A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  АЛЕН БЭЗАНСОН

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Ален Бэзансон
Межы Эўропы

Развагі на заяўленую тэму трэба пачынаць ад Рымскае імпэрыі. Да яе належалі тэрыторыі, на якіх можна было будаваць гарады, уладкаваныя на ўзор рымскага гораду-дзяржавы. Затое суседзіла яна з абшарамі, на якіх будаваць civitates было ўжо немагчыма: альбо гэта былі вялікія дзяржавы, як іранскія краіны, што захоўвалі сыстэму ўсходняе манархіі і былі дастаткова моцныя, каб не паддавацца вонкавым уплывам, альбо тыя тэрыторыі былі занадта барбарскія, каб там маглі ўзьнікаць гарады, напрыклад, германскія краіны, Шатляндыя альбо Афрыка на поўдзень ад гор Атлясу.

Рымская імпэрыя распасьцерлася на землях розных цывілізацыяў: на Сярэднім Усходзе, у Афрыцы і на Захадзе. Якраз з гэтага трэцяга абшару і нарадзілася Эўропа ў тым значэньні, пра якое тут пойдзе гаворка.

У пэрыяд ад падзеньня заходнерымскае імпэрыі да пачатку крышталізацыі будучае Эўропы ў выглядзе імпэрыі франкаў народы-заваёўнікі ўтваралі каралеўствы, паміж якімі стыхійна складаліся рухомыя межы. У Галіі была краіна франкаў, што распасьціралася да ракі Сомы, дзяржава караля Сіягрыя ў басэйне Сэны, краіна вэстготаў – на поўдзень ад Люары і аж да Арагону і Кастыліі, нарэшце, даліна Роны пад панаваньнем бургундцаў. Я перакананы, што гэтыя межы – глыбока натуральныя, што яны абрысоўваюць вельмі старыя існасьці, сфармаваныя яшчэ да ўсталяваньня дзяржаўных утварэньняў. Неўзабаве новыя дзяржаўныя ўтварэньні наклаліся на іх і часткова іх згладзілі.

Існуюць два розныя падыходы да пытаньня пра межы Эўропы – пры дапамозе вонкавых фактараў, якія вызначаюць, што ўваходзіць у Эўропу, і пры дапамозе ўнутраных, якія вызначаюць, што ў яе не ўваходзіць. Я буду прытрымлівацца апошняга падыходу.

Першы абрыс Эўропы – імпэрыя Каралінгаў. Гэты абшар ляжыць і ў цэнтры сёньняшняе Эўропы. Імпэрыя Каралінгаў фармуецца незалежна ад другое вялікае дзяржавы, усходнярымскае імпэрыі, якая ня пала, маючы выразную мяжу з арабскага боку і барбарскую пэрыфэрыю на поўначы – краіну славянаў, больш ці менш упарадкаваную варагамі, з цэнтрам у Кіеве. Імпэрыя Каралінгаў мае падобныя межы: выразна вызначаныя ў Каталёніі і Арагоне, дзе вядуцца войны з тым жа арабскім захопнікам, яны размываюцца на ўсходзе і поўначы, дзе імпэрыя суседзіць з барбарскімі народамі: аварамі і вугорцамі з прыдунайскае раўніны, саксамі зь нямецкіх земляў; яна лёгка дасягальная для скандынаўскіх купцоў і няўлоўных піратаў.

Калі памёр Карл Вялікі, ужо даўно існавала рэлігійная еднасьць. Арыянскія раскольнікі былі пераможаныя. Рымскі біскуп распасьцёр свой патрыярхат на ўвесь Захад. Манаства, чый аскетычны і анархічны стыль пашырыўся быў з Ірляндыі на частку кантынэнту, было падпарадкавана сувораму статуту сьвятога Бэнэдыкта.

Аднак гэтая ўнутраная еднасьць суправаджаецца расколам у адзінай хрысьціянскай Царкве. Вера, безумоўна, была тая ж самая, але, паколькі цывілізацыйная адлегласьць паміж дзьвюма часткамі колішняе Рымскае імпэрыі ўсьцяж паглыблялася, праявы гэтае веры разумеліся абодвума бакамі па-рознаму. Адрозьненьні і непаразуменьні разглядаліся як недаравальныя ерасі. Гэта быў прыняты ў тую эпоху сродак легітымізаваць і сублімаваць схаваныя прычыны расколу. Так, у Рыме выкарыстоўвалі для эўхарыстыі аблаткі, а ў Бізантыі гэта лічылася найцяжэйшым замахам на веру.

Непасрэднай нагодай для расколу стала паступовае ўвядзеньне ў лацінскі сымбаль веры ўдакладненьня «Filioque». Паводле яго Сьвяты Дух паходзіць ад Айца і Сына. Гэтая інтэрпаляцыя зьявілася ў V стагодзьдзі ў Гішпаніі як сродак у змаганьні супраць арыянаў. Яе прынялі ў Каралінскай імпэрыі, потым у Рыме. Але калі францкія місіянэры скарысталі яе ў Баўгарыі – то бок у бізантыйскай сфэры ўплыву, – патрыярх Фоцій у 866 годзе прызнаў гэты выраз, які дагэтуль не будзіў аніякае крытыкі, за найвялікшае зло. Хрысьціянскую еднасьць удалося часова захаваць, але судзіна ўжо дала расколіну. Канчаткова яна разьбілася ў 1066 годзе, а штурм Канстанцінопалю крыжакамі ў 1204 годзе зрабіла немагчымым якую-любя спробу сабраць патрушчаныя часткі ў адно цэлае.

Гэта стала яшчэ адной прычынай, чаму хрысьціянства ў сваім лацінскім варыянце надоўга зрабілася галоўнай адзнакай прыналежнасьці да Эўропы, якая ў той час фармавалася. Мяжа Эўропы была найперш мяжою лацінскага каталіцызму. Першай назвай Эўропы (назвай, што гучала ў такой якасьці пры перамозе над сарацынамі паблізу Пуат’е) было хрысьціянства. Разгледзім цяпер, як яно ўсталёўвалася.

Барбарскія нашэсьці часткова вынішчылі хрысьціянства на Захадзе. У Галіі яго аднавілі біскупы, што паходзілі ў сваёй бальшыні з гальска-раманскае арыстакратыі і баранілі свае гарады. Эвангелізацыю Сярэдняе Эўропы распачалі ірляндзкія місіянэры, а працягнулі – ангельскія. Бэнэдыктынскі манах Вінфрыд – магчыма, найвялікшы прапаведнік Эвангельля ў гісторыі – пад рымскім імем Баніфацыя прайшоў праз Гесэн, Баварыю, Турынгію. Ангельскія манахі і біскупы навярнулі Галяндыю, Фрызію, занялі катэдры Гамбургу і Брэмэну, далі першых біскупаў Даніі, заснавалі місіі ў Нарвэгіі, дабраліся да Ісьляндыі і Грэнляндыі.

У імпэрыі франкаў выкарыстоўваліся больш радыкальныя мэтады хрысьціянізацыі. Жорсткая трыццацігадовая вайна скончылася здушэньнем саксаў і вяртаньнем іх у хрысьціянства. Адмова ад хросту азначала сьмерць. Ня выключана, што памяць пра такі характар пераходу ў новую веру спрычынілася да посьпеху рэфармацыі ў паўночнай Нямеччыне. Нягледзячы на гэта, хрысьціянская прышчэпка прынялася. Але панаваньне над regnum teutonicum пераняла менавіта Саксонія, а не Баварыя, і тое, чаго зазналі саксы за панаваньне Карла Вялікага, паўтарылі саксонскія імпэратары ў дачыненьні да славянскіх плямёнаў на землях паміж Эльбай і Одэрам. Для нямецкіх магнатаў гэтая тэрыторыя была своеасаблівым Far East. Там не было закону, там можна было чыніць рабункі, эксплюатаваць сялянаў і весьці эвангелізацыю. У тамтэйшых маркграфствах былі ўтвораны біскупствы, якія сталі сьведчаньнем нямецкага Drang nach Osten – у Гавэльбэргу, Брандэнбургу, Майсэне. Отан меркаваў зрабіць у Магдэбургу сядзібу мітрапаліта ўсяго славянскага Ўсходу.

Аднак мяжа Эўропы Каралінгаў (наш першы Эўрапейскі Зьвяз «пятнаццаці дзяржаваў») не зрабілася мяжой гістарычнае Эўропы. Гэтаму перашкодзіла ўзьнікненьне Польшчы. Мешка аб’яднаў славянскія плямёны, што насялялі землі паміж Одэрам і Віслай, але каб даць рады нямецкім крыжацкім выправам, конча трэба было прымаць хрысьціянства. Таму ён сьпешна ажаніўся з чэскаю князёўнаю, ужо хрысьціянкаю, прыняў хрост, атрымаў ад Папы дазвол на заснаваньне ўласнае сеткі біскупстваў і масава ахрысьціў народ у рэках і азёрах. Было тое ў 966 годзе.

У апошнія трыццаць гадоў X стагодзьдзя аналягічным парадкам прынялі хрысьціянскую веру і іншыя барбарскія князі, якія потым ахрысьцілі свае народы: у 965 годзе – Гаральд Сінязубы, кароль Даніі; у 985 годзе – Геза I Вугорскі і яго сын сьвяты Стэфан; у 993 годзе – Олаф Нарвэскі; а ў 1008 годзе – Олаф Швэдзкі. Заключны і самы ўсходні хрост адбыўся нашмат пазьней – у 1385 годзе. Літва, апошні бастыён паганства, атрымала ў спадчыну ад мангольскае арды заходнюю палову Расеі. Але ці ня кожнага году яна мусіла чыніць адпор нашэсьцям крыжакоў і мечаношаў. І тут таксама паратунак быў у зьмене веры, якая зьдзейсьнілася праз шлюб Уладыслава Ягайлы з дачкою караля Польшчы. Ягайла сам пераклаў «Ойча наш» і ахрысьціў свой народ у рэках і азёрах.

Вось жа, паганскія князі, а разам зь імі і падлеглыя ім народы прынялі новую рэлігію з палітычных меркаваньняў. Хрост бараніў іхнія княствы ад крыжовых паходаў, гэтае надзвычай грознае формы вайны, дазваляючы, наадварот, самім браць у іх удзел. Дзякуючы моцнай і маналітнай касьцёльнай арганізацыі, хрост забясьпечваў духоўную еднасьць каралеўства. Духавенства давала інструмэнт кіраваньня, яно было знаёмае з правам і магло скласьці ядро рэгулярнае адміністрацыі. Яно ўмацоўвала легітымнае становішча сувэрэна, бо той з звычайнага правадыра рабіўся каралём і мабілізоўваў вакол сваёй годнасьці ўсю дактрыну, якая з часоў Канстанціна і Давіда абкружала манархію німбам сьвятасьці. Урэшце, і то перадусім, ён уваходзіў на роўных правох у эўрапейскую сям’ю, мог жаніцца з прадстаўніцамі каралеўскіх родаў, мацуючы гэтым трываласьць укладзеных дамоваў і павагу да іх. Мы бачым: каб удзельнічаць у тым, што стане Эўропаю, трэба было споўніць пэўныя ўмовы. Сёньня гэта дэмакратыя, праўная дзяржава і г. д. У сярэднявеччы такою ўмоваю было прыняцьце рыма-каталіцкае рэлігіі. Касьцёл быў нечым накшталт сучаснае Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў альбо Эўрапейскае Камісіі.

Мы бачым, як вымалёўваецца зародак унутранае эўрапейскае мяжы – той, якая аддзяляе каралінскую Эўропу (тую самую Эўропу «пятнаццаці дзяржаваў», з Англіяй, Францыяй і адваяванай Гішпаніяй) ад Эўропы «дваццаці пяці дзяржаваў», што аб’ядноўвае краіны, дзе прыняцьце веры зьдзейсьнілі свае ўласныя князі, дапамагаючы адны адным (як польскія і чэскія) і карыстаючыся непасрэднай падтрымкаю рымскага папства.

З гэтых прычынаў усходняя мяжа «татальнай» Эўропы спынілася на польска-літоўскім каралеўстве. Славянскія князі, варагі з Кіева, яшчэ вагаліся. Расейская назва касьцёлу – «Церковь», ад нямецкага Kirche. Але бізантыйскі імпэратар, якому ў пэўных акалічнасьцях спатрэбіўся саюз зь імі, перацягнуў іх на свой бок. Гэта адбылося праз шлюб кіеўскага князя з парфірагенэткаю і масавы хрост у 989 годзе. Мяжою з гэтага боку стала мяжа «Filioque». Пазьней яна рабілася мяжою татарскае Арды, далей Маскоўскага княства, але «Filioque» заставалася сымбалем аддзяленьня і фактарам чыстае нянавісьці.

Мы на схіле сярэднявечча. Межы застануцца нязрушнымі яшчэ два стагодзьдзі. Яны па-ранейшаму маюць рэлігійны характар. На ўсходзе – праваслаўе. На паўднёвым усходзе Атаманская імпэрыя захапіла Бізантыйскую і займае Балканскі паўвостраў. На поўдні Міжземнамор’е застаецца прадметам спрэчак. Ягоны ўсход – унутранае турэцкае мора, што, аднак, аспрэчваецца Вэнэцыяй. Заходняй частцы пагражаюць піраты з Магрыбу. Паўднёвая Італія, Сыцылія, Мальта імі даўно ўжо занятыя, а ў Гішпаніі рэканкіста завяршылася ўзяцьцем Гранады.

Аднак мяжа, пра якую мы гаворым, ужо ня чыста рэлігійная. Яна робіцца мяжой цывілізацыі, мяжой, якую ўжо не ахарактарызуеш толькі пры дапамозе рэлігіі. Згодна з гісторыкамі, пачынаючы з XI стагодзьдзя гэтая замкнёная тэрыторыя робіцца месцам разнастайных пераўтварэньняў, якія па-за яе межамі не назіраюцца. Гэтыя зьмены (часам яны адбываюцца праз паяднаньні, а часам – праз падзелы) маюць настолькі спэцыфічны і эўрапейскі характар, што апасродкавана спрычыняюцца да еднасьці эўрапейскае цывілізацыі.

Сярод фактараў паяднаньня – тэхнічныя і матэрыяльныя навацыі, што распаўсюджваліся з цэнтральнае зоны, распасьцертае ад паўночнае Італіі да Фляндрыі. Пералічу іх у адвольным парадку і невычарпальна: мэтады ўзворваньня, прыстасаваныя да вільготных глебаў поўначы; усё больш разнастайныя прылады працы; архітэктурныя прыёмы; будова караблёў; ваенныя практыкі; вынаходкі ў галінах мэталюргіі і ткацтва і г. д. Сьпіс доўгі. Гэта ўсё дазволіла Эўропе павялічыць колькасьць насельніцтва. Пачынаючы ад XIII стагодзьдзя на ўрадлівых раўнінах Пікардыі шчыльнасьць насельніцтва складае 40 чалавек на км2. Напярэдадні эпідэміі чумы, якая паклала канец нямецкай калянізацыі і спрычыніла вялізную сьмяротнасьць у Францыі, Эўропа дасягнула дэмаграфічнага росту, які будзе перасягнуты толькі з аграрнай рэвалюцыяй XVIII стагодзьдзя. У той жа час на поўдні і ўсходзе – у Афрыцы і ў Расеі – распасьціраюцца адносна пустэльныя абшары.

Працягваюць існаваць інстытуты, якія льга назваць панэўрапейскімі. Такі інстытут – Касьцёл, а разам зь ім – лаціна як вышэйшая мова зносінаў. Дзякуючы лаціне спадчына антычнае літаратуры засталася жывою і легла ў аснову адукацыі. Структура касьцёльнае гіерархіі дапаўняецца буйнымі ордэнамі бэнэдыктынцаў, цыстэрцыянцаў (менавіта ў цыстэрцыянскім кляштары ўва ўсходняй Прусіі быў вынайдзены рэцэпт гарэлкі), дамініканцаў і францішканцаў. Сетка ўнівэрсытэтаў ахоплівае ўжо ня толькі Балёнью, Парыж, Оксфард і Кёльн, а пашыраецца на поўнач і на ўсход – да Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыны.

Фэўдальнае грамадзтва – вытвар чыста эўрапейскі. Яго дасканалы ўзор – у Францыі, паміж Люарай і Маасам, але ягоны дух пануе па ўсёй Эўропе, хоць і слабне пры набліжэньні да нямецкіх маркграфстваў і Польшчы. Грунтуецца яно на васальнай дамове, якая зьвязвае васала з вышэйшай інстанцыяй – князем, каралём. Васал ідзе на службу да сувэрэна, а той забясьпечвае яго матэрыяльнымі сродкамі, каб служыць, – звычайна даючы ў лен зямлю. Вось жа, фэўдальнае грамадзтва – добраахвотная арганізацыя вольных людзей, зьвязаных міжсобку ўзаемнымі абавязаньнямі, якія гарантуюцца прысягаю. Такой сыстэмы няма больш нідзе, ні ў Расеі, ні ў мусульманскіх краінах, ні ў Індыі, ні ў Кітаі. Трэба дабрацца аж да Японіі, каб знайсьці нешта падобнае. Васальная сыстэма забясьпечвае існаваньне шляхты, якая ўсьведамляе свой маральны абавязак, свае вышэйшыя манеры, грунтаваныя на глыбокім пачуцьці ўласнае свабоды.

Відавочнае выяўленьне эўрапейскае еднасьці – мастацтва, асабліва гатычнае. Усходнюю мяжу Эўропы можна разумець як лінію, што злучае апошнія гатычныя касьцёлы. У яе абсяг трапляюць Фінляндыя, балтыйскія краіны, Польшча, Вугоршчына, Харваччына, Славенія. Якраз тут і праходзіць мяжа Эўропы дваццаці пяці дзяржаваў, мяжа, якая сёлета ў траўні робіцца афіцыйнаю. За ёю рэзкім кантрастам выступае бізантыйскае і мусульманскае мастацтва.

Стыль канфліктаў, якія адбываюцца на эўрапейскай прасторы, таксама спрычыняецца да еднасьці Эўропы, бо такія канфлікты не сустракаюцца больш нідзе. Два асноўныя – няспыннае процістаяньне паміж Касьцёлам і палітычнаю ўладаю і процістаяньне паміж Імпэрыяй і нацыянальнымі дзяржавамі, а на гэта накладаюцца драбнейшыя міждзяржаўныя спрэчкі. Быў момант, калі Касьцёл мог апынуцца пад уладай імпэратара і буйных фэўдалаў. Вядома, што ён вызваліўся ад гэтае пагрозы пасьля доўгага змаганьня, у якім папства абаперлася на рэлігійныя ордэны. Грыгарыянская рэформа паглыбіла прорву паміж аўтаномным лацінскім Касьцёлам і ўсходняй Царквою, якая падпарадкоўвалася імпэратарскай уладзе. З другога боку, як часта падкрэсьліваў Бэхлер (Baechler), сама прырода заходнярымскае імпэрыі не дазволіла ёй адрадзіцца. Неўзабаве яна распалася на драбнейшыя адзінкі, больш ці менш нацыянальныя, якія не пераставалі ваяваць між сабою і канцэнтрацыя ўлады ў якіх знаходзілася па-над сыстэмай фэўдальнае залежнасьці.

Яшчэ адна адметная рыса Эўропы – значнасьць дагматычнага канфлікту. У адрозьненьне ад праваслаўнага сьвету, у якім цэрквы абапіраліся на этнічную базу, лацінскі наднацыянальны Касьцёл мог захаваць еднасьць, толькі засяроджваючы пільную ўвагу на непарушнасьці сваёй дактрыны. Гэта рабіла ўнівэрсытэты асяродкамі бурлівага інтэлектуальнага жыцьця і стварала нагоду для дыспутаў і нязгодаў. Нейкі час Касьцёл мог спадзявацца на замірэньне вакол надзвычай шырокага і прыгожага сынтэзу сьв. Тамаша Аквінскага. Але як толькі «Анёльскі доктар» адышоў у лепшы сьвет, ягоная сыстэма рухнула, а Дунс Скот, Ўільям Окам і шмат іншых распачалі інтэлектуальную рэвалюцыю, якая з той пары ўжо не спынялася.

Працяглыя крызісы – імпэрскі, царкоўны і дагматычны – спарадзілі вялікі рэфармацыйны раскол. Але трэба заўважыць, што якраз з гэтага моманту дзьве процілеглыя паловы Эўропы робяцца больш эўрапейскімі, чым калі да таго. Пратэстантызм аб’яднаў у сабе экзыстэнцыяльную праблематыку, што паходзіла ад Аўгустына, посттамісцкую ідэалёгію, індывідуальную рэлігійнасьць, канчатковую перамогу нацыянальнае дзяржавы над імпэрскай ідэяй. Каталіцкі сьвет, у сваю чаргу, правёў уласную рэформу ў напрамках, якія ня вельмі адрозьніваліся ад названых, і гэта яшчэ больш аддаліла эўрапейскае хрысьціянства ад яго ўсходняга блізьнюка. Рэлігійны канфлікт вёў палітычную ўладу і грамадзтва да сьцьверджаньня прынцыпаў сьвецкасьці, зародак якіх існаваў ужо ў каталіцкай тэорыі ўзаемнае аўтаномнасьці духоўнага і часовага.

XVII стагодзьдзе было арэнай інтэлектуальнае рэвалюцыі. Галілееўская, а пазьней ньютанаўская навука фармулявала сьцьверджаньні, слушнасьць якіх не залежала ні ад філязофіі, ні ад рэлігіі: каб іх прыняць, патрабаваўся рацыянальны розум. На гэтым грунце паўсталі не зьвязаныя з хрысьціянствам філязофскія сыстэмы і распачалася тэхналягічная рэвалюцыя. Эўропа – адзіны рэгіён на Зямлі, які зазнаў гэтыя вялікія пераўтварэньні.

Таму Эўропу XVIII стагодзьдзя ўжо трэба ўспрымаць сынтэтычна. Гэтая Эўропа больш не акрэсьлівалася праз ідэю хрысьціянства – бо хрысьціянства падзялілася, яно пазбылася інтэлектуальнае манаполіі, а ягоныя гіерархічныя органы страцілі аўтарытэт. Канстанцінаўскі кампраміс, які легітымізаваў дзяржаву праз Царкву і гарантаваў, што дзяржава будзе трымацца зацьверджаных Царквой нормаў, больш не існуе ў пратэстанцкіх краінах і пераможаны ў краінах каталіцкіх. Тым часам якраз праз такі адмысловы, складаны пэйзаж мы і пазнаем рысы Эўропы. У гэтым пэйзажы адбыліся ўсе пераўтварэньні, што надалі ёй новы выгляд.

У параўнаньні з мусульманскім і праваслаўным сьветам Эўропа ў той час – дынамічная зона. Насельніцтва яе шпарка расьце, багацьце і ўзровень жыцьця радыкальна падвышаюцца. Вёска асвойвае новыя тэхналёгіі ўрабленьня зямлі. Горад – аўтаномны палітычны цэнтар, эканамічны тыгель, новы грамадзкі сьвет мяшчанаў, рамесьнікаў, работнікаў, людзей вольных прафэсіяў, чым далей тым больш шматлікіх і дыфэрэнцыяваных. Вышэйшыя клясы акрэсьліваюць свае звычаі як эўрапейскія, імкнуцца да іх уніфікацыі. Адно і тое ж мастацтва – клясыцызм, барока, ракако – пакідае свой адбітак на ўсім.

Пры апісаньні тагачаснае новае Эўропы трэба хутчэй браць у разьлік матэрыяльныя і грамадзкія, а не духоўныя элемэнты. Але паколькі яны разьмяркоўваюцца няроўна, трэба выразна адрозьніваць цэнтар гэтае мадэрнае Эўропы ад яе пэрыфэрыі. Цэнтар месьціцца на абшары паміж паўднёвай Англіяй і паўночнай Італіяй. Ён не супадае дакладна з палітычнымі цэнтрамі, але Францыя, Англія і Галяндыя – краіны ўзорныя, а пэрыфэрыя імкнецца імітаваць іхную магутнасьць, іхны дабрабыт і іхныя звычаі. Пэрыфэрыйныя краіны – гэта, з аднаго боку, краіны Ібэрыйскага паўвострава, а з другога – краіны на ўсход ад Эльбы. У гэтых апошніх селянін не настолькі вольны, часта запрыгонены, гарадоў менш, грамадзтва не такое разнароднае, тут пануюць грубейшыя звычаі і больш суровая палітычная ўлада.

Але хоць на краёх Эўропы пэйзаж страчвае эўрапейскія рысы, яе ўсходняя мяжа застаецца тамсама, што і ў канцы сярэднявечча. Іншымі словамі, гэтая мяжа надалей аддзяляе Расею ад Швэцыі і Польшчы, а Атаманскую імпэрыю – ад Польшчы і Сьвятое рымска-германскае імпэрыі. Зьмены адбываюцца ў іншых месцах: на поўдні Міжземнае мора сталася ўнутраным эўрапейскім морам, на захадзе Эўропа пашырае свой абсяг па-за акіян праз калёніі, якія засяляюцца і жорстка кантралююцца з мэтраполіяў.

Пераскочым праз стагодзьдзе і перанясёмся думкаю ў наступны дзень пасьля падпісаньня Венскага трактату. Зьмены адбыліся сур’ёзныя. Амэрыканскія калёніі здабылі самастойнасьць. Перад намі Эўропа, якая вярнулася да свайго акіянскага ўзьбярэжжа, але новыя дзяржавы захоўваюць яе матэрыяльную і духоўную цывілізацыю, а межы, што іх падзяляюць, ня носяць такога характару, як вонкавыя межы на Ўсходзе і Поўдні.

Якраз Усход і спарадзіў праблемы, якія стаяць перад намі аж да сёньня: турэцкую і расейскую.

Доўгі час турэцкі сьвет быў – не бяз дай прычыны – пудзілам Эўропы. Не забудзем, што ў XIV стагодзьдзі Кітай, Расея, Эгіпэт, арабскі, пэрсідзкі і частка індыйскага сьвету знаходзіліся пад панаваньнем турэцка-мангольскіх валадароў.

Тут трэба зрабіць адну заўвагу. Хоць у матэрыяльным, сацыяльным, інтэлектуальным дачыненьні тагачасная Эўропа была вышэйшаю за турэцкі сьвет, але вайсковую перавагу яна здабыла вельмі позна. Лепшая тэхніка коннае язды, лепшае выкарыстаньне луку, лепшая тактыка – гэтага туркам хапала, каб граміць эўрапейскую кавалерыю ўдрузачкі. У 1526 годзе амаль уся вугорская шляхта была вынішчана ў бітве пад Могачам, і Вугоршчына – старая і магутная эўрапейская манархія – на паўтара стагодзьдзя апынулася пад турэцкім панаваньнем. Трошку не хапіла, каб у 1529 годзе той жа лёс не спасьціг Аўстрыю. Турэцкая армія, «Арда», валодала добрай артылерыяй і, дзякуючы мэтадам падрыхтоўкі янычараў, перасягала паводле якасьці і сучаснасьці найлепшыя эўрапейскія войскі. У 1571 годзе пад Лепанта, а ў 1683 годзе пад мурамі Вены туркі былі вельмі блізкія да перамогі. Потым сытуацыя дыямэтральна зьмянілася, але вайна з туркамі ніколі не была дробнаю справаю – будзь гэта кампанія князя Яўгена або расейскія кампаніі Пятра, Кацярыны ці Аляксандра I. Гэта зазналі на сабе і саюзныя войскі падчас Першае сусьветнае вайны, і грэкі ў 1922 годзе.

Акрамя моцнае арміі, туркі найчасьцей мелі выдатную дыпляматыю. Ёй удавалася выкарыстаць Францыю ў сваёй гульні супраць Сьвятое Імпэрыі, Сьвятую Імпэрыю – супраць Пэрсіі, Англію і Францыю – супраць Расеі, Нямеччыну – супраць Англіі, урэшце – цягам пяцідзесяці гадоў – Злучаныя Штаты супраць савецкае Расеі.

Гэта тлумачыць, чаму Турцыя так павольна адступала ў XVIII і XIX стагодзьдзях. Ведучы гульню між вялікімі дзяржавамі, яна, як той слынны «хворы пацыент», здолела захаваць частку Балканаў аж да XX стагодзьдзя і сёньня яшчэ валодае пралівамі. У Канстанцінопалі, то бок Істамбуле, – сёньня чыста турэцкім горадзе – жыве больш людзей, чымся ў Парыжы ці Лёндане.

Хоць турэцкі сьвет і месьціцца сярод эўрапейскага аркестру, ён ніколі не разглядаўся як эўрапейскі. Так было і з гістарычных прычынаў, паколькі яму заставаўся чужым увесь досьвед, пра які я згадваў дагэтуль, і дзеля тамтэйшае рэлігіі, права, звычаяў. Эўрапеец ня мог пасяліцца ў імпэрыі і займаць важную пасаду, не перайшоўшы ў іслам. Калі туркі захапілі Вугоршчыну, гэтая краіна страціла мноства жыхароў: мужчынаў забралі ў рабства, жанчын – у гарэмы.

У XIX стагодзьдзі, асабліва за панаваньнем султана Абдул-Мэджыда, імпэрыя спрабавала праводзіць рэформы. Іхнаю мэтай перадусім было ўмацаваць цэнтральную адміністрацыю і войска з выкарыстаньнем шэрагу эўрапейскіх рэцэптаў. Але гэта не ішло ні ў якае параўнаньне з праектам поўнае эўрапеізацыі, які спрабавалі ажыцьцявіць пецярбурскія імпэратары. Рэвалюцыя «младатуркаў» 1908 году, нацыяналістычная і аўтарытарная, працягвала тую ж рэформу зь яе абмежаванымі мэтамі. Гэта, аднак, не прадухіліла здрабненьня імпэрыі, эканамічнае залежнасьці, паразаў на Балканах і ўрэшце яе канчатковага скону ў 1918 годзе.

З гэтага досьведу вырасла нацыя. Пераможны Ататурк, забясьпечыўшы дзяржаўную незалежнасьць, набраў досыць моцы, каб цьвёрда і дэспатычна, як Пётар Вялікі, узяцца за глыбокую эўрапеізацыю краіны. Гэтыя зьмены пайшлі далей за звычайны вайсковы праект. Гарантам рэформы выступала армія, «Арда». Але рэформа ахапіла і цывільныя інстытуты, юстыцыю, права, адукацыю, літаратуру, парлямэнцкую сыстэму, урэшце скасаваўшы халіфат, афіцыйна аддзяліўшы дзяржаву ад ісламскае рэлігіі, так бы мовіць, зьдзейсьніўшы сэкулярызацыю. Турэцкі народ, які дасягнуў маналітнасьці (калі не лічыць курдзкага элемэнту) шляхам вынішчэньня альбо выгнаньня армянаў і грэкаў, і знутры і звонку нагадвае эўрапейскую нацыю якабінскага тыпу. Ці можна гэтую нацыю прызнаць за эўрапейскую? Гэта справа вызначэньня. З пункту гледжаньня гісторыі, адзінства перажытага і цывілізацыі – безумоўна, не. Калі разглядаць інстытуты, лічачы іх за крытэр прыналежнасьці да Эўропы, – пытаньне застаецца адкрытым; трэба яшчэ прыгледзецца, як яны рэальна функцыянуюць.

Расейская праблема выглядае зусім інакш. У XVII стагодзьдзі Расейская імпэрыя, ужо тады гэткая ж вялізная, як і сёньня, была ў вачох Эўропы нашмат больш барбарскай і менш вядомай, чым Атаманская. Была яна і менш грознаю: слабых сілаў Швэцыі і Польшчы хапала, каб трымаць яе ў страху. Рэвалюцыя і Пятра I мела першапачаткова вялікія пляны, на турэцкі ўзор. Але, нягледзячы на сваю выключную жорсткасьць, гэтыя дзеяньні далі пачатак нашмат глыбейшай рэвалюцыі, якая адбылася таму, што расейскі народ быў хрысьціянскім народам. Хоць праваслаўная Царква жывіла да каталіцкага і пратэстанцкага Захаду глыбокую нянавісьць, яе поўнае падпарадкаваньне, аж да поўнага зьняволеньня, цару – рашучаму заходніку – дапамагло пераадолець бар’еры.

Такая заходніцкая лінія «разьвіцьця» на эўрапейскі манер, прага «дагнаць і перагнаць» была ўласьцівая для ўсіх пецярбурскіх цароў, за выключэньнем, бадай, Мікалая II. Эўрапеізацыя вялася па дзьвюх лініях, якія перапляталіся міжсобку. Першая, лінія Пятра, палягала на мабілізацыі і ўзмацненьні ўсіх рэзэрваў расейскае дзяржавы дзеля пастаўленае мэты. Сялянства было запрыгонена, а вышэйшы слой, і царкоўны і сьвецкі, быў вымушаны аж да 1761 году служыць усё жыцьцё дзяржаве, гэткай жа дэспатычнай, як і ў часы Івана Жахлівага, але больш ці менш рацыянальнай і цалкам сэкулярызаванай. Другая лінія склалася пад канец XVIII стагодзьдзя, калі Кацярына зразумела, што кляса «служилых людей» павінна стаць, паводле сваіх манер, адукацыі і асабістых правоў, сапраўднаю шляхтай, на швэдзкі, прускі і, наколькі магчыма, францускі ўзор. Каб дасягнуць гэтае мэты, яна аддала паном ува ўласнасьць сялянаў – бліскучая прыватызацыя сродкаў вытворчасьці. Абодва гэтыя рашэньні можна назваць удалымі. Расея Пятра вельмі хутка атрымала магутную армію. Расея Кацярыны ад пачатку XIX стагодзьдзя сталася ўжо сапраўднай цывілізацыяй. Без сумневу, такая цывілізаваная Расея была толькі плытом, які насіўся па моры барбарства (тут я парафразую Пушкіна), але яна няспынна разьвівалася цягам усяго XIX стагодзьдзя. Яна стварыла літаратуру, музыку, мастацтва, чые крыніцы і натхненьне былі цалкам эўрапейскімі і як такія атрымалі прызнаньне ўва ўсёй Эўропе.

Вось жа, цягам двух стагодзьдзяў Атаманская імпэрыя страчвала свой уплыў у Эўропе, а Расейская імпэрыя тым часам пасоўвалася наперад. У Швэцыі яна адабрала балтыйскія краіны і Фінляндыю, у Польшчы – Украіну і дзьве траціны ўласна польскае тэрыторыі. Калі б у 1917-м яна выстаяла яшчэ год, то атрымала б, згодна з абяцаньнямі Францыі, рэшту Польшчы, вялікую частку Нямеччыны, дамінаваньне на Балканах і, нарэшце, Канстанцінопаль. Зважаючы на незвычайную дынамічнасьць Расеі ў дэмаграфіі, эканоміцы і культуры, яна запанавала б у Эўропе. На шчасьце (ці наадварот), зьявіўся Ленін.

Тым часам як Турцыю ніколі не ўважалі за эўрапейскую краіну, Расею, хоць у часы Пятра Вялікага яна таксама такою не была, лёгка прынялі ў «эўрапейскі канцэрт». Адзін толькі Папа да 1815 году адмаўляў расейскаму цару ў імпэратарскім тытуле. Галоўнай прычынаю было тое, што ў меру прасоўваньня Расеі на Захад Прусія і Аўстрыя пасоўваліся на ўсход, а Англія магла бесьперашкодна дзейнічаць на ўсім астатнім сьвеце. Таму расейская экспансія атрымала прызнаньне.

Такім чынам, у 1914 годзе Расея належала да «эўрапейскага аркестру». Але ці лічылася яна эўрапейскаю? Адказ ня будзе адназначным. Эўрапейскімі былі ўсе творы расейскае культуры, гэтаксама як манеры і стыль жыцьця вышэйшае клясы. Існавалі, аднак, дзьве перашкоды.

Перадусім рэлігія, якая цягам усяго XIX стагодзьдзя рабілася ўсё менш талерантнаю, усё больш фанабэрыстаю, ганарыстаю. Яна сьцьвярджала славянафільскую міталёгію, ідэю асобнага шляху Расеі, пагарды да «Эўропы». Яна прасякнула сабою літаратуру. Ніколі бар’ер «Filioque» не набываў настолькі калясальных маштабаў і не выклікаў такіх радыкальных падзелаў, як напярэдадні Першае сусьветнае вайны. Наступнай перашкодаю быў дзяржаўны лад. Які ён быў у Расеі? Можна сказаць, што пад канец панаваньня Кацярыны ён набыў выгляд «Ancien Régime» эўрапейскага кшталту. Нягледзячы на свой грубаваты і павярхоўны характар – больш прускі, чым францускі – ён меў вядомасьць і прызнаньне. Тым часам якраз у гэты момант француская рэвалюцыя зрынула ўсе «Ancien Régimes» у Эўропе і прымусіла іх паступова прыстасоўвацца да новага прадстаўнічага ладу. Усе, за выключэньнем расейскага, які захаваў свой ранейшы характар аж да 1905 і нават да 1917 году. Расейскі «Ancien Régime» страціў сваю легітымнасьць нават у вачох уласнае шляхты, асьвечаных чыноўнікаў і інтэлігенцыі, якія усё больш эўрапеізаваліся. Вось жа, ягоны крах быў чаканым.

І крах адбыўся, але не такі, якога чакалі. Мяжа Эўропы ў гэты час скочыла на Ўсход – дзякуючы вызваленьню Польшчы, балтыйскіх краінаў, Фінляндыі, Бэсарабіі. Лёс Расеі нам вядомы, далейшае разьвіцьцё гэтае краіны кардынальна супярэчыць эўрапейскім звычаям. Расейскі лад няправільна параўноўвалі з дэспатызмам Маскоўскага княства: так, ён пераняў ад апошняга пэўныя рашэньні, але гэта было выклікана ўтапічнымі матывамі, цалкам падпарадкаванымі таталітарнай ідэалёгіі.

Мяжа, што аддзяляла Эўропу ад СССР, сталася непераадольнаю, яе нашмат пільней умацоўвалі, сьцераглі, яна мела нашмат больш паліцэйскі характар, чым мяжа колішняе Расейскае імпэрыі, якая ўжо тады была выключэньнем у кантэксьце эўрапейскіх нормаў. Пазьней гэтая жалезная заслона, дзякуючы вайне, пасунулася на Захад і адрэзала ад Эўропы Варшаву, Будапэшт, Прагу, Дрэздэн. Яна прайшла па самым сэрцы гістарычнае Эўропы. Цягам сарака гадоў здавалася, што межы Эўропы вярнуліся да яе старога каралінскага ядра часоў отанскіх імпэратараў.

Больш як сорак гадоў саветызаваную частку Эўропы пазбаўлялі элітаў, прыніжалі, ізалявалі, часткова русіфікавалі, зьнішчалі ўсе яе структуры. Ужо дзесяць гадоў яна выходзіць з гэтага палону, які прывёў яе ў вельмі кепскі стан. Згалелая, скалечаная запаволеным разьвіцьцём, яна ні ў чым ня ўпэўненая, акрамя аднаго: сваёй неадрыўнае прыналежнасьці да Эўропы. Цяпер, больш чым калі, найважнейшая мяжа – тая, якая аддзяляе яе ад Расеі і якую яна стараецца ўмацоўваць усімі сродкамі. Мы ў сябе на Захадзе не ўсьведамляем, якім сьвятам для Польшчы быў уступ у NATO. Зноўку апынуцца ў Эўропе – вось супольная праграма ўсяго рэгіёну. Зразумела, што ён пры гэтым спадзяецца на амэрыканскую моц. Пра расейскі ўплыў у культуры, у думцы, у мастацтве няма ўжо і гаворкі.

А што сама Расея? Яна выходзіць зруйнаванаю з эпохі камунізму. Яна зазнала небывалы дэмаграфічны спад. Расейцаў сёньня менш, чым у 1917 годзе, асабліва дзяцей. Паводле эканамічнае моцы яна слабейшая за Гішпанію. Усе тэрытарыяльныя набыткі ад часоў Пятра Вялікага і нават Аляксея Міхайлавіча страчаны.

Ня статус сусьветнае дзяржавы перашкаджае яе магчымай інтэграцыі з Эўропай (калі б такая інтэграцыя адбылася, то межы Эўропы пашырыліся б не да Ўралу, які ніколі ня быў мяжою, а да Кітаю і Ціхага акіяну). Гэтая перашкода, хутчэй, воля саміх расейцаў. Расея мае такі рэжым, які мае, і шчырыя заходнікі сярод расейцаў, а такіх нямала, ня ведаюць, ці ім сьмяяцца, ці плакаць, калі заходняя прэса называе гэты рэжым emergent democracy. Што да праваслаўнае Царквы, то ўлады зь яе дапамогай падсілкоўваюць скрайні нацыяналізм, надзвычай варожы ўсялякаму збліжэньню з лацінскім сьветам.

Даводзіцца скончыць на невясёлай ноце: Эўропа спынілася тамсама, што і ў XVII стагодзьдзі, калі сустрэлася зь іншай цывілізацыяй, зусім адрозным дзяржаўным ладам і рэлігіяй, якая яе ня хоча.

Пераклаў з польскай Мікола Раманоўскі

  францускі правы інтэлектуал. Гэта спавешчаньне было прачытана 2 траўня 2004 г. у Варшаве.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14