку.

Сёньня магію пісьма й чытаньня адчуваюць хіба мастакі. Традыцыйны альфабэт пакрысе страчвае цэнтральнае месца ў камунiкацыйным шкілеце культуры. І адзін з прыкладаў таго – эзатэрычныя авангардныя практыкі, у якіх літаратура адмаўляецца ад сваiх трывiяльных словаў ці саміх літараў, спадзеючыся знайсьці больш выразныя і ёмістыя знакі. Лiтаратар цi мастак (у авангардыстаў гэта адно i тое ж) ператвараецца ў жраца, якi мусiць тлумачыць аўдыторыі, што такое ён напiсаў, бо сама яна прачытаць гэтыя мудрагелiстыя тэксты ня ў стане.

Шмат цікавага досьведу ў гэтым пляне назапасіў францускi летрызм. Пачынальнiк «гiпэрграфiчнае прозы» («мэтапрозы», «звышпiсьма») Iзiдор Iзу ў 1950 годзе апублiкаваў «Эсэ пра вызначэньне, эвалюцыю i татальны пераварот прозы i раману», дзе прапанаваў замянiць вычарпаныя сродкi эўрапейскае лiтаратуры новымi альбо добра забытымi сыстэмамi пiсьма: пiктаграмамi, iдэяграмамi, сьцягамi, рэбусамi, крыжаванкамi, стэнаграфiчнымi значкамi, шыфрамi, гiероглiфамi i г. д. Летрысты замяняюць некаторыя словы ў фразе малюнкамi, складаюць тэкставыя каляжы, скарыстоўваюць шрыфты розных колераў, ствараюць трохмерныя тэксты (рэльефы, скульптуры, архiтэктуру), здымаюць фiльмы, дзе кадры адпавядаюць лiтарам, словам цi фразам. Тэкст можа мець электрычныя якасьцi (электрараман), розныя пахi (фумараман), хаваць у сабе разнастайныя рэчы альбо iнсэктаў i жывёлаў (заапроза). Скарыстоўваюцца празрыстыя старонкi, сымпатычны атрамант, шматслойны (геалягiчны) друк.

Кожны летрыст імкнецца стварыць свае сыстэмы пiсьма. Лiтары ў гэтых тэкстах часта гэтак маленькiя, гэтак вялiкiя альбо гэтак перакручаныя, што прачытаць iх звычайным зрокам немагчыма (часам такiя старонкi чаргуюцца са звычайнымi – каб непадрыхтаваны чытач мог хоць нешта зразумець). У некаторых выпадках органы пачуцьцяў чытача мусяць падмяняць адно аднаго: напрыклад, iлюстрацыi трэба ўспрымаць ня зрокам, але носам, а з дапамогаю вачэй паспрабаваць пачуць музычны твор, схаваны ў лiтарах.

Экспэрымэнтальная літаратура зь яе напаўабстрактнымі тэкстамі мае нашмат больш глыбокія карані, чым літаратура рэалістычная, гісторыя якой вымяраецца некалькімі стагодзьдзямі. Дый першыя мастакі, што малявалі на сьценах пячораў і костках, былі абстракцыяністамі: выявы жывёлаў зьявіліся значна пазьней. Дарэчы, калі самім жывёлам – малпам ці сланам – даюць пэндзлі й фарбы, яны таксама малююць не партрэты знаёмых, а нешта такое ж загадкавае, як гіерогліфы, якімі пішуць вецер і дождж.

Трэба пераадолець самазакаханы антрапацэнтрызм жыхароў «галяктыкі Гутэнбэрга» – пераадолець уяўленьне, што толькі чалавек можа быць чытачом. Хіба нам адным штосьці гавораць зоркі над галавою, пахі кветак, дзіўныя плямы на сьценах пячораў альбо тэлеэкранах? Чалавечая мова – толькі адно з адгалінаваньняў мовы сусьветнай, побач з мовамі зьвяроў і кампутараў, сонечных зацьменьняў і землятрусаў. Усё, што мы спазнаем і прамаўляем, мы, магчыма, папросту перакладаем зь якой-небудзь іншае, нечалавечае мовы.

Грамадзкія казюркі – пчолы, тэрміты, мурашы – скарыстоўваюць у якасьці пісьмовае паперы ежу. Усе жыхары тэрмітніку – лічынкі, рабочыя, жаўнеры, каралева – уяўляюць сабой, так бы мовіць, агульны стрававод. Усялякі, нават найменшы драбок ежы ніколі не ператраўляецца індывідуальна. У выглядзе адрыжкі, поту ці іншых экскрэмэнтаў ежа перадаецца, нібы эстафэта, ад аднаго тэрміта да іншых сотні разоў. А разам зь ёю перадаюцца хімічныя рэчывы, якія кіруюць літаральна ўсім грамадзкім жыцьцём: заклікаюць даглядаць дзятву, карміць начальства, бараніць дзяржаву ад варожага нашэсьця. Мова пахаў мае нават свой сынтакс: спалучэньне розных фэрамонаў азначае іншую інфармацыю, чым кожны зь іх паасобку.

Шмат у якіх жывёлаў камунікацыя, як і ў людзей, адбываецца праз жэсты, акустычныя сыгналы, узоры на скуры. Напрыклад, сабакі маюць каля трыццаці розных «словаў»: па-рознаму афарбаваныя скавытаньне, гаўканьне, віск. Маўленьне жывёлаў аднаго віду, што жывуць у розных рэгіёнах, крыху адрозьніваецца. Гэта яшчэ ня розныя мовы, але розныя дыялекты.

Жывёлы не разумнейшыя за нас, але гэта значыць, што й не дурнейшыя. Маскоўскі авангардыст Алег Кулік рэклямуе сябе як новага Ісуса Хрыста – ахвярнага Збаўцу, пасланага нябёсамі ўжо ня толькі людзям, але і нашым сваякам – жывёлам ды інсэктам. Падчас пэрформансу «Сабака Паўлава» голы мастак быў укрыжаваны на лябараторным абсталяваньні акадэміка Паўлава, дзе калісьці былі закатаваныя сотні сабак. Здараецца, на выставах Кулік кусае гледачоў за ногі, але найбольш уславіла яго акцыя ў Нью-Ёрку, дзе ён месяц, не разгінаючыся, пражыў у клетцы для хатніх жывёлаў. Кулік распрацоўвае тэорыю гэтак званай заафрэніі, спрабуе сфармуляваць свайго кшталту Найноўшы Запавет, сутнасьць якога – абуджэньне ў людзях першабытнае жывёльнае вітальнасьці. У кожным з нас, сапраўды, сьпіць жывёліна, але, спадзяюся, і ў кожнай жывёліне сьпіць чалавек ці нейкая іншая разумная істота. (Здараецца, чалавек сьпіць і ў самім чалавеку.)

У адрозьненьне ад жывёлаў, чалавек ня мае адмысловых органаў для зносінаў з суродзічамі. Рука не была створаная для пісаньня, і рот ня быў створаны для маўленьня. Акурат адсутнасьць натуральнага органу камунікацыі прымусіла чалавека вынаходзіць разнастайныя спосабы зносінаў з супляменьнікамі – акустычныя, графічныя, электронныя, і канца гэтаму пошуку паразуменьня не відаць.

Сусьветныя камунікацыі ўжо існуюць, а вось сусьветную культуру ўявіць сабе пакуль цяжка. Напрыклад, ёсьць нямецкамоўная літаратура, гішпанскамоўная і г. д., але сусьветнае літаратуры няма. Пераклады толькі часткова вырашаюць праблему паразуменьня паміж народамі (альбо паміж пакаленьнямі). Сусьветнае гісторыі таксама пакуль няма: у кожнай краіне падзеі мінуўшчыны бачацца і выкладаюцца ў школах інакш, чым за мяжою. Сусьветная нацыя зьявіцца тады, калі высокія тэхналёгіі дазволяць нам дакладна разумець іншамоўныя тэксты і жэсты. Гэта значыць, калі кожны чалавек паводле аб’ёму памяці й сьмеласьці ўяўленьня будзе роўны ўсяму чалавечаму роду. Дый жывёльнаму царству таксама.

Колькасьць жывых моваў і дыялектаў на плянэце паступова скарачаецца пад ціскам некалькіх найбуйнейшых – найлепш распрацаваных і найбольш канкурэнтаздольных. Можа нават падацца, што ўрэшце на Зямлі застанецца адна супольная мова (ангельская, эспэранта ці нейкая новая – супольная для людзей, кампутараў і жывёлаў). Хутчэй за ўсё, гэтак ня будзе: акуляры ці завушніцы, падлучаныя да Інтэрнэту, будуць сынхронна перакладаць нам пачутыя ці прачытаныя думкі зь «вялікай» мовы на тую ці іншую мясцовую. І тады лякальныя мовы перастануць выміраць. Больш за тое, адродзяцца некаторыя з тых, што ўжо даўно выйшлі з ужытку. Развою нацыянальных моваў будуць пагражаць ня столькі інтэрнацыянальныя, колькі індывідуальныя: кожны зможа стварыць сабе новую мову для ўласнага карыстаньня.

Вынаходзтва друкаваных кніг у свой час стварыла ўмовы для нацыяналізацыі літаратуры; кампутар падрыхтаваў яе прыватызацыю. Ценкая паверхня акуляраў ці старонак самой кнігі дазволіць нам зьмяняць на свой густ шрыфты, імёны герояў, фасон іхнае вопраткі на ілюстрацыях. Па сутнасьці, кожны чытач будзе рабіць уласнае перавыданьне ўпадабанага твору. Трэба будзе толькі спачатку запоўніць анкету (родная мова, узровень адукацыі, настрой і г. д.), каб кніга атрымалася максымальна цікавая і зразумелая. Зрэшты, праблему адаптацыі тэксту можна вырашыць і інакш: перад чытаньнем зьмяніць пол, тэмпэрамэнт, колькасьць вачэй да таго стану, на які разьлічваў аўтар, калі ўяўляў сабе ідэальнага чытача.

Мэтаю інфармацыйнае рэвалюцыі зьяўляецца стварэньне ўнівэрсальнага чалавека, які будзе безь вялікіх праблемаў мяняць прафэсію, грамадзянства, мову, пол, век і нават прыналежнасьць да свайго біялягічнага віду. Паступова зьявяцца новыя формы жыцьця: электрамагнітная, сьветлавая, этэрная і г. д. Правадамі і радыёхвалямі будуць трансьлявацца ня толькі тэксты, але й самі людзі. Зноў актуальнаю будзе ўспрымацца перасьцярога вэтэрана партызанскага руху ў камунікацыях Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце жывога этэру, каб ня ўмёрлі!»

Звонку, напэўна, ужо падаецца, што плянэта пакрываецца інфармацыйнымі каналамі, нібыта цьвільлю. Хутчэй, гэта кокан, у якім высьпявае чалавек-сусьвет, злучаны праз камунікацыйныя сеткі з усімі існуючымі тэкстамі.

«Няма нічога па-за тэкстам» (Жак Дэрыда). Валянцін Акудовіч у эсэ «Архіпэляг Беларусь» параўноўвае нацыю зь бібліятэкаю (наборам тэкстаў). Галілей меркаваў, што «кніга прыроды» напісаная на лічбавай мове матэматыкі. Хімікі разглядаюць рэчавы сьвет як тэкст, які можна перапісаць нейкай сотняю літараў (паводле элемэнтаў табліцы Мендзялеева), а генэтыкі пішуць партрэты жывых істотаў з дапамогаю чатырох «літараў» (нуклеатыдаў) ці двух дзясяткаў «складоў» (амінакісьлінаў). Псыхафізіёлягі спадзяюцца расшыфраваць нутраную мову чалавечых мазгоў (яна, пэўна, падобная да кампутарных моваў) – авалодаць нэўроннымі кодамі, зь якіх складаюцца нашыя эмоцыі, лад мысьленьня, асаблівасьці асобы. Найвялікшая таямніца быцьця – хто, каму і пра што піша колерамі рэчаў, кроплямі дажджу, «альфабэтам» элемэнтарных часьцінак квантавае фізыкі.

«Выбух камунікацыі» пачаўся не з вынаходзтва пісьма альбо ўтаймаваньня электрычнасьці, а на 15 мільярдаў гадоў раней – зь Вялікага Выбуху, у якім нарадзілася рэчаіснасьць. Кнігі й жэсты, пахавая камунікацыя мурашоў, хімічныя рэакцыі, грукат рэчаў – гэта ўсё водгульле першае ноты, зь якой пачаўся «ўвесь гэты джаз» (як і бальшыня нашых словаў, яна, хутчэй за ўсё, была выпадковая, ніякага асаблівага сэнсу аўтар у яе не ўкладаў).

Пры канцы нашага сьвету ўсе мовы й падзеі, мабыць, зноў зьліюцца ў адну выніковую ноту, але наўрад ці тую самую, што нарадзіла нас. Кожны сусьвет гучыць па-свойму, хоць, здараецца, і паўтарае які-небудзь з папярэдніх, як могуць паўтарацца словы ў тэксьце. І ня толькі мы тут жывём у рэху нечага слова: з кожнае нашае думкі таксама дзесьці пачынаецца новы сусьвет.

P. S. Прапаноўваючы гэты тэкст для публікацыі ў нумары часопісу, прысьвечаным беларускім амбіцыям, аўтар зыходзіў зь меркаваньня, што добрыя амбіцыі павінны яднаць ня толькі беларусаў і нават ня толькі людзей.

  (нар. у 1966 г. у Менску) – філёзаф, мастак, перакладчык, аўтар кніг «Цела і тэкст» і «Alter Nemo». Сярод апошніх публікацыяў – эсэ «Быць і выглядаць» («Дзеяслоў». № 11) і «Аўтар як суаўтар» («Тэксты». № 1).
   

   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25