A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
Імперыя альбо лідэр?


Выданне, якое аглядаецца ў артыкуле:

Zbigniew Brzezinski. The Choice: Global Domination or Global Leadership. – New York: Basic Books, 2004.

Заканчэнне халоднай вайны пакінула шмат каго ў Амерыцы перад пытаннем, а ці патрэбна іх краіне наогул замежная палітыка? Ці засталіся ў свеце пагрозы і выклікі, якія робяць мэтазгодным яе чынны ўдзел у міжнародных зносінах? Сапраўды, пачатак дзевяностых гадоў характарызаваўся імклівым ростам заклікаў да ізаляцыянізму ў замежнай палітыцы Амерыкі. Адсутнасць пагрозы глабальнага знішчэння і абвешчаны пэўнымі інтэлектуальнымі коламі канец гісторыі рабілі, у вачах шмат каго, занадта вялікую прысутнасць у свеце і надзвычай высокія выдаткі на замежную дапамогу немэтазгоднымі і бессэнсоўнымі. Глабальныя змены, што прывялі да калапсу камуністычнай сістэмы і ў далейшым ім правакаваліся, падаліся некаторым занадта далёкасяжнымі. Як вынік, прэзідэнт Буш-старэйшы ў жніўні 1991 г. ледзь не на каленях прасіў украінскую Вярхоўную Раду не аддзяляцца ад СССР. У той жа час, тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты ЗША Біл Клінтан атакаваў Буша-старэйшага менавіта за яго занадта высокую ангажаванасць у сусветную палітыку і абыякавасць да палітыкі ўнутранай. Нарэшце, з публікацыяй у 1994 г. кнігі Сэмюэла Гантынгтана «Сутыкненне цывілізацый», ізаляцыянізм набыў ідэалагічнае апраўданне згодна прымаўцы, аналаг якой можна знайсці літаральна ў кожнай мове свету: у чужой бажніцы свечкі не папраўляй. Потым здарыўся генацыд у Руандзе, этнічныя чысткі ў Босніі і Косаве, міжнародны тэрарызм пачаў падымаць галаву як пагроза, параўнальная сваімі разбуральнымі наступствамі з супрацьстаяннем антаганістычных сусветных сістэм. Нарэшце, пасля 11 верасня 2001 г. стала канчаткова зразумела, што ідэалогія ізаляцыянізму будуецца на ілюзіі, што свет усё яшчэ застаецца такім, якім ён быў створаны вестфальскай дамовай XVII ст.: ён складаецца з суверэнных дзяржаў, якія, у сваю чаргу, ёсць канчатковай крыніцай стабільнасці альбо хаосу, вайны альбо міру, супрацоўніцтва альбо канфрантацыі. Насамрэч свет аказаўся нашмат больш узаемазвязаны, чым здавалася нават самым выбітным пратаганістам глабалізацыі. Нацыянальныя межы могуць спыніць перамяшчэнне людзей (і войскаў, танкаў, ракетаў), але не ідэй, якія сеюць дабро альбо зло. Нацыянальная (альбо транснацыянальная) бяспека не можа будавацца на традыцыйных прынцыпах ваеннай моцы альбо балансу сілаў у той момант, калі за кошт некалькіх квіткоў на самалёт можна набыць чатыры саманаводныя ракеты, што наносяць страты сусветнай эканоміцы ў памеры сотняў мільярдаў долараў. Нацыянальная бяспека не абмяжоўваецца бяспекай унутры нацыянальных межаў у той час, калі тэрарыстычнае сеціва інтэрнацыянальнае настолькі ж, наколькі разгалінаваная і паўсюдная прысутнасць самой Амерыкі ў свеце. Змаганне з тэрарызмам праз традыцыйную вайну паміж дзяржавамі можа мець эфект не большы, чым стральба з кулямёта па прусаках. Глабалізаваны свет вызначаецца не толькі глабальнасцю пагроз, але і іх дэцэнтралізацыяй і персаніфікацыяй на ўзроўні, які часам не мае нічога агульнага з узроўнем дзяржавы. Што ёсць мэтай і асновай замежнай палітыкі ў падобным свеце, што ёсць ключом да бяспекі і стабільнасці ў ім? Якую ролю ў новым сусветным парадку павінны адыгрываць Злучаныя Штаты, адзіная дзяржава са статусам, вызначаным згодна стандартам халоднай вайны як звышдзяржава?

Традыцыйна, заходняе палітычнае мысленне наконт міжнародных адносін будуецца на падставе дзвюх тэорый. Першая – рэалізм – вызнае дзяржаву як асноўны суб’ект дачыненняў у свеце і бачыць ключ да стабільнасці ў балансе сілаў. З пункту гледжання рэалістаў, дзяржавы паводзяць сябе незалежна ад іх унутранага палітычнага ладу (усім патрэбная моц і ўплыў), таму ідэалогіі не месца ў сусветнай палітыцы. Такі пункт гледжання ў сучасным амерыканскім мысленні часцяком вызначаецца як «ніксанізм» – паводле прозвішча былога прэзідэнта, што дасягнуў паслаблення напружанасці ў адносінах з СССР і адначасова выкарыстаў ангажаванне з Кітаем як сродак балансавання савецкай пагрозы, нягледзячы на такія ж фундаментальныя ідэалагічныя разыходжанні з Паднябеснай, што існавалі і ў дачыненнях з савецкай імперыяй. Другая тэорыя вызначаецца як лібералізм і грунтуецца на веры ў тое, што дзяржава трымае ў свеце першынство ў залежнасці ад таго, якім чынам яна існуе ўнутры самой сябе. Згодна з гэтым, мір і стабільнасць залежаць ад пашырэння свабоды і дэмакратыі. Зноў жа паводле імя былога прэзідэнта ЗША, найболей вядомага ў якасці пратаганіста гэтай замежнапалітычнай лініі, гэтая тэорыя вядомая як «вільсанізм».

Аднак, ці ёсць «ніксанізм» і «вільсанізм» адказамі на выклікі сённяшняга дня? З аднаго боку, ці можна шукаць адказ на пытанні глабальнай бяспекі ў балансе сілаў між дзяржавамі (і гэтак абмяжоўваць сваю свабоду манеўра вызнаннем суверэннасці) ва ўмовах, калі дзяржавы не кантралююць сілы зла? З іншага боку, ці патрэбныя сёння старыя стратэгічныя альянсы (такія, напрыклад, як еўраатлантычная супольнасць заходніх дэмакратый), асабліва калі яны звязваюць рукі ў барацьбе з сусветным злом? Ці не прыйшоў час больш гнуткіх, тымчасовых кааліцый па інтарэсах? У дачыненні да пытання дэмакратыі – ці павінна наяўнасць альбо адсутнасць дэмакратыі вызначаць замежную палітыку і партнёраў у барацьбе з сусветнымі пагрозамі, а з іншага боку, ці павінен дэмакратычны гегемон абмяжоўваць сябе клопатам аб падтрыманні стратэгічнага балансу ва ўмовах, калі некаторыя дыктатуры відавочна хаўруснічаюць з тэрарызмам? Дамінантная на сённяшні дзень у амерыканскай палітыцы неакансерватыўная плынь шукае адказы ў своеасаблівым сімбіёзе рэалізму і лібералізму, у формуле, вызначанай кансерватыўным аналітыкам Чарльзам Краўтхамерам як «дэмакратычны рэалізм». З аднаго боку, моц ёсць асноўным фактарам у замежнай палітыцы і вызначальным у супрацьстаянні пагрозам ХХІ ст. З іншага боку, дэмакратыя павінна насаджацца там, дзе дыктатура пагражае амерыканскай бяспецы. Паводле гэтай логікі, Амерыка як адзіны сусветны гегемон мае права дзейнічаць самастойна (ліквідуючы пагрозы «папераджальнымі» дзеяннямі) і не зважаць на суверэннасць і думку хаўруснікаў альбо міжнародныя інстытуты, такія, як ААН. У той жа час яна павінна насаджаць дэмакратыю ў Іраку і Палестыне, але не ў Пакістане альбо Расіі, якія збольшага супрацоўнічаюць у «барацьбе супраць тэрарызму». Замежная палітыка адміністрацыі Буша-малодшага вызначаецца менавіта гэтай логікай, найперш, аднабаковасці (зыходзячы з амерыканскай гегемоніі ў свеце) і «выбарачнага вільсанізму» (прамоцыі дэмакратыі там, дзе гэта неабходна для забеспячэння амерыканскіх інтарэсаў).

Збігнеў Бжазінскі звяртаецца да праблемы паводзін Злучаных Штатаў у свеце ў кантэксце самага глыбокага крызісу заходняга альянсу з пачатку халоднай вайны, што справакавала вайна ў Іраку. Бжазінскі, колішні дарадца прэзідэнта Джымі Картэра па нацыянальнай бяспецы, адыграў выключную ролю ў выпрацоўцы замежнапалітычнай стратэгіі, што паклала канец халоднай вайне і выкарыстоўвала сумесь сілавой гульні на «сусветнай шахматной дошцы» (назва яго іншай кнігі) ды вільсанаўскага лібералізму. З аднаго боку – гульня на аслабленне савецкай імперыі (Бжазінскі часцяком сцвярджае, што менавіта замежнапалітычныя манеўры, рэкамендаваныя ім, завабілі СССР у Афганістан). З іншага – актыўнае прапагандаванне «маральнай» дамінанты ў барацьбе з савецкай імперыяй (менавіта пры Картэру ЗША пачалі адыходзіць ад падтрымкі «сваіх сучыных сыноў» і ўзялі на ўзбраенне тэму барацьбы за правы чалавека як сродак замежнай палітыкі: пабочным эфектам стала аслабленне і калапс колішніх праамерыканскіх дыктатур на ўсім свеце). Адзін з самых каларытных гульцоў халоднай вайны (і, пэўна, найбольш выбітны мысляр Амерыкі ў дэмакратычным лагеры) кідае выклік адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага і заклікае да фундаментальнага перагляду падставовага бачання свету неакансерватыўнымі дэмарэалістамі.

На думку Бжазінскага, Амерыка сапраўды застаецца адзінай глабальнай звышдзяржавай, якая мае рэсурсы і магчымасці абараніць сябе і свет ад сусветных пагроз. Для яго відавочна, што бяспека адной, нават самай моцнай дзяржавы, недасягальная без бяспекі ўсіх, што прыводзіць да высновы аб неабходнасці падтрымання інтэрнацыяналізму замежнай палітыкі ЗША. Ва ўмовах, калі пагрозы сапраўды глабальныя, нацыянальная суверэннасць не можа блакаваць высілкі ў барацьбе, напрыклад, з міжнародным тэрарызмам альбо супраць распаўсюджвання ядзернай зброі. У той жа час, скамплікаванасць і ўзаемазалежнасць свету ва ўмовах глабалізацыі робіць аднабаковасць у замежнай палітыцы небяспечнай як для Амерыкі, так, па азначэнні, і для астатняга свету.

Альтэрнатывай аднабаковасці з’яўляюцца, па-першае, цярплівыя і доўгатэрміновыя высілкі дзеля замірэння найбольш нестабільных рэгіёнаў у свеце. Напрыклад, Бжазінскі заклікае да больш збалансаванага падыходу да вырашэння ізраільска-палестынскага канфлікту, заклікае, каб Захад не прымаў ані адзін з бакоў (г. зн. Ізраіль) як свайго запраграмаванага фаварыта. Па-другое, гэта паслядоўныя высілкі дзеля ангажавання прыхільных партнёраў у справе стрымлівання і, калі магчыма, ліквідацыі пагроз. Па-трэцяе, гэта прызнанне глабалізацыі не толькі як магчымасці ўзбагачэння, але і як феномена, што мае маральнае вымярэнне. Бжазінскі кажа аб неабходнасці выкарыстання таго, што іншыя аналітыкі, напрыклад, Джозэф Ні, называюць мяккай сілай – г. зн. сілы прыкладу, прывабнасці і спачування. Узмацненне мяккай сілы Захаду наўпрост залежыць ад таго, наколькі прыхільны ён да такіх праблем у свеце, як абарона правоў чалавека і барацьба супраць галечы (што ні ў якім разе не павінна ахвяравацца ў інтарэсах барацьбы з тэрарызмам). Па-чацвёртае, гэта распаўсюджванне ўнутры самой Амерыкі палітычнай культуры, што вызнае комплексную прыроду сусветнай узаемазалежнасці.

Што абмяжоўвае аднабаковасць амерыканскай замежнай палітыкі? На думку Бжазінскага, гэта перадусім натуральныя абмежаванні магчымасцяў самой звышдзяржавы. Нават яна не мае рэсурсаў і здольнасцяў, каб «расцягнуцца» на ўсім свеце і ліквідаваць усе глабальныя пагрозы. Безумоўна, Амерыка здольная зліквідаваць ядзерны патэнцыял Ірана ці нават Паўночнай Карэі, аднак толькі падтрымка міжнароднай супольнасці дазволіць мінімізаваць чалавечыя і фінансавыя страты ў раззбраенні гэтых краін. Яна можа акупаваць Ірак, дапамагчы Ізраілю кантраляваць увесь сектар Газа і Заходні бераг ракі Іардан альбо стрымаць егіпецкіх ці палесцінскіх тэрарыстаў. Але аднабаковыя дзеянні Злучаных Штатаў успрымаюцца ў рэгіёне як праява амерыканскага імперыялізму. Вайна з тэрарызмам, паводле словаў Бжазінскага, можа хутка перайсці ў вайну цывілізацый, якая толькі пашырыць глабальныя пагрозы. Нарэшце, ва ўмовах аднабаковасці замежнай палітыкі ЗША, як гэта ні парадаксальна, менавіта набыццё зброі масавага знішчэння можа стаць адпаведнай гарантыяй для «краін-ізгояў», каб абараніць сябе ад запалохвання з яе боку (паводле аднаго анекдота, ЗША напалі на Ірак толькі пасля таго, як інспектары высветлілі, што ў Іраку сапраўды няма зброі масавага знішчэння).

Бжазінскі таксама рашуча адхіляе пункт гледжання некаторых амерыканскіх неакансерватараў, што Амерыка мусіць ахвяраваць сваімі традыцыйнымі (і на сённяшні дзень незгаворлівымі) партнёрамі ў Еўропе і знайсці новых паплечнікаў сярод іншых краін, якія найбольш зацікаўленыя ў барацьбе з тэрарызмам і нераспаўсюджваннем ядзернай зброі – хутчэй за ўсё, з Ізраілем, Расіяй, Турцыяй, Кітаем і Індыяй. Ніводная з гэтых краін не мае адпаведных рэсурсаў і магчымасцяў, каб весці барацьбу з сённяшнімі сусветнымі пагрозамі. Амаль усе яны пакутуюць ад унутраных канфліктаў, што робіць іх здольнасць да глабальнага дзеяння яшчэ больш абмежаванай, а ўмяшальніцтва ў справы іншых краін не менш супярэчлівым і патэнцыйна правакуючым небяспечную контррэакцыю, чым умяшальніцтва саміх Злучаных Штатаў. Некаторыя з іх паміжсобку з’яўляюцца стратэгічнымі канкурэнтамі за ўплыў і доступ да рэсурсаў (напрыклад, Кітай і Расія, Кітай і Індыя). Іншы шэраг супярэчнасцяў існуе паміж імі і іншымі, сталымі партнёрамі ЗША (напрыклад, Індыя і Пакістан). Да таго ж, некаторыя з гэтых краін з энтузіязмам супрацоўнічаюць з ЗША ў барацьбе з тэрарызмам менавіта таму, што, паводле іх разлікаў, апошняя прывядзе да аслаблення Амерыкі. У рэцэнзаванай кнізе, аднак, Бжазінскі паўстае як выразны прыхільнік вільсанізму, ідэалістычнай замежнай палітыкі, заснаванай на ліберальных каштоўнасцях, шматбаковасці і дэмакратычным лідэрстве, а не гегемоніі Злучаных Штатаў.

Чаму традыцыйны альянс не страціў сваёй актуальнасці? Таму што адмова ад яго паставіла б пад пагрозу амерыканскае маральнае лідэрства ў свеце. Амерыканская гегемонія, сцвярджае Бжазінскі, прымаецца значнай часткай свету да той ступені, у якой Амерыка выступае як сусветны дэмакратычны лідэр. Хаатычныя часовыя хаўрусы з дыктатурамі разбураць найкаштоўнейшы элемент амерыканскай «мяккай сілы» ў свеце. Больш за тое, такія тэрміновыя хаўрусы прывядуць да таго, што ЗША будуць вымушаныя згаджацца з прыватнымі вызначэннямі «барацьбы з тэрарызмам» іх аўтарытарных паплечнікаў (і згаджацца, напрыклад, з генацыдам у Чачні альбо рэпрэсіямі ў Тыбеце), чым выкліча яшчэ большыя абвінавачванні ў амаральнасці і, як вынік, супраціў яе замежнапалітычным высілкам. Па-другое, разбурэнне традыцыйнага альянсу з боку ЗША выкліча адпаведную рэакцыю з боку тых самых еўрапейцаў, што прывядзе да большай антаганізацыі ўзаемаадносін і невыкарыстання існуючых шанцаў супрацоўніцтва. Па-трэцяе, гэта непазбежна прывядзе да геапалітычнай канкурэнцыі ЗША і Еўропы ў такіх рэгіёнах, як Блізкі Усход ці Лацінская Амерыка; у выніку пазіцыі як Амерыкі, так і Еўропы будуць аслабленыя. Па-чацвёртае, адсутнасць палітычнай падтрымкі з боку аб’яднанай Еўропы дае дадатковую прастору для манеўра менавіта тым сілам, з якімі ЗША вядуць барацьбу (гэта ўжо відавочна ў дачыненні да Ірана альбо ізраільска-палестынскага канфлікту). Па-пятае, дарма што Еўропа з некаторых прычын вымушана гуляць другім нумарам у вайсковых пытаннях, яе патэнцыял несувымерна большы, чым патэнцыял самых значных амерыканскіх патэнцыйных тактычных хаўруснікаў (прывядзём адзін прыклад у пацвярджэнне: адміністрацыя Буша дэкларуе як поспех тое, што ЗША злавілі альбо нейтралізавалі прыкладна тры чвэрці баевікоў і лідэраў «Аль-Каіды»; прыкладна дзве траціны поспеху залежала ад падзелу разведвальнай інфармацыі паміж хаўруснікамі). Нарэшце, як вызначае Бжазінскі, «кангламераты (тактычныя хаўрусы. – Аўт.) не маюць гістарычнага бачання. Яны маюць толькі адчувальныя на дотык кароткатэрміновыя інтарэсы», і як вынік, не могуць служыць падставай для будучага, што не абмежавана сённяшнім стратэгічным парадкам дня. Такім чынам, мацаванне еўраатлантычнага альянсу ёсць неабходнай стратэгічнай задачай ЗША, у тым ліку і ў плане мінімізавання тэрарыстычных альбо ядзерных пагроз сучаснасці. У гэтым сэнсе наўмысная тактычная гульня, накіраваная на падзел Еўропы (у чым Бжазінскі падазрае адміністрацыю Буша-малодшага гэтаксама, як большасць еўрапейскіх інтэлектуалаў і полісімэйкераў), адкідаецца як стратэгічна небяспечная.

У адрозненне ад дэмарэалістаў, якія бачаць галоўны выклік будучыні ў замірэнні і рэарганізацыі Блізкага Усходу, Бжазінскі бачыць задачу Захаду больш шырока, вызначаючы яе як стабілізацыю «глабальных Балканаў» (Блізкі Усход і Цэнтральная Азія). Гэтая стабілізацыя немагчымая без перавызначэння ролі Расіі ў міжнароднай супольнасці. Такім чынам, выклікі, што засталіся ў спадчыну з часоў халоднай вайны, дасюль актуальныя.

Аргументы Бжазінскага паказваюць вялікую розніцу паміж падыходамі лібералаў і дэмарэалістаў у пытанні, якое наўпрост тычыцца Беларусі і, у больш шырокім кантэксце, усяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну: прамоцыі і пашырэння дэмакратыі. Бжазінскі відавочна зыходзіць з таго, што ліберальны шматбаковы свет будзе больш трывалым і магчымым, калі яго дэмакратычная сарцавіна пашырыцца. Зыходзячы са сфармуляванага ім геапалітычнага парадку дня і свайго бачання свету, ён бачыць асноўны напрамак пашырэння ў глыбіню Усходняй Еўропы і, па магчымасці, у Расію. Логіка дэмарэалізму вызначаецца ўспрыманнем амерыканскай перавагі як дадзенасці, і таму не бачыць неабходнасці ў распаўсюджванні дэмакратычнага ядра як такога, а заклікае да непасрэднай рэканструкцыі тых дзяржаў і грамадстваў, дзе гэта, на іх думку, найбольш адпавядае амерыканскім інтарэсам. У дэмарэалістычным парадку дня пашырэнне дэмакратыі, такім чынам, перш за ўсё тычыцца Ірака, Палестыны, магчыма, Егіпта і Іарданіі, а не Расіі, Беларусі ці Украіны. Даволі цікава, але палітычны крызіс і аранжавая рэвалюцыя на Украіне шмат у чым праходзілі пад уплывам менавіта гэтага бачання. Паводзіны Расіі падчас выбарчых і вулічных падзей ва Украіне былі шмат у чым прадыктаваныя разуменнем таго, што дадзены рэгіён знаходзіцца ў яе зоне ўплыву і што нібыта гэтыя зоны ўплыву былі размеркаваныя падчас згоды Расіі далучыцца да антытэрарыстычнай кааліцыі. Калі Захад быў вымушаны ўмяшацца (пад уплывам тых краін новай Еўропы, якія, нягледзячы на свой выразны антыамерыканізм, больш прыхільныя да бачання Усходняй Еўропы, выказанага Бжазінскім), Пуцін быў відавочна разгублены і пачаў выказваць пярэчанні, якія выдавалі яго ўспрыманне свету, што склалася пасля 11 верасня 2001 г. (літаральна, ён пытаўся ўслых, чаму Захад умешваецца ў справы Афганістана і Ірака, а ён не можа ва ўкраінскія справы).

Што тычыцца Расіі, то Бжазінскі ніколі не падзяляў аптымістычных прагнозаў наконт яе «пераходу на бок Захаду» ў сусветнай геапалітычнай гульні, якая пачалася 11 верасня 2001 г. Расія, адзначае ён, успрыняла новую рэчаіснасць (перш за ўсё імклівае пранікненне ЗША на постсавецкую прастору) «з пачуццём унутранай пагарды, хаця і са значным рэалізмам». Крокі Расіі на збліжэнне з Захадам былі прадыктаваныя перадусім геапалітычнымі разлікамі, такімі, як усведамленне ўзмацнення Кітая (гэтаксама як і паўзучай кітайскай каланізацыі поўдня Сібіры) і рост ісламскага фундаменталізму ды тэрарыстычных пагроз па перыметры яе паўднёвых межаў. У доўгатэрміновай перспектыве тэрытарыяльная цэласнасць Расіі застаецца пад пагрозай. Як рэаліст Бжазінскі пералічвае чыннікі, якія аб’ектыўна павінны зрабіць ангажаванне Расіі і Захаду непазбежнымі. Акрамя бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, гэта таксама пытанні эканамічнага развіцця (ён мяркуе, што развіццё Сібіры можа стаць для Захаду новым Кландайкам, а для Расіі – шанцам для канчатковай кансалідацыі свайго кантролю над рэгіёнам і імклівага яго развіцця як лакаматыва ўсёй расійскай эканомікі). У той жа час, Захад можа наўмысна дапамагчы кансалідаваць толькі «постімперскую, больш дэмакратычную Расію», з чаго вынікае, што ангажаванне Расіі і Захаду абмежавана ўнутранай палітычнай дынамікай самой Расіі. «Еўропа павінна асабліва сачыць, каб яе новае стратэгічнае партнёрства з Расіяй не дало Крамлю новых крыніц палітычнага ціску на блізкае замежжа». Уключэнне Расіі ў якасці нармальнай, звычайнай еўрапейскай дзяржавы ў трансатлантычную супольнасць, на думку Бжазінскага, ёсць ключом да стабілізацыі «глабальных Балканаў».

Аднак ці рэалістычнае такое бачанне шматбаковага свету, які застаецца, паводле вызначэння нашых дамарослых геапалітыкаў, аднапалярным? Напрыклад, выклікае вялікія сумненні, што глабальны парадак дня, прапанаваны Бжазінскім, задаволіць усіх удзельнікаў шматбаковых адносін. Так, тэза аб тым, што стабілізацыя «глабальных Балканаў» залежыць ад адносін Захаду з Расіяй, адразу ж выкліча спрэчкі. Напрыклад, французская і нямецкая пазіцыі адносна таго, што «Расію нельга антаганізаваць», фактычна незалежна ад яе паводзін на міжнароднай арэне, шырока вядомыя. У адрозненне ад сітуацыі халоднай вайны, кошт нязгоды са Злучанымі Штатамі для яе хаўруснікаў цяпер значна заніжаны. Супольнай глабальнай пагрозы больш не існуе, а несупрацоўніцтва ў барацьбе з глабальным тэрарызмам можа бачыцца, асабліва пасля іспанскіх тэрактаў, як гарантыя, а не пагроза бяспецы.

Да таго ж незразумела, якім чынам новая шматбаковасць будзе структурызаваная. Цікава, але пры ўсіх закліках да шматбаковасці, Бжазінскі згадвае ААН толькі адзін раз у сваёй кнізе (і толькі ў прадмове). Такім чынам, ён міжволі пацвярджае адзін з асноўных аргументаў крытыкаў «вільсанізму»: старая сістэма «калектыўнага сусветнага ўраду» састарэла. Насамрэч, у вільсанаўскім падыходзе закладзена відавочная супярэчнасць. З аднаго боку, ён заклікае да пашырэння дэмакратыі як гарантыі міру і стабільнасці. З другога, ён усё яшчэ ўскладае надзеі на інстытуты, якія не толькі не пасуюць для ажыццяўлення гэтай мэты, але, наадварот, з’яўляюцца сродкам легітымізацыі тыранічных рэжымаў. Зазначым, што вайна ў Іраку была далёка не першым выпадкам, калі не спрацавала сістэма ААН. Варта нагадаць, што падчас крызісу ў Косаве тыя самыя еўрапейскія дзяржавы, якія потым крытыкавалі ЗША за аднабаковасць у Іраку, самі далучыліся да баявых дзеянняў у складзе NATO без рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН.

Але ці можна разбурыць ААН без наступстваў (калі шэраг дзяржаў, якія прынята называць ізгоямі, проста вырашаць, што яны больш не звязаныя аніякімі нормамі добрага тону ў міжнародных адносінах)? Акрамя таго, што можа стаць новым падмуркам шматбаковасці? На Захадзе цяпер вельмі модныя размовы аб стварэнні «супольнасці дэмакратый» як новага інструмента міжнародных адносін. Гэтая ідэя, аднак, адразу ж была сустрэтая ў штыхі тымі, хто ўбачыў у ёй новы інструмент амерыканскай гегемоніі ў свеце. У той жа час, ідэя супольнасці дэмакратый разумеецца па-рознаму ў залежнасці ад старых поглядаў на прыроду міжнародных адносін. Для лібералаў – гэта аб’яднанне дэмакратый заходняга паўшар’я, Еўропы і трэцяга свету, у якім важную ролю будуць адыгрываць перыферыйныя ў сэнсе падзелу сілы і ўплыву краіны. Для рэалістаў і дэмарэалістаў – гэта перш за ўсё аб’яднанне прыхільных ЗША дзяржаў: Англіі, Італіі, «Новай Еўропы» і хаўруснікаў у трэцім свеце. Дык чым павінна быць супольнасць дэмакратый – крэпасцю, што бароніць бяспеку яе сяброў, ці інструментам пашырэння сябе самой у глабальным памеры? У любым разе, якая б формула альянсу дэмакратый не была выведзеная, ён, хутчэй за ўсё, будзе ўспрымацца вялікай колькасцю гульцоў на міжнароднай арэне як працяг амерыканскай альбо заходняй гегемоніі. Палітыку ж у адносінах да Расіі, Кітая альбо таго ж арабскага свету давядзецца вызначаць у атмасферы падазронасці і, у значнай ступені, варожасці. Тады ў заходняга свету застаецца небагата альтэрнатыў. Адна – згадзіцца на працяг усё меней адэкватнай сістэмы, заснаванай на ААН. Другая – прымірыцца з тым, што кансэнсус і кампраміс нельга расцягнуць па ўсім свеце.

Ідылія глабальнай шматбаковасці можа быць пастаўлена пад сумнеў і яшчэ адным чыннікам, пра які, дарэчы, шмат гаворыць сам Бжазінскі. Падтрыманне альянсу дэмакратый вымагае ўліку адной важнай акалічнасці. Дыктатуры могуць будаваць свае альянсы на кансэнсусе ўладных эліт. Дэмакратыі, у доўгатэрміновай перспектыве, патрабуюць таксама кансэнсусу грамадстваў (наступствы тэрарыстычнай атакі ў Мадрыдзе 11 сакавіка 2004 г. і выхад Іспаніі з вайсковай кааліцыі ў Іраку яскрава гэта дэманструюць). Амерыка, натуральны лідэр альянсу дэмакратый, сутыкаецца з тым, што яе мультырасавы, мультыэтнічны склад мае важныя доўгатэрміновыя наступствы. У мінулым і ў сучасным неабходнасць заваявання галасоў меншасцяў рабіла і робіць важны ўплыў на амерыканскую замежную палітыку. Іспанская мова ўжо фактычна стала другой мовай ЗША, і палітычны ўплыў пераважна мексіканскага насельніцтва вызначальны ў справе адносін унутры заходняга паўшар’я. Прасунутая габрэйская эліта такім жа чынам уплывае на палітыку што да Блізкага Усходу. Моцныя ўсходнееўрапейскія меншасці шмат вызначаюць у палітыцы пашырэння NATO і г. д. З іншага боку, шматлікае мусульманскае насельніцтва ў еўрапейскіх краінах шмат у чым вызначае і іх замежную палітыку, а значыць, і супярэчнасці з тымі ж Злучанымі Штатамі. Пры такім стане рэчаў замежная палітыка можа быць лёгка прыватызавана кааліцыяй найбольш галасістых і ўплывовых меншасцяў. Аднак, пазначым тут, прычына крызісу шматбаковасці ўжо не з’яўляецца цалкам віной ЗША. Напрыклад, падтрымка Францыяй Палестыны, часцяком незалежна ад таго, якім чынам сябе паводзіць яе кіраўніцтва і ці спрыяе яно ліквідацыі тэрарыстычных пагроз са свайго боку, пры пэўным жаданні можа быць вызначана настолькі ж амаральнай і аднабаковай, як і палітыка ЗША: за тым выключэннем, што палітычныя і вайсковыя рэсурсы Францыі нашмат меншыя.

Калі цяжкасць прыняцця рашэнняў у шматбаковым альянсе дэмакратычных дзяржаў не зводзіцца да аднаго памкнення ЗША да сусветнай гегемоніі любым коштам, спакуса аднабаковасці непераадольная. Урэшце, вайна ў Іраку магла сапраўды быць стратэгічнай памылкай (аўтар, дарэчы, прытрымліваецца гэтага пункту гледжання). Ініцыятыва дэмакратызаваць Блізкі Усход выглядае ў лепшым выпадку як фантазія, у горшым – як слаба прыкрытая спроба пашырэння гегемоніі, а не дэмакратыі. Аднак іншыя пагрозы могуць быць зусім рэальнымі. Адна з іх, напрыклад, – ядзерная праграма Ірана, з якім заходні свет можа не зладзіць менавіта праз уплыў антыамерыканізму, узбуджанага іракскай вайной.

Нарэшце, Злучаныя Штаты могуць падтрымліваць шматбаковасць і прытрымлівацца гегемоніі і дэмакратычнага лідэрства ў адносінах са сваімі паплечнікамі. Аднак гэта азначае, што ЗША не будуць успрымацца як імперыя па-за трансатлантычным альянсам (альбо новай супольнасцю дэмакратый). Ваенныя аперацыі ў Косаве і Афганістане ўспрымаліся ў свеце перадусім як амерыканскія войны, дарма што і Нямеччына, і Францыя, і, у другім выпадку, Расія былі ў складзе кааліцыі. Праз гэта, аднак, прэстыж ЗША не ўзняўся ані ў той самай Расіі, ані ў ісламскім свеце. Вялікі сатана застаецца вялікім сатаном незалежна ад таго, колькі ядуць круасанаў альбо выпіваюць бардо дзе-небудзь на Сярэднім Захадзе.

У любым разе, шматбаковасць як аснова сусветнай палітыкі выглядае ўсё меней і меней рэальнай альтэрнатывай. Лібералізм і шматбаковасць могуць застацца падмуркам адносін паміж заходнімі дэмакратыямі. У дачыненнях Захаду з буйнымі дзяржавамі Еўразіі гульня з балансаваннем сілаў (пабудова варункаў, пры якіх ані Кітай, ані Расія не стануць занадта дамінантнымі), хутчэй за ўсё, працягнецца. У дачыненнях жа з трэцім светам, асабліва з Блізкім Усходам, аднабаковасць дзеянняў можа стаць непазбежнай незалежна ад таго, ці будзе знаходзіцца ў Белым доме Буш-малодшы. Так ці інакш, замежная палітыка ЗША і надалей будзе вызначацца сумессю гегемоніі і лідэрства, рэалізму і вільсанізму акурат таму, што поўная гегемонія недасяжная, а рамантычны падыход сутыкаецца з больш сумным палатном зусім нерамантычнага свету.

  стыпэндыят «Reagan-Fascell Democracy Fellow» вашынгтонскага Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25