A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Бацюкоў
Паміж імпэрыяй і нацыяй

Каваленя А., Лемяшонак У., Далгатовіч Б. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Пад рэд. А. Кавалені, М. Сташкевіча. – Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2004. – 279 с.

ФАНТОМНЫ БОЛЬ

Браць у рукі гэтую кнігу пажадана не адну, а разам зь нейкай іншай, якая называлася б, напрыклад, «Другая сусьветная вайна без стэрэатыпаў і прыўкрас» або «Вялікая Айчынная вачыма палітыканаў усіх масьцей». Пры адсутнасьці падобнага твору айчыннай гістарыяграфіі сьвядомасьць чытача будзе шточасу пранізаная фантомнымі болямі – арыентаваныя на гарачую палеміку з ідэалягічнымі апанэнтамі, аўтары кнігі мала падбалі аб паказе пазыцыяў гэтых самых апанэнтаў на акупаванай імі кніжнай плошчы, і таму часам іхныя адказы «нячэсным» гісторыкам павісаюць у паветры. «На наш погляд, нельга канцэнтраваць увагу толькі на адмоўных момантах германска-савецкага дагавору», – адважна і без усялякіх уступаў заяўляюць аўтары «Вялікай Айчыннай» пра пакт Молатава–Рыбэнтропа. «А што, нехта так робіць?» – тут жа зьдзіўляецца неабазнаны ў тонкасьцях айчыннай гістарыяграфіі чытач. Але пытаньню ягонаму наканавана застацца рытарычным, бо аўтары расказваюць пра пакт, не канцэнтруючы ўвагі на ягоных адмоўных момантах. Савецкі Саюз не рыхтаваў нападу на гітлераўскую Нямеччыну ў 1941 годзе – у некалькіх месцах катэгарычна заяўляюць яны, прычым настолькі настойліва і акцэнтавана, што ў прыдзірлівага чытача ўзьнікае натуральная прага не паверыць.

КАНЦЭПЦЫЯ

«Вучэбны дапаможнік напісаны з улікам найноўшых мэтадалягічных дасягненьняў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі», – трэба думаць, іранізуюць аўтары кнігі. Насамрэч, калі параўноўваць вучэбны дапаможнік з падобнымі выданьнямі савецкага часу, адразу кідаецца ў вочы істотнае адрозьненьне – у ім больш гнуткая сыстэма ацэнак у шэрагу праблемных тэмаў Другой сусьветнай. Паразы Чырвонай Арміі ў 1941-м цяпер не тлумачацца адной толькі вераломнасьцю гітлераўскай Германіі, а наадварот, сярод асноўных прычынаў трагедыі 1941 г. вылучаецца палітычная і стратэгічная нізкавокасьць вышэйшага ваеннага кіраўніцтва СССР, нізкі ўзровень тактычнай падрыхтоўкі каманднага складу Чырвонай Арміі, слабы ваенна-эканамічны патэнцыял СССР у параўнаньні зь Нямеччынай. Савецкія падручнікі і энцыкляпэдычныя даведнікі такое сабе маглі дазволіць хіба што ў самым фінале перабудовы. Можна нават гаварыць пра стратэгічныя памылкі ваеннага кіраўніцтва СССР, ужываючы крамольныя, як па савецкіх мерках, выразы кшталту: «эўфарыя ад зімовых (гаворка пра зіму 1942–1943 гг.) перамог перашкодзіла савецкаму камандаваньню своечасова адвесьці войскі на больш умацаваныя пазыцыі. Пасьля 23 лютага 1943 г. сытуацыя на фронце для Чырвонай Арміі хутка пагоршылася».

Больш таго, «здараліся выпадкі нядобрасумленных паводзін партызан… Так, у паведамленьні Магілёўскага падпольнага абкаму за май 1944 г. адзначаецца, што сярод каманднага і радавога складу мелі месца амаральныя ўчынкі, марадэрства, дэзэрцірства, парушэньне партызанскіх абавязкаў». Але «партыйныя камітэты, – тут жа заўважаюць аўтары працы, – вялі жорсткую барацьбу з такімі зьявамі». А калі яшчэ ўлічыць, што «тайная палявая паліцыя сумесна з органамі германскай разьведкі засылала значную колькасьць сваіх агентаў у партызанскія атрады і падпольныя арганізацыі, якія ажыцьцяўлялі дывэрсіі і правакацыі, дыскрэдытуючы патрыятычны рух», робіцца зразумелаю спроба намякнуць, адкуль ногі растуць у пашыранай сям-там ацэнкі партызанаў як бандытаў.

Падобныя «вольнасьці» не выглядаюць, аднак, асаблівымі здабыткамі ці каштоўнасьцямі айчыннай гістарыяграфіі з той простай прычыны, што ўзросту ім гадоў пятнаццаць. Адразу за натуральнай сьмерцю савецкіх ідэалягемаў на пачатку 1990-х (а Вялікая Айчынная стаяла ў самым цэнтры савецкага патрыятычнага выхаваньня), у гістарыяграфіі ці ня кожнай постсавецкай дзяржавы адбыўся адыход ад клясычнай савецкай сыстэмы ацэнак рэаліяў Другой сусьветнай вайны. Прэзэнтаваная ў падручніку навізна падыходу – хутчэй, канстатацыя згоды з сусьветнай гістарыяграфіяй – і ня больш, бо значных адкрыцьцяў і сэнсацыяў у ім няма.

Наўрад ці добрасумленнасьць у выкладзе супярэчлівага й вострага дагэтуль матэрыялу Другой сусьветнай вайны была асноўнаю мэтай складальнікаў кнігі. Пра гэта сьведчыць ня толькі аднабаковасьць пры паданьні праблемаў, але й ігнараваньне пэўных тэмаў, непрыемных для прыхільнікаў традыцыйнай савецкай канцэпцыі Вялікай Айчыннай вайны.

1. Штрафнікі – барбарская і нечалавечая форма ваеннай тактыкі, своеасаблівыя «прымусовыя бэрсэркеры» ХХ ст. 2. Цынічнае стаўленьне вышэйшага ваеннага кіраўніцтва Чырвонай Арміі да савецкіх ваеннапалонных як да здраднікаў. Зьвязанае з гэтым поўнае іх ігнараваньне пры дыпляматычных узаемадачыненьнях, што прывяло да таго, што сотні тысяч савецкіх салдатаў пакідаліся на сьмерць, тады як іншыя краіны-саюзьніцы, больш клапатлівыя што да сваіх грамадзянаў, сачылі за выкананьнем прынятых яшчэ ў 1929 г. правілаў утрыманьня ваеннапалонных. На жаль, міжнароднае гуманітарнае права (т. зв. «права вайны») тады дзейнічала па прынцыпе «ты мне – я табе», у выніку чаго правілы ўтрыманьня ваеннапалонных мелі моц толькі пры двухбаковым іх выкананьні. 3. Татальная падазронасьць і 45-гадовы недавер да іншых соцень тысяч прымусова вывезеных на працы ў Нямеччыну савецкіх грамадзянаў, у выніку якога былыя выгнанцы на Захад, старэйшыя за 5 гадоў, гублялі права на вышэйшую адукацыю і займаньне кіраўнічых пасадаў у савецкай дзяржаве. Ня кажучы ўжо пра кампэнсацыі ці льготы, як гэта практыкавалася краінамі Заходняй Эўропы ў дачыненьні да сваіх грамадзянаў, што прымусова працавалі на немцаў. 4. Зрэшты, чаго вартае адно толькі замоўчваньне Катыні. Усе гэтыя і падобныя тэмы, што маглі б больш шматгранна і праўдзіва раскрыць сутнасьць вайны, у дасьледаванай кнізе застаюцца па-за ўвагай.

Вялікая Айчынная вайна савецкага народу лічыцца падзеленай на вайну абарончую (22.06.1941 – красавік 1944 г.) і вайну ў нападзе (красавік 1944 – 09.05.1945 г.), калі Чырвоная Армія перайшла мяжу СССР і пачала «вызваленчы паход па Эўропе». У савецкай гістарыяграфіі апошні этап падаваўся ўзьнёсла-беспраблемна. Прагная помсты, Чырвоная Армія ганяла гітлераўцаў з прыблізнай хуткасьцю 15 км за гадзіну і неўзабаве павесіла чырвоны сьцяг над райхстагам. Але ж гераічны эпас гэтага паходу мае і трагічныя шматкроп’і. Напярэдадні вызваленьня Польшчы Чырвонай Арміяй у Варшаве ўзьнялося паўстаньне, кіраванае эмігранцкім (дысьлякаваным у Лёндане) урадам Польшчы. Яно пачалося 1 жніўня 1944 г. і доўжылася 63 дні. Савецкія войскі выйшлі да Віслы, на якой стаіць Варшава, ужо амаль празь месяц, 28 жніўня. І спыніліся. Толькі 17 студзеня 1945 г. яны вызвалілі Варшаву – натуральна, ужо ператвораную ў руіны і чырвоную ад патопленага немцамі ў крыві паўстаньня. У гістарычнай навуцы на сёньняшні дзень няма бессумнеўных доказаў, што задоўгае стаяньне Чырвонай Арміі на Вісьле было спрычыненае чаканьнем вышэйшага ваеннага кіраўніцтва СССР, пакуль немцы даб’юць у Варшаве апошніх паўстанцаў. Але праблематызаваць гэтую тэму пры дасьледаваньні паходу Чырвонай Арміі па Цэнтральнай і Заходняй Эўропе лічыцца «прыкметай бантону», згодаю гісторыка зь неперадузятай ацэнкай дзеяньняў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва СССР.

«Ідучы па краінах Цэнтральнай і Заходняй Эўропы, Чырвоная Армія несла гвалт і марадэрства народам гэтага рэгіёну, незалежна ад таго, якую пазыцыю ў вайне займалі ўрады іхных краінаў». У свой час мяне шакавала гэтая фраза, як бы між іншым прамоўленая на тэлеканале «Discovery» ў адной гістарычнай праграме.

«Мы ўсе, нашы дзяўчаты з такім хваляваньнем чакалі прыходу Чырвонай Арміі. Нашы, нашы ідуць! – так расказвала аднойчы аўтару гэтых радкоў былая вязень нямецкага працоўнага канцлягеру ў Матгаўзэне Ірына Т. – А яны прыйшлі і згвалцілі ўсіх нашых дзяўчат», – крыху нават надцятым голасам скончыла яна. І тут жа пачала расказваць прыватную гісторыю, што нейкі камандзір пакахаў адну дзяўчыну з гэтага лягеру і пакараў-такі трыбуналам траіх салдат, што яе гвалцілі. Толькі траіх.

Як ішло вызваленьне Эўропы ад фашызму, пра гэта «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу» маўчыць, даючы чытачу інфармацыю, толькі што было вызвалена, і калі.

«Чырвоная Армія выканала сваю вызваленчую місію, вярнуўшы свабоду 11 краінам Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы з насельніцтвам у 113 млн чалавек» – гэты радок, разьмешчаны акурат пад чульлівым фатаздымкам, дзе савецкая мэдсястрычка дапамагае нямецкаму дзядочку, завяршае параграф «Вызваленчы паход у Эўропу». Іншых высноваў не прапанавана.

КАЛЯБАРАЦЫЯНІЗМ

Зь лёгкім недаверам адкрываў я гэтую частку кнігі, прысьвечаную арганізацыям, створаным пад крылом фашыстаў у акупаванай Беларусі. Я, натуральна, не чакаў патрыятычна-рамантычных ацэнак беларускіх калябарантаў. Але справядлівасьці дзеля трэба адзначыць, што ў параграфе «Калябарацыянізм» слова «здраднікі» не сустрэлася ні разу. Характарыстыка ім даецца даволі нэўтральная: арганізацыі, створаныя са згоды нямецкага камандаваньня дзеля заахвочваньня ляяльна настроеных жыхароў да супрацы з фашысцкім рэжымам ува ўмовах няўдач вэрмахту на савецка-нямецкім фронце і актывізацыі барацьбы падпольшчыкаў і партызанаў у тыле акупантаў. Паўнамоцтвы іх абмяжоўваліся культурніцкай і адукацыйнай дзейнасьцю, вялікага ўплыву ды папулярнасьці ня мелі. Эксплюатацыі адзначанай тэмы па звыклай для айчыннай гістарыяграфіі схеме «нацыяналісты й незалежнікі = здраднікі й прыхвасьні» аўтары дапаможніка стаічна пазьбягаюць. Для параўнаньня, калі аўтары разгляданага выданьня Беларускую краёвую абарону, паўсталую ў 1944-м, вызначаюць як спробу Беларускай Цэнтральнай Рады стварыць нацыянальнае войска, то энцыкляпэдыя «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945», 1990 г. выданьня, адназначна трактуе БКА як нацыяналістычна-фашысцкае вайсковае фармаваньне, створанае пераважна са «здраднікаў і крымінальных элемэнтаў».

ФУНКЦЫЯ

Выхад гэтай кніжкі, прызначанай для мэтадычнага забесьпячэньня аднайменнай навучальнай дысцыпліны – цудоўны прыклад таго стану, у якім знаходзіцца і будзе знаходзіцца надалей вышэйшая ды любая іншая школа ў Беларусі. Унівэрсытэт – не самакаштоўны сацыяльны арганізм, незалежны ад дзяржавы і неабходны ёй і грамадзтву як вольная ўстанова з высокім узроўнем самаарганізацыі і самадысцыпліны. Унівэрсытэт – гэта адзін з процьмы інструмэнтаў узьдзеяньня дзяржавы на сьвядомасьць масаў, у выніку чаго спэцыфічная яго функцыя цяпер – ува ўмовах жорсткай канкурэнцыі таталітарных і дэмакратычных каштоўнасьцяў – прапагандаваць таталітарныя каштоўнасьці ў самым праблемным і збольшага дэмакратычным паводле прыхільнасьцяў асяродзьдзі грамадзтва – у асяродзьдзі моладзі. З гэтай мэтай у 2003–2004 навучальным годзе вышэйшая школа прыняла на сябе павышаныя абавязкі і, ахвяруючы такімі прадметамі, як культуралёгія, рэлігіязнаўства, правы чалавека, лёгіка ці інш. (у залежнасьці ад канкрэтнай ВНУ), увяла прадмет «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы». З нагоды 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 2004–2005 навучальным годзе ўсё тым жа чыноўніцкім рашэньнем у навучальныя пляны вышэйшай школы быў уведзены курс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу». Матэрыял, які навучэнцы й без таго праходзяць у курсе гісторыі Беларусі і ў школе і ў ВНУ, цяпер раздроблены на некалькі тэмаў і займае да 30 навучальных гадзінаў. Такім чынам, за мінулыя два гады Міністэрства адукацыі распрацавала канкрэтную схему занясеньня ў свой рахунак гіганцкай «галачкі» насупраць радка «патрыятычнае выхаваньне і выкананьне іншых даручэньняў прэзыдэнта». А калі схема распрацаваная, ды яшчэ ў настолькі выгадным сьвятле выстаўляе Міністэрства адукацыі, студэнтам ужо можна чакаць новых навучальных дысцыплінаў кшталту «Філязофскія і сьветапоглядныя асновы дысцыпліны і парадку (у кантэксьце дырэктывы № 1)» ці «Беларуская мадэль эканомікі і сыстэмы кіраваньня (паводле матэрыялаў газэты «Советская Белоруссия»)».

Калі «Асновы ідэалёгіі» ўяўляюць сабой збор-мяшанку вытрымак з паліталёгіі, сацыялёгіі, гісторыі Беларусі, Канстытуцыі і выступаў А. Лукашэнкі, дык «Вайна» – куды больш цэласная дысцыпліна, паяднаная адзіным сюжэтным і канцэптуальным стрыжнем. «Вайна», з аднога боку, дае выкладчыку магчымасьць праявіць уласнае бачаньне Другой сусьветнай, з другога – расквеціць сухі навучальны працэс гіганцкім аб’ёмам жывога матэрыялу. Ува ўмелых руках абодва курсы могуць быць накіраваныя на карысьць як прыхільнікаў, гэтак і праціўнікаў сёньняшняга палітычнага рэжыму. Але студэнцтва абодва курсы – як прадукт відавочна штучны, дарэшты палітызаваны і спушчаны зьверху – успрымае аднолькава варожа.

КЛОН

Выдавецкім цэнтрам БДУ таксама адначасова была выпушчана аднайменная кніга ўжо ў якасьці вучэбнага дапаможніка для факультатыву па Вялікай Айчыннай вайне ў 11 клясе агульнаадукацыйных школаў. Аўтарскі калектыў тут той самы, за выключэньнем аднаго чалавека, аднак зьмест кнігі моцна адрозьніваецца. Ужо з пачатковых фатаздымкаў юнага чытача вітае ўсьмешка вусатага пяцідзесяцігадовага мужчыны ў форме Вярхоўнага Галоўнаначальніка, які паціскае рукі выстраеным у сьценачку і апранутым у аднолькавыя шэрыя строі вэтэранам. Аднолькавыя строі, аднолькавы паварот твараў у бок Галоўнаначальніка, аднолькавыя шэрыя з адлівам кепі – вэтэраны выглядаюць, хутчэй, фонам для пяцідзесяцігадовага мужчыны, чым галоўнымі героямі кнігі (як бы доказам слушнасьці знакамітых словаў пра тое, як «мы гнілі ў акопах»).

У сваім прывітальным слове, якое, натуральна, адкрывае ўсю кнігу, А. Лукашэнка робіць рашучы прарыў у гістарычнай навуцы, заўважаючы, што «менавіта на землях Беларусі, Расеі і Ўкраіны была спынена нястрымная раней машына вэрмахту». Нюанс – Беларусь немцы прайшлі менш чым за тры месяцы. Але юны чытач даведаецца пра гэта толькі на старонцы 70.

Сам школьны дапаможнік пабудаваны паводле адной схемы з ВНУшным, аднак усе тэмы даюцца ў скарочаным выглядзе (на «Прычыны і характар Другой сусветнай вайны», напрыклад, хапіла два абзацы, на «Нюрнбэрскі працэс» – аднаго). Таксама тут нашмат болей мапаў, фатаздымкаў, ілюстрацыяў, гістарычных партрэтаў, чым у асноўным выданьні.

АСНОЎНЫ НЕДАХОП

Асноўны недахоп, калі нават зьмірыцца з тэндэнцыйнасьцю ўсяго аповеду – у кніжцы няма жывой вайны, трагічнай, супярэчлівай, народнай – такой, якою яна была для дзясяткаў мільёнаў звычайных людзей. У тэксьце практычна не сустракаецца мэмуарны матэрыял, адсутнічае мастацкае апісаньне падзеяў вайны. Так, пра гады ленінградзкай блякады аўтары пакідаюць толькі кароткую рэмарку невядомага паходжаньня. Пры гэтым гіганцкі матэрыял успамінаў саміх «блякаднікаў» – па-за кадрам.

Ніводнага ўспаміну людзей, што перажылі вайну, пра спаленыя вёскі Беларусі, ніводнага канкрэтнага аповеду пра какрэтныя подзьвігі герояў вайны. Чытач, трэба думаць, наагул не меркаваўся аўтарамі дапаможніка як асоба з элемэнтарнымі псыхічнымі пачуцьцямі ды перажываньнямі – тэкставы матэрыял спрэс сумесь з радкоў дакумэнтаў, лічбаў ды навуковых выкладак. Для жывога аповеду ад імя сьведкаў вайны ў навучальным дапаможніку як школьнага, так і ВНУшнага ўзору, папросту няма ніякага фармату.

МОВА

Нармальная беларуская мова асноўнага тэкставага матэрыялу (з прыемнымі моўнымі сьмеласьцямі кшталту «найноўшая» і «акупаваны» замест «акупіраваны») у канцы кожнага параграфа перапыняецца выключна расейскамоўнымі радкамі гістарычных дакумэнтаў нават у выданьні, прызначаным для школаў зь беларускай мовай навучаньня. Такі моўны выбар застаецца цалкам неспасьцігальным, бо па-расейску ў дапаможніку гавораць Гітлер, Гімлер, Розэнбэрг, Борман, Чэрчыль, Рузвэльт і інш., але пры гэтым тэкст прысягі беларускага партызана ці зварот гаўляйтэра В. Кубэ даюцца па-беларуску.

АФАРМЛЕНЬНЕ

З гэтай часткі рэцэнзію можна было б пачынаць, як з самай моцнай, але ня грэх ёю і скончыць. Насамрэч кніга ілюстраваная багата і густоўна – ніводнай старонкі бязь якаснага малюнка ці фота. У дапаможніку для 11-клясьнікаў апроч фатаздымкаў усюды мапы ці міні-мапы, прыклады абмундзіраваньня ды ўзбраеньня войскаў, партрэты военачальнікаў зь іхнымі біяграфіямі. Так што адна з істотных высноваў адносна характару кнігі – яна ня так дзеля чытаньня, як дзеля павярхоўнага азнаямленьня ці дзеля дэманстрацыі ў аўдыторыі. Найбольш прыдатная слабаўважлівым студэнтам, схільным арыентавацца на яркія карцінкі, і навучэнцам-візуалістам. Другая выснова – дапаможнік мусіць добра выконваць усе вызначаныя яму функцыі з прычыны відавочнага абстрагаваньня ад вострай гістарычнай праблематыкі на тэму Другой сусьветнай вайны. Выснова нумар тры – айчынная афіцыйная гістарыяграфія каторы раз зафіксавалася на ўзроўні паміж – паміж савецкай і сучаснай заходняй, імпэрскай і нацыянальнай.
  выкладае філязофію ў магілёве.
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14