A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (35) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
АЛЬБІНА СЕМЯНЧУК | ||||
Расія, камунізм і свет 21 кастрычніка 2004 г. у Сенатарскай зале «Colegium Novum» Ягелонскага універсітэта (Кракаў) адбылася сустрэча з амерыканскім гісторыкам, палітолагам, прафесарам Гарвардскага універсітэта, былым дарадцам прэзідэнта Рональда Рэйгана па савецкіх і ўсходнееўрапейскіх справах Рычардам Пайпсам. Нават для Кракава, распешчанага рознымі культурна-інтэлектуальнымі імпрэзамі, гэтая падзея выходзіла па-за рамкі штодзённага універсітэцкага жыцця. «Rzeczpospolita» на наступны дзень прысвяціла цэлую старонку размове з прафесарам Пайпсам. Навуковая зацікаўленасць Р. Пайпса Расіяй і Савецкім Саюзам, на першы погляд, не вынікае непасрэдна з акалічнасцяў ягонага жыцця: ён нарадзіўся ў 1923 г. у Цешыне на польска-чэшскай мяжы, а гімназію скончыў перад Другой сусветнай вайной у Варшаве. У інтэрв’ю газеце ён расказаў пра сваю даўнюю мару аб тым, што калі дажыве да 80 гадоў, дык абавязкова напіша ўспаміны. Маючы 81 год, Р. Пайпс надрукаваў аўтабіяграфію пад назвай «Vixi». У ёй аўтар прызнаецца, што ён вельмі шчаслівы чалавек. Не звязаны з Расіяй генетычна, прафесар Пайпс «як чалавек, народжаны ў суседняй з Расіяй дзяржаве, быў пазбаўлены рамантычных ілюзій на тэму гэтай вялікай краіны». Тое, як Расія трактавала землі, захопленыя ёю ў канцы ХVІІІ ст. (у адрозненне ад Аўстра-Венгрыі або Прусіі), прымусіла Р. Пайпса задумацца аб сутнасці гэтай дзяржавы. У неагатычнай зале, сярод партрэтаў заснавальнікаў Кракаўскай акадэміі Казіміра Вялікага, Ядвігі і Ягайлы пэндзля Яна Матэйкі, сярод выяваў рэктараў і славутых выпускнікоў гэтай навучальнай установы ад Мікалая Каперніка да Яна Паўла ІІ натуральна гучалі Пайпсавы словы аб фундаментальных каштоўнасцях заходнееўрапейскай цывілізацыі, якія былі невядомыя нашым усходнім суседзям у Расійскай імперыі. Лекцыя была прысвечана расійскаму кансерватызму, аб якім цяпер Р. Пайпс піша кнігу пад назвай «Расійскі кансерватызм і яго крытыкі». У ёй ён хоча знайсці адказ на пытанне, чаму палітычныя інстытуцыі і ментальнасць у Расіі фармаваліся інакш, чым на Захадзе. Чаму Расіі так цяжка пераняць заходнюю мадэль, тым часам як многія азіяцкія краіны, значна больш аддаленыя ад Еўропы, паспяхова зрабілі тое? «Аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны гэтага, – мяркуе аўтар, – ляжаць у псіхалагічным складзе насельніцтва, узмоцненым яго гістарычным мінулым». Думкі, выказаныя падчас лекцыі, перагукаюцца са зместам не толькі будучай кнігі аб расійскім кансерватызме, але і зборніка яго ранейшых артыкулаў, перакладзеных і выдадзеных па-польску прафесарам Ягелонскага універсітэта Анджэем Новакам у 2002 г. пад назвай «Rosja, komunizm i świat». Сутнасць расійскай дзяржаўнасці застаецца нязменнай на працягу ўсёй яе гісторыі. Панаванне Івана Грознага мала чым адрозніваецца ад эпохі Сталіна, а сучасная Расія, калі не зменіць свайго таталітарнага характару, мае шанцы стацца «дэмакратыяй» узору Мікалая ІІ. Існуюць яшчэ інстытуцыянальныя перашкоды для мадэрнізацыі Расіі, перш за ўсё спознены і кароткатэрміновы досвед з прыватнай уласнасцю. Адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю наклала глыбокі адбітак на расійскую гісторыю. Адпаведна не было і праўных падставаў для шанавання чужой маёмасці, пад якой разумеецца не толькі матэрыяльная ўласнасць, але і духоўная, якую ў Расіі не навучыліся шанаваць дагэтуль: «Урад, які абапіраецца на прымус, мусіць дэманстраваць грамадству сваю магутнасць. Адзін з магчымых спосабаў – тэрытарыяльная экспансія». Гэтая думка Р. Пайпса перагукаецца з тэзай польскага гісторыка Фелікса Канечнага, выказанай ім яшчэ на пачатку ХХ ст.: «Жыццё ў Расійскай імперыі заўсёды цякло шырока, не паглыбляючыся. Дзве акалічнасці – цывілізацыйная мешаніна і даступнасць велізарных абшараў – прывялі да таго, што развіццё грамадства тут ішло іншым шляхам, чым на Захадзе». Гэты «іншы шлях для Расіі» ёсць яшчэ адным стэрэатыпам мыслення сучаснага расійца, які цесна звязаны з яго тугой па магутнасці Расійскай імперыі і які перашкаджае канструктыўна працаваць у кірунку мадэрнізацыі краіны. Каланіяльная спадчына Расіі ўвесь час цягне яе назад, адсюль жаданне вярнуць ва ўлонне «імперыі» Беларусь і Украіну. У інтэрв’ю «Rzeczypospolitej» на пытанне: «Ці не пагражае абуджэнне мараў аб расійскай магутнасці Беларусі і Украіне?», Р. Пайпс адказаў: «Дзякуючы Лукашэнку, яна (Расія. – Аўт.) не мае вялікіх праблем з Беларуссю. Аднак расіяне не могуць пагадзіцца са стратаю Украіны». Падчас лекцыі ў Ягелонскім універсітэце два пытанні публікі былі наконт Беларусі (толькі што адбыліся рэферэндум і парламенцкія выбары). Першае тычылася сітуацыі ў Беларусі, на што Р. Пайпс коратка і песімістычна адказаў, што тут слабая інтэлігенцыя, затое моцнае аўтакратычнае кіраўніцтва. Я запыталася ў прафесара Пайпса, у чым слабасць беларускай інтэлігенцыі ў параўнанні, скажам, з расійскай ці ўкраінскай? Зноў жа коратка ён адказаў, што мы не маем дысідэнтаў. Жывую рэкцыю Р. Пайпса выклікалі пытанні, звязаныя з Чачэніяй і Каўказскім рэгіёнам у цэлым. Погляд на іракскую праблему ў яго далёка не супадае з поглядам афіцыйнага Вашынгтона. Тут, як, дарэчы, і ў выпадку з Расіяй, ён усе спадзяванні ўскладае на культурнае развіццё самога насельніцтва, якое з дапамогай Захаду павінна засвоіць падставовыя каштоўнасці і прынцыпы прававога грамадства. Думаю, гэта датычыць і ўсёй постсавецкай тэрыторыі, у тым ліку Беларусі. |
Вывучае праблемы гістарычнай нарацыі і культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім XIV–XVI ст. |
|
|