A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ВІКТАР КОРБУТ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віктар Корбут
Культура вайны

Публікацыі, якія аглядаюцца ў артыкуле:

Коваленя А., Краснова М., Лемешонок В., Новиков с., Жилинский М., Долготович Б., Козак К. Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны): Учеб. пособие для 11 кл. учреждений, обеспечивающих получение общ. сред. образования, с рус. яз. обучения с 11-летним сроком обучения / Под ред. А. Ковалени, Н. Сташкевича; Пер. с бел. яз. А. Скорохода. – Минск: Издательский центр БГУ, 2004. – 231 с.

Каваленя А., Лемяшонак У., Далгатовіч Б., Жылінскі М., Козак К., Новікаў с. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): Вучэб. дапам. для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйш. адукацыі / Пад рэд. А. Кавалені, М. Сташкевіча. – Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2004. – 279 с.

Урок памяти // Советская Белоруссия. 2004. 25 лістапада.

1

Ніколі не перастануць крытыкаваць тых, хто скажае мінулае, перапісвае яго, фальсыфікуе яго, перабольшвае значэньне аднае падзеі, замоўчваючы другую; гэтая крытыка правільная (яна і ня можа быць іншаю), але яна ня гэткая значная, калі ёй не папярэднічае крытыка найэлемэнтарнейшая: крытыка людзкой памяці як такой. Бо, папраўдзе, што ёй, гаротнай, падуладна ў рэчаіснасьці? Яна здатная ўтрымаць зь мінуўшчыны ўсяго толькі нязначна малую часьцінку, і нікому ня дадзена ведаць, чаму менавіта гэтую, а ня іншую, бо ў кожнага з нас гэты выбар робіцца таемна па-за нашаю воляй і нашымі інтарэсамі. Нішто ў чалавечым жыцьці ня будзе зразумела, калі ўпарта грэбаваць найпершай з усіх відавочнасьцяў: такой рэальнасьці, якая яна была, больш няма; аднавіць яе немагчыма. Нават найбагацейшыя архівы няздатныя тут дапамагчы.

Мілан Кундэра, «Няведаньне»

За пятнаццаць гадоў, што прайшлі ад часу адкрыцьця архіваў, дазволу больш-менш свабодна гаварыць і пісаць, падзеі Другой сусьветнай вайны ў Беларусі збольшага застаюцца захінутымі заслонай няведаньня. Асобныя сьмелыя дасьледаваньні пакуль няздатныя кампэнсаваць голад на праўду. Сьведкі тых часоў зь несавецкага боку баяцца сказаць лішняга, сьведкі з савецкага боку часта недагаворваюць, стараюцца не выходзіць у сваіх успамінах па-за межы афіцыйна дазволеных «гераізмаў». У абодвух выпадках моцна спрацоўвае аўтацэнзура. Архівісты змушаныя публікаваць тое, што замаўляе або беларуская дзяржава, або нямецкія ды аўстрыйскія фонды. Мінулае, якое немагчыма рэканструяваць цалкам, застаецца ў стане ня складзенага дарэшты пазла. Тое, што паводле папярэдняга прагнозу мае даць «нявыгадную» карціну, наўмысна не складаецца, – у выніку ўся мадэль застаецца ў выглядзе кавалкаў, не зьвязаных адзін з адным.

Падручнік «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу» стаў яшчэ адным з такіх кавалкаў, якія нават пры жаданьні будзе няпроста злучыць адзін з адным. Гэта больш як дапаможнік для вучняў і студэнтаў, каб вывучаць гісторыю. Гэта бясспрэчна ідэалягічны прадукт. Невыпадкова ён зьявіўся ў 2004 г. – у час адзначэньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі, або, як прынята гаварыць, ад «нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Яго ўжо пачалі вывучаць у школах і ўнівэрсытэтах – напярэдадні 60-й гадавіны Перамогі ў Другой сусьветнай, або, як часьцей кажуць у сучаснай Беларусі па старой савецкай завядзёнцы, у Вялікай Айчыннай вайне.

Гэты навучальны дапаможнік даўся нялёгка. Дзяржзамова была выканана ў рэкордны тэрмін. Паводле Тацяны Нічыпаровіч, дырэктаркі выдавецкага цэнтру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, усё рабілася ў «жудасных умовах», беларуская вэрсія падручніка была змакетаваная за два месяцы. Аўтары кнігі запэўніваюць, што днявалі і начавалі пры сваіх працоўных сталох – гнала ня толькі патрэба часу, але і імпэт. Цяжка сказаць, наколькі адкрытая для грамадзтва была гэтая работа. Прынамсі, з публікацыяў у прэсе цяжка зрабіць выснову, што гісторыкі працавалі «публично, собирали дискуссионные столы с привлечением журналистов, учителей, педагогов, ученых»1 (Урок), як дэкляруе Аляксандар Каваленя, галоўны рэдактар дапаможніка, які з восені 2004 г. ачольвае Інстытут гісторыі НАН Беларусі.

  культурны аглядальнік газэты «советская белоруссия». яго артыкул «музэі і выстаўная дзейнасьць у генэральнай акрузе «беларусь» (1941–1944 гг.)» неўзабаве будзе апублікаваны ў часопісе «спадчына»
   
На яго думку, падручнік збольшага рэпрэзэнтуе «объективную точку зрения» (Урок). Сапраўды, не замоўчваецца калябарацыянізм, гаворыцца пра Армію Краёву (вельмі коратка), пра няпростую сытуацыю ў СССР наконадні вайны. Тым ня менш, нягледзячы на заўвагу Аляксея Літвіна, што «нет одной правды... тем более когда речь идет о таком эпохальном событии, как война» (Урок), у падручніку выкладаецца пераважна адна праўда. Дзьвюх думак на адну праблему тут не дапускаецца. Гэта манатонная гісторыя, як заведзеная кружэлка, спэктакль без антракту. Шмат што недагаворваецца, замоўчваецца, абыходзіцца ўвагаю.

2

Школьная гісторыя ніколі не адпавядае праўдзе, яна прызначана для выхаваньня.

Наталя Якавенка, украінскі гісторык

Конечно, все нельзя вместить в учебник. Учащийся, студент и исследователь по-разному воспринимают информацию. Исследовательский труд, разумеется, глубже. Но, на мой взгляд, в учебнике нормально сформулирована история прошедшей войны. Нет перевеса идеологии над фактом, чем страдали раньше…

Вячаслаў Селяменеў, дырэктар Нацыянальнага архіву Беларусі

Насуперак гэтаму меркаваньню, ідэалёгія ў падручніку пра Вялікую Айчынную вайну ўсё ж пераважае. Водгукі прафэсіяналаў яшчэ прагучаць. Тут хацелася засяродзіць увагу на тых фрагмэнтах гісторыі вайны, выкладзеных у кнізе, што сёньня «пастаўленыя на службу» т. зв. ідэалёгіі беларускай дзяржавы.

Першае, што прыцягвае ўвагу, – гэта асьвятленьне пачатку вайны і тое, што папярэднічала яе разьвязваньню. Найперш пакт Молатава–Рыбэнтропа і наступствы яго падпісаньня. Аўтары мяркуюць, што нямецка-савецкі дагавор «з пункту гледжання палітычнай практыкі і маралі таго часу <…> не ўяўляў сабой нічога экстраардынарнага, асабліва калі яго параўнаць з Мюнхенскім пагадненнем». Да таго ж, «гэтае пагадненне ў пэўнай ступені пасадзейнічала ўз’яднанню беларускага народа і замацаванню тэрытарыяльнай цэласнасці БССР, г. зн. аднаўленню гістарычнай справядлівасці», а «перад працоўнымі заходніх абласцей Беларусі адкрыліся перспектывы развіцця гаспадарчага жыцця, навукі, культуры…». Прынамсі, насельнікамі Заходняй Беларусі падзеі 1939 г. успрымаліся неадназначна. Паводле Аляксандра Смаленчука, які праводзіў палявыя дасьледаваньні ў паўночна-заходнім кутку Гарадзеншчыны, «людзям навязвалася такая гісторыя, якая ніколі не перажывалася іх продкамі». Да польскай, савецкай і нямецкай арміяў было практычна аднолькавае стаўленьне. Як «сваю» рэдка хто характарызаваў і першую, і другую, і трэцюю. Успрымаючы сябе як «тутэйшых», аўтахтонаў, мясцовыя людзі пільнавалі свае інтарэсы. Таму гаварыць пра «ўсебеларускую» радасьць, а пасьля пра «ўсенародную» барацьбу няма як.

Цалкам справядліва ўварваньне нямецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы 1 верасьня 1939 г. мянуецца «агрэсіяй». Гаворыцца пра «падставу» нямецкага ўварваньня – справакаваны нямецкім бокам памежны інцыдэнт. Тым часам зусім інакш інтэрпрэтуюцца падзеі ў краінах Балтыі: «гісторыя гэтых працэсаў празмерна заблытана савецкай афіцыйнай гістарыяграфіяй, а таксама сучаснымі суб’ектывісцкімі ацэнкамі». Што гэта за «ацэнкі», становіцца зразумела праз адзін абзац: «Сярод некаторых палітычных дзеячаў прыбалтыйскіх рэспублік сёння вельмі папулярна трактаваць падзеі тых гадоў як акупацыю. Гэта не адпавядае фактам». Між тым, у краінах Балтыі ўсё таксама пачыналася з памежных інцыдэнтаў (Латвія) ды «правакацыяў» супраць савецкіх вайскоўцаў (Літва). Падставы для ўводу войскаў СССР у гэтыя краіны былі надуманыя, накшталт «выкраданьня» чырвонаармейцаў у Літве.

Літоўцы, латышы ды эстонцы сьледам за заходнімі беларусамі (90,7% «за» «ўзьяднаньне») прагаласавалі за «блёк працоўнага народу» (у Латвіі – 97,8%). А каб не было падставаў для закідаў супраць «недэмакратычнасьці працэсу», 100 тыс. рыжанаў (з 350 тыс. магчымых) узялі ўдзел у «антыўрадавых дэманстрацыях і мітынгах» (пад урадам маецца на ўвазе «буржуазнае» кіраўніцтва Латвіі). Праз год зь ня меншым імпэтам латышы выходзілі на вуліцы сустракаць немцаў, а пасьля запісваліся ў SS. У падручніку не тлумачыцца, чым выкліканая гэткая імгненная зьмена прыхільнасьцяў у агулам разважлівых балтаў.

Школьнікам да ўсяго ж прапануецца паразважаць над лістом П. Панамарэнкі Іосіфу Сталіну, напісаным 25 верасьня 1939 г. Тут праўдзе гісторыі пашанцавала больш. Ад П. Панамарэнкі мы даведваемся, што хоць

белорусское крестьянство настроено прекрасно, поддерживает всем, чем может, Красную Армию... за Белосток<ом> население встречает наши войска более сдержанно, русский язык знают меньше, чаще раздаются выстрелы из-за угла, из лесу по красноармейцам, командирам... Крестьяне говорят на настоящем белорусском языке, причем употребляют много слов, о которых нас здесь (у БССР. – Аўт.) уверяли, что они нацдемовские, выдуманные. Нацдемы могли выдумать в литературе, а народу привить не могли, тем более западным белорусам.

У падручніку не знайшлося месца для асьвятленьня рэпрэсіяў у дачыненьні да мірнага насельніцтва і польскіх жаўнераў на былых «крэсах», арыштаў беларускай інтэлігенцыі ў Вільні (і ня толькі ў ёй) і масавыя высланьні людзей у Сібір (паводле найноўшых зьвестак, з 3 кастрычніка 1939 г. да 20 чэрвеня 1941 г. у Сібір, Казахстан і інш. было дэпартавана 120 000 чалавек з 125 000 рэпрэсаваных у Заходняй Беларусі).

Чытачу прапануецца сухая гісторыя гераізму і патрыятызму – савецкага; «жывая гісторыя» адсоўваецца на апошні плян, яе не відаць. Чытачу забараняецца ведаць, што рабілася на пачатку вайны ў Беларусі, як на фоне кровапралітных баёў савецкае чынавенства ўцякала на Ўсход, НКВД сьпешна расстрэльвала сваіх вязьняў, а ў пакінутых без улады гарадох рабаваліся склады і музэі. Больш важна расказаць пра парад на Краснай плошчы 7 лістапада 1941 г. ды працытаваць Сталіна, які маладым беларусам праз паўстагодзьдзя паведаміў пра «нашых вялікіх продкаў»: Аляксандра Неўскага, Дзьмітрыя Данскога, Кузьму Мініна, Дзьмітрыя Пажарскага, Міхаіла Кутузава, не забыўшыся на асабліва дарагога сэрцу кожнага тутэйшага чалавека Аляксандра Суворава.

3

Мы прыйшлі сюды як пераможцы, але пераможцы бальшавізму, а не беларусаў, для якіх мы ёсьць вызваляльнікамі.

Вільгельм Кубэ, генэральны камісар Генэральнай акругі «Беларусь»

Немецкие фашисты ставили цель истребить белорусский народ. На «очищенном» таким образом жизненном пространстве Берлин планировал оставить в живых только четвертую часть нас, белорусов. В качестве рабов.

Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт

Мы ня мелі выбару. Мы маглі супрацоўнічаць або зь немцамі, або з савецкімі бальшавікамі, якіх ненавідзелі.

Антон Адамовіч, інтэлектуал

У свой час найвышэйшае кіраўніцтва нашай краіны выказвала занепакоенасьць якасьцю выкладанага ў школах ды ВНУ гістарычнага матэрыялу. Сапраўды, доўгі час беларускія падручнікі былі недасканалыя, «сухія», напісаныя не пэдагогамі, а прафэсійнымі гісторыкамі, якія не заўсёды маглі адрозьніць важнае ад патрэбнага. Апрача таго, навучальныя дапаможнікі былі неілюстраваныя.

На жаль, сяму-таму «на версе» рупіла і рупіць зусім не пэдагогіка. Тады, гадоў дзесяць таму, выклік?ла незвычайную занепакоенасьць інтэрпрэтацыя гісторыі, асабліва таго, што было зьвязанае зь Вялікім Княствам Літоўскім. Пакрысе, праўда, запал прайшоў, і цяпер «мы ведаем і паважаем сваю гісторыю, не адмаўляемся ад устойлівых традыцый. Мы памятаем аб Полацкім і Тураўскім княствах, Вялікім княстве Літоўскім», «по праву гордимся тем, что наш белорусский язык в Великом княжестве Литовском был официальным языком». Праўда, вытокі свае мы шукаем не ў сівой даўніне, а… у Вялікай Айчыннай вайне.

«Не секрет, что сегодня некоторые лжеученые пытаются «пересмотреть» историю Великой Отечественной войны, принизить роль и значение героической борьбы наших дедов и прадедов, реабилитировать предателей, фашистских прислужников. Свой информационный удар они направляют в первую очередь на молодежь», – з такою прамоваю-наказам зьвяртаецца сам А. Лукашэнка да чытачоў новага школьнага падручніка. Цікава, што ўва ўнівэрсытэцкім дапаможніку прэзыдэнтавай прамове чамусьці не знайшлося месца. Лукашэнкаву прадмову аздабляе фатаздымак, дзе ён у касьцюме галоўнакамандуючага рукаецца з апранутымі ў бялюткую форму вэтэранамі. Вядома, што школьны падручнік дастаўся найперш вэтэранам. З расейскамоўнага накладу 107 600 ас. ім раздалі 80 000, зь беларускамоўных 17 600 – вэтэранам, 34 600 – школьнікам.

Хто ж такія «лжеученые», якіх ня трэба слухацца юнаком ды дзяўчатам? У сьпісе рэкамэндаванай для дадатковага вывучэньня літаратуры няма прозьвішча Юр’я Туронка, ня кажучы пра іншых, маладзейшых, дасьледнікаў вайны, і таму ўсё робіцца ясна. Калі ў «лібэральным» 1993 г. Туронкаву кнігу «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» трэба было папярэджваць «улагоджвальнай» прадмовай ды зацемамі навуковага рэдактара, то што ўжо казаць пра наш «складаны» ды «супярэчлівы» час.

Найперш зьвернем увагу на два моманты: інтэрпрэтацыю калябарацыянізму і аналіз ваенных стратаў сярод насельніцтва ў трактоўцы падручніка.

Наконт першага А. Каваленя піша: «нельзя умалчивать и о том, что был коллаборационизм, – это ведь тоже факт истории. Пусть он касается небольшой части общества, но этого нельзя вычеркнуть. Как не вычеркнешь и Армию Крайову. Не слишком вдаваясь в подробности, мы должны беспристрастно отобразить все» (Урок).

Намаганьні захопнікаў не знайшлі падтрыманьня – ні сярод беларусаў, ні сярод беларускіх татараў і расейцаў, «большасць беларускай моладзі актыўна ўдзельнічала ў барацьбе супраць акупантаў». Для засваеньня матэрыялу студэнтам прапануецца прачытаць лістоўку «Да сяброў беларускай моладзі ў Стоўбцах» з 15 чэрвеня 1944 г., напісаную «былым дружковым арганізацыі СБМ Суслаевым Паўлам», а таксама азнаёміцца са зваротам В. Кубэ да беларусаў, надрукаваным тарашкевіцай. (Школьнікам дакумэнтаў «жывой гісторыі» не прапануецца.)

Пры аповедзе аб АК не адзначаецца, што яе беларускія, украінскія і літоўскія аддзелы папаўняліся зь мясцовых ураджэнцаў, якія ўсьведамлялі сябе палякамі, хаця пераважна і не былі супольнага зь імі этнічнага паходжаньня. Ня ўсе мясцовыя жыхары былых польскіх «крэсаў» прынялі з радасьцю падзеі 1939 г. і таму цалкам натуральна арыентаваліся на адраджэньне «сваёй», польскай, дзяржавы. Інтарэсамі розных дзяржаваў, складанай этнаканфэсійнай структурай мясцовага насельніцтва і быў выкліканы ўдзел жыхароў Беларусі ў вайне па розныя бакі фронту.

Няма ні слова пра нацыянальную сымболіку. У гэтым сэнсе разьдзелы пра калябарацыянізм напісаныя аб’ектыўна нагэтулькі, наколькі гэта сёньня афіцыйна дазволена. Гэтая тэма выглядае як выпадковая і неабавязковая, складваецца ўражаньне, што на супрацу зь немцамі пайшлі лічаныя людзі, між радкоў чытаецца: «здраднікі».

На фоне некаторых аўтараў, якія не цураюцца такіх выразаў, як «кучка местных подонков», якім В. Кубэ «разрешил помахать «бел-чырвона-белым» флагом», «негодяи полицаи», «сьвядомыя», у якіх «руки по локоть в крови»2, складальнікі падручніка выглядаюць досыць годна. Яны не апусьціліся да такога шальмаваньня.

  1 Цытаты з работ, што тут абмяркоўваюцца, даюцца мовай і правапісам арыгіналу. Тэкст круглага стала ў «Советской Белоруссии» пазначаны як Урок.

   
Аб праблеме стратаў у часе вайны. У падручніку безапэляцыйна цьвердзіцца: «Беларусь за гады вайны страціла кожнага трэцяга свайго жыхара». Адпаведная табліца ў іншым месцы гаворыць: усяго зьнішчана 1 409 225 чалавек грамадзянскага насельніцтва, забіта і закатавана ваеннапалонных 810 091, «вывезена ў нямецкае рабства» – 377 776. Такім чынам, маем 2 597 092 чалавекі. Дзесяць гадоў таму афіцыйныя лічбы былі крыху іншыя: «…Загінула больш за 2,2 млн чал. (кожны чацвёрты). На катаржныя работы ў фаш. Германію было вывезена 380 тыс. чал.»3. Як бачым, да загінулых прыплюсавалі вывезеных у «рабства» – адсюль і «кожны трэці».

  2 Прыклад узяты з: Петрукевич В. Алмаз и пепел // Советская Белоруссия. 2004. 13 траўня.

   
(Гэтая новая маніпуляцыя з гістарычным матэрыялам ужо выклікала тэндэнцыйныя інтэрпрэтацыі ў прэсе: «Ведь у вас каждый третий житель погиб! Столько чужого народу после войны понаехало, сильно мы вам кровь разбавили» (Советская Белоруссия. 2004. 23 кастрычніка). Словы нібы належаць нейкаму беларускаму чувашу.)

Гаварыць – не ваяваць, не паміраць. Гісторыкі дагэтуль ня могуць разабрацца, колькі ж папраўдзе загінула беларусаў, жыхароў Беларусі, насельніцтва, якое знаходзілася ў вайну на тэрыторыі Беларусі. Менавіта падзел ахвяраў на тры групы – уласна беларусаў, грамадзянаў краіны і тых, хто тут апынуўся воляю лёсу (тыя ж вайскоўцы, і ня толькі савецкія, але і нямецкія), глыбокі аналіз кожнай зь іх можа даць дакладны адказ на пытаньне пра чалавечыя страты.

Напрыклад, з 380 тыс. беларусаў, вывезеных на работы ў Нямеччыну, 260 тыс. ніколі не вярнуліся дадому, уважаюць, што 196 тыс. зь іх загінула пры розных акалічнасьцях (або зьехала на Захад?). У ліпені 1944 г. на Захад зь Беларусі выбралася блізу 80 тыс. чалавек. Пытаньне: куды трапілі ўсе гэтыя людзі – у «загінулыя»?..

Тое, што найбольшыя страты панесла найперш габрэйскае насельніцтва, у падручніку не акцэнтавана. Як вынік, у сапраўднасьці ліку ахвяраў ёсьць сур’ёзныя падставы сумнявацца, і тым самым у галовах маладога пакаленьня фармуецца стэрэатыпнае, фрагмэнтарнае і недакладнае ўяўленьне пра ўласную гісторыю...

Адмысловай увагі заслугоўвае аздабленьне кнігі. Вокладка школьнага падручніка – салдат, які ўздымае Сьцяг Перамогі над райхстагам, – больш удалая за ўнівэрсытэцкую, дзе чырвонаармеец зь пісталетам заклікае: «За Родину! За Сталина!» Бальшыню ж ілюстрацыяў пры перавыданьні падручніка варта было б зьмяніць. Дужа многа плякатаў, улётак і фатаздымкаў, якія адлюстроўваюць унутрырасейскія рэаліі. Вось, прыкладам, кадар з антыфашысцкай дэманстрацыі ў абарону Э. Тэльмана – але чамусьці маскоўскі, а ня менскі, хаця гэткія акцыі праходзілі ўва ўсім Савецкім Саюзе.

Разьдзел пра ўзьяднаньне дзьвюх паловаў Беларусі аздоблены топарна. Вось уяжджаюць савецкія танкі ў Вільню (праўда, іх ніхто не сустракае), пасьля танкі едуць па Гарадзеншчыне і іх вітае купка сялянаў, далей засядае Прэзыдыюм Народнага Сходу Заходняе Беларусі. У школьным дапаможніку жыхары Гарадзеншчыны сустракаюць Чырвоную Армію – узьнятыя рукі вітаюць змучаных салдатаў, затым радасныя сяляне з мудрым П. Панамарэнкам на першым пляне пляскаюць у ладкі на пасяджэньні Народнага Сходу.

У беларускамоўным падручніку дакумэнты, зь якімі прапануецца азнаёміцца навучэнцам, апублікаваныя па-расейску, за выняткам тых, што ў арыгінале былі напісаныя па-беларуску. Матывацыя такога разьмеркаваньня функцыяў між мовамі незразумелая: А. Гітлер або І. Сталін ня могуць «гаварыць» па-беларуску, бо нашаю моваю нельга выказаць нічога «вялікага», або была лянота перакладаць?

4

Без избавления от нацистской оккупации не было бы нашего государства и нашего народа... белорусы вместе со всем советским народом оказали самое упорное в истории человечества сопротивление агрессору.

Советская Белоруссия. 2000. 4 ліпеня.

Дзякуючы гэтаму подзвігу беларускі народ стаў вялікім народам.

Звязда. 2001. 22 жніўня.

Беларуская нацыянальная ідэя ў афіцыйнай вэрсіі фармуецца пры эксплюатацыі тэмы ВАВ. Галоўнае нацыянальнае сьвята, Дзень Незалежнасьці, адзначаецца ў гадавіну вызваленьня сталіцы ад немцаў. Усе падзеі айчыннай гісторыі прывязваюцца да вайны – як «да і пасьля нашай эры». Спэцкурс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу» – гэта ня экскурс у гісторыю, гэта тая самая нацыянальная ідэя, якой няма нават у Расеі, для якой (для дзяржавы, не для асобных народаў РФ са сваімі «рэгіянальнымі» гісторыямі) вайна была сапраўды Вялікая і Айчынная.

Сёньня камусьці выгадна, каб была вайна. Але вайна – ня вечная, яна мінае, зрабіўшы сваё. Браць сёньня на «ўзбраеньне» ідэю вайны – гэта значыць станавіцца на небясьпечную дарогу. Думаючы пра вайну мінулую, ці не праграмуеш сябе на вайну будучую?

Прынцыповае значэньне мае заўвага, што разьдзел «Савецкі Саюз і краіны сьвету напярэдадні і ў пачатку Другой сусьветнай вайны» занадта зацягнуты, ён займае траціну агульнага аб’ёму выданьня. (На наш погляд, менавіта гэтая якасьць падручніка вельмі важная – беларусы павінны ведаць, супраць чаго ваявалі тыя ж самыя вэтэраны.) Рэспубліканская рада раіць скараціць дадзены разьдзел, а за ягоны кошт павялічыць плошчу для прапаганды подзьвігаў савецкіх воінаў.

Мабыць, стваральнікі падручніка сьвядома ўдзялілі траціну яго аб’ёму падзеям напярэдадні вайны. Аднак тут ёсьць недагаворанасьці. Сутнасьць ідэалёгіі нацызму не была выкладзеная вычарпальна. Аўтары не раскрылі прычынаў нацыфікацыі Нямеччыны і дэталяў ідэалягічнай дактрыны нацыянал-сацыялізму, абмежаваўшыся савецка-марксісцкім тлумачэньнем гэтых зьяваў. Але і ў сацыяльна-эканамічнае тлумачэньне прыроды нацызму і фашызму, і яго гангстэрскае, крымінальнае разуменьне нельга назваць сугучнымі часу.

Падручнік з гісторыі для сярэдняй школы павінен быць ілюстраваны – і дадзенае выданьне ў гэтым сэнсе зроблена няблага. Выклікае адно зьдзіўленьне, што і для вышэйшай школы ілюстрацыйны шэраг застаецца тым самым, што і для навучэнцаў 11-й клясы. Навінкай ёсьць зьмяшчэньне ў кнізе тэкстаў выступаў Гітлера і вялікіх цытатаў з арыгінальных дакумэнтаў акупацыйнага часу. Навучэнцам нарэшце дазволілі самастойна зрабіць высновы з прыведзеных цытатаў альбо, прынамсі, пацікавіцца першакрыніцамі.

  3 Пасэ У. Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. ІI. Беліцк–Гімн. – Менск, 1994. с. 434.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14