A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналiтыка

  ФРЭНСІС ФУКУЯМА

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Фрэнсіс Фукуяма
Момант неакансерватызму


Адной з найбольш эксклюзіўных у Вашынгтоне ў 1990-я гады была штогадовая ўрачыстая вячэра, якую арганізоўвала рэдакцыя часопісу «The National Interest». Пасяджэнні з гэтай нагоды праходзілі пад старшынёўствам заснавальніка часопіса Оўэна Герыеса і часта пачыналіся з уступнага слова Генры Кісінджэра, а іх заўсёднікамі былі Джын Кіркпатрык, Ірвінг Бі і Біл Крыстал, Сэмюэл Гантынгтан, Пол Вулфавіц, Норман Падгорац, Даніэль Пайпс, Чарльз Краўтхамер, Марці Фельдстайн, Эліят Коген, Пітэр Родман і шэраг іншых кансерватыўных мысліцеляў, пісьменнікаў і дзеячаў, у тым ліку амаль усе, каго цяпер называюць «неакансерватарамі».

У гэтых вячэрах мяне заўсёды заварожвала іх непрадказальнасць. Погляды гэтых людзей канчаткова сфармаваліся падчас халоднай вайны; і ў які лагер – прыхільнікаў ці праціўнікаў разрадкі – запісацца, практычна кожны (у тым ліку і я) вырашыў для сябе даўным-даўно. Але падзенне Берлінскага муру прынесла вялікія змены, і не было выразнай сувязі паміж нашымі поглядамі да 1989 года і пасля. Груба кажучы, галоўны разлом пралёг паміж тымі, хто быў у большай ступені рэалістам, і тымі, хто схіляўся да ідэалізму ці вільсанізму. Але кожны спрабаваў вырашыць адно і тое фундаментальнае пытанне: як вызначыць замежную палітыку краіны, што раптоўна стала сусветным гегемонам, цяпер, пасля знікнення дамінуючай стратэгічнай пагрозы з боку былога СССР? Наколькі вузка ці шырока можна трактаваць словазлучэнне, якое дало назву часопісу, – «нацыянальны інтарэс»?

Менавіта на адной з гэтых вячэр Чарльз Краўтхамер упершыню выказаў ідэю амерыканскай аднапалярнасці. Узімку 1990–1991 гадоў ён напісаў пра «момант аднапалярнасці» ў часопісе «Foreign Affairs», а ў зімовым выпуску «The National Interest» 2002/2003 гадоў развіў свой тэзіс, заявіўшы, што «момант аднапалярнасці ператварыўся ў эру аднапалярнасці». Нарэшце, у лютым 2004 года ён выступіў з прамовай на штогадовай урачыстай вячэры Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва (АІП), у якой вярнуўся да сваіх ранейшых ідэй і развіў іх яшчэ больш, беручы пад увагу вынікі вайны ў Іраку1. Ён акрэсліў чатыры розныя кірункі ў замежнай палітыцы – ізаляцыянізм, ліберальны інтэрнацыяналізм, рэалізм і ягоная ўласная пазіцыя, якую ён вызначае як «дэмакратычны глабалізм», – пэўная разнавіднасць сілавога вільсанізму (за выняткам стаўлення да міжнародных інстытутаў), якое лічыць мэтазгодным ужыванне вайсковай перавагі ЗША для забеспячэння адначасова і інтарэсаў бяспекі ЗША, і дэмакратыі.

  прафэсар катэдры міжнароднай палітэканоміі імя Бэрнарда Шварца пры Вышэйшай школе міжнародных дасьледаваньняў Унівэрсытэту Джонса Гопкінса. Набыў вядомасьць сваёй кнігай «Канец гісторыі», у якой абвесьціў трыюмф заходняга лібэралізму. Апошняя ягоная праца – «Дзяржаўнае будаўніцтва: кіраваньне і сусьветны парадак у XXI стагодзьдзі» (Cornell University Press, 2004).
   

Краўтхамер – адораны мысліцель, і ягоныя ідэі варта ўспрымаць сур’ёзна самі па сабе. Аднак, што, мабыць, больш важна, ягонае стратэгічнае мысленне зрабілася сімвалічным выразнікам падыходаў, якія аказалі істотны ўплыў як унутры замежнапалітычнай каманды Буша, так і за яе межамі. Вось чаму працы Краўтхамера, асабліва яго прамова ў АІП, патрабуюць стараннага аналізу. Менавіта ў гэтым духу нашых ранейшых спрэчак я прапаную вам гэты крытычны артыкул.

Прамова Краўтхамера 2004 года дзіўным чынам адарваная ад рэальнасці. Падчас чытання яе ў вас складваецца ўражанне, што вайна ў Іраку – архетыповае дастасаванне амерыканскай аднапалярнасці – была безумоўным поспехам, а ўсе дапушчэнні і чаканні, на якіх яна грунтавалася, пацвердзіліся і спраўдзіліся. Няма і найменшай згадкі пра новыя факты, якія сталі вядомымі за апошнія год-два: правал у пошуках зброі масавага знішчэння ў Іраку, небяспечны і ўсё большы антыамерыканізм на ўсім абсягу Блізкага Усходу, усё часцейшыя паўстанні ў Іраку, факт таго, што ніякага моцнага дэмакратычнага ўраду там не з’явілася, велізарная фінансавая і ўсё большая чалавечая цана вайны, няўдача ў выкарыстанні вайны для дасягнення прагрэсу на ізраільска-палесцінскім фронце, нарэшце, той факт, што большая частка дэмакратычных саюзнікаў Амерыкі не ўстала ў строй і не ўзаконіла дзеянні амерыканцаў заднім чыслом.

Нежаданне заўважаць гэтыя факты небяспечнае, перш за ўсё, для неакансерватараў, чыю пазіцыю Краўтхамер узяўся выказваць і адстойваць. Па меры таго як вайна ў Іраку ператвараецца з трыумфальнага вызвалення ў крывавую міжусобіцу, галасы іншых – як традыцыйных рэалістаў накшталт Брэнта Скоўкрафта, так і нацыяналістаў-ізаляцыяністаў тыпу Патрыка Б’юкенена ці ліберальных інтэрнацыяналістаў, як Джон Керы, – будуць гучаць усё мацней і займеюць куды больш уплыву пры вызначэнні постіракскай замежнай палітыкі Амерыкі. Кепска ажыццёўленая нацыябудаўнічая стратэгія ў Іраку пойдзе на шкоду далейшым спробам такога роду, падрываючы ўнутраную палітычную падтрымку высакароднаму і ўтапічнаму інтэрнацыяналізму, як гэта ў свой час адбылося з в’етнамскай кампаніяй.

Такі вынік зусім не непазбежны. Можна пачаць з дапушчэнняў, ідэнтычных Краўтхамеравым, цалкам згадзіцца з яго крытыкай трох астатніх замежнапалітычных падыходаў і ўсё-такі выпрацаваць замежную палітыку, вельмі адрозную ад той, якую прапануе ён. Я лічу, што ягоная стратэгія адначасова вызначае нашы інтарэсы так вузка, каб зрабіць неакансерватыўныя пазіцыі неадрознымі ад пазіцый рэалістаў, і ў той жа час аказваецца зусім нерэалістычнай у сваёй пераацэнцы магутнасці ЗША і іх здольнасці кантраляваць падзеі ва ўсім свеце. Мабыць, ужо надта позна выкарыстоўваць ярлык «неакансерватыўны» для чагосьці, апрача палітыкі Бушавай адміністрацыі, але па-ранейшаму варта спрабаваць перафармуляваць чацвёртую альтэрнатыву, якая б камбінавала ідэалізм і рэалізм, – але так, каб гэта забяспечыла ёй працяглае існаванне.

ПРАЗМЕРНЫ РЭАЛІЗМ

Краўтхамер і многія іншыя каментатары маюць рацыю ў тым, што «кісінджэраўскі рэалізм не з’яўляецца адэкватнай асновай для амерыканскай замежнай палітыкі. Некаторая ступень месіянскага універсалізму ў дачыненні да амерыканскіх каштоўнасцяў і інстытутаў заўсёды была неад’емным кампанентам амерыканскай нацыянальнай ідэнтычнасці: амерыканцы ніколі не адчувалі сябе зручна ў рамках маральных кампрамісаў, якія цягнула за сабой строга рэалістычная пазіцыя. Пытанне, што было пастаянным прадметам дыскусій на тых рэдакцыйных вячэрах, заключалася ў тым, якія рамкі мы гатовы накласці на ідэалісцкі план. Краўтхамер адказвае на гэтае ключавое пытанне такім чынам:

Дзе ўмешвацца? Куды несці дэмакратыю? Дзе займацца нацыябудаўніцтвам? Я прапаную адзіны крытэр: там, дзе гэта будзе апраўдвацца разлікам. Называйце гэта дэмакратычным рэалізмам. А аксіёма яго наступная: мы будзем падтрымліваць дэмакратыю паўсюль, але заплацім за яе крывёй і грашыма толькі там, дзе на гэта ёсць стратэгічная патрэба, а менавіта ў месцах, дзе вядзецца маштабная вайна супраць ворага, які пагражае нашаму існаванню і нясе смяротную пагрозу свабодзе на ўсім свеце (вылучана ў арыгінале. – Аўт.).

Хоць гэтая аксіёма здаецца яснай і просталінейнай, яна ўтрымлівае некалькі двухсэнсоўнасцяў, што робіць яе малапрыдатнай для вызначэння патрэбы ўмяшальніцтва ЗША. Першая няпэўнасць звязана з фразай «стратэгічная неабходнасць», якую можна інтэрпрэтаваць больш ці менш шырока. Здаецца, што Краўтхамер займае спачатку пазіцыю рэаліста, выбіраючы вузкае вызначэнне, калі ён спасылаецца на «імавернага праціўніка» ці праціўніка, які ўяўляе сабой «смяротную» пагрозу. Калі гэтыя словы маюць нейкі рэальны сэнс, то пад імі павінны мецца на ўвазе толькі пагрозы, якія ўяўляюць небяспеку нашаму існаванню як нацыі ці як дэмакратычнаму рэжыму. Такія пагрозы існавалі ў мінулым – Савецкі Саюз мог знішчыць нас фізічна ці, магчыма, растаптаць дэмакратыю ў Паўночнай Амерыцы. Але дужа спрэчна, што якая-небудзь жыццёвая пагроза існуе цяпер. Ірак перад амерыканскай інтэрвенцыяй не ўяўляў сабой такой пагрозы: ён нёс смяротную пагрозу Кувейту, Ірану і Ізраілю, але не меў сродкаў, каб падарваць стабільнасць нашага рэжыму2. «Аль-Каіда» і іншыя радыкальныя ісламісцкія групоўкі мараць пра тое, каб стацца смяротнай пагрозай для амерыканскай цывілізацыі, але на цяперашнім этапе абсалютна няздольныя ажыццявіць свае мары. Ідзецца аб вельмі небяспечных таталітарных групах, але смяротную пагрозу яны ўяўляюць перадусім для блізкаўсходніх рэжымаў.

  1 Krauthammer Charles. Democratic Realism: An American Foreign Policy for A Unipolar World. – Washington: The American Enterprise Institute, 2004.

   

Вышэйсказанае не азначае, што Ірак і «Аль-Каіда» не неслі сур’ёзных пагроз амерыканскім інтарэсам: Ірак быў вельмі сур’ёзнай рэгіянальнай пагрозай, «Аль-Каідзе» ўдалося забіць тысячы амерыканцаў на амерыканскай зямлі. Ужыванне зброі масавага знішчэння супраць ЗША мела б жахлівыя наступствы не толькі для непасрэдных ахвяр, але і для амерыканскіх свабод: такім чынам, тэрарысты маглі б зрабіць замах і на наш лад жыцця. Але іх пагроза ўсё-такі заставалася б меншай паводле маштабу, чым ранейшыя, што зыходзілі ад дзяржаў. Сусветныя пагрозы (нацысцкая і камуністычная) мелі экзістэнцыйны характар і таму, што іх увасаблялі моцныя дзяржавы, і таму, што многія жыхары ЗША і заходняга свету зачароўваліся іх ідэямі. Ісламізм не валодае такой прыцягальнасцю, можа быць, за выключэннем такіх краін, як Францыя, якая дазволіла масавую іміграцыю мусульманаў.

Маю падазрэнне, што Краўтхамер свядома ўжыў тэрмін «стратэгічная патрэба» ў шырэйшым сэнсе, чым той, што ён сам укладаў ва ўласныя словы пра смяротныя пагрозы. У канцы свайго аксіяматычнага выказвання ён пераскоквае на патрэбу весці вайну «супраць ворага, які пагражае нашаму існаванню і нясе смяротную пагрозу свабодзе на ўсім свеце», а паўсюль гаворыць пра Злучаныя Штаты як «ахоўніка міжнароднай сістэмы», намякаючы на шырэйшае разуменне інтарэсаў дзяржавы. Ці слова «сусветная» азначае тут пагрозу, якая выходзіць за межы асобных рэгіёнаў, падобна да радыкальнага ісламізму альбо камунізму? Калі лічыцца толькі з ворагам сусветнага маштабу, Паўночная Карэя павінна быць выключана з ліку «стратэгічных» ворагаў. Ці то слова «сусветная» абазначае любую смяротную пагрозу свабодзе ў любым месцы зямнога шару? Калі «вораг» нясе смяротную пагрозу не нам, а іншай свабоднай краіне, ці азначае гэта, што яго трэба залічваць у нашы ворагі? Ці ёсць Хамас, ісламісцкая групоўка, што яўна пагражае існаванню Ізраіля, таксама і нашым ворагам? А Сірыя? А калі яны нашы ворагі, чаму мы павінны змагацца менавіта з імі, а не з групоўкамі, якія да нас бліжэйшыя геаграфічна, як ФНВ, што пагражае дэмакратыі ў Калумбіі, ці баліварысты Уга Чавэса ў Венесуэле? Што вызначае «цэнтральны кірунак» у гэтай сусветнай вайне? Ці быў Ірак ключавым звяном у вайне супраць радыкальнага ісламізму?

Ясна, што аксіёма Краўтхамера на практыцы вельмі слаба дапамагае адказаць на гэтыя пытанні. Ён мог бы запярэчыць, што прымяненне агульнага прынцыпу вымагае звароту да здаровага сэнсу. Далей ён мог бы сказаць, што ягоная пазіцыя моцна адрозніваецца ад меркавання рэалістаў, паколькі ён бачыць дэмакратыю як інструмент для прасоўвання стратэгічных інтарэсаў ЗША: маўляў, трансфармацыя іракскай палітычнай сістэмы і ператварэнне крыважэрнай дыктатуры ў дэмакратыю паводле заходніх стандартаў адкрывае новыя магчымасці для ўсяго рэгіёну, што дазволіць, урэшце, выкараніць прычыны тэрарызму. Насамрэч, ідзецца аб амбітнай і ў вышэйшай ступені ідэалістычнай задачы, і толькі чортаў здаровы сэнс кідае цень на цяперашнія праекты трансфармацыі Блізкага Усходу.

ПРАЗМЕРНЫ ІДЭАЛІЗМ

З усіх разнастайных меркаванняў, што ў наш час асацыююцца з ідэалогіяй неакансерватызму, найбольш дзіўным, як для мяне, ёсць вера ў тое, што ЗША могуць трансфармаваць Ірак у дэмакратыю паводле заходніх стандартаў і ў далейшым дэмакратызаваць Блізкі Усход наогул. Гэта здалося мне тым больш дзіўным, што тыя самыя неакансерватары патрацілі нямала часу, папярэджваючы ранейшыя пакаленні (напрыклад, на старонках «The Public Interest» – выдання, роднаснага «The National Interest») аб небяспеках амбітнай сацыяльнай інжынерыі. Яны папярэджвалі і пра тое, што «планіроўшчыкі» сацыяльных зменаў ніколі не могуць кантраляваць паводзіны індывідаў і працаваць з непрадбачанымі наступствамі свайго ўмяшання. Калі ЗША не могуць выкараніць галечы, дабіцца паляпшэння вынікаў тэстаў на інтэлект у сваёй сталіцы, як яны спадзяюцца прынесці дэмакратыю ў тую частку свету, якая ўпарта супраціўляецца дэмакратызацыі і да таго ж з’яўляецца апірышчам зацятага антыамерыканізму?

Краўтхамер чапляе гэтую тэму ў сваёй прамове. Заўважаючы, што скептыкі, якія пасля Другой сусветнай вайны не верылі ў дэмакратызацыю Японіі, аказаліся, урэшце, пасаромлены, ён пытаецца: «Дзе напісана, што арабы не здольныя ўспрыняць дэмакратыю?» Тут ягоная думка перагукаецца з больш просталінейным аргументам знакамітага спецыяліста па Блізкім Усходзе Бернарда Льюіса, які не стамляўся паўтараць, што песімізм адносна будучыні дэмакратычнага Ірака выяўляе непавагу да арабскага свету.

Безумоўна, нідзе не запісана, што арабам проціпаказаная дэмакратыя, і вядома, з боку цынікаў-еўрапейцаў было памылкай «па сакрэце» сцвярджаць, што дэмакратыя на Блізкім Усходзе ўвогуле недасягальная. Напраўдзе, мы памыляліся раней – не толькі ў Японіі, а і ва Усходняй Еўропе, напярэдадні краху камунізму. Але мажлівасць не азначае ўпэўненасці, і ўдумлівая палітыка не робіцца праз кіданне ігральных костак. Культура не прадвызначае лёсу краіны, аднак яна грае важную ролю, робячы магчымым заснаванне пэўнага тыпу інстытутаў (такі погляд звычайна асацыюецца з кансерватызмам). Маё імя, больш чым многія іншыя, асацыюецца з ідэяй, што стрэлка гістарычнага компасу паказвае на дэмакратыю, але я ніколі не лічыў, што дэмакратычныя рэжымы могуць быць усталяваныя паўсюль, варта толькі ўжыць палітычную волю. Напярэдадні іракскай вайны было мноства прычын меркаваць, што адбудова дэмакратычнага Ірака стане задачай, якая наўрад ці мае рашэнне. Некаторыя з прычын мелі дачыненне да прыроды іракскага грамадства. Не спрыяюць дэмакратызацыі раптоўнае вызваленне ад таталітарнага рэжыму, этнічныя падзелы, вялікая роля палітызаванай рэлігіі, схільнасць многіх членаў грамадства да ўжывання насілля, пляменная структура і дамінаванне кланавых, кліентэлісцкіх сувязяў, залежнасць ад уплыву іншых краін Блізкага Усходу, радыкальна антыамерыканскіх.

Іншыя прычыны тычыліся Злучаных Штатаў. Амерыка была ўцягнута прыблізна ў 18 праектаў нацыябудаўніцтва – ад заваёвы Філіпінаў у 1899 годзе і да цяперашняй акупацыі Афганістана ды Ірака. Абсалютнай удачай не быў ніводзін з праектаў. У адназначна паспяховых выпадках – у Германіі, Японіі, Паўднёвай Карэі – амерыканскія войскі прысутнічалі неабмежаваны тэрмін. У першых двух выпадках мы ўвогуле не былі «будаўнікамі нацый», а толькі надавалі легітымнасць грамадствам, што мелі да таго дужа магутныя дзяржавы. Ва ўсіх іншых выпадках ЗША альбо ўсталёўвалі псеўдадэмакратычныя інстытуты, за якімі нічога не стаяла, альбо нават пагаршалі сітуацыю ў краіне, ствараючы, як у Нікарагуа, сучасную армію і паліцыю, але не гарантуючы ніякага правапарадку ў краіне.

Усё гэта прыводзіць да больш фундаментальнай спрэчкі аб аднапалярнасці. Краўтхамер заўсёды падкрэсліваў вялізную няроўнасць у сіле паміж Злучанымі Штатамі і астатнім светам: у адносным вымярэнні ЗША нават мацнейшыя, чым Рымская імперыя ў эпоху свайго росквіту. Аднак амерыканская дамінацыя яўная толькі ў дзвюх сферах: у сферы культурнага ўплыву і ў здольнасці весці войны з ужываннем канвенцыйнай зброі, перамагаючы ў іх.

У амерыканцаў няма асаблівага густу ці магчымасцяў для таго, каб адбудоўваць нацыі: нам бліжэйшая стратэгія ўцёкаў з праблемных краін, чым стварэнне імперыі (тэзіс, на якім настойвае Краўтхамер у пачатку сваёй лекцыі). Як жа ён спадзяецца знайсці падтрымку гэтаму неймаверна амбітнаму намаганню – змяніць палітычны лад у адным з найбольш турботных і варожых нам рэгіёне? І калі нацыя сапраўды ў сваёй сутнасці ёсць рэспублікай, пабудаванай на гандлі, чаму яму так карціць распаўсюдзіць гэты ўзор на ўвесь свет? У Іраку мы апынуліся ў становішчы нязванага госця, выявілі сваю адвечную абмежаванасць і неарганізаванасць у планаванні і вядзенні адбудовы краіны, што можна было прадказаць загадзя. Таго, хто знаёмы з амерыканскай гісторыяй, усё гэта не павінна было здзівіць.

САЮЗНІКІ, ІНСТЫТУЦЫІ І ЛЕГІТЫМНАСЦЬ

Слабасць аргументаў Краўтхамера палягае, між іншага, у ягонай трактоўцы легітымнасці, у падыходзе да адносін «Амерыка – астатні свет». Няздатнасць прызнаць, што цяпер Амерыка церпіць ад браку легітымнасці на міжнароднай арэне, шкодзіць краіне і з гледзішча рэалізму (бо змяншае нашу цяперашнюю магутнасць), і з гледзішча ідэалізму, паколькі падрывае вобраз Амерыкі як увасаблення пэўных ідэй і каштоўнасцяў.

Краўтхамер пазбягае сур’ёзнага аналізу гэтай праблемы, малюючы нейкую карыкатуру на замежных крытыкаў амерыканскай палітыкі. Гэтыя крытыкі нібыта не заслугоўваюць увагі – нашто прыслухоўвацца да «катаў плошчы Цяньаньмынь» ці да «цынікаў з Ке д’Арсэ»3? Ён залічвае Дэмакратычную партыю і большасць нашых еўрапейскіх саюзнікаў у адзіную катэгорыю «ліберальных інтэрнацыяналістаў», даводзячы, што іхны супраціў вядзенню вайны ў Іраку вынікаў з самаабвешчанай адданасці шматбаковым кансультацыям і міжнароднаму праву. Для ліберальных інтэрнацыяналістаў вайна легітымная толькі тады, калі яна санкцыянаваная ААН. Але ўяўная высакароднасць, паводле Краўтхамера, прыкрывае прыземленыя матывы: еўрапейцы ёсць ліліпутамі, што прагнуць звязаць Гулівера-Амерыку, абмяжоўваючы амерыканскую свабоду дзеянняў. Такім чынам, яны: а) наіўныя; б) не заслугоўваюць нават сур’ёзнай крытыкі.

  2 Ірак мог стаць гэткай пагрозай у будучыні, калі б падзеі развіваліся паводле сцэнару адміністрацыі Буша – іракцы здабываюць атамную зброю і перадаюць яе нейкай тэрарыстычнай групе. Аднак гэты сцэнар меў слабасці: 1) іракцы былі вельмі далёка ад здабыцця атамнай зброі; 2) быў шэраг прычын, каб меркаваць, што яны не перадалі б такую зброю тэрарыстам.

   

З апісання Краўтхамерам пазіцыі дэмакратаў/еўрапейцаў сапраўды можна даведацца пра погляды, якія выказваліся шматлікімі апанентамі вайны ў Іраку. Аднак калі б ён уважліва прыслухаўся да таго, што насамрэч было сказана многімі еўрапейцамі (амерыканцы цяпер слухаць іншых не любяць), то адкрыў бы для сябе, што большасць пярэчанняў грунтавалася не на нарматывізме і тычылася не працэдурных пытанняў ды ролі ААН, а, хутчэй, апелявала да здаровага глузду. Еўрапейцы, падобна, не былі ўпэўнены ў тым, што Ірак быў настолькі небяспечным, якім яго малявала адміністрацыя Буша. Яны даводзілі, што Ірак пад кіраўніцтвам партыі «Баас» меў мала супольнага з «Аль-Каідай» і што атака на Ірак азначала адхіленне ад Вайны з Тэрорам. Больш за тое, многія еўрапейцы не надта верылі ў тое, што ЗША здолеюць паспяхова кантраляваць паваенную сітуацыю, а яшчэ менш верылі ў амбітны план дэмакратызацыі Блізкага Усходу. Яны лічылі, што працяглы палестынска-ізраільскі канфлікт – больш небяспечная крыніца нестабільнасці і тэрарызму, чым Ірак, і што адміністрацыя Буша падрывае давер да сябе, гэтак яўна стаючы на бок ізраільскага прэм’ер-міністра Арыэля Шарона.

Усе гэтыя тэзісы былі – і вядома ж, ёсць – прадметам для дэбатаў. Што да пытання аб пагрозе, якую ўяўляў сабой Ірак: і еўрапейцы, і амерыканцы, відавочна, памыляліся, мяркуючы, што Хусэйн валодае значнымі запасамі хімічнай і бактэрыялагічнай зброі. Але еўрапейская пазіцыя аказалася бліжэйшай да ісціны, чым больш алармісцкая амерыканская. Пытанне аб сувязях Ірака з «Аль-Каідай» ад пачатку вайны было моцна палітызаванае ў Амерыцы. Я схільны думаць, што гэтыя сувязі існавалі (было б дужа дзіўна, калі б іх зусім не было), але іх значэнне было абмежаваным. 11 верасня сведчыць, што «Аль-Каіда» не мае патрэбы ў падтрымцы нейкай дзяржавы, каб нанесці велізарную шкоду Злучаным Штатам, і што, такім чынам, атака на Ірак не была найлепшым сродкам у барацьбе з «Аль-Каідай». У пытанні аб кантролі над паваенным Іракам выявілася, што найбольш скептычнае крыло еўрапейцаў збольшага мела рацыю. Адміністрацыя Буша ўвяла войскі ў Ірак, маючы агромністыя ілюзіі адносна паваеннай сітуацыі. Што да палесцінскай праблемы, тут еўрапейцы, здаецца, памыляюцца – прынамсі, у тым, што вырашэнне канфлікту магчымае толькі ў тым выпадку, калі Злучаныя Штаты націснуць на Ізраіль.

Галоўнае пытанне не ў тым, хто мае рацыю, а ў тым, што меркаванне прыхільнікаў здаровага сэнсу нельга ацэньваць так просталінейна, як тое робяць Краўтхамер і іншыя неакансерватары. З ягоных словаў вынікае, што пазіцыя адміністрацыі Буша была апраўдана па ўсіх пунктах, а любы сумнеў у яе мэтазгоднасці мае нізкую альбо несумленную матывацыю. Каб жа так было! Тое, што наша пазіцыя мела масу недахопаў, стварыла для Амерыкі вялізную праблему легітымнасці, што негатыўна адаб’ецца на нашых інтарэсах у перспектыве.

Корань закранутай праблемы ў тым, што кульгае канцэпцыя аднапалярнага свету, высунутая Краўтхамерам. Паводле ягоных словаў, Злучаныя Штаты былі прызначаны на ролю «ахоўніка міжнароднай сістэмы» праз сваю яўную вайсковую перавагу ў свеце. Калі б нас сапраўды прызначылі на гэтую ролю, ме не мелі б праблем з легітымнасцю, але, на жаль, прызначылі мы сябе самі. Насамрэч, мы сказалі рэшце свету: «хлопцы, верце нам, мы будзем адстойваць вашы інтарэсы, бо мы ж не нейкая там проста супердзяржава, мы ж Злучаныя Штаты». Самі мы не даверылі б Расіі, Кітаю, Індыі, Францыі дый нават Вялікабрытаніі гэтую ролю, але лічым, што рэшта свету мусіць яе нам даверыць. А ўсё таму, што ЗША адрозніваюцца ад іншых краін, што мы дэмакратычная краіна, якая спараджае універсальныя каштоўнасці. Такім чынам, ЗША нельга мераць на агульны капыл «уласнага інтарэсу», як іншых прэтэндэнтаў на гегемонію.

У гэтай аргументацыі штосьці ёсць, але няцяжка здагадацца, што за межамі Злучаных Штатаў яна не выкліча энтузіязму, прычым не толькі ў краінах, што з’яўляюцца адвечнымі нашымі ворагамі.

Краўтхамер-як-рэаліст адстойвае вузкае разуменне нацыянальнага інтарэсу, з якога можна зрабіць выснову: мы будзем не вельмі надзейным партнёрам для сябра, які змагаецца поплеч, калі мы не будзем мець у дадзенай сітуацыі вялікага інтарэсу...

Легітымнасць – складанае паняцце. Яно звязана з прынцыпамі справядлівасці, але не тоеснае справядлівасці. Людзі вераць, што нейкая сістэма інстытутаў ёсць легітымнай, але легітымнасць заўсёды суадносіцца з людзьмі, якія выказваюць давер. Яна важная для нас не толькі таму, што мы жадаем быць добрымі самі для сябе, але і таму, што яна карысная. Іншыя народы пойдуць амерыканскім шляхам тады, калі павераць, што ён легітымны: іначай яны будуць супраціўляцца, скардзіцца, пратэставаць або актыўна змагацца з намі. У звязку з гэтым важна не столькі наша разуменне легітымнасці, колькі разуменне яе іншымі народамі. Калі прадстаўнікі індыйскага ўраду кажуць, што Індыя не будзе ўдзельнічаць у падтрыманні міру ў Іраку, пакуль не атрымае мандату Рады Бяспекі ААН, гэта не азначае, што мы павінны аспрэчваць легітымнасць Рады Бяспекі ААН – індыйцы тады нам не дапамогуць.

Краўтхамер і іншыя прымяншаюць важнасць легітымнасці, спасылаючыся на прыклад ААН і страляючы па гэтай вельмі лёгкай цэлі. Вядома, ААН мае праблемы з легітымнасцю, паколькі членства ў ёй базуецца не на прынцыпе легітымнасці, а на фармальным крытэры суверэнітэту. У склад ААН адпачатку ўваходзілі прадстаўнікі дыктатарскіх рэжымаў і/альбо краін, дзе ігнаруюцца правы чалавека. Нашы еўрапейскія саюзнікі самі не вераць у неабходнасць легітымізацыі міжнародных акцый праз Раду Бяспекі: калі яны ўбачылі, што не могуць дабіцца тамака падтрымкі інтэрвенцыі ў Косаве праз расійскае вета, яны цудоўна абышліся без ААН, звярнуўшыся замест таго да NАТО.

Але наша праблема з легітымнасцю ў Іраку зайшла значна далей. Нават калі б мы звярнуліся па падтрымку краін-членаў NАТО – да альянсу дэмакратый, што падзяляюць аднолькавыя каштоўнасці – мы не здолелі б дабіцца большасці, не кажучы пра кансенсус, патрэбны для калектыўных дзеянняў у гэтай арганізацыі. Адміністрацыя Буша любіць выхваляцца памерамі «кааліцыі ахвотных», якую Злучаным Штатам фактычна ўдалося сабраць. Але колькасць можа задаволіць толькі тых, хто не зважае на якасць атрыманай намі дапамогі. Акрамя Брытаніі і Аўстраліі, ніводная краіна не пажадала адправіць сваіх людзей у Ірак у час актыўных баявых дзеянняў, а цяпер, калі пасляваеннае ўміратварэнне стала больш нагадваць новую фазу ваенных дзеянняў, Іспанія, Гандурас і іншыя сябры кааліцыі вырашылі «выйсці з гульні». Тыя ўрады, што падтрымалі ЗША, зрабілі гэта паводле разліку, зыходзячы з нацыянальнага інтарэсу, якім яго бачаць палітычныя эліты – амаль ва ўсіх выпадках насуперак меркаванню пераважнай большасці ўласнага насельніцтва. Апошняе датычыць і Брытаніі, Тоні Блэра, самага вернага нашага саюзніка, і Польшчы, самай праамерыканскай краіны ва Усходняй Еўропе. Дарма што паводзіны нямецкага канцлера Герхарда Шродэра, які актыўна процістаяў вайне, глыбока расчаравалі некаторых амерыканцаў: я лепей жадаў бы мець на сваім баку Германію, чым бездапаможную і карумпаваную Украіну.

Іншымі словамі, стала ясна, што вялікая частка свету, уключаючы многія народы, якія ў нармальных умовах схіляюцца да сяброўства з намі, не паверылі ў легітымнасць нашых дзеянняў у Іраку. Справа была не ў тым, што Рада Бяспекі не дала згоды на ваенныя дзеянні, а ў тым, што многія з нашых сяброў не паверылі, што мы – гэта значыць, адміністрацыя Буша – здольныя мудра скарыстаць нашу перавагу ў сіле на карысць усяго свету. З гэтым трэба лічыцца не толькі па прычынах, блізкіх рэалістам (дзеля нашай здольнасці прыцягваць саюзнікаў, каб тыя дзялілі з намі цяжар адказнасці), але і з ідэалістычных меркаванняў (дзеля захавання здольнасці натхняць іншыя краіны сваім прыкладам).

Не веру, што адміністрацыя Буша грэбавала патрэбай у легітымнасці. Хутчэй за ўсё, яна спадзявалася і верыла, што легітымнасць у міжнароднай супольнасці можна здабыць пастфактум, а не перад тым, як брацца за справу. Між супрацоўнікаў адміністрацыі была распаўсюджана думка, што як толькі стане ясна, што ЗША збіраюцца сілаю раззброіць Ірак, нашы саюзнікі ў NАТО (уключаючы Францыю) урэшце падтрымаюць нас. Усе былі шакаваны настойлівасцю, з якой Францыя і Германія процістаялі вайне, і тым, што ЗША не ўдалося атрымаць галасоў Мексікі і Чылі пры галасаванні ў Радзе Бяспекі (гэтыя краіны звычайна выказвалі нам сваю лаяльнасць).

Спадзеў на легітымацыю пастфактум не быў цалкам неабгрунтаваным. Ён мог спрацаваць, калі б пасля інтэрвенцыі ЗША выявілі ў Іраку вытворчасць зброі масавага знішчэння ці калі б пераход да дэмакратычнага ладу аказаўся такім хуткім і танным, як на тое спадзявалася адміністрацыя Буша. Многія сцвярджалі, што амерыканскае аднабаковае ўмяшанне ў Іраку наносіць удар па традыцыях міжатлантычнага супрацоўніцтва, але яны забылі гісторыю. У час халоднай вайны ЗША неаднакроць прымушалі еўрапейскіх саюзнікаў рабіць непрыемныя для іх рэчы, часта спачатку ставячы іх перад фактам, а потым просячы падтрымкі задняй датай. Пазіцыя амерыканцаў была тады больш абгрунтаванай за еўрапейскую, і іхныя дзеянні атрымлівалі легітымацыю пастфактум. Таму ў тых выпадках ЗША не тое што не ганілі за аднабаковасць у прыняцці рашэнняў, а хвалілі за лідэрства.

Хтосьці мог бы вытлумачыць сучасную вайну проста як адзінкавую памылку альбо няправільны разлік у доўгім шэрагу паспяховых акцый. Вядома, было б крайне аблудна сцвярджаць, што Злучаныя Штаты павінны сядзець як мыш пад венікам і адмаўляцца весці рэй у заходнім свеце ў выпадках, калі нашы саюзнікі выказваюць з намі нязгоду. Мы не павінны таксама рабіць высновы, што гульня на апярэджанне і аднабаковы падыход ніколі нам не спатрэбяцца.

З іншага боку, мы аказаліся няздольнымі атрымаць легітымнасць у гэты раз не проста з-за таго, што нам не пашанцавала. У параўнанні з перыядам халоднай вайны свет змяніўся настолькі, што гэта адбіваецца на нашай здольнасці весці рэй у свеце і выступаць ад імя «ўсяго свету». Змяніўся ў трох аспектах.

Першы фактар, вядома, заключаецца ў распадзе Савецкага Саюза і адсутнасці ўсёабдымнай пагрозы, што зыходзіць ад звышдзяржавы. У перыяд халоднай вайны ў свеце існаваў паўзучы антыамерыканізм і амерыканская палітыка сутыкалася з народным супрацівам. Але наш уплыў у Еўропе заставаўся моцным дзякуючы правацэнтрысцкім партыям, якія цанілі ролю Амерыкі ў вызваленні Еўропы і баяліся савецкага ўплыву. Калі-небудзь сусветная тэрарыстычная пагроза можа быць праінтэрпрэтавана як савецкая, але пакуль да апошняй ёй далёка.

Другі фактар мае дачыненне да самой нашай ваеннай магутнасці і першынства ў свеце. У час халоднай вайны, калі наша сіла была больш ці менш супастаўляльнай з савецкай, мы моцна клапаціліся аб даверы, аб тым, каб не зрабіць недакладных крокаў. Мы сцерагліся, каб адступленне перад нейкім выклікам не было расцэнена як знак слабасці і не было эксплуатавана іншым бокам. Сёння ЗША відавочна дамінуюць у вайсковай сферы. Вера ў нашу рашучасць і здольнасць ужыць сілу застаецца важнай, але ж цяпер мы не абавязаны даказваць нашу «круцізну» пры кожнай нагодзе.

Апошні аргумент звязаны з тым фактам, што цяперашняе поле бітвы – не Еўропа, а Блізкі Усход. Паміж ЗША і іх саюзнікамі заўсёды былі вострыя рознагалоссі адносна таго, як весці сябе з СССР, але яны бляднеюць у параўнанні з рознасцю пазіцый паміж ЗША і любой іншай краінай адносна арабскай праблемы. Таму мы павінны звярнуцца да гэтага пытання.

ЯК ВЕСЦІ СЯБЕ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ

Краўтхамер многа і ўважліва разважаў пра ізраільска-палесцінскі канфлікт, і ягоныя думкі пра тое, як павінны дзейнічаць ізраільцяне, адлюстроўваюць ягоны пункт гледжання на паводзіны ЗША ў арабскім свеце. Краўтхамер не падтрымліваў раней актыўнага палітычнага ўдзелу Амерыкі ў справах арабскага свету. У мінулым ён прапаноўваў своеасаблівы погляд на арабскую псіхалогію: маўляў, арабы больш за ўсё як крыніцу легітымнасці паважаюць сілу. Як ён аднойчы сказаў у радыёінтэрв’ю: калі вы хочаце заваяваць іх сэрцы і душы, вам трэба схапіць іх і добра сціскануць.

Пры канцы сваёй прамовы ў АІП Краўтхамер гаворыць, што ЗША знаходзяцца ў разгары зацятай і бязлітаснай вайны з нястомным ворагам, які пагражае знішчыць заходнюю цывілізацыю. Гэты тып прамовы характэрны для апісання сітуацыі, у якой знаходзіцца Ізраіль ад пачатку другой інтыфады. Пытанне ў тым, ці пасуюць такія прамовы для апісання стану ЗША. Хіба мы падобныя да Ізраіля, хіба мы ўцягнуты ў бязлітасную барацьбу з вялікай часткай арабскага і мусульманскага свету і ў нас, апрача тактыкі «жалезнага кулака», няма варыянтаў дзеяння? І ўвогуле, хіба стратэгічная дактрына маленькай, уразлівай краіны, аточанай бескампраміснымі ворагамі, мае сэнс для адзінай звышдзяржавы ў свеце, якая выдаткоўвае на абарону столькі ж, колькі 16 іншых самых магутных краін свету, разам узятых?

На маю думку, перанясенне сітуацыі адной краіны на другую некарэктнае. Калі Ізраілю сапраўды даводзіцца ўвесь час мець справу з ворагамі, не схільнымі да кампрамісаў, то становішча Злучаных Штатаў зусім не такое адназначнае. Насамрэч, у «Аль-Каідзе» і іншых рэгіянальных ісламісцкіх групоўках мы бачым ворагаў, якія ненавідзяць нас не так за тое, што мы робім, як за тое, што мы існуем. З прычын, выкладзеных вышэй, я не думаю, што яны з’яўляюцца для нас смяротнай пагрозай, але вядома ж, яны жадалі б выконваць гэтую ролю, і цяжка ўявіць сабе, як мы можам іх трактаваць іначай, чым знішчаючы, ізалюючы або нейтралізуючы вайсковымі сродкамі.

Але радыкалы – гэта пясчынкі ў мусульманскім моры (блізу 1,2 мільярда чалавек), якое зусім не абавязкова з’яўляецца нашым бескампрамісным ворагам. Калі хтосьці мае наконт гэтага сумневы, яму варта зазірнуць у першую з дзвюх справаздач праграмы «Гуманітарнае развіццё ў арабскім свеце» ААН, якая змяшчае апытанне, ці хацелі б рэспандэнты эміграваць у ЗША, калі б мелі такую магчымасць. Амаль ва ўсіх арабскіх краінах большасць апытаных адказала станоўча. З другога боку, назіранні П’ю за тэндэнцыямі сусветнай грамадскай думкі паказалі, што доля негатыўных меркаванняў пра ЗША ў Іарданіі, Егіпце, Турцыі, Пакістане і іншых мусульманскіх краінах, што лічацца прыязнымі да Амерыкі, упала да крытычна нізкай адзнакі. Калі аналізаваць сукупнасць сабраных звестак, нельга ўнікнуць уражання, што маса насельніцтва ў мусульманскіх краінах не любіць альбо ненавідзіць нас не за тое, што мы існуем, а за тое, што мы робім. Ім не падабаюцца вядомыя аспекты нашай замежнай палітыкі, і гэты факт мы працягваем недаацэньваць: недастатковая ўвага да патрабаванняў палесцінцаў, некрытычная падтрымка дыктатараў у мусульманскіх краінах, а цяпер і акупацыя Ірака.

Вайна з тэрарызмам, іншымі словамі, ёсць класічнай антыпартызанскай вайной, за выняткам таго, што яна адбываецца ў сусветным маштабе. У ёй бяруць удзел сапраўдныя «кепскія хлопцы», што выяўляюцца нават больш закаранелымі ідэалагічнымі ворагамі, чым савецкія лідэры. Аднак іх поспех залежыць ад стаўлення шырэйшай масы насельніцтва, якое можа альбо выказваць падтрымку ісламістам, альбо варагаваць з імі, альбо дэманстраваць абыякавасць – у залежнасці ад таго, як мы разыграем свае карты. Як мы бачым на жывым прыкладзе іракскіх гарадоў кшталту Фалуджы ці Наджафа, вайну супраць паўстанцаў весці вельмі цяжка, бо мы павінны знішчыць ворага, не чапаючы астатняга насельніцтва – іначай можна толькі пагоршыць сітуацыю. Антыпаўстанцкая стратэгія вымагае складанай камбінацыі кропкавых удараў, палітычных захадаў і вельмі інтэнсіўных намаганняў выведкі: спалучэння бізуноў і пернікаў.

Ізраіль карыстаўся пернікамі на працягу «мірнага працэсу» пасля пагадненняў у Осла і перайшоў да ўжывання бізуноў пасля калапсу ослаўскіх дагавораў і пачатку другой інтыфады. Не маю намеру абараняць той ці іншы падыход, пагатоў абодва яны, здаецца, спрацоўвалі не вельмі добра. Але амерыканская палітыка ў дачыненні да арабскага свету, аналагічная палітыцы Шарона, што базавалася б пераважна на карыстанні бізунамі, азначала б крах: у нас недастаткова бізуноў, каб «замачыць тэрарыстаў у сарціры». Вядома ж, ісламісты ад самага пачатку ненавідзяць нас, але аднапалярнасць у стылі Краўтхамера павялічыла б нянавісць да ЗША ў шырэйшым асяроддзі. Гэта наводзіць на думку, што нам патрэбна больш складаная стратэгія, якая прывяла б да змены прапорцыі бізуноў і пернікаў. Адміністрацыя Буша распачала «Вялікую блізкаўсходнюю ініцыятыву», але гэтая праграма павінна толькі закласці пачатак для палітычных захадаў.

Палітыка Ізраіля, што палягае ў няспынным наступленні, ударах на апярэджанне і перахопе ініцыятывы (напрыклад, шляхам мэтаскіраваных забойстваў небяспечных асоб) не зусім пасуе Злучаным Штатам. ЗША валодаюць значным полем для манеўру і не маюць патрэбы пастаянна рызыкаваць, абы толькі не ўпусціць ініцыятывы. Адзіная ў свеце звышдзяржава, якая схіляецца да ўдараў на апярэджанне, будзе палохаць не толькі ворагаў, а і сяброў. Злучаныя Штаты не павінны выракацца права «біць першымі», але гэтым правам трэба карыстацца асцярожна. Нават выказванні пра магчымасць карыстання гэтым правам, зробленыя, напрыклад, у дакуменце аб «Нацыянальнай стратэгіі бяспекі», будуць павялічваць супраціў амерыканскай палітыцы ў свеце, ліючы воду на млын яе непрыяцеляў. Ізраіль можа сабе дахволіць адмахнуцца ад патэнцыйных саюзнікаў і ігнараваць міжнародную грамадскую думку датуль, пакуль ён абапіраецца на падтрымку ЗША. Напэўна, ЗША здольныя выжыць, калі будуць ізалявацца падобна да Ізраіля, аднак незразумела, чаму мы павінны заганяць сябе ў такое становішча. Наўрад ці яно выгаднае пры ператварэнні Блізкага Усходу паводле нашых стандартаў згодна з ідэалістычнымі вільсанаўскімі ідэямі экспарту дэмакратыі.

ШТО РАБІЦЬ?

Паколькі я ўзяўся толькі крытычна асэнсаваць погляды Чарльза Краўтхамера і не збіраюся балатавацца ў прэзідэнты ЗША, я не бяруся прапаноўваць падрабязную пазітыўную праграму амерыканскай замежнай палітыкі. З іншага боку, неакансерватары самі прапаноўваюць элементы той замежнай палітыкі, пра якую я сказаў вышэй. Злучаныя Штаты павінны зразумець патрэбу ў ажыццяўленні ўлады ў сваіх інтарэсах і ў адпаведнасці са сваімі вартасцямі, але адначасова неабходнасць дзейнічаць асцярожна і тонка. Адзіная ў свеце супердзяржава мусіць памятаць, што на яе сілавую перавагу іншыя краіны паглядаюць з вялікай падазронасцю і што ёй прыйдзецца або ведаць меру ў ажыццяўленні сваёй улады, або сутыкнуцца з рэакцыямі процідзеяння.

Па-першае, трэба рабіць тую простую дыпламатычную работу – перамовы, пабудова кааліцый – пра якую бушаўская адміністрацыя, здаецца, забылася перад іракскай вайной. Таксама не варта без дай прычыны абражаць «думку сусветнай грамадскасці». Нам не след станавіцца прыхільнікамі ААН дзеля ААН ці шматбаковага падыходу дзеля шматбаковага падыходу; і ўсё-ткі мы лічым міжнародныя інстытуты больш легітымнымі за нацыянальныя дзяржавы ў некаторых пытаннях. З другога боку, для ажыццяўлення як рэалістычнай, так і ідэалістычнай складовых нашай стратэгіі нам патрэбныя ідэйныя саюзнікі. Працы з імі мусім надаваць больш часу і энергіі.

Прасоўванне дэмакратыі мусіць заставацца нашым прыярытэтам нумар адзін, асабліва ў дачыненні да Блізкага Усходу. Аднак Штатам варта больш рэалістычна ацэньваць свой нацыятворчы патэнцыял і праяўляць большую асцярожнасць пры выкарыстанні тэхналогій сацыяльнай інжынерыі ў тых частках свету, у якіх мы не надта добра разбіраемся. З іншага боку, у будучыні мы будзем непазбежна ўцягнутыя ў такія праекты (напрыклад, пасля раптоўнага краху паўночнакарэйскага рэжыму), і добра было б, каб мы былі да гэтага лепш падрыхтаванымі. Гэта значыць, патрэбная структура, якая б мела адпаведныя паўнамоцтвы й рэсурсы, дастатковыя для выканання падобных функцый – і патрэба ў ёй мусіць быць улічаная ў працэсе перабудовы калясілавых ведамстваў.

Да гэтага спісу я хацеў бы дадаць яшчэ адну дэтальку, хоць абмежаванасць месца не дазваляе мне спыніцца на ёй падрабязней. Прадбачлівыя творцы паваеннага парадку былі руплівымі будаўнікамі міжнародных інстытутаў. Яны стварылі не толькі шмат у чым заганную сістэму ААН, але і Брэтан-Вудскія структуры, NATO, амерыканска-японскі і амерыканска-паўднёвакарэйскі саюзы, Генеральную асацыяцыю па тарыфах і гандлі, СГА і яшчэ цэлую сціжму арганізацый. Чыноўнікі адміністрацыі Буша структурабудаўніцтву многа ўвагі не надавалі, а мусілі б. Калі Амерыцы недаспадобы, што ў ААН першую скрыпку граюць прадстаўнікі недэмакратычных рэжымаў, трэ было больш высілкаў прысвячаць разбудове іншых арганізацый – таго ж NATO ці заснаванай за часоў Клінтана Супольнасці дэмакратычных краін, што грунтуюцца на нормах і каштоўнасцях, якія мы падзяляем. Між тым рэспубліканцы ніколі ўсур’ёз не разглядалі Супольнасці дэмакратычных краін (той самай, якую шэф французскай дыпламатыі Юбер Ведрын спрабаваў задушыць у зародку), і, думаю, няма сэнсу тлумачыць, чаму. Дык жа ж такі саюз дэмакратычных дзяржаў з новымі дэмакратыямі Усходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі на чале мог бы выконваць легітымуючую функцыю ў свеце, якую NАТО выконваць не можа.

Калі ж стварэнне новых сусветных інстытутаў не ўяўляецца магчымым, тады Амерыцы варта развіваць сістэму міжнародных арганізацый рэгіянальнага характару. Адміністрацыя Буша сутыкнулася з шасцібаковым фарматам паўночнакарэйскіх перамоў; чаму б не паспрабаваць заснаваць пяцібаковую структуру пасля таго, як (будзем спадзявацца) будзе знойдзенае выйсце з тупіка па праблеме атамнай бомбы Кім Чэн Іра? Такая арганізацыя магла б выканаць важныя каардынуючыя функцыі ў выпадку, скажам, раптоўнага калапсу паўночнакарэйскага рэжыму. Узровень узаемнага даверу паміж Японіяй, Карэяй і Кітаем нізкі, і шматбаковы форум лепш спрыяў бы абмену інфармацыяй і планамі, чым цяперашняя сістэма, пабудаваная на двухбаковых альянсах з ЗША. Пекін усе апошнія гады праводзіў ідэю шэрагу рэгіянальных міжнародных пагадненняў – «АСЕАН плюс тры», пагадненне паміж Кітаем і АСЕАН аб зоне свабоднага гандлю, пагадненне аб Паўночна-Усходняй Азіяцкай зоне свабоднага гандлю, і, урэшце, пагадненне аб усходнеазіяцкай свабоднай зоне. Гэтыя дагаворы могуць калісьці стаць падмуркам таксама і для арганізацыі рэгіянальнай бяспекі. У той час як японцы разглядаюць гэтыя пагадненні як запрашэнні да рэгіянальнага лідэрства і адказалі на іх выгаднымі для сябе дамовамі аб гандлі, адміністрацыя Буша, наколькі я ведаю, не сфармулявала нічога падобнага на ўцямны адказ.

Ці мы жадаем проста прыняць да ведама прапановы аб стварэнні шматбаковых рэгіянальных арганізацый, як гэта адбылося ў выпадку з усходнеазіяцкай супольнасцю ў пачатку 1990-х альбо з японскай ідэяй рэгіянальнага міжнароднага валютнага фонду? Альбо мы жадаем узяць чынны ўдзел у падзеях рэгіёну і дастасоўваць такія прапановы да сваіх патрэб? Лічу, што ва Усходняй Азіі недастаткова развіты дзяржаўныя інстытуты, і Злучаным Штатам ёсць над чым творча паразважаць у гэтым рэгіёне. Мяркую таксама, што гэтая «зверка гадзіннікаў» адпавядае прапанаванаму Краўтхамерам «дэмакратычнаму глабалізму», не будучы ні ізаляцыянісцкай, ні ліберальна-ідэалісцкай, ні рэалісцкай стратэгіяй. Сумняваюся, што яна будзе разглядацца ў рэчышчы неакансерватыўнага падыходу, але – чаму б і не?

Пераклалі з амерыканскай Сяргей Петрыкевіч і Вольф Рубінчык

  3 На набярэжнай д’Арсэ ў Парыжы знаходзіцца французскае Міністэрства замежных справаў. – Заўв. перакл.
   
   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25