A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АРЦЁМ АРАШОНАК

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Арцём Арашонак
Сны дзяцей

Узросты немаўляці і ранняга дзяцінства беларускай літаратуры мінулі. Надышоў ранні дашкольны ўзрост – узрост «чамучкі». І пасыпаліся пытанні з усіх бакоў: «Чаму нас ніхто не чытае? Чаму мы не такія, як усе? Чаму не даюць Нобелеўскай прэміі за літаратуру?»

Гэта не простая цікавасць прадстаўнікоў маладой літаратурнай эліты, гэта відавочная супярэчнасць паміж двума ўяўленнямі. З аднаго боку, беларуская літаратура адчувае моцны ўплыў больш сталай, вялікай і багатай культуры Расеі, а з другога – не менш моцны ўплыў дасведчанага, сталага еўрапейскага і амерыканскага пісьменства. Узрост нашай культуры яшчэ характарызуецца засваеннем мовы: цяпер дзеці з гарадскіх расейскамоўных (нават этнічна расейскіх) сямей вывучаюць беларускую мову, з’яўляюцца пераклады. Нам, дзецям у сусветнай культуры, пакуль уласцівая мегаламанія («наша літаратура – самая лепшая»), няздольнасць здабыць пазіцыі еўрапейскага і расейскага кніжнага рынку. Яшчэ ніколі Нобелеўскім камітэтам не прысуджалася прэмія па літаратуры шасцігадовым дзецям. Сярэдні век лаўрэатаў – 60–70 гадоў. Самым маладым быў Кіплінг – 42 гады. Да Нобеля беларускай літаратуры трэба дарасці. Адчуваю папрокі: «А як жа Васіль Быкаў? Ён жа мог атрымаць прэмію!» На што адкажу: спадар Васіль у ваеннай тэматыцы працаваў пасля Хемінгуэя (Нобель-1954), пачынаў, калі Рэмарк ужо напісаў (ён таксама вылучаўся) свае не менш таленавітыя раманы. Апошнія ж творы Быкава падпадаюць пад нацыянальны эгацэнтрызм, у іх боль за Радзіму, які блізкі нам, але не зразумелы ў астатнім літаратурным свеце.

У маёй хатняй бібліятэцы стаяць дзве таўшчэзныя таміны абрыкосавага колеру – раман Ражэ Мартэна дзю Гара «Сям’я Тыбо». Ніколі не чытаў, ахвоты не было корпацца ў французскім побыце пачатку ХХ стагоддзя. Але з асалодай перачытваю «Ірландскі дзённік» Генрыха Бёля і «Тысячакрылага жорава» Кавабаты. Першую кнігу чытаў у арыгінале – па-нямецку, другую ў перакладзе – па-расейску. Абедзве згаданыя кнігі – творы нобелеўскіх лаўрэатаў. На сённяшні дзень, каб пазбавіцца літаратурнага інфантылізму, неабходна перакладаць і перакладаць кнігі па кіно, тэатры, мастацтве, навуцы. Ствараць культурны падмурак для наступных генерацый літаратараў на мове тытульнай нацыі. Я проста дзіўлюся, калі чую: «Навошта перакладаць трактаты Дзюрэра, лісты Гагена і Ван Гога, мемуары Жана Марэ, Клаўдзіі Кардынале, па-расейску ж ёсць?» Ёсць, але, можа, досыць мяць цыцку? Час ужо навучыцца есці лыжкай.

Для многіх айчынных літаратараў Нобелеўская прэмія як салодкі дзіцячы сон, у якім матуля – прыгожая і шчаслівая – ідзе ў краму і купляе чыгунку фірмы PIKO. Сяргей Рублеўскі, выдатны літаратурны стыліст, у сваім апавяданні «Лаўровая лісцінка ад пана Нобеля» сціпла пераносіць уласную запаветную мару на героя Андрэя, які жадае атрымаць прэмію выключна з-за меркантыльных памкненняў, з-за грошай. Ілля Сін не саромеецца, піша Нобелеўскую лекцыю. Напісаць Нобелеўскую лекцыю можна і за паўгадзіны, але напісаць літаратурны твор, дакладней серыю твораў, якія папярэднічаюць ёй, – немагчыма.

Падсвядома атрымаць прэстыжную ўзнагароду мроілі многія майстры слова. Гэта адчуваеш па самакрасаванні ў раманах Генры Мілера, але зроблена гэта бездакорна, на высокім узроўні. Яшчэ больш адчувальна гэта ў Набокава. Ён, як пакрыўджаны хлапчук, піша ў Палерма: «Замежныя расейцы чытаюць савецкія раманы, захапляючыся кардоннымі данцамі на гэткіх жа кардонных хвастах-падстаўках альбо тым лірычным доктарам з лубочна-містычнымі павевамі...»

А што вартага напісалі айчынныя пісьменнікі, што хацелася б перачытваць, што б адкрывала новы пласт рэчаіснасці? Лягчэй заангажаваць сябе ў палітыцы, учыніць сварку на старонках газеты альбо напісаць кнігу «Разбурыць Парыж». Парыж стаяў і будзе стаяць, стомленасць нашых пісьменнікаў гэтай сталіцай пасля правінцыі – толькі іх уласная праблема. Гэта дзіцячае хныканне: «Мама, я стаміўся, у мяне ножкі баляць, давай з’едзем з Парыжа». Негатывізм – перанос адказнасці на іншага – вельмі часта сустракаецца ў дзяцей: «Гэта не я, гэта ён!» Французская літаратура ў 1937–1938 гг. на беларускую мову перакладалася шчыра, кніга выходзіла за кнігай! Прыйшлі «Разбуральнікі Парыжа» – і дзесяткі таленавітых людзей, аснову нацыі, павезлі ў Курапаты. Што засталося? Вялікая культура, якую беларусы – на думку Акудовіча – не бачылі з-за сталіцы вялікіх мастакоў? Не! Месца элітарнай культуры занялі песенькі-дрындушкі «Цячэ вада ў ярок», панельныя гмахі і наіўнае мастацтва. Бабуля Мозес, калі выйшла на пенсію і занялася жывапісам, марыла трапіць у Луўр, але трапіла ў музей Клеменс-Сельс.

Парыж жыве, жыве і малады, паспяховы празаік Фрэдэрык Бегбедэр (патэнцыяльны прэтэндэнт на Нобеля), сур’ёзна займаецца літаратурай, у яго «Прыпавесцях пад экстазі» знойдзеце і Беларусь. Аўтар змясціў яе ў спісе экзатычных краін. Мсье Фрэдэрык не прыедзе ў Менск, але 1 снежня 2004 года адбылася ягоная сустрэча з чытачамі ў Пецярбурзе.

Сярод дзяцей ёсць таленавітыя і адораныя, у працы з якімі можна дасягнуць сусветных поспехаў. Нобелеўскі лаўрэат ад беларускай літаратуры – гэта дзіця з добрай сям’і, вундэркінд з невычарпальнай энергіяй, які ведае некалькі моваў і літаратур, мае выдатныя веды ў галіне міфалогіі, філасофіі, тэалогіі, жывапісу, тэатра, кіно і архітэктуры. Сённяшнюю перспектыўную літаратуру я б падзяліў умоўна на дзве ўзроставыя групы: першая – малодшы школьны ўзрост (пісьменнікі, якія апярэджваюць развіццё айчыннай літаратуры). Гэтыя літаратары народжаны ў асноўным у 1945–1950-я гг.: Алесь Разанаў, Пятро Васючэнка, Вольга Іпатава і Франц Сіўко. Другая – немаўляты, «да-да» маладых літаратараў, народжаных у 1980-я гг., пры дасканалай працы гувернантак, рэпетытараў зробіцца палымянай Нобелеўскай лекцыяй. Вось імёны, якія вартыя ўвагі: Вальжына Морт (Вольга Мартынава), Вольга Гапеева, Анатоль Івашчанка і Ігар Пракоф’еў (ён нарадзіўся ў 1973). Ні ў якім разе нельга ставіць толькі на аднаго творцу, бо шлях да прызнання доўгі, нехта можа не вытрываць, кінуць літаратуру, як кідаюць дзеці свае ўлюбёныя цацкі.

Давайце глыбей зірнём на вартасці вышэй названых мною творцаў. Акрамя літаратурных вартасцяў я браў ва ўлік і вонкавы выгляд, і мілагучнасць прозвішчаў аўтараў, бо не можа Зміцер Вішнёў з яго даліянскімі манерамі з’явіцца перад каралевай у труне альбо выпацканы сочывам. Усе кпяць з айчыннага авангардыста, ставяцца да яго несур’ёзна, але ён таленавіты і меў бы не меншыя шанцы, чым ніжэй прыведзеныя мною асобы, тым не менш спадар Зміцер гэтак і не вырас са свайго веку дзіцячых мрояў.

Алесь Разанаў – бясспрэчны майстар паэзіі, мае пераклады ўласных кніг на іншыя мовы. Ён не ішоў на кампраміс з уладай ні ў студэнцкія, ні ў пасляперабудовачныя гады, і займаўся літаратурай. Займаўся сур’ёзна. Адсутнасць мэтанакіраванай падтрымкі з боку аднадумцаў зрабіла сваю справу, паэт з’ехаў у Нямеччыну. Цяпер выходзяць ягоныя кнігі па-нямецку. Выходзяць, але позна. Мала каго сёння здзівяць эксперыменты 1960–1970-х гадоў у постдадаісцкай нямецкай літаратуры. Праз незапатрабаванасць на радзіме, тытанічную працу над перакладам уласных кніг Разанаў пачаў меней пісаць, пісаць, на мой погляд, не так глыбока і пранікнёна. Чаму ўсё ж бачу яго намінантам на прэстыжную прэмію? У Алеся Разанава застаўся боскі талент і, спадзяюся, не дашчэнту растрачаная энергія з глыбокімі ведамі.

Пятро Васючэнка з’явіўся ў літаратуры, як позняе дзіця. Праца над сабой, засваенне фундаментальных ведаў па літаратуры, воля да высокага ўражваюць: выдатныя п’есы («Пясочны гадзіннік» – п’еса, пабудаваная на вечна актуальнай пары смерць–жыццё), якія чакаюць сваіх пастановак яшчэ ў Беларусі, а ёсць жа замежныя тэатральныя фестывалі. Удзел у іх ёсць сведчаннем не ізаляванасці ад еўрапейскай культуры, а здольнасці гарманічна існаваць у ёй. Праца на тэлевізіі, радыё, перадача «Адкрыты архіў» надае цікавай асобе яшчэ адну грань. Спадар Пятро арганічна ўводзіць беларускую літаратуру ў сусветны кантэкст, пісьменніка адрознівае здольнасць аналізаваць, супастаўляць несупастаўляльнае (дзеці пяці гадоў аб’ядноўваюць таксама несупастаўляльнае: аблокі–шалік, бо яны мяккія).

Вельмі сардэчная і шчырая Вольга Іпатава стварыла самы значны твор пачатку ХХІ стагоддзя. «Альгердава дзіда» – гэта фрэска, у якой спалучаецца вялікая мастацкая школа, глыбіннае веданне чалавечай псіхалогіі і культуры, іх увядзенне ў беларускі кантэкст пры пазбяганні местачкова-народных матываў. Смеласць, цвёрдая грамадзянская пазіцыя акумулююцца ў выдатных творах (дзіцячае непрыманне ў дачыненні да дарослых: «Бацька, я разумею сама, што мне трэба»). Трэба мець смеласць, якая не ўласціва часам многім дзяржаўным мужам, каб адкрыта сказаць уладару краіны праўду. Колькі прыйшлося вытрываць спадарыні Іпатавай плебейскіх нападак і ў прэсе, і на тэлебачанні, і на радыё. Вытанчанасць і арыстакратызм вялікай ва ўсіх праявах жыцця жанчыны дазваляюць мне сцвярджаць, што яна вартая вылучэння на высокую ўзнагароду.

Сучасныя і бескапрамісныя творы Франца Сіўка, якога ў адной з газет вельмі трапна ахрысцілі «паўночны і каталіцкі творца». Гэты аўтар стаў «джокерам» у калодзе шасцёрак як у дзяржаўным «Полымі», так і ў незалежнай «Нашай Ніве». Я наўмысна яго вылучаю: спадар Франц – чалавек сціплы, пазбягае тусовак, якія нічога не даюць творцу, акрамя зайдроснікаў. Адукаваны, высакародны празаік і перакладчык з польскай і расейскай развіў свой уласны, непадобны да іншых, стыль. Ягоныя творы – гэта пакаянне за юначыя грахі, за бязвер’е, за бяздушнасць суайчыннікаў. Многія апавяданні хочацца перачытваць: «Шанц», «Мыйшчык Лёха», «Пеклы», «Рэфлексія: смерць». Ніколі не ўключаць у падручнікі абачлівыя супрацоўнікі Міністэрства адукацыі аповесць «Удог», ды ўвогуле яго творы нікуды не ўключаць. Чую пярэчанні: «Каму ў Вене або Мілане цікава чытаць пра пакуты беларускага народа?» Адкажу: «Трэба перакласці, бо падыход да праблемы нестандартны, гэта можа зацікавіць замежнага чытача». У мініяцюрах аўтар раскрывае свае дзіцячыя перажыванні, адлюстроўвае стан цяперашняга, парадаксальна-паранаідальнага грамадства. Нельга сказаць, што крытыка абмінула Франца Іванавіча. На яго пішуць як хвалебныя, гэтак і сварлівыя рэцэнзіі. Цікавы аўтар яшчэ і тым, што ён займеў літаратурнае прызнанне, жывучы не ў сталіцы. Як і астатнім, яму патрэбныя перакладчыкі і прамоўтары.

Калі старэйшае пакаленне патрабуе актыўных інвестыцый, то маладзейшае пакаленне не чакае лепшых часоў, яно вывучае мовы, робіць пастаноўкі, інтэрнэт-праекты, займаецца перакладамі, удзельнічае ў міжнародных конкурсах.

Абаяльная Вальжына Морт смела і дзёрзка рушыць у літаратуру. Яе вершы перакладаліся на балгарскую, латышскую і нямецкую. Спадарыня Вольга выдатна ведае некалькі моваў, мае моцную адукацыю Лінгвістычнага універсітэта, сама выкладае. Твор «Гопнікі» вылучаецца на фоне сучаснага моладзевага фарсу. «Гопнікі» блізкія па эстэтыцы і манеры да стылістыкі Эльфрыды Елінэк. Аўстрыйская аўтарка, няшчасная па жыцці (сябра камуністычнай партыі з 1974 года) пратэстуе супраць сытага капіталістычнага грамадства, Вальжына, наадварот, супраць калгасна-абшчыннага ладу, які пазбаўляе чалавека адзіноты, індывідуальнасці. Крытыкі Леанід Галубовіч і Любоў Гарэлік цкавалі дзяўчыну за яе залішнюю натуралізацыю, неадпаведнасць эстэтычным катэгорыям узвышанага і прыгожага. Мастак – чалавек вольны, нясе адказнасць толькі перад Богам; калі твор зроблены па-майстэрску, іншыя пытанні адпадаюць. На фестывалі «Віленіца-2004» элегантная Вальжына атрымала пацвярджэнне свайму таленту – «Крышталь Віленіцы», які стаў супакаеннем для яе прыхільнікаў і мазалём для зайздроснікаў. Для больш сур’ёзных перамог аўтарцы неабходна працаваць і далей.

Сімпатычная Вольга Гапеева, як і Вальжына Морт, выпускніца Лінгвістычнага універсітэта. Аўтарка глыбокага, псіхалагічнага рамана ў дэталях «Рэканструкцыя неба». У ім выявіліся добры густ, падлеткавая наіўнасць і бунтарства, за якімі хаваецца бліскучае веданне сусветнай культуры. Вольга займаецца перакладамі з нямецкай і ангельскай моваў, на гэтыя ж мовы перакладаліся і яе творы. Мае цікавыя знаходкі ў паэзіі. Пры тытанічнай працы над сабой, падтрымцы аднадумцаў, у Вольгі ёсць усе шанцы атрымаць самую запаветную літаратурную прэмію.

Высокі і статны Анатоль Івашчанка запамінаецца сваім інтэлектуалізмам, але не маскарадным, а адстаронена-халодным, амаль мізантрапічным. Анатоль не баіцца эксперыментаў, выдатна разбіраецца ў сучаснай культуры, мае філалагічную адукацыю, удзельнічае ў інтэрнэт-праектах, піша тэксты песень. Пры жалезнай волі і бездакорным гусце ў яго можа ўсё атрымацца.

Ігар Пракоф’еў, які цяпер амаль невядомы, запомніўся мне сваімі геніяльнымі мініяцюрамі, што былі надрукаваныя ў «ЛіМе» і «Маладосці» ў 2003 годзе. Ён нарадзіўся ў Цюменскай вобласці, не гаварыў па-беларуску, але бліскуча пісаў на гэтай мове. Самотны, з глыбокімі, удумлівымі, але і па-дзіцячы даверлівымі вачыма псіхолаг Ігар, які працаваў качагарам, зрабіў на мяне гэткае ўражанне, як і Рубен Давід Гансалес-Гальега з раманам «Чорным па белым». Што з Ігарам цяпер – я не ведаю. Спадзяюся, ён здаровы і працягвае пісаць, бо літаратурны палёт быў вельмі высокі. З разумнымі перакладчыкамі і прамоўтарамі ён мог бы зрабіцца сусветнавядомым аўтарам.

Магчыма, ёсць асоба больш вартая для Нобеля за літаратуру, якой я не ведаю, але якая пляваць хацела на ўсе прэміі і піша ў сто разоў лепей за Разанава, Васючэнку, Іпатаву, Сіўка, Морт, Гапееву, Івашчанку і Пракоф’ева, валодае шаманскай магіяй альбо адзначана Боскаю ласкай, не працуе на дзяржаўнай службе, бухае ананасны лікёр з Гаваны, любіць усё чалавецтва і аднойчы, кінуўшы літаратуру на дваццаць год, здольная з’ехаць разам з Ахмаду Курума лекаваць дзетак у Кот-д’Івуары, а вечарамі тлумачыць ім ля мора, куды дзяюцца жоравы на ўзбярэжжы ці баіць на ноч казкі. Афрыканскія дзеці таксама сняць пра снежаньскія святы ў Стакгольме. Сны часам збываюцца.

Снежань, 2004

  (нар. у 1981 г. у віцебску) – выпускнік філялягічнага факультэту віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя – дзёньнікавыя нататкі «Маўчу» (Дзеяслоў. 2004. № 12). Жыве ў Віцебску.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14