A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (35) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
ЗЬБІГНЕЎ БЖАЗІНСКІ | ||||
Глябальнае дамінаваньне ці сусьветнае лідэрства? Заключэньне*
Сусьветная гегемонія Амэрыкі – жыцьцёвы факт. І ніхто, у тым ліку й сама Амэрыка, нічога ня можа з гэтым зрабіць. Сапраўды, Амэрыка паставіла б пад пытаньне сваё ўласнае існаваньне, як Кітай больш за паўтысячагодзьдзя таму, калі б раптам сышла з сусьветнай арэны. У адрозьненьне ад Кітаю, Амэрыка не змагла б ізаляваць сябе ад глябальнага хаосу, які выклікаў бы падобны сыход. Але як у жыцьці, так і ў палітычных справах усё калісьці мае свой канец. Гегемонія – гэта часовая гістарычная фаза. Можа й ня хутка, аднак глябальнае дамінаваньне Амэрыкі некалі скончыцца. Такім чынам, амэрыканцам трэба ўжо цяпер імкнуцца акрэсьліць тую форму, якую будзе мець спадчына іх сусьветнай гегемоніі. Сапраўдны выбар палягае ў тым, як мусіць Амэрыка ажыцьцяўляць сваю гегемонію, з кім мусіць дзяліцца ўладаю і на якія канчатковыя мэты яна мусіць сваё панаваньне скіроўваць. Якая галоўная мэта сусьветнага панаваньня Амэрыкі? Адказ на гэтае пытаньне канчаткова акрэсьліць варыянты: ці гэта будзе міжнароднае лідэрства на аснове супольнай згоды і легітымнасьці, ці гэта будзе першынство, якое ў значнай ступені абапіраецца на сілавое дамінаваньне, заснаванае проста на магутнасьці. Лідэрства на аснове згоды ўзмоцніць вяршэнства Амэрыкі ў сусьветных справах, а легітымнасьць гэтага лідэрства замацуе за Амэрыкай статус адзінай сусьветнай супэрдзяржавы; дамінаваньне запатрабуе большых вайсковых выдаткаў, нават калі Амэрыка й будзе займаць выключную пазыцыю. Іншымі словамі, пры першым варыянце Амэрыка будзе Супэрдзяржавай Плюс, а пры другім – Супэрдзяржавай Мінус. Ня варта й казаць, што першаснай і галоўнай мэтай існаваньня амэрыканскай фэдэральнай улады мусіць быць бясьпека самой Амэрыкі. Пры ўсё большай няпэўнасьці ў галіне сусьветнай бясьпекі, калі магчымасьці ўжыцьця зброі масавага зьнішчэньня маюць ужо ня толькі дзяржавы, але і асобныя падпольныя арганізацыі, бясьпека амэрыканскага народу мусіць стаць галоўнай мэтай амэрыканскай замежнай палітыкі. Але ў наш час бясьпека асобнай дзяржавы – гэта хімэра. Барацьба за бясьпеку мусіць уключаць у сябе высілкі, накіраваныя на прыцягненьне большай сусьветнай падтрымкі. Інакш азлобленасьць і зайздрасьць з боку іншых дзяржаваў да амэрыканскага першынства могуць ператварыцца ў сур’ёзную пагрозу бясьпецы. У пэўным сэнсе, гэтая злавесная тэндэнцыя ўжо пачалася. Амэрыка выйшла трыюмфатарам з халоднай вайны, сапраўднай Супэрдзяржавай Плюс. Але празь дзесяцігодзьдзе пасьля гэтага яна рызыкуе стацца Супэрдзяржавай Мінус. Праз два гады пасьля 11 верасьня сусьветная салідарнасьць з Амэрыкай усё больш ператвараецца ў «амэрыканскую адзіноту», сусьветная падтрымка ператварылася ў распаўсюджаную падазронасьць наконт сапраўдных матываў амэрыканскай супэрдзяржавы. У прыватнасьці, пасьпяховая з вайсковага пункту гледжаньня, але супярэчлівая ў міжнародным пляне ірацкая кампанія сталася крыніцаю дзіўнага парадоксу; давер да амэрыканскай вайсковай моцы з боку сусьветнай супольнасьці ніколі ня быў такім высокім, але давер да амэрыканскай палітыкі ніколі ня быў такім нізкім. Паўсюдна прызнаецца факт, што ЗША – адзіная дзяржава, здольная арганізаваць і пасьпяхова правесьці вайсковую апэрацыю ў любым кутку сьвету. Аднак апраўданьне вайны ў Іраку тым, што Ірак валодае зброяй масавага зьнішчэньня, абвінавачаньне, якое катэгарычна выказвалася прэзыдэнтам і вышэйшымі чыноўнікамі ЗША, аказалася неадпаведным рэчаіснасьці. Гэта падарвала сусьветную рэпутацыю Амэрыкі, і ня толькі сярод традыцыйна антыамэрыканскай лявіцы, але й сярод правых. Паколькі міжнародная легітымнасьць у значнай ступені базуецца на даверы, стратаў, якія панесла рэпутацыя Амэрыкі ў сьвеце, нельга прымяншаць. Такім чынам, яшчэ больш важным робіцца тое, як Амэрыка акрэсьліць галоўныя задачы сваёй гегемоніі для сябе і для астатняга сьвету. Гэтае акрэсьленьне павінна ўключаць у сябе і ясна фармуляваць асноўны стратэгічны выклік, які стаіць перад Амэрыкай і на пераадоленьне якога яна намагаецца мабілізаваць сьвет. Тое, як яна зробіць гэта, наколькі празрыста і маральна, зь якой ступеньню разуменьня патрэбаў і надзеяў іншых краінаў – вызначыць рэальныя межы і ступень складанасьці ў ажыцьцяўленьні амэрыканскай магутнасьці. Карацей кажучы, гэта пакажа, ці стане Амэрыка Супэрдзяржавай Плюс ці Супэрдзяржавай Мінус.
|
амэрыканскі геастратэг. * Фрагмэнт кнігі Зьбігнева Бжазінскага «The Choice: Global Domination or Global Leadership» (New York: Basic Books, 2004). |
З 11 верасьня большасьці сьвету падаецца, што галоўны кірунак палітыкі бясьпекі ЗША, як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне, – гэта «вайна супраць тэрарызму ў глябальным маштабе»1 . Зьвярнуць увагу на тэрарызм было галоўнай піяр-задачай бушаўскай адміністрацыі. Тэрарызм – туманна акрэсьлены, зганены ў тэалягічных і маралісцкіх тэрмінах і без прывязкі да рэгіянальных праблемаў, але агульна асацыяваны з ісламам – мусіць атрымаць адпор ад створаных спэцыяльна для гэтага кааліцыяў з аднадумцамі, якія падзяляюць (ці дыпляматычна заяўляюць аб тым, што падзяляюць) заклапочанасьць тэрарызмам як галоўным выклікам бясьпецы нашага часу. Выкараненьне гэтай навалы, такім чынам, падаецца як неадкладная задача Амэрыкі, посьпех якой палегчыць агульны прагрэс глябальнай бясьпекі. Засяроджанасьць на тэрарызьме вельмі палітычна прыцягальная ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Яна мае бясспрэчную перавагу – простасьць. Праз дэманізацыю невядомага ворага і эксплюатацыю няпэўных страхаў можа быць дасягнутая шырокая народная падтрымка. Але як доўгатэрміновай стратэгіі ёй не стае надзейнай моцы, яна можа выклікаць міжнацыянальныя канфлікты, нецярпімасьць да іншых («хто ня з намі, той супраць нас»), і даць дарогу шавіністычным эмоцыям, а таксама можа стацца адпраўным пунктам для адвольнага вызначэньня Амэрыкай іншых краінаў як «пастаўленых па-за законам». У выніку гэта стварае магчымасьць таго, што Амэрыка будзе ўспрымацца за мяжою як эгацэнтрычная краіна, а ідэолягі антыамэрыканізму атрымаюць міжнароднае прызнаньне, заклеймаваўшы Амэрыку як самазванага жандара.
Тры галоўныя высновы, зробленыя з акрэсьленьня тэрарызму як цэнтральнай пагрозы амэрыканскай бясьпецы (1) хто ня з намі – той супраць нас; 2) Амэрыка мае права на апераджальны ваенны ўдар і прэвэнтыўныя захады неваеннага характару, і абедзьве гэтыя меры могуць ужывацца разам ці паасобку; 3) сталыя альянсы могуць лёгка падмяняцца прынагодна створанымі кааліцыямі) выклікалі шырокую заклапочанасьць на ўсім сьвеце. Нам бачыцца, што першая выснова вядзе да небясьпечнага расколу, другая – да стратэгічнай непрадказальнасьці, а трэцяя можа выклікаць палітычную напружанасьць. Разам гэтыя высновы шмат дадалі да іміджу Амэрыкі як усё больш непасьлядоўнай супэрдзяржавы. Дасьведчаны эўрапейскі назіральнік, параўноўваючы сучасную Амэрыку з старажытным Рымам, трапна зазначыў:
Сусьветныя супэрдзяржавы без супернікаў – кляса ў сабе. Яны нікога не ўспрымаюць як роўнага і занадта хутка пачынаюць называць верных пасьлядоўнікаў сябрамі, ці «amicus populi Romani». Ім больш ня ведамы ворагі, яны маюць справу толькі зь мяцежнікамі, тэрарыстамі і «дзяржавамі-ізгоямі». Яны больш не змагаюцца – толькі караюць. Яны больш не вядуць войнаў – яны твораць мір. Яны шчыра абураюцца, калі васалы не жадаюць паводзіць сябе па-васальнаму.
(Карціць таксама дадаць, што яны не нападаюць на іншыя краіны, а вызваляюць іх.) Аўтар пісаў гэта да 11 верасьня, але гэты камэнтар з ашаламляльнай дакладнасьцю перадае стаўленьне некаторых творцаў амэрыканскай палітыкі, якое яны выказалі падчас ААНаўскіх дэбатаў у 2003 г. вакол праблемы Іраку. Альтэрнатыўным падыходам да акрэсьленьня галоўнай стратэгічнай праблемы быў бы больш шырокі фокус на глябальным бязладзьдзі ў некалькіх яго рэгіянальных і грамадзкіх праявах – сярод якіх, натуральна, тэрарызм сапраўды зьяўляецца пагрозьлівым сымптомам, – каб стварыць сталы альянс дэмакратыяў-аднадумцаў з тэндэнцыяй да пашырэньня, мэтай якога была б усёахопная кампанія па ліквідацыі ўмоваў, якія ёсьць першапачатковай прычынай гэтага бязладзьдзя. У гэтым дачыненьні прыцягальны посьпех амэрыканскай дэмакратыі і яе вонкавая праекцыя ў выглядзе гуманнага акрэсьленьня глябалізацыі ўзмацнілі б легітымнасьць і эфэктыўнасьць амэрыканскай магутнасьці і палепшылі б здольнасьць ЗША пераадольваць – разам зь іншымі краінамі – як наступствы, так і прычыны сусьветнага бязладзьдзя. Сусьветнае бязладзьдзе мае шэраг праяваў. Яго ўзмацняе ранейшая масавая галеча і грамадзкая несправядлівасьць, хоць яны не зьяўляюцца адзінымі прычынамі бязладзьдзя. У некаторых рэгіёнах мае месца этнічны прыгнёт, у іншых доўжацца міжплемянныя канфлікты, яшчэ недзе пануе рэлігійны фундамэнталізм. Гэта ўсё прыводзіць да выбухаў гвалту і беспарадкаў на паўднёвай ускраіне Эўразіі, Блізкім Усходзе, у вялікай частцы Афрыкі і некаторых рэгіёнах Лацінскай Амэрыкі. Усё гэта спараджае нянавісьць і зайздрасьць да тых, хто пануе і працьвітае, і, зь вялікай імавернасьцю, будзе прыводзіць да яшчэ большай колькасьці ахвяраў, асабліва ў выніку распаўсюджаньня зброі масавага зьнішчэньня. У пэўных выпадках гэты гвалт куды менш пераборлівы, чым тэрарызм; штогод лік ахвяраў такога гвалту ідзе на дзясяткі тысяч, сотні тысяч застаюцца зьнявечанымі, пацярпелых жа – мільёны. Прызнаньне глябальнага хаосу галоўным выклікам нашага часу патрабуе складаных, комплексных захадаў у адказ. А гэта – слабое месца, бо справа тычыцца амэрыканскай палітычнай арэны. Тутака не праходзіць тактыка гучных лёзунгаў, і гэтая праблема не ўзрушае амэрыканцаў так, як тэрарызм. Хаос цяжэй пэрсаналізаваць праз адсутнасьць дэманічнага ўвасабленьня накшталт Асамы бін Ладэна. Ня знойдзеш тут і эпічных паралеляў з барацьбой паміж дабром і злом, якія пасавалі да тытанічнага змаганьня з нацызмам і камунізмам. Аднак не зьвяртаць увагі на глябальны хаос значыць ігнараваць цэнтральную рэалію нашага часу – масавае палітычнае абуджэньне чалавецтва ў сусьветных маштабах і рост усьведамленьня ім невыноснай няроўнасьці ўва ўмовах жыцьця людзей. Ключавое для будучыні пытаньне ў тым, ці будзе гэтае абуджэньне заўважана й скарыстана поўнымі нянавісьці антыамэрыканскімі дэмагогамі ці, наадварот, захапляльнае бачаньне сусьветнай супольнасьці з супольнымі інтарэсамі будзе атаясамлівацца з сусьветнай роляй Амэрыкі. Вядома, як у прыкладзе з вузкім засяроджаньнем на тэрарызьме, эфэктыўнае рэагаваньне на сусьветны хаос патрабуе большага даверу да амэрыканскай магутнасьці, якая цяпер ёсьць асноўнай перадумовай сусьветнай стабільнасьці. Але таксама патрэбныя доўгатэрміновыя мэтанакіраваныя высілкі з боку Амэрыкі, якія б мелі за аснову як уласны нацыянальны інтарэс, так і пачуцьце маральнай справядлівасьці, каб паступова трансфармаваць амэрыканскае дамінаваньне ў кааптыўную гегемонію – такую, у якой лідэрства ажыцьцяўлялася б хутчэй дзякуючы супольным з сталымі саюзьнікамі перакананьнямі, чым праз агрэсіўнае дамінаваньне. Але ня варта блытаць глябальную супольнасьць з супольнымі інтарэсамі і сусьветны ўрад. На дадзеным этапе гісторыі стварэньне сусьветнага ўраду ня можа быць практычна ажыцьцяўляльнай задачай. Амэрыцы, безумоўна, ня варта ахвяраваць сваім сувэрэнітэтам на карысьць нейкай наднацыянальнай улады ў сьвеце, якому не стае нават мінімальнага кансэнсусу для агульнага ўраду. Адзіным «сусьветным урадам», магчымым на нашым этапе, магла б стаць сусьветная дыктатура Амэрыкі, але яна, пэўна, была б нестабільнай і ўрэшце самазьнішчальнай авантурай. Сусьветны ўрад – гэта, у залежнасьці ад уяўленьня, ці то нязбыўная сьветлая мара, ці то цяжкі начны кашмар, але ніяк не сур’ёзная пэрспэктыва для некалькіх найбліжэйшых пакаленьняў. Сусьветная ж супольнасьць з супольнымі інтарэсамі, з другога боку, рэч ня толькі магчымая і пажаданая – яна ўжо пачынае зьяўляцца. Часткова гэта вынік спантанных працэсаў, уласьцівых дынаміцы глябалізацыі, часткова вынік больш мэтанакіраваных высілкаў, асабліва з боку ЗША і ЭЗ, мэтай якіх ёсьць стварэньне шырэйшай сеткі яднальнага міжнароднага супрацоўніцтва, якое праводзіцца праз спэцыяльна створаныя ўстановы2. Двухбаковыя і шматбаковыя пагадненьні аб свабодным гандлі, форумы па рэгіянальнай палітыцы і фармальныя альянсы – усё гэта робіць свой унёсак у стварэньне сеткі ўзаемазалежных адносінаў, на дадзенай стадыі больш на рэгіянальным узроўні, але таксама ўсё больш на сусьветным. Сукупна яны прадстаўляюць натуральную эвалюцыю міждзяржаўных адносінаў у бок стварэньня нефармальнай структуры міжнароднага кіраваньня.
|
1 Асаблівую заклапочанасьць выклікае афіцыйнае азначэньне тэрарызму, якое даюць ЗША. Гэтае азначэньне робіць націск на тым, што тэрарызм – гэта гвалт, які зьдзяйсьняецца супраць нявіннага мірнага насельніцтва злачыннымі групоўкамі з мэтаю дасягненьня палітычных задачаў. Але пад падобнае азначэньне не падпадае дзяржаўны тэрарызм, як, напрыклад, масіраванае бамбаваньне Грознага расейцамі і «зачысткі» для застрашэньня чачэнскага насельніцтва, таксама як і выпадкі ўжываньня іншымі дзяржавамі сьляпога гвалту ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва з мэтамі задушэньня тэрарызму.
|
Гэты працэс патрабуе заахвочваньня, пашырэньня і стварэньня адпаведных установаў дзеля таго, каб прасоўваць усё большае ўсьведамленьне адзінства лёсу ўсяго чалавецтва. Вынікам супольных інтарэсаў ёсьць балянс паміж правамі і абавязкамі, наданьне бакам паўнамоцтваў, а ніякім чынам не дыктат над імі. Амэрыка знаходзіцца ў стане ўнікальнай прыдатнасьці для лідэрства ў гэтым працэсе, бо яна як упэўненая ў сваёй магутнасьці, так і мае дэмакратычны ўрад. І калі эгаістычная гегемонія непазьбежна спараджае сваю антытэзу, то дэмакратыя спараджае сваю ўласную «заразу», а менавіта, дыктат здаровага сэнсу і рэалізму, паводле якога Амэрыка мусіць падняцца на гэты покліч.
Практычнае пытаньне захаваньня сваёй пазыцыі залежыць, такім чынам, ад самога характару амэрыканскага сусьветнага лідэрства. Лідэрства мае на ўвазе ўсьведамленьне кірунку і мабілізуе іншых. Улада дзеля ўлады, дамінаваньне, накіраванае на ўвекавечаньне дамінаваньня, ніяк ня можа быць формулай працяглага посьпеху. Дамінаваньне як мэта сама па сабе – тупіковы шлях. Яно ўрэшце змабілізавала б супрацьвагу апазыцыі, а ўласьцівая яму фанабэрыя прывяла б да самападманлівай гістарычнай сьлепаты. Найбліжэйшым пунктам прызначэньня для чалавецтва, як падавалася ў папярэдніх разьдзелах, будзе ці то паступовы і трывалы рух да сусьветнай супольнасьці з супольнымі інтарэсамі на працягу прыкладна двух дзесяцігодзьдзяў, ці то хуткае пагружэньне ў багну сусьветнага хаосу. Прыняцьце амэрыканскага лідэрства астатнімі краінамі – гэта абавязковая ўмова для таго, каб пазьбегнуць хаосу. У рэальнасьці мудрае кіраваньне сусьветнымі справамі патрабуе, перш за ўсё, рацыянальнай і ўраўнаважанай палітыкі самаабароны з мэтай памяншэньня самых імаверных і грозных небясьпек для амэрыканскага грамадзтва без адначасовага разьдзіманьня паранаідальнага пачуцьця нацыянальнай неабароненасьці. Па-другое, патрабуецца цярплівая і працяглая праца па замірэньні найбольш ненадзейных рэгіёнаў плянэты, якія генэруюць вялікую долю эмацыйнай варожасьці, што распальвае гвалт. Па-трэцяе, патрабуецца настойлівая праца па ўцягненьні найбольш важных і прыязных рэгіёнаў плянэты ў адзіную сетку, што дапамагло б лякалізаваць і, калі гэта магчыма, ліквідаваць крыніцы найвялікшых небясьпек. Па-чацьвертае, неабходна прызнаць, што глябалізацыя – гэта нешта большае за простую магчымасьць лепш гандляваць і мець большыя прыбыткі, але зьява, што мае больш глыбокае, маральнае вымярэньне. І па-пятае, неабходна разьвіваць унутраную палітычную культуру, у якой актыўна ўсьведамляліся б складаныя абавязкі, уласьцівыя глябальнай узаемазалежнасьці. Патрэбнае нам кааптыўнае сусьветнае лідэрства патрабуе сьвядомага, стратэгічна пасьлядоўнага і патрабавальнага ў дачыненьні да саміх сябе высілку з боку чалавека, якога амэрыканцы абяруць сваім прэзыдэнтам, каго б яны ні выбралі. Прэзыдэнт мусіць ня проста эмацыйна ўзрушваць амэрыканцаў, ён мусіць і адукоўваць іх. Палітычная адукацыя ў вялікай дэмакратычнай дзяржаве ня можа ажыцьцяўляцца выключна праз патрыятычныя лёзунгі, застрашэньне ці культ самазакаханасьці. Кожны палітык мае такую спакусу, і паддацца ёй – значыць атрымаць імгненныя палітычныя дывідэнды. Але мусіраваньне праблемы тэрарызму скажае бачаньне сьвету грамадзтвам. Яно павялічвае рызыку апынуцца ў агрэсіўнай самаізаляцыі, не дае грамадзтву рэалістычнага разуменьня складанасьці сьвету і да таго ж спрыяе парушэньню цэласнасьці нацыянальнай стратэгіі. Амэрыка толькі тады зможа ажыцьцяўляць сусьветнае лідэрства доўгі час, калі яе грамадзтвам будзе дасягнутае лепшае разуменьне ўзаемазалежнасьці паміж бясьпекай Амэрыкі і бясьпекай сьвету, усьведамленьне натуральнасьці цяжару сусьветнага першынства, і, як выніку гэтага, – неабходнасьці стварэньня сталых дэмакратычных альянсаў для пераадоленьня сусьветнага бязладзьдзя. Вялікі стратэгічны выбар, які стаіць перад Амэрыкай, прадугледжвае некалькі спэцыфічных высноваў. Асноўнай высновай ёсьць найвялікшая важнасьць дадатковага і больш цеснага амэрыканска-эўрапейскага глябальнага супрацоўніцтва. Узаемадапаўняльны, нават калі й трохі асымэтрычны, Атлянтычны альянс глябальных маштабаў натуральна адпавядае інтарэсам абодвух бакоў. З такім альянсам Амэрыка робіцца Супэрдзяржавай Плюс, а Эўропа можа спакойна працягваць працэс яднаньня. Без Эўропы Амэрыка ўсё адно застаецца дамінантнай сілай, але не ўсясьветна магутнай, а Эўропа без Амэрыкі – багатая, але бясьсільная. Некаторыя эўрапейскія лідэры і дзяржавы могуць мець спакусу шукаць адзінства праз антыамэрыканскае (ці, хутчэй, антыатлянтычнае) самаакрэсьленьне, але пры такой спробе ў найбольшай прайгранцы апынуцца менавіта Амэрыка разам з Эўропаю. У якасьці Супэрдзяржавы Мінус Амэрыка будзе вымушана плаціць за сусьветнае лідэрства па значна вышэйшых рахунках, а Эўропа будзе мець значна менш шанцаў на аб’яднаньне, бо антыатлянтычная плятформа ніколі не зьбярэ большасьці сярод цяперашніх і патэнцыйных чальцоў ЭЗ. Толькі супраца абодвух берагоў Атлянтыкі можа пракласьці сапраўды сусьветны курс, здольны рэальна палепшыць стан справаў у сьвеце. Дзеля гэтага Эўропа мусіць выйсьці з сваёй цяперашняй комы, усьвядоміць, што яе бясьпеку яшчэ цяжэй аддзяліць ад бясьпекі на ўсім сьвеце, чым бясьпеку Амэрыкі, і зрабіць непазьбежныя практычныя высновы. Яна ня можа быць у бясьпецы без Амэрыкі, ня можа аб’яднацца супраць Амэрыкі і можа больш-менш значна ўплываць на Амэрыку толькі пры жаданьні дзейнічаць разам з Амэрыкай. У агляднай будучыні «аўтаномная» вайскова-палітычная роля Эўропы па-за Эўропай, якая шмат абмяркоўвалася, застанецца вельмі абмежаванай, у значнай ступені таму, што эўрапейскія лёзунгі наконт яе зусім не адпавядаюць гатоўнасьці за гэтую ролю плаціць. Адначасова з гэтым Амэрыка мусіць не паддавацца спакусе раскалоць свайго найважнейшага стратэгічнага партнэра. Няма «старой» ці «новай» Эўропы. Гэта таксама лёзунг, які ня мае ні геаграфічнага, ні гістарычнага зьместу. Больш за тое, паступовае аб’яднаньне Эўропы не пагражае Амэрыцы, наадварот, – яно вельмі спрыяльнае для Амэрыкі, бо павялічвае агульную вагу Атлянтычнай супольнасьці. Палітыка divide et impera, нават калі і спакусьлівая з практычнага боку для зьвядзеньня рахункаў, была б недальнабачнай і цалкам непрадуктыўнай. Важная рэалія, зь якой таксама давядзецца сутыкнуцца – гэта тое, што Атлянтычны альянс ня можа быць ідэальна збалянсаваным партнэрствам 50/50. Сама ідэя такой дакладна наладжанай і сымэтрычнай роўнасьці ёсьць палітычным мітам. Нават у бізнэсе, дзе долі могуць быць акуратна падлічаны, расклад 50/50 ніколі не працуе. Дэмаграфічна маладзейшая, больш энэргічная і ў палітычным сэнсе адзіная Амэрыка ня можа быць палітычна і вайскова прыраўнанай да Эўропы, што складаецца з розных старэючых нацыяў, якія хаця і яднаюцца, але яшчэ вельмі далёкія ад адзінства. Тым ня менш, кожны бок Атлянтыкі мае тое, што патрэбна другому. Амэрыка будзе заставацца ў агляднай будучыні адзіным гарантам сусьветнай бясьпекі, нават калі Эўропа значна палепшыць свае пакуль што невялікія вайсковыя магчымасьці. Эўропа можа ўзмацніць узброеныя сілы Амэрыкі, а аб’яднаныя эканамічныя рэсурсы ЗША і ЭЗ зробяць Атлянтычны альянс усёмагутным у глябальным маштабе3.
|
2 Ступень актыўнасьці Амэрыкі ў гэтым напрамку ня надта добра вядомая шырокай амэрыканскай публіцы. За першыя 150 гадоў існаваньня нацыі, паміж 1789 і 1939 гг., ЗША заключылі 799 фармальных дамоваў і 1182 урадовых пагадненьняў. Паміж 1939 і 1999 гг., то бок цягам апошніх 60 гадоў, ЗША заключылі 951 дамову і 14 555 урадовых пагадненьняў.
|
Адзіны рэальны выбар, такім чынам, – гэта не эўрапейскі партнэр роўнай вагі і нават не супрацьвага, а эўрапейскі партнэр з важкім уплывам на фармаваньне і ажыцьцяўленьне сумеснай глябальнай палітыкі. Ажыцьцяўленьне ўплыву з крытычнай удзельнай вагою, нават калі гэта не адпавядае дакладна роўнай долі ў прыняцьці рашэньняў, патрабуе гатоўнасьці абодвух бакоў пры неабходнасьці дзейнічаць разам. Гэта таксама азначае, што калі неабходна дзейнічаць, дык бок, які мае большыя сродкі для дзеяньня ці большую ў гэтым зацікаўленасьць, урэшце мае больш важкі голас. Амэрыканскае першынство не абавязкова азначае аўтаматычна падпарадкаваную ролю Эўропы, а партнэрства не абавязкова азначае агульны паралюш у выпадках разыходжаньняў у базавых пытаньнях. Абодва бакі мусяць разьвіваць дух згоды, выпрацоўваць супольныя стратэгічныя пэрспэктывы і ствараць дадатковыя мэханізмы Атлянтычнага альянсу для сталага сусьветнага палітычнага плянаваньня.
Хаця эканамічнае аб’яднаньне Эўропы ідзе хутчэй за палітычнае, ня рана падумаць аб пэўнай рэарганізацыі NАТOўскага апарату прыняцьця рашэньняў, каб узяць да ўвагі палітычны абрыс ЭЗ, які паступова вымалёўваецца. У меру таго як эўрапейская канстытуцыя ўплятаецца ў тканіну эўрапейскага грамадзтва, будзе набываць форму агульнаэўрапейская палітычная арыентацыя. Паколькі пераважная большасьць чальцоў NАТO – таксама чальцы ЭЗ, спосаб дзеяньня альянсу мусіць адлюстроўваць той факт, што Альянс робіцца ўсё менш складаным цэлым з 26 нацыянальных дзяржаваў (адна зь якіх значна магутнейшая за ўсе астатнія), і ўсё больш – «дзьвюхступеневай» паўночнаамэрыканска-эўрапейскай структурай. Непрыманьне гэтай рэаліі да ўвагі толькі ўмацуе прыхільнікаў спробы асобнай і патэнцыйна разьяднальнай пабудовы эўрапейскай сыстэмы абароны. Трансатлянтычнае абмеркаваньне наступстваў гэтай новай рэаліі было б цалкам своечасовым. Мусяць абмяркоўвацца ня толькі доўгатэрміновыя стратэгічныя пляны для новаакрэсьленага і, мабыць, рэарганізаванага Альянсу, але і шырэйшыя глябальныя высновы з таго факту, што Амэрыка і Эўропа разам – сапраўды ўсёмагутныя. Гэты факт мае на ўвазе тое, што Эўропа павінна аддаць большую ўвагу працы для сусьветнай бясьпекі. Абрысы эўрапейскай бясьпекі ня могуць больш абмяжоўвацца эўрапейскім кантынэнтам і яго пэрыфэрыяй. NАТO ўжо прысутнічае ў Аўганістане, ускосна ў Іраку, і ў хуткім часе, мабыць, зьявіцца ўздоўж палестынска-ізраільскай мяжы. Стратэгічны ахоп Атлянтычнага альянсу мусіць неўзабаве ўключыць усю Эўразію. Шчыры амэрыканска-эўрапейскі трансатлянтычны альянс, заснаваны на супольнай глябальнай пэрспэктыве, мусіць зыходзіць з супольнага стратэгічнага разуменьня прыроды нашай эпохі, галоўнай пагрозы, якая стаіць перад сьветам, ролі і місіі Захаду ў цэлым. Гэта кліча да сур’ёзнага, глыбокага і ўдумлівага сумеснага дыялёгу, а не да ўзаемных абвінавачаньняў (часта заснаваных на мудрагелістай аргумэнтацыі наконт таго, што Амэрыка з Эўропай рушаць у фундамэнтальна супрацьлеглых напрамках). Праўда застаецца ў тым, што Захад у цэлым можа шмат чаго даць сьвету, але толькі тады, калі ён прыйдзе да адзінага бачаньня. Захаду цяпер не бракуе ні вайсковай моцы (Амэрыка мае яе зь лішкам), ні грашовых рэсурсаў (эўрапейскія фінансы параўнальныя з амэрыканскімі), – яна палягае ў няздольнасьці ўзьняцца над местачковымі праблемамі і вузкімі інтарэсамі. У час нечуваных дагэтуль выклікаў бясьпецы і дабрабыту чалавецтва заходняе кіраўніцтва, здаецца, ня мае канструктыўных ідэяў. Сьвядомае стратэгічнае абмеркаваньне можа ініцыяваць неабходныя палітычныя інавацыі глябальнага маштабу. У любым разе, нават без такога грунтоўнага перагляду трансатлянтычнаму альянсу неабходна прыняць больш канкрэтны плян дзеяньняў. У Эўропе ён заключаецца ў сталым пашырэньні як ЭЗ, так і NАТО. Гэтае пашырэньне ўваходзіць цяпер у сваю трэцюю фазу. Першая, Варшаўскі раўнд, ставіла на мэце хуткае вырашэньне пытаньня геастратэгічнай спадчыны часоў халоднай вайны і выявілася ў наданьні Польшчы, Чэскай Рэспубліцы і Вугоршчыне сяброўства ў NАТО; другая, Віленскі раўнд, сталася амаль адначасовым і геаграфічна абсяжным рашэньнем аб прыняцьці ў ЭЗ і ў NАТО сямі і дзесяці новых чальцоў адпаведна; трэцяя, Кіеўскі раўнд, накіраваная далей на ўсход, да Ўкраіны і, мабыць, да Каўказу, у ім можа нават разглядацца сяброўства, урэшце, Расеі. Па-за самой Эўропай Блізкі Ўсход ёсьць зонай вялікага амэрыканскага інтарэсу і непасрэднага дачыненьня да Эўропы. Шлях да палестынска-ізраільскага міру – у значнай ступені залежнага ад сумесных намаганьняў Амэрыкі і Эўропы – неаддзельны ад шляху да адбудовы Іраку ў якасьці стабільнай, незалежнай і дэмакратызаванай дзяржавы. Без вырашэньня абедзьвюх гэтых праблемаў мір у рэгіёне немагчымы4. Працуючы разам, ЗША і ЭЗ змогуць таксама больш эфэктыўна пазьбегнуць лабавога сутыкненьня паміж Захадам і ісламам і падтрымліваць пазытыўныя тэндэнцыі ўнутры ісламскага сьвету, што паспрыяла б яго канчатковай інкарпарацыі ў сучасны дэмакратычны сьвет.
|
3 Шмат якія эўрапейцы на гэтае пытаньне глядзяць рэалістычна: напрыклад, добрым доказам на карысьць абноўленага Атлянтычнага альянсу ёсьць праца Лярана Каан-Танюжы «Les sentinelles de la Liberte: l’Europe et l’Amerique au seuil du XXI siecle» (Paris, 2003).
|
Але сумеснае дасягненьне гэтай мэты патрабуе таксама тонкага разуменьня канфліктных плыняў унутры самога ісламу, і Эўропа ў гэтым дачыненьні мае перавагу над Амэрыкай. У дадатак амэрыканскае спачуваньне праблеме бясьпекі ізраільцянаў ураўнаважваецца эўрапейскім спачуваньнем палестынскай бядзе. Мірнае вырашэньне палестынска-ізраільскага канфлікту немагчымае без прыняцьця да пільнай увагі і дэталёвага разгляду абодвух пунктаў гледжаньня. Мірнае вырашэньне палегчыць, у сваю чаргу, неабходныя і даўно адкладаныя пераўтварэньні ў сумежных арабскіх краінах і паменшыць варожасьць да Амэрыкі ў іх. Нежаданьне некалькіх амэрыканскіх урадаў мужна пайсьці на вырашэньне гэтай балючай праблемы стала адным з асноўных фактараў эскаляцыі экстрэмізму ў дадзеным рэгіёне.
Амэрыка, да таго ж, мае адыгрываць унікальную ролю ў прасоўваньні дэмакратыі ў арабскім сьвеце. На працягу больш як двух стагодзьдзяў Амэрыка была калыскай свабоды, прытулішчам для тых, хто шукаў свабоды, і крыніцай натхненьня для тых, хто хоча зрабіць свае краіны такімі ж свабоднымі, як Амэрыка. Падчас халоднай вайны Амэрыка была адзінай краінай, што выразна заявіла – праз радыё «Свабодная Эўропа» – аб сваім непрыманьні падпарадкаваньня Цэнтральнай Эўропы маскоўскаму кантролю. Менавіта Амэрыка падчас прэзыдэнцтва Картэра разгарнула кампанію абароны правоў чалавека, што паставіла Савецкі Саюз у ідэалягічна абарончую пазыцыю. Амэрыка, такім чынам, распаўсюджвала агульную мару і надзею, не шукаючы шляхоў для насаджэньня сваёй уласнай палітычнай культуры. Гэта важна нагадаць цяпер, у час, калі ўсясьветна магутная Амэрыка публічна сьцьвярджае аб сваім рашучым намеры дэмакратызаваць ісламскія краіны. Гэта ня толькі высакародная, але і практычная мэта, бо распаўсюджваньне дэмакратыі ў цэлым супадае з канцэпцыяй глябальнага міру. Але таксама важна не забывацца пра асноўны ўрок гісторыі: любая самая справядлівая ідэя ў руках фанатыкаў выраджаецца ў сваю антытэзу. Менавіта гэта адбылося, калі рэлігійная ліхаманка ў сярэднявечнай Эўропе ператварыла выключна спагадлівую і мяккую ў сваёй сутнасьці веру ў жах Інквізыцыі. У больш блізкія часы тое самае здарылася, калі Француская рэвалюцыя, што адбывалася пад лёзунгамі «свабоды–роўнасьці–братэрства», стала сымбалізавацца гільятынай. А ў толькі што прамінулым стагодзьдзі людзі страшна мучыліся ад выраджэньня ідэяў сацыялізму ў нялюдзкі ленінска-сталінскі таталітарызм. Прасоўваньне дэмакратыі, калі яно ажыцьцяўляецца з фанатычнай упартасьцю, якая ігнаруе гістарычныя і культурныя традыцыі ісламу, папросту прывядзе да адмаўленьня самой дэмакратыі. Сьцьвярджэньне таго, што Амэрыка пасьля Другой сусьветнай вайны пасьпяхова ўсталявала дэмакратыю ў Нямеччыне і ў Японіі, ігнаруе некаторыя важныя гістарычныя факты. Вось хаця б два зь іх. У 2003 г. у Бэрліне сьвяткавалася сотая гадавіна перамогі Нямецкай сацыялістычнай партыі ў муніцыпальных выбарах – ні больш ні менш у самой сталіцы кайзэраўскай Нямеччыны. Згода японцаў з амэрыканскімі пасьляваеннымі рэформамі стала магчымай толькі таму, што першым даў на іх згоду імпэратар Японіі. У абодвух выпадках меўся сацыяльны падмурак, на базе якога ЗША здолелі сканструяваць дэмакратычныя канстытуцыі. Ёсьць пэўныя, хаця і абмежаваныя падставы для пошуку падобнага вырашэньня пытаньня на Блізкім Усходзе; але рабіць гэта прыйдзецца зь вялікай гістарычнай цярплівасьцю і культурнай чуйнасьцю. Досьвед некаторых ісламскіх краінаў, што месьцяцца на пэрыфэрыі Захаду, асабліва Турэччыны, а таксама Марока і (нягледзячы на фундамэнталісцкае вонкавае аблічча) Ірану, паказвае, што калі дэмакратызацыя адбываецца праз арганічны рост, а не праз дагматычнае насаджэньне вонкавай сілай, ісламскія грамадзтвы паступова ўбіраюць і асымілююць дэмакратычную палітычную культуру. Прымаючы да ўвагі надзвычайную ролю Амэрыкі ў палітычным жыцьці арабскага Блізкага Ўсходу пасьля акупацыі Іраку, вельмі важна, каб амэрыканскія палітыкі не спакусіліся дагматычнымі ідэямі прыўнесенай звонку і неадкладнай дэмакратызацыі, так бы мовіць, «дэмакратызацыі зьверху». Лёзунгі на гэтую тэму ў некаторым сэнсе адлюстроўваюць пагарду да ісламскіх традыцыяў. Для іншых палітыкаў гэтае памкненьне можа быць накшталт тактычнага ходу і зыходзіць з надзеі на тое, што засяроджанасьць на дэмакратызацыі Іраку адцягне ўвагу ад высілкаў, каб змусіць ізраільцянаў і арабаў да прыняцьця кампрамісаў, неабходных для мірнага ўрэгуляваньня іхнага канфлікту. Якой бы ні была матывацыя, фактам застаецца тое, што сапраўдная і сталая дэмакратыя найлепшым чынам ствараецца ўва ўмовах, якія паступова спрыяюць самастойным зьменам і ні ў якім разе не сумяшчаюць прымус з пасьпешлівасьцю. Першы падыход можа сапраўды трансфармаваць палітычную культуру, апошні ж можа толькі прымусіць да паліткарэктнасьці, якая па сутнасьці сваёй доўга не пратрывае. Стратэгічная сфэра дзеяньня Атлянтычнага альянсу сягае значна далей за Блізкі Ўсход. Новыя Сусьветныя Балканы – дуга крызісу, што распасьціраецца ад Пэрсідзкага заліву да Сыньцзяню – сталі б менш выбуховымі, калі б рэсурсы трох найбольш пасьпяховых рэгіёнаў сьвету – палітычна энэргічнай Амэрыкі, Эўропы, што эканамічна аб’ядноўваецца, і камэрцыйна дынамічнай Усходняй Азіі – аб’ядналіся ў сумесным намаганьні супрацьстаяць пагрозе бясьпецы, якую выклікае бязладзьдзе ў гэтым вялікім абшары. Гэтая пагроза абвастраецца атрыманьнем ядзернай зброі дзьвюма суседнімі, але варожымі дзяржавамі – Індыяй і Пакістанам, – кожная зь якіх пакутуе таксама ад унутранай напружанасьці. Амэрыцы разам з Эўропай прыйдзецца і надалей ціснуць на Японію і Кітай, каб яны больш высілкаў паклалі на супольную справу стрымліваньня разбуральных тэндэнцыяў. Абедзьве гэтыя краіны ўжо цяпер надта залежаць ад энэрганосьбітаў з Пэрсідзкага заліву і Цэнтральнай Азіі, і залежаць усё болей, таму яны ня могуць заставацца пабочнымі назіральнікамі перад абліччам агульнага выкліку з гэтага нестабільнага рэгіёну, які б мог стацца зыбкім пяском для адной, пазбаўленай хаўрусьнікаў, Амэрыкі. Амэрыка ўжо значна пашырыла сваю вайсковую прысутнасьць у Эўразіі. Цяпер яна мае сталую вайсковую прысутнасьць у Аўганістане і ў некаторых цэнтральнаазіяцкіх краінах, што нядаўна атрымалі незалежнасьць. Беручы да ўвагі пашырэньне кітайскага эканамічнага і палітычнага ўплыву на Цэнтральную Азію, зону, якая да нядаўняга часу была пад выключна расейскім кантролем, патрэба ў шырэйшай міжнароднай каапэрацыі дзеля таго, каб пераадолець нестабільнасьць у гэтым рэгіёне, становіцца неадкладнай. І Японія, і Кітай павінны стаць перакананымі ў неабходнасьці рэальнага ўдзелу ў працы для палітычнай і грамадзкай стабілізацыі гэтага рэгіёну. Тое, якую форму мае дынаміка сілаў на Далёкім Усходзе пры ўзаемадзеяньні паміж Амэрыкай, Японіяй і Кітаем, таксама ўплывае на сусьветную стабільнасьць. ЗША павінны намагацца ператварыць раўнавагу, якая зьявілася паміж імі, Японіяй і Кітаем, у больш структурныя адносіны ў сфэры бясьпекі. Геаграфічна Азія аддалена нагадвае Эўропу перад Першай сусьветнай вайной. Амэрыка стабілізавала Эўропу, але яна ўсё яшчэ стаіць перад пагрозай структурнага крызісу ў Азіі, дзе некалькі асноўных дзяржаваў усё яшчэ спаборнічаюць паміж сабой, хаця і пад ускосным кантролем пэрыфэрыйнай стратэгічнай прысутнасьці Амэрыкі. Гэтая прысутнасьць замацоўваецца амэрыканска-японскімі сувязямі, але ўздым Кітаю, што дамінуе ў гэтым рэгіёне, і непрадказальнасьць Паўночнай Карэі паказваюць на неабходнасьць больш актыўнай палітыкі ЗША, накіраванай на стварэньне, як мінімум, трохбаковай структуры бясьпекі. Як даводзілася вышэй, такая трохбаковая раўнавага, каб стацца трывалай, запатрабуе большага ўдзелу Японіі ў міжнародных справах, і той прыйдзецца паступова прыняць на сябе шырэйшы спэктар вайсковых абавязкаў. Стварэньне такой раўнавагі можа, у сваю чаргу, выклікаць стварэньне трансэўразійскай шматбаковай структуры бясьпекі для працы над новымі вымярэньнямі глябальнай бясьпекі. Няўдача з уцягненьнем Кітаю і Японіі ў структуру бясьпекі хаця б дэ-факта можа ўрэшце выклікаць небясьпечны тэктанічны зрух, які прывядзе, магчыма, да аднабаковай рэмілітарызацыі Японіі, якая ўжо цяпер мае патэнцыял для таго, каб вельмі хутка зрабіцца ядзернай дзяржавай, у дадатак да вельмі цяжкой праблемы, якую ўяўляе сабой імкненьне Паўночнай Карэі стварыць свой уласны ядзерны арсэнал. Патрэба ў калектыўным рэгіянальным адказе Паўночнай Карэі ўзмацняе больш агульную ідэю таго, што толькі кааптыўная амэрыканская гегемонія зможа эфэктыўна даваць рады з хуткім распаўсюджаньнем зброі масавага зьнішчэньня як сярод дзяржаваў, так і сярод экстрэмісцкіх арганізацыяў. Амэрыцы давядзецца працаваць з гэтымі дылемамі ў кантэксьце гістарычнага альянсу паміж амэрыканскай глябальнай сілай і глябальнай узаемазалежнасьцю ў эпоху імгненных камунікацыяў. Пошук балянсу паміж існуючай гегемоніяй адной дзяржавы і нованароджанай сусьветнай супольнасьцю, паміж дэмакратычнымі каштоўнасьцямі і імпэратывамі глябальнай улады будзе і надалей асноўнай амэрыканскай дылемай. Глябалізацыя, якую Амэрыка заахвочвае і прасоўвае, можа паспрыяць зьмяншэньню сусьветнага бязладзьдзя, але толькі калі яна будзе ўзмацняць, а не аслабляць бедныя краіны, і толькі калі яна будзе ажыцьцяўляцца ў зьвязцы з гуманізмам, а не з аднымі толькі эгаістычнымі эканамічнымі інтарэсамі. Стаўленьне ЗША да шматбаковых абавязаньняў, асабліва да тых, якія не супадаюць з больш вузкімі і непасрэднымі задачамі Амэрыкі, зьяўляюцца, такім чынам, лякмусавай паперкай для праверкі гатоўнасьці прасоўваць глябалізацыю, якая б сапраўды вяла да справядлівай узаемазалежнасьці, а не аднабаковай залежнасьці5.
|
4 Калі гэтая кніга рыхтавалася да друку, нізкая падтрымка сусьветнай супольнасьцю ўсё больш аднабокай палітыкі фаварытызму ЗША ў дачыненьні да Ізраілю вельмі яскрава адбілася на выніках ААНаўскага галасаваньня па рэзалюцыі «Аб незаконных дзеяньнях Ізраілю на акупаваных палестынскіх тэрыторыях». За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 133 краіны-ўдзельніцы, 4 – супраць і 15 – устрымаліся. Гэтымі чатырма былі ЗША, Ізраіль, Мікранэзія і Маршалавы астравы. Усе бліжэйшыя саюзьнікі Амэрыкі ў Эўропе (у тым ліку Вялікая Брытанія) і ў Азіі падтрымалі рэзалюцыю. Падтрымалі яе таксама Індыя, Расея, Бразылія ды іншыя.
|
Амэрыканскі паслужны сьпіс апошніх гадоў у дачыненьні да шматбаковых абавязаньняў стварае агульнае ўражаньне, што роўныя правілы гульні ня ёсьць галоўнай мэтай Амэрыкі.
Амэрыка мусіць лепш усьвядоміць, што атаясамліваньне яе зь несправядлівай вэрсіяй глябалізацыі можа падштурхнуць сусьветную рэакцыю, якая прывядзе да ўзьнікненьня новай ідэалёгіі антыамэрыканізму. Бясьпека залежыць ня толькі ад вайсковай моцы, але, у гэтую эру глябальнага палітычнага абуджэньня, і ад кірункаў грамадзкіх жарсьцяў і фанатычных нянавісьцяў; і тое, як Амэрыка акрэсьліць і будзе праводзіць глябалізацыю, наўпрост адаб’ецца на яе доўгатэрміновай бясьпецы. Таксама Амэрыцы сьлед быць сьведамай нечаканых палітычных наступстваў яе выключнага культурнага ўплыву на астатні сьвет. Прыцягальнасьць сусьветнай магутнасьці ЗША мае нечаканым вынікам перабольшаныя спадзяваньні на ЗША з боку народаў сьвету. Яны ацэньваюць Амэрыку вышэй за іншыя краіны і нават вышэй за сваю ўласную краіну. Антыамэрыканізм мае шмат атрыбутаў падманутага спадзеву. Як вынік, расчараваныя асабліва разьюшваюцца, калі яны адчуваюць, што Амэрыка робіць недастаткова для таго, каб палепшыць іх уласнае гаротнае становішча. Такім чынам, амэрыканская культурная спакуса бывае фактарам палітычнай дэстабілізацыі, хоць Амэрыка імкнецца дасягнуць сусьветнай стабільнасьці дзеля сваіх шырэйшых стратэгічных інтарэсаў. Толькі калі Амэрыка зробіць большую стаўку на сапраўды супольную для ўсіх краінаў справу, яна зможа атрымаць палітычную карысьць з культурнай рэвалюцыі, якую яна разгортвае на ўсім сьвеце. Паколькі надзвычай важнай крыніцай глябальнай прывабнасьці Амэрыкі, а значыць і яе магутнасьці, ёсьць магнэтычная прыцягальнасьць яе дэмакратычнай сыстэмы, вельмі істотная задача амэрыканцаў – стараннае падтрыманьне крохкага балянсу паміж іхнымі грамадзянскімі правамі і вымогамі іхнай нацыянальнай бясьпекі. Гэта лягчэй рабіць, калі войны далёка, а іх кошты сацыяльна прымальныя. Але вострая грамадзкая рэакцыя на злачынства 11 верасьня, магчыма, наўмысна разьдзьмутая з палітычных матываў, можа прывесьці да досыць глыбокага пераасэнсаваньня гэтага балянсу. Мэнтальнасьць вайсковай дыктатуры можа атруціць любую дэмакратыю. Тое, што зрабілі з Ізраілем рэгіянальныя канфлікты, можа зрабіць з Амэрыкай страх, узмоцнены сусьветнай варожасьцю. З гэтага вынікае, што ўнутраная бясьпека мусіць фармавацца так, каб гэта і ўзмацняла сусьветную магутнасьць Амэрыкі, і спрыяла сусьветнай легітымізацыі гэтай магутнасьці. Паўтараючы тое, што было выкладзена вышэй, трэба сказаць, што цяпер Амэрыка ўцягнутая ў трэцюю вялікую спрэчку з часоў яе ўзьнікненьня як незалежнай краіны, заклапочанай сваёй абаронай. Гэтая спрэчка натуральным чынам тычыцца здольнасьці выжываньня грамадзтва ў новых умовах распаўсюджваньня зброі масавага зьнішчэньня і стварэньня яе новых відаў, што спрыяе разрастаньню сусьветнага бязладзьдзя і боязі тэрарызму. Гэта новыя гістарычныя ўмовы для Амэрыкі. Яны ствараюць найцясьнейшую залежнасьць паміж бясьпекай самой Амэрыкі і агульным станам рэчаў на ўсім сьвеце. Роля Амэрыкі ў сусьветнай бясьпецы і глябальная прысутнасьць Амэрыкі настолькі вялікія, што гэтая краіна мае права клапаціцца пра сваю бясьпеку ў большай ступені, чым іншыя краіны. Ёй патрэбныя сілы, здольныя да разгортваньня ў любым пункце сьвету. Ёй патрэбнае павышэньне эфэктыўнасьці спэцслужбаў (замест марнаваньня сродкаў на агромністы бюракратычны апарат, што фармуе бясьпеку ўнутры краіны), каб пагрозы Амэрыцы можна было прадбачыць. Амэрыка мусіць падтрымліваць адчувальную тэхналягічную перавагу над сваімі патэнцыйнымі супернікамі як у сваіх стратэгічных, так і звычайных узброеных сілах. Але яна таксама мусіць акрэсьліваць сваю бясьпеку так, каб гэта адпавядала ўласным інтарэсам іншых краінаў. Гэтая ўсёабдымная задача магла б вырашацца больш эфэктыўна, калі б сьвет разумеў, што вялікая амэрыканская стратэгія накіраваная на стварэньне глябальнай супольнасьці з супольнымі інтарэсамі. Крэпасьць на пагорку можа стаяць толькі ў поўнай самоце, кідаючы пагрозьлівы цень ад сваіх муроў на ўсю акругу. У такой якасьці Амэрыка сталася б цэнтрам нянавісьці ўсяго сьвету. Горад на пагорку, наадварот, асьвятліў бы сьвет надзеяй на прагрэс чалавецтва – але толькі пры ўмове, што гэты прагрэс бачны ўсім і дасягальны для ўсіх. «Вы – сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары...Гэтак няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя»6. Нясі сьвятло, Амэрыка!
|
5 Хаця ў некаторых адносінах пярэчаньні ЗША наконт міжнародных канвэнцыяў і могуць мець нейкі сэнс, сьпіс пагадненьняў, да якіх ЗША за апошнія гады не далучыліся, нясе пагрозьлівае адценьне: Кіёцкі пратакол па кантролі за кліматам, Міжнародны крымінальны суд, Канвэнцыя па правах дзіцяці (пярэчаньне ЗША было падтрыманае толькі Самалі), Праект пратаколу аб узмацненьні мэханізму забароны біялягічнай зброі, Дамова аб сыстэмах супрацьракетнай абароны, Дамова аб забароне проціпяхотных мінаў і г. д.
|
Пераклаў з амэрыканскай Аляксей Ігнатовіч |
6 Мацьвей 5:14 – 16. |
|
|