A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
МІКОЛА КРЫВАЛЬЦЭВІЧ | ||||
Дрот у дрэве
Пад плотам школы-інтэрната, дзе я вучыўся восем гадоў, расла ліпа, якую ў свой час нехта абвязаў тоўстым дротам. Дрот быў такі тоўсты, што дрэва так і не здолела яго разарваць. З года ў год, як разрасталася ліпа, драціны ўрэзваліся ў драўніну. Я вельмі часта прыходзіў да гэтага дрэва, шкадуючы яго. Маіх дзіцячых сілаў не хапала, каб раскруціць тоўсты і ржавы жалезны дрот, вызваліць дрэва ад пакутаў...
Мне было крыху больш за два гады, калі памерла мая маці. У першым класе школы-інтэрната я апынуўся ў 1965-м. Нязвыклае для вясковага маўлення замежнае слова «інтэрнат» дзядзькі і цёткі перайначвалі на «сіроцкі дом». «Здалі Міколку ў сіроцкі дом», – казалі яны, шкадуючы мяне. У інтэрнатах прайшлі ўсе дзесяць гадоў майго школьніцтва. Школы-інтэрнаты як адмысловыя навучальныя ўстановы з васьмі-, а затым і дзесяцігадовым тэрмінам навучання для дзяцей-сірот ці дзяцей з бедных сем’яў пачалі ствараць у колішнім Савецкім Саюзе пачынаючы з 1956 года. Школу-інтэрнат нельга блытаць з дзіцячым домам. У дзіцячы дом звычайна траплялі дзеці без абодвух бацькоў – поўныя сіроты. Інтэрнатаўцы мелі повязь з домам, вяртаючыся туды падчас вакацый. У большасці выпадкаў бацькі нават выплачвалі штомесяц невялікую суму грошай за ўтрыманне іх дзіцяці ў інтэрнаце. Розніцу паміж намі, тымі, хто меў хоць нейкую часовую сувязь з роднымі, і дзецьмі, якія назусім згубілі сямейнае апірышча, мы адчулі на сваёй шкуры, бо час ад часу да нас у інтэрнат траплялі дзетдомаўцы. Апошнія вылучаліся незвычайнасцю паводзін, здзяйсняючы неверагодныя па нашых мерках учынкі і парушаючы звыклы лад інтэрнатаўскага жыцця. Адчай і безнадзейнасць, абмежаваны сацыяльны вопыт вельмі часта спараджалі ў іх глухі ці – наадварот – экзальтаваны пратэст. Неяк да нас з дзіцячага дома прывезлі хлапчука, які ўжо праз колькі дзён здзівіў усю школу. Спачатку ўразіла ягоная шчодрасць. Ён прынёс вялікі папяровы мех цукерак і шчыра частаваў імі ўсіх, каго сустракаў. Назаўтра ў школьным калідоры мы ўбачылі міліцыянта. Хлапчука-дзетдомаўца павялі на следчы эксперымент у школьную канцылярыю, спрабуючы дазнацца, як ён змог адкрыць жалезны сейф. «Цвіком», – казаў той. Яму далі цвік. «Ды не такі!» – буркнуў ён. Са скрыні, якую прынёс загадчык гаспадаркі, малец выбраў патрэбны цвік, падкруціў яго абцугамі і на вачах здзіўленага дырэктара і міліцыянта адамкнуў сейф... Ён так і не давучыўся да восьмага класа, бо праз нейкі час быў накіраваны ў нейкую іншую ўстанову – ці то ў спецшколу, ці то ў нейкае спецыяльнае ПТВ. Такія высылкі ў нас праводзіліся рэгулярна, асабліва пагрозліва гучала папярэджанне накіраваць за дрэнныя паводзіны і вучобу ў ПТВ меліярацыі. Вайна ды савецкі гвалт прывялі да знявечання аднаго з найбольш традыцыйных і ўстойлівых сацыяльных інстытутаў грамадства – сям’і. У пасляваенны час дзяцей вельмі часта гадавалі адзінокія жанчыны. Многія сем’і, асабліва ў вёсках, жылі ў страшэннай беднасці і нястачы. Маё маленства прайшло ў палескай вёсцы, якая стаяла пасярод лесу. Калі я падрос, то стаў насіць порткі, якія падвязваліся на поясе вяровачкай. У інтэрнаце я мусіў прывыкаць да гузікаў форменнага казённага адзення. Трэба было практыкавацца колькі дзён, каб навучыцца іх хутка зашпільваць і не адставаць ад іншых. Многія мае аднакласнікі – такія ж знядоленыя дзеці-вяскоўцы – не маглі зразумець, што абсталяваныя унітазамі прыбіральні знаходзяцца не на вуліцы, а побач са спальнямі, таму на вуліцу «да ветру» можна не бегаць. У першыя дні здаралася так, што некаторыя дзеці імчалі не на унітаз, а забягалі ў шафу, якая нагадвала ім вясковы будынак туалета. Трапіўшы ў інтэрнат, мы нейкі час адчувалі сябе надзвычай прыгнечанымі і няшчаснымі, баючыся вымавіць слова. Дзеці, адарваныя ад звыклага асяроддзя, плакалі і маўчалі тыднямі. Некалькі тых першых вераснёўскіх тыдняў, адчуўшы сябе падманутым і кінутым, я таксама моўчкі глядзеў у вокны. Я доўга прывыкаў да сцен, якія навісалі над галавой і здаваліся мне высокімі і гнятлівымі, бо свае сем гадоў жыцця я правёў сярод дрэваў і балацін, выганаў і драўляных хатаў. У памяці раз-пораз праплывалі мае дзіцячыя прыгоды, якіх і дагэтуль не магу забыць. Вялікая чорная свіння, якая, рохкаючы, выходзіць на чорны ад бруду падворак. Каля плота на падворку сяджу я, гуляючы з лучынай у ночвах. Свіння насоўваецца на мяне і моцна кусае за руку, якой я спрабаваў яе пагладзіць... Наш каток енчыць на страсе. Ён разадраў сабе жывот, і кішкі цягнуцца за ім па зялёным моху старой страхі. Я лезу, каб выратаваць яго і падаю... Сонца, якое садзіцца за лесам, пакрывае чырванню драўляны ганак хаты, на ім ляжыць вуж. Я палохаюся і хаваюся за спадніцу маёй цёткі. «Не бойся, – кажа тая. – Вужык дабро прыносіць...» За нашымі хатамі капаюць у кар’еры гліну. Там, ля копанкі, ходзяць буслы. Я хаваюся ў густой траве і сачу за імі. Падкрадаюся да аднаго з іх, каб ухапіць за чырвоныя ногі і ўзляцець у неба. Звальваюся з адхону ў мутную ваду... Ад першага дня ў інтэрнаце мяне акалялі зусім чужыя людзі, якія прымушалі апранаць нязвыклае адзенне і выконваць непрыемныя дзеянні. Напрыклад, распранацца дагала ў лазні, садзіцца ў таз, побач з якім стаіць дзяўчына са старэйшых класаў і палівае цябе гарачай вадой, мыліць пякучым мылам і дзярэ вяхоткай. На першым жа ўроку фізкультуры, перад якім нам выдалі шырокія чорныя шаравары, я абсікаўся, стоячы перад настаўнікам, бо пабаяўся прасіцца ў прыбіральню. Новая шчыльная тканіна і тугая гумка доўга трымала ў калашыне сцулі. Калі я на загад настаўніка рушыў да дзвярэй, то сцулі хліпалі і струменьчыкамі ліліся на свежапафарбаваную падлогу, выклікаючы ўсеагульны рогат. Можна ўявіць сабе, якія хвіліны сораму і прыніжэння сваёй дзіцячай годнасці я тады перажыў. Ужо ў першыя дні многія дзеці спрабавалі збегчы са школы, спадзеючыся знайсці свой дом. Абсалютна не арыентуючыся ў прасторы і пазбягаючы сустрэч з дарослымі, яны беглі не ў бок мястэчка, а ў навакольныя палі ці ў кустоўе, за якім пачыналіся поплаўныя балоты ракі Вушы. Звычайна там жа ў балотах іх лавілі пасланыя наўздагон вучні старэйшых класаў ці выхавацелі. Мокрага, бруднага і сплаканага бегуна прыводзілі ў клас, дзе выстаўлялі перад усімі і сарамацілі, папракаючы ў няўдзячнасці. «Куды ты бяжыш, што цябе чакае дома: вошы, зацірка ды бруд? Табе тут блага?» Але былі выпадкі, калі найбольш спрытныя і кемлівыя хлопцы дабіраліся да свайго дому. У такім выпадку па іх ехала выхавацелька і прывозіла ў інтэрнат, спрабуючы ў сваіх аповедах як мага страшней абмаляваць убачаную сямейную і побытавую рэчаіснасць збеглага выхаванца, каб потым папракнуць, маўляў, куды ты бяжыш, няўжо там табе будзе лепш, чым у нас? Са сваіх мясцін мы прынеслі дыялектную беларускую мову. Як і ў маім Серадзібары, я часта, напрыклад, замест «будуць гуляць» казаў «гуляцьмуць». Наша выхавацелька, яна ж і настаўніца беларускай мовы, высмейвала маю моўную «недасканаласць», называючы яе «муццю». Яе смяшылі словы «гарэпнік» (так звычайна ў нас называлі чалавека, які працаваў, не пакладаючы рук), «паваляка» (п’яны «да пакатынку») і г. д. Найбольш кпінаў сцярпеў Берніковіч, які нарадзіўся недалёка ад Дзякавічаў, што побач з Чырвоным возерам, і прынёс з сабою мясцовую палескую гаворку («муло» замест звыклага «мыла», «буў» замест «быў» і г. д.). Школа наша была беларуская, ды і асяроддзе, з якога мы трапілі, было беларускамоўным. Нам цяжка давалася расійская мова. Калі да нас прывозілі расійскамоўнага вучня, мы з цікавасцю прыслухоўваліся да яго маўлення і нязвыклых для нашага слыху словаў. Хлопцу, які ганарыста называў сябе «сібіраком», мы зладзілі «цёмную» толькі за тое, што той фанабэрыўся і насміхаўся над нашай мовай.
Савецкая школьная сістэма засноўвалася на канцэпцыі калектыўнага выхавання: падпарадкаванне большасці і выхаванне воляю большасці. Няўрымслівых зломвалі і прымушалі да паслухмянасці. Вельмі часта большасць нацкоўвалі на меншасць. Адну з нашых аднакласніц, якая праз сваю неахайнасць атрымала некалькі двоек, выхавацелька прымусіла прыбіраць класны пакой па-за графікам абавязковага дзяжурства. Дзяўчынка заўпарцілася, маўляў, несправядліва загадваеце, колькі дзён таму я ўжо прыбірала ў класе. У гневе педагагіца прымусіла прынесці і паставіць на падлогу таз вады. Знайшлося некалькі хлопцаў, якія на яе загад схапілі дзяўчо, аблілі вадою і цягалі па падлозе за ногі і за рукі – не хочаш, дык змусім сілай выканаць загад! Спачатку мы ашаломлена глядзелі на здзек, а затым кінуліся ратаваць дзяўчынку... Тагачасная педагагічная канцэпцыя засноўвалася на выхаванні чалавека новага тыпу – грамадскія патрэбы вышэйшыя за асабістыя. Меркавалася, што выхаваць паўнавартаснага савецкага чалавека магла ў першую чаргу толькі дасканалая школьная сістэма. Школа-інтэрнат была ідэальным палігонам для савецкага цвічэння дзяцей, бо апошнія былі практычна пазбаўленыя ўплыву бацькоў і звыклага людскога асяроддзя. Ад рання да вечара мы былі ў руках школьных педагогаў. Не памылюся, калі адзначу, што ў нашай школе – правінцыйным местачковым інтэрнаце – выхаваўчыя праекты, якія спелі ў нетрах тагачасных педагагічных устаноў, рэалізоўваліся напоўніцу і нават звыш таго. Ідэалагічная апрацоўка 1960-х гадоў у першую чаргу скіроўвалася на перспектывы міфалагічнай пабудовы камунізму ў СССР. Ужо ў пачатковых класах нам даводзілі, што ў 1980-х гадах мы будзем жыць пры камунізме. Тая светлая будучыня бачылася нашым выхавацелькам спажывецкім раем: крамы, у якіх ёсць усё, што табе захочацца, за тавары не трэба будзе плаціць грошы, а можна проста заходзіць і браць з паліц неабходнае (нават шакаладныя цукеркі!). Запомніўся адзін дзіўны аповед пра транспарт камуністычнага будучага: ездзіць па горадзе мы будзем на тратуарах, якія будуць самі рухацца! Нашыя школьныя святочныя мерапрыемствы складаліся з традыцыйнага гадавога цыклу савецкіх урачыстасцяў. Напэўна, нас у меншай ступені цікавіў змест тых святкаванняў, бо дзіцячая свядомасць наўрад ці магла дапяць да сэнсу рэвалюцый, войнаў, вартасці савецкіх геніяў і герояў. З іншага боку, мала хто ўвогуле разумеў логіку тых рытуальных дзеянняў, якія даводзілася з года ў год здзяйсняць усім, у тым ліку і нам, дзецям. Самым стандартным паводле набору асноўных кампанентаў было свята рэвалюцыі. Шэсце ў калонах дэманстрантаў нам падабалася тым, што мы апыналіся па-за школай, у мястэчку, сярод шматлікіх, у тым ліку і дураслівых, людзей. Нас доўга марынавалі перад трыбунай, і, каб нейкім чынам пабавіць час, мы лопалі адзін аднаму надзьмутыя з нагоды шэсця каляровыя шарыкі. Для гэтай мэты выкарыстоўвалі тонкія завостраныя драціны, уцягнутыя ў рукавы ці ў казыркі шапак. На свята ў самой школе мы павінны былі рабіць бесказыркі з надпісам «Аўрора» і драўляныя стрэльбы. Кожны клас рабіўся «рэвалюцыйным атрадам» і з адпаведнай песняй ішоў уздоўж каланады ў фае, дзе былі расцягнутыя лозунгі кшталту «Вся власть Советам!». Ля калонаў і змайстраваных вогнішчаў стаялі «рэвалюцыйныя вайскоўцы», прапускаючы ў спартовую залу і наколваючы на штык паштоўкі-запрашэнні. У поўнай цемры, сцягваючы адзін з аднаго бесказыркі і поркаючы штыкамі, мы лавілі рукамі прамяні пражэктара, якія блукалі над нашымі галовамі. Затым на сцэне раздаваліся грымоты – гучны стук у тазік, які азначаў стрэл «Аўроры». Пачынаўся «літмантаж» і харавыя спевы рэвалюцыйных песень.
Неяк у класе шостым я нечакана для сябе стаў антысаветчыкам. Неспадзявана і для майго бацькі і маёй выхавацелькі я, маўляў, абразіў самую культавую ў савецкім грамадстве асобу – Леніна. Яму прысвячаліся многія рэпрадукцыі са знакамітых карцін, якія віселі ў самым доўгім калідоры, што злучаў навучальны і спальны карпусы школы. Усё было надзвычай банальна і проста: я любіў хадзіць з засунутымі ў кішэні рукамі. За такое злачынства, якое ў тыя часы лічылася праяваю хуліганістасці, нас каралі. Здаралася нават так, што кішэні ў штанах прымушалі зашываць. Аднойчы мой думлівы настрой у тым доўгім калідоры – імправізаванай карціннай галерэі класікі – быў перарваны воклічам нашай выхавацелькі, якая патрабавала дастаць рукі з кішэняў і тым самым набыць выгляд, варты піянера і савецкага вучня. Я кіўнуў галавой у бок знакамітай карціны Бродскага, на якой Ленін стаяў, трымаючы рукі ў кішэнях чорных штаноў. «Ах, дык ты, сапляк, прыраўнаў сябе да Леніна!» – выкрыкнула выхавацелька. «Не, толькі ўзяў з яго прыклад», – не разгубіўся я ў адказ. Гісторыя таго майго злачынства мела амаль дэтэктыўны працяг. Тая «знявага» правадыра скончылася для мяне лістом да бацькі. У лісце яго выклікалі ў школу, каб той паўздзейнічаў на мяне і выправіў мае дрэнныя паводзіны. Блакітны канверт выхавацелька дэманстратыўна на маіх вачах апусціла ў паштовую скрыню, якая вісела на сцяне школы. Сабраўшы сваіх сяброў, я зняў скрыню са сцяны, занёс у кусты парэчкі і, адкрыўшы вечка, выцягнуў дзвюма палачкамі блакітны канверт. Прачытаўшы яго, добра парагатаўшы са скаргаў, з вераю ў тое, што яны не трапяць да бацькі, мы парвалі ліст на кавалачкі і пусцілі яго па ветры. Але ліст, яшчэ больш гнеўны і скаржлівы, трапіў да бацькі. Уся рэч у тым, што шматкі паперы ад парванага намі ліста прыбіла ветрам да сцяны школы. Іх знайшлі дзеўкі з нашага класа, якія прыбіралі раніцою тратуар. Яны, пабачыўшы знаёмы размашысты почырк, спачатку склалі кавалачкі ў адзін аркуш, а затым, даведаўшыся пра ягоны змест, паслужліва аднеслі адноўлены ліст нашай выхавацельцы. Так, мой бацька прыязджаў з нагоды тых скаргаў. Дэманстратыўна крычаў на мяне ў настаўніцкай. Затым, калі мы засталіся з ім адны, стаў настойліва і адчайна прасіць мяне «не распускаць язык». Тады я ўпершыню даведаўся ад яго пра лёс майго дзеда Мацвея, які адседзеў у сталінскіх лагерах амаль дванаццаць гадоў, пілуючы тайгу ў Хабараўскім краі.
Фізічная праца была неабходным атрыбутам нашага жыцця, а таксама абавязковым элементам выхавання. Мы прыбіралі амаль усе памяшканні ў школе, працавалі на школьных агародах, у цяпліцах, садзе, капалі ў калгасе бульбу. Нас настойліва знаёмілі з самымі рознымі сферамі прамысловай вытворчасці, што таксама вынікала з тагачасных канцэпцый выхавання. «Гэта ж трэба, у гарадах некаторыя дзеці не ведаюць, як хлеб расце!» – у павучальных гутарках казалі нам выхавацелі. На адну з першых выхаваўчых экскурсій – паход на мясцовую птушкаферму – нас павялі ў трэцім класе. Мяне больш за ўсё ўразіла гара здохлых куранят, а таксама смурод, ад якога хацелася выскачыць на свежае паветра. Аднаго разу на крытай брызентам школьнай машыне нас павезлі на мясакамбінат. Па дарозе мы марылі наесціся каўбасаў. Работнікі мясакамбіната сумленна паказалі нам увесь працэс вырабу каўбасы. Толькі некалькі нашых хлопцаў здолелі дагледзець канвеер па забойстве свіней і злупванні шкур. Горы мяса і костак, з якіх рабілі гузікі, стагі шкур, нясцерпны смурод, ад якога ледзь не ванітавала, уразілі нас да такой ступені, што на падвешаныя каўбасы мы ўжо не маглі глядзець. Дабрадушныя цётачкі сунулі кожнаму з нас па вялікім скрутку, маўляў, падсілкуйцеся, бедныя сіроткі. Пачуццё смуродлівага паху доўга не пакідала нас. Мы адкрылі брызент у машыне. Убачыўшы дзядзьку, які няспешна ехаў на ровары па шашы, нехта шпурнуў яму колькі кілбасін. Праз нейкі час мы абдарылі каўбасамі амаль усіх спадарожных, якія трапляліся нам па дарозе да мястэчка.
У нас былі свае гульні, якія мы часта прыдумлялі і якія рабіліся адмысловым працягам нашага ўспрыняцця рэчаіснасці: тэатралізацыяй будзённасці, дзіцячым трагікамічным фарсам. У трэцім класе памерла адна з нашых аднакласніц – Хрысця. У яе мамы было шмат дзяцей. Яе старэйшыя браты таксама вучыліся ў нашай школе. На пахаванне выхавацелька павяла ўвесь наш клас. Пайшлі некаторыя настаўнікі. Ісці было недалёка – на ўскраіну мястэчка. Глядзець на памерлую Хрысцю я, як і многія іншыя мае аднакласнікі, адмовіўся. Мы моўчкі стаялі каля хаты, уражаныя тым, як з сенцаў, у якіх не было падлогі, выносілі самлелую Хрысціну маці і савалі ёй у рот стальную лыжку з вадой… Усе плакалі, у тым ліку і нашы настаўнікі, калі ішлі ўслед за труной. Я не магу зразумець чаму, але, памятаючы пахаванне Хрысці, праз нейкі час мы пачалі гуляць у хаўтуры! Звычайна пахавальнае шэсце мы наладжвалі пасля сварак з нашымі настаўнікамі. Уцякаючы са школы, мы кралі чорны халат адной з нашых прыбіральшчыц, бралі драўляную лесвіцу. Нехта згаджаўся на нейкі час пабыць нябожчыкам. Яго неслі, паклаўшы на драбіны. Наперадзе ішоў хлопец у чорным халаце, размахваючы дымлівай бляшанкай, за нябожчыкам выстройвалася працэсія, якая накіроўвалася да школьнага двара пад вокны настаўніцкага пакоя, спяваючы знаёмыя нам піянерскія песні ў запаволеным тэмпе. Шэсце працягвалася да тога моманту, пакуль з дзвярэй школы не выбягаў хто-небудзь з настаўнікаў... Напэўна, гэта быў адзін з варыянтаў дзіцячай помсты дарослым: мы памяталі іх слёзы на Хрысціным пахаванні, а таму дамагаліся праз тэатралізаваныя хаўтуры нагадаць ім пра іх слабасць? У двары нашай школы знаходзілася геаграфічная пляцоўка. Акрамя флюгераў і дажджамераў на ёй былі змайстраваныя горы. На пляцоўку, а тым больш на горы, хадзіць было нельга. Вядома, што дзецям хочацца туды, дзе ім забаронена быць. Неяк надвячоркам нам удалося збегчы з-пад апекі сваёй выхавацелькі і праз дзірку пад плотам пранікнуць на геаграфічную пляцоўку. Мы падкапалі пад адной з найвышэйшых гор нару, нацягалі туды сухой травы, паперы і палак, прабілі ў вяршыні адтуліну. Калі праз яе пацягнуўся дым, мы кінуліся пад вокны настаўніцкай, тыкаючы пальцам на вогненную гару і з радасцю і вялікім задавальненнем ад здзейсненага ўчынку з рогатам паведамілі настаўнікам, што «вулкан прачнуўся». Сваю адмоўную энергію і раззлаванасць мы вельмі часта скіроўвалі менавіта на выхавацеляў і настаўнікаў. Нашкодзіць і тым самым выклікаць іх злосць – гульня, якая нам здавалася сапраўдным сур’ёзным заняткам. Часам такое супрацьстаянне нагадвала нам вайну, у якой мы лічылі сябе сапраўднымі героямі – барацьбітамі за справядлівасць, мсціўцамі за крыўду. Варта ў сваё апраўданне дадаць, што многія педагогі ў той «вайне» не спрыялі мірнаму вырашэнню канфліктаў, а ўцягваліся ў перманентную барацьбу, атрымліваючы ад яе асалоду, бо ведалі, што ніколі ў ёй не прайграюць. Я добра памятаю аднаго з настаўнікаў, які меў здольнасць своечасова адчуць выспяванне сярод дзяцей настрою на чарговую «ваенную аперацыю». Паміж сабою мы звалі яго Шпікам, бо ён умеў заўсёды апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Віжаванне за намі было, бадай, ягоным хобі, ад якога ён атрымліваў асалоду. У сваім асабістым жыцці ён, напэўна, быў няшчасны чалавек, бо хварэў на цяжкую і невылечную хваробу. Аднойчы мы сталі сведкамі эпілептычнага ўдару, які зваліў яго на лесвіцы і прымусіў біцца ў страшэнных канвульсіях з пенай у роце. Пасля згаданага здарэння нам стала шкада Шпіка. У нас адпала жаданне помсціць яму. Ды і сам ён пасля таго выпадку зніякавеў. Аповеды пра тайных агентаў і выведку карысталіся ў тыя часы вялікай папулярнасцю. Штучная актуальнасць тэмы вынікала з паўсядзённага нагнятання ваеннай істэрыі і небяспекі ад «варожага капіталістычнага акружэння». Лічылася, што людзей з «органаў» трэба шанаваць. Аднойчы да нас прыйшоў новы настаўнік. На нейкі час ён стаў нашым выхавацелем. Ён быў вялікім маўчуном. Ажываў толькі ўвечары, калі збіраў нас у альтанцы і ў цемры зачароўваў, заварожваў нас эмацыйнымі гісторыямі пра самых знакамітых савецкіх агентаў. Мы яго так і празвалі – Агент. Ці то тыя аповеды нам хутка надакучылі, ці то наш новы выхавацель расказаў іх нам усе, якія ведаў, але праз пэўны час у альтанку нас ужо не цягнула. Мы пачалі знікаць у цемры. Скончылася тым, што апавядальнік вымушаны быў змагацца за дысцыпліну. Рабіў ён гэта адмыслова: па адным заводзіў у прыбіральню і балюча лупцаваў. З жадання помсты хлопцы зрабілі яму «расцяжку». «Цёмнаю» і «расцяжкаю» мы карысталіся толькі ў выключных выпадках і толькі для таго, каб правучыць самых ненавісных асоб. Пасля адбою, калі ўсталявалася поўная цішыня, у самым кутку спальні нехта з нас пасля папярэдняй умовы распачаў бойку падушкай і лупцоўку завязаным на вузел ручніком (на нашым жаргоне – «выклікаць на ратны бой»). Гульня ў «ратны бой» цягнулася да таго моманту, пакуль для ўціхамірвання сваіх выхаванцаў не прыбег Агент. Безумоўна, ён кінуўся ў той куток, дзе толькі што мільгала зброя і голыя лыткі «ратнікаў», але на праходзе паміж ложкаў яго чакаў шнур, які загадзя на адпаведным узроўні быў прывязаны намі. Далей адбылося тое, што і павінна было адбыцца. Агент паляцеў на падлогу, хапаючыся за білы, а мы зрабілі выгляд, што моцна спім і нічога не ведаем. Але нельга думаць, што нашыя «аперацыі» так проста нам сыходзілі з рук. У той вайне нас жорстка каралі. Звычайнымі і амаль паўсядзённымі мерамі пакарання былі цяганне за вушы, лупцаванне гумавай скакалкай, «высаджванне ружаў». «Ружамі» ў нас называлі тых, каго ставілі ў куток. За некаторыя злачынствы мы павінны былі стаяць у кутку на каленях. У такім разе самым непрыемнымі куткамі былі тыя, у якіх на падлозе была жалезная вентыляцыйная сетка. Здаралася, што ў парыве гневу мы атрымлівалі жорсткую лупцоўку. Найчасцей для такой мэты выкарыстоўвалі драўляныя ўказкі. На ўроках працы мы іх рабілі амаль штомесяц па некалькі дзесяткаў. Безумоўна, мы імкнуліся састругваць указку да мінімальнай таўшчыні, ведаючы, што кожная з іх магла калі-небудзь разляцецца на нашай спіне. Нам увесь час, асабліва ў падлеткавым веку, хацелася есці. Можа, таму, што ежы было мала, а мо й таму, што яе гатавалі блага? Кожны з нас меў сваю атапляльную батарэю, у якой мы сушылі і хавалі кавалкі хлеба. Час ад часу для пад’ядання мы забягалі ў школьную качагарку, дзе ў вялікім чорным чане варылі бульбу для свіней. Свіная бульба ў мундзірах, пасыпаная соллю, была для нас найсмачнейшым пачастункам. Здаралася, што некаторыя выхавацелі перад дзвярыма сталоўкі ладзілі апытанне па хатнім заданні. У такім разе на вячэру трапляў толькі той, хто без запінкі дэкламаваў вершык і зададзены ўрывак літаратурнага тэксту. Для таго, каб вынадзіць ці атрымаць смачную ежу, некаторыя ішлі на школьную кухню і набіваліся ў дапамогу кухоннаму персаналу. Начысціўшы вядро бульбы ці перабраўшы кош буракоў, можна было спадзявацца на некалькі смачных сырнікаў, хлеб з маслам ці нават на смакаванне рэштак згушчанага малака, якое звычайна заставалася на дне бляшанак. Нас вельмі часта папракалі ў дармаедстве. Атрымаў двойку – табе казалі: «Ты жывеш на ўсім гатовым, толькі вучыся!» Дарэчы, аргумент пра дармаедства быў адным з выхаваўчых моўных клішэ, якое гучала амаль штодня. Яно ўваходзіла ў сістэму народнага выхавання і лічылася адным з найбольш пераканаўчых прыёмаў уздзеяння на волю дзіцяці: пакуль цябе кормяць і гадуюць, будзь удзячны за такую ласку і падпарадкуйся за гэта дарослым. У кантэксце прынцыпаў таго ж народнага выхавання фізічны гвалт варта таксама разглядаць як адзін са спосабаў падпарадкавання волі дзяцей – запалохванне. У гэтым сэнсе многім нашым педагогам не ставала класічнай педагогікі. Апошняя ў ідэале павінна скіроваўцца на выхаванне годнага чалавека: вольнага, незалежнага, мараль якога грунтуецца на агульначалавечых прынцыпах. Трагедыя нашага варыянта інтэрнатаўскай педагогікі палягала ў тым, што яна звыродліва спалучала прынцыпы народнага выхавання і нейкія элементы кніжнай педагагічнай навукі. Для нас, інтэрнатаўскіх дзяцей, якія не мелі належнай повязі з сям’ёй, педагагічная супярэчнасць такога кшталту прыводзіла да асабістых маленькіх трагедый, агрубляла дзіцячыя душы. Я амаль нічога не ведаю пра лёс маіх аднакласнікаў. Некаторых з іх, паводле чутак, якія час ад часу далятаюць да мяне, напаткала няшчасце, і іх жыццю не пазайздросціш. Цяжка паверыць у тое, што сацыялагізацыя прайшла для іх гладка.
Не так даўно я наўмысна паехаў у тое мястэчка, дзе прайшлі мае інтэрнатаўскія гады. Я пайшоў шукаць дрэва, у якое ўрос дрот. Ліпавай прысады за школьным плотам не было. Дрэва з дротам, як і іншыя ліпы, нядаўна спілавалі і на іх месцы пабудавалі недарэчныя гаражы. Цікава, як доўга яшчэ мучылася тое дрэва, пранізанае іржавым дротам? За плотам, як раней, узвышаліся трохпавярховыя інтэрнатаўскія будынкі. У іх працягвала віраваць дзіцячае жыццё. |
(нар. у 1958 г. на Любаншчыне) – археоляг. Апошняя кніга – «археалягічныя адкрыцьці сьвету» (2000). |