A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
ВІНЦЭСЬ МУДРОЎ | ||||
Мой кумір Джордж Гарысан
З ночы горад накрыла непраглядная смуга. Шэрая дарога зьлівалася з туманам, не было бачна нават пункціру разьметкі, што звычайна мякка клаўся пад колы, і здавалася, што аўтобус плыве ў густым паветры ўздоўж шырознай і пустэльнай Лайм-стрыт. Вочы зацята глядзелі наперад, спрабуючы ўгледзець прывідную мяжу, дзе туман ператвараецца ў брукаванку, рукі сьціскалі гарачы навобмацак руль, і здалося на міг, што насустрач аўтобусу, засьцячы цьмянае сьвятло, размытай аграмадзінай ляціць Лівэр-білдынг. За сьпінай, у салёне, спалохана закрычалі, нага машынальна націснула на понаж, і Гаральд прачнуўся. За сьценкаю, амаль на ўсю шпулю, грымеў радыёпрыймач.
– Нас круціць «Люксэмбург»! – гарлаў сярод ночы малодшы сын Джордж, і голас ягоны пакрывала пранізьлівае зумканьне губнога гармоніка:
You know I love you… Сын Джордж стаяў у дзьвярным праёме і захліпаным голасам гукаў: – Нашу песьню круціць радыё «Люксэмбург»! Містэр Гарысан сьцяў зубы: – Хто ўрубіў гэты ідыёцкі грамафон? – галава сям’і ўсялякую гучную музыку называў «грамафонам». – Мне ўставаць а пятай гадзіне! – містэр Гарысан, кіроўца аўтобуса, працаваў у першую зьмену. Дзьверы зачыніліся, музыка аціхла, і жонка Луіза, уздыхнуўшы, стоена прашаптала: – Гары… Луіза, як заўсёды, пачала заступацца за сына, але муж, пстрыкнуўшы выключальнікам «грыбка», працадзіў: – Яго што… гітара да старасьці карміць будзе? – і рашуча крутнуўся на бок. 5 кастрычніка 1962 году, менавіта ў тую хвілю, калі містэр Гарысан крутнуўся на бок, бяссонныя аматары поп-музыкі – а ўначы радыё «Люксэмбург» круціла выключна музычныя навінкі – упершыню пачулі з вуснаў ды-джэя назву незнаёмага гурта: – Сьпяваў «Бітлз» з ангельскага Лівэрпулю…
Гэты творык я напісаў 30 лістапада 2001 году, пачуўшы пра сьмерць экс-бітла. Быў упэўнены, што Дубавец адгукнецца на такую падзею ў «Вострай Браме» й замовіць адпаведны тэкст. Мая ўпэўненасьць спраўдзілася напалову: Дубавец перадачу зрабіў, але тэксту не замовіў, і гэты ўрывак згубіўся сярод безьлічы файлаў, якімі напампаваны кампутар. І вось, праз тры гады, калі я наважыўся выкінуць з кампутара розную непатрэбшчыну, вочы засяродзіліся на файле «harysan», і неўзабаве забыты тэксьцік узьнік на экране. «Лайм-стрыт», «Лівэр-білдынг», Гаральд і Луіза Гарысаны… Усё было манерна, кампілятыўна… Курсор злавіў слова «выдаліць», але палец зьнерухомеў: згадалася, як у маладосьці – пры канцы шасьцідзясятых – сам уставаў сярод ночы і ціхенька, на цырлах, ішоў да прыймача, каб паслухаць радыё «Люксэмбург». Пасьля другой гадзіны ночы станцыю было добра чуваць, і якраз гэтым часам там, у рэжыме non-stop, перадавалі канцэрт моладзевай музыкі. Праблема была ў тым, что бацька не дазваляў слухаць «варожыя галасы», і калі я пераносіў радыёлу ў свой пакой, ён вяртаў яе на старое месца – поруч з канапаю, на якой спаў. Радыёла «Латвія» поўніла пакой ціхім гудам і зладзеяватым, зялёнай водцені сьвятлом, што цадзілася зь пярэдняй панэлі. Настройваючы прыймач на патрэбную хвалю, даводзілася зыркаць на бацькавую канапу, але, пачуўшы бітлоў, крыдэнсаў ці ролінгаў, я прыпадаў вухам да прыймача, умэнт забываючыся на бацьку, на тое, што на гадзіньніку другая гадзіна ночы, што раніцаю трэба цягнуцца ў школу, і што ліхаманкава памоцненае гучаньне можа пабудзіць ня толькі родных і блізкіх, але й суседзяў. Першай прачыналася маці. Спужанай птушкай, у сваёй падзертай начной кашулі, яна кідалася да прыймача. «Бітлз!» – выдыхаў я голасам асуджанага на сьмерць чалавека, абхопліваў радыёлу, і маці, налаўчыўшыся, вышморгвала вілку з разэткі. Абуджаны валтузьнёй, бацька рыпеў спружынамі канапы, здушана кашляў, кожнага разу прамаўляючы адну і тую ж фразу: «Вот уродилось дитятко!» Бацька паходзіў з Расеі і, відавочна, паўтараў тыя словы, якія сам чуў у маладосьці. Потым я доўга ня мог заснуць. Ляжаў, закінуўшы рукі за патыліцу, і ў душы зайздросьціў аднаклясьніку Сашку Мышалову – таму самаму, які падбіў слухаць радыё «Люксэмбург». Сашку страшэнна пашанцавала: у ягоным пакоі стаяла гаргарыстая лямпавая «Беларусь-59», якую ён слухаў начамі. Прыходзячы на заняткі, Сашка згадваў, што круцілі ўночы, а аднойчы цэлы тыдзень хадзіў па школьных калідорах, паўтараючы фразу з кагадзе пачутай песьні: «Бэк ін юэс… бэк ін юэс…». – «Бітлз»… з новага альбому. «Люксэмбург» ужо трэцім разам круціць, – тлумачыў сваю жарсьць Сашка Мышалоў, і я, ня чуўшы музычнага баевіка, таксама паўтараў няўцямную фразу: «Бэк ін юэс…», наіўна мяркуючы, што гаворка ішла пра вяртаньне ў ЗША. Гаворачы пра тое, хто найбольш паспрыяў неверагоднаму ўзьлёту «Бітлз», звычайна згадваюць іхнага мэнэджара Браяна Эпстайна, гукарэжысэра Джорджа Марціна, шоў-бізнэсмэна Дзіка Джэймса, яшчэ нейкіх музона-бізнэсовых дзеячоў. Радыё «Люксэмбург» у пераліку адсутнічае. А менавіта яго перадатчыкі – адны з самых моцных у Эўропе – скаланулі 5 кастрычніка 1962 году прыспаны этэр песенькай «Love Me Do», і ўжо ня толькі маладзёны лівэрпульскага Мэрсісайду ды ваколіцаў гамбурскай Грос-Фрайхайт-штрасэ, дзе бітлы свойчас гастралявалі, а начныя заўзятары поп-музыкі ўсяго цывілізаванага сьвету пачулі мудрагелістае «Beatles». Ці настройваліся тою ўва ўсіх сэнсах глухою парою на «люксэмбурскую» хвалю беларускія заўзятары біту? Цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё – не. У кастрычніку 1962-га беларусам было не да песень: згуртаваўшыся вакол роднай камуністычнай партыі, яны зьбіраліся даваць рашучы адпор амэрыканскім агрэсарам. Я тады хадзіў у другую клясу і, вяртаючыся са школы, чуў з разнасьцежаных вокнаў патасна-брынклівы левітанаўскі голас. Ледзь ня кожнага дня зачытваліся заявы савецкага ўраду – пра агрэсіўныя пляны вашынгтонскай адміністрацыі ў раёне Карыбскага басэйну, пра тое, што амэрыканскія ваенныя самалёты ўчыняюць правакацыйныя аблёты савецкіх вадаплаваў, пра тое, што Савецкі Саюз будзе й надалей аказваць дапамогу братняму кубінскаму народу. Тады ж бацьку паклікалі ў ваенкамат, уляпілі ў ваенны білет ружовага колеру ўкладку, і бацька, пужаючы маці, зачытваў паперку, дзе гаварылася – што трэба браць з сабою ў выпадку мабілізацыі. Дагэтуль памятаю, што сярод іншага трэба было прыхапіць з дому кубак і лыжку. У 1962 годзе Савецкі Саюз уяўляў сабой маналітны ледавік. І ўсё ж час вялікага абледзяненьня ўжо мінуў; палітычны клімат рабіўся цяплейшым, і ў самім маналіце ўзьніклі першыя, амаль нябачныя расколінкі. І ўзьніклі яны, дзякуючы ўсё тым жа кароткахвалевым прыймачам. Аднойчы – ужо і не згадаю, у якім годзе – бацькі пайшлі на вясельле, і я падсеў да радыёлы. Ледзь ня ўсю ноч круціў ручку настройкі, і нечакана, скрозь шум і посьвіст, да мяне даляцелі зыкі, ад якіх я зьлёгку ачмурэў: было поўнае ўражаньне, што я плыву ў паветры, і сэрца маё сьціскаюць нечыя цёплыя і пяшчотныя рукі. На далёкай, зьнявечанай радыёперашкодамі хвалі, гучала бітлоўская песьня «I Want to Hold Your Hand». Сорак гадоў мінула, а ўражаньне ад той песьні і дагэтуль ня выпетрылася з душы. І на пытаньне «У чым фэномэн «Бітлз»?» ёсьць толькі адзін адказ: яны стваралі музыку, якая гучала ў аднолькавай амплітудзе з нашым дыханьнем, з трапятаньнем нашых душаў. І спароджаны бітламі рэзананс скалануў урэшце ледзяную гару, ад якой пачалі адвальвацца першыя камлыгі. Дасьледнікі, што будуць вывучаць усе гэтыя палітычныя інтэрстадыялы – разбурэньне савецкага ледавіка – мусяць выявіць прозьвішчы людзей, якія зьдзейсьнілі пры канцы шасьцідзясятых грамадзянскі подзьвіг: запісалі на вінілавай кружэлцы славутую «Girl». Гэта была першая ў Савецкім Саюзе афіцыйна выдадзеная бітлоўская песенька. І зьявілася яна толькі таму, што работнікі гуказапісу ўвялі ў зман «апэратараў халадзільнай устаноўкі», ціскануўшы на вініле нязграбна-пукатыя літары: «Девушка», англ. нар. песня. Обработка Леннон–Маккартни». Прачытаўшы сакрамэнтальнае «нар. песня», апэратары ўявілі тую самую дзяўчыну «в кокошнике с набалдашником», і далі дабро на тыражаваньне палітычна небясьпечнай аўдыёпрадукцыі. У 1968 годзе адна зь песень «Бітлз» загучала на савецкім TV. Тэлепраграма мела назву «В объективе – Америка» і распавядала пра жахі амэрыканскага ладу жыцьця. У застаўцы паказвалі нью-ёрскую Wall Street і гучала знакамітая «Can’t Buy Me Love». Уся «прасунутая» моладзь ліпла тады да экранаў. Вядома ж, ня дзеля таго, каб пабачыць плеткара-міжнародніка Валянціна Зорына, а каб паслухаць «бітлух». Крыху пазьней песьні «Бітлз» загучалі і ў беларускай філярмоніі: кагадзе ўтвораны ансамбль «Лявоны» ўключыў у свой рэпэртуар колькі бітлоўскіх зонгаў. Я быў на канцэрце «Лявонаў» і бачыў, зь якім фурорам выконваліся гэтыя песьні. Асабліва публіка шалела ад «Ob-La-Di, Ob-La-Da». Па-ангельску, праўда, выдаваўся толькі першы куплет («Дезмонт хэс э бэров ин зэ макет плейс / Моли ис зэ синге ин зэ бэнд…» – тэксты песень «Лявоны» завучвалі менавіта ў такім варыянце), астатнія сьпявалі па-расейску. Я таксама шалеў ад «Ob-La-Di, Ob-La-Da», але найбольш запала ў душу песьня «Моя гитара».
О том, что в сердце моём. О чувстве ве-ерном, о чувстве вечном С тобою вме-есте споём… – У кожнага бітламана быў свой кумір. Найбольш захапляліся Джонам і Полам. Ня менш палкіх прыхільнікаў меў Рынга: ударнік за часамі маёй маладосьці наагул быў культавай асобай. Памятаю, зь піянерскіх пакояў увесь час кралі барабанныя палачкі, і потым, выхопліваючы іх адно ў другога, спрабавалі (кожнага разу беспасьпяхова) крутнуць у пальцах, як гэта рабілі «каралі біту». Маім кумірам, аднак, быў Джордж Гарысан. На самым пачатку, захапіўшыся бітламі, я вылучыў яго з усёй чацьвёркі падсьвядома. Мне проста падабалася ягонае прозьвішча, якое ўяўлялася ўзорам нетутэйшасьці, недасяжнасьці, кельцкай ваяўнічасьці і немаведама чаго там яшчэ. Потым, упершыню пабачыўшы бітлоўскі фатаздымак – цьмяны, сто разоў перазьняты, – пераканаўся ў правільнасьці свайго выбару. У Джорджа Гарысана быў той самы «hair», які мне найбольш імпанаваў і які, вядома ж, я марыў адгадаваць. І толькі праз колькі гадоў, сабраўшы бітлоўскую фанатэку, я ўбачыў у сваім куміру найвялікшага мэлядыста свайго часу. Сучасьнікі называлі Джорджа Гарысана задужа сьціплым. Ён не любіў, калі пра яго пісалі ў газэтах, яго раздражняла бітламанія і ўсе гэтыя экзальтаваныя дзявулі і ўвішныя журналюгі, што не давалі праходу аж да скону жыцьця. Стрыманасьць характару выяўляла і тое, як ён паводзіў сябе на сцэне. На экранах TV часьцяком круцяць кадры выступу бітлоў у шоў Эда Салівана (1964 год). Джон і Пол захоплены сабою, вольна рухаюцца, граюць міма нот, усьмешка на ўсе 32! Джордж засяроджаны: ён вядзе мэлёдыю, а калі і спрабуе пасьміхнуцца, дык усьмешка атрымліваецца бляклай і заклапочанай. Сяргей Дубавец у адной са сваіх «вастрабрамных» перадачаў параўнаў мэнтальнасьць Джорджа Гарысана з мэнтальнасьцю «сярэдняга» беларуса, якая трымаецца на двух асноўных прынцыпах: не вытыркацца й фахова рабіць сваю справу. З такімі раўналежнікамі можна пагадзіцца. Джордж і сапраўды «не вытыркаўся», заўсёды стаяў – у літаральным і ўскосным сэнсе – за сьпінамі L&M, закладваючы пры гэтым гітарныя «салякі», паўтарыць якія L&M наўрад ці маглі. І ўсё ж стаць упоравень са сваімі знакамітымі калегамі ў пляне творчага здабытку Джорджу не дазволіла тая ж прыродная сьціпласьць, а магчыма, і няўпэўненасьць у сваіх сілах. Так, «ціхі бітл» напісаў адносна няшмат, але кожная ягоная рэч – адметная, а згаданая ўжо «While My Guitar Gently Weeps» (думаю, са мною пагодзяцца старыя бітнікі) – найлепшая песьня лівэрпульскага квартэту. Аднойчы ў нашыя полацкія палестыны завітаў ангельскі славіст і дасьледнік беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. Мы павадзілі замежнага госьця па горадзе, паказалі Сафійскі сабор, Эўфрасіньнеўскі манастыр, музэй кнігадрукаваньня, а прытаміўшыся, убіліся ў адно цёплае месца, каб папіць гарбаты. Тут я і задаў славісту пытаньне, якое даўно сьпела на языку: – А пры якіх абставінах вы ўпершыню пачулі пра «Бітлз»? Славіст сёрбнуў гарбаты, пацёр чырвоную лабаціну. – Ужо і ня памятаю. І наагул: гэтыя хлопцы ніколі мяне не цікавілі. Так… гарлалі нешта… Словы такія зьбянтэжылі, і я ўпершыню ў жыцьці падумаў: а сапраўды… чым я захапляўся? Ну што такое «Love Me Do»? Прымітыўная песенька, музон для пэтэвэшнікаў і маладых цырульніц. Пра вакальныя дадзеныя і казаць няма чаго. Ленан сьпявае задужа рэзка, да таго ж увесь час чвякае вуснамі, Макартні зусім ня цягне «на вярхах», Гарысан… У гэтым месцы думкі заблыталіся ў галаве і я ня здолеў даць вызначэньне гарысанаўскаму вакалу. А ўвечары, разьвітаўшыся з ангельскім славістам, насунуў на голаў навушнікі і ўключыў «Here Comes the Sun». І зноў, каторым ужо разам, дыхнуў азонам пранізьліва-сьветлай раніцы, убачыў чырвоны дыск сонца, што падымаўся з-за далягляду, і прашаптаў нядобрае слова на адрас замежнага госьця. Пасьля пяцідзесяці гадоў Гарысан зьмяніўся з твару і ўжо цяжка было пазнаць у чалавеку з сувора-пахмурным абліччам былога Джорджа. Аднойчы давялося пабачыць яго на экране TV. Гарысан быў падобны да тулюз-лётрэкаўскага Арыстыда Бруана – у гэткай жа цёмнай апранасе і з гэткім жа даўжэзным, неахайна закручаным вакол доўгай шыі шалікам. Яго атакавалі журналісты, і «ціхі бітл», насупіўшы кусьцістыя бровы, бязгучна лаяўся ды адпіхваў ад сябе дулю рэпартэрскага мікрафону. З усяго было відаць, што Гарысан стаміўся. Стаміўся ня толькі ад журналістаў, але й наагул – ад людзей. Такія настроі лагодзілі душу. А неўзабаве, халодным лістападаўскім вечарам, уключыў па старой завядзёнцы прыймач, і сэрца маё балюча сьцялася ад пачутага: «Памёр Джордж Гарысан». Сіпаваты жаночы голас паведаміў пра невылечную хваробу музыканта і згадаў наастачу ягоныя апошнія словы: «Любіце адно аднаго». Я заплюшчыў вочы і ўявіў такое ж золкае перадзім’е, цьмяна асьветленую клясу, сьпіс големаў сацрэалізму на цёмнай дошцы. Таго дня мы, васьміклясьнікі, пісалі творапіс на тэму: «Герой, на якога я хачу быць падобным». Першым у прапанаваным сьпісе быў пазначаны Паўка Карчагін. Я глядзеў на дошку, з прытоенай радасьцю згадваў бітла з размытага фатаздымку, і ўвушшу бясконцым рэфрэнам гучалі словы, якія лагодзілі жыцьцё і ачышчалі душу: «Любіце адно аднаго».
Лістапад, 2004
|
нарадзіўся ў 1953 годзе ў полацку. Аўтар трох кніг прозы. Пераклаў «Езуса невядомага» Дзьмітрыя Меражкоўскага для часопісу «Наша Вера». |