A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (35) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
МІХАСЬ ТЫЧЫНА | ||||
Эра каментароў Усе кнігі ўжо напісаны і прачытаны. Новыя чытаюцца без ранейшага трымцення ў душы, проста гартаюцца, выхопліваюцца вокам самыя інфарматыўныя, маляўнічыя, парадаксальныя абзацы, сказы, фразы. Усё астатняе – знаёма-трывіяльнае, варыятыўна-пераймальнае. Засваенне тэкстуальнай прасторы адбываецца па гарызанталі. Вертыкальнае ўзыходжанне адкладваецца на потым. А пакуль тое, збіраеш, як хлапчук з прытчы Ісака Ньютана каменьчыкі на беразе акіяна, асобныя дэталі, сентэнцыі, досціпы, чуючы на сабе раз-пораз подых бясконцасці, глыбіні, таямніцы. Васіль Быкаў усё больш схіляўся да таго вываду, што белетрыстыка яму ўжо не вельмі цікавая, не нясе новай інфармацыі і асаблівага задавальнення: «Іншая справа – дакументалістыка, мемуары». Тэксты класікаў таксама – чытаеш-гартаеш. Як навукоўца, выкладчык, лектар. Як асоба, якая марна стукаецца ў браму вечнасці, у гэтым працэсе аніяк не задзейнічаны. Куды з большай цікаўнасцю спыняешся на зносках, каментарыях, варыянтах. Не таму што напоўніўся семантычным жыццём тэксту, а таму што адчуваеш яго сэнсавую закрытасць і ўласную недаспеласць. Рыхтуешся да ўзыходжання, якое можа стацца насамрэч падзеннем у падрыхтаваную лёсам пастку, у лепшым выпадку, безнадзейным кружэннем у семіярусным лабірынце Саламона. Класіка, асабліва аддаленая па часе, патрабуе паглыбленай трактоўкі і сур’ёзнай інтэрпрэтацыйнай працэдуры. Найбольш наглядна гэта праяўляецца ў перакладчыцкай справе, калі многія рэаліі даўняй эпохі, іншай культурнай сітуацыі, адзнакі нацыянальнай самабытнасці проста немагчыма данесці да замежнага чытача. Уладзімір Набокаў адчуў гэта і ўсвядоміў, калі перакладаў на ангельскую мову раман у вершах Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін». Ягоны гістарычна-літаратурны каментар разоў у шэсць большы за асноўны тэкст. Зрэшты, увесь неабдымны корпус літаратуразнаўчых даследаванняў уяўляе сабой суцэльны Каментар. Цяжэй у гэтым дачыненні беларускаму навукоўцу: шматлікія падрабязнасці і знакі непаўторнай атмасферы нават нядаўняе пары начыста змыла «чужая хваля», якая з тупым пастаянствам накочваецца на нашу зямлю з захаду на ўсход і з усходу на захад. Як гэта бывае, якіх разумовых высілкаў патрабуе, лёгка пераканацца, знаёмячыся, скажам, з летапісам жыцця і творчасці Янкі Купалы, насычаным невядомымі фактамі, дакументамі, цытатамі з замежных публікацый пра паэта (напісаным Янкам Саламевічам), з каментарамі да збораў твораў нашых класікаў, якія рэдка калі займаюць чвэрць тому, у той час, як у нашых суседзяў паўтому, а то і больш. Сабраныя ў асобныя зборнікі ўспаміны сучаснікаў пра «залатую пяцёрку» родапачынальнікаў нашай новай літаратуры – усяго толькі тандэтныя нататкі. На гэтым фоне літаратурныя запісы Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» выглядаюць не горш, чым Экерманаўскія «Размовы з Гётэ». Аператыўнасць, з якою сабрана і выдадзена кніга ўспамінаў «Наш Быкаў» (укладальнік Генадзь Бураўкін), заслугоўвае ўхвалы. Сапраўды, «ніхто так не зможа расказаць пра Васіля Быкава-чалавека, сябра, суразмоўцу, бяседніка, жартаўніка, спагадніка (да гэтага пераліку варта дадаць – аналітыка, філосафа, прарока, вобраз якога ва ўспамінах не-не ды і заяўляе аб сабе. – Аўт.), як тыя, каго пры жыцці адарыў ён сваім даверам, з кім разам прайшоў тыя ці іншыя вёрсты свайго зямнога шляху». Праўда, узнікае пытанне, каго можна лічыць сябрам «Вялікага Беларуса», як назваў яго Раман Лубкіўскі. Чые ўспаміны вартыя даверу? Таго, хто ведаў Быкава блізка шмат гадоў і прызвычаіўся да ягонага вобразу настолькі, што амаль не заўважаў зменаў, ці таго, хто меў усяго некалькі сустрэч, але заўважыў нешта вельмі значнае, уласна «быкаўскае» ў Быкаву? У кнізе ёсць спробы абазначыць кола сяброў. На думку Валянціна Блакіта, гэта наведнікі кавярні «Сівыя коні» (так жартам называлі «ладную ўтульную сталоўку» ў кватэры Генадзя Бураўкіна), а таксама «гасціннай і ўтульнай хаты» самога Васіля Уладзіміравіча (далей ідзе досыць шчыльны пералік імёнаў і прозвішчаў). Часам ва ўспамінах удакладняецца ступень сяброўскіх дачыненняў з Быкавым. Уладзімір Някляеў з уласцівай яму душэўнай адкрытасцю і нават расхінутасцю адразу абсякае ўсякую магчымасць домыслаў: «Я не быў з Васілём Уладзіміравічам у блізкім сяброўстве». Акрамя зразумелых адрозненняў ва ўзросце, характары і тэмпераменце, ёсць у яго і такая агаворка: «...яго надта шчыльна атуляла, апекавала сяброўскае кола. Як з тых, хто сапраўды быў сябрам, так і з тых, хто ў сябры набіваўся. Іншым разам ён нават здаваўся мне нібыта прыватызаваным». Працэс «прыватызацыі», як можна здагадацца, працягваецца і будзе працягвацца далей: «наш» – «не наш», «свой» – «чужы». Стваральна-разбуральная праца часу жахлівая па сваіх наступствах. Таму ў любым разе лепш паспяшацца, чым адкладваць на пазней. Васіль Быкаў, у якога стасункі з часам былі асабліва напружаныя: ён марудна запрагаў, але ехаў шпарка, урэшце ўласнае жыццё трансфармаваў у вялікі і – гэта варта падкрэсліць – надзіва завершаны твор. Ён паспеў напісаць уласныя ўспаміны. Добра вядома, як упарта адмаўляў ён заўсёды, і яшчэ гады за тры да свайго скону, усялякую гаворку пра сваю асобу. У час саспеў і паспеў. А вось Якуб Колас не паспеў, хаця выказваў напрыканцы жыцця мару напісаць не аўтабіяграфічны раман, а проста аўтабіяграфію, у якой хацеў назваць усё і ўсіх сваімі імёнамі: братоў Луцкевічаў – Луцкевічамі, а не паланізаванымі Ліскоўскімі, Стафанам і Ясем, Аляксандра Уласава – Уласавым, а не абразлівым Уласюком. Паспеў Алесь Адамовіч («Vixi»), паспеў Васіль Быкаў («Доўгая дарога дадому»). Абодва («Яны вартыя былі адзін аднаго, Быкаў з Адамовічам») разглядалі жыццё як творчасць, а творчасць як жыццё, і стваралі яго штодня, ажно да скону. Менавіта таму Быкаў казаў тым, «каго пры жыцці адарыў сваім даверам»: «З майго вопыту... жыць – як посвіст міны сачыць, каб ад асколкаў зратавацца. Ніколі не бывае зарана, а бывае толькі запозна». Сказанае, як відаць, прадуманае, узважанае, бо паўтараецца не раз і датычыцца, напрыклад, такога балючага пытання, як аб’ектыўны, нерэтушаваны вобраз беларусаў (Раман Лубкіўскі ў сувязі з гэтым згадвае словы Томаса Венцлавы: найвялікшы патрыятызм у тым, каб ваяваць з комплексамі сваёй нацыі). Адсюль жорсткая фармулёўка, якая датычыцца будучыні Беларусі і ўражвае сваёй катэгарычнасцю: «...беларусам з іх скамунізаванай свядомасцю спатрэбіцца шмат часу, каб выйсці з духоўнай няволі. І шлях да свабоды будзе цяжэйшым. Нам цудаў чакаць не выпадае. Мы доўга збіраліся і, як заўсёды, спазніліся...» (словы В. Быкава, паводле згадак Уладзіміра Халіпа); «...гістарычны шанс стаць еўрапейскай краінай Беларусь страціла незваротна», «двойчы да прапаноў сваіх гісторыя не вяртаецца» (словы В. Быкава ў пераказе У.Някляева), «напэўна, анёл справядлівасці заўсёды спазняецца» (гэтыя словы В. Быкава запомніў Дзмітро Паўлычка). Кантэкст жыцця і творчасці Васіля Быкава, які старанна рэстаўруюць ягоныя сучаснікі, мае на мэце не толькі бясконцую, з пераменным поспехам, энергастратную вайну пісьменніка з некрафільскімі рэжымамі, але і вайну за самога Быкава. Гэта выявілася ў назве кнігі «Наш Быкаў». Хаця магло быць і афектыўнае: «Быкаў наш!». Створаны кантэкст нагадвае поле пасля бітвы, на якім – у прыкметна аслабленым варыянце, заднім чыслом – дагульваюцца адкладзеныя на вечнае потым партыі, больш падобныя да партый, якія гуляе сам з сабою Гуга Плудэк, персанаж п’есы Вацлава Гаўла (імя, як вядома, невыпадковае ў згаданым кантэксце). Магчыма, таму аўтары ўспамінаў, сябры Васіля Уладзіміравіча, так ахвотна згадваюць лёсавызначальныя, семантычна значныя моманты нашай гісторыі, калі Быкаў-літаратар саступаў месца Быкаву-дзеячу, нацыянальнаму і дзяржаўнаму, байцу, які ідзе ў бой, пад кулі адкрыта, рызыкуе, бо – дадзела, бо – «калі не ён, дык хто яшчэ». Гэта Быкаў – прамоўца, палеміст, камікадзэ – часу паўлегендарнага V з’езду СП БССР, «калі звалілі з трону Броўку». Гэта Быкаў, які кіраваў Устаноўчай канферэнцыяй «Мартыралогу Беларусі», на якой адначасова быў створаны і Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, і, бачачы, што карабель ляціць на рыфы, узяў на сябе стырно і выратаваў сітуацыю... Аднак лепш працытаваць відавочцу і ўдзельніка падзей, самага актыўнага і самага зацікаўленага, а менавіта Зянона Пазьняка: Колькі я раней назіраў за Быкавым, ён нават у вельмі вострых дачыненьнях у час грамадзкіх сутыкненьняў, спрэчак ды канфліктаў маўчаў, як камень. Пазыцыю меў, але ніколі ня кідаўся ў петушыную бойку. І тут раптам ня вытрымаў Быкаў. Ён устаў у гневе, хутка і рашуча. Выгляд ягоны быў пагрозьлівы. (У мяне мільганула нават бязглуздая думка, што ён зараз пагоніць Бузука.) Але Быкаў рэзка крутануў да сябе мікрафон з-пад роту цэкіста і сказаў тое, што трэба, у поўнай цішыні, якая запанавала пры ягоным выступе. Пасьля кароткага і моцнага выступу Быкава Бузук неяк зьвяў і неўзабаве здаўся. Такі Быкаў, Быкаў у паваротныя, сапраўды гістарычныя моманты, «в минуты страсти роковой», калі вырашаецца занадта многае ў лёсе нацыі, несумненна, прыцягвае ўвагу і аўтараў кнігі, і яе чытачоў. Магчыма, таму згаданыя эпізоды нашай нядаўняй, але такой насычанай жарсцямі гісторыі ў кнізе ўспамінаў узноўлены ў падрабязнасцях не раз і не два. У агульнай ацэнцы галоўнага героя гэтых падзей усе сыходзяцца, бо ўсе ўдзячныя лёсу, што былі відавочцамі і ўдзельнікамі «масоўкі». Чытача, аднак, прываблівае не «наш» і не «ваш», тым больш не «мой», а – сам Быкаў. Дзе ён – «Вася, Васілёк, Васіль» (загаловак да ўспамінаў Валянціны Быкавай, сястры Васіля Уладзіміравіча). Няхай сабе і ў моцна суб’ектывізаваным варыянце глыбока асабістага ўспрымання нацыянальнага генія. Так, генія. Неспазнавальнага паводле вызначэння, геніяльнага – на свой лад – і ў дробязях. Хаця ва ўспамінах сустракаюцца і іншыя «высокія» вызначэнні: апостал, волат, гонар і сумленне нацыі, магутны талент, вялікі чалавек, баец, «легенда», «гарант, што Беларусь Жыве», прарок, «сумны прарок», «чалавек-крэмень, чалавек-маналіт, чалавек цвёрдага сэрца і халоднага розуму», «чорнарабочы літаратуры», «прыклад сапраўднага беларуса», «надзвычайны чалавек», «настаўнік і сябра», «у ім адразу і гуру, каб навучыў, і суддзя, каб рассудзіў, і прарок, які б наперад сказаў, і правадыр, які б павёў наперад... і дарадца...». І нарэшце як апафеоз – самае трапнае (цікава, што ўбачанае здалёк): Вялікі Беларус. З моманту, калі пачаліся ўспаміны, свабодны самарух пісьменніка і яго тэкстаў у часе і прасторы завяршаецца, і пачынаецца «прымусовая інтэрпрэтацыйная працэдура», «адсочванне ўсіх спантанных сэнсавыяўленняў», «дэталёвае даследаванне феномена» (калі ўжыць энцыклапедычнае тлумачэнне паняцця «каментар»). У індывідуальнай памяці – то ўчэпістай на дэталі, то дастаткова агульнай – адсочваецца мноства жыццёвых праяў асобы Быкава, якія і пры яго жыцці, а тым больш пасля яго скону, успрымаюцца як сэнсоўныя, знакавыя, семіятычныя. Сёй-той, не хаваючыся за недарэчныя ў гэтай сітуацыі агаворкі і не прэтэндуючы асабліва на адкрыццё, называе эпізоды быкаўскага жыццяпісу, у якіх выявіўся «паралелаграм грамадскіх сіл і тэндэнцый» і сканцэнтравалася «раўнадзеючая гісторыі» (Фрыдрых Энгельс). Сёй-той задавальняецца апісаннем мілых падрабязнасцяў, у якіх не адчуваецца высокага напружання быкаўскага існавання ў свеце, якое не дазволіла пісьменніку «паляжаць на траўцы», пажыць у «вежы са слановай косці» («Калі б была такая магчымасьць, – пісаў В. Быкаў, – дык ідэал для мяне як пісьменьніка, – гэта вежа са слановае косьці. Я там бы выдатна жыў. На жаль, так не атрымліваецца. Гэта немагчыма ў наш час»). А ці ёсць ён наагул, гэты шчаслівы час, калі «писатель пописывает, а читатель почитывает»? У большасці выпадкаў аўтары ўспамінаў застаюцца ў палоне быкаўскага прыцягнення, у полі яго духоўнага ўздзеяння. «Калі неабходна было самавызначацца, – успамінаў Валянцін Тарас, – заняць ясную грамадзянскую пазіцыю, арыенцірам маім стаў Васіль. І яшчэ Алесь Адамовіч. Там, дзе яны, – там і маё месца». Гэтыя дакладныя, няхай сабе і пафасныя, як урачыстая клятва над прахам блізкага сябра, словы маглі б паўтарыць вельмі і вельмі многія прыхільнікі таленту Быкава. Рэальную магчымасць перасекчы межы гэтага «поля Быкава» стварае «яснасць позірку» (у экзістэнцыялісцкім разуменні), «цвярозасць думкі» (з пункту погляду сучаснага прагматызму), «касмічная непачцівасць» (Бертран Расел). Гэта здараецца тады, калі свядома не прымаецца ў разлік «выпадковасць дыскурсу», калі за ўсім бачыцца нешта большае: глыбіня, вышыня, вечнасць. Гэтае трымценне «саломінкі на павуцінцы», за якой адчуваецца блізкая прысутнасць «усёй горычы свету» (Кузьма Чорны), музыка ўсеяных зоркамі нябёсаў чуецца чамусьці найчасцей ва ўспамінах, аўтары якіх імкнуцца рацыянальна асэнсаваць феномен Быкава. А жыццяпіс Васіля Быкава, як дасканала агранены дыямент, літаральна зіхаціць знакамі. «Бог паслаў Васіля, Уладзіміравага сына, на зямлю крывіцкую, каб бараніць яе, мацаваць веру люду крывіцкага ў сваю наканаваную наступнасьць» (Рыгор Барадулін). Праўда, «барадулінскі» пафас і «біблейская» ўзнёсласць тут жа ўдакладняюцца, зазямляюцца, арэчаўляюцца «быкаўскім» сарказмам: «...Бог водзіць рукою лёсу. Але ўсё ня ў нашую карысьць. А, можа, так і трэба...» І зноў Рыгор Барадулін: «Апостал нацыі мысьліў касьмічна-заземлена. Нябёсы паслалі яго на зямлю, Звышні сьцярог яго». А далей згадваецца эпізод з часоў вайны, калі асабіст, размахваючы пісталетам, гразіўся расстраляць Быкава: «Празь якія дзьве гадзіны асабісту адарвала абедзьве рукі». У Валянціна Блакіта – свой аргумент на карысць думкі, што «Бог жыў у яго душы»: «З ім іншы раз рабіліся незразумелыя, сапраўды нейкія містычныя рэчы... амаль заўсёды, едучы за рулём на Вушачы ці з Вушач, ля Бараўлян з ягонай машынай нешта ўдаралася – ці матор пойдзе ўразнос, бы нейкая нячыстая сіла раптам пасялілася ў карбюратары, ці наадварот – глухне і ні з месца. Варта адбуксіраваць з кіламетр – і ўсё ў парадку. Ён меркаваў, што ля Бараўлян нешта мусіць з ім здарыцца...» Сапраўды, знакаў бяды ажно занадта ў жыцці Быкава. Уладзімір Яварыўскі, разважаючы над загадкамі яго лёсу, «быў змушаны зьвярнуцца да высокіх знакаў-сымбаляў, бо само жыцьцё Васіля Быкава было пранізана дзівоснай, а часам і жудаснай сымболікай». Гэтая вера ў боскую наканаванасць такая моцная, што Уладзімір Някляеў, прыродны фаталіст, у дні, калі спраўдзілася быкаўскае прадчуванне, што будзе рабіцца вакол яго труны, раптам паспакайнеў, «упэўнены, што ўсё будзе добра: Быкава пахавае Бог». Знакамі боскай увагі поўнілася гераічная эпапея народнага развітання, апісаная так падрабязна, што здаецца, можна лёгка ўзнавіць храналогію падзей пагадзінна, а ў асобныя моманты і пахвілінна. Барыс Кіт, даведаўшыся, «як Беларусь разьвітвалася са сваім вялікім сынам, пераканаўся, што Радзіма наша сапраўды выхаваная на творах Быкава і ня збочыць са шляху цывілізаваных краін Эўропы, Шляху Васіля Быкава...». Валянцін Аскоцкі засведчыў ад свайго ўласнага імя і ад імя расійскіх пісьменнікаў «скрушнае, горкае пачуццё агульнай незаменнай страты: усім нам, і беларусам, і рускім трэба будзе навучыцца жыць без Васіля (Быкава)». Па сутнасці, гэта азначае – ведаць, па магчымасці, як мага больш пра пісьменніка – ідэал, да якога імкнуцца ўсе даследчыкі, а ўслед за імі і шматлікія прыхільнікі таленту вялікага чалавека. Васіль Быкаў, як ніхто, багата зрабіў для таго, каб пашырыць «сектар свабоды». Гэтага глытка свабоды хапіла яго пакаленню, яго нашчадкам, каб «людзьмі звацца». «Прынцып каментару» (Мішэль Фуко) у гэтых адносінах стварае надзвычайную магчымасць «семантычнай навізны», якая адкрывае сэнсавыя глыбіні быкаўскіх тэкстаў, загадкі самога жыцця і лёсу пісьменніка, развенчвае асобныя міфы і стварае грунт пад новую міфалогію (а як без яе!). P. S. Да размовы пра «выпадковасць дыскурсу» і «знакавыя сістэмы» як пацвярджэнне іх крэатыўнага патэнцыялу, напэўна, мае непасрэдныя адносіны такая згадка. Некалі Аляксандр Салжаніцын у кнізе ўспамінаў «Бадалася цялятка з дубам» спрабаваў на свой лад рэабілітаваць «простых людзей», якія стваралі калялітаратурнае асяроддзе, і разважаў пра ролю жанчын, літсупрацоўніц, выдавецкіх рэдактарак у ягоным уласным лёсе. Пра тое, што Васілю Быкаву адзін час даводзілася вельмі цяжка чыста матэрыяльна, сведчаць многія. Лявон Баршчэўскі, напрыклад, згадвае, як аднойчы «фронтаўцы» падвозілі колькі мяхоў з бульбай. Згадвае ён і пра адмысловыя стасункі Быкава з Гуманітарным ліцэем. Дык вось, недзе позняй восенню 1997 году Васіль Уладзіміравіч наведаў ліцэістаў і на працягу паўтары гадзіны адказваў на пытанні нашых навучэнцаў. Ён сядзеў за журнальным столікам на невысокай сцэне перад запоўненай дзецьмі залай, і я са свайго першага раду бачыў, як няўтульна ён сябе адчуваў, хаця меў шматгадовы вопыт падобных сустрэч, пакуль не зразумеў прычыну. Ён хаваў пад стул, на якім сядзеў, ногі ў старэнькіх чаравіках. І такою нястачаю і нэндзаю павеяла на мяне гэтая сцэна (у нас і Максім Танк, і Пімен Панчанка, былі часы, літаральна галадалі, жывучы на сваю жабрацкую пенсію, пад якую ўраўнялі ўсіх, народных, заслужаных, Герояў, ветэранаў), што я не ўтрымаўся і распавёў пра ўсё сваёй падчарцы Ганне Кісліцынай, літаратурнаму крытыку. Яна, натура па-жаночы эмацыйная і непасрэдная, у сваю чаргу, пры нагодзе распісала гэтую сцэну Тамары Залатухінай, былой супрацоўніцы «Литературной газеты» ў Маскве, якая шмат зрабіла ў свой час для прапаганды беларускай літаратуры. Тамара Фёдараўна паведаміла пра бядотнае становішча сям’і Быкавых Расійскаму ПЭН-цэнтру... і скончылася ўсё тым, што Фінскі ПЭН-цэнтр прапанаваў Васілю Уладзіміравічу Быкаву сваю дапамогу. Здаецца, так гэта было. Размова ідзе пра «непрадбачаную выпадковасць», пра «адкрытую множнасць», пра «выяўленне іманентнага патэнцыялу семантычнай самаарганізацыі дыскурсіўнага асяроддзя» як асаблівасці эры каментароў.
|
(нар. у 1943 г. у пасёлку Верхня-Сталінск Алданскага раёну Якуцкай АССР) – доктар філялёгіі, загадчык аддзелу тэорыі літаратуры Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. У «ARCHE» друкуецца ўпершыню. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (35) - 2005 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |