A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (35) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
ДЗЬМІТРЫ ПАДБЯРЭСКІ | ||||
Кніга жыцьця і сьмерці Рэцэнзаваць, разьбіраць па старонках падобныя кнігі – задача вельмі няпростая і адказная. Можна нават сказаць, гэта ніяк не прасьцей, чым прыдумаць такую кнігу і ўвасобіць яе, давесьці да чытача. І рэч тут не ў асобе чалавека, якому прысьвечана гэтая кніга, не ў ступені даступнасьці матэрыялу, не ўва ўзроўні аўтараў. На першы плян выходзіць цалкам іншы чыньнік, але менавіта ён і вызначае ў выніку посьпех ці правал выданьня. А чыньнік гэты наўпрост залежыць ад вельмі істотнага фактару, а менавіта: ад таго, наколькі складальнікі кнігі здолеюць абысьці надзвычай прывабны шанец міталягізаваць, прыўкрасіць, узьвялічыць чалавека, якому прысьвячаецца кніга, наколькі сутнасьць ягонай асобы здолее ўва ўспамінах блізкіх яму «ў тым жыцьці» людзей пазьбегнуць абранзавеньня. Наколькі, нарэшце, гаворка па сутнасьці справы здолее калі не пераўзысьці, дык хоць бы ўраўнаважыць дзяжурныя справаздачы тых, хто мае імя, але ня мае чаго сказаць. Інакш кажучы, посьпех такога выданьня цалкам залежыць ад абранага жанру, бо партрэт можа быць парадны, а можа быць пісаны няхай нават ад шчырага сэрца, але без разьліку на тое, што ён некалі зойме ганаровае месца ў пастаяннай экспазыцыі нейкага вельмі прэстыжнага музэю. Першае ўражаньне ад знаёмства з кнігай «Нота судьбы», прысьвечанай памяці знакамітага музыканта Ўладзімера Мулявіна, было такое: дзякаваць Богу, магло атрымацца і горш. Бо існавала цалкам рэальная небясьпека, улічваючы той афіцыёзны «звон», зь якім была абвешчана праграма ўшанаваньня памяці музыканта, што выданьне гэтае можа набыць выгляд стандартнай мэмарыяльнай дошкі, за якой ня будзе, па сутнасьці, амаль нічога, што магло б расказаць нешта новае пра чалавека рэальнага – з усімі ягонымі плюсамі і мінусамі, што мы атрымаем у выніку амаль кананічны вобраз асобы, якая ніколі не памылялася і заўсёды дакладна ведала, што трэба рабіць сёньня, заўтра, празь месяц, у наступнай пяцігодцы. Уладзімер Мулявін ніколі такім ня быў. Ён наагул вельмі шмат патаемнага, зьвязанага найперш з творчасьцю, трымаў пры сабе і надзвычай неахвотна дзяліўся задумкамі зь іншымі, нават з даволі блізкімі яму людзьмі. Досыць уважліва прагледзець ягоныя інтэрвію, асабліва зь першых гадоў існаваньня ансамблю «Песьняры», каб заўважыць, што шмат дзе ён паўтараецца, а часам увогуле гаворыць адно й тое ж. Не таму, што яму не было чаго сказаць. Можа, баяўся сурочыць. Але хутчэй за ўсё, ён лічыў за лепшае казаць пра тое, што ўжо ёсьць, а вось развагі адносна «плянаў на будучыню» ён пакідаў іншым, больш гаваркім, і тым, хто за ўласныя словы не лічыў за патрэбнае адказваць. Сама кніга складаецца з чатырох разьдзелаў: «Чалавек», «Мэнэстрэль. Музыка. Пясьняр», «Беларусь – Мулявін – сьвет» і «Легенда – вялікая праўда». Адкрываецца кніга словамі Аляксандра Лукашэнкі – афіцыйным тэкстам, які мог быць адрасаваны ня толькі памерламу музыканту, але, бадай, памяці любога знакавага творцы. Дзякаваць Богу, тэкст гэты невялікі, але ён не адзіны з тых, што пазначаны настроем «дзяжурнасьці». На жаль, складальніца кнігі ці то не захацела, ці, хутчэй, проста ня здолела з цалкам зразумелых прычынаў абысьціся бяз тэкстаў ад людзей зь імем ці з пасадай, якім канкрэтна, па сутнасьці справы, сказаць амаль не было чаго. Цалкам дзяжурным тэкстам выглядае выступ мітрапаліта Менскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Царква і папулярная музыка? Суседзтва з галіны фантастыкі. Але ж як безь яго?! Імкненьне прыцягнуць у лік аўтараў кнігі вядомых дзеячаў музычнага мастацтва ці знакамітасьцяў зь іншых галінаў не заўсёды было апраўдана. Як паказвае кніга, многія зь іх змаглі сказаць толькі пару агульных, расплывістых словаў. Гэта датычыць найперш артыкулаў Аляксандра Разэнбаўма, Мікалая Баскава. Непаразуменьнем варта лічыць «карацельку» ўдзельніка вядомай польскай групы «Czerwone Gitary» Ежы Скшыпчака, сэнс якой можна зьвесьці да аднаго: так, маўляў, чуў нешта такое, але што, дзе, калі?.. Дарэчы, многія з аўтараў разьдзелу «Чалавек» ледзьве не адкрыта прызнаюцца, што іх сустрэчы з Мулявіным насілі цалкам выпадковы, гастрольны характар. Мо з прычыны, што яны ведалі кіраўніка «Песьняроў» адно павярхоўна і, напэўна, аніколі сур’ёзна ня ўдумваліся ў тое, што прапанаваў ансамбаль аўдыторыі, іх словы прызнаньня і выглядаюць такімі дзяжурнымі і цалкам неабавязковымі. Больш за тое: давайце па вялікім рахунку задумаемся. Хто такія, напрыклад, Мікалай Гнацюк ці Алег Газманаў, каб выказвацца на тэму Мулявіна? Маштабы, прабачце, несувымерныя. Гэтыя й падобныя да іх людзі, чые дасягненьні ў эстраднай творчасьці тлумачацца часам даволі далёкімі ад мастацтва рэчамі, на маю думку, лепш бы прамаўчалі, бо словы іхнія практычна нічога дадаць да вобразу Ўладзімера Мулявіна не маглі. А часам сярод гэтых прызнаньняў можна сустрэць і сапраўдныя «пэрліны». З павагай стаўлюся да той ролі, якую адыграў музыкант з Украіны Ян Табачнік у разьвіцьці жанру. Але ягоныя словы «Благодаря Мулявину мир познал душу белорусского народа» – гэта ўсё з той жа опэры на тэму ўзьнясеньня да нябёсаў таго, хто аб гэтым ніколі і нікога не прасіў. Такое мог бы сказаць іншы ўкраінец – Юры Рыбчынскі, – паэтычна абыграўшы надзвычай сьмелую сэнтэнцыю. Але Рыбчынскаму месца ў кнізе не знайшлося... Затое іншы паэт – Міхаіл Шэлехаў – даў сабе разгарнуцца аж да таго, што месцамі чытаць ягоны тэкст было неяк няёмка. Тут столькі «выспренности», столькі проста чужой як паэзіі, так і мулявінскай прозе патэтыкі, што замест цудоўных (збольшага) здымкаў, якія прыкметна ўзбагачаюць кнігу, міжволі бачыш перад сабой ператвораны ў сьвятыню абраз. Куды больш зьмястоўны і больш чалавечны па духу разьдзел «Мэнэстрэль. Музыкант. Пясьняр» (хоць пры чым тут мэнэстрэль?). Яго аўтары – людзі, якія непасрэдна супрацоўнічалі з Уладзімерам Мулявіным у розныя пэрыяды ягонага жыцьця. Ім сапраўды ёсьць што сказаць. Валянцін Тарас, Валянціна Гаявая, Людміла Ісупава, Алег Моўчан, Рафік Рагімаў, Валянцін Бадзьяраў, Уладзімер Ткачэнка, Валянціна Бартлава і Галіна Крываблоцкая ды іншыя, хто дапамагаў «Песьнярам» у творчай кар’еры. Іх успаміны прыносяць шмат каштоўных і малавядомых дэталяў, па-свойму раскрываючы «кухню» ансамблю і ягонага лідэра. Цалкам слушна ў гэты разьдзел уключаны фрагмэнты раней надрукаваных у пэрыёдыцы ўспамінаў былога «песьняра» Ўладзімера Нікалаева, а таксама вытрымкі з асабістых дзёньнікаў піяніста «Песьняроў» Ігара Паліводы. Вось на іх варта спыніцца асобна. Рэч у тым, што зьмест гэтых напісаных шчыра, рэзка і па-майстэрску дзёньнікаў трапіў у Сеціва. У тэкстах дзёньніка многія, у тым ліку й «Песьняры», паказаны (канечне – з уласных пазыцыяў!) часам у ня надта прыгожых дэкарацыях. Для кнігі фрагмэнты дзёньнікаў былі абраны збольшага альбо станоўчага характару, альбо зь мінімальнай дозай едкай Паліводавай іроніі. І, канечне ж, далёка ня ўсё з напісанага. Ня трапілі ў кнігу наступныя, напрыклад, фрагмэнты:
Осталось в хоре двое. Но реет, вьется гордый флаг – Плевать на остальное! И вот четыре тыщи ватт Врубают больше мочи для И эти двое так вопят, Что нету больше мочи, б…, Что нету больше мочи, б…! Ко мне лично «Рыбья Голова» отнюдь не пылает любовью. Но пока бережет, как собственные жабры. Второго отделения в концерте сейчас практически нет, но стремится сделать его сильнее первого Голове невыгодно: невыразительный сброд дается контрастом к программе по Янке Купале – солидной композиции великого усталого классика, мыслящего в унисон с классиком белорусской литературы о судьбах мира… (16.06.1983) «Песняры» – маленькая действующая модель всего нашего общества Развитого Социализма. Налицо вся гамма признаков: и болезненная страсть к лычкам, плакатам, юбилеям и медалям, и всеобщее пьянство, и тотальное безделье, и циничное подгребание под себя верхушкой общих ценностей (материальных благ – при полном отсутствии моральных), и непомерно раздутый административный аппарат, и откровенное хамство с враньем, возведенные в норму, – и прочее, прочее. Перестройка? Только два пути: дергаться или самоликвидироваться. Tertium non datur. (23.04.1989) Зразумела, што падобныя тэксты ня надта пасуюць да выданьня, накіраванага, усё ж, хочам мы таго ці не, на ўмацаваньне легенды. Але, думаецца, калі і ўключаць у кнігу выказваньні з асабістых дзёньнікаў, якія датычаць «Песьняроў», дык варта было рабіць гэта цалкам, без купюраў і выразаньня з думкай пра тое, што казаць няёмка, а што – ёмка. І не адзін Ігар Палівода быў варты атрымаць магчымасьць для выступу. Складаньне кнігі адбывалася ў тыя часы, калі ансамбаль «Белорусские Песняры», складзены з музыкантаў, якія пайшлі ад Мулявіна ў 1999 годзе, быў яшчэ ў няміласьці ў беларускіх уладаў. Трэба думаць, менавіта з гэтай прычыны ў кнізе не знайшлося месца для Ўладзіслава Місевіча, які пачынаў «Песьняроў» разам з Мулявіным, а таксама Валер’я Дайнэкі, Ігара Пені, Алега Аверына, якім ёсьць што сказаць. Гусі не хацелася дражніць? Цалкам верагодна. Але калі зважаць толькі на гусі, дык улетку й да рэчкі купацца ня пройдзеш. Ці, скажам, Барыс Бернштэйн, які мне даслаў колькі частак уласных успамінаў, напісаных з гумарам, бездакорным літаратурным стылем. Ён, як можна зразумець, не лічыў аддадзеныя «Песьнярам» гады найлепшым пэрыядам уласнай творчасьці, але ягоныя нататкі маюць надзвычай пазнавальны характар і, зноў жа, паказваюць «кухню» калектыву зь нечаканага ракурсу. Могуць спытацца: а чаму ў гэтай кнізе няма артыкула аднаго з вэтэранаў ансамблю Леаніда Барткевіча? Прычына больш чым празаічная. Леанід Барткевіч быў запрошаны ў аўтарскі калектыў, які вызначаў канцэпцыю і зьмест кнігі, але... Падпісаны ягоным імем опус пад назвай «Вольга і «Песьняры» ўбачыў сьвет раней за «Ноту судьбы». Дастаткова ўважліва прачытаць успаміны вядучага некалі саліста ансамблю, каб упэўніцца, што ў іх паўтараецца сёе-тое з таго, што было раней напісана і выдадзена тым жа Ўладзімерам Мікалаевым, памерлым ужо песьняром Валер’ем Яшкіным, маскоўскім журналістам Анатолем Вейцэнфельдам і нават калегам па творчай групе Барысом Крэпакам. Пасьля таго, як, па сутнасьці, грандыёзны плягіят раскрыўся, ад паслуг Барткевіча творчы калектыў адмовіўся... Трэці разьдзел кнігі я часткова ўжо закрануў. Тут найбольшую каштоўнасьць маюць успаміны Леаніда Бароўскага, які наведаў разам зь «Песьнярамі» Злучаныя Штаты падчас першай выправы калектыву за акіян, ды словы ўдзельнікаў грузінскага ансамблю «Орэра», зь якімі, у адрозьненьне ад многіх іншых артыстаў эстрады, Мулявіна і «Песьняроў» зьвязвала шчырае сяброўства. А больш пра гэты разьдзел і сказаць амаль няма чаго. Нарэшце, чацьвёртая частка кнігі называецца «Легенда – вялікая праўда». Назва, як мне падаецца, не зусім удалая, бо зьмест гэтага разьдзелу, ня надта вялікага, затое багатага паводле матэрыялу, складаюць артыкулы ў асноўным дасьледчага характару. Гэта перадрук напісанага яшчэ ў 1978 г. грунтоўнага артыкула Валер’я Яшкіна «Песьняры», досьлед галоўнага рэдактара расейскага месячніка «Звукорежиссер» Анатоля Вейцэнфельда «Песьняры»: спроба спасьціжэньня фэномэну», артыкул Валянціны Антаневіч «З «геннай памяці» народу», у якім яна аналізуе – прычым ці не ўпершыню ў беларускім музыказнаўстве! – узаемадачыненьні «Песьняроў» і песеннага фальклёру. Расчароўвае артыкул Альбіны Скарабагатчанкі «Нам засталася спадчына», у якім акцэнт зроблены не на аналіз, а чамусьці на падрабязны пералік зробленага У.Мулявіным і «Песьнярамі». А хацелася б усё ж аналізу, тым больш, што пры жыцьці дзелавога, прафэсійнага аналізу ўласнай творчасьці У.Мулявіну чуць амаль не даводзілася. Прынамсі, на радзіме... Надзвычай каштоўным уяўляецца мне заключны фрагмэнт кнігі, у якім Барыс Крэпак сабраў у адно падрабязнае апісаньне ледзь ня кожнага году жыцьця і творчасьці Ўладзімера Мулявіна. У сусьветнай літаратуры гэта ня ёсьць нечым незвычайным: дастаткова прыгадаць кнігу, у якой усе крокі ўдзельнікаў ансамблю «Beatles» расьпісаны ледзь не па днях. Але ў Беларусі такога не было. Спадар Крэпак зрабіў вельмі важную рэч, сабраўшы ў адно інфармацыю з самых розных крыніцаў, часам – інфармацыю цалкам новую і нечаканую. Напрыклад, «Беларуская энцыкляпэдыя» сьцьвярджала, што Ўладзімер Мулявін мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю. Ажно не! Як вынікае з падрыхтаванага Б.Крэпакам тэксту, будучая зорка савецкай і беларускай эстрады была адлічана з 2 курсу музычнай вучэльні ў Сьвярдлоўску зь вельмі папулярнай тады прычыны – «нізкапаклонства перад заходняй музыкай». Цяжка ўявіць, што было б і з самім Мулявіным, і зь «Песьнярамі», калі б ня тое «нізкапаклонства»... «Нота судьбы» стала першым зь ліку айчынных мэмарыяльных выданьняў у гонар славутых сучасьнікаў. І калі ўлічыць ідэалягічныя абставіны, што суправаджалі яе падрыхтоўку, дык яна атрымалася неблагой. Прынамсі, яна дазваляе чытачу самому зрабіць высновы адносна таго, хто на яе старонках выказаўся шчыра, а хто проста зрабіў справаздачу. Нота ад гэтага ня надта пацярпела, але тое, што яна магла быць больш чыстая і выразная, – бясспрэчна. Кніга «Нота судьбы», як сказаў мне дырэктар «Мастацкай літаратуры» Ўладзіслаў Мачульскі, распачала своеасаблівую сэрыю выданьняў «Жыцьцё знакамітасьцяў», бо ўсьлед за кнігай, прысьвечанай Уладзімеру Мулявіну, была выдадзена на гэтым жа годным друкарскім узроўні кніга, прысьвечаная Міхаілу Пташуку. І шкада будзе, калі трэцяй ці чацьвёртай выйдзе кніга, прысьвечаная якому з палітыкаў. Мо лепш Быкаў, Караткевіч, Адамовіч?
|
суаўтар першага ў Беларусі «Тлумачальнага слоўніка тэрміналёгіі папулярнай музыкі», сябра Саюзу пісьменьнікаў, аўтар раману «Саксафон Чынгісхана». Вядзе праграму «Па-за тактам» на беларускай службе радыё «Свабода». |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (35) - 2005 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |