A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
КАСТУСЬ ЛАШКЕВІЧ | ||||
Мікробы гісторыі Ці сустракалі вы Пятра Васючэнку, гэтага невысокага інтэлігентнага чалавека зь нясьпешнай паходкай, таўставатымі акулярамі і па-дзіцячаму дапытлівым позіркам? Калі так, дык, пэўна, вас не абмінула думка: вось ён, легендарны беларус – па-шляхецку талерантны, па-сялянску памяркоўны. Гэта толькі частка праўды, так бы мовіць, авэрс мэдаля. Рэвэрс – апалягетыка беларушчыны і бязьлітасная барацьба з «тутэйшым» сьветаўспрыманьнем, якое так трапна сфармуляваў Купала: «А беларусы ж нічога ня маюць». Аўтар п’есы пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага (у суаўтарстве з с. Кавалёвым), за празаічную перапрацоўку якой роўна праз 10 гадоў ён атрымае свайго «Глінянага Вялеса», уварваўся ў беларускую літаратуру з дыплёмам журфаку і асьпірантурай Інстытуту літаратуры імя Я. Купалы за плячыма, каб урэшце стаць непадобным ні на каго крытыкам і адным з носьбітаў «полацкага мэнталітэту» ў прозе. Новая кніжка Васючэнкі «Адлюстраваньні Першатвору» ёсьць унікальным зьявішчам для айчыннае літаратуры. Хаця б таму, што на 140 старонках крытычнага тэксту згадваюцца прозьвішчы 166 усясьветных аўтараў (ад Сафокла да Юрася Барысевіча), назовы 120 твораў (Ад «Бібліі» да «Толькі не гавары маёй маме...»), імёны 142 літаратурных і гістарычных герояў (ад Мэдэі і Ўсяслава Чарадзея да Лабановіча й Пётры І)! Тым больш уражвае той факт, што толькі адзіны Ўладзімер Арлоў, адказваючы на пытаньні «нашаніўскай» анкеты, уключыў «Адлюстраваньні» ў лік найлепшых кніжак за 2004 год. Куды глядзелі астатнія – незразумела... Глябальнае мысьленьне Васючэнкі, здольнасьць ахапіць несупынны літаратурны працэс, скрозь прызму якога й робіцца аналіз беларускае культурна-гістарычнае прасторы і, як вынік, неймаверны адукацыйны патэнцыял выданьня (тут цалкам спрацоўвае прынцып чытацкага прызначэньня «ад акадэміка да цесьляра») – толькі адна зь ягоных вартасьцяў. Базісная, але ня самая галоўная. Куды больш важкі жанр кнігі. Пятрогліфы й філялягемы – вынаходніцтва аўтара, больш за тое – яго асабісты ўнёсак у літаратурны архіў. Ці многія літаратары могуць гэтым пахваліцца? Першае, з чым асацыюецца аўтарскае найменьне «філялягема», – гэта «міталягема», у якой зафіксаваныя каноны апісаньня існуючага парадку рэчаў і самі апісаньні таго, што існуе і мае права на існаваньне, ці прасьцей – нейкі міт, які згортваецца да аднаго слова і выкарыстоўваецца ў якасьці замены любых тлумачэньняў. Ёсьць яшчэ ідэалягемы, але яны цалкам фрагмэнтарныя, фіксуюць ацэнку палітычнай сілай гістарычнага мінулага і апісваюць пажаданую ёй будучыню. Васючэнка зірнуў глыбей і падоўжыў гэтую лінію ў блізкім сабе літаратурным кірунку:
Напачатку было Слова. Слова праказанае, напісанае або вымаўленае ёсьць ужо літаратураю. Першае слова ўяўляецца як Першаслова, Першатвор, Першалітаратура. Архетыповая нашая памяць апэлюе да Першакнігі, у якой занатаваны мы... Рукапіс, манускрыпт, скрутак, кніга – найстаражытнейшы з архетыпаў... Сьвятло ад Першатвору прайшло праз чорны калодзеж міталёгіі, адбілася ў шматлікіх люстэрках літаратурнага часу – міталягемах. Філялягемы як адбіткі сьвятла ад Першатвору ствараюцца дагэтуль... Жыцьцё счытваецца з матрыцаў літаратуры... Мы асуджаныя ня толькі думаць, але й жыць філялягемамі: будаваць сябе «паводле Багдановіча», «паводле Караткевіча», «паводле Абдзіраловіча» альбо паводле іншых схемаў, якіх безьліч у сфэры літаратурна-жыцьцёвага і якія ад пачатку зашыфраваныя былі ў Першатворы.
У адрозьненьне ад філялягемы, пятрогліф ня мае крэўных братоў-папярэднікаў ані ў гісторыі літаратуры, ані ў гісторыі філязофіі. Гэта ўласна аўтарская вынаходка, якая паклала пачатак новаму літаратурна-крытычнаму жанру й найлепшым чынам укладаецца ў формулу чатырох «З»: «звышляканічнасьць, звыш’ёмістасьць, звышэканомія, звышглыбіня». Крэда пятрогліфу («Быць каменем пад касой няўмольнае хады часу, што не шкадуе ні жыцьця, ні літаратуры») – гэта, хутчэй, спроба ейнага стваральніка пакінуць свой прыкметны сьлед на зломе літаратураў двух стагодзьдзяў. Менавіта таму «Адлюстраваньні Першатвору» ёсьць перадусім Храмам Слова, зь якога ўсё пачыналася і якім, відаць, усё і скончыцца. Вяртаньне да вытокаў і першапрычынаў чалавецтва – вось той унівэрсальны ключ-адмычка, што дазваляе расчытаць любы жыцьцёвы фэномэн, любую літаратурную зьяву, якой бы яна ні была: пэрманэнтнай ці спарадычнай. Кніжка складаецца з двух разьдзелаў – «Філялягемы» і «Пятрогліфы». Пераважная бальшыня філялягемаў ужо друкавалася ў часопісах «ARCHE», «Фрагмэнты» і «Дзеяслоў», яны ўяўляюць сабой невялічкія тэматычныя аповеды, падзеленыя на сем частак: уласна «Філялягемы», «Крыўскі слоўнік паводле Яна Баршчэўскага», «Полацкі лябірынт», філязофскія «Філялягемы разувасабленьня» і «Наша здрада», а таксама літаратурна-псыхалягічныя партрэты «Назіральнае дзіця (Пяць філялягемаў пра Адама Глёбуса)» і «Валянцін Акудовіч – чалавек, якога няма (Творца зь ягоных словаў)». Пятрогліф значна саступае старэйшай сястры філялягеме сваімі памерамі, але далёка наперадзе трапнасьцю і ляканічнасьцю. Дый зьместавая клясыфікацыя ў першага куды больш простая і зразумелая: «Тэорыя», «Сусьветная літаратура», «Беларуская літаратура», «Літаратура і жыцьцё». Разглядаючы пад слоўным мікраскопам літаратурнае цела, Пятро Васючэнка вылучае безьліч тэорыяў. Гэтак «марная справа шукаць у шыхце клясыкаў таго першага, хто ўпісаў у літаратуру тып Бэдзі, або воіна-хвалька, або героя-трыкстэра. Пагодзімся, што нас цікавіць ня пошук «прататыпу», а пошук аўтара, які апярэдзіў нас, але ў тым і рэч, што папярэднік пакутаваў тым самым пошукам». Тутэйшасьць крытык расшыфроўвае як «сындром эмацыянальнага імунадэфіцыту», альтэрнатывай афрыканізацыі беларускае літаратуры бачыць ейную аўстралізацыю, фэномэн «Бумбамліту» вытлумачвае праходжаньнем чальцоў суполкі праз стадыю вучнёўства, а загану апошняга беларускага Адраджэньня бачыць у тым, што, «абуджаючы жывых, хацелі абудзіць і трупы, а трупы не хацелі, каб іх абуджалі». Некаторыя сьцьверджаньні накіраваныя ў самую глыбіню чытацкага ўспрыманьня, а таму абавязкова правакуюць ягоны супраціў. Цяжка пагадзіцца зь безапэляцыйнай пазыцыяй што да прапарцыйнага памнажэньня колькасьці сьвятла, адбітага ад Першатвору, з павелічэньнем колькасьці філялягемаў (а як жа быць з народжанымі ад літаратуры «Майн Кампф», «Пратаколамі сіёнскіх мудрацоў», пісаньнямі Абэцэдарскага і Трашчанка, «Вайной па законах подласьці» ды іншае брыдой? Яны таксама сьвятло?). Ці з патураньнем агульнавядомаму міту, што пераконвае ў вынішчэньні ўсіх прыгожых жанчын у сярэднявечнай Эўропе, «дзеля чаго яны засталіся толькі ў Беларусі і ўва Ўкраіне». Мне, да прыкладу, падабаюцца францускія прыгажуні, аднаму майму знаёмаму – расейкі, а другому – швэдкі... «Адлюстраваньні Першатвору» кідаюць сьвятло на процьму самых розных літаратурных таямніцаў. Якім бачыў Купалу 14-гадовы падшпарак Пятрашка? З чаго крывічы выраблялі жыватворчую палёнку? Колькі з 90 раманаў Агаты Крысьці ёсьць сапраўднымі? Як стваральнік Шэрлака Холмса праславіўся на ўвесь сьвет? Чаму Фрэдзі Кругер стаў беларускім нацыяналістым? Як Колас паклаў спаць Лабановіча разам зь сябрам Максімам? Дык хто ж сьмяецца апошнім? Як апалягетык беларушчыны Васючэнка як дзьве кроплі падобны да Сержука Сокалава-Воюша, які прапагандуе беларускага Дракулу і лічыць, што для кожнага чужога слова ў беларускай мове павінен быць свой самабытны адпаведнік. Ён выцягвае зь небыцьця гісторыі легенду пра возера Нешчарда, у якім калісьці жылі цмокі – айчынныя Нэсі, – знаходзіць у гісторыі беларускіх звышчалавекаў, трыкстэраў, дантэсаў, янусаў і ўэлсаў. Ён не баіцца адкрыта абвесьціць, што «шчасьця на Русі, відаць па ўсім, не было, няма і ня будзе», а клясычны расейскі тыпаж – гэта Ямеля на печы, лайдак і гультай, які «заўжды робіцца царскім зяцем, багатыром». «Адлюстраваньні Першатвору» выглядалі б цалкам канцэптуальным выданьнем, калі б не славутая лыжка дзёгцю. І значную долю адказнасьці за гэта мусіць узяць на сябе сам Пятро Васючэнка, у аўтарскай рэдакцыі якога кніга і выходзіла. Як слушна адзначае на форуме інтэрнэт-парталу Litara.net Адам Глёбус, «Скаталагічная філалагема» са старонкі 46 пераскочыла на старонку 68. Няўжо, пераназваўшы «Скаталагічную філалагему» ў «Глёбус і скаталёгія», яе варта было друкаваць пад адной вокладкай? Чаму памянёная філялягема падаецца рознымі правапісамі? Падобная ж гісторыя з цэлым шэрагам фрагмэнтаў і вобразаў, у выніку чаго прыпадае па некалькі разоў чытаць адно і тое ж пра «першага беларускага культуртрэгера на Масковіі Сімяона Полацкага» і «надзвычай прыгожую, разумную і добрую ў свае 12 гадоў Эўфрасіньню Полацкую». Цэласнасьці кнігі не пасуюць і два скарыстаныя правапісы – афіцыйны і клясычны. Хаця, зь іншага боку, беручы пад увагу аўтарскае памкненьне сабраць пад адной вокладкай усё створанае ў жанры пятрогліфаў і філялягемаў за розныя гады, памянёныя вышэй хібы ёсьць ня чым іншым, як «збыткамі вытворчасьці». А вось чаго сапраўды, не стае ў кнізе, дык гэта альфабэтнага паказьніка. Адзін толькі пералік герояў твораў і іхных аўтараў выглядаў бы больш чым салідна і значна б спрасьціў чытацкую навігацыю ў аўтарскім сьвеце. Першая зацемка, зьмешчаная ў зборніку, зьявілася на сьвет у перабудовачным 1989-м. Апошняя – праз доўгія чатырнаццаць гадоў. То бок на працягу пэрыяду, калі аўтар канчаткова вызначыўся з жыцьцёвай пуцявінай і спраўдзіўся як літаратар-прафэсіянал. Воляй лёсу гэтыя чатырнаццаць гадоў сталіся для Беларусі вырашальнымі. Пятро Васючэнка – прыхільнік тэорыі натуральнае эўрапейскасьці Беларусі – мяркуе, што нацыя павінна некалі спраўдзіцца празь літаратуру:
«Калі?» Я не вывучаў прыроды мікробаў гісторыі, але памятаю хроніку беларускіх адраджэньняў і з упэўненасьцю адказваю: «2011 год або блізу таго». Прамежак паміж беларускімі пасіянарнымі ўсплёскамі – у дваццаць гадоў. Зьмена пакаленьняў, салярных цыкляў або, праўдзівей, пэрыяд дзейнасьці мікробаў гісторыі. У 2011-м варта чакаць новага прыліву беларусізацыі.
А пакуль на беларускую зямлю спусьцілася шарая гадзіна. Балазе, засталося якіх пяць гадкоў. Рыхтуймася да 2011-га! |
нар. у 1983 г. у Менску. Выпускнік журфаку БДУ. |