A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
АНДРЭАС КАПЭЛЕР | ||||
Двухсэнсоўнасці русіфікацыі Dolbilov Mikhail. Russification and the Bureaucratic Mind in the Russian Empire’s Northwestern Region іn the 1860s // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History. Vol. 5. No. 2. Spring 2004. P. 245–271.
У 1970-я гг., калі я пачаў даследаваць нацыянальную палітыку расійскага царызму, на гэтую тэму было вельмі мала надзейных акадэмічных работ. Савецкая гістарыяграфія падкрэслівала гарманічныя адносіны паміж расійскай дзяржавай і нерасійскімі этнічнымі групамі («дружба народаў»), і накладала табу на абмеркаванне нацыянальнага пытання. Таму далікатная тэма дачыненняў паміж Расіяй і палякамі, літоўцамі, беларусамі свядома не закраналася не толькі большасцю гісторыкаў у савецкіх рэспубліках (Беларусь, Літва), але і ў камуністычнай Польшчы.
Міжваеннай польскай і літоўскай гістарыяграфіі, традыцыі якой перахоўваліся гісторыкамі-эмігрантамі, была ўласціва ўстаноўка, што ў царскай імперыі вялася мэтаскіраваная, сістэматычная палітыка русіфікацыі ўсіх нерасійскіх народаў. Заходнія спецыялісты па расійскай гісторыі ў значнай ступені запазычылі яе, хаця сустракаліся і выключэнні. Першыя комплексныя, напісаныя па-новаму манаграфіі, прысвечаныя нацыянальнай палітыцы на захадзе імперыі – два тамы, адрэдагаваныя і часткова напісаныя Эдвардам Тэйдэнам – выйшлі з друку толькі ў пачатку 1980-х гг. Тэйдэн не згадзіўся з меркаваннем, што палітыка русіфікацыі мела сістэматычны і доўгатэрміновы характар і выявіў адрозненні паміж двума тыпамі русіфікацыі, адміністрацыйным і культурным. Першы браў пачатак за часоў Кацярыны II, быў найбольш працяглым і важным; другі праявіўся пасля 1830 г. і асабліва пасля 1863 г. Культурная русіфікацыя вялася ў імперыі толькі часткова і не была сістэмнай1. Ідучы ў рэчышчы гэтай інтэрпрэтацыі, я паспрабаваў зрабіць колькі абагульненняў адносна нацыянальнай палітыкі царызму2. Пасля распаду Савецкага Саюза сітуацыя ў гістарыяграфіі кардынальным чынам змянілася: зніклі табу, навязаныя польскім, літоўскім, беларускім, украінскім і расійскім даследчыкам, адкрыліся дагэтуль недаступныя архівы. У той час як многія старэйшыя гісторыкі зрабілі выбар на карысць «нацыянальнай парадыгмы», маладзейшае пакаленне навукоўцаў умела скарысталася новымі магчымасцямі і занялося публікацыяй глыбокіх даследаванняў, прысвечаных нацыянальнай палітыцы на захадзе імперыі. На сённяшні дзень існуе міжнародная сетка спецыялістаў з Польшчы, Расіі, Літвы, ЗША, краін Заходняй Еўропы, якія плённа працавалі ў архівах, выдатна валодаюць мовамі і здольныя на высокім узроўні падтрымліваць міжнародную дыскусію аб прыродзе, мэтах і праявах русіфікацыі ў 1860–1870-я гг. Я спынюся на двух апошніх артыкулах на гэтую тэму – «Русіфікацыя і бюракратычны дух у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі у 1860-я гг.» расійскага гісторыка Міхаіла Далбілава і «Ці спрабаваў урад русіфікаваць Паўночна-Заходні край пасля паўстання 1863–1864 гг.» яго калегі з Літвы Дарыуса Сталюнаса. Іншыя ўдзельнікі дыскусіі, чые творы часта цытуюцца ў згаданых артыкулах – Генрык Глэнбоцкі і Вітальд Радкевіч з Польшчы, Леанід Гарызонтаў і Аляксей Мілер з Расіі, Тэадор Р. Уікс са Злучаных Штатаў, Даніэль Бавуа з Францыі, Андрэас Рэнэр з Германіі3.
|
супрацоўнік Інстытуту гісторыі Ўсходняй Эўропы Венскага ўнівэрсытэту. Дасьледуе расейска-ўкраінскія ўзаемаадносіны і ўкраінскую гарадзкую культуру XIX ст. Летась уклаў зборнік «Die Geschichte Russlands im 16. und 17. Jahrhundert aus der Perspektive seiner Regionen», пазалетась выдаў кнігу «Der schwierige Weg zur Nation. Beiträge zur neueren Geschichte der Ukraine». Гэты тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара. |
Артыкулы Сталюнаса і Далбілава тычацца палітыкі русіфікацыі ў Паўночна-Заходнім краі ў 1860-я гг. – таго, як яна задумвалася, фармулявалася і ажыццяўлялася ўладамі, у прыватнасці, мясцовай расійскай бюракратыяй. Абодва аўтары добра папрацавалі з расійскімі і літоўскімі архіўнымі дакументамі і з апублікаванымі апошнімі часамі крыніцамі; абодва ўжываюць сучасныя метадалогіі да аналізу дыскурсаў і (асабліва Далбілаў) удала выкарыстоўваюць канцэпцыі рэпрэзентацыі, сімвалаў і міфатворчасці. Аўтары падзяляюць агульнапрыняты тэзіс, што мэтаскіраванай, сістэматычнай палітыкі русіфікацыі ў плане культурнай і моўнай асіміляцыі не вялося і што тагачасная карціна была вельмі складанай. Значэнне ключавых тэрмінаў «русіфікацыя», «паляк», «рускі» і адносная вартасць разнастайных маркераў нацыянальнасці (мова, алфавіт, рэлігія, класавы/маёмасны стан) мелі дзякуючы гэтаму шмат варыянтаў. Гэтая варыятыўнасць умела праілюстравана добра падабранымі ўзаемасупярэчлівымі цытатамі з крыніц; праўда, часам здаецца, што некаторыя цытаты былі выбраныя такі адвольна і наўздагад, ствараецца ўражанне, што сведчаннямі з тагачасных крыніц можна пацвердзіць любы тэзіс.
У абодвух артыкулах добра выяўлены шматлікія супярэчнасці ў расійскай нацыянальнай палітыцы. Так, з аднаго боку, царскія чыноўнікі зыходзілі з таго, што беларускія сяляне былі ісцінна расійскімі людзьмі, і адначасна верылі, што тым самым сялянам пагражае паланізацыя і іх трэба вызваліць ад магутнага польскага ўплыву. Таксама назіраліся супярэчнасці і нестыкоўкі паміж прасоўваннем праваслаўя і пашырэннем расійскай мовы – двух асноўных маркераў расійскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэтае пытанне было шырока разгледжана ў тым раздзеле артыкула Далбілава, дзе паказаны спробы ўвесці расійскую мову ў «дадатковыя» каталіцкія набажэнствы; нядаўна пра тое самае пісаў і Тэадор Уікс4. Сталюнас слушна адзначае, што найчасцей рэлігійная прыналежнасць мела большае значэнне, чым мова. Пераход у іншую канфесію фіксаваўся афіцыйна, а моўная асіміляцыя была працяглым, цяжкавымяральным працэсам. Людзі могуць гаварыць (і часта гавораць) на некалькіх мовах, але вызнаюць, прынамсі афіцыйна, толькі адну рэлігію. Так ці іначай, аўтары абодвух артыкулаў згаджаюцца ў тым, што ў пазначаны перыяд не было сістэматычнай палітыкі навяртання ў іншую канфесію. Гісторыкі выявілі і мноства іншых супярэчнасцей. Большасць чыноўнікаў выступала за падтрымку праваслаўя і расійскай мовы, але не давяралі аўтаномным, непадкантрольным уладам ініцыятывам, якія зыходзілі ад расійскага грамадства (напр., праваслаўным брацтвам) і пераследавалі тыя самыя мэты. Здаралася, што чыноўнікі ў памежных рэгіёнах станавіліся на бок сялянаў, якія выступалі супраць польскага засілля, у той час як імперскі цэнтр выказваўся супраць падтрымкі прымітыўных сялянскіх культур. Існавалі таксама разыходжанні паміж рознымі дэпартаментамі расійскага ўраду, паміж асобнымі чыноўнікамі або паміж чыноўнікамі і публіцыстамі. Абодва аўтары лічаць, што царская бюракратыя не спрабавала зняць або палагодзіць гэтыя відавочныя супярэчнасці. Як можна патлумачыць шматлікія нестыкоўкі ў палітыцы царызму? Аўтары абодвух артыкулаў слушна звяртаюць увагу на глыбінную супярэчнасць паміж традыцыйнай імперскай ідэалогіяй, заснаванай на дынастычнай лаяльнасці і маёмасным цэнзе, з аднаго боку, і мадэрным нацыяналізмам, з другога. Царская палітыка ў дачыненні да памежных краёў, заселеных нерасійскімі народнасцямі, будавалася на прынцыпе супрацоўніцтва з лаяльнымі мясцовымі элітамі, чые прывілеі пацвярджаліся і якім звычайна надавалася дваранская годнасць, якая адпавядала статусу вышэйшага слоя расійскіх землеўладальнікаў. Наўзамен яны павінны былі падтрымліваць законнасць і парадак у памежных раёнах, служыць цару ў войску і бюракратыі. Дзякуючы гэтаму не толькі балтыйскія немцы і шведскамоўныя фіны, але і вышэйшы слой польскай шляхты сталі расійскімі дваранамі. Традыцыйная схема супрацоўніцтва была падарвана ў 1830 г., а асабліва – у 1863 г. З афіцыйнага пункту гледжання, польскія шляхціцы парушылі сваю прысягу на вернасць цару. Цяпер іх лічылі здраднікамі, і таму царскі ўрад быў вымушаны шукаць новых метадаў і сродкаў, каб трымаць пад кантролем заходняе памежжа імперыі, у якім стагоддзямі дамінавала польская шляхта. У 1860-я гг., калі традыцыйны метад супрацоўніцтва з польскімі элітамі пацярпеў фіяска, вялікія рэформы Аляксандра II пераследавалі мэту мадэрнізацыі, павелічэння кіраванасці і гамагенізацыі традыцыйна разнароднай сацыяльнай і адміністрацыйнай сістэмы імперыі. Гэта падштурхнула русіфікацыю адміністрацыйнымі сродкамі. Адначасова ў публічнай прасторы, якая актыўна павялічвалася, узнік мадэрны расійскі нацыяналізм і пачаў выступаць за супадзенне імперскай або грамадзянскай нацыі і расійскай этнічнай нацыі. Гэтая новая ідэалогія, галоўным прапагандыстам якой у 1860-я гг. быў Міхаіл Каткоў, аслабляла старыя апоры імперскага рэжыму – палітычную лаяльнасць самадзержцу і стаўку на эліты, незалежна ад іхняй мовы і рэлігіі. Хаця царызм з падазрэннем ставіўся да мадэрнага нацыяналізму, які асацыяваўся з ростам аўтаноміі грамадства і пашырэннем дэмакратычных ідэй, новая візія расійскай этнапалітычнай нацыі пачала ўплываць на афіцыйную палітыку. Дзякуючы нарастанню ўвагі да этнічных пытанняў лаяльнасць пачала атаясамлівацца хутчэй з этнічным паходжаннем, чым з сацыяльным статусам. Палякаў – а пазней немцаў, яўрэяў і іншыя нацыянальнасці – усё часцей сталі разглядаць як «ворагаў». Тым не менш, гэтыя новыя павевы да канца не абумовілі традыцыйнай імперскай палітыкі. У выніку «нацыянальная палітыка» царызму заставалася супярэчлівай і непаслядоўнай аж да краху Расійскай імперыі. Сталюнас і Далбілаў звяртаюць увагу на амбівалентнасць і полісемію тэрміна «русіфікацыя» і этнонімаў «расіец» («российский»/«русский»), «беларус», «паляк» і «літовец». Яны падкрэсліваюць варыятыўнасць ужывання гэтых тэрмінаў – пытанне, ігнараванае ранейшымі даследчыкамі. Таму трэба вельмі асцярожна падыходзіць да прачытання і інтэрпрэтацыі гэтых тэрмінаў, паколькі яны могуць мець розныя (моўнае, рэлігійнае, сацыяльнае, палітычнае, адміністрацыйнае) значэнні ў залежнасці ад гістарычнага кантэксту і выкарыстаных крыніц. Сталюнас пераканаўча даводзіць, што для большасці расійскіх чыноўнікаў тэрмін «паляк» меў хутчэй сацыяльны і рэлігійны, чым этнічны сэнс. Тэрмін «літовец» мог мець моўнае, сацыяльнае, геаграфічнае значэнне і ўжываўся паралельна з тэрмінам «жмудзін» («жмудзь»), хаця ў час перапісу насельніцтва 1897 г. жамойцкая мова вылучалася ў асобную катэгорыю. Даследаванні з галіны «паняційнай гісторыі» (Begriffsgeschichte) неабходна працягваць і пашыраць на іншыя супярэчлівыя паняцці, такія, як нацыя, народнасць/нацыянальнасць, народ, племя, ускраіна (окраина), унутраныя губерні, калонія/каланіяльны, імперыя/імперскі, украінскі/маларасійскі/паўднёварасійскі, заходнерасійскі (западнорусский), жыд/яўрэй, татарын, сарт, стара/навахрышчаны (старо/новокрещеный), інародцы, туземцы. Яны маглі б спрычыніцца да стварэння слоўніка Расійскай імперыі – карыснага дапаможніка для гістарычных студый.
|
1 Edward C. Thaden, Russia’s Western Borderlands, 1710–1870. – Princeton, NJ: Princeton University Press, 1984; Thaden, ed. Russification in the Baltic Provinces and Finland, 1855–1914. – Princeton, NJ: Princeton University Press, 1981; Edward C. Thaden. Russification in Tsarist Russia // Modern Encyclopedia of Soviet and Russian History. Vol. 32. – 1983. P. 205–212. 2 Andreas Kappeler, Rußland als Vielvölkerreich: Entstehung, Geschichte, Zerfall. Münich: C. H. Beck, 1992. 3 Спашлюся толькі на некалькі манаграфій: Daniel Beauvois. La bataille de la terre en Ukraine, 1863–1914: Les polonais et les conflits socio-ethniques. – Lille: Presses Universitaires de Lille, 1993; Theodore R. Weeks. Nation and State in Late Imperial Russia: Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863–1914. – De Kalb: Northern Illinois University Press, 1996; Witold Rodkiewicz. Russian Nationality Policy in the Western Provinces of the Empire (1863–1905). Lublin: Scientific Society of Lublin, 1998; Горизонтов Л. Парадоксы имперской политики: поляки в России и русские в Польше. – Москва: Индрук, 1999; Миллер А. «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIX в.). – СПб: Алетейя, 2000; Andreas Renner. Russischer Nationalismus und Öffentlichkeit im Zarenreich, 1855–1875. Köln: Böhlau, 2000; Henryk Głęwbocki. Fatalna sprawa: Kwestia polska w rosyjskiej myśli politycznej, 1856–1866. Kraków: Arcana, 2000. Кнігі на літоўскай мове (напр., творы Вітаўтаса Меркіса, цытаваныя ў абодвух артыкулах) мне недаступныя. 4 Theodore R. Weeks. Religion and Russification: Russian Language in the Catholic Churches of the «Northwest Provinces» after 1863 // Kritika. 2001. № 1. C. 87–110.
|
У папулярнай літаратуры сярод русіфікацыйных захадаў 1860-х гг. звычайна называюць забарону друку на ўкраінскай, беларускай і літоўскай мовах (на аснове лацінскай графікі). Украінскі выпадак быў добра прааналізаваны ў нядаўняй кнізе Аляксея Мілера5, а факт існавання забароны на беларускамоўны друк быў нядаўна пераканаўча абвергнуты Сталюнасам6. Cітуацыя з літоўскай мовай разглядаецца ў артыкулах Сталюнаса і Далбілава. Старанна вывучыўшы архіўныя крыніцы, яны згаджаюцца з думкай Тэадора Уікса, згодна з якой царская бюракратыя імкнулася не да асіміляцыі, а да абароны літоўцаў ад польскага ўплыву. Калі Сталюнас падзяляе традыцыйныя погляды, паводле якіх генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў у 1864–1865 гг. выдаў загад аб забароне літоўскага друку лацінскімі літарамі, Далбілаў пераканаўча даводзіць, што такі загад у архівах не зафіксаваны і што кансерватар Мураўёў (вешальнік) быў у гэтым пытанні больш стрыманы, чым ліберал Мікалай Мілюцін, чыё выказванне «расійская грамата завершыць справу, якую распачаў расійскі меч» цытуюць абодва аўтары. Толькі ў верасні 1865 г. новы генерал-губернатар фон Каўфман выдаў цыркуляр, які забараняў літоўскамоўны друк лацінкай, аднак і ў наступныя гады гэтае пытанне абмяркоўвалася царскімі чыноўнікамі. Магчыма, гэтыя хістанні адлюстроўвалі той факт, што афіцыйны Пецярбург надаваў мала ўвагі літоўскай «сялянскай нацыі» як этнічнай групе. Сталюнас падкрэслівае, што некаторыя літоўскія інтэлектуалы станоўча адрэагавалі на забарону літоўскага друку лацінкай. На ранняй стадыі развіцця літоўскай нацыянальнай ідэнтычнасці для яе было важней адмежавацца ад каталікоў-палякаў, якія дамінавалі сацыяльна і культурна, чым ад расійцаў і царскага ўраду.
Указаны довад можа дапамагчы разуменню пазіцый розных гістарыяграфічных школ, якія існуюць у вывучэнні русіфікацыі. Сталюнас вылучае два падыходы: згодна з поглядамі, уласцівымі большасці навукоўцаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, царская палітыка мела на мэце культурную русіфікацыю, і рэвізініянісцкую школу расійскай і заходняй гістарыяграфіі. Я б сказаў, што ёсць тры падыходы ў залежнасці ад падставовых інтарэсаў тагачасных актараў. Польская эліта адчувала на сабе жорсткую моўную русіфікацыю і рэлігійную дыскрымінацыю, і большасць польскіх гісторыкаў прымаюць гэты погляд і інтэрпрэтуюць царскую нацыянальную палітыку пачынаючы з 1830-х гг. як сістэматычную культурную русіфікацыю7. Для літоўцаў, а часткова для беларусаў і ўкраінцаў, русіфікацыя азначала таксама дэпаланізацыю, якая, наадварот, магла палегчыць іх сацыяльную і нацыянальную эмансіпацыю, таму літоўскія гісторыкі ўспрымаюць русіфікацыю як двухсэнсоўную з’яву. Урэшце, многія расійскія і заходнія даследчыкі разглядаюць прадмет спрэчкі з гледзішча расійскай бюракратыі і падкрэсліваюць адносна млявы (у параўнанні з тачачаснымі і пазнейшымі нацыянальнымі дзяржавамі) і несістэматычны характар гэтай палітыкі. Розныя інтэрпрэтацыйныя школы адлюстроўваюць у асноўным гэтыя розныя пункты гледжання. Аднак ёсць і выключэнні: напрыклад, Гайнц-Дытрых Лёве, які лічыць, што культурная русіфікацыя была доўгатэрміновым праектам, распачатым у перыяд царавання Кацярыны II. Нядаўна ў гэтым жа духу выказаўся Дэвід Соўндэрс8.
|
5 Миллер А. «Украинский вопрос»… 6 Сталюнас Д. Границы в пограничье: белорусы и этнолингвистическая политика Российской империи на западных окраинах в период Великих Реформ //Ab Imperio. № 1. 2003. C. 261–292.
|
Такім чынам, трэба браць пад увагу розныя бачанні і розныя кантэксты расійскай палітыкі: рэгіянальны, імперскі, міжнародны. Дужа карыснай з’яўляецца заўвага Далбілава аб тым, што гэтыя з’явы трэба вывучаць у кантэксце Вялікіх рэформаў і ў параўнанні з сітуацыяй у іншых імперскіх рэгіёнах. Сапраўды, можна правесці паралелі паміж насаджэннем кірыліцы і падтрымкай мясцовых моваў у піку лацінцы, польскай мове і каталіцызму на захадзе і аналагічнымі захадамі, скіраванымі супраць арабскага алфавіту, цюркскіх моваў і ісламу на ўсходзе імперыі (г. зв. сістэма Ільмінскага). Увогуле, ёсць неабходнасць у кампаратыўным вывучэнні палітыкі навяртання ў «правільную» веру на захадзе (не толькі каталікоў, але і лютэранаў з прыбалтыйскіх рэгіёнаў), усходзе і поўдні імперыі. Для лепшага разумення расійскай нацыянальнай палітыкі ў Паўночна-Заходнім краі было б карысна параўнаць яе з захадамі ў прыбалтыйскіх правінцыях; прыбалтыйскія нямецкія і польскія эліты, з аднаго боку, і эстонскія або латвійскія і беларускія або літоўскія сяляне, з другога, адыгрывалі падобныя ролі. Варта ўключыць і захады царскага ўраду што да яўрэяў – і мы атрымаем агульную карціну «русіфікацыі» ў Паўночна-Заходнім краі. Што тычыцца міжнароднай перспектывы, Далбілаў разглядае магчымы ўплыў габсбургскай палітыкі што да русінаў і палякаў на расійскую палітыку на паўночным захадзе імперыі. На расійскую грамадскую думку і/або чыноўнікаў маглі таксама ўплываць праграмы асіміляцыі, прынятыя ў Францыі, Германіі і Венгрыі. Такім чынам, многія пытанні застаюцца адкрытымі, і трэба чакаць працягу дыскусіі аб русіфікацыі.
З ангельскай мовы пераклаў Вольф Рубінчык |
7 Вітальд Радкевіч вызначае царскую нацыянальную палітыку як «бюракратычны нацыяналізм», скіраваны на поўную моўную русіфікацыю нерасійцаў, а Генрык Глэнбоцкі сцвярджае, што такая нацыянальная палітыка вялася задоўга да польскага паўстання 1863 г. 8 Heinz Dietrich Löwe. Nationalismus und Nationalitätenpolitik als Integrationsstrategie im zarischen Rußland // Die Russen: Ihr Nationalbewusstsein in Geschichte und Gegenwart. – Köln: Markus, 1990. S. 55–79; David Saunders. Regional Diversity in the Later Russian Empire // Transactions of the Royal Historical Society, Sixth Series, 10. – Cambridge: Cambridge University Press, 2000. P. 143–163. |