A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналiтыка

  НАЯЛ ФЭРГЮСАН

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Наял Фэргюсан
Сьвет перад абліччам безуладзьдзя


Мы схільныя меркаваць, што ўлада, як прырода, ня церпіць пустаты. Калі паглядзець на гісторыю сусьветнай палітыкі, то ў ёй заўсёды нехта пануе над астатнімі ці дабіваецца гегемоніі. Сёньня – Злучаныя Штаты, сто гадоў таму – Брытанія, яшчэ раней – Францыя, Гішпанія і г. д. Знакаміты нямецкі гісторык ХІХ ст. Леапольд фон Ранке, заснавальнік навукі дзяржаўнага кіраваньня, разумеў эўрапейскую гісторыю новага часу як зацятую барацьбу за панаваньне, пры якой балянс сілаў усталёўваўся толькі ў выніку бясконцых канфліктаў.

Дасьледаваньні ўплыву эканомікі на дыпляматыю толькі пацьвярджаюць, што гісторыя – гэта змаганьне паміж дзяржавамі-суперніцамі. У 1987 г. Пол Кенэдзі выдаў свой бэстсэлер «Узьлёт і падзеньне вялікіх дзяржаваў: эканамічныя зьмены і ваенныя канфлікты з 1500 да 2000 г.». У ім гісторык зь Ельскага ўнівэрсытэту зрабіў выснову, што сучасныя звышдзяржавы – Расея і ЗША, – як і ўсе імпэрыі мінулага, непазьбежна зробяцца ахвярамі ўласнага разрастаньня. Іх месца, даводзіў Кенэдзі, неўзабаве зоймуць Кітай і Японія – дзяржавы, якія ўбіраюцца ў моц і ня цягнуць на сабе «мёртвага цяжару» імпэрскіх ваенных выдаткаў.

У 2001 г. Джон Дж. Мэерсгаймэр у кнізе «Трагедыя вялікадзяржаўнай палітыкі» ўдакладніў прагноз Кенэдзі. На думку палітоляга з Чыкаскага ўнівэрсытэту, Злучаныя Штаты, так і не распаўшыся ад залішняга разрастаньня, адолеўшы Нямеччыну і Японію, павінны цяпер рыхтавацца да зьяўленьня новых супернікаў. «Патэнцыйна ў ХХІ ст. найбольшую пагрозу для Злучаных Штатаў уяўляе Кітай, – сьцьвярджае Мэерсгаймэр. – ЗША кроўна зацікаўленыя, каб эканамічны рост Кітаю ў будучыні значна запаволіўся». Аднак Мэерсгаймэр прадбачыць небясьпеку ня толькі з боку Кітаю – Эўразьвяз таксама можа ператварыцца ў «магутнага ворага».

Іншымі словамі, «натуральнай манаполіі» на ўладу не існуе: барацьба за панаваньне – адвечная і ўсюдыісная. «Аднапалярнасьць», пра якую загаварылі некаторыя камэнтатары пасьля распаду СССР, ня можа працягвацца доўга – гісторыя ня церпіць адзінай звышдзяржавы. Раней ці пазьней зьявяцца новыя супернікі, і мы зноў прыйдзем да шматпалярнага, шматуладнага сьвету.

Але што калі нашыя паважаныя тэарэтыкі глыбока памыляюцца? Што калі сьвет насамрэч ідзе да часоў, калі гегемона больш ня будзе? Што калі замест балянсу сілаў нас чакае безуладзьдзе?

Такая сытуацыя для гісторыі ня новая. Хоць летапісцы мінуўшчыны засяроджваліся пераважна на дасягненьнях магутных цэнтраў улады – цывілізацыяў, імпэрыяў або нацыянальных дзяржаваў, – яны зусім не абміналі ўвагай і пэрыяды адноснага «безуладзьдзя». На жаль, досьвед часоў «вакуўму ўлады» (або, калі хочаце, «апалярнасьці») зусім не натхняе. Кожны, каму не падабаецца гегемонія ЗША, мусіць памятаць, што рэальнай альтэрнатывай ёй будзе не шматпалярны сьвет канкурэнтных вялікіх дзяржаваў, а сьвет увогуле бязь лідэра. Апалярнасьць насамрэч можа абярнуцца анархіяй, як у змрочныя часы раньняга сярэднявечча – эпоху заняпаду імпэрыяў і рэлігійнага фанатызму, рабаваньня і спусташэньня «забытых» абшараў, эканамічнага застою і «адступленьня» цывілізацыі за ўмацаваныя муры.

ПРЭТЭНДЭНТЫ НА СТАЛЕЦ

Чаму напачатку ХХІ ст. можа ўтварыцца «вакуўм улады»? Прычыны ўявіць ня цяжка.

Амэрыканскі калёс – на гліняных нагах. Так, ЗША выглядаюць на вельмі магутную дзяржаву – з боку як эканомікі й вайсковай сілы, гэтак і «мяккай» культурнай моцы. Але пры гэтым Амэрыка сутыкаецца, прынамсі, з трыма тыпамі структурнага дэфіцыту, які абмяжуе дзейснасьць і працягласьць «квазыімпэрскага» становішча ЗША ў сьвеце. Першы чыньнік – рост залежнасьці ад замежнага капіталу, каб пакрываць завялікія дзяржаўныя і прыватныя выдаткі. Цяжка прыгадаць хоць адную імпэрыю, якая б доўга пратрывала, трапіўшы ў такую залежнасьць ад замежных грошай. Другі тып дэфіцыту зьвязаны з колькасьцю ўзброеных сілаў. Паколькі ў ЗША назіраецца прыток насельніцтва зь іншых краінаў, Амэрыка ня можа падмацаваць свае прэтэнзіі на панаваньне ў сьвеце сапраўднай калянізацыяй. І разам з тым, параўнаўча невялікага добраахвотнага войска і так заледзьве стае для буйнамаштабных ваенных інтэрвэнцыяў у Аўганістан і Ірак. Нарэшце – і гэта галоўная праблема – ЗША сутыкаюцца з тым, што, бадай, лепш за ўсё назваць «дэфіцытам увагі». Іх рэспубліканскія інстытуты, як і існыя палітычныя традыцыі, не спрыяюць таму, каб знайсьці паразуменьне адносна доўгатэрміновых нацыятворчых праектаў. За лічанымі выняткамі прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у іншых краінах у мінулым стагодзьдзі была адносна непрацяглай. Больш за 50 гадоў яны знаходзіліся ў Заходняй Нямеччыне, Японіі і Паўднёвай Карэі. На Філіпінах, Гаіці, у Дамініканскай Рэспубліцы, Віетнаме, ня кажучы пра Лібан і Самалі, яны доўга не затрымаліся. Апошнія апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць, што амэрыканскія выбарцы яшчэ менш схільныя разьвітвацца з жыцьцём (і з сваімі грашыма) на далёкіх палёх бою, чым нават падчас вайны ў Віетнаме.

«Старая Эўропа» старэе. Тыя, хто марыць, што Эўразьвяз складзе супрацьвагу звышмагутнасьці ЗША, могуць і надалей лунаць у аблоках. Як бы ні ўражвала сёлетняе пашырэньне Эўразьвязу, ужо ня кажучы пра валютны саюз 12-ці краінаў, факт застаецца фактам: праз дэмаграфічную сытуацыю Эўразьвяз амаль пэўна асуджаны на паступовую страту свайго ўплыву (і значнасьці) на міжнароднай арэне. Пры падзеньні нараджальнасьці і росьце працягласьці жыцьця менш як праз 50 гадоў сярэдні ўзрост жыхароў Заходняй Эўропы можа пераваліць далёка за сорак. «Індэкс утрыманства» (суадносіны колькасьці грамадзянаў непрацоўнага і працоўнага ўзросту) у Эўропе сягае ненармальна высокіх лічбаў. «Старая Эўропа» неўзабаве сапраўды ператворыцца ў старую. Да 2050 г. кожнаму трэцяму італійцу, гішпанцу або грэку, нават з улікам іміграцыі, будзе за 65. Эўрапейцы апынуліся перад надзвычай балючым выбарам: альбо амэрыканізаваць сваю эканоміку, г. зн. адчыніць межы для значна большага прытоку імігрантаў, з усімі непазьбежнымі культурнымі наступствамі, альбо ператварыць Эўразьвяз ува ўмацаваны з усіх бакоў дом састарэлых. Разам з тым прабуксоўка інстытуцыйных рэформаў азначае, што па-за эканамічнай сфэрай кожная эўрапейская дзяржава будзе дзейнічаць у вялікай ступені самастойна, асабліва ў вонкавай палітыцы і сфэры бясьпекі.

Кітай – перад эканамічнай крызай. Аптымісты настойваюць, што кітайскі «эканамічны цуд» апошняга дзесяцігодзьдзя будзе назірацца і надалей, прычым тэмпы росту будуць павялічвацца так імкліва, што праз 30–40 гадоў паводле аб’ёму ВУП Кітай перагоніць Амэрыку. Аднак нельга з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што звычайныя законы разьвіцьця новых рынкавых эканомік зробяць Пэкіну выключэньне. Перш-наперш вольны рынак, які грунтуецца толькі на прыватнай уласнасьці і вяршэнстве закону, у прынцыпе несумяшчальны з манаполіяй кампартыі на ўладу: яна спараджае карупцыю, перашкаджае стварэньню празрыстых фіскальных, фінансавых і рэгулюючых інстытутаў. Як і ўва ўсіх «азіяцкіх тыграў», вытворчасьць у Кітаі значна апярэджвае ўнутранае спажываньне (што моцна ўзалежнівае эканоміку ад экспарту). Разьвіцьцё ўласнай фінансавай сыстэмы істотна адстае ад росту вытворчасьці. Насамрэч ніхто ня ведае ўсёй глыбіні праблемаў у кітайскім банкаўскім сэктары. Заходнія банкі, што скупляюць безнадзейныя даўгавыя абавязаньні, каб замацавацца на кітайскім рынку, павінны памятаць: гэтым шляхам ужо аднойчы былі пайшлі. Гадоў сто таму, у часы палітыкі адчыненых дзьвярэй, амэрыканскія і эўрапейскія фірмы былі кінуліся ў Кітай – і толькі й пабачылі, як іхныя інвэстыцыі згарэлі ў полымі вайны й рэвалюцыі.

Тады, як і цяпер, эканамічныя пэрспэктывы Кітаю выклікалі радасную эўфарыю, асабліва ў Злучаных Штатах. Але тады гэтыя надзеі рухнулі – яны могуць не апраўдацца і цяпер. Валютная ці банкаўская крыза ў Кітаі можа скалануць увесь сьвет, асабліва калі замежныя інвэстары ўбачаць, як цяжка вярнуць з Кітаю свае актывы. Варта памятаць: калі іншаземцы ўкладаюць грошы наўпрост у заводы, без пасярэдніцтва, скажам, рынку каштоўных папераў, тады не ўзьнікае патрэбы ў кантролі за ўнутраным рынкам капіталу. Бо ўрэшце як жа можна вывезьці доменную печ?

Драбленьне ісламскай цывілізацыі. Паколькі ўзровень нараджальнасьці ў мусульманскім сьвеце больш як удвая вышэйшы ад сярэднеэўрапейскага, у будучыні ісламскія краіны паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу будуць абавязкова чыніць ціск на Эўропу і ЗША. Напрыклад, калі да 2050 г. паводле колькасьці насельніцтва Емэн перагоніць Расею, як тое прагназуе ААН пры захаваньні цяперашняй нараджальнасьці, то альбо эканамічная сытуацыя на Блізкім Усходзе мусіць карэнным чынам палепшыцца, альбо прыток эмігрантаў з арабскага сьвету ў Эўропу, што паступова старэе, значна павялічыцца. «Мяккая» ісламская калянізацыя найбольш уражвае ў гарадох кшталту францускага Марсэлю, дзе цэлыя прадмесьці населеныя паўночнаафрыканцамі. Аднак яна не абавязкова пагражае ўзьнікненьнем «Эўрабіі». Насамрэч мусульманскі сьвет па-ранейшаму застаецца падзеленым, і ня толькі на сунітаў і шыітаў. З аднаго боку, ёсьць мусульмане, якія шукаюць мірнага modus vivendi на Захадзе (гэтае памкненьне яскрава выяўленае ў жаданьні турэцкага ўраду ўвайсьці ў Эўразьвяз). З другога – тыя, каго вабіць рэвалюцыйна-бальшавіцкі ісламізм рэнэгатаў тыпу лідэра «Аль-Каіды» Асамы бін Ладэна. Ад Марока да Пакістану апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць пра шырокую распаўсюджанасьць антыамэрыканскіх настрояў, але адзінадушша ў гэтым пытаньні няма. У Эўропе толькі нязначная меншасьць адкрыта спачувае тэрарыстычным арганізацыям. У Ангельшчыне большасьць маладых мусульманаў аддаюць перавагу асыміляцыі, а не джыгаду. Нам вельмі далёка да «вайны дзьвюх цывілізацыяў» і яшчэ далей – да новага халіфату, які б нёс геапалітычную пагрозу ЗША і іх хаўрусьнікам.

Карацей кажучы, кожны з магчымых «гегемонаў ХХІ стагодзьдзя»: ЗША, Эўропа, Кітай – мае ў сабе зародкі заняпаду, а іслам у сусьветнай палітыцы застаецца расьцярушанай сілай, якая ня мае рэсурсаў для звышмагутнасьці.

ЗМРОК І РАЗЬЯДНАНАСЬЦЬ

Дапусьцім, падзеі будуць разгортвацца паводле найгоршага сцэнару, і ў Іраку з амэрыканскіх нэакансэрватараў саб’юць пыху, а праект адміністрацыі Буша на штыхох прынесьці дэмакратыю на Блізкі Ўсход скончыцца ганебнай паразай, і менш як за два гады мы прыйдзем ад імпэрыі да дэкалянізацыі. Дапусьцім, ніводная іншая дзяржава-суперніца не захоча запоўніць узьніклы вакуўм – ня толькі даць рады з Іракам, але, зразумела, і з Аўганістанам, з Балканамі і Гаіці. Якая апалярнасьць чакае нас тады ў будучыні?

Адказаць на пытаньне няпроста, бо ў гісторыі было вельмі мала пэрыядаў, калі ніхто не прэтэндаваў на ролю сусьветнага ці, прынамсі, рэгіянальнага лідэра. У найноўшай гісторыі апошні раз штосьці падобнае здарылася ў 1920-х гг., калі ЗША адмовіліся ад праекту прэзыдэнта Вудра Ўілсана стварыць сыстэму ўсеагульнай дэмакратыі і калектыўнай бясьпекі пад эгідай Лігі Нацыяў. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе пасьля падзеньня імпэрыяў Раманавых, Габсбургаў, Гагенцольлернаў, а таксама Асманскай імпэрыі, вядома, утварыўся вакуўм улады. Але ненадоўга. Старыя заходнеэўрапейскія імпэрыі хуценька адхапілі ласыя кавалачкі, што засталіся на Блізкім Усходзе пасьля асманскага панаваньня. Да 1922 г. бальшавікі зноў сабралі ў адно землі былой царскай імпэрыі. А да 1936 г. Нямеччына ўжо цьвёрда стала на шлях рэваншызму.

Каб адшукаць часы сапраўднай доўгатрывалай апалярнасьці, трэба заглыбіцца ў куды як больш далёкую гісторыю – ажно ў ІХ–Х стст.

На тыя часы рэшткі старажытнай Рымскай імпэрыі – Рым і Бізантыя – ужо прамінулі пік сваёй магутнасьці. На Захадзе першыя ролі разьмяркоўваліся паміж папам, які стаяў на чале Хрысьціянскай Царквы, і нашчадкамі Карла Вялікага, якія ў 843 г. падзялілі ягоную імпэрыю паводле Вэрдэнскай дамовы. Да каранаваньня ў 962 г. Ота II Вялікага рэальных прэтэндэнтаў на тытул імпэратара не было, дый той быў проста нямецкі прынц, які так ніколі і ня спраўдзіў сваіх амбіцыяў валадарыць над Італіяй. Між тым поўнач Бізантыйскай імпэрыі ахапіла паўстаньне баўгараў.

У 750 г. Абу аль-Абас заснаваў Абасыдзкі халіфат, але да 900 г. ён прайшоў кропку зэніту і ў сярэдзіне Х ст. імкліва набліжаўся да заняпаду. У Кітаі таксама ўзьнікла часовае безуладзьдзе паміж дынастыямі Тан і Сун. Абедзьве гэтыя імпэрыі мелі казачна багатыя сталіцы: Багдад і Чанган (Ch’ang-an), – але ні тая, ні другая ўсур’ёз не імкнуліся пашыраць свае абсягі.

Слабасьць старых імпэрыяў дазволіла расквітнець новым, не такім вялікім дзяржавам. Калі ў 740 г. племя хазараў прыняла юдаізм, Хазарскае ханства запоўніла эўразійскі вакуўм улады ад Касьпійскага да Чорнага мора. У Кіеве, куды не магла дацягнуцца Бізантыя, княгіня Вольга, навярнуўшыся ў 957 г. на праваслаўе (так у аўтара. – Перакл.), заклала падмурак будучай Расейскай імпэрыі (sic! – Перакл.). Калі Абасыдзкі халіфат страціў уладу над Малой Азіяй, сэльджукі – продкі асманскіх туркаў – утварылі Румскі султанат. У Афрыцы існавала міні-імпэрыя ў Гане, у Цэнтральнай Амэрыцы – цывілізацыя мая. Паміж усімі імі амаль або зусім не было ніякіх сувязяў. Гэты стан – поўная супрацьлегласьць глябалізацыі: сьвет, падзелены на разьяднаныя, засяроджаныя ў саміх сабе цывілізацыі.

Адна з рысаў той эпохі, якая вызначалася адсутнасьцю моцнай сьвецкай палітыкі, палягала ў тым, што рэлігійныя пытаньні часта выклікалі сур’ёзныя канфлікты. Сапраўды, рэлігійныя інстытуты не аднойчы вызначалі палітыку. У VIII–ХІХ стст. Бізантыю разрывалі спрэчкі пра месца абразоў у багаслужбах. У ХІ ст. папа прымусіў імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Генрыха IV падпарадкавацца ў справе прызначэньня біскупаў. У Хрысьціянскай Царкве вялікі ўплыў набылі новыя манаскія законы, асабліва клюнійскі закон – першы закон, які цэнтралізаваў кіраваньне кляштарамі. У мусульманскім сьвеце сапраўдная ўлада належала духоўнікам (улеме). Калі ўзяць пад увагу гэткую атмасфэру, робіцца зразумела, чаму тая эпоха ў выніку прывяла да крыжовых паходаў – нечуваных раней «сьвятарных войнаў». Першую зь іх хрысьціянская Эўропа распачала ў 1095 г.

І аднак тая «вайна цывілізацыяў» шмат у чым яшчэ раз пацьвердзіла, што апалярны сьвет безабаронны перад вайсковымі набегамі больш адсталых народаў на буйныя гарады. У ІХ ст. вікінгі раз за разам нападалі на заходнеэўрапейскія месты – згадаць хоць бы Нант у 842 г. і Сэвільлю ў 844 г. Адзін франскі летапісец у вусьцішы пісаў, што «бясконцы паток вікінгаў» ірвецца далей на поўдзень. Бізантыя ў 860 г. таксама ляжала разрабаваная набегамі Русі – зародку будучай Расеі. Бізантыйскі патрыярх роспачна наракаў, што гэтае «жорсткае барбарскае племя ня ведае літасьці», што яны «як бурапеннае мора… нішчаць усё, нічога не шкадуюць». Так выглядала эпоха безуладзьдзя.

Таму ня дзіва, што будучыня была за невялікімі абароназдольнымі палітычнымі адзінкамі. Напрыклад, Вэнэцыянская рэспубліка, па сутнасьці, горад-дзяржава, у 840 г. ужо вяла самастойную замежную палітыку, а створаная ў 886 г. Ангельшчына Альфрэда Вялікага стала першым прататыпам нацыянальнай дзяржавы ў эўрапейскай гісторыі.

БЕЗ ЗВЫШДЗЯРЖАВЫ

Ці можа сёньня апалярны сьвет ператварыцца ў нешта падобнае да часоў караля Альфрэда? Так, толькі зь некаторымі істотнымі – і небясьпечнымі – адрозьненьнямі.

Вядома, можна ўявіць, што прызнаныя сусьветныя лідэры: ЗША, Эўропа, Кітай – адступяць да сваіх рэгіянальных сфэраў уплыву. Але як наконт узрослых прэтэнзіяў на ўладу з боку наднацыянальных структураў, створаных пры актыўным удзеле ЗША пасьля Другой сусьветнай вайны? ААН, МВФ, Сусьветны банк, Сусьветная гандлёвая арганізацыя (у мінулым Генэральнае пагадненьне па мытных тарыфах і гандлі) – кожны зь іх уважае сябе ў пэўным сэнсе прадстаўніком «міжнароднай супольнасьці». Ці сапраўды іх імкненьне да гегемоніі ў сьвеце карэнным чынам адрозьніваецца ад духу раньняга сярэднявечча?

Але і прэтэнзіі на ўладараньне над усім сьветам былі неад’емнай часткай рыторыкі той эпохі. Іх выказвалі ўсе тагачасныя імпэрыі. Некаторыя, ня ведаючы пра існаваньне іншых цывілізацыяў, магчыма, нават і верылі, што так яно і ёсьць. Аднак у рэчаіснасьці не было ні адзінага Хрысьціянскага сьвету, ні ўсёабдымнага Царства Нябёснага. У рэчаіснасьці была палітычная раздробленасьць. Тое ж самае можна сказаць і пра нашы дні. Вызначальная рыса нашага часу – пераход улады не вышэй, да наднацыянальных структураў, а ніжэй. Канец дзяржаўнай манаполіі на сродкі прымусу і развал сыстэмы дзяржаўнага кантролю над каналамі камунікацыі азначаў, што чалавецтва ўступіла ў эру ня толькі інтэграцыі, але і дэзінтэграцыі.

Так, свабодны паток інфармацыі і сродкаў вытворчасьці павялічвае магутнасьць транснацыянальных карпарацыяў і недзяржаўных арганізацыяў (а таксама місіянэраў усіх веравызнаньняў). Але свабодны паток сродкаў зьнішчэньня павялічвае магутнасьць арганізаванай злачыннасьці і тэрарыстычных груповак. Здаецца, яны могуць дзейнічаць, дзе толькі пажадаюць – ад Гамбургу да сэктару Газа. Сілы ж міжнароднай супольнасьці, наадварот, распасьціраюцца далёка не на ўвесь сьвет. Яны амаль не выходзяць за межы некалькіх стратэгічна важных гарадоў, прыкладам, Кабулу і Прыштыны. Карацей, улада над сьветам насамрэч належыць не дзяржаўным дзеячам, а «законьнікам» і «вікінгам» нашых часоў.

Што мы маем у выніку? Заняпад імпэрыяў. Рэлігійнае адраджэньне. Пачаткі безуладзьдзя. У пэрспэктыве – хаваньне за ўмацаваныя гарадзкія муры. Сьвет без звышдзяржавы, магчыма, неўзабаве зноў пабачыць усе гэтыя праявы змрочнага раньняга сярэднявечча. Бяда ў тым, што сёньня гэта нашмат больш небясьпечна, чым у ІХ ст.

Насельніцтва Зямлі значна ўзрасло – прыкладна ў 20 разоў, а значыць, канфлікты паміж «плямёнамі», ня здольнымі суіснаваць у адзіным сьвеце, пачасьцяцца. Разьвіцьцё тэхналёгіяў зьмяніла тып вытворчасьці: чалавечае грамадзтва залежыць ужо ня толькі ад запасаў пітной вады і ад ураджаю, але і ад здабычы нафты і газу. А мы ведаем, што яны не бясконцыя. А яшчэ разьвіцьцё тэхналёгіяў удасканаліла сродкі зьнішчэньня – цяпер горад можна ня проста разрабаваць, а сьцерці з твару зямлі.

За больш як два дзесяцігодзьдзі дзякуючы глябалізацыі – інтэграцыі сусьветных рынкаў тавараў, капіталу і рабочай сілы – ува ўсім сьвеце павысіўся ўзровень жыцьця. Выключэньне складаюць толькі тыя краіны, якія тыранія ці грамадзянскія войны адгарадзілі ад гэтага працэсу. Рух ад глябалізацыі ў адваротным кірунку – а вяртаньне сярэднявечча пэўна да гэтага прывядзе – бясспрэчна, азначаў бы эканамічны застой або нават дэпрэсію. Пасьля таго як другога 11 верасьня будуць разбураныя, скажам, Х’юстан ці Чыкага, ЗША, спрабуючы абараніцца, абавязкова ператворацца ў менш адкрытае грамадзтва, не такое гасьціннае да іншаземцаў, якія хацелі б працаваць, весьці бізнэс у Амэрыцы або проста наведаць краіну. Між тым з ростам мусульманскіх анкляваў у Эўропе пранікненьне ісламскіх экстрэмістаў у Эўразьвяз набудзе незваротны характар. У выніку скрайне абвострыцца супрацьстаяньне паміж берагамі Атлянтыкі за Блізкі Ўсход. У Кітаі эканамічны каляпс прывядзе да крызы камуністычнай сыстэмы, вызваліць цэнтрабежныя сілы, што ў мінулым падрывалі магутнасьць кітайскіх імпэрыяў. Заходнія інвэстары стацяць усё і вырашаць, што лепей ніжэйшыя прыбыткі ў сваёй краіне, чым рызыка дэфолту за мяжой.

Калі б вярнуліся змрочныя часы раньняга сярэднявечча, найгорш прыйшлося б ускрайкам аслабелых вялікіх дзяржаваў. Самыя багатыя ў сьвеце партовыя гарады – ад Нью-Ёрку да Ратэрдаму і Шанхаю – сталіся б мэтай рабаўнікоў і піратаў. Між тым як Захад ліхаманкава кінуўся ўзмацняць бясьпеку ў аэрапортах, тэрарысты зь лёгкасьцю маглі б зьнішчыць судаходзтва, падрываючы танкеры, авіяносцы, пасажырскія ляйнэры. Лякальныя ядравыя войны спустошылі б шмат якія рэгіёны – пачынаючы ад Карэйскай паўвыспы і Кашміру і сканчаючы магчымай катастрофай на Блізкім Усходзе. У Лацінскай Амэрыцы даведзеныя да галечы гаротнікі шукалі б суцяшэньня ў хрысьціянскай веры, імпартаванай прапаведнікамі-місіянэрамі з ЗША. У Афрыцы працягвалі б лютаваць паморкі – СНІД і малярыя. Нешматлікія незбанкрутавалыя авіякампаніі проста адмовяцца ад палётаў у большасьць гарадоў на гэтых кантынэнтах: каму захочацца ляцець туды са сваіх бясьпечных, узмоцнена ахоўваных гаваняў?

З гэтых прычынаў пэрспэктыва апалярнага сьвету павінна пужаць нас непараўнальна больш, чым у свой час нашчадкаў Карла Вялікага. Калі Злучаныя Штаты адмовяцца ад гегемоніі ў сьвеце – бо іх рэпутацыю ўва ўласных вачох заплямяць дробныя няўдачы на ўзьмежжы імпэрыі – хай тады крытыкі (свае і замежныя) ня робяць выгляду, нібыта адкрываюць новую эру суладзьдзя ў шматпалярным сьвеце або вяртаюць нас да добрых старых часоў «балянсу сілаў».

Асьцярожна з жаданьнямі. Альтэрнатывай аднапалярнасьці будзе зусім не шматпалярнасьць, а апалярнасьць – сусьветны вакуўм улады. І ад гэтага бязладзьдзя (калісьці мы яго ўжо праходзілі) выйграюць куды як больш небясьпечныя сілы, чым вялікія дзяржавы-супернікі.

Пераклаў з амэрыканскай Алесь Брынеўскі

  ганаровы прафэсар гісторыі Школы бізнэсу Стэрна (Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт) і выкладчык Інстытуту Гувэра (Стэнфардзкі ўнівэрсытэт). Апошняя праца – кніга «Калёс: цана Амэрыканскай імпэрыі» (Colossus: the Price of America’s Empire. – New York: Penguin Press. – 2004). Гэты аналіз быў перакладзены з штодвухмесячніка «Foreign Policy» ( 2004, ліпень–жнівень) з ласкавай згоды аўтара.
   
   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25