A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  СЯРГЕЙ АСТРАВЕЦ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Астравец
Як мы збудавалі
Бабілёнскую вежу

Вежа пачала будавацца нібы сама сабой: камень на камень, цагліна на цагліну. Усё ўзьнікла з фальклёрнага шэсьця, з карнавальнага сьвята, шматтысячнай пагулянкі і начнога фаервэрку. Айцы гораду ад празьмерных уражаньняў захварэлі, так бы мовіць, на мэсійнасьць. Усе рымы страцілі сваё глябальнае значэньне, ніхто больш нацыі не гуртуе, адно спрачаюцца на асамблеях у Нью-Ёрку пад сьцягамі на высозных флягштоках. Ну, а мы абвесьцім горад дружбы ўсіх народаў і паставім пасярод незвычайную вежу.

Будаваць пачалі не адразу. У крэсавякаў быў свой дом, яны раскашавалі, у прусакоў – кватэрка, на якой яны зайздросьцілі сваёй гістарычнай радзіме. Астатнія існавалі бяздомкамі. А ў горадзе захавалася месца, у самым цэнтры, дзе калісьці стаяў вялікі стары храм, на якім кожная ўлада вешала то крыжы разнастайныя, то зоркі, то маладзік, сярпы-молаты, а самая апошняя прывезла грузавік дынаміту і – лясь!

Месца больш выгоднага і прыдатнага не знайсьці. Народаў першым разам улады пазнаходзілі роўна тузін, таму будаваць пачалі менавіта дом-вежу на дванаццаць паверхаў. Зацьвердзілі праект, каштарыс і кінуліся хуценька вытрасаць грошы зь бізнэсмэнаў: ахвяруйце, бо горш будзе. Вы што – супраць дружбы народаў? Ды ні ў якім разе: дружба-фройндшафт! Як у настальгічнай песьні колішняй: усягда мы ўмесьце – ГДР і Савецкі Саюз.

Гэта я ўжо потым даведаўся, што ня так гладка з праектам атрымалася. Спрэчкі напачатку здарыліся ў саюзе архітэктараў – наконт формы вежы, колькасьці паверхаў і вышыні столі. Паводле яшчэ абкамаўскіх стандартаў, нельга было будаваць столі, вышэйшай за 2.20, хіба толькі для інтурыстаў. Ну, а хто ж тады нашыя госьцейкі дарагія? Чыстай вады замежныя турысты, якія знайшлі ў нас другую радзіму. Таму што тут лепш, чым дома ў сваіх сызранях ды ленінабадах, пра гэта сам наш галава гаварыў.

Вежа атрымалася чатырохкутная – накшталт баявых, пры дапамозе якіх бралі ў аблогу гарады і замкі пэрсідзкія цары. Ну, а папярэднічалі цэгле і цэмэнту спрэчкі пра форму вежы, пра што я казаў ужо. Круглы данжон стаяў калісь справа ад нашай замкавай брамы, на гары, нагадвалі адныя. А хто яго бачыў? – пярэчылі іншыя. А Белавеская? Таксама круглая. Зікурат – ня круглы, а Бабілёнская вежа была зікуратам. А як жа славуты Пітэр Брэйгель Старэйшы? Усе ведаюць Бабілёнскую менавіта зь ягонай карціны.

Спрэчкі пра чыстае мастацтва ў дойлідзтве не датычылі саміх нацменаў, якія сталі чакаць ордэры на жытло. А будаўнікі сказалі айцом гораду, што круглай вежы ім чакаць удвая болей, чымся звычайнай чатырохкутнай. Айцы разгарнулі Кнігу Царстваў: «Цар Саля-мон ста-віць храм Гос-паду Бо-гу ў Э-ру-саліме», – прасылябізавалі тэкстоўку пад вядомай гравюрай 1518 году. Штось падобнае і распачалося: чалавек у кароткім плашчы, пэўна ж, дойлід, у кароткіх жа нагавіцах з матузкамі, у куртцы з гафрыраванымі рукавамі паказвае вяльможнай публіцы, як адбываецца будаўніцтва, і тлумачыць, якой будзе вежа, бо перш будуюць менавіта вежу ці, скажам, званіцу.

Вежа ў гатычным стылі. Зьнізу каменячосы апрацоўваюць каменныя брылы, кірка, дзежка з цамянкай. На вежы муляры. Лябёдкай узьнімаюць начоўкі з цамянкай, падганяюць камяні.

«Майна-віра!»

«Віра-майна!»

«Ня стой пад стралой!»

«Ня сьпі ў шапку!»

«Ня ляскай зяпай!»

Моўная амаль што ідылія неўзабаве ператварылася ў звычайную мулярскую лаянку, безь якой не будуецца сёньня ніякая камяніца ці гмах, а пагатоў вежа. Лаяліся са смакам, па-вынаходніцку. З эпітэтамі, сынонімамі і мэтафарамі. А таксама зь літотамі, сынэкдахамі і мэтаніміяй. Цэгла хутчэй клалася, хаця й не найлепей – бо як атрымаецца. Пагатоў учынілі спаборніцтва на хуткасьць сярод вучняў пэтэвэ. Плацілі на будоўлях кепска, таму прысылалі арыштантаў-сутачнікаў і былых вязьняў, якіх ніхто ня браў.

Гарадзкі галава спадар Антончык любіў наведваць новабудоўлю, браць дэпутатаў, журналістаў, замежных прадстаўнікоў і, асабліва, рэдкіх дыпляматаў. Разам са сьвітай ён уважліва слухаў тлумачэньні архітэктурна-будаўнічага начальства. Зусім як на старажытнай кніжнай гравюры. Кватэры будавалі з новым ухілам – з павялічанай плошчай, з большымі кухнямі і ваннымі, са шклопакетамі. Галава тлумачыў пісакам і чужаземцам, што будзе вежа дружбы розных народаў, першая і адзіная пасьля Бабілёнскай.

Фальклёрнае шэсьце наступным годам крочыла міма расквечанай сьцяжкамі і транспарантамі будаванай вежы, вітаючы муляроў. Яны з рыштаваньняў махалі рукамі: не перашкаджайце працаваць! Калёна ў вянках і стужках, у экзатычных строях, капелюшах і кучомках, сьпяваючы і танцуючы, не магла стрымацца ад абмеркаваньня: каму які дастанецца паверх? Большасьці былі даспадобы толькі другі-трэці, ад першага і апошняга ў думках адмаўляліся ўсе рашуча.

Калі будаўнічыя рыштаваньні далезьлі амаль да дванаццатага, у кватэрным аддзеле пачалі дзяліць шкуру будучага мядзьведзя. Ад дружбы народаў не засталося ані званьня. У барацьбе за паверхі ніхто не згаджаўся прайграваць. Тады знайшлі пункт адліку, крытэр: адныя народы ў горадзе пераважалі, іншыя ўяўлялі нейкія неістотныя лічбы, джыгіт у кудлатай кучме ўвогуле крочыў у калёне аднаасобна, хаця ў думках ён меў цэлы паверх і пачынаў пакрысе разважаць пра гарэм.

Празрысты барабан з паперкамі, першаклясьнікі з бантамі, журы пры гальштуках. Лёсаваньне паверхаў адбывалася тамсама, дзе й розыгрыш лятарэі – у палацы культуры з грувасткімі дарычнымі калёнамі. Незадаволенымі засталіся ўсе, так заўжды на дурніцу бывае. Адныя сталі патрабаваць па два паверхі на будучыню: нас шмат. Пачаліся пераробкі ўнутры: нехта хацеў некалькі прыбіральняў, камусьці заманулася выкінуць ванну і зрабіць душ, іншым абавязкова спатрэбілася бідэ. Большасьць пачала шкліць бальконы, а некаторыя спрабавалі зрабіць хляўчук, галубоўню або бусьлянку. Індусы праглі трымаць карову, а прававерныя хацелі, каб вокны глядзелі ў бок Сьвятога места. Ня дом, а гармідар.

Папраўдзе, усіх паверхаў атрымалася трынаццаць, на апошнім зрабілі кухню і банкетную залю – для вясельляў і нацыянальных сьвятаў. Пра гэта на адкрыцьці з гонарам прамаўляў гарадзкі галава, настойліва паўтараючы, што ня супраць пакаштаваць стравы розных народаў. Уперад, як перарэзаць чырвоную стужку, гаварылі ўдзячныя нацмены, а адразу за галавой – бацюшка, які важка мовіў, што біблейская вежа была «няправільная», таму Бог яе разбурыў. Будаўнікі бо са сваёй «майнай-вірай» лезьлі на неба. А цяперашняя вежа пастаўлена дзеля дружбы народаў, якой больш нідзе няма.

Мясцовае тэлебачаньне зь іншымі рупарамі толькі што языкі не намулялі, цэлымі днямі паўтараючы, што такой вежы і такога сьвята нідзе больш няма. Банкетная заля, праўда, усім перашкаджала па чарзе. Адны сьвяткавалі вясельле або дзень Сьвятарнай Перамогі, а ў іншых здараўся курбан-байрам, рамадан, кітайскі новы год, угодкі Хо Шы Міна, дзень Гогі і Магогі, сьвята зялёнага кракадзіла і кучкі. Заля то пуставала, то яе разрывалі на кавалкі. Вежа то спала бяз задніх ног, то барабаніла музыкай і танцамі, сьпявала да зарніцы. Атрымаўся Бабілёнскі інтэрнат. Некаторыя пачалі абменьваць кватэры на спакайнейшы раён, іншыя здавалі на суткі за баксы, нават зь Сярдзючкай, якая сваімі гіпэрцыцкамі і перчанымі тостамі весяліла публіку.

Мацаваньне вежавай ідэі было прызнана дзяржаўным прыярытэтам, і саму вежу пачалі надбудоўваць. Зноўку зьявілася рыштаваньне, будаўнічыя краны, «майна-віра!» і «ня ляскай зяпай!». Кожны год на фальклёрным сьвяце зьяўляліся новыя нацмены, якіх называлі «народамі краіны» дзеля лічбаў. Цяпер кожнага, каго раней называлі «афраазіятамі», сустракалі на вакзале ўсьмешкамі і абдымкамі. У кожнага пыталі нацыянальнасьць, бо ў пашпартох пайшла мода не пісаць.

Раней на мяжы ў лесе лавілі азіяцкіх уцекачоў – палявалі на іх з пражэктарамі, са зброяй, з сабакамі. Цяпер – госьцейкі дарагія, рады вас вітаць на нашай гасьціннай зямельцы. Чым хата багата – тым рада. Можа, хто згаладнеў, а каму, можа, чарку наліць ды скварку закусіць? На ручніку хлеб-соль пад нос. Афраазіятаў раней – у кутузку без размоваў і дэпартавалі. Цяпер – не. Усіх – у вежу, самых экзатычных – у найлепшыя кватэры. Вежа – гэта каб усе мовы ў адную зьліліся, гэтым займалася ідэалягічная ўправа разам з рэлігійным дэпартамэнтам.

У вежы новых парушальнікаў мяжы чакалі падарункі: пампэрсы, наборы пасьцельнай бялізны, навюткія пашпарты з «капустай» і прапіскай, савецкае шампанскае на кухні, электраімбрыкі і пыласосы, ровары мясцовай вытворчасьці. Пабудавалі вежу, у рэшце рэшт, ажно да аблокаў, самі не чакалі, што так атрымаецца. А тут землятрус зьнянацку, штуршкі з-пад Кёнігсбэргу: шафы хісталіся, посуд біўся. Зь верхніх паверхаў далі лататы. Хто ведае: раптам мацней страсяне альбо Бог паўторна зруйнуе? Сталі жыць як на вугольлі, пра сьвяты забыліся.

А ўлады нашыя, трэба сказаць, вельмі змагаліся супраць глябалізму і пашырэньня НАТО на ўсход. І ўсё манэўры праводзілі, штораз буйнейшыя, бразгалі сваёй даваеннай зброяй. Ну й пачалі тут «жалезную заслону», але толькі ў небе, каб «паветраных піратаў» зьнішчаць, а таксама каб ракетамі – па нябачных партызанах і тэрарыстах, на якіх мода пайшла. Выпрабоўвалі новую ракету саманаводную ўласнай вытворчасьці, «зямля–неба», а яна не знайшла паветраных піратаў і паляцела ў бок гораду...

Пра разбурэньне нашай Бабілёнскай вежы нават натаўскія газэты паведамілі, якія ігнаравалі яе будаўніцтва. Падкія да сэнсацыяў, яны ахвотней пісалі пра самую высокую і вялікую калядна-навагоднюю яліну – тэлевежу ля Гедымінавай гары, аздобленую гірляндамі зь лямпачак. Газэта міністэрства абароны «Слава Богу Вайны» паспрабавала дэзавуяваць паведамленьні, сьпісаць на тэрарыстаў, а ўрэшце махнула рукой і заклікала ўсіх прыйсьці на рэфэрэндум і сказаць «хай» паўторнай адбудове нашай вежы. Раіцца з народамі стала модна.

  празаік, журналіст радыё «Свабода». Выдаў тры кнігі прозы. Жыве ў Горадні.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14