A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ВОЛЬФ РУБІНЧЫК

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Вольф Рубінчык
Балота ці трагедыя?


Кнігі, якія аглядаюцца ў артыкуле:

С. Букчин. Хроника суверенного болота. – Минск: Европейское время, 1996. – 432 с.

С. Букчин. Белорусская трагедия. 1986–1999. – Варшава, 2000. – 632 с.

С. Букчин. Польский дневник. – Минск.: Энциклопедикс, 2002. – 492 с.

С. Букчин. Тайная свобода. – Минск: Энциклопедикс, 2004. – 520 с.

Хоць гэтыя чатыры кнігі і розняцца паводле фармату, аб’ёму, накладу, яны шмат у чым падобныя – нібы тамы з будучага збору твораў. Па праўдзе, чаму б кандыдату філалагічных навук, 1941 г. нараджэння, які ў «застойныя» гады апублікаваў серыю кніг пра дзекабрыстаў, Чэхава, Льва Талстога etc. не выдаць такі збор? Яднае кнігі стыль: «пошук чалавека» суправаджаецца ўсплёскамі іроніі ды інвектывамі на адрас тых, хто чалавечую існасць, па версіі аўтара, так ці інакш прыніжае. Загалоўкі са словамі «хроніка», «дзённік» раскрываюць яшчэ адну з аўтарскіх задумак – рэгістрацыю падзей. Літаратар і літаратуразнаўца пайшоў у хранікёры, а значыць, і ў гісторыкі, беручы на сябе дадатковую адказнасць у параўнанні з тым уяўным калегам, каго ён называе «малакультурным, малапісьменным мешчанінам, што папёр у журналістыку». Аўтар тлумачыць сэнс сваёй журналісцкай работы проста: «Як многія іншыя літаратары, я яшчэ ў перабудовачныя гады рынуўся непасрэдна ў публіцыстыку, бо накіпела, хацелася выказацца, урэшце, верылася ў добрыя перамены і неабходнасць асабістага ў іх удзелу» («Польскі дзённік», с. 482). У гэтым плане названыя кнігі с. Букчына, а перадусім тры першыя, – плён перабудовы: ня столькі суцэльнага працэсу, абвешчанага Гарбачовым у 1985 г., што ўключаў у сябе і «паскарэнне», і барацьбу з п’янствам, і шмат чаго падзабытага накшталт «вяртання да ленінскіх нормаў», колькі «галоснасці» з яе падкантрольнай разняволенасцю, калі наклад газеты «Знамя юности» сягаў паўмільёна асобнікаў, але фінансавыя лейцы ўсё-ткі знаходзіліся ў руках аслабелай «партнаменклатуры». Разняволенасць выяўлялася ў атаках на «бюракратаў», якія не жадаюць «жыць па-новаму», а дазволеныя рэфлексіі на тэму дабра і зла былі аддушынай пасля доўгіх гадоў амаральнасці. Здавалася, логас рабіў гісторыю; неўзабаве пасля выкрыцця заганаў на шляху «рэформаў» на тэрыторыі шостай часткі сушы мусіла надысці «царства свабоды»... Зрэшты, утапізм тагачасных «Огоньков» – асобная тэма. Рэдкая птушка перабудовачнага часу даляцела да суворых часоў беларускай рэчаіснасці пачатку XXI ст. – хто з’ехаў за мяжу, хто змяніў сферы прыкладання сілаў… Тым цікавей «паглядам акінуць шлях», пройдзены побач з аўтарам. Пагатоў што ён і запрашае «азірнуцца… не ў гневе, а з высакамерным жаданнем зразумець» («Хроніка», с. 4).

1. ТУГА ПА «ЕЎРАПЕЙСКІМ ЧАСЕ»

«Хроніка суверэннага балота» – набор размаітых артыкулаў, надрукаваных, галоўным чынам, у газетах «Знамя юности», «ЛіМ», «Литературная газета» часоў перабудовы і першых гадоў незалежнай Беларусі. Некалькі тэкстаў узяты з перыёдыка «Европейское время», заснаванага с. Букчыным пры дапамозе фонду Сораса ў 1992 г. Яна выходзіла да 1995 г., і падобна, што на яе старонках погляды с. Букчына адлюстроўваліся найбольш поўна і ясна. Будучы, паводле прызнання рэдактара, «заўчасным выданнем», «газетай-марай», яна знікла, пакінуўшы справаздачу аб зробленым – кнігу з адмыслова правакацыйнай назвай. Правакуе аўтар і зместам – чырвонай ніткай паўз добрую палову артыкулаў праходзіць спрэчка з «нацыяналамі», яны ж – «нацыянальна арыентаваныя». Стыль допісаў сведчыць, што іх аўтар добра засвоіў урокі дарэвалюцыйнага «караля фельетонаў» Уласа Дарашэвіча, кнігу якога ён кагадзе адрэдагаваў1. Каму толькі не навязваў дыскусію с. Букчын у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг., закідаючы «нацыянальную абмежаванасць» і/альбо «правінцыялізм»… Лявон Баршчэўскі, Вольга Іпатава, Зянон Пазняк, Алег Трусаў, Павел Церашковіч, Яўген Цумараў, Віталь Цыганкоў... Гэта далёка ня поўны пералік тых, хто «трапіў пад раздачу». Цяпер даўнія дыскусіі з імі выклікаюць амаль замілаванне – і знаходзіўся ж імпэт на такія рытарычныя фігуры, як «чаму такі недавер, Лявон Пятровіч, да ісцінна дэмакратычных сілаў Расеі?», «скажыце, Павел Усеваладавіч, каму канкрэтна вы збіраецеся вяртаць гэты «доўг насілля»?»2.

  публіцыст, сталы супрацоўнік «ARCHE».
   

Другая кніга названа не менш контраверсійна і ўяўляе сабой… збор газетных выцінак з калекцыі складальніка. «Нешта накшталт публіцыстычнай сімфоніі», – так прэзентуе кнігу с. Букчын у прадмове. Як на густ аматара публіцыстыкі, дык сімфонія трохі зацягнутая (рэдкі аматар вытрывае 600 з гакам старонак газетных тэкстаў), як для даследчыка – аўтар спрашчае карціну найноўшай гісторыі, падаючы безліч газетных мікрадумак аб асобных праблемах беларускай рэчаіснасці, аднак замоўчваючы іншыя, дапускаючы скажэнні пры перадачы інфармацыі3 ... «Так, гэтая кніга дастаткова суб’ектыўная», – прызнае складальнік (с. 8). Паміж урыўкамі з артыкулаў, згрупаваных па тэмах, трапляюцца сакавітыя каментары с. Букчына накшталт: «Сп. Якубовіч не можа ўявіць сабе, што ёсць людзі, да яго непадобныя, – якія дзейнічаюць не па разліку, а па сумленні» (с. 327). З пазіцыі 2000 г. ён дае ацэнку выказванням пачатку 1990-х гг., іранізуючы над публіцыстам, які лічыў, што беларускай дзяржаве патрэбны інстытут прэзідэнцтва: «Ну адкуль у нас, такіх талерантных, возьмуцца дыктатары? Таму няхай будзе прэзідэнт… не спадабаецца – адправім у адстаўку» (с. 80–81). Няма чаго казаць, наколькі падступная такая «працэсуальная пазіцыя», бо можа быць лёгка звернута і супраць складальніка4. «Мы», на думку с. Букчына, «не змагаліся за незалежнасць», якая «ўпала на нашы галовы зусім нечакана». Распаўсюджаны штамп, у якім праўда толькі тое, што незалежнасць звалілася нечакана на голаў яго рэтранслятара і, магчыма, мікрагрупы, з якой ён сябе атаясамлівае. Кніга прызначана найперш для замежнага чытача, якому лянота корпацца ў газетных падшыўках, і ён жадае атрымаць кампендыум ведаў з рук «famous Belorussian writer and journalist» (пазнака на вокладцы). Праўда, і беларус, які цікавіцца нядаўнім мінулым, пры жаданні знойдзе нямала карыснага ў адабраных публіцыстычных урыўках – таго, што ўжо пачынае забывацца. Даведаецца, напрыклад, што дэпутатка Нацыянальнага сходу Вольга Абрамава ўвосень 1996 г. была апантанай прыхільніцай імпічменту А. Лукашэнкі. Убачыць, што Лукашэнка запазычыў многія прыёмы рыторыкі «нацыяналаў»: гэтак, у 2004 г. яго кампанія будавалася нібыта на разважаннях с. Дубаўца пачатку 1990-х: «Які аптымальны крытэр нашай кансалідацыі? Такі крытэр ёсць: мы – за Беларусь».

Нельга не адчуць мінорнага тону абедзвюх кніг. Нават іх загалоўкі – «Балота», «Трагедыя» – гучаць як дыягназ. А доктар хто? – напрошваецца пытанне. Нашай мэтай не з’яўляецца лавіць аўтара на памылках, але ўсё ж трэба заўважыць, што яго высновы ў першай палове 1990-х гг. рэдка адрозніваліся праніклівасцю. Кебічаўскі лад у чэрвені 1994 г. ён ацэньваў як «таталітарна-наменклатурную сістэму» («Хроніка», с. 277), што, урэшце, не дзіўна, калі браць пад увагу апакаліптычны настрой большасці тэкстаў. Выступленне на з’езде «руху дэмакратычных рэформаў» у лістападзе 1991 г.: «Або мы прымаем нормы чалавечага супольнага жыцця, або спараджаем разнастайныя формы «гамсахурдзізму» з усімі адпаведнымі «асеціямі», «карабахамі», «чачэніямі». На думку с. Букчына, менавіта з боку тых, хто надае «нацыянальнаму пытанню» гіпертрафаванае значэнне, зыходзіла галоўная пагроза беларускаму грамадству ў год абвяшчэння незалежнасці («Хроніка», с. 189–190). Эмацыйны прагноз, заснаваны на простай аналогіі, мог адно падрыхтаваць глебу для прыходу таго, хто напісаў на сваім сцягу «стабільнасць перадусім».

Калі тлумачальныя схемы кульгаюць, на першы план выходзіць найпрасцейшае абгрунтаванне дзеянняў тых, хто трапляе пад агонь крытыкі, – славутае «Есці хочацца!», паўторанае шматкроць у тэкстах розных гадоў («Хроніка», с. 279, 285, 354, 355). Скрушна чытаць крытычныя нататкі пра «плебея Лукашэнку» ў артыкуле за ліпень 1994 г. («Беларуская трагедыя», с. 279). Павярхоўнасць і безадказнасць такога тыпу разважанняў мажліва было адзначыць і адразу па абранні першага прэзідэнта. Найбольш крыўдным з’яўляецца тое, што тэзіс с. Букчына быў, хацеў таго аўтар ці не, развіты дзесяткамі, калі не сотнямі беларускіх ды замежных публіцыстаў, што зацьміла сапраўднае аблічча А. Лукашэнкі і, верагодна, дапамагло яму здзейсніць тое, што здзейснена ўвосень 2004 г.

Драматызацыя якой-кольвечы падзеі – нармальны прыём для журналіста. Аднак з цягам часу пафасныя тэксты застараюць і чытаюцца не без цяжкасці. У дадзеным выпадку па іх прачытанні просіцца сцёртая метафара: аўтар, нібы той пастух, крычаў «ваўкі!», а ваўкі прыйшлі ня ў час і з іншага боку. Робіцца выгляд, што так і было прадказана, што менавіта «нацыяналы» бязглуздымі заявамі і ўчынкамі справакавалі прыход Лукашэнкі – выснова, на якой аўтар настойваў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гг. («Беларуская трагедыя», с. 343), салідарны з першым прэзідэнтам, які не раз прызнаваўся ў тым, што «гвалтоўная» беларусізацыя дапамагла яму прыйсці да ўлады. Доля ісціны, як у кожным міфе, тут невялікая – яе дакладнае вызначэнне выходзіць па-за межы гэтага водгуку. Ва ўсялякім разе, напярэдадні выбараў 1994 г. скасаванне вынікаў «беларусізацыі» не было галоўнай тэмай у выбарчай кампаніі А. Лукашэнкі.

  1 Театральная критика Власа Дорошевича / Сост., вступ. ст., коммент. с. В. Букчина. – Минск: Харвест, 2004. – 863 с.

2 З разважанняў этнолага П. Церашковіча пра «тэорыю спавернутага гвалту» была зроблена паспешлівая выснова пра абгрунтаванне навукоўцам міжэтнічнай варажнечы («Хроніка», с. 199). Аматары аналагічных высноў здольныя, напэўна, знайсці абгрунтаванне гвалту і ў тэзісе с. Букчына пра беларускую незалежнасць: «тое, што звалілася на нас з неба ў канцы 1991 г., патрабуе ахвяр сёння» («Беларуская трагедыя», с. 620).

3 Напрыклад, Канстытуцыйны суд у інтэрпрэтацыі складальніка стаў называцца «Вярхоўным», што выстаўляе В. Ціхіню ў ролі чалавека, які не помніць назвы свайго ведамства («Беларуская трагедыя», с. 331).

4 На нашу думку, апублікаванне ў 1996 г. уласных артыкулаў канца 1980-х з выразамі накшталт «Не так ужо шмат часу засталося да XIX партканферэнцыі. Усе думкі – аб ёй» («Хроніка», с. 48) ці заклікам да «ідэалагічных работнікаў» арыентавацца на «ленінскую культуру зносін з народам» (с. 58) не пазбаўлена самавыкрывальніцкага характару.

   

Дыскусія на старонках «Народнай волі» і «Нашай Нівы» аб амаральнасці «супрацоўніцтва з уладамі», што разгарэлася ў канцы 2003 г.5 , дала нямнога плёну ў тым ліку і таму, што яе ініцыятар не здолеў адмовіцца ад наўмыснай драматызацыі становішча. Ізноў было паўторана, што ад пачатку 1990-х гг. з Беларуссю адбываецца трагедыя і пазітыўных зрухаў чакаць не варта. Аўтары і ідэолагі «Нашай Нівы» па традыцыі клеймаваліся с. Букчыным як «нацыянальна абмежаваныя», выстаўляліся як замшэлыя дагматыкі, якіх вышэйзгаданая «трагедыя» нічому не навучыла. Калі сутнаснага паразумення ў такім рэчышчы дасягнуць наўрад ці магчыма, то фармальны дыялог адбыўся праз пасрэдніцтва радыё «Свабода»6. Хочацца верыць, што ён наблізіў бакі да ісціны.

2. ПРАГА ДА НАРМАЛЬНАСЦІ

Кніга «Польскі дзённік» – бадай, наймацнейшая з чатырох. Аўтар звяртаецца да фактаў жыцця краіны-суседкі, фактаў прыводзіць многа, і яны маюць бясспрэчную каштоўнасць (хоць часам у іх падборы адчуваецца ўсё тая ж «суб’ектыўнасць» не без ухілу ў апалагетыку – можа быць, таму, што выданне кнігі спансаравана Інстытутам Польскім). Польшча апісваецца і знутры, і звонку, але – з гледзішча беларуса, зацікаўленага ў веданні Еўропы, а не «еўрапейца», які выпадкова апынуўся ў «суверэнным балоце».

Багаты на асабістыя назіранні першы раздзел – збор нарысаў пад агульнай назвай «Павісле». Параўнанні жыцця «звычайных палякаў» і беларусаў з інтэрвенцыяй у самыя розныя сферы (пытанні мовы, тоеснасці, свабода прэсы, рынак працы, нацыянальныя святыні і г. д.) выпісаны акуратна і з густам. Парадаксальнасць на мяжы дасціпнага самаедства, уласцівага раннім тэкстам Міхаіла Задорнава пра Амерыку і Расею, праз якую праглядае сапраўднае пачуццё «старога індывідуаліста», не пазбаўленае болю за краіну: «У нас у Беларусі ўсё чужое, не сваё. Нашы публіцысты так і пішуць пра нейкі беларускі народ. Няма беларускасці, і таму мы маем тое, што маем». Аўтар і баіцца «нацыянальнай непраяўленасці беларусаў», і шукае парасткі новага, і знаходзіць, і сумняецца ў іх трываласці: «Ну добра, эліты – зрэшты, вельмі не люблю гэтага слова – так ці інакш фармуюцца…».

Аўтар гутарыць з блізкімі па духу людзьмі – і прадукуе дыялогі, насычаныя калі не глыбокімі думкамі, то, прынамсі, дасціпнымі «падколкамі». Так, запамінаюцца гутаркі з экс-дысідэнтам, славістам Анджэем Дравічам, пісьменнікам Сакратам Яновічам. Размовы ж з палітыкамі вядуць да нагрувашчання банальнасцяў і павярхоўных меркаванняў: «Беларусь сама выбрала свой шлях. Яна яднаецца з Расеяй…». «Польскі дзённік» вучыць, паміж іншага, крытычна ставіцца да выказванняў прафесійных палітыкаў.

У кнізе бачная асабістая «змена парадыгмаў» – ад прарасійскай да прапольскай. Пры гэтым Польшча – «краіна, у якой куча вельмі сур’ёзных праблем», але аўтар «памяняў бы беларускія на польскія», настолькі глыбокай здаецца вера ў цудадзейнасць «рынкавых рэформаў». Пэўная перадузятасць у духу дамарослых лібертарыянцаў… Ці так ужо было абавязкова закідаць польскім прафсаюзам, якія не жадалі «лібералізацыі» працоўнага заканадаўства, эгаістычную пазіцыю (с. 319)? Але ж не гэта галоўнае ў кнізе, прасякнутай аўтэнтычным досведам грамадзяніна Беларусі, які доўгі час жыў за мяжой і ўважліва вывучаў «іх норавы»7.

Не хаваючы складанасці польскіх гульняў, дзе, аказваецца, ёсць і ксенафоб Тэйкоўскі, і папуліст Лепэр, аўтар імкнецца выступаць ад імя «нармальных людзей». «Нармальнасць» выяўляецца, як на лакмусавай паперцы, у дачыненнях з яўрэямі. Тут Беларусь, на думку аўтара, радыкальна адрозніваецца ад Польшчы, дзе «ўсяго тры тысячы яўрэяў», але ў польскага грамадства прысутнічае жаданне зразумець іх ролю ў гісторыі. А вось у Беларусі «пра сінагогі, помнікі, яўрэйскія інстытуты, часопісы, кнігі ды тэатры і гаворкі няма», – галаслоўна сцвярджае аўтар8. Тым не менш, зразумець яго абурэнне «замоўчваннем» вострых праблем этнаканфесійнага характару можна. Заслугоўвае ўвагі спроба прэзентаваць стаўленне да гістарычных падзей як адбітак маральнага стану польскага грамадства. Наўрад ці хто іншы з беларускіх аўтараў гэтак падрабязна асвятліў бы палеміку вакол забойства яўрэяў у Ядвабне, узняў бы праблему «даравання».

Неаспрэчны ўнёсак с. Букчына ў беларуска-расейскае літаратуразнаўства знайшоў чарговае пацвярджэнне на старонках «Тайнай свабоды». Апошнім лапікам свабоды аўтару, пагружанаму ў «ноч і беспрасветнасць», бачыцца свабода выбару чытва. Відаць, расчараванасць у рэальным беларускім свеце, што выяўляла сябе і раней9 , абумовіла зварот да гісторыі літаратуры і эсэістыкі з мемуарным адценнем. Нездарма актуаліі, у адрозненне ад першых трох кніг, мільгаюць дзесьці на заднім плане… Аднак выпетрыўся і масквацэнтрызм, такі ўласцівы «Хроніцы суверэннага балота».

На старонках «Тайнай свабоды», што складаецца з разнапланавых «росшукаў» (вынікі некаторых з іх былі апублікаваныя яшчэ ў 1980-я гг.), «эцюдаў», рэцэнзій, некралогаў, адбываецца вяртанне на рэальную, блізкую аўтару глебу. Канечне, шмат чаго карціць адпрэчыць «з ліста»10 , па-ранейшаму многа фігур умаўчання. Тое, што большая частка матэрыялаў трапіла ў кнігу з газетных старонак, відавочна, аднак спасылкі на «Белорусскую газету», «Народную волю», у адрозненне ад ранейшых зборнікаў, з нейкай прычыны выпалі. Чаму разняволены пясняр Высоцкі, якому выпала жыць у СССР, у с. Букчына стаў «самым савецкім з нас» (с. 276), мне не было зразумела ні ў 1998 г. (год публікацыі ўрыўка ў перыёдыку «Белорусская газета»), ні ў 2004 г. Тэзіс с. Букчына яўна вымагае больш глыбокай аргументацыі, чым пададзеная ў кнізе (маўляў, Высоцкі апяваў савецкі побыт, як ніхто іншы)11 . Прыблізнасць звестак пра канцэрт Высоцкага ў Менску («здаецца, у пачатку 1970-х гг… завязаўся нейкі скандал з білетамі… асудзілі аднаго кніжнага актывіста») сведчыць пра тое, што рамяством гісторыка сучаснасці аўтар валодае далёка не ў той ступені, як пяром публіцыста12 . І ў іншых месцах хапае накладак: сумна на пачатку XXI ст. чытаць, што ў Беларусі «адзіная мячэць» (с. 480). Ужо на момант напісання рэцэнзіі на польскі даведнік 1997 г. мячэцяў у Беларусі было, як мінімум, дзве. Паэт Веньямін Айзенштат памёр у 1999 г., гэта значыць, пасля Навума Кісліка, а не «незадоўга да яго», як вынікае з нарыса «Вышэйшы суд паэта» (с. 309). Тым не менш, кніга каштоўная ўжо хаця б тым, што прызнаны майстар парадоксаў дзеліцца сваімі поглядамі на расейскую, польскую, заходнееўрапейскую, амерыканскую літаратуру і мастацтва. Суб’ектыўнасць поглядаў на творчасць Б. Ахмадулінай, І. Бродскага, с. Лема, У. Бэроўза ды іншых у спалучэнні з эрудыцыяй не можа не прывабліваць…

Пры ўважлівым чытанні апошніх дзвюх кніг бачыцца, што адыход аўтара ад захаплення расейскім лібералізмам адбыўся дзесьці ў сярэдзіне 1990-х гг. Калі ў «Хроніцы» падаюцца як бясспрэчныя інтэрпрэтацыі расейскімі ўладамі падзей 1991 і 1993 гг., а менавіта абароны і штурму Белага дому13 , то ў нарысе, датаваным 1997 г. («Тайная свабода», с. 269), спачувальна цытуецца Андрэй Сіняўскі з яго крытыкай Ельцына за расстрэл Белага дому, бамбёжкі ў Чачэніі і падгон канстытуцыі пад аднаго чалавека. «У Расеі ўжо і лібералы пранікліся дзяржаўна-імперскімі настроямі, – заяўляецца крыху пазней, – там правіць баль усё тая ж партыйна-савецкая наменклатура» («Польскі дзённік, с. 483). Відаць, на «змену вех» паўплывала вайна ў Чачэніі, спалучаная з абыякавасцю расейскіх «прыўладных дэмакратаў» што да эскападаў А. Л., выбраная многімі з іх пазіцыя «сукін сын, але наш»14.

Пэўнае пераасэнсаванне цяперашніх рэалій звязана, магчыма, з тым, што на многіх прынцыповых разгалінаваннях у 1980–1990-х гг. аўтарам як даследчыкам і ідэолагам быў выбраны шлях, карысці ад якога было, кажучы радком з верша Ф. Баторына, «бы камарык той натоўк». Ці наблізілася Беларусь да дэмакратыі дзякуючы высілкам с. Букчына, такога ахвотнага навучаць ёй «насельніцтва», «плебс, ён жа электарат, ён жа народ» («Беларуская трагедыя», с. 283) – вялікае пытанне. Што ж, запярэчаць талерантныя гісторыкі будучыні, адмоўны вынік – таксама вынік, затое які пласт падзей быў падняты! Часам у навуковых колах прынята хваліць проста за зварот да тэмы, а не за якасць яе асвятлення, але такі падыход якраз і ёсць шляхам да «правінцыялізму», супраць якога выступае аўтар. Ці выпадкова тое, што публіцыстычныя маланкі, абрынутыя, напрыклад, на Э. Скобелева, параўнанага, між іншага, з «вар’ятам» («Беларуская трагедыя», с. 54), давялося паўтараць праз некалькі гадоў («Тайная свабода», с. 500), амаль у тых самых выразах («у ідыётаў уласная гордасць») і з тым самым эфектам? Замілаванне гэткая вернасць аб’екту крытыкі можа выклікаць хіба ў сяброў аўтара15. Калейдаскапічнасць кніг с. Букчына чымсьці нагадвае даволі вядомыя ўспаміны І. Эрэнбурга «Людзі, гады, жыццё». Гэтая калейдаскапічнасць – на аматара, але для «інфармацыйнага грамадства» яна цалкам натуральная.

Саматужніцтва ў пісаннях на палітычныя тэмы ўласцівае канцу 1980-х – пачатку 1990-х гг., калі газетны ці часопісны артыкул з поспехам выконваў функцыі і гістарычнага даследавання, і палітычнага маніфесту. Але той час мінуў і, падобна, незваротна. Наклады газет, часопісаў ды кніг і асабліва давер да друкаванага слова наўрад ці вернуцца да адзнакі 15-гадовай даўніны. Кнігі с. Букчына, складзеныя пераважна з газетных матэрыялаў як «сапраўднага аскепка часу» («Беларуская трагедыя», с. 8) – хутчэй помнікі для будучых карпатлівых даследчыкаў, якім давядзецца вылушчваць зерне ісціны з нашых інфармацыйных плыняў, чым падручнікі па дэмакратызацыі грамадства, на што, здаецца, прэтэндуе аўтар16 . Калі такія падручнікі і патрэбныя, наўрад ці надалей яны набывацьмуць форму зборнікаў газетных выцінак17.

Па вялікім рахунку, каб зразумець прагу аўтара да «нармальнасці», варта было б звярнуцца да адметнасцей яго «двухадзінай» ці нават «трыадзінай» асобы – «рускага-яўрэя-беларуса», які схільны ставіць «справядлівасць» вышэй за «бюракратычныя нормы»18. Наколькі ў такім выпадку шматгранная творчасць Сямёна Букчына характэрная для «руска-яўрэйскай інтэлігенцыі» Беларусі, да якой, наўскідку, можна аднесці такіх розных творцаў, як рэжысёр Юры Хашчавацкі, філосафы Леў Крывіцкі, Ілля Лявяш? Ці складае гэтая інтэлігенцыя, крытычная і да савецкасці, і да «вузкіх рамак» разнастайных яўрэйскіх суполак, і да праяваў беларускага нацыяналізму ў яго этнічнай версіі, рэальную, а не намінальную групу – гэта значыць групу ўплыву? Калі так, то наколькі яна ўплывовая і ў якой ступені яе культурніцкія арыентацыі змяніліся за апошнія 10–15 гадоў? Ці сведчаць пра агульную «змену вех» актыўныя пошукі апірышча ў кнігах Сямёна Букчына, а калі так, то наколькі яго творы заслугоўваюць таго, каб «люстэркам пераменаў» звацца? Пытанні, што застаюцца адкрытымі. Знаходжанне на іх адказаў ускладняецца праз адсутнасць дастатковых эмпірычных дадзеных: пасля спынення выхаду добрай памяці бюлетэню «Форум» уплыў этнічных працэсаў на сацыяльныя і палітычныя з’явы ніхто ў Беларусі сур’ёзна не вывучае, а калі і вывучае, то не спяшаецца афішаваць вынікі доследаў19.

Кнігі с. Букчына – безумоўна, з’ява для лукашэнкаўскай Беларусі. Гэткі напал крытычнасці, як бы да яго ні ставіцца, апошнім часам сустракаецца рэдка. Хінін – таксама лекавае рэчыва, хоць у вялікіх дозах арганізму можа і пашкодзіць. Найлепшы спосаб пазбавіцца рызыкі, звязанай з перадазаваннем хініну, – адужаць хваробу…

  5 Гл.: Букчин с. Старый-новый облик коллаборантов // Народная воля. 2003. 20 снежня; Дэмакратыя і прыбіральні // Наша Ніва. 2003. 26 снежня.

6 Гл.: Хто падвядзе «тлустую рысу?» // Народная воля». 2004. 23 студзеня. Катэгарычнае меркаванне с. Букчына аб тым, што «наша краіна цалкам падпарадкавана расейскаму КДБ, расейскаму войску, расейскай уладзе» само па сабе «падводзіць тлустую рысу» пад усімі дыскусіямі.

7 Такіх «дзённікаў», якія не зводзіліся б да падарожных нататак, у сучаснай беларускай літаратуры нямнога. Нягледзячы на ідэалагічныя ўстаўкі, дагэтуль уражвае аповед А. Кобец-Філімонавай аб Грэцыі «У каралеўстве… але не казачным» (1968).

8 У Беларусі дзейнічае тузін сінагог, у 1990-я гг. паўстала некалькі дзесяткаў помнікаў яўрэям – ахвярам гітлераўскага генацыду. На жаль, у пытанні пра стан яўрэяў у Беларусі прынцып «чым горш – тым лепш», прыпісаны с. Букчыным «беларускай апазіцыі» («Польскі дзённік», с. 223), скарыстаны напоўніцу. Павярхоўным, апроч таго, выглядае ўключэнне кнігі амерыканскага прафесара паліталогіі Н. Фінкельштэйна «Індустрыя Халакосту» ў пералік «антысеміцкіх» (с. 287). Насамрэч яна прысвечана прысабечванню кіраўнікамі асобных амерыканскіх яўрэйскіх суполак права на дыскурс пра Катастрофу еўрапейскага яўрэйства, нелегітымнаму, на думку аўтара, ціску на швейцарскія банкі, несправядліваму падзелу грошай для ахвяраў Халакосту і г. д. Тое, што пэўнымі фактамі з кнігі скарысталіся антысеміты, яшчэ не аргумент, каб стыгматызаваць ейнага аўтара.

9 «Мы былі па-свойму наіўныя, калі лічылі, што дастаткова правесці сапраўдныя выбары, ліквідаваць манаполію КПСС, увесці рынкавыя адносіны, садзейнічаць прыходу да ўлады добрых, прыстойных людзей – і надыдзе царства дабра, справядлівасці і дэмакратыі. А яно вунь як абярнулася!» – скардзіцца аўтар карэспандэнту «Народнай волі» ў 2001 г. («Польскі дзённік», с. 482). Імя аўтара інтэрв’ю – А. Корзуна – у кнізе апушчана.

10 У нарысе пра Алеся Адамовіча с. Букчын успамінае, як на пачатку 1980-х гг. правакаваў яго (жартоўна?) на дзеянні, што маглі наклікаць санкцыі з боку ўладаў, аргументуючы: «Цяпер час такі. Прыстойнаму чалавеку самае месца ў турме!» («Тайная свабода», с. 241–242). Ці не правобраз сённяшніх гора-апазіцыянераў, што намагаюцца разбіць муры чужымі галовамі?

11 Прыніжэнне «сакральнай каровы», верагодна, паклікана апраўдаць уласную прынцыповую згоду з «правіламі гульні» ў 1970-я гг. («бо ўсе былі такія»). Мастак М. Шамякін казаў пра У. Высоцкага: «Быў ён паводле сваіх перакананняў савецкі ці антысавецкі? (…) Думаю, хутчэй за ўсё, не быў ні першым, ні другім. Высоцкі папросту не пераносіў зла і несправядлівасці ў любых праявах».

12 Мянчанін Леў Лісіц быў арыштаваны і асуджаны да турэмнага зняволення не ў пачатку 1970-х гг., а пасля прыезду Высоцкага ў Менск у 1979 г. (гутарка з Л. Лісіцам, 1998 г.).

13 У абодвух выпадках, на думку аўтара, перамога «путчыстаў» азначала б паразу беларускіх дэмакратаў, якіх «перасаджалі б». Яшчэ ў 1994 г. рэдактар «Европейского времени» звяртаў увагу на «прывіднасць самастойнага дзяржаўнага існавання Беларусі» («Хроніка», с. 193).

14 Завочнай з імі палеміцы с. Букчын прысвяціў нямала месца і ў «Беларускай трагедыі» (с. 404–407, 415).

15 Гл. водгук А. Бржазоўскага на «Тайную свабоду» ў менскай газеце «Авив» (№ 8–9, 2004 г.).

16 У «Польскім дзённіку» ўказана, што «пасля ўстанаўлення ў Беларусі дэмакратычных парадкаў досвед Польшчы можа быць карысны, яго ўлік дазволіць пазбегнуць памылак» (с. 486). Вядомы беларуска-яўрэйскі грамадскі дзеяч, з якім кніга абмяркоўвалася ў 2003 г., прыняў гэтае дапушчэнне «на ўра».

17 У рэжыме рэальнай палітыкі бунту гэтак званых «простых людзей» аўтарытарныя рэжымы баяцца значна больш, чым газетных артыкулаў у «апазіцыйнай прэсе», нават сабраных пад адну вокладку (просьба не ўспрымаць як абрыдлы заклік «апрасціцца», «пайсці ў народ» etc.).

18 У кнізе «Сем сорак» (Менск, 1992. с. 94–95) і ў «Хроніцы суверэннага балота» (с. 16–17) с. Букчын фактычна апраўдвае сваю адмову ад яўрэйскага імя і адпаведнага запісу ў пашпарце паводзінамі дзяржавы, якая шмат чаго не дазваляла яўрэям у СССР.

19 Тыповым для стану навукі ў гэтай галіне ёсць «даследаванне» Э. Дарашэвіча якое грунтуецца на апытанні 1988 г.: Дорошевич Э. Евреи в Беларуси (историко-социологический анализ) // Динамика социальных процессов в условиях государственной независимости Беларуси: социологический анализ. Вып. 2. – Минск: Право и экономика, 2000. с. 71–74.

   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25