A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  СЯРГЕЙ БОГДАН

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Богдан
Беларусь, убачаная арыенталістам

Maćków Jerzy. Am Rande Europas? Nation, Zivilgesellschaft und außenpolitische Integration in Belarus, Litauen, Polen, Russland und der Ukraine. – Freiburg–Basel–Wien: Herder, 2004.

Кніжка прафэсара Рэгенсбурскага ўнівэрсытэту Ежага Мацькава была задуманая як выклад праблемы інтэграцыі з Захадам краінаў нашага рэгіёну. Зважаючы на слабую абазнанасьць нямецкага чытача зь іх асаблівасьцямі, др. Мацькаў суправадзіў свае развагі нарысам гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Атрымаліся «ўводзіны ў вывучэньне ўскраінных земляў Заходняй Эўропы», закліканыя асьвятліць узаемасувязі паміж грамадзтвамі, нацыямі і наднацыянальнай інтэграцыяй. Для публіцыстычнага твору занадта мудрагелістыя, для строгага навуковага дасьледаваньня занадта простыя.

УСХОДНЯЯ ЭЎРОПА ЯК ІНШЫ СУСЬВЕТ

Кніжка пачынаецца з прапановы зьвярнуцца да цьвярозага глузду і ўрэшце прызнаць той факт, што Захад і Ўсход Эўропы належаць да розных, часам нават процілеглых, культурных, палітычных, эканамічных і грамадзкіх сусьветаў. Адрознасьць Усходу тлумачыцца на прыкладзе трох пытаньняў, што стала прысутнічаюць у дасьледаваньнях нацыяналізму і посткамуністычных пераўтварэньняў – нацыятварэньня, дачыненьняў паміж нацыяй і грамадзянскай супольнасьцю, транснацыянальнай інтэграцыі.

Першыя старонкі прысьвечаны доўгім тэарэтычным развагам аб асноўных напрамках дасьледаваньняў нацыі і нацыяналізму – аб т. зв. канструктывізьме (згодна зь якім нацыі ўяўляюць сабой сьвядома створаныя элітамі супольнасьці) і прымардыялізьме (паводле якога нацыі існуюць адвеку, арганічна паўстаючы ў выніку гістарычнага разьвіцьця). Аўтар па чарзе праз прызму кожнай тэорыі разглядае разьвіцьцё ўсходнеэўрапейскіх нацыяў і прыходзіць да высновы, што нацыятварэньне ў краінах Усходняй Эўропы ішло больш рэвалюцыйным шляхам пад уплывам чужынскага панаваньня, тады як заходнія нацыі паўставалі збольшага ў выніку эвалюцыі ў межах ужо існуючай дзяржавы. Таму ўтвораныя нацыі сапраўды адрозьніваюцца.

Сп. Мацькаў яўна ня мае сантымэнтаў да канцэпцыяў Сярэдняй Эўропы, у выніку ў чытача складваецца ўражаньне аб маргінальнасьці нашага рэгіёну ў дачыненьні да заходняй часткі кантынэнту. (Усходняя Эўропа выглядае маргінальна і анамальна, калі яе параўноўваць з Заходняй. Але калі вылучыць яе ў асобны рэгіён Сярэдняй Эўропы – нармальнасьць вернецца.) Адначасова аўтар раіць кіраўніцтву ЭЗ перагледзець сваё варожае стаўленьне да нацыяналізму, бо «Беларусь і Ўкраіна паказваюць, што альянс нацыяналізму, дэмакратыі і лібэралізму можа быць акурат тым, што неабходна краінам, дзе адсутнічае грамадзянская супольнасьць».

Канцэпцыі грамадзянскай супольнасьці (як сукупнасьці аб’яднаньняў і асобаў, што валодаюць прыватнай уласнасьцю ды дзейнічаюць у сваіх уласных інтарэсах) тут процістаіць панятак ідэякратыі – «умма». (Маецца на ўвазе супольнасьць мусульманаў, ад чаго выказваньне мяжуе з паліткарэктнасьцю.) Міт таталітарнасьці мусульманскага грамадзтва – здабытак арыенталізму. Пра арыенталізм мы яшчэ пагаворым пазьней, а пакуль адзначым (заходне)эўропацэнтрычны падыход аўтара.

Др. Мацькаў пэрыядычна ўва ўсім тэксьце заклікае адкарэгаваць заходняе разуменьне нацыяналізму, традыцыйнае для дасьледаваньняў гэтай зьявы, калі нацыяналізм вызначаецца як імкненьне да нацыянальнага адзінства і ўсталяваньня нацыянальнай палітычнай улады, то бок фармаваньня нацыянальнай дзяржавы. Ён наракае на тое, што гэткая дэфініцыя ахоплівае сабой як «добрыя», гэтак і «благія» нацыяналізмы, a іх ня варта «часаць адным грабеньчыкам». У рэальнасьці мы часьцяком бачым нацыяналізмы, што распальваюць варожасьць да іншых народаў, патрабуючы этнічнай/нацыянальнай чысьціні. Гэта т. зв. эксклюзіўныя нацыяналізмы, што выраджаюцца ў спробы зьнішчэньня чужынцаў. Але ж нярэдка нацыяналізмы прымаюць грамадзянскія і аб’яднаўчыя рысы, становяцца інклюзіўнымі. Гэткія нацыяналізмы станоўча ўплываюць на нацыянальную ідэнтычнасьць, бо дапамагаюць нацыі ўсталяваць цывілізаваныя дачыненьні з суседзямі й чужынцамі, што робіць іх незаменнымі хаўрусьнікамі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. (І калі нехта ў тым сумняецца, дык хай сьпярша пазнаёміцца з творамі Ганса Кона, Эрнэста Гелнэра, Лорда Эктана, Элі Кедуры, а пасьля спрабуе гэта абвергнуць.)

Усходняя Эўропа пакутуе на недаразьвітасьць, бо яе «арганічнае» разьвіцьцё было неаднаразова перарванае «зьнішчэньнем Польшчы» (у 1772, 1793, 1795, 1815 і 1939 гг.). Дзяржаваў-рабаўніцаў, што бралі ў ім удзел, можна лічыць аднолькава вінаватымі, бо, дарма што многія зь іх належалі да заходняй культуры (Габсбурская Аўстра-Вугоршчына, Прусія, Трэці Райх), пераступіўшы «ўсе маральныя стандарты» Заходняй Эўропы, яны апынуліся ў адным шэрагу з прыналежнай да другога культурнага сьвету Расейскай імпэрыяй/Савецкім Саюзам:

Пакаленьні інтэлектуалаў-прыхільнікаў «эксклюзіўнага» нацыяналізму (альбо проста апартуністаў) краінаў-рабаўніцаў тлумачылі гэты чын як гістарычную справядлівасьць альбо неабходнасьць. Але немагчыма схаваць тых бязьмежна далёкасяжных наступстваў, што меў для ўсёй Эўропы гэты акт. Велізарны эўрапейскі рэгіён, што, пачынаючы з XIV ст., цягам многіх вякоў дэманстраваў cабой узор сапраўды мультыкультурнай палітычнай фэдэрацыі ды шмат у чым быў прадвесьнікам Эўразьвязу, быў разбураны. Ягоная палітычная слабасьць ўмажлівіла найвялікшыя эўрапейскія катастрофы ХХ ст.: хуткаплынны посьпех нацыянал-сацыялізму зь яго сьмерцяноснай палітыкай ды працяглы посьпех камунізму.

Аўтар зьвяртаецца да ўмоўнага ладу, маўляў, вось калі б не разбурылі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, калі б не зьніштожылі Другой Рэчы Паспалітай (1918–1939 гг.)… Змагаючыся за неперадузятую чысьціню тэрміну «нацыяналізм», ці не забываецца ён на чысьціню тэрмінаў «Польшча» ды «Літва»?

АБ ЗЬНІКЛЫХ НАЦЫЯХ І АДЧАІ ПІЛСУДЗКАГА

Польшча рэпрэзэнтуецца як узор пераўтварэньня пад чужынскім уладараньнем шляхецкай нацыі (Adelsnation) у мадэрную шляхам пашырэньня нацыянальных каштоўнасьцяў сярод першапачаткова сацыяльна і палітычна прыгнечаных ды нацыянальна абыякавых масаў – буржуазіі й сялянаў. Сучасная польская нацыя, такім чынам, паўстала на руінах шляхецкай нацыі ды пацьвярджае слушнасьць прымардыялізму.

Але ж побач з польскай шляхецкай нацыяй існавала і літоўская шляхецкая нацыя, якая зьнікла ў сьмяротных абдымках братоў і суседзяў. Яе сьляды ў разгляданай кніжцы можна адшукаць у спрэчцы наконт польскай нацыянальнай ідэнтычнасьці, што ішла ў першай палове мінулага стагодзьдзя паміж Раманам Дмоўскім ды Юзафам Пілсудзкім.

Варшавяк-беларусафоб Дмоўскі выступаў за стварэньне сучаснага, этнічна эксклюзіўнага нацыяналізму коштам асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў. Гэтай пазыцыі процістаяў Пілсудзкі, прыхільнік інклюзіўнага нацыяналізму ў лепшых традыцыях шляхецкай нацыі. Чаму, маўляў, пілсудчыкам і закідалі архаізм.

Пілсудзкі перамог Дмоўскага палітычна, але не ягоную канцэпцыю. Кульмінацыяй яе пасьпяховага разьвіцьця сталася паваеннае зьмяшчэньне Польшчы на Ўсход з зачысткамі тэрыторыі ад украінцаў ды немцаў. Усьлед за імі, на думку Ежы Мацькава, пайшлі іншыя:

Фармаваньне сучаснай польскай нацыі паўплывала на нацыябудаўніцтва іншых народаў былой Рэчы Паспалітай. Гэтыя працэсы нацыябудаўніцтва, на жаль, мелі сваім вынікам паўстаньне пераважна этнічна эксклюзіўных нацыяналізмаў – у іх ліку варта назваць і ідэнтычнасьць савецкага чалавека, якая, зрэшты, утрымлівае ў сабе няшмат грамадзянскіх рысаў.

Сапраўды, украінскія і беларускія нацыяналісты калісьці набраліся многіх польскіх ідэяў і стварылі ў XIX–ХХ стст. свае эксклюзіўныя нацыяналістычныя канцэпцыі. Але пасьля, у выніку гіганцкіх грамадзкіх пераўтварэньняў, яны былі маргіналізаваныя і нават незалежнасьць не дапамагла ім у рэалізацыі іх праектаў. 1991 г. даў уладу намэнклятурным элітам, што пачалі панаваць ды будаваць свае дзяржавы й нацыі, не зважаючы на старыя канцэпты «тубыльцаў». Гэтыя эліты патрапілі перавесьці гадзіньнік нацыянальнай гісторыі на пачатак адліку… Беларуская і ўкраінская нацыі маюць сваіх духаў-двайнікоў – Doppelgänger («тожа-беларускую» і «тожа-ўкраінскую» нацыі), і немагчыма нешта зразумець на Ўсходзе Эўропы, не зважаючы на існаваньне гэтых злавесных духаў, кланаваных імпэрыялізмам і таталітарызмам.

БЕЛАРУСЬ ЯК АБВЯРЖЭНЬНЕ КЛЯСЫЧНЫХ ТЭОРЫЯЎ

Другое пытаньне датычыцца ўзаемасувязі паміж нацыяй/нацыяналізмам і грамадзянскай супольнасьцю. Зыходным пунктам аналізу ёсьць тэза Гелнэра, згодна зь якой чальцы грамадзянскай супольнасьці непазьбежна ёсьць нацыяналістамі, бо нацыяналізм мае аднолькавае паходжаньне з грамадзянскай супольнасьцю. Др. Мацькаў пытаецца, ці ня могуць прынамсі некаторыя з разгляданых краінаў служыць прыкладам зусім процілеглай зьявы, бо сучасная нацыя і нацыяналізм у іх паўстаў без існаваньня разьвітай грамадзянскай супольнасьці. І гэта, на ягоную думку, яшчэ адна асаблівасьць «ускраіннай» Эўропы.

Выявіўшы гэтую асаблівасьць, польска-нямецкі дасьледнік ставіць пытаньне аб значэньні нацыяналізму як для посткамуністычнай сыстэмнай трансфармацыі (увядзеньня рынку і дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы), так і для праектаў наднацыянальнай інтэграцыі. Прынята лічыць, што нацыяналізм нясе найбольшую пагрозу для гэтых абодвух праектаў і адной з асноўных прычынаў сёньняшняга заняпаду Ўсходняй Эўропы. Гэта др. Мацькаў мяркуе абвергнуць узорамі разьвіцьця Беларусі і Ўкраіны – яскравымі прыкладамі правалу спробаў сыстэмнай трансфармацыі і наднацыянальнай інтэграцыі, – адначасова дэманструючы слабаразьвіты нацыяналізм і незакончанасьць працэсу нацыятварэньня.

Др. Мацькаў кажа пра сваё жаданьне, каб ягоная кніжка «правакацыйна адрозьнівалася ад той плыні паліталягічных дасьледаваньняў працэсаў грамадзкіх пераўтварэньняў, у якіх выказваецца перакананьне, што спэкуляваць пра інстытуцыяналізацыю посткамуністычных сыстэмаў можна, не зважаючы на культурныя асаблівасьці разгляданых грамадзтваў, бо, нібыта, посьпехі ці паразы посткамуністычнай дэмакратызацыі вынікаюць выключна з эфэктыўнасьці палітычных альбо канстытуцыйных пераўтварэньняў». Ён мерыцца давесьці, што разбурэньне камуністычнага таталітарызму і ягонай спадчыны раўназначнае стварэньню грамадзянскай супольнасьці ды дэмакратыі толькі ў тых грамадзтвах, у якіх камунізм разглядаецца як нешта чужое і навязанае.

У іншым жа разе менавіта грамадзянская супольнасьць, а не камунізм, небеспадстаўна ўважаецца за чужую брыдоту, накіраваную супраць мясцовай нацыянальнай культурнай традыцыі. «Сёньня да гэткіх грамадзтваў належаць Беларусь і Ўкраіна, што яшчэ некалькі стагодзьдзяў таму трапілі пад усёабсяжны ўплыў Расеі, якая пакутуе ад гіпэртрафіі ды неэфэктыўнасьці сваёй дзяржавы».

ІНТЭГРАЦЫЯ ПРАЗ УМАЦАВАНЬНЕ НАЦЫЯНАЛІЗМУ

Разгляданая тут кніжка вырасла зь фінансаванага фундацыяй «Фольксваген» у 1999–2002 гг. праекту дасьледаваньня магчымасьцяў пашырэньня ЭЗ на ўсход «Multiplikatoren der Westintegration. Belarus, Litauen, Polen und die Ukraine im Vergleich». У гэтым кантэксьце невыпадкова, што як яшчэ адна адметнасьць Усходняй Эўропы тут падаецца сьцьверджаньне, што «разьвіцьцё нацыяналізму ёсьць незаменнай (але не дастатковай) перадумовай наднацыянальнай інтэграцыі». Гэта датычыцца часткова і грамадзтваў краінаў ЭЗ:

Заходне- і цэнтральнаэўрапейцы ня змогуць па-сапраўднаму зразумець ні саміх сябе, ні праблемаў усходнеэўрапейцаў датуль, пакуль баяцца прызнаць свой уласны нацыяналізм. І калі яны надалей будуць спрабаваць вучыць усходнеэўрапейцаў, як пераадолець нацыяналізм – то бок, таму, што яны самі не патрапілі зрабіць у сябе дома – дык гэта проста несумленна зь іх боку. Ад нацыяў ЭЗ пра «пераадольваньне нацыяналізму» можна даведацца прыкладна тое самае, што і пра іх эўрапейскую ідэнтычнасьць, а менавіта, што ні таго, ні другога ў іх у дастатковай меры не назіраецца і што гэтыя нацыі нічога не баяцца больш, чымся страты свайго дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Пры тым др. Мацькаў адзначае, што большасьць беларусаў ды ўкраінцаў шмат менш прывязаныя да сваіх дзяржаваў, хаця гэта яшчэ не азначае аўтаматычнай гатовасьці да актыўнай падтрымкі інтэграцыі з Эўразьвязам ці Расеяй. Гэткае стрыманае стаўленьне хутчэй ужо сьведчыць пра брак адчуваньня агульнанацыянальнай салідарнасьці і нацыянальных інтарэсаў:

Гэтая нястача дужа падобная на тую нястачу разуменьня супольных інтарэсаў, што пануе ў краінах ЭЗ. Як сёньняшнія нацыі ЭЗ не выказваюць вялікай ахвоты дэмакратызаваць Зьвяз ды стварыць у ім эфэктыўныя структуры ўлады, што далі б рады адказаць на выклікі сучаснасьці, гэтак і «незавершаныя» нацыі Ўсходняй Эўропы ніяк ня могуць збудаваць эфэктыўных нацыянальных дзяржаваў.

Вось толькі ці сапраўды малаэфэктыўная беларуская дзяржава? Яна ненацыянальная/недэмакратычная/нелібэральная і г. д., але вось акурат у неэфэктыўнасьці яе абвінавачваць няварта. Іншая справа, куды накіраваная гэтая эфэктыўнасьць і чаго яна нам каштуе.

БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ ДЫ ЭЎРАЗЬВЯЗ

Дзьве з трох асноўных тэмаў кніжкі («прымардыялізм альбо канструктывізм» ды «нацыяналізм і грамадзянская супольнасьць»), як прызнае сам аўтар, былі навеяныя, прынамсі часткова, дасьледаваньнямі Гелнэра. Тэма наднацыянальнай інтэграцыі рэгіёну Ўсходняй Эўропы больш аўтарская.

Пад наднацыянальнай інтэграцыяй тут разумеецца эўраінтэграцыя, і таму кніжка нібыта мусіла б абудзіць эўранадзеі і эўрааптымізм. Чаго я зрэшты і спадзяваўся, але так і не зразумеў, чаму мы мусім інтэгравацца і якія прычыны дзеля таго існуюць. Эўраінтэграцыю Ежы Мацькаў, як і бальшыня нашай палітычнай эліты, падае як нешта натуральнае, што не патрабуе жадных доказаў на сваю карысьць.

Заклік сп. Мацькава да прызнаньня эўрапейцамі іх нацыяналізму фактычна ёсьць заклікам да «Realpolitik». У гэтым кантэксьце цікава выглядае тэма яго дасьледаваньняў інтэграцыі, якая добра кладзецца ў шэраг кніжак, накіраваных на «засваеньне-прысваеньне Ўсходу». Ён, як прадстаўнік Захаду, вывучае магчымасьць пераўладкаваньня ўсходніх абшараў Эўропы і іх далучэньня да Захаду (дзеля «эўраінтэграцыі»). Тут ужо любы эўрааптыміст схопіцца за галаву ад пэрвэрсіі ідэі эўрапейскай інтэграцыі, бо інтэграцыя – гэта аніяк не ўсталяваньне дамінацыі і кантролю!

Узаемасувязь ведаў і ўлады аналізаваў быў Мішэль Фуко, а Эдвард Саід выкарыстаў яе для разгляду «арыенталізму» – складанага дыскурсу заходніх прэтэнзіяў на ўладу/кантроль над Усходам. У часе абгрунтаваньня гэтай прэтэнзіі Ўсход, па-першае, ператвараецца ў tabula rasa (успрымаецца як такі сабе геаграфічны панятак). Па-другое, ён апынаецца канструкцыяй, створанай пры ўдзеле сыстэмы суарганізаваных дыскурсаў.

Саід таксама выкарыстаў зробленыя Антоніё Грамшы распрацоўкі панятку гегемоніі. Як адныя вобразы Ўсходу пачынаюць дамінаваць над іншымі? Гэта адбываецца не праз грубы і просталінейны ідэалягічны дыктат. Наадварот, чым больш трывала дамінуе пэўная ідэя, тым больш няяўна і незаўважна гэта робіцца. Дамінуючая ідэя ўспрымаецца па змоўчаньні, выступаючы ў якасьці здабытку штодзённага здаровага глузду, калектыўнага пагадненьня, што ўспрымаецца безь пярэчаньня – накшталт «аб’ектыўнай і непазьбежнай інтэграцыі» – поўнай процілегласьці самога панятку інтэграцыі.

Супраціўляцца ж усяму, што ёсьць здабыткам гэткай артадоксіі (якая ня толькі ўмацоўвае ўладу, але і сама ёсьць яе формай), можна, толькі зразумеўшы любы канкрэтны комплекс ідэяў – якім зьяўляецца і арыенталісцкая ідэя Ўсходу – у якасьці гістарычнага ўтварэньня канкрэтных суадносінаў канцэптуальных пабудоваў, розных як з пункту гледжаньня працягласьці свайго існаваньня, так і з пункту гледжаньня асаблівасьцяў свайго паходжаньня.

Некалі Эдвард Саід, пішучы пра франка-брытанскі арыенталізм у дачыненьні да арабска-мусульманскай цывілізацыі, казаў пра слабасьць нямецкага арыенталізму. Але, здаецца, Саід, заўважаючы спачатку, што арыенталізм як каляніяльны дыскурс не абмяжоўваецца франка-брытанскімі ўяўленьнямі наконт арабска-мусульманскага сьвету, урэшце сам у запале зацятай спрэчкі апынуўся ў пастцы. У кожнай больш-менш разьвітай заходняй ці квазізаходняй краіны паўстаў свой арыенталізм, характэрны для гэтай нацыі, што здолела заснаваць хоць невялікую імпэрскую традыцыю. Толькі арыенты былі розныя.

У немцаў быў свой арыенталізм, які займаўся іх уласным Арыентам. Бэрліну не далі доўга паганяцца за афрыканскімі калёніямі. У яго была Ўсходняя Эўропа, якую і належала засвойваць. Задача застаецца актуальнай і цяпер. Зрэшты ня будзьма вінаваціць яго, бо кожная нацыя схільная да таго ж. У тым ліку нашыя суседзі палякі, што таксама «засвойвалі-прысвойвалі» Ўсход, і ў чыё поле зроку Беларусь трапляла шмат часьцей у параўнаньні зь немцамі. Таму нават цяжка сказаць, куды залічыць дасьледаваньне др. Мацькава – да польскай ці да нямецкай традыцыі арыенталізму…

Не хацелася б, каб мяне лічылі праціўнікам эўраінтэграцыі. Эўразьвяз стаў пасьпяховым праектам дзякуючы сваёй узважанасьці, узважанасьць акурат і ёсьць сутнасьцю ідэі інтэграцыі і задзіночаньня Эўропы. Ён пачынаўся ў тым ліку і зь пераадоленьня шматлікіх формаў культурнага імпэрыялізму (праяву якога з брытанска-францускага боку ў дачыненьні да арабаў Эдвард Саід назваў арыенталізмам), напрыклад, францускага ўспрыманьня сваіх усходніх суседзяў як «гунаў» ды нашчадкаў Атылы.

Калі цьвяроза зірнуць на рэчы, як заклікае сп. Мацькаў, давядзецца прызнаць, што многія рэчы ў галіне дэмакратызацыі ёсьць толькі праявамі рэальнай палітыкі, што арыенталізм – гэта ня нешта далёка-экзатычнае пра арабаў, а зусім нашае, тое, з чым мы працягваем сутыкацца ў эўрапейскім друку. Абураючыся з кожнай прыватнай праявы дзіўных эўрапейскіх уяўленьняў наконт Беларусі, мы мусім рабіць высновы і бачыць за дрэвамі лес. Яны ўяўляюць і ведаюць тое, што ім трэба.

Галоўная віна – за намі. Бо зьява гэтая магчымая толькі пры нашай маўклівай згодзе ды інтэлектуальным гультайстве. Калі мы самі не займаемся вызначэньнем уласнага лёсу, ім пачынае займацца фундацыя «Фольксвагену»… І добра яшчэ, што гэтыя распрацоўкі не пераўтвараюцца ў нямецкі (польскі/францускі/расейскі ці яшчэ чый заўгодна) маналёг на тэму ўладкаваньня Ўсходу.

  скончыў факультэт міжнародных дачыненьняў БДУ. Займаецца вывучэньнем ісламскай тэалёгіі. Пераклад фрагмэнтаў рэцэнзаванай кніжкі будзе надрукаваны ў наступным нумары часопісу «Палітычная сфера».
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14