A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  СЯРГЕЙ ШЫДЛОЎСКІ

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Шыдлоўскі
Полацкія амбіцыі


Сябры выпрабоўваюцца ў шчасьці. Соладка было любіць Полацак шэрых скрыўленых парканаў, дзівосы якога адкрываліся толькі абраным. Цяпер Полацак, аблашчаны ўладай і бізнэсам, Полацак пасьля «эўрарамонту», Полацак з палацамі-базарамі і цэрквамі, што аднаўляюцца на складкі бізнэсоўцаў, пакідае ў старых крывіцкіх патрыётаў дваістае ўражаньне. Інтэлігенцыі цяжка канкураваць у любові да гораду з уладай. Гэтаксама як і складаць яму вершаваныя прысьвячэньні, – сёньня з большым маральным правам гэтым займаецца сам полацкі мэр-будаўнік Уладзімер Тачыла.

Ёсьць спакуса, паводле нямецкай культуралягічнай традыцыі, супрацьпаставіць на прыкладзе сёньняшняга Полацку духоўную культуру матэрыяльнай цывілізацыі, вершаваныя зборніку ТВЛ ды «Полоцкой ветви» брукаваным ходнікам, зробленым у горадзе наконадні Дажынак. Але брукаванка, ліхтары ды газоны ўтвараюць з айчыннай гарадзкой паэзіяй настолькі арганічны і шчыльны сымбіёз, што падзяліць іх на сучасным этапе няма як.

Шматлікія полацкія фэсты апошніх гадоў не прамінулі дарма. Колішнія вяскоўцы набываюць густ да гарадзкога жыцьця. Бабулькі новай фармацыі насуперак сваёй клептаманскай звычцы выкопваць туліпаны з гарадзкіх кветнікаў пачалі прывозіць расаду кветак з уласных лецішчаў і высаджваць яе ў гарадзкіх дварох. Гэта не ідылія, гэта сучасны Полацак, у пад’ездах якога ўжо можна сустрэць фіранкі і рэпрадукцыі карцін.

У горад вярнулася тое, на чым ён адпачатку паўставаў, – амбіцыі і грошы. У гістарычных раёнах гораду неяк раптоўна вуліцы апанавалі новыя асабнякі, прыватныя ўладаньні за высокімі платамі. У горад вярнуліся гаспадары.

Полацкая старажытнасьць у модзе. Але яна запатрабаваная не як гісторыя, а ў выглядзе антычнасьці – абстрактных уяўленьняў аб мінулым без гістарычнай дакладнасьці, без прывязкі да факту, калі нараджаюцца крамы з адвольнымі назвамі кшталту «Замкавая», «Стралецкая» ці рэстарацыя «Манастырскі паграбок» (дарэчы, гатуюць там добра, сьцьвярджаю гэта на падставе досьведу правядзеньня ў ім уласнага вясельля).

Магчыма, для абазнанага турыстычнага вока сучасны Полацак выглядае сьціпла. Але ня варта рабіць хуткіх высноваў. Гэта той выпадак, калі старая форма цяжарная новым зьместам. Сымбалем такой мэтамарфозы бачыцца запалоцкая сядзіба Алеся Аркуша і Тацяны Козік, новая легенда Полацку. Гэта вясковы драўляны дамок, за парогам якога сьцены і столь самым непасрэдным чароўным чынам рассоўваюцца ўшыркі, нібыта законы эстэтыкі здольныя адмяняць фізычныя законы, выяўляючы чацьвёртае вымярэньне – прастору мастацкай духовай працы.

Статус Полацку зьмяняўся неаднойчы, але амбіцыі палачанаў ніколі ня ведалі дэвальвацыі. Полацак нагадвае зорку, якая згарэла процьму часу таму, аднак сьвеціць нам дасюль, – «згарэлі» палітычныя падставы полацкай велічы, але засталося нешта нематэрыяльнае і дзейснае – сьвет духоўнай працы.

* * *

Полацак – гэта рынкі, цэрквы, унівэрсытэт, прамзона. Менавіта ў такім парадку. Горад з купецкімі амбіцыямі.

Шмат грошай – шмат згрызотаў, адсюль цэрквы. Гандляры з размаітых базараў ня хочуць, каб іх дзеці стаялі ў ралетах, адсюль унівэрсытэт. Прамзона ж – як паплаўкі бясьпекі па бартох старога чаўна – полацкага купецкага карабельчыка, які асталяваўся ў выглядзе герба на прыватных гарадзкіх маршрутках.

Калі гэты карабельчык урэшце зловіць у ветразі спадарожны ветрык турыстычных зацікаўленьняў, прамзона Наваполацку з калюмнамі закураных комінаў «Паліміру» ды «Нафтану» зробіцца архітэктурна-ляндшафтным запаведнікам індустрыйнай эпохі. Бэтонныя парканы, абкручаныя калючым дротам, будуць раскалупвацца на сувэніры. Сымболіку перакрыжаваных сярпа й молата гіды пачнуць выводзіць з дэвізу мясцовых анарха-пралетароідаў: «Касі й забівай».

Падчас адмысловых фэстаў на вялікія сьвяты па гарадзкой радыёсетцы будзе ўключацца трывожная сырэна, перарываная настальгічным спавяшчэньнем хрыпатага дыктара: «Гаварыт Штаб гражданскай абароны, гаварыт Штаб гражданскай абароны, адбыўся выкід небясьпечных рэчываў, просім саблюдаць спакойствія...» Для большага падабенства над горадам у той момант расьцярушаць серавадародны спрэй.

Так, Полацак – гэта рынкі, цэрквы і ўнівэрсытэт з прамзонай. Але Полацак – гэта й вакзал, перакрыжаваньне на старым шляху «з вараг у грэкі». Палачане раскіданыя па сьвеце, і цяпер, каб даведацца аб сапраўдных вымерах полацкай амбітнасьці, трэба выправіцца, скажам, у маскоўскі Крэмль. Маскву будавалі палачане.

Задужа амбітная заява? Усё пазнаецца ў параўнаньні. Палачанка Рагнеда не захацела пабрацца шлюбам з «рабынічам» Уладзімерам, полацкі князь Усяслаў Чарадзей збудаваў велічную Сафію – сымбаль дзяржаўнасьці, – палачанін Францішак Скарына, перакладчык і першадрукар біблійных тэкстаў на старабеларускай мове, зьмясьціў свой партрэт у кнізе Сьвятога пісаньня, сучасны мэр Полацку Ўладзімер Тачыла марыць аб конным помніку Ўсяславу...

Ці ёсьць у Беларусі больш амбітны за Полацак горад? Хіба Наваполацак. Ачольнік наваполацкай мэрыі Аляксандар Камароў, дзелячыся сваімі плянамі з студэнтамі Полацкага ўнівэрсытэту, паабяцаў паставіць на цэнтральным пляцы гораду шматмэтровую статую арханёла Міхаіла і збудаваць у ягоны гонар царкву. Такая ўвага гэтаму арханёлу тлумачыцца тым, што Міхаіл зьяўляецца, паводле афіцыйных крыніцаў, нябесным апекуном Нафтаграду. Акрамя таго, горад набудзе неўзабаве шэсьць фантанаў з разарыем, боўлінг і помнік вандроўнаму музыканту... І пабудуе аквапарк…

* * *

Днём палачане – гандляры, таксоўшчыкі, сьлесары, студэнты, увечары ж ці раніцой мужчынская частка Полацку перакідаецца ў рыбароў.

Самая ўнівэрсальная амбіцыя прыдзьвінскіх мальцаў – рыба.

«Хрыстос хадзіў па вадзе аднойчы, а мы палову году ходзім», – жартуюць аматары зімовай рыбалкі. «Каб здохла ваша рыба», – уздыхаюць маладыя гаспадыні, разносячы за сьвяточным сталом гарачую бульбу. Але ты не бульбаша выбірала, сястрычка, ты ўпадабала бляск крывіцкіх вачэй, у якіх калючы яджгур паляўнічага заціну і загадкавая летуценнасьць – мары пра Вялікую Рыбу, дзьвінскага сама.

На бязрыб’і ідуць шашлыкі, яны пахнуць цыбуляй і любошчамі. Дранікі? Дранікі, насьледак зборніка «Кухня народаў СССР», прэзэнтуюць арэал лапцяў ды кухоннага палітыканства. Для даведкі: марскі народ Полацку здавён насіў скураны абутак.

Бульба паводле супастаўленьня ўкладзеных сродкаў з вынікам – тамагочы айчынных лецішчаў. Славай нацыянальнага прадукту яна абавязаная знанаму меху, зь якім на карку беларусы штурмавалі саюзныя здраўніцы ды сталічныя інтэрнаты. Заплечнік з бульбай для беларуса на чужыне – аналяг мяшэчка роднай зямлі, попел Кляаса. У меру зьмяншэньня аб’ёму карняплодаў настальгія павялічваецца. Працягласьць перабываньня беларуса на чужыне, такім чынам, наўпрост абумоўлена памерам ягонага бульбянога меха. Лёхі запрыгоньваюць, вызваляе рыбалка.

Апошні буйны ўлоў – пятнаццацісантымэтровы шчупак – быў выцягнуты мной у сямігадовым веку. Паплавок губляецца ў рабаціньні, а падсьвядомасьць тым часам выкладае белым вапняком на супрацьлеглым беразе Дзьвіны КРЫЎЯ, не раўнуючы як той НOLLYWOOD.

Большасьць тых, з кім дзелішся праектам, дэманструючы прыдзьвінскі краявід з балькона, сьмяюцца, але сустракаюцца і патэнцыйныя інвэстары, якія ўдакладняюць: чаму? Дык жа Полацак існуе, каб перамагаць. Полацак – для ілюмінацый, каранацый, трыюмфатараў. Гэта пляцы і сцэны. Дарма шукаць у Полацку лёхі-сховы-лябірынты. Тут гісторыя выходзіць навонкі, тут дзеецца відовішча, спэктакль, за кулісамі – уся Беларусь.

На гэтай зямлі (не ў Этыёпіі жывём) харчовае пытаньне вырашылася тысячы гадоў таму. Голад іншага кшталту гоніць сучасьніка на рыбалку. Магчыма, яна дае ілюзію вызваленьня з дратоў сучасных сродкаў масавай дэзінфармацыі. Магчыма, гэта досьвед чыстай перамогі. Рыбалка робіць мажлівым полацка-каліфарнійскі, браканьерска-хакерскі ідэалягічны сымбіёз, лучыць амбіцыі Васючэнкі й Барбрука, КРЫЎЮ і НOLLYWOOD.

  стваральнік сайтаў www.sivier.net i www.epolotsk.com.
   

   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25