A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналiтыка

  ЗЬБІГНЕЎ БЖАЗІНСКІ

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Робэрт Каган
Пра рай і ўладу


Пара перастаць рабіць выгляд, нібыта эўрапейцы і амэрыканцы бачаць сьвет аднолькава ці, тым больш, жывуць на тым самым сьвеце. Погляды эўрапейцаў і амэрыканцаў на найважнейшае з пытаньняў – пытаньне сілы, эфэктыўнасьці, маральнасьці і пажаданасьці яе ўжываньня – усё больш разыходзяцца. Эўропа паступова адмаўляецца ад сілы ці, калі сказаць дакладней, рухаецца па-за сілу ў кірунку самадастатковага сьвету законаў і правілаў, транснацыянальных пагадненьняў і супрацоўніцтва. Яна ўваходзіць у постгістарычны рай міру і адноснага працьвітаньня, увасабленьне «вечнага міру» Імануіла Канта. Тымчасам Амэрыка загрузла ў гісторыі, ужываючы сілу ў анархічным Гобсавым сьвеце, у якім нельга спадзявацца на міжнародныя законы і правілы, дзе сапраўдная бясьпека і абароненасьць, як і прасоўваньне лібэральнага ладу, залежаць ад наяўнасьці і выкарыстаньня вайсковай магутнасьці. Менавіта таму ў асноўных стратэгічных і міжнародных пытаньнях нашага часу амэрыканцы – з Марсу, а эўрапейцы – з Вэнэры*.

Яны згаджаюцца па ўсё меншым коле пытаньняў і разумеюць адны другіх усё менш. І такі стан рэчаў не часовы, гэта ня вынік адных амэрыканскіх выбараў ці аднаго катастрафічнага здарэньня. Прычыны трансатлянтычнага ідэйнага расколу глыбокія, маюць даўнюю гісторыю, і гэты раскол наўрад ці зьнікне хутка. У тым, што тычыцца вылучэньня нацыянальных прыярытэтаў, выяўленьня пагрозаў, акрэсьленьня задачаў, фармаваньня і ажыцьцяўленьня замежнай і абароннай палітыкі, дарогі ЗША і Эўропы разышліся.

Гэты кантраст выразьней відаць амэрыканцу, які жыве ў Эўропе. Эўрапейцы часьцей заўважаюць гэтыя адрозьненьні, мабыць, таму, што больш іх баяцца. Эўрапейскія інтэлектуалы амаль аднадушныя ў меркаваньні, што амэрыканцы і эўрапейцы больш не падзяляюць адзінай «стратэгічнай культуры». Найбольш абагульненым і карыкатурным бачаньнем Амэрыкі эўрапейцамі ёсьць вобраз краіны, апантанай «культураю сьмерці». Ваяўнічы тэмпэрамэнт амэрыканцаў лічыцца натуральным прадуктам грамадзтва гвалту, у якім у кожнага ёсьць стрэльба і дзе налева й направа ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Але нават тыя, хто ўнікае такіх абагульненьняў, згодныя, што існуюць глыбокія адрозьненьні ў ажыцьцяўленьні замежнай палітыкі Злучанымі Штатамі і Эўропаю.

ЗША, на іх думку, у адрозьненьне ад Эўропы, больш ахвотна ўжываюць сілу і менш пераборлівыя ў дыпляматыі. Большасьць амэрыканцаў бачыць сьвет як барацьбу паміж дабром і злом, паміж сябрамі і ворагамі, у той час як эўрапейцы схільныя бачыць больш складаную карціну. Сутыкаючыся з рэальнымі ці патэнцыйнымі праціўнікамі, амэрыканцы звычайна аддаюць перавагу палітыцы прымусу, а не перакананьня, робячы акцэнт на карных санкцыях замест пабуджэньня да лепшых паводзінаў, ужываюць хутчэй бізун, чым пернік. Амэрыканцы імкнуцца да канчатковасьці ў міжнародных справах: праблемы вырашаныя, пагрозы зьнішчаныя. І, вядома, амэрыканцы аддаюць перавагу аднабаковасьці ў міжнародных справах. Яны менш схільныя дзейнічаць празь міжнародныя арганізацыі, такія, як ААН, менш схільныя да супрацоўніцтва зь іншымі дзяржавамі, скептычныя ў дачыненьні да міжнароднага права і гатовыя пераступаць празь яго, калі бачаць такую неабходнасьць ці папросту калі лічаць гэта карысным1.

  амэрыканскі палітоляг і журналіст. Сталы аўтар газэты «Washington Post».


























* Алюзія на кніжку Алана і Барбары Пізаў «Мужчыны – з Марсу, жанчыны – з Вэнэры». – Заўв. перакл.
   

Эўрапейскі падыход да праблемаў танчэйшы й складанейшы, настойваюць у Парыжы й Бэрліне. Эўропа намагаецца ўплываць на іншых вытанчана і ўскосна. Яна талерантней ставіцца да паразаў, цярпімей – да прамаруджваньня з вырашэньнем канфліктаў. Яна ў асноўным аддае перавагу мірным адказам на праблемы, перамовам, дыпляматыі і пераконваньню замест прымусу. Эўрапейцы больш схільныя апэляваць да міжнароднага права, міжнародных канвэнцыяў і міжнароднай грамадзкай думкі пры вырашэньні спрэчных пытаньняў. Яны намагаюцца выкарыстоўваць гандлёвыя і эканамічныя сувязі для выбудоўваньня сувязяў паміж краінамі. Яны часта ставяць працэс над мэтаю, лічачы, што менавіта працэс урэшце можа перайсьці ў якасьць мэты.

Гэтыя карыкатурныя партрэты эўрапейцаў і амэрыканцаў – дваістае абагульненьне, з доляю перабольшваньняў і спрашчэньняў. Немагчыма абагульніць усіх эўрапейцаў. Погляды брытанцаў на сілу, напрыклад, могуць быць больш «амэрыканскімі», чым у кантынэнтальных эўрапейцаў. Іхняя імпэрская гістарычная памяць, іхнія «асаблівыя адносіны» з ЗША, што сфармаваліся падчас Другой сусьветнай вайны і на золку халоднай вайны, і іхняя гістарычна адстароненая пазыцыя ў дачыненьні да рэшты Эўропы аўтаматычна спрыяюць іх адасобленасьці. Нельга таксама ляпіць у адзіны камяк французаў і немцаў. Першыя ганарлівыя і незалежныя, хаця і надзіва безабаронныя, у другіх самаўпэўненасьць мяшаецца зь зьняверанасьцю ўва ўласныя сілы, спароджанай Другой сусьветнай вайной. Але народы Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы маюць гісторыю, цалкам адрозную ад гісторыі іх заходнеэўрапейскіх суседзяў; у іх сьвядомасьці глыбока ўкаранёны страх перад расейскім панаваньнем і, адпаведна, больш амэрыканскі погляд на Гобсавы рэаліі. І, вядома ж, погляды на рэчаіснасьць значна розьняцца ўнутры саміх нацыяў абапал Атлянтыкі. Францускія галісты – не абое рабое з францускімі сацыялістамі. У Штатах дэмакраты часта падаюцца большымі «эўрапейцамі» за рэспубліканцаў. Дзяржсакратар Колін Паўэл можа падацца больш «эўрапейскім» за міністра абароны Дональда Рамсфэльда. Многія амэрыканцы, асабліва з асяродзьдзя інтэлектуальнай эліты, заклапочаныя «цьвердалобасьцю» замежнай палітыкі ЗША ня менш за любога эўрапейца, а некаторыя эўрапейцы шануюць моц ня менш за амэрыканцаў.

Тым ня менш, гэтыя карыкатурныя партрэты сапраўды адлюстроўваюць асноўную ісьціну: цяпер ЗША і Эўропа фундамэнтальна розьняцца. Паўэл і Рамсфэльд маюць больш супольнага, чымсьці Паўэл і міністры замежных справаў Францыі, Германіі ці нават Вялікай Брытаніі. Калі справа даходзіць да ўжываньня сілы, пераважная большасьць амэрыканскіх дэмакратаў мае больш супольнага з рэспубліканцамі, чымсьці зь якімі-кольвек эўрапейскімі партнэрамі. У 1990-я гады нават амэрыканскія лібэралы былі больш схільнымі прызнаць неабходнасьць ужываньня сілы і больш маніхейскімі ў сваім бачаньні сьвету, чым асноўная маса эўрапейскіх лібэралаў. Клінтанаўская адміністрацыя бамбіла Ірак, а таксама Аўганістан і Судан. Можна з пэўнасьцю сказаць, што большасьць эўрапейскіх урадаў на такое не пайшлі б, і эўрапейцы былі сапраўды зьбянтэжаныя ваяўнічасьцю амэрыканцаў. Ці бамбілі б эўрапейцы Бялград у 1999 годзе, калі б Злучаныя Штаты іх да таго не прымусілі – гэта цікавае пытаньне2. У кастрычніку 2002 году большасьць дэмакратаў у Сэнаце падтрымала рэзалюцыю, якая ўпаўнаважвала прэзыдэнта Буша на вайну супраць Іраку, у той час як іх палітычныя адпаведнікі ў Францыі, Нямеччыне, Італіі, Бэльгіі і нават у Аб’яднаным Каралеўстве глядзелі на гэта зь зьдзіўленьнем і лёгкім жахам.

  1 Адзін уплывовы францускі назіральнік апісвае «амэрыканскі тып мысьленьня» як «схільны да гвалтоўных, занадта тэхнічных і аднапалярных вырашэньняў міжнародных праблемаў, якія можна было б інакш вырашыць праз супрацу і палітычны дыялёг».

   

У чым жа крыніца гэтай адрознасьці поглядаў на стратэгічныя пэрспэктывы? Гэтаму пытаньню надавалася замала ўвагі ў апошнія гады. Дасьледчыкі замежнапалітычных адносінаў і самі палітыкі абапал акіяну ці адмаўлялі існаваньне сапраўдных разыходжаньняў, ці зводзілі цяперашнія рознагалосьсі да сьмеху, адзначаючы, што і ў мінулым Атлянтычны альянс перажываў моманты ўнутранай напружанасьці. Тыя ж, хто паставіўся да цяперашніх рознагалосьсяў больш сур’ёзна, асабліва эўрапейцы, больш пераймаюцца выпадамі ў бок Злучаных Штатаў, чым спрабуюць зразумець, чаму ЗША робяць тое, што робяць, ці, напрыклад, чаму Эўропа робіць тое, што робіць. Надышоў час прасунуцца далей за адмаўленьне і абразы і паглядзець праблеме ў твар.

Гэтыя адрозьненьні ў стратэгічнай культуры не вынікаюць натуральным чынам з нацыянальных характараў амэрыканцаў і эўрапейцаў, як бы многія эўрапейцы і некаторыя амэрыканцы не былі перакананыя ў адваротным. Тое, што эўрапейцы лічаць сваёй больш стратэгічнай культурай міру з гістарычнага пункту гледжаньня – зьява нядаўняя. Яна ўяўляе сабой вынік эвалюцыйнага адыходу ад зусім іншай стратэгічнай культуры, што панавала ў Эўропе на працягу стагодзьдзяў і, прынамсі, да Першай сусьветнай вайны. Эўрапейскія ўрады і народы, якія з энтузіязмам кінуліся ў гэтую кантынэнтальнага маштабу вайну, верылі ў Machtpolitik, сілавую палітыку. Яны былі апантанымі нацыяналістамі, гатовымі папулярызаваць нацыянальную ідэю сілаю зброі, як немцы ў час Бісмарка, ці папулярызаваць роўнасьць і братэрства агнём і мячом, як спрабаваў гэта рабіць трохі раней Напалеон, ці папулярызаваць даброты лібэральнай цывілізацыі гарматамі, як тое рабілі брытанцы цягам ХVII, XVIII і XIX стагодзьдзяў. Эўрапейскі парадак, утвораны пасьля аб’яднаньня Нямеччыны ў 1871-м, быў, «як усе яго папярэднікі, створаны вайною». Карані цяперашняга эўрапейскага сьветапогляду, як і карані самога Эўразьвязу, можна прасачыць аж да эпохі Асьветніцтва, палітыка эўрапейскіх супэрдзяржаваў у апошнія трыста гадоў зусім не адпавядала візіянэрскім мадэлям філёзафаў і фізіякратаў.

Што тычыцца Амэрыкі, то і ёй не заўжды была ўласьцівая цяперашняя перабольшаная стаўка на сілу ў якасьці інструмэнту міжнародных адносінаў, і яна не заўжды грэбавала нормамі міжнароднага права на карысьць аднабаковасьці. Амэрыканцы – таксама дзеці Асьветніцтва, і ў раньнія гады Рэспублікі яны былі самымі палымянымі прыхільнікамі гэтай веры. У часы свайго зараджэньня ЗША былі вялікай надзеяй эўрапейцаў-асьветнікаў, што з адчаем назіралі за сваім кантынэнтам і разглядалі Амэрыку як найлепшае месца, дзе «розум і чалавечнасьць маглі б разьвівацца хутчэй, чым дзе-інш». Мо не заўжды практыка, але рыторыка замежнай палітыкі ЗША раньняга пэрыяду былі прасякнутыя прынцыпамі Асьветніцтва. Амэрыканскія палітыкі канца XVIII стагодзьдзя, таксама як і сёньняшнія эўрапейскія палітыкі, услаўлялі гандаль як гаючы бальзам на раны міжнародных канфліктаў і ставілі міжнароднае права і грамадзкую думку вышэй за праявы грубай моцы. Маладыя Злучаныя Штаты ўжывалі сілу супраць слабейшых народаў паўночнаамэрыканскага кантынэнту, але калі справа датычыла адносінаў з эўрапейскімі волатамі, яны заяўлялі аб сваёй адмове ад грубай моцы і асуджалі палітыку эўрапейскіх імпэрыяў XVIII і ХІХ стагодзьдзяў як атавістычную.

Гэтая акалічнасьць прывяла некаторых гісторыкаў да памылковага меркаваньня, што бацькі-заснавальнікі ЗША былі ўтапістамі і што яны шчыра разглядалі палітыку з пазыцыі сілы як «чужую і агідную» і папросту «былі няздольнымі спасьцігнуць важнасьць сілавога фактару ў міжнародных адносінах». Але Джордж Вашынгтон, Аляксандар Гамільтан, Джон Адамс і нават Томас Джэфэрсан не былі ўтапістамі. Яны былі добра дасьведчанымі ў пытаньнях міжнароднай сілавой палітыкі. Яны маглі гуляць па эўрапейскіх правілах, калі дазвалялі ўмовы, і часта шкадавалі, што ня маюць дастаткова моцы для таго, каб весьці гэтую гульню больш эфэктыўна. Але яны былі таксама дастаткова рэалістычнымі людзьмі, каб здаваць сабе справу з сваёй слабасьці, і як сьвядома, так і падсьвядома яны карысталіся стратэгіяй слабых, каб неяк захавацца ў гэтым сьвеце. Яны кляймілі палітыку з пазыцыі сілы і заяўлялі аб сваім непрыманьні вайны і ваеннай сілы, бо менавіта ў гэтых сфэрах яны значна саступалі вялікім эўрапейскім дзяржавам. Яны ўсхвалялі даброты і станоўчы ўплыў гандлю, у сфэры якога амэрыканцы маглі канкураваць больш ці менш на роўных. Яны апэлявалі да міжнароднага права як да найлепшага сродку рэгуляваньня паводзінаў дзяржаваў, ведаючы, што яны амаль ня маюць іншых сродкаў для стрымліваньня Англіі і Францыі. З працаў Ватэля амэрыканскія палітыкі запомнілі, што «моц ці слабасьць... нічога ня значаць. Карла – такі ж чалавек, як і волат; маленькая рэспубліка – гэта такая ж сувэрэнная дзяржава, як наймагутнейшае з каралеўстваў». Пазьнейшыя пакаленьні амэрыканцаў мелі і маюць значна больш моцы і ўплыву на міжнароднай арэне, і яны не заўсёды так аддана веравалі ў роўнасьць усіх перад міжнародным правам і абавязковасьць яго для ўсіх. Але пры канцы XVIII і на пачатку ХІХ стагодзьдзяў менавіта эўрапейскія супэрдзяржавы былі супраць такіх абмежаваньняў.

Праз два стагодзьдзі амэрыканцы і эўрапейцы памяняліся месцамі і пэрспэктывамі. Гэта адбылося часткова таму, што за тыя дзьвесьце гадоў і асабліва за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў адбыўся неабыякі зрух у раўнавазе сілаў. Калі ЗША былі слабымі, яны прытрымліваліся стратэгіі ўскоснасьці, стратэгіі слабасьці; цяпер, калі ЗША – магутная дзяржава, яна паводзіць сябе як усе магутныя дзяржавы. Калі вялікія дзяржавы Эўропы былі моцнымі, яны верылі ў моц і вайсковую славу. Цяпер яны глядзяць на сьвет вачамі слабейшых. Гэтыя вельмі адрозныя пункты гледжаньня натуральным чынам спарадзілі розныя стратэгічныя мысьленьні, розныя ацэнкі пагрозаў і адпаведных сродкаў рэагаваньня на гэтыя пагрозы, розныя прынцыпы падліку выгодаў і розныя погляды на каштоўнасьць і значэньне міжнароднага права і міжнародных арганізацыяў.

Але розьніца ў канцэпцыях улады толькі часткова тлумачыць тую прорву, якая пралягла паміж ЗША і Эўропай. Бо, разам з натуральнымі наступствамі сілавой дыспрапорцыі, ЗША і Эўропу падзяляе таксама шырокая ідэалягічная бездань. Эўрапейцы, дзякуючы ўнікальнаму гістарычнаму досьведу папярэдняга стагодзьдзя, кульмінацыяй якога стала стварэньне Эўразьвязу, разьвілі корпус ідэалаў і прынцыпаў, датычных карысьці і маральнасьці ўлады, адрозны ад корпусу ідэалаў і прынцыпаў амэрыканцаў, якія ня мелі такога досьведу. І стратэгічны разрыў паміж ЗША і Эўропай падаецца сёньня шырэйшым, чым калі-кольвек раней, ён расьце з грознай хуткасьцю менавіта таму, што матэрыяльныя і ідэалягічныя адрозьненьні маюць тэндэнцыю да ўзаемаўзмацненьня. І можа стацца так, што гэтую тэндэнцыю немагчыма будзе павярнуць назад.

РОЗЬНІЦА Ў КАНЦЭПЦЫЯХ УЛАДЫ

Некаторыя могуць спытацца: «А што ў гэтым новага»? Сапраўды, вайсковая магутнасьць Эўропы заняпала не адразу, гэты заняпад быў доўгім і паступовым. Самы скрышальны ўдар па эўрапейскай магутнасьці і самаацэнцы быў нанесены амаль стагодзьдзе таму, падчас сусьветнай вайны, якая выбухнула ў 1914-м. Гэты жудасны канфлікт спустошыў трох зь пяці эўрапейскіх волатаў – Нямеччыну, Аўстра-Вугоршчыну і Расею, якія былі астоямі раўнавагі сілаў на кантынэнце з 1871 году. Гэтая вайна падарвала эканоміку Эўропы, што трапіла ў шматгадовую залежнасьць ад амэрыканскіх банкіраў. Галоўнае ж, вайна падтачыла волю і дух Вялікай Брытаніі і Францыі, прынамсі, да 1939 году, калі Брытанію зноў абудзіў Чэрчыль, але было ўжо позна і не было ніякай магчымасьці прадухіліць наступную сусьветную вайну. У 1920 годзе Брытанія знаходзілася ў шокавым стане праз тое, што згубіла на палёх бітваў, пад Пасшэндэлем і іншых, амаль цэлае пакаленьне моладзі, і пад канец вайны ангельскі ўрад пачаў імклівую дэмабілізацыю свайго войска. Спужаная Францыя рабіла ўсе намаганьні, каб захаваць належны вайсковы патэнцыял, каб стрымаць непазьбежнае, на яе думку, адраджэньне нямецкай магутнасьці і натуральны ў такім выпадку рэваншызм. Напачатку 1920-х Францыя адчайна шукала альянсу зь Вялікай Брытаніяй, але ангельска-амэрыканскае забавязаньне абараняць Францыю, уключанае ў тэкст Вэрсальскага пагадненьня, разьвеялася як сон, калі Сэнат ЗША адмовіўся яго ратыфікаваць. Тымчасам траўмаваныя брытанцы, насуперак здароваму сэнсу, працягвалі аж да 1934 году настойваць на тым, каб Францыя раззброілася да ўзроўню Нямеччыны. Адзіным, хто папярэджваў аб «жудаснай небясьпецы» «пастаяннага настойваньня на самааслабленьні французаў», быў Уінстан Чэрчыль.

Міжваенны пэрыяд быў часам, калі Эўропа ўпершыню паспрабавала адмовіцца ад палітыкі з пазыцыі сілы, паспрабавала ператварыць слабасьць у каштоўнасьць. Замест таго каб пакладацца на палітыку сілы, як гэта рабілася раней, эўрапейскія краіны, што перамаглі ў Першай сусьветнай вайне, даверыліся «калектыўнай бясьпецы» і яе ўвасабленьню ў выглядзе ўстановы – Лізе Нацыяў. «Нашай мэтай, – як казаў адзін зь вядучых функцыянэраў Лігі, – было зрабіць вайну немагчымай, забіць яе, цалкам зьнішчыць. Каб гэта ажыцьцявіць, нам трэба было стварыць сыстэму». Але сыстэма не спрацоўвала, і часткова таму, што яе галоўныя ўдзельнікі ня мелі для таго ні рэсурсаў, ні волі. Сьмешна, але інтэлектуальным рухавіком гэтай спробы пераадоленьня эўрапейскага крызісу бясьпекі шляхам стварэньня наднацыянальнага праўнага інстытуту быў амэрыканец Вудра Ўілсан. Уілсан прамаўляў ад імя краіны, якой неўзабаве судзілася зрабіцца самай багатай і магутнай краінаю сьвету і запозьненае ўступленьне якой у Першую сусьветную вайну значна паспрыяла перамозе Антанты. На жаль, Уілсан прамаўляў ад імя Амэрыкі ў час, калі яна таксама намагалася ўнікнуць сілавой палітыкі, і як аказалася пазьней, Уілсан прамаўляў не ад імя сваёй краіны. Адмова Амэрыкі ад удзелу ў створанай Уілсанам арганізацыі скасавала апошні малюпасенькі шанец на посьпех справы Лігі Нацыяў. Як з іроніяй зазначыў Чэрчыль, «мы гэтак давяраліся меркаваньням і пажаданьням Уілсана ў гэтай міратворчай задуме, аж урэшце нам сказалі, што няблага было б нам таксама лепей ведаць амэрыканскую канстытуцыю». Эўрапейцы былі пакінутыя сам-насам з сабою, і калі ў 1930-я нямецкія рэвізіяністы зноў пачалі гонку ўзбраеньняў, «калектыўная бясьпека» растала як дым, і на зьмену ёй прыйшла палітыка залагоджваньня. Па сваёй сутнасьці, залагоджваньне нацысцкай Нямеччыны было стратэгіяй, заснаванай на слабасьці, але яна паходзіла хутчэй не ад сапраўднай няздольнасьці супрацьстаяць нямецкай моцы, а з страху перад магчымасьцю яшчэ адной вялікай вайны ў Эўропе. На гэтым падмурку вырасла складаная структура з мудрагелістых аргумэнтаў наконт прыроды пагрозы, якую прадстаўляе Нямеччына, і найлепшых спосабаў рэагаваньня на яе. Брытанскія чыноўнікі, напрыклад, пасьлядоўна прымяншалі пагрозу ці настойвалі на тым, што яна яшчэ не настолькі вялікая, каб патрабаваць якіх-кольвек дзеяньняў у адказ. «Калі б пераўзбраеньне Нямеччыны магчыма было давесьці, – заяўляў лідэр брытанскіх кансэрватараў Стэнлі Болдуін у 1933 годзе, – тады Эўропа сапраўды мусіла б нешта рабіць у адказ. Але для гэтага пакуль што няма рэальных падставаў». Прыхільнікі залагоджваньня высоўвалі шмат аргумэнтаў, чаму ўжываньне сілы непатрэбнае і неадпаведнае сытуацыі. Некаторыя зь іх казалі, што прэтэнзіі і крыўды Нямеччыны і яе нацысцкага ўраду цалкам законныя і мусяць быць прынятыя да ўвагі заходнімі дзяржавамі. Вэрсальскае пагадненьне было занадта жорсткім і прывяло да супрацьлеглых вынікаў, тлумачыў Джон Мэйнард Кейнз, а ў тым, што нямецкія палітыкі палаюць гневам і прагнуць рэваншу, Брытанія і Францыя мусяць вінаваціць толькі сябе. Калі Гітлер наракаў на благое стаўленьне да этнічных немцаў у Чэхаславаччыне і іншых краінах Эўропы, заходнія дэмакратыі былі гатовыя на саступкі ў гэтым пункце. Не жадалі ў астатніх краінах Эўропы верыць і ў тое, што ідэалягічная прорва рабіла немагчымымі якія-кольвек кампрамісы з Гітлерам і нацыстамі. У 1936 годзе прэм’ер-міністар Францыі Леон Блюм сказаў нямецкаму міністру, які наведваў Францыю зь візытам: «Я марксіст і габрэй, але мы ня зможам дасягнуць нічога, калі будзем лічыць ідэалягічныя бар’еры непераадольнымі». Шмат хто суцяшаў сябе тым, што, які ні благі Гітлер, альтэрнатывы яму ў Нямеччыне яшчэ горшыя. Брытанскія і францускія чыноўнікі шмат высілкаў аддавалі на тое, каб атрымаць подпіс Гітлера пад пагадненьнямі, верачы, што толькі ён адзін можа кантраляваць самыя экстрэмісцкія сілы нямецкага грамадзтва3.

  2 Выпадак басьнійскага канфлікту напачатку 1990-х стаіць асабняком, бо гэта быў адзіны момант, калі эўрапейцы, галоўным чынам у асобе брытанскага прэм’ер-міністра Тоні Блэра, нават больш схіляліся да сілавога вырашэньня, чым бушаўская і клінтанаўская адміністрацыі. (Блэр таксама быў адным з галоўных прыхільнікаў ужываньня паветраных сілаў і нават пяхоты ў часе косаўскага крызісу.) Варта таксама заўважыць, што падчас басьнійскага канфлікту эўрапейцы, у адрозьненьне ад амэрыканцаў, ужывалі пяхоту, нягледзячы на нізкую эфэктыўнасьць гэтага роду войскаў.

   

Мэтаю залагоджваньня было выйграць час у спадзяваньні на тое, што Гітлер нарэшце насыціцца. Але гэтая стратэгія мела катастрафічныя для Брытаніі і Францыі наступствы. Кожны год такой палітыкі дазваляў Нямеччыне карыстацца зь яе патэнцыйнай эканамічнай і прамысловай перавагі і наганяць па ўзброенасьці дэмакратычныя краіны Эўропы. Тыя аказаліся няздольныя стрымаць Гітлера, калі ён нарэшце ўдарыў. У 1940 годзе гітлерскі міністар прапаганды Ёзэф Гёбэльс аглядаўся на папярэднія дваццаць гадоў эўрапейскай дыпляматыі зь некаторым зьдзіўленьнем:

У 1933 годзе францускі прэм’ер мусіў сказаць наступнае (і калі б францускім прэм’ерам быў я, я б так і сказаў): «Новы райхсканцлер – чалавек, які напісаў «Майн Кампф», у якой гаварыцца тое і тое. Гэтага чалавека нельга трываць побач з намі. Ці ён сыходзіць з палітычнай арэны, ці мы ідзём на яго вайной!» Але яны гэтага не зрабілі. Яны нас не чапалі і дазволілі нам прайсьці празь небясьпечную зону і абысьці ўсе падводныя рыфы. І калі мы былі гатовыя і добра ўзброеныя, лепш за іх, толькі тады яны пачалі вайну.

Мудрагелістыя аргумэнты залагоджваньня былі б заўважна больш эфэктыўнымі, калі б іх ужылі да іншага чалавека ў іншай краіне, напрыклад, да нямецкага лідэра 1920-х Густава Штрэзэмана. Але яны былі няправільна ўжытыя да Гітлера і да Нямеччыны 1930-х, калі стратэгія залагоджваньня была вынікам не бесстароньняга аналізу, а простай слабасьці.

Першая сусьветная вайна моцна аслабіла Эўропу, Другая – стала вынікам паразы эўрапейскай стратэгіі і дыпляматыі і падарвала пазыцыі эўрапейскіх краінаў у сьвеце. Іх пасьляваенная няздольнасьць утрымліваць дастатковыя сілы ў сваіх заморскіх уладаньнях прывяла да страты калёніяў у Азіі, Афрыцы і на Блізкім Усходзе пасьля больш як пяці стагодзьдзяў імпэрскага панаваньня. Гэта была, бадай, самая маштабная страта ўплыву ў сьвеце ў гісторыі чалавецтва. Менш чым за дзесяцігодзьдзе пасьля пачатку халоднай вайны эўрапейцы страцілі свае калёніі і саступілі Злучаным Штатам свае стратэгічныя абавязкі ў Азіі і на Блізкім Усходзе, часам добраахвотна, часам пад амэрыканскім ціскам, як у выпадку Суэцкага крызісу.

Пры канцы Другой сусьветнай многія ўплывовыя амэрыканцы спадзяваліся, што Эўропа адродзіцца ў якасьці «трэцяй сілы» ў сьвеце, дастаткова моцнай для таго, каб сам-насам супрацьстаяць Савецкаму Саюзу і дазволіць ЗША сысьці з Эўропы. Франклін Рузвэльт, Дын Арчысан і іншыя амэрыканскія назіральнікі меркавалі, што Вялікая Брытанія здолее ўзяць на сябе цяжар абароны ад Савецкага Саюзу большасьці краінаў сьвету. У тыя першыя пасьляваенныя дні прэзыдэнт Гары Трумэн нават мог уявіць сьвет, у якім Лёндан і Масква спаборнічалі б за ўплыў, а ЗША адыгравалі б ролю «бесстароньняга арбітра». Але неўзабаве брытанскі ўрад даў зразумець, што ён ня ў стане працягваць аказаньне эканамічнай і вайсковай падтрымкі Грэцыі і Турэччыне, якое ажыцьцяўлялася ад заканчэньня вайны. Пад 1947 год брытанскія палітыкі разумелі, што хутка «ЗША вырвуць зь іх здранцьвелых далоняў паходню сусьветнага лідэрства». З таго часу бясьпека Эўропы і астатняга сьвету залежала ад ЗША. Францыі і Брытаніі не падабалася нават сама ідэя незалежнага эўрапейскага блёку, «трэцяй сілы», бо яны баяліся, што гэта дасьць падставу амэрыканцам вывесьці свае войскі з Эўропы, у выніку чаго Брытанія і Францыя зноў апынуцца сам-насам зь Нямеччынай, дый з Савецкім Саюзам. Як сказаў адзін амэрыканскі ўрадовец: «Адзіным элемэнтам пэўнасьці, за які чапляюцца французы, застаецца той факт, што паміж імі і Чырвонай арміяй стаяць моцныя амэрыканскія войскі».

Такім чынам ад канца Другой сусьветнай вайны і на наступныя пяцьдзясят гадоў Эўропа трапіла ў стан стратэгічнай залежнасьці ад ЗША. Калісьці глябальны, уплыў эўрапейскіх краінаў цяпер абмяжоўваўся граніцамі самой Эўропы. Адзінай жыцьцёва важнай задачай Эўропы падчас халоднай вайны было, у разе савецкай агрэсіі, пратрымацца да прыходу амэрыканцаў. І нават да гэтага эўрапейцаў трэба было прымушаць. Нежаданьне Эўропы выдаткоўваць на вайсковыя патрэбы сумы, якія лічыў неабходнымі амэрыканскі ўрад, было сталай крыніцай напружанасьці ў трансатлянтычных адносінах ад часу заснаваньня NАТO да эпохі Кенэдзі, чыя дактрына «гнуткага рэагаваньня» мела ўмовай значны рост звычайных вайсковых сілаў, а пасьля да часу Рэйгана, калі кангрэсмэны распачалі цэлую кампанію за тое, каб Эўропа нарэшце пагадзілася дзяліць цяжар выдаткаў на спраўджаньне супольнай бясьпекі.

Але абставіны халоднай вайны стварылі бадай непазьбежнае разыходжаньне паміж амэрыканскімі і эўрапейскімі інтарэсамі. Амэрыканцам хацелася, каб эўрапейцы мелі эфэктыўныя ўзброеныя сілы, натуральна, пад кантролем NAТO, здольныя спыніць савецкія полчышчы на эўрапейскай зямлі бяз атамнай вайны, каб асноўныя страты панесьлі эўрапейцы, а не амэрыканцы. Дзіва што большасьць эўрапейцаў трымалася іншага меркаваньня наконт пажаданага спосабу стрымліваньня саветаў.

Іх цалкам задавальняла тая абарона, якую ім забясьпечваў амэрыканскі «атамны парасон». Яны спадзяваліся, што бясьпеку Эўропы можа гарантаваць амэрыканска-савецкая раўнавага стрымліваньня і пэрспэктыва абавязковага ўзаемазьнішчэньня ў выпадку агрэсіі любога з бакоў. У любым выпадку, у першыя гады халоднай вайны эканоміка эўрапейскіх краінаў была заслабая для фінансаваньня вайсковага патэнцыялу, дастатковага для самаабароны. Але і ў пазьнейшыя гады халоднай вайны, калі гаспадарка адбудавалася, урады не сьпяшаліся наганяць адставаньне ў вайсковай моцы. Амэрыканская «атамная гарантыя» пазбавіла эўрапейцаў стымулу да выдаткаваньня грашовых сродкаў, неабходных для аднаўленьня статусу вялікіх у ваенным сэнсе дзяржаваў. Гэтая псыхалёгія залежнасьці была непазьбежнай рэчаіснасьцю часу халоднай вайны і атамнага веку. Ганарыстая Францыя дэ Голя намагалася пераламіць гэтую сытуацыю, выйшаўшы з NАТO і стварыўшы сваю невялічкую атамную сілу. Але яе orce de frappe была чыста сымбалічнаю, бо ні ў якім разе не звальняла Эўропы з стратэгічнай залежнасьці ад ЗША.

Адносная слабасьць Эўропы не падавалася такой ужо вялікай праблемай у гэтым трансатлянтычным канфлікце празь яго ўнікальныя геапалітычныя ўмовы. У цені дзьвюх варожых супэрдзяржаваў аслабленая Эўропа, тым ня менш, была галоўным стратэгічным тэатрам сусьветнага змаганьня паміж камунізмам і дэмакратычным капіталізмам, і гэта, разам з даўняй звычкай да сусьветнага лідэрства, дазволіла эўрапейцам захаваць міжнародны ўплыў і павагу, нягледзячы на рэальна нізкі ваенны патэнцыял. Амэрыканская стратэгія халоднай вайны была пабудаваная вакол трансатлянтычнага альянсу. Падтрыманьне адзінства і згуртаванасьці Захаду было асноўнай мэтай. Натуральна, гэта павышала важнасьць эўрапейскай думкі па глябальных пытаньнях, даючы як эўрапейцам, так і амэрыканцам трохі перабольшанае бачаньне эўрапейскай моцы. Гэтае бачаньне дажыло аж да сярэдзіны 1990-х. Балканскія канфлікты таго дзесяцігодзьдзя прымусілі ЗША і надалей разглядаць Эўропу як стратэгічны прыярытэт.

Так, неўзабаве пасьля заканчэньня халоднай вайны перад NАТO паўстала новая задача замірыць гэтую частку эўрапейскага кантынэнту, дзе ўсё яшчэ спалохвалі крывавыя міжэтнічныя канфлікты, якія, хоць і меншыя маштабам, мала розьніліся сваёй сутнасьцю ад вялікіх войнаў ХХ стагодзьдзя. Пашырэньне NАТO на краіны былога савецкага блёку, замацаваньне перамогі ў халоднай вайне і стварэньне «адзінай і свабоднай» Эўропы было іншым вялікім праектам Захаду, дзеля якога Эўропа была цэнтральным пунктам амэрыканскай стратэгіі і палітыкі.

І тады, напачатку працэсу аб’яднаньня, зьявілася гэтая надзея на стварэньне «новай Эўропы». Аб’яднаньне ў цэльную палітычную і эканамічную адзінку праз гістарычную Маастрыхцкую дамову 1992 году, як многія спадзяваліся, павінна было аднавіць былую веліч Эўропы ў новай палітычнай форме. Эўропа мусіла б стаць яшчэ адной звышдзяржавай, прычым ня толькі ў эканамічным і палітычным сэнсе, але і ў ваенным. Яна мусіла б даваць рады крызісам на эўрапейскім кантынэнце, такім як этнічныя канфлікты на Балканах, і мусіла б зрабіцца «глябальным гульцом вышэйшай лігі». У 1990-я эўрапейцы яшчэ маглі з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што магутнасьць аб’яднанай Эўропы нарэшце адновіць «шматпалярнасьць», разбураную халоднай вайною і яе наступствамі. І многія амэрыканцы сьцяўшы зубы прызнавалі, што будучыня – за Супэрдзяржавай Эўропай. Сэмюэл Гантынгтан з Гарвардзкага ўнівэрсытэту прадказваў, што крышталізацыя Эўразьвязу стане «адзіным сапраўды важным ходам» у рамках сусьветнай рэакцыі на амэрыканскую гегемонію, вынікам чаго стане «сапраўдная шматпалярнасьць ХХІ стагодзьдзя».

І калі б Эўропа ў 1990-я гады спраўдзіла гэтыя надзеі, сёньняшні сьвет, пэўна, моцна адрозьніваўся б ад таго, якім ён ёсьць. Цяпер ЗША і Эўропа, магчыма, выпрацоўвалі б новыя ўмовы адносінаў, заснаваныя на прыблізным парытэце сілаў, а не змагаліся б зь іх вялікай няроўнасьцю. Цалкам магчыма, што плён гэткага ўзаемапрыстасаваньня быў бы выгадны абодвум бакам; Эўропа ўзяла б на сябе некаторыя выдаткі на сусьветную бясьпеку, а ЗША б зьвярталі больш увагі на эўрапейскія інтарэсы і спадзяваньні пры фармуляваньні сваёй замежнай палітыкі.

Але «новая» Эўропа ня спраўдзіла гэтых надзеяў. У сфэрах палітыкі і эканомікі Эўразьвяз ствараў цуды. Нягледзячы на прароцтвы скептыкаў абапал Атлянтыкі, нічога благога з эўрапейскім адзінствам не адбылося. І аб’яднаная Эўропа паўстала як эканамічны волат найвышэйшага ўзроўню, здольны трымацца на роўных з ЗША і азіяцкімі эканомікамі і на роўных абмяркоўваць пытаньні міжнароднага гандлю і фінансаў. Калі дапусьціць, што канец халоднай вайны адкрыў перад сьветам эпоху, калі эканамічная моц значыць больш за вайсковую, як на гэта спадзяваліся многія эўрапейцы і амэрыканцы, то сапраўды можна сьцьвярджаць, што Эўразьвяз мае ня менш моцы для ўплыву на фармаваньне сусьветнага парадку, чым ЗША.

Але заканчэньне халоднай вайны ня зьменшыла важнасьці вайсковай моцы, а эўрапейцы пабачылі, што эканамічную моц не заўжды можна канвэртаваць у стратэгічную ці геапалітычную. Захаваўшы як эканамічную, так і вайсковую магутнасьць, Злучаныя Штаты далёка абагналі Эўропу ў сумарнай моцы, якую можна скіроўваць на аказаньне ўплыву на міжнародным узроўні.

Фактычна 1990-я гады сталі часам ня ўздыму Эўропы, а наадварот – яе далейшага вайсковага заняпаду ў параўнаньні з Амэрыкай. Балканскі канфлікт пачатку дзесяцігодзьдзя паказаў слабасьць эўрапейскіх войскаў і палітычны разлад паміж краінамі-міратворцамі; косаўскі канфлікт канца дзесяцігодзьдзя паказаў разрыў паміж Эўропай і ЗША ўва ўзроўнях ваенных тэхналёгіяў і здольнасьці вядзеньня баявых дзеяньняў на сучасным узроўні, і гэты разрыў у далейшыя гады вырас яшчэ больш. Гэтая няроўнасьць вайсковых магчымасьцяў пры канцы 1990-х зрабілася яшчэ больш відавочнай, калі стала ясна, што здольнасьць эўрапейскіх краінаў перакідваць, паасобку ці разам, больш-менш значныя вайсковыя сілы за межы кантынэнту і падтрымліваць іхнюю баяздольнасьць там амаль што роўная нулю. Эўрапейцы здолелі накіраваць міратворчыя сілы на Балканы, – сапраўды, яны ўрэшце адправілі вялікія кантынгенты ў Босьнію, Косава, Македонію – і нават у Аўганістан, і, мабыць, калісьці дашлюць салдатаў у Ірак. Але ім не хапала сродкаў, каб увесьці свае ўзброеныя сілы на патэнцыйна варожую тэрыторыю, нават у самой Эўропе, ня кажучы ўжо пра тое, каб дастатковы час там іх утрымліваць. У найлепшым выпадку, роля эўрапейцаў заключалася ў разьмяшчэньні міратворчых сілаў у тых зонах, у якіх сытуацыю ўжо стабілізавалі амэрыканцы. Як іранічна зазначалі некаторыя эўрапейцы, сапраўдны падзел працы заключаўся ў тым, што амэрыканцы «гатавалі абед», а эўрапейцы «мылі талеркі».

Большая схільнасьць амэрыканцаў да ўжываньня вайсковай сілы не заўжды азначала жаданьне рызыкаваць людзьмі. Няроўнасьць вайсковых патэнцыялаў ніяк ня тычылася пытаньня параўнальнай сьмеласьці амэрыканскіх і эўрапейскіх жаўнераў. Прынамсі, францускі, брытанскі і нават нямецкі ўрады часам нават менш турбаваліся аб сваіх жаўнерах, чым амэрыканскія прэзыдэнты аб сваіх. Падчас Балканскага крызісу ў сярэдзіне 1990-х і пазьней у Косаве брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр быў куды больш схільны да ўжываньня сухаземных войскаў, чым прэзыдэнт Біл Клінтан. І гэтая неаднолькавасьць стаўленьня таксама, пэўным чынам, працавала супраць эўрапейцаў. Жаданьне амэрыканцаў пазьбягаць стратаў і іх гатоўнасьць шчодра выдаткоўваць сродкі на ваенныя тэхналёгіі забясьпечыла ЗША грознай ваеннай магутнасьцю і сьмяротнай дакладнасьцю ў зьнішчэньні цэляў зь меншай небясьпекаю для людзей. Эўрапейскія войскі, насупраць, былі тэхналягічна адсталымі і, такім чынам, больш залежнымі ад непасрэдных сутыкненьняў з праціўнікам. Вынікам гэтай тэхналягічнай прорвы, якая павялічылася цягам 1990-х, калі амэрыканская вайсковая прамысловасьць дасягнула значных посьпехаў у стварэньні высокадакладных узбраеньняў, распрацоўцы апэрацыяў шматвэктарнага адначасовага ўдару, стварэньні магутных сыстэмаў сувязі і збору зьвестак, стала большая гатоўнасьць амэрыканцаў ваяваць у параўнаньні з эўрапейцамі, якія ня мелі магчымасьці ажыцьцяўляць спусташальныя атакі зь бясьпечнай адлегласьці і, такім чынам, мусілі б плаціць большую цану за любую атаку.

У гэтым ваенным адставаньні Эўропы ад Амэрыкі няма нічога дзіўнага, бо яно вынікае з эўрапейскай ваеннай дактрыны часу халоднай вайны. Стратэгічныя задачы халоднай вайны і дактрыны стрымліваньня патрабавалі, згодна з Джорджам Кенанам, наяўнасьці «гнуткай і апэратыўнай ударнай моцы ў шэрагу геаграфічных і палітычных пунктаў, месца знаходжаньня якой стала мяняецца». Гэта прымусіла ЗША ствараць вайсковыя адзінкі, здольныя вырашаць стратэгічныя задачы адначасова ў некалькіх аддаленых адзін ад другога рэгіёнах. Стратэгічнай задачай эўрапейцаў было вытрымаць націск савецкіх войскаў на сваёй тэрыторыі, задачы перакідваньня ваеннай моцы на вялікія адлегласьці ня ставілася4. Для большасьці эўрапейскіх краінаў выкананьне гэтай задачы патрабавала ўтрыманьня на сваёй уласнай тэрыторыі вялікіх сухаземных сілаў, гатовых заблякаваць шляхі наступу савецкіх войскаў, і не патрабавала наяўнасьці мабільных фармаваньняў, гатовых для перакіданьня ў любы куток сьвету. Амэрыканцы і эўрапейцы, якія пасьля сканчэньня халоднай вайны прасоўвалі ідэю павелічэньня стратэгічнай ролі Эўропы за межамі кантынэнту, фактычна патрабавалі рэвалюцыйных зьменаў у эўрапейскай стратэгіі і патэнцыяле. Было нерэалістычна чакаць ад эўрапейцаў вяртаньня да статусу сусьветных супэрдзяржаваў, які яны мелі да Другой сусьветнай вайны, пакуль жыхары Старога сьвету не пагаджаліся на перанос значных грашовых сродкаў ад сацыяльных праграмаў на вайсковыя мэты, на рэструктурызацыю і мадэрнізацыю ўзброеных сілаў, якая б дазволіла перайсьці ад дактрыны пасіўнай абароны да здольнасьці перакідваць і ўтрымліваць вайсковыя кантынгенты далёка ад дому.

  3 Як зазначыў адзін францускі чыноўнік, што працаваў у Бэрліне: «Калі Гітлер шчыры ў сваіх заявах аб імкненьні да міру, мы зможам павіншаваць сябе з дасягненьнем згоды, але калі ён напраўдзе мае іншыя намеры ці калі ён адкрые дарогу якому-небудзь фанатыку, то мы хаця б зможам задаволіцца тым, што нам удалося адтэрмінаваць вайну».

   

Натуральна, эўрапейская супольнасьць не згадзілася на такую рэвалюцыйную зьмену прыярытэтаў. Эўрапейцы ня толькі не жадалі выдаткоўваць на стварэньне ўзброеных сілаў сусьветнага значэньня, але пасьля заканчэньня халоднай вайны нават не жадалі ўтрымліваць узброеныя сілы, дастатковыя для вядзеньня баявых дзеяньняў на ўласнай тэрыторыі без амэрыканскай дапамогі. Эўрапейская супольнасьць нават адмаўлялася выдаткоўваць сродкі на ўзмацненьне NАТO і на разьвіцьцё ўласнай, эўрапейскай абароннай палітыкі. Замест таго каб разглядаць распад Савецкага Саюзу як шанец для пашырэньня стратэгічнага ўплыву Эўропы, эўрапейцы ўспрынялі гэтую падзею як магчымасьць скарыстаць з выгадаў мірнага існаваньня. Для Эўропы падзеньне Савецкага Саюзу ня толькі ліквідавала стратэгічную шматпалярнасьць, але ліквідавала самую патрэбу ў геапалітыцы. Многія эўрапейцы ўспрынялі канец халоднай вайны як такую жаданую адпраўку стратэгіі на пэнсію. Нягледзячы на размовы аб вяртаньні Эўропе статусу супэрдзяржавы, сярэднія вайсковыя выдаткі стала зьмяншаліся і паступова ўпалі ніжэй за 2 % ад ВУП, і такім чынам, цягам 1990-х эўрапейская моц усё больш адставала ад амэрыканскай.

Канец халоднай вайны зусім па-іншаму адбіўся на другім баку Атлянтыкі. Хаця амэрыканцы таксама былі ня супраць скарыстацца з выгадаў мірнага існаваньня, і абаронныя выдаткі ЗША таксама скараціліся на некаторых кірунках, а на іншых цягам 1990-х яны заставаліся на ранейшым узроўні, выдаткі на абаронныя патрэбы, як і раней, перавышалі 3 % ад ВУП. Перад самым распадам Савецкага Саюзу адбылося ўварваньне Іраку ў Кувэйт, якое пацягнула за сабою самую вялікамаштабную ваенную апэрацыю ЗША за апошнія дваццаць пяць гадоў. У раён Пэрсідзкай затокі было ўведзена амаль паўмільённае войска. Пасьля гэтага амэрыканскі ўрад, вядома, скараціў узброеныя сілы, але не настолькі, наколькі гэтага можна было чакаць. Фактычна, наступныя пасьля заканчэньня халоднай вайны амэрыканскія ўрады не разглядалі гэтае заканчэньне як падставу для стратэгічнага адпачынку. Ад першага бушаўскага ўраду і цягам кіраваньня клінтанаўскай адміністрацыі амэрыканская стратэгія і плянаваньне ўзброеных сілаў зыходзілі з магчымасьці таго, што ЗША давядзецца змагацца і перамагаць у двух розных рэгіёнах плянэты амаль адначасова. Гэты «дзьвюхваенны» стандарт хаця часам і крытыкаваўся, ніколі не адкідаўся вайсковым і цывільным кіраўніцтвам ЗША, якія меркавалі, што краіна мусіць быць гатовай весьці войны як на Карэйскай паўвысьпе, так і ў Пэрсідзкай затоцы. Ужо сам факт, што ЗША разглядалі такую магчымасьць, аддаляў іх ад эўрапейскіх саюзьнікаў, няздольных нават да вядзеньня міні-вайны ля ўласнага парогу, ня кажучы ўжо аб дзьвюх вялікіх войнах на адлегласьці тысячаў кілямэтраў. Па гістарычных мерках ваенная моц ЗША пасьля халоднай вайны, іхняя здольнасьць перакідваць гэтую моц ува ўсе куткі плянэты зьяўляюцца беспрэцэдэнтнымі.

Адначасова з гэтым распад савецкай імпэрыі значна павялічыў параўнальную моц Амэрыкі адносна іншых дзяржаваў сьвету. Магутны амэрыканскі вайсковы арсэнал, якога раней ледзьве хапала на стрымліваньне саветаў, цяпер ня мае роўных у сьвеце. Гэты «аднапалярны момант» атрымаў цалкам натуральныя наступствы: большую схільнасьць ЗША да ўжываньня сілы ў міжнародных зносінах. Зь зьнікненьнем савецкай пагрозы Злучаныя Штаты атрымалі поўную свабоду інтэрвэнцыі ў любы куток сьвету ў пажаданы для іх час, што мела свой фактычны адбітак у Панамскім канфлікце 1989 году, вайне ў Пэрсідзкай затоцы ў 1991-м, гуманітарнай інтэрвэнцыі ў Самалі ў 1992-м падчас кіраваньня Буша. Гэтая тэндэнцыя таксама працягвалася і пры клінтанаўскай адміністрацыі: войны ў Гаіці, Босьніі, Косава. Хаця многія амэрыканскія палітыкі гаварылі аб неабходнасьці сыходу амэрыканскіх войскаў з сусьветнай арэны, у рэальнасьці ўмяшальніцтвы ўва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў у параўнаньні з часам халоднай вайны пачасьціліся. Сучасныя вайсковыя тэхналёгіі разьвязалі для ЗША рукі для ўжываньня сілы на ўсім сьвеце праз высокадакладныя кропкавыя ўдары, што яны і сталі рабіць усё часьцей. Такім чынам, канец халоднай вайны нават паглыбіў разрыў у разуменьні сілы, які існаваў паміж ЗША і Эўропай.

ПСЫХАЛЁГІЯ МОЦЫ І СЛАБАСЬЦІ

Якім чынам можна было б пазьбегнуць утварэньня ўсё большага разрыву ў стратэгічным мысьленьні пры ўсё большай няроўнасьці ў моцы? Моцныя дзяржавы натуральным чынам бачаць сьвет інакш, чым слабыя. Яны па-рознаму ацэньваюць рызыку, па-рознаму акрэсьліваюць бясьпеку і маюць розныя парогі талераваньня небясьпекі. Тыя, хто валодае вялікай вайсковай магутнасьцю, пэўна будуць лічыць яе больш карысным інструмэнтам міжнародных зносінаў, чымся тыя, хто яе ня мае. Але моцны можа давяраць сіле ў большай ступені, чым гэта неабходна. Адзін брытанскі крытык амэрыканскай схільнасьці да ўжываньня моцы прыгадвае стары афарызм: «Калі ў цябе ёсьць малаток, усе праблемы пачынаюць здавацца цьвікамі». Гэта праўда.

Пераклаў з амэрыканскай Аляксей Ігнатовіч

  4 Вялікая Брытанія і Францыя валодалі большымі магчымасьцямі для вядзеньня вайсковых апэрацыяў на адлегласьці, але ўсё роўна гэтыя магчымасьці значна саступалі амэрыканскім.
   

   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25