A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
УЛАДЗІМЕР КОНАН | ||||
Беларусь на мяжы цывілізацый
Беларуская класічная літаратура не была ні правідэнцыяльнай, ні фаталістычнай, ні, тым больш, «занадта сацыялізаванай», як гэта здаецца сёння сяму-таму з маладзейшых літаратараў. Бо па аналогіі з ёю можна было б з такой жа падставай казаць пра «занадта сацыялізаванае вучэнне Ісуса Хрыста – аўтара прыпавесці пра Лазара Беднага і ягонага багатага брата. Паводле той жа логікі (ненавуковай, хутчэй імпрэсіянісцкай) можна было б назваць «сацыёлагам» аўтара энцыклікі «Rerum Norarum» (1891 г.) Папу Рымскага Льва ХІІІ або яго паслядоўніка Папу Яна Паўла ІІ, аўтара энцыклікі «Centsimus annus» (1991 г.), якія шукалі альтэрнатыву да палярызацыі людзей на бедных і багатых.
Усе вялікія і малыя рэвалюцыі ды іхнія наступствы – смерці, катастрафічнае паніжэнне маралі і культуры на масавым узроўні – ад таго бяздоння, што аддзяляе бедных і багатых. Вялікія рэвалюцыі XVII–XX стст. пахавалі пад сабой сацыяльную і шляхетную эліту – дваранства. Вынікі гэтай сацыяльнай катастрофы – трагікамічнае паніжэнне культуры на ўсіх узроўнях. Не дваранства было галоўным віноўнікам сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, зайздрасці, адмовы ад спрадвечных маральных імператываў. Відавочная праўда, якая чамусьці не заўважаецца: дастаткова было б выконваць дзесяць запаведзяў Старога Запавету, каб унікнуць войнаў, рэвалюцыяў, дзяржаўнай тыраніі і перыядычных генацыдаў. А дабравесці Хрыстовай з Нагорнага казання было б дастаткова, каб абысціся без дзяржаўнага Левіяфана, які заўсёды раздзяляў людзей на бедных і багатых. За дваццаць стагоддзяў хрысціянству так і не ўдалося ахрысціць гэтага Левіяфана – вялікія імперыі. Хрысціянскія ідэалы сталіся асабістым выбарам чалавека. Лёс беларусаў аказаўся такім жа, як даўніх «сялянскіх» народаў – земляробаў, садоўнікаў, жывёлаводаў, акружаных імперскімі левіяфанамі. Юдзейскія этнасы біблейскай эпохі аказаліся ў аблозе Асірыйска-Вавілонскай, Егіпецкай, Персідскай, урэшце, Рымскай імперыяў. Метады каланізацыі ўсюды і заўсёды аднолькавыя: генацыд, вынішчэнне сацыяльнай і культурнай эліты, рассеянне народу па вялізных абшарах імперыі. Замест нацыі з моцным этнічным ядром – нейкі хімерны этнас-мяшанка на ўзор Галілеі, што ўзнікла на прасторы былой Ізраільскай дзяржавы. Беларусы былой імперыі, якая вынішчыла беларускую інтэлектуальную і сялянскую эліту ды рассейвала народ па вялізным абшары, засяляючы Беларусь сваімі агентамі-«культуртрэгерамі», сёння аказаліся нацыянальна свядомай меншасцю на сваёй зямлі, ператворанай у еўразійскую Галілею. Сучасную драму беларускай нацыі не хочуць зразумець павярхоўныя сацыёлагі, гісторыкі, палітыкі і ўсе тыя, хто бачыць Беларусь і беларусаў толькі як аб’ект «эпохі Лукашэнкі». Каб зразумець прыродны або касмічны аб’ект, а тым больш чалавека, народ, нацыю, патрэбна бачыць яго ў трох вымярэннях: мінуўшчыне, сучаснасці і верагоднай будучыні. Такое бачанне народу ёсць гістарычнае і несумяшчальнае з банальнымі «мнениями». Для старонняга наглядальніка Беларусь падаецца terra incognita, штучна створанай бальшавікамі і адноўленай пасля «выпадковага» распаду СССР. Сотні фактаў сведчаць: бальшавікі не стваралі, а метадычна разбуралі беларускую нацыю, спачатку варварскімі метадамі знішчэння яе эліты, пазней «ліберальнымі» метадамі – расцярушаннем этнічнага ядра нацыі па бяскрайніх прасторах імперыі. Урэшце, прыёмам «задушэння ў абдымках», сёння найбольш эфектыўным метадам дэнацыяналізацыі «малых» народаў. Дзяржаўная гісторыя Беларусі мела сваю спецыфіку, але тыпалагічна паўтарыла (са спазненнем на некалькі стагоддзяў) гістарычныя этапы заходнееўрапейскага рэгіёну. Праўда, сярэднявечная Еўропа атрымала ў спадчыну культурную традыцыю антычнай цывілізацыі. Але і ўсходнееўрапейскія княствы даўняй Русі перанялі яе фрагменты праз хрысціянства ад Візантыі, дзе сфармавалася еўра-азіяцкая «рэпрыза» грэка-рымскай культуры. Пазней Вялікае Княства Літоўскае аб’яднала былых геапалітычных канкурэнтаў і далучылася да цэнтральна-еўрапейскага макрарэгіёну хрысціянскай цывілізацыі. ВКЛ было не спецыфічна нацыянальным, а міжэтнічным дзяржаўным утварэннем. Не была польскай нацыянальнай дзяржавай канфедэратыўная Рэч Паспалітая. Яе гістарычная місія заключалася ў тым, каб выгадаваць у міжэтнічнай творчасці беларускую, літоўскую, польскую, украінскую нацыі. Не выпадкова культура гэтай унікальнай у Еўропе прававой і дэмакратычнай дзяржавы стала агульнай спадчынай узгадаваных ёю нацыяў. Рэч Паспалітая была геапалітычнай неабходнасцю, бо паасобку беларусы, літоўцы, палякі, украінцы не ўстаялі б ад імперскай экспансіі з чатырох бакоў свету – усходу (Маскоўскае царства), захаду (германскія дзяржавы), поўдня (Турцыя з яе крымска-татарскім фарпостам), поўначы (шведскія прэтэнзіі на Прыбалтыку). Эпоха Сярэднявечча і Новага часу – гэта этапы экстэнсіўнай эканоміі і адпаведнай ёй палітыкі: хто аказваўся дужэйшым, больш цэнтралізаваным, той няспынна пашыраў зоны свайго ўплыву. Рэлігійныя, культурныя, геапалітычныя супярэчнасці моцна аслабілі беларускую этнічную супольнасць у XVIII–XIX стст., якая складалася пераважна з вясковага сялянства і фальваркавай шляхты. Гэта запаволіла працэс нацыянальнай кансалідацыі беларусаў. Рэч Паспалітая стала ахвярай трох агрэсіўных імперыяў – Расеі, Аўстрыі і Прусіі, хаця паводле яе нерэалізаваных дэмакратычных канстытуцыяў 1791 і 1793 гг. яна магла б трансфармавацца ў нацыянальныя дзяржавы яшчэ ў XIX ст. Зусім верагодна, што ў гэтым варыянце геапалітычнай структуры не адбылася б Першая сусветная вайна 1914–1918 гг. Праўда, вайна гэтая закончылася поўным паражэннем ворагаў Рэчы Паспалітай – Расейскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперыяў. На іх развалінах адрадзіліся Польшча, Фінляндыя, Літва, Латвія, Эстонія. Беларусь і Украіна не атрымалі адэкватнай ваеннай, палітычнай, эканамічнай і дыпламатычнай падтрымкі з боку пераможцаў – дзяржаваў Антанты. Дэмакратычнай Еўропе і ЗША тады не ўдалося (або не хацелася) падавіць у самым зародку ні расейскі бальшавізм, ні крыху пазней нямецкі фашызм. Страшныя наступствы Другой сусветнай вайны дэталёва апісаны і засталіся ў памяці нашых сучаснікаў. На жаль, вайна закончылася крахам толькі гітлераўскага Райху, і на карысць нямецкай нацыі, сёння самай моцнай і багатай у Еўропе. Сучаснасць і будучыня застаюцца шматвектарнымі, пакуль падзеі праграмуюцца, а дзеячы робяць свой выбар. Свабода выбару ёсць боскі дар чалавеку. Але якраз тут праходзіць мяжа паміж дабром і злом. Дабро – гэта гарманічнае міжнацыянальнае супрацоўніцтва дзеля сацыяльнага прагрэсу. Зло – гэта аднаўленне тэрытарыяльных імперыяў і падрыхтоўка да вайны. Ідэальны варыянт для Беларусі пакуль – сцвердзіцца нейтральнай дзяржавай на памежжы Усходняй і Заходняй Еўропы. Пры ўмове, калі Захад у асобе НАТО і Расея загарантуюць гэты нейтралітэт. |
(нар. 23.04.1934 г. у вёсцы Вераскава Наваградзкага раёну) – філёзаф. пазалетась выдаў кніжку «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэньне ў Беларусі». |