A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналiтыка

  ЧАРЛЬЗ КРАЎТХАМЕР

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Чарльз Краўтхамер
У абарону дэмакратычнага рэалізму


10 лютага 2004 году ў лекцыі, прачытанай у Інстытуце амерыканскага прадпрымальніцтва і прысвечанай Ірвінгу Крысталу*, я выклаў тэорыю замежнай палітыкі, якую назваў тады дэмакратычным рэалізмам. Тэорыя базавалася на пастулаце, згодна з якім 1990-я гады былі «адпачынкам ад гісторыі», ілюзорным перыядам, калі, як мы лічылі, барацьба за выжыванне з разнастайнымі відамі таталітарызму, характэрная для папярэдніх шасці дзесяцігоддзяў, скончылася назаўжды. 11 верасня жорстка нагадала нам, што гісторыя не скончылася. Мы ўбачылі, што зноў мусім змагацца за выжыванне – гэтым разам нават з больш фанатычным, падступным і мэтаскіраваным ворагам, чым даўней. Тым не менш, адзін фактар выявіўся на нашу карысць. Па знікненні Савецкага Саюзу мы ўступілі ва ўнікальную эпоху чалавечай гісторыі, эпоху аднапалярнасці, калі Амерыка ўпершыню мае большую перавагу ў сіле, чым якая-небудзь іншая дзяржава за апошнія пяць стагоддзяў існавання сучаснага сусветнага парадку. Ключавое пытанне гэтай новай эпохі: ці зможам мы скарыстаць сітуацыю аднапалярнай магутнасці, каб адказаць на новыя выклікі? Альбо мусім даверыцца расплывістаму інтэрнацыяналізму, такому характэрнаму для замежнапалітычнага мыслення амерыканскіх лібералаў і еўрапейскіх эліт, як мы і рабілі першыя дзесяць гадоў пасля заканчэння халоднай вайны?

Прамова і манаграфія, што выйшла следам за ёй1 , выклікалі шэраг каментароў. Ніводзін, аднак, не быў такім ёмістым, як палеміка Фрэнсіса Фукуямы на 12 старонках у мінулым нумары «The National Interest». З эсэ Фукуямы карысць двайная: з аднаго боку, як удумлівай крытыкі дэмакратычнага рэалізму, з другога – як дэманстрацыі таго, што крытык мала чаго можа прапанаваць у якасці альтэрнатывы.

ДЭМАКРАТЫЧНЫ РЭАЛІЗМ

У сваёй прамове я апісаў чатыры галоўныя школы амерыканскага замежнапалітычнага мыслення. Ізаляцыянізм вызначае амерыканскія нацыянальныя інтарэсы выключна вузка і, па сутнасці, папросту хоча падняць развадны мост перад амерыканскай цвердзю. На жаль, у эпоху звышгукавых самалётаў, падводных лодак і балістычных ракет, не кажучы пра партатыўныя бомбы, як паказалі падзеі 11 верасня, крэпасці не абараніць сябе рвамі з вадою і разваднымі мастамі. Ізаляцыянізм ганарыцца сваёй славутай гісторыяй, але сёння ўяўляе сабой тэорыю настальгічную і рэакцыйную. 11 верасня стала днём адмовы ад ізаляцыянізму, як калісьці такой датай стала 11 снежня 1941 году, дзень расфармавання камітэту «Амерыка перадусім»2.

  аглядальнік газэты «The Washington Post», аўтар часопісу «Time», член рэдкалегіі часопісу «The National Interest». Гэты аналіз быў перакладзены з квартальнік «The National Interest» (выпуск за восень 2004 г.).

* Ірвінг Крыстал (нар. у 1920) – выдавец, навуковец, журналіст, заснавальнік неакансерватыўнага руху ў Амерыцы. – Рэд.

   

Ліберальны інтэрнацыяналізм, школа, якая дамінуе як у колах амерыканскіх лібералаў, так і ў вонкавапалітычным істэблішменце, мае большую вагу. Яго фундаментамі з’яўляюцца: a) легалізм, гэта значыць, пабудова сеткі дамоваў і пагадненняў, пакліканых ахутаць міжнародную супольнасць покрывам норм; б) шматбаковасць, узгадненне дзеянняў з іншымі краінамі ў імя «міжнароднага права»; в) гуманітарнасць, глыбокая насцярожанасць што да «нацыянальных інтарэсаў», якія разглядаюцца як апраўданне палітыкі з пазіцыі сілы. Апошняя ўстаноўка абумовіла масавае галасаванне дэмакратаў у Кангрэсе супраць вайны ў Персідскім заліве – пазіцыю, падтрыманую дэмакратычнай адміністрацыяй (якая ініцыявала гуманітарныя вайсковыя інтэрвенцыі ў Гаіці, Босніі і Косаве). Ліберальныя інтэрнацыяналісты ўспрымаюць нацыянальны інтарэс як форму калектыўнага эгаізму і таму як нешта супярэчнае сваім сапраўдным мэтам: пабудове новай міжнароднай сістэмы, якая базавалася б на прынцыпах нацыянальнага грамадства, гэта значыць, на праве, дамовах, пагадненнях, узаемаразуменні, то бок нормах, якія ўрэшце прывялі б да знікнення сілавой палітыкі. Дзеля гэтага ліберальныя інтэрнацыяналісты гатовыя крок за крокам адмовіцца ад амерыканскага статусу ўнікальнай аднапалярнай сілы на карысць новага сусветнага парадку, у якім Амерыка была б не арбітрам міжнародных падзеяў, а добрым і спакойным грамадзянінам свету.

Трэцяя школа, рэалізм, падкрэслівае першынство сілы ў міжнародных дачыненнях. Рэалісты лічаць, што міжнародная сістэма падобная да Гобсавага прыроднага стану. Яго не варта блытаць з уладкаваннем нацыянальнага грамадства, дзе прысутнічаюць адзінства вартасцяў, манаполія на ўладу і, што самае важнае, інстытут, які дыктуе нормы, – усяго гэтага няма ў міжнароднай сістэме. Рэалісты не бачаць карысці ў ліберальным інтэрнацыяналізме, які толькі адцягвае Злучаныя Штаты ад іх праўдзівых задач. ЗША, напрыклад, змарнавалі 1990-я гады на бясконцыя перамовы з мэтай запабегчы пашырэнню зброі масавага знішчэння, што не мелі абсалютна ніякага эфекту на сапраўдных тэрарыстаў і краіны-ізгоі, якія спрабуюць завалодаць гэтым відам зброі.

Рэалізм мае тую перавагу, што найбольш ясна разумее новую аднапалярнасць і яе выгады, уключна з аднабаковым і прэвентыўным ужываннем сілы ў выпадку неабходнасці. Аднак чысты рэалізм усё-такі не ўпісваецца ў амерыканскі кантэкст, бо не прапануе ніякага іншага падыходу, акрамя сілавога. Ён ёсць сродкам, але не мэтай. Ён не спрацоўвае ў збудаванай на ліберальных прынцыпах краіне, якая ўважае сябе за ўвасабленне ідэі дэмакратыі.

Чацвёртую школу – дэмакратычны глабалізм – часта некарэктна называюць неакансерватызмам. Яе прыхільнікі разглядаюць пашырэнне дэмакратыі, «поспех свабоды», як назваў яго Джон Ф. Кенедзі ў сваёй інаўгурацыйнай прамове, і як мэту, і як сродак замежнай палітыкі. Найбольш вядомыя прадстаўнікі гэтай школы мыслення, Джордж Буш-малодшы і Тоні Блэр, імкнуцца аб’яднаць Амерыку і іншыя краіны ў барацьбе за гэтыя каштоўнасці. Адказ дэмакратычнага глабалізму на 11 верасня – пачатак вайны супраць тэрору, базавым элементам якой ёсць пашырэнне дэмакратыі на ўсім свеце.

Дэмакратычны глабалізм – гэта ўдасканалены рэалізм, паколькі ён разумее важнасць дэмакратыі як сродку дасягнення сусветнай бяспекі і стабільнасці. Рэалісты недаацэньваюць ролю нацыянальных дэмакратычных структур. Для іх сістэма дзяржаў – арэна, на якой сутыкаюцца більярдныя шары. Рэалісты мала цікавяцца ўнутранымі справамі. Дэмакратычныя глабалісты разумеюць, што, як правіла, саюзныя дэмакратычныя краіны мацуюць самыя бяспечныя альянсы і найбольш стабільныя адносіны. Таму пашырэнне дэмакратыі – зразуметай не толькі як свабодныя выбары, але і як рэальны падзел улады, абарона меншасцей, забеспячэнне чалавечых правоў, вяршэнства права і адкрытая эканоміка – мае, урэшце, не толькі маральную, але і геапалітычную каштоўнасць.

Праблема дэмакратычнага глабалізму, як я падкрэсліў у сваёй прамове, у тым, што ён занадта амбітны і ідэалістычны. Выказванне Тоні Блэра, маўляў, «пашырэнне свабоды ёсць нашай апошняй лініяй абароны і нашай першай лініяй атакі», надта размытае. «Небяспека дэмакратычнага глабалізму, – пісаў я, – у яго універсалізме, бясконцым дэклараванні чалавечай свабоды, яго спакусе ўсталяваць сцяг дэмакратыі ўсюды ў свеце». Такі крыжовы паход на ўвесь свет рызыкуе вычарпаць нашы рэсурсы, падарваць маральны дух і адцягнуць увагу ад галоўнай небяспекі. Таму я прапанаваў альтэрнатыву, «мэтаскіраваны, прадуманы і выбіральны» дэмакратычны рэалізм, які вядзе вайну за дэмакратыю не ўсюды ў свеце, дзе існуе пагроза свабодзе, а толькі там, дзе гэта апраўдана разлікам – у тых рэгіёнах, дзе абарона альбо прасоўванне свабоды мае ключавое значэнне для поспеху ў шырэйшай вайне супраць праціўніка, што пагражае нашаму існаванню. У халоднай вайне такім нашым ворагам быў савецкі камунізм, сёння яго месца заняў арабска-ісламскі радыкалізм. Таму «насамрэч такі разлік апраўданы ў ісламскім паўмесяцы ад Паўночнай Афрыкі да Афганістану».

ЖЫЦЦЁВАЯ ПАГРОЗА

Галоўны крытычны закід Фукуямы ў тым, што я няправільна разумею новы сусветны парадак, у якім нібыта не вядзецца барацьба на выжыванне. Называючы наша змаганне з арабскімі/ісламскімі радыкаламі «жыццёвым», я нібыта перабольшваю пагрозу і тым самым перакручваю сэнс усёй амерыканскай замежнай палітыкі. «Краўтхамер, – піша ён, – гаворыць аб тым, што ЗША знаходзяцца ў разгары зацятай і бязлітаснай вайны з нястомным ворагам, які пагражае знішчыць заходнюю цывілізацыю». «Гаворыць», быццам бы размова ішла аб лятучых талерках… Насамрэч жа, сцвярджае Фукуяма, «Аль-Каіда» і іншыя радыкальныя ісламскія групоўкі імкнуцца стаць жыццёвай пагрозай для амерыканскай цывілізацыі, але ў цяперашні час і блізка не маюць здольнасці ажыццявіць свае планы». Фукуяма, відавочна, лічыць, што агаворка «ў цяперашні час» засцеражэ яго ад смяротнай небяспекі. Але праблема якраз у тым, што пакуль мы гаворым, «Аль-Каіда» энергічна стараецца пазбавіцца сваіх «недахопаў», якія, паводле бесклапотных разважанняў Фукуямы, гарантуюць нам камфортнае існаванне. Калі Гітлер у 1936 годзе забраў сабе рэйнскі басейн, ён не меў «у гэты час» сродкаў, каб перамагчы Еўропу. Многія еўрапейцы наіўна верылі, што ён не ўяўляе сабой жыццёвай пагрозы. Згодна з Фукуямавай логікай, яны мелі рацыю.

Жыццёвую пагрозу вызначаюць намер, мэта і патэнцыйная здольнасць яе дасягнення. Жыццёвая барацьба ёсць змаганнем за выжыванне і самазахаванне. Пакуль савецкі камунізм не дэградаваў на познім этапе свайго існавання, ён быў настроены на знішчэнне таго, што называецца капіталізмам – гэта значыць, усяго заходняга ладу жыцця. Яго місіяй было зрабіць са светам тое, што ён зрабіў, скажам, у Літве і Чэхаславакіі – перарабіць яго на свой капыл. Барацьба за выжыванне ёсць барацьбой да канца – да знішчэння ці, яшчэ лепей, да навярнення ў сваю веру. Гэтым яна адрозніваецца ад іншых відаў барацьбы, калі канфліктныя бакі, у прынцыпе, могуць дасягнуць пагаднення (прыкладам, наконт тэрыторыі альбо рэсурсаў, падзелу сфераў улады).

Фукуяма недаацэньвае радыкальны іслам таму, што, на яго погляд, ісламізму бракуе сусветнага месіянства, якім валодалі сапраўдныя жыццёвыя ворагі (камунізм і нацызм). Аднак якраз у нацызме месіянства было абмежаваным. Тэорыя звышрасы кепска спрацоўвае сярод прадстаўнікоў іншых расаў. Хіба нацызм сапраўды меў больш прыхільнікаў і «пятых калон» на Захадзе, чым мае сёння ісламізм? Ячэйкі ісламізму пастаянна ўзнікаюць амаль у кожнай еўрапейскай сталіцы, а часам нават у ЗША. І тут гаворка ідзе менавіта аб той «пятай калоне», пра якую мы ведаем з гісторыі. Якімі няўважлівымі мы былі да прысутнасці сярод нас змоўшчыкаў 11 верасня! Толькі тое, што ісламізм на Захадзе не можа набыць форму палітычнай партыі альбо захапіць думкі славутых заходніх інтэлектуалаў (як гэта здаралася з нацызмам альбо камунізмам), не змяншае пагрозы альбо магутнасці яго прыцягальнасці. Так, радыкальны ісламізм не мае свайго Сартра альбо Эзры Паўнда. Але інтэлектуальнай фанабэрыяй было б думаць, што гэта важней, чым той факт, што ў ісламістаў ёсць Рычарды Рэйды3, якія ў наступны раз будуць узброены не выбухоўкай, схаванай у абутку, а партатыўнай атамнай бомбай альбо штамамі вугліку.

  1 Krauthammer Charles. Democratic Realism: An American Foreign Policy for a Unipolar World. – Washington, 2004.

2 Уплывовая лабісцкая група (каля 800 тыс. сяброў), заснаваная ў 1940 годзе. Мэтай камітэту было не дапусціць уступлення ЗША ў Другую сусветную вайну. Распушчаны праз 4 дні пасля атакі на Пёрл-Харбар. – Заўв. перакл.

   

Недаацэнка прыцягальнасці радыкальнага ісламу – гэта яшчэ адна фанабэрыя секулярызаванага грамадства. Радыкальны іслам не толькі найбольш бязлітасны і фанатычны ў сваім антыамерыканізме, антымадэрнізме і нянавісці да Захаду рух з вядомых нам. Ён мае выразную перавагу ў тым, што абапіраецца на старажытную рэлігію, якае мае больш за мільярд вернікаў ва ўсім свеце. Гэта не толькі забяспечвае яму сталы прыток навабранцаў, выхаваных і вышкаленых у мячэцях і медрэсэ са значна большай эфектыўнасцю, самастойнасцю і размахам, чым у лагерах гітлерюгенда ці камсамола, але і дазваляе прыстасаваць пад сябе доўгую і глыбокую традыцыю паслушэнства, месіянскіх спадзяванняў і культу мучанікаў. Гітлеру і Сталіну давялося вынаходзіць усё гэта з нуля; версія, прапанаваная Мусаліні, была адно пародыяй. Над ісламскім радыкалізмам лунае сцяг, які мае значна большую гістарычную традыцыю і знаходзіць значна больш водгуку ў сэрцах, чым сурагатныя рэлігіі свастыкі ці сярпа і молата, што выявіліся гістарычна беднымі і малажыццёвымі.

Фукуяма не проста недаацэньвае магутнасці рэлігіі – ён недаацэньвае і магутнасці тэхналогіі. Ён зацыклены на сваім дапушчэнні, што толькі звышдзяржавы могуць пагражаць іншым звышдзяржавам. Паколькі сёння вораг не падобны да Германіі ці Японіі, пагроза набывае «меншы маштаб». Як на рэаліста, аўтар такіх разважанняў проста сляпы да рэвалюцыі, здзейсненай тэхналогіяй. Адкрыццё сілы атама ёсць патэнцыйна найбольш разбуральным вынаходніцтвам у чалавечай гісторыі з моманту здабыцця агню. Сапраўды, упершыню атамная бомба выбухла паўстагоддзя таму, але веды, як зрабіць такую бомбу, сталі даступнымі толькі цяпер. Хімічная і біялагічная зброя маюць блізка стогадовую гісторыю, але пашырэнне ведаў аб тым, як іх атрымаць, таксама новы феномен. Радыкальны іслам не хавае свайго выразнага намеру – паралізаваць амерыканскую дзяржаву, нанесці шкоду яе эканоміцы і пасеяць усеагульны хаос. Мы пабачылі, што здолелі зрабіць нейкія 19 ісламістаў, якія нават не валодалі зброяй масавага знішчэння. Мы пабачылі таксама, якую шкоду прычынілі сталіцы сусветнай звышдзяржавы ўсяго два канверты з бацыламі вугліку. Уявіце, што нарабіў бы дзесятак бяскрыўдных фураў у дзесятку амерыканскіх гарадоў, калі б з фураў распыляліся бацылы вугліку. Уявіце жменьку атамных зарадаў, адначасова ўзарваных у Нью-Ёрку, Вашынгтоне, Чыкага і ў некалькіх іншых гарадах… Амерыка працягвала б існаваць на мапе. Але што за краіна і што за дзяржава засталіся б ад яе? Калі і гэта не лічыць жыццёвай пагрозай, што ж тады ёю лічыць?

Вядома ж, Фукуяма ўпарціцца ў адмаўленні гэтай яўнай пагрозы, бо ён праславіўся, абвясціўшы «канец гісторыі». «Канец гісторыі» азначаў – калі нешта азначаў увогуле – якраз канец усялякіх ідэалагічных жыццёвых пагроз. Можна зразумець, чаму яму не хочацца прызнаваць, што гісторыя вярнулася назад, што 1990-я гады былі не канцом гісторыі, а перыядам адпачынку ад гісторыі і што цяпер мы зноў, на жаль, у небяспецы. Але ён ідзе далей. Ён настолькі пераканаў самога сябе ў адмаўленні гэтай новай рэальнасці, што прапануе нават нейкае псіхалагічнае тлумачэнне, чаму я і іншыя неакансерватары так непахісна ўпэўненыя ў тым, што Амерыка вядзе барацьбу на выжыванне. Ягоны адказ: неакансерватары, мабыць, настолькі моцна атаясамліваюць сябе з Ізраілем, што пераблыталі амерыканскія праблемы з ізраільскімі. Неакансерватары лічаць, што ЗША плывуць у адным чаўне з Ізраілем. Фукуяма ж падкрэслівае, што гэта не так.

Гэта выглядае дзіўна. Безумоўна, ЗША не маюць тых самых праблем, што і Ізраіль. Але што з гэтага? Неабавязкова быць Ізраілем, каб адчуваць пагрозу свайму існаванню. Калі становішча Ізраіля ўяўляе сабой узор жыццёвай пагрозы, то Захад ніколі не зазнаў падобнага на працягу шасці дзесяцігоддзяў змагання супраць фашызму і камунізму – але ж сам Фукуяма кажа, што гэта было змаганнем на выжыванне. Ізраіль, бы Карфаген, знаходзіцца пад пагрозай поўнага знішчэння. Францыя была заваявана нацысцкай Германіяй, але засталася Францыяй. Польшча і Венгрыя былі заваяваны Савецкім Саюзам, і зноў сталі незалежнымі Польшчай і Венгрыяй. Калі б Ізраіль быў пераможаны ў адной з войнаў з суседзямі, cёння і ніколі болей яго ўжо не было б. Простае несупадзенне з ізраільскім «узорам» не гаворыць нічога пра тое, знаходзіцца ці не знаходзіцца краіна ў стане вайны на выжыванне.

Цікава, што ў сваёй псіхалагічнай спекуляцыі Фукуяма дазваляе сабе своеасаблівую «юдаізацыю» неакансерватызму. Яна не такая грубая, як у Пэта Б’юкенена* ці малайзійца Махатхіра Махамада, якія, сярод іншых, сцвярджаюць, што амерыканскія неакансерватары (чытай: жыды) проста скачуць пад ізраільскую дудку ды ставяць амерыканскую замежную палітыку на службу інтарэсам Ізраіля і сусветнай яўрэйскай змовы. У параўнанні з гэтымі канспіролагамі Фукуяма больш асцярожны. Ягоная аўдыторыя мусіць зразумець, што прыхільнікі лжэідэі аб лёсавызначальнасці Вайны з Тэрорам, а менавіта неакансерватары, настолькі глыбока і падсвядома атаясамліваюць сябе з яўрэйскай дзяржавай, што не могуць бачыць свет неізраільскімі вачыма.

  3 Няўдалы тэрарыст брытанскага паходжання, асуджаны ў ЗША ў 2002 годзе за спробу ўзарваць міжнародны авіялайнер. – Заўв. перакл.

   

Гіпотэза Фукуямы робіцца смешнай ад таго, што вядучыя прыхільнікі паняцця жыццёвай пагрозы тут – Джордж Буш і Тоні Блэр. Як яны маглі пачаць атаясамліваць сябе з Ізраілем? Амерыканскае вайсковае ведамства [на момант напісання артыкулу] складалася з Дзіка Чэйні, Коліна Паўэла, Дона Рамсфельда і Кандалізы Райс. Так, яны ахвотна гавораць пра жыццёвую пагрозу Злучаным Штатам, дык хіба яны мараны** ці пад гіпнозам «неакансерватараў» перайшлі ў юдаізм?

«НЕАКАНСЕРВАТЫЗМ»

Фукуяма назваў свой крытычны артыкул «Момант неакансерватызму», абыграўшы загаловак першай маёй работы на тэму замежнапалітычнага мыслення, апублікаванай 14 гадоў таму («Момант аднапалярнасці»)4. Ён намагаецца абвергнуць усю неакансерватыўную дактрыну. Метад Фукуямы палягае ў тым, каб прапанаваць «уважлівы аналіз таго, што напісаў Краўтхамер, у прыватнасці, ягонай прамовы ў Амерыканскім інстытуце прадпрымальніцтва», паколькі «ягоны тып мыслення стаў характэрным для ўсёй школы» (маецца на ўвазе неакансерватызм).

Фукуяма аказаўся не ў стане зразумець, што ў неакансерватызме існуюць дзве галоўныя плыні замежнапалітычнага мыслення. Ёсць дэмакратычны глабалізм, які на працягу доўгага часу распрацоўваўся такімі мысліцелямі, як Роберт Каган і Біл Крыстал. Яго прадстаўляюць Блэр і Буш. А ёсць дэмакратычны рэалізм, у абарону якога здаўна выступаю я і іншыя даследчыкі. Абедзве плыні «дэмакратычныя», бо іх абаронцы разглядаюць дэмакратыю як мэту і сродак амерыканскай замежнай палітыкі. Але адна з іх ёсць «рэалізмам», таму што адкідае ўніверсалісцкую ўстаноўку, высокі ідэалізм дэмакратычнага «глабалізму», і заўсёды патрабуе, каб умовай інтэрвенцыі была геапалітычная патрэба. Наўрад ці гэта чыста тэарэтычны дыспут: ён мае вельмі практычныя наступствы. Розніца асабліва выразна выявілася ўсяго пяць гадоў таму, калі паміж кансерватарамі адбыўся фундаментальны раскол у пытанні аб інтэрвенцыі на Балканах. У той час Каган і Крыстал, як і многія іншыя, рашуча дамагаліся амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Косаве. Я не выступаў за інтэрвенцыю і патлумачыў сваю пазіцыю: для амерыканскага ўмяшальніцтва гуманітарныя меркаванні ёсць неабходнай, але недастатковай перадумовай. Умяшальніцтва мусіць быць абгрунтавана стратэгічна. Пры адсутнасці стратэгічнага імператыву лепей трымаць порах сухім якраз таму, што ён можа спатрэбіцца для адказу на нейкую стратэгічную пагрозу ў будучыні. Такой пагрозай выявілася 11 верасня.

У час падзей у Косаве многія рэалісты занялі пазіцыю, аналагічную маёй, тады як шматлікія дэмакратычныя глабалісты (якіх недакладна называлі проста «неакансерватарамі») сувора крытыкавалі мае засцярогі як здраду дэмакратычным прынцыпам. У сваім эсэ Фукуяма не толькі не праводзіць адрознення паміж названымі дзвюма плынямі, а і настойліва характарызуе мяне як прыхільніка дэмакратычнага глабалізму – той самай школы, з якой я адкрыта палемізую. Гэтак, ён піша: «Ягоная [Краўтхамерава] уласная пазіцыя, якую ён вызначае як «дэмакратычны глабалізм…». Вельмі дзіўна, калі падаецца доўгая крытыка прамовы і манаграфіі, названай «Дэмакратычны рэалізм», а потым гэтая крытыка рэзюмуецца наступным чынам: «Дэмакратычны глабалізм Краўтхамера не можа быць галоўным прынцыпам замежнай палітыкі, ён спараджае больш пытанняў, чым адказаў». Магчыма, Фукуяма верыць, што ён адзін мае права на ўжыванне слова «рэалізм». Магчыма, ён лічыць, што, аблудна атаясаміўшы мяне з глабалістамі, ён можа надалей закідаць мне кожны пралік у замежнай палітыцы Блэра і Буша. Але ж менавіта тое, што універсалісцкая і навязлівая рыторыка Блэра і Буша аб сусветным пашырэнні дэмакратыі была занадта агульнай і амбітнай, падштурхнула мяне да напісання прамовы. Альтэрнатыва, якую я прапанаваў, палягала ў абмежаванні ідэалістычнага універсалізму рэалістычнай ацэнкай стратэгічнай патрэбы. Вось цэнтральная аксіёма дэмакратычнага рэалізму:

Мы будзем падтрымліваць дэмакратыю паўсюль, але заплацім за яе крывёй і грашыма толькі там, дзе на гэта ёсць стратэгічная патрэба, а менавіта ў месцах, дзе вядзецца маштабная вайна супраць ворага, які пагражае нашаму існаванню і нясе смяротную пагрозу свабодзе на ўсім свеце.

Фукуяма ахарактарызаваў гэтую цэнтральную аксіёму як «малапрыдатную для вызначэння патрэбы ўмяшальніцтва ЗША» на той падстве, што «яна ўтрымлівае некалькі двухсэнсоўнасцяў». Ён ставіць пытанні:

– Ці слова «сусветная» азначае тут пагрозу, якая выходзіць за межы асобных рэгіёнаў, падобна да радыкальнага ісламізму альбо камунізму?

Так.

– Калі лічыцца толькі з ворагам сусветнага маштабу, Паўночная Карэя павінна быць выключана з ліку «стратэгічных» ворагаў?

Так. Паўночная Карэя ўяўляе сабой праблемную краіну другога плану. Ісламізм – не толькі наша праблема, гэтаксама як савецкі камунізм у другой палове XX стагоддзя быў праблемай усяго свету. Паўночная Карэя не мае выразнай місіі пашырэння камунізму чучхе на ўсім зямным шары ці плану знішчыць ЗША. Задача яе рэжыму – у самазахаванні, хоць ён пэўным чынам і пагражае паўднёвай суседцы. Таму Паўночная Карэя стварае пагрозу, вельмі адрозную ад той жыццёвай, якую мы сустракаем у арабска-ісламскім асяроддзі, і як непрыяцель адыходзіць на другі план. Яе трэба стрымліваць, але імператыву акупацыі, скідання паўночнакарэйскага рэжыму на сёння няма і не будзе датуль, пакуль не выявіцца, што Паўночная Карэя прадае зброю масавага знішчэння нашым сапраўдным жыццёвым ворагам. У такім разе мы будзем разглядаць яе як хаўрусніка нашага ворага ў сусветнай вайне на выжыванне.

– Ці слова «сусветная» абазначае любую смяротную пагрозу свабодзе ў любым месцы зямнога шару?

Любая сур’ёзная пагроза той супольнасці дзяржаў, якую прынята называць «вольным светам», ёсць «сусветнай». У 1930–1940-х такая пагроза зыходзіла ад фашызму, у другой палове XX стагоддзя – ад камунізму. Цяпер – ад арабска-ісламскага радыкалізму.

– Калі «вораг» нясе смяротную пагрозу не нам, а іншай свабоднай краіне, ці азначае гэта, што яго трэба залічваць у нашы ворагі?

Не.

– Ці ёсць «Хамас», ісламісцкая групоўка, што яўна нясе пагрозу існаванню Ізраіля, таксама і нашым ворагам?

Паколькі сёння «Хамас» вызначаецца як вораг Ізраіля – не. Калі ён далучыцца да вайны супраць Злучаных Штатаў, адказ будзе «так».

– А Сірыя?

З прычыны ейнай варожасці да Ізраіля – не. Аднак паколькі яна падтрымлівае іракскіх баевікоў, то можа ў далейшым разглядацца як частка варожага лагера.

– А калі яны нашы ворагі, чаму мы павінны змагацца менавіта з імі, а не з групоўкамі, якія да нас бліжэйшыя геаграфічна, як ФНВ, што пагражае дэмакратыі ў Калумбіі, ці баліварысты Уга Чавэса ў Венесуэле?

Мы не павінны. Гл. вышэй.

– Што вызначае «цэнтральны кірунак» у гэтай сусветнай вайне?

Крытэрам ёсць адказ на пытанне, ці стане змена ў палітычным курсе нейкай дзяржавы важным, а магчыма, вырашальным унёскам у перамогу над арабска-ісламскім радыкалізмам. Афганістан праходзіць гэты тэст. Тое самае можна сказаць пра Ірак.

ЛЕГІТЫМНАСЦЬ

Ва ўсім гэтым няма нічога складанага. На чым жа тады трымаецца Фукуямава варожасць да дэмакратычнага рэалізму? Падобна, што ён прымае дэмакратычны рэалізм у тэорыі, але асуджае яго на практыцы таму… так, таму, што ёсць Ірак. Ён з энтузіязмам далучыўся да легіёну тых, хто скарыстоўвае нашы цяжкасці ў Іраку, каб паставіць пад сумнеў правядзенне намі там любой дальнабачнай палітыкі, у прыватнасці, самастойнай праграмы пабудовы нацыі. Фукуяма кажа, што ў Іраку пануе бязладдзе, і іракскі досвед даводзіць: а) важнасць «захавання міжнароднага права»; б) бесперспектыўнасць амерыканскага курсу на пабудову нацыі сярод арабаў.

Што да права, Фукуяма падтрымлівае мой пункт гледжання, што міжнародная падтрымка не дае поўнага апраўдання любой акцыі, бо іншыя дзяржавы дзейнічаюць у імя сваіх інтарэсаў, а не ў імя святой мудрасці. Ён дапускае, што і ААН мае «істотныя праблемы са сваёй легітымнасцю», згаджаецца з тым, што нашы еўрапейскія саюзнікі не вераць у неабходнасць легітымацыі сваіх дзеянняў у Радзе Бяспекі, як гэта было прадэманстравана ў Косаве. Тым не менш, ён папракае мяне ў тым, што я замала ўвагі надаю практычнай карысці ад міжнароднай падтрымкі і ўхвалення.

Ніхто не адмаўляе карысці ад міжнароднай падтрымкі. Вядома, ёсць практычныя перавагі ў тым, каб мець рэзалюцыю Рады Бяспекі, падтрымку NАТО альбо якое б там ні было палітычнае ўхваленне, якое магло б падштурхнуць, скажам, Індыю альбо Турцыю аказаць нам спрыянне. Можна шукаць якога заўгодна ўхвалення, падтрымкі, прыкрыцця, можна нават ісці на саступкі дзеля такога ўхвалення – ніхто не спрачаецца. Адзінае сур’ёзнае пытанне ў тым, наколькі далёка можна зайсці ў пошуках легітымацыі. Ці ёсць «легітымнасць» фактарам, які абмяжоўвае дзеянні? Калі вы яе не маеце, ці мусіце вы адмовіцца ад сваёй палітыкі? Ці мусілі мы адмовіцца ад палітыкі змены рэжыму ў Іраку – а выкарыстанне войскаў было для гэтага адзіным сродкам – з той прычыны, што не мелі дастатковага прыкрыцця?

Фукуяма, здаецца, кажа «так», трэ было адмовіцца, і, падобна Керы, чытае расплывістыя натацыі аб тым, што насамрэч мы мелі зрабіць. Паводле Фукуямы, варта было адкласці акупацыю Ірака, улічваючы супраціў нашых саюзнікаў і адсутнасць міжнароднага кансенсусу, і што асэнсаванне наступстваў вайны толькі пацвярджае правільнасць гэтай абачлівай пазіцыі.

Але гэта прадугледжвае два дапушчэнні.

Па-першае, недахоп легітымнасці – прычына нашых паваенных праблем. Ключавой з іх з’яўляецца паўстанне сунітаў і бунт Муктады Садра. Але ж наўрад ці гэтыя групы альбо баевікі-чужаземцы, што паспяшаліся ім на дапамогу, натхняліся рэзалюцыямі ААН. Насамрэч Рада Бяспекі пасля вайны аднагалосна прыняла рэзалюцыю, якая легітымізуе амерыканскую акупацыю. ААН нават атабарылася ў Багдадзе адразу пасля вайны. На паўстанцаў гэта не зрабіла вялікага ўражання: яны разнеслі прадстаўніцтва Аб’яднаных Нацый у друзачкі. Магчыма, нам і не ўдасца перамагчы названыя агмяні супраціву, але я моцна сумняюся, што прычынай няўдачы будзе «недахоп легітымнасці».

Па-другое, выходзіць, што выбар у сакавіку 2003 года быў паміж акупацыяй і паваеннымі цяжкасцямі з аднаго боку, і даакупацыйнай стабільнасцю з другога. У нас нібыта не было сур’ёзных прычын, каб уступаць у вайну. Вядома, адсутнасць француска-германскай падтрымкі зменшыла поле для манеўру. Несумненна, адсутнасць міжнароднага кансенсусу ёсць сур’ёзнай нагодай, каб не здзяйсняць акупацыі. Але Фукуяма лічыць, што паважныя падставы былі толькі для таго, каб нічога не рабіць у Іраку і пагатоў такім коштам, што перад вайной іракская праблема знаходзілася ў свайго роду стане ўстойлівай раўнавагі. Але было інакш. Напружанасць пасля вайны ў Заліве вяла да нестабільнасці, стварала агромністыя цяжкасці для ўсіх удзельнікаў канфлікту, асабліва для Злучаных Штатаў. Па-першае, іракскі народ пакутаваў ад жорсткага і карумпаванага рэжыму санкцый, а адказнасць за мукі і голад на Блізкім Усходзе і шмат у якіх еўрапейскіх краінах ускладалася проста на ЗША. Па-другое, напружанасць у адносінах з Іракам прымушала трымаць шматлікі амерыканскі кантынгент у Саудаўскай Аравіі, краіне ісламскіх святыняў, а для многіх мусульман гэтая прысутнасць была правакацыйнай і глыбока абразлівай. Так, у сваёй фетве 1998 году супраць Злучаных Штатаў, Бен Ладэн назваў гэтыя два факты злачынствамі, якія апраўдваюць вядзенне джыхаду супраць Амерыкі.

Больш за тое, рэжым санкцый паступова дэградаваў. Дэградацыя была часова прыпынена ўвядзеннем вялікай колькасці амерыканскіх войскаў у Кувейт напярэдадні вайны, што змусіла Раду Бяспекі пацвердзіць неабходнасць санкцый – але толькі як сродку, каб прадухіліць амерыканскую акупацыю. Самога па сабе разгортвання вайсковых сілаў было мала. Пасля іх вывядзення рэжым санкцый працягваў бы дэградаваць, што прывяло б да ўзмацнення і дадатковай легітымацыі рэжыму Садама (а потым, што было б нават горш, і ягоных сыноў). Такое ўзмацненне суправаджалася б ісламізацыяй баасісцкай ідэалогіі, пераўзбраеннем і аднаўленнем праграм стварэння зброі масавага знішчэння, пашырэннем кантактаў з тэрарыстычнымі групамі. Акурат гэта меў на ўвазе выбітны рэаліст Генры Кісінджэр, калі, добра ведаючы ўсе нашыя паваенныя турботы, ён нядаўна напісаў пра «гульню на апярэджанне»:

Ці мусілі Злучаныя Штаты чакаць, пакуль краіна, якая мае найбольшую армію ў рэгіёне, другія велічынёй запасы нафты, рэкордную колькасць выпадкаў ужывання сілы супраць уласнага насельніцтва і суседзяў і – згодна з паведамленнем камісіі па расследаванні падзей 11 верасня – кантакт на ўзроўні выведкі з «Аль-Каідай», рэальна забяспечыла б сябе зброяй масавага паражэння?5

  * Патрык Б’юкенен (нар. у 1938) – амерыканскі палітычны каментатар, дарадца прэзідэнтаў Рычарда Ніксана, Джэральда Форда і Рональда Рэйгана. – Рэд.

** Тэрмін мараны (гішп. marranos – свінні) у сярэднявечнай Іспаніі і Партугаліі стасаваўся да нашчадкаў хрышчаных юдэяў, якіх падазравалі ў таемнай прыхільнасці да юдаізму. Са значэннем «таемны сімпатык юдаізму» дажыў да сённяшняга часу.

4 Krauthammer Charles. The Unipolar Moment // Foreign Affairs. Winter 1990/91.

   

Няма сумневу, адсутнасць міжнароднай падтрымкі – істотны фактар пры прыняцці кожнага важнага рашэння. Але не гэтая адсутнасць выклікае нашы сённяшнія турботы ў Іраку, а напярэдадні вайны яна яўна пераважвалася аргументамі на карысць скідання Садама. І ўрэшце, пры прыняцці любога рашэння пытанне легітымнасці ніколі не бывае вызначальным. У 1980-я гады нашы еўрапейскія саюзнікі былі амаль спрэс супраць амерыканскай падтрымкі нікарагуанскіх «контрас». Амаль усё чалавецтва верыла, што амерыканскі імперыялізм спрабуе рэстаўраваць рэжым Самосы, палітыка ЗША мела нулявую «міжнародную легітымацыю». Калі Фукуямава вера ў яе мела б рэальную глебу, тады ЗША павінны былі б кінуць падтрымліваць «контрас». Між тым, гэтая палітыка была на той час правільнай, і гісторыя рашуча яе апраўдала.

ПАБУДОВА НАЦЫІ

Апошняе з пытанняў Фукуямы пра маю «цэнтральную аксіёму» гучала так: ці быў Ірак ключавым звяном у вайне супраць радыкальнага ісламізму? Я лічу, што быў і ёсць. Перад вайной мне давялося адстойваць сваю думку: мяркую, што яе правільнасць пацвердзілася. 11 верасня прывяло да неаспрэчнай высновы, што палітыка Амерыкі ў арабскім свеце, якая вялася на працягу паловы стагоддзя, правалілася. Яшчэ з таго часу, калі Рузвельт уклаў альянс з каралём Ібн Саудам, Злучаныя Штаты выбралі курс на кансервацыю палітычнага і сацыяльнага ўладкавання арабскага свету, пакуль той застаецца дружалюбным экспарцёрам нафты. Пагадненне расцягнулася на вельмі доўгі час. Калі не здарылася б 11 верасня, яно доўжылася б па сёння. Палітыка заплюшчвання вачэй на арабскі свет адкрыта ніколі не абвяшчалася, але паўсюдна мелася на ўвазе: Амерыка імкнулася да дэмакратызацыі ў Еўропе, Усходняй Азіі, Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы – паўсюль, за выключэннем арабскага свету. Паўсюль дэмакратызацыя аказалася даволі паспяховай і сталася ключом да стабільнасці і спакою. Арабскі вынятак каштаваў дорага. 11 верасня, пасеяўшы вецер, мы пажалі буру і ўрэшце ўцямілі, што такая палітыка нежыццяздольная. Вядома, можна было працягваць змаганне з арабска-ісламскім радыкалізмам, ловячы лідэра тэрарыстаў тут, ліквідуючы ячэйку там. Іншым шляхам была б спроба развязаць праблему радыкальна, ажыццявіўшы рызыкоўную, але неўнікнёную аперацыю пераўладкавання арабскага свету. Поспех у Іраку стаў бы надзвычайнай перамогай у вайне з радыкальным ісламам, параза ў Іраку стала б надзвычайнай няўдачай. Я заўжды цвяроза ацэньваў маштаб задачы. І напярэдадні, і ў час, і пасля вайны я пісаў, што задача была велізарнай маштабам, рызыка значнай і параза магчымай – але сама аперацыя была неабходнай.

Фукуяма нідзе не закранае пытання неабходнасці. Замест гэтага ён спасылаецца на нашы цяжкасці і няўдачы, каб дыскрэдытаваць саму ідэю пабудовы нацыі на Блізкім Усходзе – не з-за мясцовых варункаў, а з-за таго, што амерыканцы не ўмеюць будаваць нацыі. Іракская авантура з’яўляецца прыкрай памылкай, якая немінуча прывядзе да паразы:

Мы выявілі сваю адвечную абмежаванасць і неарганізаванасць у планаванні і вядзенні адбудовы краіны, што можна было прадказаць загадзя.

Забаўна, але сам Фукуяма нічога загадзя не прадказваў. Ён чакаў год, каб даведацца, куды падзьме вецер, а затым… прадказаў тое, што ўжо адбылося. Напярэдадні вайны, піша Фукуяма ў «Нью-Ёрк Таймс», ён меў сумневы, якія трымаў пры сабе. Ён не лічыў, што вайна – мудрае рашэнне, але, «зыходзячы з таго, што я ведаў, яна магла завяршыцца паспяхова». Такім чынам, паразу немагчыма было «прадказаць загадзя».

Як Фукуяма можа нешта прадказваць цяпер? Ён піша так, нібыта гісторыя будучыні ўжо адбылася, а гэта не так. Ірак вызвалены ад Садама, і яго будучыня вырашаецца на нашых вачах. Мы знаходзімся на сярэдзіне шляху – што ў Вайне з Тэрорам, што ў адбудове Ірака. Фукуямава безапеляцыйная выснова, што Ірак намі страчаны, з’яўляецца, мякка кажучы, заўчаснай. Яна нагадвае славутае эсэ 1946 году Джона Дос Пасаса «Амерыканцы страчваюць перамогу ў Еўропе»6. Мы яшчэ можам і прайграць. Але вывад Фукуямы аб тым, што амерыканцы папросту не ўмеюць будаваць нацыі, ёсць недарэчным абагульненнем. Нам удалася манументальная задача адбудовы Германіі, Японіі і Паўднёвай Карэі. Мы прайгралі ў Гаіці і Самалі. У чым была прынцыповая розніца? У добрым веданні мясцовай культуры? У дэмакратычных традыцыях? Мы не вельмі добра ведалі карэйскую культуру, і Карэя не мела сталай дэмакратычнай традыцыі. Тым не менш, Карэя – яскравы поспех.

  5 Kissinger Henry. Better Intelligence Reform // Washington Post. 2004. August 16.

   

Дык у чым рэч? У стратэгічнай каштоўнасці. Калі стаўкі высокія, і ўспрымаюцца як такія ў самой Амерыцы, мы пачынаем гонку і выдаткоўваем неабходныя намаганні і час, каб дабіцца поспеху. Калі стратэгічныя стаўкі былі мінімальнымі, як у Гаіці ці Самалі, мы цярпелі няўдачу, таму што мы правільна разумелі: пабудова нацыі ёсць велізарнай задачай, а гэтыя мясціны не заслугоўваюць нашых звышвысілкаў. Адзіным важным фактарам для паспяховай пабудовы нацыі ёсць сур’ёзнасць намераў.

Сцвярджаць, што краіна, якая падняла Германію, Японію і Паўднёвую Карэю з руінаў, здзейсніўшы, магчыма, тры найвялікшыя ў гісторыі дасягненні ў пабудове нацый, у прынцыпе не здольная зрабіць тое самае ў Іраку, будзе дзяцінствам. А калі гэта так, ці не варта нам знізіць свае выдаткі ў Афганістане, краіне значна больш расколатай паводле племяннога прынцыпу, больш прымітыўнай і менш развітай, чым Ірак?

Найбольш кідаецца ў вочы ў песімізме Фукуямы адносна пашырэння дэмакратыі ў вельмі шчыльна населенай зоне, у цэнтры адной з самых старажытных цывілізацый тое, што не так даўно сам Фукуяма дэклараваў, што ўсё чалавецтва ўжо гатова зрабіць рашучы паварот да дэмакратыі і яе трыумф непазбежны. Як ён прызнаецца цяпер, «маё імя, больш чым многія іншыя, асацыюецца з ідэяй, што стрэлка гістарычнага компасу паказвае на дэмакратыю». Падобна, для ўсіх, акрамя арабаў. Калі пашукаць у эсэ Фукуямы хоць якую ідэю аб «стрэлцы гістарычнага компасу», якая была б прыдатнай для гэтага рэгіёну, што мы знойдзем? Адзіную мімалётную спасылку на «Вялікую блізкаўсходнюю ініцыятыву» («Greater Middle East Initiative»), вымучаную бушаўскім дзярждэпартаментам – праграму дапамогі і абмену, скіраваную на развіццё дэмакратыі, і цяпер, як усе разумеюць, ужо безнадзейна састарэлую.

Так справа далей не пойдзе. Да 11 верасня мы маглі пасіўна чакаць, пакуль колькі пакаленняў арабаў зробяць тое, што было здзейснена з дапамогай амерыканскай інтэрвенцыі (часта вайсковай) у Еўропе, Усходняй Азіі і абедзвюх Амерыках: дэмакратызацыя, мадэрнізацыя і стабільнасць. Пасля 11 верасня мы не можам дазволіць сабе гэткай раскошы.

Адмаўленне ад пабудовы нацыі ці то з нагоды некампетэнтнасці Амерыкі, ці то з прычыны арабскага супраціву зводзіць Вайну з Тэрорам да гонкі палісменаў за злодзеямі, да змагання дзе-нідзе з баевікамі «Аль-Каіды»: арыштаў адных, ліквідацыі іншых у якой-небудзь пячоры. Але ўсё гэта не закранае кораня праблемы – палітычнага ўціску, рэлігійнай нецярпімасці і сацыяльнай напружанасці ў арабска-ісламскім свеце. Нелегітымнымі і карумпаванымі рэжымамі гэты ўціск трансфармуецца ў ваяўнічы, крывавы антыамерыканізм, які выбухнуў 11 верасня. Вас не будуць успрымаць сур’ёзна ў замежнай палітыцы пасля 11 верасня, пакуль вы адмаўляеце гэтую рэчаіснасць.

ШТО РАБІЦЬ?

Як Фукуяма ўспрымае гэтую рэчаіснасць? Якую альтэрнатыву дэмакратычнаму рэалізму ён прапануе? Найбольш дзіўная частка ягонага эсэ – заключэнне. Калі ён нарэшце падыходзіць да прапанавання альтэрнатывы, то складзеная з трох пунктаў «зверка гадзіннікаў», як ён яе называе, настолькі бездапаможная, што ён сам прызнае яе «адпаведнасць прапанаванаму Краўтхамерам дэмакратычнаму глабалізму» – гэта значыць, ён падтрымлівае тую самую замежную палітыку, да якой нібыта меў такія грунтоўныя прэтэнзіі.

У чым жа палягае «зверка гадзіннікаў», выкладзеная Фукуямам у трох пунктах?

1. «Па-першае, трэба рабіць тую простую дыпламатычную работу – перамовы, пабудова кааліцый – пра якую бушаўская адміністрацыя, здаецца, забылася перад іракскай вайной». Цяпер, безумоўна, кожны можа ўхваляць альбо крытыкаваць дыпламатычныя здольнасці адміністрацыі Буша цягам шасці месяцаў перад вайной. Але абсурдна казаць, што адміністрацыя не спрабавала дабіцца падтрымкі ў Радзе Бяспекі і па-за ёй. Яна працавала добрасумленна, хоць і мала чаго дасягнула. Але што на думку Фукуямы трэба было зрабіць, каб заручыцца падтрымкай Францыі альбо Расіі? Адказу няма. Далей Фукуяма рэкамендуе, каб ЗША не «грэбавалі без дай прычыны грамадскай думкай усяго чалавецтва». Што для гэтага трэба? Калі гэтая рэкамендацыя не тычыць усяго толькі добрых манер, яна выступае за права іншых нацый накладаць вета на дзеянні, якія ЗША лічаць ключавымі для сваіх нацыянальных інтарэсаў і агульнай бяспекі. Аднак Фукуяма сам катэгарычна адкідвае такую інтэрпрэтацыю: паводле яго словаў, «скрайне аблудна» сцвярджаць, што «Злучаныя Штаты павінны сядзець як мыш пад венікам і адмаўляцца весці рэй у заходнім свеце ў выпадках, калі нашы саюзнікі выказваюць з намі нязгоду».

2. Злучаныя Штаты мусяць стварыць новы адміністрацыйны апарат для пабудовы нацый. Тут няма пярэчанняў. Мы маглі б скарыстаць Каланіяльнае ўпраўленне (Colonial Office) у Дзярждэпартаменце.

3. Трэба разважаць, ці не стварыць нам тое, што Фукуяма называе «сусветным альянсам дэмакратычных краін, кіраваным якой-небудзь новай дэмакратыяй ва Усходняй Еўропе і ў Лацінскай Амерыцы», які «мог бы выконваць функцыю легітымацыі ў свеце, якой NАТО выконваць не можа». Яшчэ адна цудоўная ідэя – я прапаноўваў яе год таму7.

  6 Знаёмая песня: «Мы страцілі мір», кажуць людзі. Мы не здольныя яго ўтрымаць. Ніколі прэстыж Амерыкі ў Еўропе не падаў так нізка. Мы разабраліся з Гітлерам, але пераважная большасць еўрапейцаў адчуваюць, што лекі былі горшыя за хваробу».

   

Такім чынам, дыпламатыя добрых манер, каланіяльнае ўпраўленне і, магчыма, новы альянс дэмакратычных краін – вось і ўся альтэрнатыва Фукуямы дэмакратычнаму рэалізму. Апрача таго, ён дадае: «Я лічу, што ва Усходняй Азіі недастаткова развіты дзяржаўныя інстытуты, Злучаным Штатам ёсць над чым творча паразважаць у гэтым рэгіёне». «Аль-Каіда» знішчае Сусветны гандлёвы цэнтр, вайна з ісламскімі баевікамі ідзе ва ўсім свеце, у Іраку вырашаецца будучыня краіны, а Фукуяма заклікае да творчых думак пра новыя ўсходнеазіяцкія інстытуты ўлады.

Фукуяма пачынае сваё эсэ з абяцанкі «выпрацаваць замежную палітыку, вельмі адрозную ад той, якую прапануе ён [Краўтхамер]». Завяршае ж ён драбязой: парай новых інстытутаў і заклікам да «большай дыпламатычнасці». Напрыканцы яго эсэ рассыпаецца, нібы мазаіка. Пра што ж тады палеміка? Ён сам абвяшчае сябе прыхільнікам «дэмакратычнага глабалізму», той самай школы мыслення, якой адрасуе выразныя прэтэнзіі. «Ён захоўвае, – як ён сам выказаўся ў інтэрв’ю «Нью-Ёрк Таймс», – свае неакансерватыўныя прынцыпы – веру ва універсальнае памкненне да дэмакратыі і ўжыванне амерыканскай магутнасці для пашырэння дэмакратыі ва ўсім свеце». Што ж тады застаецца ад яго абяцання «вельмі адрознай» замежнай палітыкі?

Прычына, з якой Фукуяма не прапануе нічога, палягае ў тым, што, як ён прызнае, альтэрнатывы папросту няма. Ізаляцыянізм састарэў, ліберальны інтэрнацыяналізм занадта наіўны, каб быць эфектыўным, рэалізм аказваецца няздольным усвядоміць сілу і перспектыўнасць дэмакратычнай трансфармацыі. Дэмакратычны рэалізм прапануе ясную канцэпцыю як адказаць на выклік, кінуты неспадзяваным вяртаннем гісторыі ў верасні 2001 года. Прыхільнасць Фукуямы да дэмакратычнага рэалізму трэба вітаць, а ягоную «зверку гадзінніка» высока ацаніць.

Пераклаў з амерыканскай В. Р.

  7 Гл.: Washington Post. 2003. February 28: «Нам трэба пачынаць закладку новага альянсу для замены састарэлых ужо альянсаў часоў халоднай вайны. Ён павінен уключаць Злучаныя Штаты, Брытанію, Аўстралію, Турцыю, такія краіны Старой Еўропы, схільныя да падтрымкі Амерыкі, як Іспанія і Італія, і Новую Еўропу, дзе былыя камуністычныя дзяржавы арыентуюцца на Амерыку. Дадамо, магчыма, Індыю і Японію – і мы атрымаем стваральнікаў новай структуры паслявераснёўскай эпохі».

   
   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25