A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналiтыка

  СЛАВОЙ ЖЫЖАК

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Славой Жыжак
Над вясёлкай


У Канзасе і іншых штатах самага сэрца Амерыкі эканамічна-класавы канфлікт (бедныя фермеры і рабочыя супраць адвакатаў, банкіраў, вялікіх карпарацый) пакрысе ператвараецца ў супрацьстаянне паміж сумленнымі, працавітымі, пабожнымі амерыканцамі, з аднаго боку, і ўпаднікамі-лібераламі, што папіваюць сабе каву з малаком, водзяць замежныя аўтамабілі, высмейваюць патрыятызм і адстойваюць аборты і гомасексуалізм, з іншага боку; так сцвярджае Томас Фрэнк у сваёй кнізе «Што здарылася з Амерыкай?» (Thomas Frank, What’s the Matter with America?). Галоўны эканамічны інтарэс папулістаў-кансерватараў – пазбавіцца моцнай дзяржавы, якая абкладае насельніцтва падаткамі, каб фінансаваць свае рэгулюючыя захады, і ўвесці эканамічную праграму пад лозунгам «менш падаткаў, менш рэгулявання». Са стандартнага гледзішча, якое мае на ўвазе, што эканамічная дзейнасць грунтуецца на рацыянальным клопаце пра асабістыя інтарэсы, няправільнасць гэтай пазіцыі відавочная: папулісты-кансерватары галасамі выбарцаў літаральна пракладаюць сабе шлях наўпрост да эканамічнага краху. Змяншэнне падаткаў і адсутнасць кантролю з боку дзяржавы азначае большую свабоду для вялікіх карпарацый, якія выжываюць з рынку збяднелых фермераў; меншае ўмяшальніцтва з боку дзяржавы азначае змяншэнне федэральнай дапамогі дробным фермерам і гэтак далей. Аднак ва ўяўленні палкіх папулістаў дзяржава з’яўляецца чужароднай сілай і – разам з ААН – паслужніцай Антыхрыста: яна здымае з верніка-хрысціяніна адказнасць за стырнаванне ўласным жыццём і такім чынам разбурае патрэбу ў асабістай маральнасці, якая змушае кожнага з нас дбаць аб выратаванні ўласнай душы.

Не дзіва, што вялікія карпарацыі ў захапленні ад гэтых фанатычных нападак на дзяржаву, калі дзяржава спрабуе рэгуляваць зліццё медыя-кампаній або дзейнасць энергетычных канцэрнаў, уводзіць больш жорсткія нормы забруджвання паветра, абараняць прыроду, абмяжоўваць лесанарыхтоўкі ў нацыянальных парках і гэтак далей. Вось у чым глыбокая іронія сітуацыі: апраўданнем таго, што велізарная большасць індывідаў адчувае сілу, якая кантралюе іхнія жыцці, агромністай і безыменнай, служыць радыкальны індывідуалізм.

Што да ідэалагічнага аспекту іхняй барацьбы, Фрэнк адзначае відавочны факт, які тым не менш варта згадаць яшчэ раз: папулісты вядуць вайну, у якой нельга перамагчы. Калі б рэспубліканцы захацелі сапраўды аб’явіць аборты па-за законам, калі б яны забаранілі выкладанне тэорыі эвалюцыі, калі б ім заманулася ўвесці федэральнае рэгуляванне ў Галівудзе, гэта прывяло б не толькі да глабальнай мабілізацыі іхніх палітычных апанентаў, але таксама да шырокамаштабнага эканамічнага крызісу ў Злучаных Штатах. Такім чынам, вынікам ёсць узаемааслабляльны сімбіёз: кіруючы клас, не згаджаючыся з поглядамі папулістаў на мараль, тым не меней іх талеруе ў якасці сродку кантролю за ніжэйшымі класамі. «Маральная вайна» дае магчымасць ніжэйшым класам выплюхнуць уласнае абурэнне, не шкодзячы асноўным эканамічным інтарэсам. Інакш кажучы, культурная вайна – гэта тая ж класавая вайна, што вядзецца іншымі сродкамі, – адна мадэль замяшчае сабой другую.

Тым не меней, гэта толькі робіць загадку яшчэ больш неспасцігальнай: якім чынам магчыма падобнае замяшчэнне? «Дурасць» і «ідэалагічнае маніпуляванне» не з’яўляюцца досыць добрымі адказамі; відавочна не будзе дастаткова сцвердзіць, нібыта ніжэйшым класам нагэтулькі затлумілі галовы ідэалагічнай апрацоўкай, што тыя не ў стане вызначыць свае сапраўдныя інтарэсы. Калі на тое пайшло, варта прыгадаць, што дзесяткі гадоў таму Канзас быў асяродкам прагрэсіўнага папулізму, і людзі безумоўна не падурнелі з тае пары. Не з’яўляецца дастатковым і тлумачэнне Эрнеста Лаклаў: паміж сацыяльна-эканамічнай і ідэалагічнай пазіцыямі няма «натуральнай» сувязі, таму не мае сэнсу казаць пра «падман» і «фальшывую свядомасць», як быццам бы існуе ўзровень ідэйнай свядомасці, «адпаведны» для сацыяльна-эканамічнага статусу асобы. Кожная ідэалагічная дактрына з’яўляецца вынікам барацьбы за тое, каб усталяваць або гвалтоўна навязаць падставовы ланцужок раўназначнасцяў паміж шматлікімі відамі барацьбы – эканамічнай, за дэмакратыю, за экалогію, фемінісцкай, супраць расізму і да т. п. – і вынік гэты ў вышэйшай ступені непрадказальны, не гарантаваны аб’ектыўным сацыяльна-эканамічным становішчам.

Першае, што належыць тут адзначыць, – як для сваркі патрэбна дваіх, так і для культурнай вайны неабходныя два бакі: культура з’яўляецца таксама асноўным ідэалагічным клопатам «перадавых» лібералаў, што выступаюць супраць сексізму, расізму і фундаменталізму і за мультыкультурную талерантнасць. Сённяшняе значэнне слова «культура» цесна звязана са статусам веры. Мы больш не верым па-сапраўднаму, а толькі выконваем пэўныя рэлігійныя рытуалы і пільнуемся тых ці іншых звычаяў у знак павагі да супольнасці, да якой належым: няверуючыя габрэі прытрымліваюцца кашэрных правілаў з павагі да традыцыі і гэтак далей. Выказванне «Я ў гэта насамрэч не веру, гэта проста частка маёй культуры» выдатна перадае веру, характэрную для нашага часу – веру, якой выракліся зусім або якую замясцілі іншай. Мы не верым у Санта-Клаўса, аднак штоснежань у кожным доме і ў кожным грамадскім месцы з’яўляецца калядная ялінка. Мы ўжываем назву «культура» для ўсіх тых рэчаў, якія мы практыкуем, не верачы ў іх па-сапраўднаму, не ўспрымаючы іх сур’ёзна.

Другое, што належыць адзначыць: хоць лібералы і заяўляюць голасна пра сваю салідарнасць з немаёмнымі, іхняе змаганне за мультыкультурную талерантнасць і правы жанчын супрацьпастаўляе іх «ніжэйшым класам» з уласцівымі тым меркаванымі нецярпімасцю, фундаменталізмам і сексізмам. Сапраўдныя лініі падзелу свядома заціраюцца пры дапамозе стараннага выкарыстання тэрміналогіі. Павучальным у гэтым сэнсе з’яўляецца ўжыванне тэрміна «мадэрнізацыя». Спярша ствараецца абстрактная апазіцыя паміж «мадэрнізатарамі» (тымі, хто падтрымлівае глабальны капіталізм ва ўсіх аспектах, ад эканамічнага да культурнага) і «традыцыяналістамі» (тымі, хто супраціўляецца глабалізацыі). У катэгорыю тых, што супраціўляюцца, потым можна зваліць мяшанку з традыцыйных кансерватараў, правых папулістаў і асобных элементаў «старых левых» – тых, якія працягваюць адстойваць «дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту», прафсаюзы і гэтак далей. І гэта сапраўды складае частку грамадскіх рэалій – у Нямеччыне кааліцыя царкоўнікаў і прафсаюзаў летась не дапусціла легалізацыі працы прадпрыемстваў гандлю ў нядзелі – аднак гэта не можа быць тлумачэннем для ўсяго сацыяльнага поля папросту таму, што закранае розныя слаі і класы. «Мадэрнізацыя» не ў стане выконваць ролю ключа да ўсяго грамадства цалкам, бо гэта абстрактная універсалія, у той час як марксізм закладае, што існуе адзін антаганізм (класавая барацьба), які вызначае ўсе астатнія і адпаведна з’яўляецца універсаліяй канкрэтнай. Фемінізм гэтаксама абстрактны: ён можа быць звязаны з барацьбой за эмансіпацыю ніжэйшых класаў або можа функцыянаваць (і без сумневу функцыянуе) як ідэалагічны інструмент вышэйшай праслойкі сярэдніх класаў, які тая ўжывае, каб сцвердзіць сваю перавагу над ніжэйшымі класамі, што вызначаюцца, як мяркуецца, патрыярхальнасцю і нецярпімасцю. Класавы антаганізм, як бы там ні было, тут двойчы акрэслены: менавіта спецыфічны комплекс уяўленняў пра класавую барацьбу тлумачыць, чаму фемінізм быў прыўлашчаны вышэйшымі класамі. (Тое самае з расізмам; менавіта дынаміка самой класавай барацьбы тлумачыць, чаму расізм наймацней праяўляецца ў асяроддзі белага рабочага класа.)

Трэцяе, што належыць адзначыць, гэта фундаментальнае адрозненне паміж барацьбой фемінісцкай, антырасісцкай, антысексісцкай, з аднаго боку, і барацьбой класавай, з іншага боку. У першым выпадку мэта – пераўтварэнне антаганізму ў адрозненне (мірнае суіснаванне полаў, рэлігій, этнічных групаў), а мэта класавай барацьбы з дакладнасцю адваротная: узмацніць розніцу класаў да ступені класавага антаганізму. Усталяваць шэраг раўназначнасцяў паміж расай, полам і класам – значыць затушаваць своеасаблівую логіку класавай барацьбы, што накіраваная на тое, каб перамагчы, падпарадкаваць, нават дашчэнту знішчыць іншае – калі не яго фізічную сутнасць, то хаця б яго сацыяльна-палітычную ролю і функцыю. У адным выпадку мы маем гарызантальную логіку, якая прадугледжвае ўзаемапрызнанне розных тоеснасцяў, у іншым – логіку барацьбы з антаганістам.

Парадокс у тым, што фундаменталісты папулізму захоўваюць гэту логіку антаганізму, у той час як левыя лібералы ўпарта адстойваюць логіку прызнання адрозненняў. У той час як лібералы аддаюць перавагу згладжванню антаганізмаў, масавыя кампаніі папулістаў-кансерватараў перанялі старую ўстаноўку левых радыкалаў на мабілізацыю народных мас і барацьбу супраць эксплуатацыі вышэйшымі класамі. Гэта нечаканая змена роляў – толькі адзін з доўгага шэрагу прыкладаў. Можа падацца, што ў Злучаных Штатах рэспубліканцы і дэмакраты памяняліся сваімі традыцыйнымі ролямі: не кажучы ўжо пра новы глабальны інтэрвенцыянізм рэспубліканцаў, тыя яшчэ і патрацілі дзяржаўныя грошы, спарадзіўшы такім чынам рэкордны дэфіцыт бюджэту і дэ-факта паспрыяўшы пабудове моцнай федэральнай дзяржавы. Дэмакраты, з іншага боку, прытрымліваюцца жорсткай фіскальнай палітыкі, якая, за Клінтана, паклала канец бюджэтнаму дэфіцыту. Нават у далікатнай сферы сацыяльна-эканамічнай палітыкі дэмакраты (падобна да Блэра) маюць неаліберальную праграму скасавання «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту», зніжэння падаткаў, прыватызацыі і г. д., у той час як Буш прапанаваў радыкальныя захады, скіраваныя на легалізацыю статусу мільёнаў рабочых-мексіканцаў, і зрабіў ахову здароўя нашмат болей даступнай для пенсіянераў. Скрайнім прыкладам гэтай інверсіі з’яўляюцца групы руху за выжыванне (сэрвайвалісты). Хаця іхняй ідэалогіяй з’яўляецца рэлігійны расізм, спосабам сваёй арганізацыі (маленькія нелегальныя групы змагаюцца з ФБР і іншымі федэральнымі агенцтвамі) яны жудасна нагадваюць «чорных пантэр» у 1960-х.

Таму нам варта адмовіцца не толькі ад вялай ліберальнай пагарды да папулісцкіх фундаменталістаў (і горш таго, паблажлівага жалю з нагоды іхняга меркаванага маніпулявання), але і ад саміх тэрмінаў культурнай вайны. Дарма што радыкальныя левыя будуць, вядома ж, падтрымліваць пазіцыю лібералаў па такіх праблемах, як аборты, расізм і гамафобія, ім варта заўсёды памятаць, што ў доўгатэрміновай перспектыве менавіта папулісцкія фундаменталісты, а не лібералы, з’яўляюцца іх саюзнікамі. Як бы папулісты ні злаваліся, яны ўсё ж недастаткова ўзлаваныя – недастаткова радыкальныя, каб адчуць сувязь паміж капіталізмам і заняпадам маралі, які яны голасна асуджаюць. Згадайма бясслаўныя нараканні Роберта Борка з ягонага «Спаўзання ў Гамору» (1996):

Індустрыя забаваў не навязвае сілком разбэшчанасць знеахвочанай амерыканскай публіцы. Попыт на дэкадэнцтва яшчэ той. Гэты факт не апраўдвае тых, хто прадае гэты ўпадніцкі тавар, таксама як попыт на крэк не апраўдвае какаінавага дылера. Аднак мы мусім нагадваць самім сабе, што вінаватыя мы самі, чалавечая натура, якую не стрымліваюць вонкавыя сілы.

У гэтым месцы Борк дзеля ідэалогіі дзейнічае крыху ў абыход правілаў: замест таго, каб паказаць на логіку капіталізму, які дзеля падтрымкі ўласнага існавання вымушаны пастаянна ствараць новы попыт, ён звальвае віну за спажывецкае «дэкадэнцтва» на «чалавечую натуру», якая, адданая сама сабе, спаўзае ў разбэшчанасць і таму патрабуе несупыннага кантролю і цэнзуравання. «Уяўленне, што людзі ад прыроды рацыянальныя і маральныя істоты, якія не маюць патрэбы ў моцных абмежаваннях звонку, было абвергнута досведам. Існуе прагны попыт на распусту, які ўвесь час расце, а таксама прыбытковая індустрыя, прысвечаная таму, каб яго забяспечваць».

Гэткі погляд, аднак, стварае пэўную праблему для «маральнага» крыжовага паходу змагароў халоднай вайны супраць камунізму, бо камуністычныя рэжымы Усходняй Еўропы былі пераможаныя якраз дзякуючы спалучэнню трох найвялікшых антаганістаў кансерватызму: моладзі, інтэлектуалаў-шасцідзесятнікаў і рабочых, што працягвалі верыць у салідарнасць як процівагу індывідуалізму. Гэтая праблема вяртаецца і турбуе Борка: у сваёй кнізе ён распавядае, як на адной канферэнцыі «непахвальна азваўся пра выступ Майкла Джэксана на «Суперкубку» (фінале першынства Нацыянальнай лігі амерыканскага футболу), падчас якога той выконваў непрыстойныя рухі. Іншы ўдзельнік дыскусіі з’едліва мне паведаміў, што менавіта прага цешыцца гэткімі праявамі амерыканскай культуры разбурыла Берлінскую сцяну. Гэта падаецца неблагім аргументам на карысць таго, каб узвесці тую сцяну зноўку». Борк усведамляе іронію сваёй пазіцыі, аднак відавочна не разумее яе глыбейшага аспекту.

Згодна з лаканаўскім акрэсленнем паспяховай камунікацыі, я атрымліваю ад іншых сваё ўласнае паведамленне ў адваротным выглядзе, інакш кажучы, з ягоным сапраўдным значэннем – праўду пра мяне самога, якую я выцясняў са свядомасці. Ці сённяшнія лібералы атрымліваюць ад кансерватыўных папулістаў сваю ўласную ідэю ў адваротным/сапраўдным выглядзе? Інакш кажучы, ці з’яўляецца кансерватыўны папулізм адзнакай ліберальнай талерантнасці? Ці неачэсаны дзяцюк з Канзаса, што раздзімаецца ад гневу на распуснасць лібералаў, з’яўляецца той самай постаццю, якая дапаможа лібералу спасцігнуць ісціну за ўсім ягоным крывадушшам? Можа, нам варта ўзяць за прыклад найбольш папулярную песеньку пра Канзас і пашукаць сабе саюзнікаў там, дзесьці над вясёлкай: па-за межамі «вясёлкавай кааліцыі» радыкальных лібералаў ды іхніх змаганняў за вузкаспецыялізаваныя асобныя мэты і бліжэй да тых, у кім яны бачаць ворага.

Ліберальнае Ватэрлоо
(Або, нарэшце, добрыя навіны з Вашынгтона)

Першай рэакцыяй прагрэсістаў на другую перамогу Буша была роспач і нават страх: апошнія чатыры гады аказаліся не проста страшным сном. Жахлівая кааліцыя вялікага бізнесу і фундаменталісцкага папулізму пакоціцца далей, у той час як Буш з новай насалодай ажыццяўляе сваю праграму, прызначаючы ў Вярхоўны суд суддзяў-кансерватараў, захопліваючы наступную пасля Ірака краіну і штурхаючы лібералізм у Злучаных Штатах яшчэ на крок бліжэй да вымірання. Аднак чаму нам нельга паддавацца, дык гэта менавіта такой эмацыянальнай рэакцыі – яна толькі сведчыць, наколькі вялікага поспеху дасягнулі лібералы ў тым, каб навязаць нам свой светапогляд. Калі, захаваўшы вытрымку, спакойна прааналізаваць вынікі, выбары 2004 года выглядаюць у цалкам іншым святле.

Шмат хто ў Еўропе здзіўляецца, як Буш мог выйграць, пры тым што супраць яго выступала інтэлектуальная эліта і эліта поп-культуры. Цяперака яны ўрэшце мусяць сутыкнуцца з недаацэненай мабілізуючай сілай амерыканскага хрысціянскага фундаменталізму. Менавіта з-за сваёй відавочнай дэбільнасці ён уяўляе сабой нашмат больш парадаксальную, па-сапраўднаму постмадэрнісцкую з’яву, чым здаецца.

Возьмем літаратурныя бестселеры хрысціянскага фундаменталізму ЗША, цыкл з дванаццаці раманаў Тыма Ф. ЛаХае і Джэры Б. Джэнкінс «Пакінутыя» (Tim F. LaHaye, Jerry B. Jenkins, Left Behind), прысвечаны надыходу канца свету, – выданне, што распрадалося накладам болей за 60 мільёнаў асобнікаў. Гісторыя «Пакінутых» пачынаецца раптоўным і невытлумачальным знікненнем мільёнаў людзей – выратаваных душаў, якіх Бог паклікаў да сябе, каб выбавіць іх ад жахаў Армагедону. Потым з’яўляецца Антыхрыст, малады, спрытны і харызматычны румынскі палітык, якога зваць Нікалае Карпатыя; выбраны на пасаду Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ён перамяшчае штаб-кватэру ААН у Вавілон і стварае там антыамерыканскі сусветны ўрад, які раззбройвае ўсе нацыянальныя дзяржавы. Гэты недарэчны сюжэт разгортваецца ажно да фінальнай бітвы, калі ўсе нехрысціяне – габрэі, мусульмане і каторыя з імі – згараюць у агні катаклізму. Уявіце сабе абурэнне заходніх ліберальных медыяў, калі б падобны аповед, напісаны з мусульманскага гледзішча, зрабіўся б бестселерам у арабскіх краінах! Дух займае не ад беднасці і прымітывізму гэтых раманаў, а хутчэй ад дзіўнага скрыжавання «сур’ёзнай» рэлігійнай ідэі і самых нізкаякасных завядзёнак поп-культурнага камерцыялізму.

Маё наступнае разважанне датычыць асноўнага парадоксу дэмакратыі, як ён раскрыты ў «Гісторыі ВКП(б)» – Бібліі сталінізму. Сталін (які фактычна напісаў гэту кнігу) апісвае галасаванне на партыйным з’ездзе напрыканцы 1920-х гадоў: «Пераважнай бальшынёй галасоў дэпутаты аднадушна ўхвалілі рэзалюцыю, прапанаваную ЦК». Калі аднадушна (=аднагалосна), то дзе падзелася меншыня? Гэты парадокс зусім не выдае ніякага вычварнага «таталітарнага» фокусу, наадварот, ён убудаваны ў саму структуру дэмакратыі. Дэмакратыя грунтуецца на кароткім замыканні паміж бальшынёй і «ўсімі». У гэтай маніпуляцыі пераможца забірае ўсё, а бальшыня лічыцца як «усе» і атрымлівае ўсю ўладу, нават калі гэтая бальшыня – пара соцень галасоў на некалькі мільёнаў чалавек.

«Дэмакратыя» – не проста «ўлада народа і для народа». Недастаткова сцвердзіць, што ў дэмакратычнай дзяржаве воля і інтарэсы (якія не заўжды аўтаматычна супадаюць) бальшыні прадвызначаюць дзяржаўныя рашэнні. Сёння дэмакратыя ўзнялася вышэй за ўсё, звязанае з фармальнай вернасцю літары закону – безумоўнай адданасцю набору правілаў, якія гарантуюць, што палітычная арэна напоўніцу паглыне ўсе антаганізмы грамадства. «Дэмакратыя» азначае, што якія б электаральныя маніпуляцыі ні адбываліся, палітыкі па вызначэнні з шанаваннем паставяцца да выніку. У гэтым сэнсе прэзідэнцкія выбары ў 2000 годзе былі сапраўды «дэмакратычнымі»: нягледзячы на відавочныя электаральныя маніпуляцыі і яўную бессэнсоўнасць таго, што некалькі соцень галасоў у Фларыдзе вырашалі, хто будзе прэзідэнтам цэлай дзяржавы, кандыдат ад дэмакратаў пагадзіўся з паразай. У час няпэўнасці, які расцягнуўся на тыдні пасля выбараў, Біл Клінтан адпаведна моманту з’едліва пракаментаваў: «Амерыканцы выказаліся, толькі мы не ведаем, што яны сказалі». Гэты каментар належыць успрымаць больш сур’ёзна, чым ён меркаваўся. Дагэтуль, да сённяшняга дня, мы не ведаем, што яны сказалі – магчыма таму, што за вынікам і не стаяла ніякага «паведамлення».

Досыць сталыя людзі дасюль памятаюць нудныя спробы «дэмакратычных сацыялістаў» апаніраваць няшчаснаму «рэальна існуючаму сацыялізму», малюючы карціну сацыялізму аўтэнтычнага. Належны водгук на гэтыя спробы забяспечвае стандартны гегельянскі адказ: няздольнасць рэчаіснасці апраўдаць ідэю сведчыць пра прыроджаную слабасць ідэі як такой. Чаму б не паставіцца гэтак і да дэмакратыі? Ці не занадта проста супрацьпаставіць «рэальна існуючую» ліберальную капіталістычную дэмакратыю больш праўдзівай радыкальнай дэмакратыі?

Гэта не намёк на тое, што перамога Буша была выпадковай памылкай, вынікам падману ці маніпулявання. Гегель пісаў пра Напалеона, што таму давялося прайграць двойчы: толькі пасля Ватэрлоо яму сталася зразумелым, што ягоная параза была не выпадковасцю вайны, а праявай глыбейшага гістарычнага зруху. Тое самае з Бушам: яму трэба было перамагчы два разы, каб лібералы адчулі, што для ўсіх нас пачынаецца новая эпоха.

11 верасня 2001 года былі атакаваныя вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтру. Дванаццаццю гадамі раней, 9 лістапада 1989 года, пала Берлінская сцяна. 9 лістапада азнаменавала «шчаслівыя 1990-я», мару Фрэнсіса Фукуямы пра «канец гісторыі», веру ў тое, што ліберальная дэмакратыя ў прынцыпе перамагла і што адзінымі перашкодамі на шляху да звышгалівудаўскага хэпіэнду застаюццца толькі лакальныя агмяні супраціву, дзе лідэры яшчэ не паспелі ўсвядоміць, што іхні час скончыўся. У процілегласць гэтаму, 11 верасня сімвалізуе заканчэнне клінтанскіх «шчаслівых 1990-х», абвяшчаючы эпоху новых сценаў – паміж Ізраілем і Заходнім Берагам, вакол Еўразвяза, на мяжы паміж ЗША і Мексікай.

У сваёй нядаўняй кнізе «Вайна за Ірак» Уільям Крыстал і Лорэнс Ф. Каплан пішуць: «Місія пачынаецца ў Багдадзе, аднак яна там не сканчваецца... Мы стаім на парозе новай гістарычнай эпохі... Гэта вырашальны момант... Відавочна, што рэч не толькі ў Іраку... І нават не толькі ў будучыні Блізкага Усходу і вайне з тэрарызмам. Рэч у тым, якую ролю збіраюцца прыняць Злучаныя Штаты ў дваццаць першым стагоддзі». Нельга не згадзіцца з аўтарамі. Сапраўды, на карту цяпер пастаўлена менавіта будучыня міжнароднай супольнасці – новыя правілы, якімі яна будзе рэгулявацца, новы сусветны лад.

Такім чынам, новы вобраз Новага Сусветнага Ладу паўстае як дзейсная схема сучаснай палітыкі Злучаных Штатаў. Пасля падзей 11 верасня Амерыка фактычна адмовілася ўспрымаць рэшту свету як надзейнага партнёра. Канчатковай мэтай стала ўжо не фукуямаўская утопія аб пашырэнні сусветнай ліберальнай дэмакратыі, а пераўтварэнне Злучаных Штатаў у «Крэпасць Амерыку», ізаляваную ад рэшты свету самотную звышдзяржаву, якая б абараняла ўласныя эканамічныя інтарэсы і гарантавала ўласную бяспеку з дапамогай сваёй новай мілітарнай моцы. Гэтая новая вайсковая моц улучае не толькі сілы, здольныя да хуткага разгортвання ў якім заўгодна пункце зямнога шара, але таксама распрацоўку касмічных відаў зброі, якія дадуць Пентагону магчымасць кантраляваць паверхню зямнога шара з вышыні. Гэтая стратэгія пралівае новае святло на апошнія канфлікты паміж Еўропай і Злучанымі Штатамі. Не Еўропа «здраджвае» Злучаным Штатам, а Штаты больш не маюць патрэбы ў тым, каб абапірацца на сваё выключнае партнёрства з Еўропай. У двух словах, Амерыка Буша прэтэндуе на тое, каб быць новай сусветнай імперыяй, аднак такою не з’яўляецца. Хутчэй яна застаецца нацыянальнай дзяржавай, якая жорстка дбае пра ўласныя інтарэсы. Падобна на тое, як быццам бы палітыкай Злучаных Штатаў цяпер кіруе славуты лозунг эколагаў, толькі вычварна перакулены: «Дзейнічай глабальна, думай лакальна».

У гэтай сістэме каардынат кожнаму здольнаму думаць прагрэсісту належыць радавацца перамозе Буша. Гэта добра для ўсяго свету, бо абрысы будучых канфрантацый будуць цяпер крэсліцца нашмат болей выразна. Перамога Керы была б чымсь накшталт гістарычнай анамаліі, якая б затушавала рэальныя лініі падзелу. Урэшце, у Керы не было глабальнага падыходу, які б склаў рэальную альтэрнатыву палітыцы Буша. Больш таго, перамога Буша, як ні парадаксальна, больш спрыяльная для еўрапейскай і лацінаамерыканскай эканомік – Керы, каб забяспечыць сабе прыхільнасць прафзвязаў, абяцаў падтрымаць пратэкцыянісцкія захады.

Аднак галоўная перавага датычыць міжнароднай палітыкі. Калі б выйграў Керы, лібералы былі б вымушаныя мець справу з наступствамі вайны ў Іраку, што дазволіла б лагеру Буша ускласці на дэмакратаў віну за вынікі ўласных катастрафічных рашэнняў. У сваім вядомым эсэ «Дыктатары і падвойныя стандарты» (Commentary, 1979) Джын Кіркпатрык дэтальна тлумачыла адрозненні паміж «аўтарытарным» і «таталітарным» рэжымамі, каб апраўдаць палітыку супрацоўніцтва з правымі дыктатарамі, якую тады праводзілі Злучаныя Штаты (у той самы час актыўна ведучы падрыўную дзейнасць супраць рэжымаў камуністычных). Аўтарытарныя дыктатары – прагматычныя валадары, заклапочаныя пытаннямі ўлады і багацця і абыякавыя да ідэалагічных праблем, нават калі яны і падтрымліваюць на словах нейкую высокую ідэю. У адрозненне ад іх, таталітарныя лідэры – самаахвярныя фанатыкі, якіх вядзе ідэалогія, якія паставяць на карту што заўгодна ў імя сваіх ідэалаў. Таму з аўтарытарнымі лідэрамі, якія рэагуюць рацыянальна і прадказальна на матэрыяльныя і мілітарныя пагрозы, можна мець справу, а таталітарныя лідэры больш небяспечныя, і з імі трэба наўпрост змагацца. Іронія палягае ў тым, што гэтае размежаванне цудоўна дэманструе, што адбылося не так у справе з амерыканскім захопам Ірака. Садам быў прадажным аўтарытарным дыктатарам, які імкнуўся да ўлады і зыходзіў з меркаванняў жорстка прагматычных (дзякуючы чаму супрацоўнічаў са Злучанымі Штатамі на працягу ўсіх 1980-х). Аднак, прыбраўшы яго, Злучаныя Штаты сваім умяшальніцтвам прывялі да стварэння «фундаменталісцкай» апазіцыі, якая загадзя выключае магчымасць любых прагматычных кампрамісаў.

Перамога Буша развее ілюзіі пра адзінства інтарэсаў у асяроддзі развітых заходніх краін. Яна дасць новы штуршок балючаму, але неабходнаму працэсу ўзмацнення новых саюзаў, такіх як Еўрапейскі Звяз або блок Меркасур у Паўднёвай Амерыцы. Ухваленне «постмадэрнісцкай» дынамікі амерыканскага капіталізму на фоне «старэнькай Еўропы», якая завязла ў сваіх ілюзіях зарэгуляванай Дзяржавы Ўсеагульнага Дабрабыту, ужо зрабілася журналісцкім клішэ. Тым не менш, у сферы палітычнай арганізацыі Еўропа цяпер пасоўваецца нашмат далей, чым пасунуліся Злучаныя Штаты, да таго, каб сцвердзіць сябе ў якасці беспрэцэдэнтнага, па-сапраўднаму «постмадэрнісцкага», трансдзяржаўнага калектыву, які ў стане забяспечыць месца кожнаму, незалежна ад геаграфіі і культуры.

Так што няма нагоды для роспачы. Сёння перспектывы могуць быць змрочныя, аднак згадайма адзін з вялікіх «бушызмаў»: «Будучыня будзе лепшая заўтра».

З ангельскай мовы пераклала Мілана Міхалевіч

  дыялектычны матэрыяліст. Яго першы аналіз перакладзены з «London Review of Books» (2004. № 21), другі з сайту www.lacan.com, абодва – з ласкавай згоды аўтара.
   

   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25