A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ЛЕАНАРД КОЭН

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Леанард Коэн

      Будучыня

      Дай мне зноў разьбітых сноў,
      Мой тайны храм, люстраны схоў –
      Сумна ў катавальні. Дзе ахвяра?
      Дай мне ўладу і кантроль
      Над усім, што церпіць боль,
      І кладзіся побач – гэта кара!

      Зьнесла крэкам паўстрахі.
      Што звычайныя грахі,
      Што садомскі – ўсё адно з табой мне.
      Дай мне зноў вялікі пост,
      Генацыд і галакост:
      Будучыня – проста сьмерць на бойні!

      Усё на глум, на глум,
      Былое – сьмецьце.
      Толькі рэшткі,
      Рэшткі ўсё віруюць увушшу.
      Завея, завея ўва ўсім сьвеце
      Й апрамецьце,
      Як навала,
      Зруйнавала ўшчэнт душу.
      Мне крычаць: ПРЫЗНАЙ ВІНУ!
      Але чаму адну?
      Мне крычаць: ПРЫЗНАЙ ВІНУ!
      Чаму ўсяго адну?

      Я табе амаль ніхто,
      Я нуль, падзелены на сто,
      Маленькі вечны жыд, што піша Тору.
      Я глядзеў на ўсё, што ёсьць,
      І паўсюль адно мілосьць
      Прарастае часам у прастору.

      Вунь прыйшоў твой пасланец –
      Расказаць, што ўсім канец,
      Пасланец суворы й непадкупны.
      Неба падае згары,
      Д’ябал дыхае ўнутры:
      Будучыня – бойня. Хто наступны?

      І раптам лясьнецца заходні ўвесь канон,
      Жыцьцё тваё пакоціць пад адхон:
      Агні на трасах і пачвары наўздагон –
      З танцорам у белым…
      І ўбачыш галавою ўніз яе:
      Сукенка да зямлі не дастае…
      І ўсе падонкі вершаваньня,
      Што скуголяць,
      Як маньяк над мёртвым целам, –
      З танцорам белым…

      Дай мне зноў вялікі пост,
      Генацыд і галакост,
      Дай мне ўкрыжаваньне ў Хірасыме.
      Зьнішчы новае жыцьцё,
      Усё адно, чыё дзіцё, –
      Будучыня здарыцца з усімі!


      Ідзе вайна

      Ідзе вайна між багачом і жабраком,
      паміж кабетай і мужчынам.
      Ідзе вайна між тым, хто грозіць кулаком,
      і тым, хто кажа: ні пры чым ён.

      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Зьбірай валізку.
      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Вайна ўжо блізка.

      Я ім кажу: «Са мной каханка і дзіцё».
      Яны ў адказ: «Ня трэба казак!»
      Яна заплача: «Ім пляваць на пачуцьцё».
      Я растлумачу: «Абавязак».

      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Пасьцель – для хворых.
      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Ня дрэмле вораг.
      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Панюхай порах.

      А ты мяне не пазнаеш:
      маўляў, рамантыка люблю
      свайго юнацтва.
      А мне гавораць: «сьпі!» і «еж!»,
      і я слухмяна ем і сплю,
      а думкі пра вайну – адно вар’яцтва!

      А ты чаму ня йдзеш на вайну? З крывёй і потам.
      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Вясельле – потым.

      Ідзе вайна між багачом і жабраком,
      паміж кабетай і мужчынам.
      Ідзе вайна між даланёй і кулаком,
      вайна між пальцам і курком,
      між немагчымым і магчымым.

      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Вайна – твой шанец!
      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Пакуй свой ранец!
      А ты чаму ня йдзеш на вайну? Хутчэй, засранец!


      Кожнаму відно

      Кожнаму відно, што падмануць карты.
      Кожнаму відно – сплюнь цераз плячо!
      Кожнаму відно, што дзяцюк быў варты
      І дарма чакае з вайны дзяўчо.
      Кожнаму відно, хто вярнуўся босы:
      Жабракі галеюць, таўсьцеюць босы.
      Кожнаму даўно
      Гэта ўсё відно.

      Кожнаму відно, працякае лодка.
      Кожнаму відно, капітан – мудак.
      Кожнаму паршыва на сто адсоткаў,
      Нібы страціў бацьку, паршыва так.
      Кожнаму відно, дзе чые кішэні,
      Шакалядкі, ружы ды запрашэньні,
      Фішкі ў казіно, –
      Кожнаму відно.

      Кожнаму відно, як мяне бязьмерна
      Ты кахаеш, дзетка, на старане.
      Кожнаму відно, як была ты вернай:
      Тры-чатыры ночы – дый то ня мне.
      Кожнаму відно, што вакол нямала
      Тых, перад якімі ты ўсё здымала,
      І тваё кіно
      Кожнаму відно.

      Кожнаму відно,
      Кожнаму відно,
      Кожнаму даўно
      Гэта ўсё відно!

      Кожнаму відно – сёньня ці ніколі.
      Кожнаму відно, што ня я – дык ты.
      Кожнаму відно – жыць яшчэ даволі:
      Хопіць алькаголю і наркаты.
      Кожнаму відно – ў нас усё цудоўна:
      Чорны Джо зьбірае й далей бавоўну
      Нам на палатно –
      Кожнаму відно.

      Кожнаму відно – наступае голад.
      Кожнаму відно, што ідзе Чума.
      Кожнаму відно, што мілосьць – ня волат:
      Двум каханкам трупамі быць двума.
      Кожнаму відно, што ўвесь сьвет – магільнік,
      Толькі ў тваім ложку стаіць лічыльнік,
      Лічыць усё адно,
      Кожнаму відно.

      Кожнаму відно, што ў шызе ты профі,
      Трубіш па жыцьці – і жыцьцё ў трубу:
      Ад крыжовых мук на тваёй Галгофе
      Да ружовых сук з пляжаў Малібу.
      Кожнаму відно – гэта ўсё ўтрасецца,
      Толькі паглядзі на Сьвятое Сэрца:
      Кожнаму відно –
      Выбухне яно!


      Алілюя

      Таемны голас. Вы – удвох.
      Пяе Давід і чуе Бог,
      Астатніх гэта песьня не хвалюе.
      Знаёмы лад. Вядомы сьпеў.
      Так цар зьбянтэжана хрыпеў,
      Усё, што меў, уклаўшы ў Алілюя.

      Ты прагнуў веры? Вось яна:
      На даху ў ваннай давідна
      На трон і на жыцьцё тваё палюе.
      Прывяжа да сваёй красы,
      На кухні зрэжа валасы
      І вып’е з тваіх вуснаў Алілюя.

      Ты кажаш: хібнае імя.
      Ды што ў імёнах, акрамя
      Таго, за што й бязь імені люблю я.
      Ня важна, грэшнік ці сьвяты,
      Бо ў кожным слове чуеш ты,
      Як вогнішчам палае Алілюя.

      Як неслухмянае дзіцё,
      Жыву навобмацак жыцьцё:
      Раблю няшмат, з табою не махлюю.
      Ды Госпад Песьні ўсё адно
      У хвілю, калі ўсё чутно,
      Ня словы чуцьме – толькі Алілюя.

      Пераклаў з ангельскай Андрэй Хадановіч
  знакаміты паэт, раманіст, аўтар і выканаўца песьняў. Нарадзіўся ў 1934 у Канадзе ў габрэйскай сям’і. Аўтар раманаў «Улюбёная гульня» (1963) і «Прыўкрасныя няўдачнікі» (1966), кніг паэзіі «Давай параўнаем міталёгіі» (1956), «Сальніца зямлі» (1961), «Кветкі для Гітлера» (1964), «Паразыты нябёсаў» (1966), «Энэргія рабоў» (1972) ды інш., а таксама шматлікіх музычных альбомаў, сярод якіх «Песьні Леанарда Коэна» (1967), «Песьні каханьня й нянавісьці» (1971), «Я – твой мужчына» (1988), «Будучыня» (1992) ды інш.
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14