A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
ЮРЫ ЧАВУСАЎ | ||||
Вайна для народу
Каваленя А., Лемяшонак У., Далгатовіч Б. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Падручнікі ня ёсьць сродкам прадукаваньня новай навуковай веды. Праз пасярэдніцтва падручнікаў адбываецца рэтрансьляцыя і распаўсюджаньне ў грамадзтве веды, санкцыянаванай сыстэмай адукацыі як афіцыйна навуковай. Гэтая тэза ў той альбо іншай ступені справядлівая для ўсіх сыстэмаў адукацыі і для розных грамадзкіх фармацыяў. Навучальныя дысцыпліны суадносяцца з адпаведнымі галінамі навукі даволі гнутка, часам навука выконвае адну гнасэалягічную функцыю, а адпаведны навучальны прадмет служыць зусім іншым мэтам. Гэта датычыцца і выкладаньня новых навуковых канцэпцыяў. Агучваньне ў навучальных аўдыторыях тэорыяў Дарвіна, фрайдызму, гісторыі савецкай камуністычнай партыі альбо сталінскіх рэпрэсіяў – усё гэта было актамі фармаваньня грамадзкай сьвядомасьці, шырэйшымі за папярэднюю зьмену навуковых парадыгмаў. Патрапіўшы ў навучальныя дапаможнікі, факт альбо ягоная інтэрпрэтацыя пераўтвараюцца з навуковай веды ў веду будзённую, санкцыянаваную, агульнапрынятую ў якасьці ісьціны. Дзякуючы гэтай сваёй уласьцівасьці падручнікі, якія, здаецца, павінны быць кодэксамі наяўнай навуковай веды і дапаможнікамі ў тым, як гэтую веду назапашваць і пашыраць (вырабляць наноў), часам служаць мэтадам індактрынацыі ў пануючую схему сьветапогляду. Зьмест падручніка з гуманітарнай дысцыпліны як сродку ідэалягічнай сацыялізацыі асобы навучэнца ў грамадзтве часам пераважае над ягонай асьветніцкай функцыяй. Гэткая тэза датычыцца, перш за ўсё, падручнікаў для агульнаадукацыйных, сярэдніх школаў. Вучань, ня схільны да дадзенай галіны ведаў, засвоіць зьмест падручніка як кампэндыюм таго, што назапасілі навукоўцы да яго, і вынесе неабходны для паўсядзённага жыцьця мінімум ведаў. Умоўна кажучы, ён будзе ведаць, які горад ёсьць сталіцай Францыі і ў межах якой навуковай дысцыпліны можна даведацца пра асаблівасьці геаграфічнага разьмяшчэньня гэтага месца. Вучань, ахоплены сымпатыяй да гэтай дысцыпліны, зацікавіцца выкладзеным матэрыялам і будзе пашыраць свае веды ў гэтай галіне. Зь цягам часу цікаўнасьць да геаграфічных ведаў можа пацягнуць заінтрыгаванага нэафіта да больш спэцыяльнага вывучэньня прадмету, а разам з захапленьнем вандроўкамі і турыстычнымі экспэдыцыямі гэта можа давесьці ажно да асьпірантуры геаграфічнага факультэту і далейшага прасоўваньня па сыстэме афіцыйнай навукі. Трэці ж вучань, натхнёны крытычным стаўленьнем да асобных навуковых канцэпцыяў, пачне аспрэчваць некаторыя зь іх і зробіцца сапраўдным навукоўцам, які будзе ня проста засвойваць старыя веды і займацца іх кадыфікацыяй, а прадукаваць новыя. У межах абранай намі «геаграфічнай» аналёгіі такому чалавеку амаль наканавана займацца памежнымі абсягамі гэтай навукі кшталту геапалітыкі альбо геаэканомікі, дзе і прадукуюцца новыя тэорыі. Такім чынам адбываецца сумяшчэньне ў навучальнай дысцыпліне выкананьня задачаў сацыялізацыі, задачаў разьвіцьця нармальнай навукі і задачаў яе крытычнага пераасэнсаваньня, то бок забесьпячэньня магчымасьці пераходу навукі ў стадыю рэвалюцыйнай, «ненармальнай» навукі. І менавіта ў першым функцыянальным складніку выкладаньня хаваецца ядро ідэалягічнай індактрынацыі асобы ў межах працэсу яе агульнай сацыялізацыі. Гэткая мадэль справядлівая для падручнікаў агульнаадукацыйных школаў, і ў меншай ступені датычыцца падручнікаў для вышэйшай школы. Усё ж такі вышэйшая школа рыхтуе прафэсіяналаў з ужо вызначанай роляй у сыстэме грамадзкіх зносінаў – напрыклад, у падручніках для тэхнічных і прыродазнаўчых спэцыяльнасьцяў элемэнт сацыялізацыі (і, адпаведна, ідэалягічнай індактрынацыі) робіцца мінімальным. Аднак зусім асаблівую ролю выконваюць тыя з падручнікаў для ВНУ, што прызначаныя для вывучэньня грамадазнаўчых, гуманітарных дысцыплінаў тымі студэнтамі, асноўная ўвага якіх, з улікам абранай спэцыялізацыі, скіраваная на вывучэньне іншых галінаў ведаў. Тут навучальны курс і адпаведны падручнік амаль цалкам выконвае пазначаную першай функцыю сацыялізацыі індывіда, інтэграцыі яго ў агульнапрынятае поле інтэрпрэтацыяў фактаў чалавечага жыцьця. Задача такога курсу не ў выхаваньні чалавека, здольнага да больш глыбокага разьвіцьця дадзенай галіны ведаў альбо тым больш для ягонага рэвалюцыйнага пераасэнсаваньня, а ў фармаваньні адпаведнасьці паміж афіцыйнымі трактоўкамі сацыяльна-гуманітарных зьяваў і індывідуальнымі стаўленьнямі да іх з боку студэнтаў, якія ў будучыні стануць прафэсіяналамі ў розных галінах чалавечай дзейнасьці. Падобнае становішча распаўсюджанае і ў больш лібэральных за беларускую сыстэмах адукацыі. Аднак у Беларусі, у выніку схільнасьці сыстэмы адукацыі да фармаваньня асобы, здольнай жыць у аўтарытарным грамадзтве, роля гэткіх курсаў робіцца асабліва важнай. Між іншым, гэтым тлумачацца тыя кпіны, якія адэпты распаўсюджанай у нас татальнай савецкай сыстэмы выкладаньня часам адрасуюць заходняй сыстэме выкладаньня. Апошняя, не абцяжараная патрабаваньнем татальнай ідэалягічнай сацыялізацыі суб’екта ўва ўсе магчымыя жыцьцёвыя сытуацыі (каб пасьля нават падзеі прыватнага жыцьця інтэрпрэтаваліся ў правільным ідэалягічным духу), дазваляе пакінуць без увагі «непатрэбныя» будучаму спэцыялісту веды. Магчыма, у такой схеме навучэнцу сапраўды не стае пэўных ведаў – напрыклад, здольнасьці паказаць на мапе сьвету Маскву альбо веданьня афіцыйнай біяграфіі дзейнага правадыра. Аднак, па-першае, ува ўмовах постіндустрыяльнага грамадзтва каштоўная не сама веда, а здольнасьць да яе здабыцьця і да прадукаваньня новай веды і здабыцьця новага навыку. Па-другое, у плюралістычным сьвеце і веда мае адносны характар – і такое яе разуменьне вельмі каштоўнае. Паказальна, што факультатывы і не зьвязаныя зь непасрэднай спэцыялізацыяй студэнтаў курсы, такія як «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы» і «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу», прысьвечаныя грамадазнаўчай праблематыцы, сваёй значнасьцю ня маюць аналягаў сярод прыродазнаўчых навук. Курсы кшталту «Асноваў інфарматыкі» альбо «Асноваў экалёгіі», калі і прысутнічаюць у навучальных праграмах сацыяльна-гуманітарных аддзяленьняў у Беларусі, то адыгрываюць там другарадную ролю, іх увядзеньне не санкцыянуецца кіраўніком дзяржавы і не суправаджаецца пампэзнымі публікацыямі, а іх чытаньне зьяўляецца выключнай фармальнасьцю – ні пра якія грунтоўныя навучальныя матэрыялы альбо распрацоўку складаных навучальных праграмаў гаворкі тут не ідзе. Мінімум афіцыйных прыродазнаўчых і дакладных ведаў, як лічыцца, даецца моладзі яшчэ ў сярэдняй школе, а вось жа працэс сацыяльна-ідэалягічнай індактрынацыі і фармаваньня сацыяльна-канформнай асобы трэба працягваць і надалей, і нават больш актыўна. Асаблівую ролю ў гэтым працэсе другаснай ідэалягічнай сацыялізацыі індывіда выконваюць падручнікі з гуманітарных дысцыплінаў для студэнтаў вышэйшых навучальных установаў. Падручнік з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стаіць менавіта ў гэтым шэрагу сродкаў ідэалягічнай індактрынацыі.
Мы бачым ролю гэткіх навучальных прадметаў і падручнікаў як не зьвязаную з атрыманьнем студэнтамі прафэсійных ведаў, а разглядаем іх як частку ідэалягічнай працы ў дзяржаве. Гэты сэгмэнт ідэалягічнай працы тым больш важны, што скіраваны на праблемную ў сэнсе палітычнай ляяльнасьці існуючаму ў Беларусі рэжыму сацыяльную групу – студэнцкую моладзь. Фармаваньне сьветапогляду і сьвядомасьці гэтай групы ў патрэбным кірунку, выхаваньне ляяльных прафэсіяналаў – адна з прынцыповых задачаў беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі. Курс «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы» ў дадзенай працы ёсьць, безумоўна, першасным элемэнтам, аднак тут прысутнічаюць і іншыя мэханізмы ідэалягічнай індактрынацыі. Адным з такіх больш вытанчаных мэханізмаў ёсьць курс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу ў кантэксьце Другой сусьветнай вайны». Калі першы курс выконвае тую ж функцыю, што і курс навуковага камунізму ў савецкай вышэйшай школе, то гісторыя Вялікай Айчыннай грае ролю гісторыі КПСС – дапаможнага, але ня менш важнага ў ідэалягічным сэнсе інструмэнту. Гэты прадмет, у адрозьненьне ад асноваў ідэалёгіі, абапіраецца на рэальны падмурак гістарычных фактаў. Ён можа быць важным, эфэктыўным і больш «прыстойным» элемэнтам ідэалягічнай працы, паколькі, з аднаго боку, абапіраецца на гістарычныя «факты» (якія ў выніку спэцыфікі гістарычнай навукі часьцяком насамрэч ёсьць інтэрпрэтацыяй фактаў, пра што ніжэй), а зь іншага боку, у сілу самога прадмету і наяўных у грамадзтве канатацыяў паняцьця «Вялікая Айчынная вайна», набывае характар трансьляцыі сакральнай веды. Гістарычныя факты, розныя зьявы айчыннай гісторыі самі сабой непазьбежна цягнуць двухсэнсоўныя тлумачэньні і двухсэнсоўныя ацэнкі выкладзенага матэрыялу: адносна вольнае пашырэньне альтэрнатыўных трактовак гістарычных падзеяў зьяўляецца навакольным асяродзьдзем для гэтага працэсу ідэалягічнай індактрынацыі. Праблема плюралістычнасьці сыстэмаў інтэрпрэтацыі ў гістарычнай навуцы дэталёва дасьледаваная Рэймонам Аронам, у прыватнасьці, ува «Ўводзінах у філязофію гісторыі». На яго думку, у якасьці мэтадалягічных асноваў гістарычнай навукі непазьбежна выступаюць філязофскія ідэі, якія маюць характар ідэалягічных канструктаў. Адсюль – немагчымасьць дасягненьня «аб’ектыўнай» гістарычнай веды, якая б мела характар ісьціны для ўсіх ідэйных сыстэмаў інтэрпрэтацыі. У гэтым сэнсе мы павінны казаць не пра гісторыю, а пра «гісторыі» – дысцыпліны, якія ў розных ідэалягічна-філязофскіх схемах маюць характар розных навук ужо ў сваіх мэтадалягічных асновах. Абагульняць розныя ідэалягічныя інтэрпрэтацыі пад шыльдай адзінай «гістарычнай навукі» было б несправядліва, паколькі яны часьцяком нават ня маюць адзінага прадмету дасьледаваньня. Падаецца парадаксальным, але найбольш «аб’ектыўнай» сфэрай у гістарычнай навуцы (але ж таксама абмежавана!) можа быць хіба толькі… гісторыя філязофіі, паколькі яна мае справу не з гісторыяй фактаў, а з гісторыяй інтэрпрэтацыяў ідэяў. Шмат хто з выкладчыкаў дзяржаўнай ідэалёгіі знайшлі цяпер сабе прыстасаваньне менавіта ў гістарычным падыходзе да ідэалягічных працэсаў: адлюстроўваючы плюралізм поглядаў на разьвіцьцё грамадзтва ў гістарычным кантэксьце, яны спрабуюць унесьці ў таталітарны ў сваёй сутнасьці навучальны прадмет элемэнт навуковасьці і аб’ектыўнасьці. Так у савецкі час пад шыльдай крытыкі буржуазных ідэалёгіяў ці гісторыі палітычных і праўных вучэньняў можна было ня толькі данесьці да чытача зьмест альтэрнатыўных поглядаў на грамадзтва, але нават дасьледаваць сацыяльныя зьявы, выкарыстоўваючы недазволеныя мэтадалёгіі. Пытаньне аб’ектыўнасьці гістарычнай веды ў межах ідэалягічнага дыскурсу ня ёсьць праблемным, паколькі ідэалягічная веда адназначна сьцьвярджае аб’ектыўнасьць гістарычных фактаў: маўляў, падзеі мінуўшчыны ёсьць навуковымі фактамі, якія існуюць незалежна ад пазыцыі назіральніка; адпаведна, розьніца ў гістарычных тэорыях і ў ацэнцы гістарычных падзеяў можа вынікаць альбо зь няведаньня аб’ектыўных гістарычных фактаў, альбо зь іх «няправільнай» інтэрпрэтацыі навукоўцам, які не валодае належным мэтадам дасьледаваньня праз сваю няправільную філязофска-мэтадалягічную (то бок ідэалягічную) пазыцыю. Аснова такой канцэпцыі – прынцып наяўнасьці аб’ектыўнай і пазнавальнай гістарычнай ісьціны. У межах жа навуковай веды пра гісторыю аб’ектыўнасьць гістарычных фактаў робіцца пытаньнем дыскусійным, а існаваньне ідэалягічнага акцэнту ў гістарычных дасьледаваньнях ня толькі не хаваецца, але і выкарыстоўваецца дзеля больш поўнага і рознабаковага пазнаньня сутнасьці гісторыі: напрыклад, асобнае вывучэньне фундамэнтальных працаў Лідэла Гарта ці мэмуараў Уінстана Чэрчыля (заходні канон інтэрпрэтацыі Другой сусьветнай вайны), таксама як асобны разгляд савецкага дванаццацітомніка «Гісторыі Другой сусьветнай вайны» (усходні канон) ня будуць такімі прадуктыўнымі, як вывучэньне абодвух гэтых канонаў з далучэньнем да іх яшчэ й інтэрпрэтацыі пераможаных. Любая гістарычная веда ёсьць ведай ідэалягічнай. Сьцьвярджэньне аб’ектыўнасьці і неідэалягізаванасьці пэўнай гістарычнай тэорыі – шлях да пабудовы таталітарнай ідэалёгіі на глебе гістарызму. Толькі плюралізм ідэалягізаваных гістарычных тэорыяў, іх барацьба і канкурэнцыя можа прывесьці да фармуляваньня цэльнай гістарычнай карціны, якая, ня будучы аб’ектыўнай, будзе, тым ня менш, як веда адпавядаць існай стадыі разьвіцьця філязофска-мэтадалягічных падмуркаў навукі. Для ацэнкі вартасьці гістарычнага дасьледаваньня можна ўжыць канцэпцыю Макса Вэбэра: факты гістарычнага парадку ня ёсьць аб’ектыўнымі, гэта праяўляецца ўжо нават у тым, што гісторык вольны выбіраць паміж імі – суб’ектыўны працэс адбору гістарычных фактаў падчас дасьледаваньня адбываецца пад уплывам ідэалягічных схемаў; але аб’ектыўнай ёсьць лёгіка навуковага дасьледаваньня і мэтадалёгія навукі, паколькі пасьля адбору фактаў сувязі паміж імі мусяць мець аб’ектыўны характар, падпарадкоўвацца прычынна-выніковым законам і законам аб’ектыўнай лёгікі. Адрозьненьні ў інтэрпрэтацыі гістарычных падзеяў здараюцца зусім не празь іх розныя ацэнкі, а праз адрозны падбор фактаў. Таму так званая «навуковая і аб’ектыўная» гісторыя насамрэч знаходзіцца ў ідэалягічным полі інтэрпрэтацыяў рэчаіснасьці, а гэта значыць, часта знаходзіцца па-за межамі навуковага дасьледаваньня. Спроба пакласьці ідэалёгію ў падмурак навуковага дасьледаваньня можа быць у пэўнай ступені эфэктыўная толькі як мэтад палітычнай барацьбы і як мэтад назапашваньня веды, а не крытычнага разгляду рэчаіснасьці. Татальна ідэалягізаваная навукова-гістарычная тэорыя заўжды знаходзіцца ў небясьпецы стаць ахвярай зьмены навуковых парадыгмаў, якая паставіць пад сумнеў наяўную схему інтэрпрэтаваньня гістарычных падзеяў. З гэтага вынікае імкненьне такой тэорыі да прадухіленьня небясьпекі з боку «непажаданых» фактаў: не ігнараваць наяўныя ерэтычныя інтэрпрэтацыі, а арганічна засвоіць іх, пераінтэрпрэтаваць на ўласны капыл, альбо, прынамсі, раскрытыкаваць як не адпаведныя рэчаіснасьці (замоўчваць не адпаведны ідэалягізаванай тэорыі факт азначае пакінуць магчымасьць для альтэрнатыўнай інтэрпрэтацыі). Таму падручнік «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу ў кантэксьце Другой сусьветнай вайны» ўтрымлівае шмат адрозьненьняў ад «клясычнага савецкага» канону і ня можа ня быць крыніцай для альтэрнатыўных тлумачэньняў і спрэчак. Працэс выкладаньня гэтага прадмету абяцае быць надзвычай цікавым, паколькі будзе суправаджацца барацьбой альтэрнатыўных навукова-ідэалягічных падыходаў за статус «навуковай» (значыць, агульнапрынятай) тэорыі. Далей мы засяродзімся толькі на адной з магчымых інтэрпрэтацыяў гэтага падручніка і зьвязанай зь ім веды. Мы разгледзім дадзены падручнік па-за межамі навукова-гістарычнай ацэнкі, сканцэнтраваўшыся на той палітычнай і палітычна-міталягічнай ролі, якую выконвае выкладзены ў ім матэрыял. Само ўвядзеньне асобнага прадмету «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны» можна лічыць часткай таго самага працэсу адбору фактаў – мінуўшчына ведае войны, якія нанесьлі Беларусі такія ж значныя страты, але ў існуючай ідэалягічнай схеме менавіта апошняя вайна выглядае як самы значны фактар у нашай гісторыі, як падзея нумар адзін.
Увядзеньне ў сыстэму адукацыі новых «ідэалягічных» прадметаў суправаджаецца скасаваньнем прадметаў, што ня маюць імгненнага практычнага эфэкту. Сама сыстэма адукацыі арыентаваная на выраб спэцыялістаў з гарантаванай «маральнай устойлівасьцю» (засвоеным наборам ідэалягічных штампаў і мітаў, здольных даць адказ на магчымыя пытаньні і праблемы, што паўстануць перад імі ў іх прафэсійным і асабістым жыцьці альбо ў жыцьці ўсёй краіны). Гэтая сыстэма мае неабходнасьць у стварэньні і пашырэньні штучных ідэалягічных канструктаў унівэрсальнага характару (мітаў). Ідэалягема барацьбы і вайны ў дадзеным кантэксьце ёсьць найважнейшай. У нашай ідэалягічнай працы мы маем справу з такой гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, якая робіцца цалкам прыдатнай для выкарыстаньня ў якасьці матэрыялу для мітатворчасьці. Падручнік наконт яе быў выдадзены ў двух варыянтах: палегчаны, больш кароткі варыянт для сярэдніх школаў (232 старонкі) і таўсьцейшы (279 старонак), але такі самы каляровы, прыгожы і цікавы для чытаньня – для ўнівэрсытэтаў. Абодва падручнікі выпушчаныя на беларускай і расейскай мовах. Адначасова не былі забытыя і дзеткі, што ў 2004 г. пайшлі ў першую клясу: малым быў падораны (казалі – «падарунак ад прэзыдэнта») падручнік зь іншага прадмету – «Беларусь – наша радзіма». Мэтадычныя парады для вывучэньня ў школах і сярэдніх навучальных установах факультатыву «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу» былі распрацаваныя адным з аўтараў падручніка Аляксандрам Каваленем, было знойдзена месца ў навучальнай праграме (пяты курс ВНУ, першы сэмэстар, альбо 11-я кляса агульнаадукацыйнай школы) – і мэханізм далучэньня да ідэалягічнага міту пайшоў на новы віток. Нягледзячы на назоў «факультатыў», дадзены прадмет зрабіўся абавязковым для шматлікіх спэцыялізацыяў. Цяпер пяцікурсьнікі за тыдзень маюць ажно чатыры пары «ідэалягічных заняткаў»: чатыры акадэмічныя гадзіны на тыдзень вывучэньня «Вялікай Айчыннай вайны савецкага народу» і чатыры акадэмічныя гадзіны на тыдзень вывучэньня «Асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Асаблівы інтарэс у іх выклікаюць практычныя заняткі па «Асновах ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Ёсьць яшчэ абавязковы ідэалягічны элемэнт у іншых прадметах, кшталту паліталёгіі, эканомікі, прадметаў гістарычнай скіраванасьці. Ня трэба забывацца і пра абавязковыя палітінфармацыі – нягледзячы на фармальны характар, свой уплыў на сьвядомасьць моладзі яны робяць. Такім чынам, у беларускіх ВНУ склалася міждысцыплінарная схема ідэалягічнай працы, якая ўключае ў сябе вывучэньне ідэалягічных дысцыплінаў, навязваньне ідэалягічнага элемэнту ў зьмест «звычайных» прадметаў і сыстэму «дадатковай» ідэалягічнай індактрынацыі. І ўва ўсім гэтым ёсьць толькі адзіны дысцыплінарны пласт – гістарычная веда (палітэканомія выкарыстоўваецца толькі ў прапагандысцкім дыскурсе і пакуль слаба пранікае ў навучальныя аўдыторыі). Інтэрпрэтацыя гістарычных фактаў у рэчышчы агульнага ідэалягічнага міту адыгрывае ролю фактычнага абгрунтаваньня існуючай ідэалёгіі. Яе выкладаньне на фоне барацьбы беларускага народу супраць акупантаў не выклікае такой адмоўнай рэакцыі, як іншыя формы ідэалягічнай індактрынацыі. А за разьвіцьцё ідэалягічных установак у патрэбным кірунку адказвае «фундамэнтальны» курс «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы» (мэтадалёгія плюс тэорыя) і «практычныя» веды, якія даюцца на палітінфармацыях. Такая тэарэтычная і мэтадалягічная база дазволіць забясьпечыць успрыманьне прэзыдэнта як правадыра, што вядзе вайну супраць ворагаў, недабітых у 1941–1945 гг. Савецкая ідэалягічная дактрына мела велізарны пазытыўны запал, якога цяперашняя т. зв. дзяржаўная ідэалёгія амаль пазбаўленая. Антыкарупцыйная рыторыка і перамогі хакейных дружынаў ня могуць параўнацца па сваёй моцы зь мітамі савецкага часу. Іканастас прававернага савецкага грамадзяніна часоў 1960–1980 гг. быў надзвычай разнастайным. Ягоны ўплыў на масавую сьвядомасьць можна параўнаць хіба з уплывам амэрыканскай поп-культуры. Процістаяньне ЗША і Савецкага Саюзу мела выразны культурны характар, змагаліся дзьве мадэлі мадэрнізацыі, два лады жыцьця. Вобразна кажучы, войска Мікі-Маўса, Супэрмэна, Кенэдзі, Мэрылін Манро і астатніх герояў Галівуду змагалася зь іншым міталягічным войскам, увасобленым у Чалюскінцах, Трактарыстах, Дзяўчатах, Штырліцу, Гагарыну і Чэ Гевару. Камісары ў шлемах ваявалі з героямі коміксаў за ўплыў на масавую сьвядомасьць на ўсім сьвеце. У гэтай вайне перамагла поп-культура, якая прымусіла працаваць на сваю карысьць савецкія брэнды Чэ і ЦСКА. Пяціканцовай чырвонай зорцы цяпер месца на майцы ад моднага вытворцы моладзевай вопраткі, чымся на фуражцы рэвалюцыянэра. З кім параўнаць герояў Берасьцейскай крэпасьці, Марата Казея і Гастэлу? Зь Міхалуцкім? З «праваслаўным віцязем» камбрыгам Паўлічэнкам? Альбо з подзьвігам Уладзімера Ваўчкова на пляцоўцы тэнісных кортаў? Нават прапанова гэткага параўнаньня выглядае кашчунна. Да таго ж і выкарыстаньне расейскіх палітычных мітаў ужо немагчымае без крытычнай рэвізіі – курс на сувэрэнізацыю мітапалітычнай прасторы патрабуе правядзеньня выразнай палітычнай мяжы, якая б ідэнтыфікавала «нас», такіх падобных, і ўсё ж такі адрозных ад «іх». Для гэтай сувэрэнізацыі як найлепш і надаецца Вялікая Айчынная вайна – і ў сілу яе гістарычнай значнасьці, і адпаведнага міталягічнага патэнцыялу, і ўжо гатовага прапагандысцкага раскладу, і, нарэшце, як поле для нацыянал-патрыятычных асэнсаваньняў.
З гледзішча адлюстраваньня розных ідэалягічных падыходаў і антаганістычных гістарычных школаў падручнік з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – значны посьпех аўтараў, якія здолелі выкласьці матэрыял проста і цікава, даўшы карціну змаганьня беларускага народу з ворагам у кантэксьце сусьветнай барацьбы супраць нацызму. Ён ёсьць часткай шырокага спэктру разнастайных навуковых, побытавых, мастацкіх інтэрпрэтацыяў падзеяў 1941–1945 гг. – разам з аповедамі вэтэранаў, зборнікамі «Памяць», кнігамі пра беларускіх калябарантаў, клясычнымі кінастужкамі «Беларусьфільму» і сучаснымі «Акупацыя. Містэрыі» ды «Ў жніўні 1944-га». Усе гэтыя слаі фармуюць выяву гэтай значнай гістарычнай падзеі ў грамадзкай сьвядомасьці, якая будзе канчаткова сфармаваная (у адрозьненьне ад навуковай тэорыі, якая непазьбежна будзе пераацэньваць, здавалася б, ужо раз і назаўсёды цалкам высьветленыя гістарычныя падзеі). І ўсё-такі падручнік мае вялікую хібу. У ім рэпрэзэнтаваны «афіцыйны» погляд на гісторыю, які выклікае ў часткі навучэнцаў спрошчанае і скажонае разуменьне неадназначных гістарычных падзеяў. Зьмяшчэньне падзеяў 1941–1945 гг. у Беларусі ў кантэкст Другой сусьветнай вайны, няхай сабе і ў межах «вайны савецкага народу», ёсьць прынцыпова важным крокам. Гэта крок наперад у асэнсаваньні новай гісторыі беларускага народу, які адлюстроўвае прынцыпова іншае стаўленьне да гераічнай барацьбы беларусаў у час Другой сусьветнай вайны. Гэта нельга не вітаць, нават з улікам таго, што падобная «незалежніцкая» пазыцыя аўтараў падручніка яўна палавіністая, непасьлядоўная, што выклікана бягучай палітычнай каньюнктурай. Для аўтараў падручніка вайна ў Беларусі па-ранейшаму пачалася не з 1939 г. (як, зрэшты, і для ўсіх народаў), а з 1941-га. У гэтым выданьні кідаецца ў вочы апалёгія рэальнай палітыкі. Найбольш яскрава гэта бачна ў трактоўцы пачатку Айчыннай і прычынаў савецка-фінскай вайны. «З пункту гледжаньня палітычнай практыкі і маралі таго часу пакт Молатава–Рыбэнтропа не ўяўляў сабой нічога экстраардынарнага, асабліва калі параўнаць яго зь Мюнхенскім пагадненьнем» – гэта гучыць не як апраўданьне, а як тлумачэньне законаў палітычнага жыцьця. Такім чынам праяўляецца спэцыфіка ідэалягічнай індактрынацыі ўва ўмовах адносна вольнага распаўсюджаньня інфармацыі, у тым ліку даступнасьці альтэрнатыўных поглядаў на тагачасныя падзеі. Мы як бы вяртаемся ў часы Бісмарка, дапатсдамскія часы, калі рэй вялі рэсурсы і сіла. Такім чынам, рухавіком гісторыі Вялікай Айчыннай вайны больш ня ёсьць ідэалёгіі – зь сёньняшняга пункту гледжаньня палітычнае жыцьцё і гісторыю рухае сіла і ўлада рэальнай палітыкі. Стваральнікі падручніка былі вымушаныя апраўдваць палітыку, якая рабіла беларускі народ не суб’ектам палітычных зносінаў, а аб’ектам палітычнага гандлю. Рацыяналізацыя выкладаньня адбываецца і шляхам зьмяшчэньня падручніка ў кантэкст сучасных дасьледаваньняў Вялікай Айчыннай вайны, якія характарызуюцца адыходам ад шматлікіх старых стэрэатыпаў. Не заплюшчваючы вочы на праблемы калябарацыі і будзённага жыцьця пад акупацыяй, на спрэчныя зьвесткі адносна памераў фізычных стратаў насельніцтва Беларусі падчас вайны, на альтэрнатыўныя тлумачэньні партызанкі, аўтары падручніка як бы ліквідуюць магчымыя небясьпекі для ідэалягічнага недаверу створанай імі карціне. Падручнік мае як бы ўсёахопны характар, адказвае на ўсе пытаньні адносна свайго прадмету. У гэтым ёсьць адрозьненьне ад курсу «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы», які, напрыклад, ня можа нават закрануць пытаньня замежнапалітычнай ізаляцыі краіны альбо зьнікненьняў вядомых палітыкаў і журналіста (рацыянальная палеміка наконт гэтых пытаньняў у межах афіцыйнага ідэалягічнага поля папросту немагчымая). У вывучэньні гісторыі ідэалягічна больш бясьпечна і нават карысна агучыць пэўныя «забабоны», каб пасьля іх скрытыкаваць і абвергнуць. Нельга не згадаць пра дзейнасьць Барыса Рагулі, але пры гэтым трэба давесьці ягоную крыважэрнасьць. Цяпер трэба не замоўчваць існаваньне Саюзу беларускай моладзі, а падаваць інфармацыю пра яго ў вельмі нэгатыўным ключы. Так дасягаецца большы сугестыўны эфэкт. Цікава, што рэспубліканская рада вэтэранаў цалкам падтрымала ўвядзеньне новага спэцыяльнага курсу як важнай часткі «патрыятычнага выхаваньня», аднак пры гэтым выказала незадавальненьне некаторымі тэзісамі падручніка. Перш за ўсё, гэта няправільнае выкладаньне сапраўдных прычынаў пачатку вайны і пралікаў савецкага кіраўніцтва ў перадваенны пэрыяд («В этих заблуждениях просматриваются измышления «соросовских» учебников истории, издававшихся в период, когда на идеологическом фронте правили бал Шушкевич и его сторонники»1). Далей, гэта перабольшваньне ролі іншых дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі ў здабыцьці перамогі над фашызмам, а таксама ролі партызанаў і падпольшчыкаў у вызваленьні Беларусі. Таксама крытыкуецца зьмяшчэньне на старонках падручніка цытатаў з выказваньняў заходніх, у тым ліку нямецкіх лідэраў. Вельмі рэзка вэтэранскі орган выказаўся адносна замоўчваньня ролі камуністычнай партыі і асабіста таварыша Сталіна ў перамозе над фашызмам – у гэтым бачыцца «адыход ад праўды гісторыі і спрыяньне яе фальсыфікатарам».
|
палітоляг, скончыў беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. сябар рэдакцыйнай рады часопісу «Палітычная сфера». |
Прынцыповае значэньне мае заўвага, што разьдзел «Савецкі Саюз і краіны сьвету напярэдадні і ў пачатку Другой сусьветнай вайны» занадта зацягнуты, ён займае траціну агульнага аб’ёму выданьня. (На наш погляд, менавіта гэтая якасьць падручніка вельмі важная – беларусы павінны ведаць, супраць чаго ваявалі тыя ж самыя вэтэраны.) Рэспубліканская рада раіць скараціць дадзены разьдзел, а за ягоны кошт павялічыць плошчу для прапаганды подзьвігаў савецкіх воінаў.
Мабыць, стваральнікі падручніка сьвядома ўдзялілі траціну яго аб’ёму падзеям напярэдадні вайны. Аднак тут ёсьць недагаворанасьці. Сутнасьць ідэалёгіі нацызму не была выкладзеная вычарпальна. Аўтары не раскрылі прычынаў нацыфікацыі Нямеччыны і дэталяў ідэалягічнай дактрыны нацыянал-сацыялізму, абмежаваўшыся савецка-марксісцкім тлумачэньнем гэтых зьяваў. Але і ў сацыяльна-эканамічнае тлумачэньне прыроды нацызму і фашызму, і яго гангстэрскае, крымінальнае разуменьне нельга назваць сугучнымі часу. Падручнік з гісторыі для сярэдняй школы павінен быць ілюстраваны – і дадзенае выданьне ў гэтым сэнсе зроблена няблага. Выклікае адно зьдзіўленьне, што і для вышэйшай школы ілюстрацыйны шэраг застаецца тым самым, што і для навучэнцаў 11-й клясы. Навінкай ёсьць зьмяшчэньне ў кнізе тэкстаў выступаў Гітлера і вялікіх цытатаў з арыгінальных дакумэнтаў акупацыйнага часу. Навучэнцам нарэшце дазволілі самастойна зрабіць высновы з прыведзеных цытатаў альбо, прынамсі, пацікавіцца першакрыніцамі. |
1 Издание своевременное, но текст его нуждается в корректировке // Во славу Родины. 2004. 24 лістапада. |