A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ВОЛЬФ РУБІНЧЫК

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Вольф Рубінчык
Тупікі і выйсці грамадазнаўцаў

Кузнецов Н. В. Коммунистическая идеология: истоки, попытка утверждения. – Минск: ИООО «Право и экономика», 2004. – 108 с.

Буховец О. г. Изучение национализма в Европе и Евразии: новые аспекты. – Москва: Институт Европы РАН – издательство «ОГНИ», 2004. – 98 с.

На пачатку 1990-х гг. аўтары дысертацый пра ролю кампартыі ў развіцці адукацыі, сельскай гаспадаркі і г.д. засумавалі, назіраючы, як тамы правадыроў здаюцца ў макулатуру або прадаюцца за медны шэлег у букіністычных кнігарнях. Забарона кампартыі, развал Савецкага Саюза прымушалі іх шукаць новых тэмаў для даследаванняў або перакваліфікоўвацца ў палітолагаў. Прарывы расійскіх камуністаў у Думу 1993 г., адносны поспех Зюганава на прэзідэнцкіх выбарах 1996 г., паспяховае працаўладкаванне ў Беларусі асоб кшталту Малафеева, Чыкіна і Антановіча надалі, аднак, бадзёрасці такім даследчыкам. Новы ідэалагічны курс запатрабаваў ад іх свайго ўнёску ў «навуковую ідэалогію», балазе ён быў заяўлены як ўсёахопны – у ім мусілі спалучацца ідэі камунізму, лібералізму, кансерватызму.

Уражанне спробы рэабілітавання камуністычнай ідэалогіі – задачы мажлівай, але слаба дапасаванай да заяўленай навуковасці – узнікае з першых жа старонак кнігі Кузняцова. З анатацыі ўжо вынікае, што аўтар скажа слова ў абарону ідэалогіі, «некалі бясспрэчнай, а сёння гнанай і паўсюдна адданай нястрымнаму цкаванню» (? – В. Р.).

Яе карані, на яго думку, ляжаць у творах утапістаў – і гэта адзін з нямногіх тэзісаў, які не выклікае спрэчак. Аўтар спачувальна піша пра Томаса Мора, Тамаза Кампанелу і Роберта Оўэна, адначасова крытыкуючы іх (як і дзекабрыстаў з народнікамі) за «схаластызм» і адарванасць ад народа. У савецкі час утапізму супрацьстаўся б сапраўдны навуковы камунізм – творы Маркса-Энгельса-Леніна. Але аўтара не здавальняюць напоўніцу і класікі: Маркс і Энгельс жадалі аслаблення Расіі, а Ленін аплёўваў апошняга расійскага цара і яго родзічаў. І ўсё ж гэтыя культавыя постаці былі «анёламі» ў параўнанні са Сталіным, Хрушчовым і Брэжневым: першы вінаваты ў рэпрэсіях, другі – у папулізме і верхаглядстве, трэці – у гультайстве, чацвёрты – у бязвольнасці. «Перараджэнец» Ельцын увогуле заслужыў эпітэты, больш адпаведныя для лаянкі: «бузацёр, дэмагог, узурпатар улады». Здаецца, адзін Андропаў карыстаецца тут павагай, прычына якой у відавочным падабенстве захадаў А. Лукашэнкі для «навядзення дысцыпліны» з андропаўскімі...

Аўтар разглядае рэалізацыю камуністычных ідэй толькі ў СССР, не закранаючы сур’ёзна ні Кітай, ні Кубу, ні еўракамунізм, таму ў чытача часам складаецца ўражанне, што ён чытае публіцыстыку часоў перабудовы з яе перламі накшталт «ёсць меркаванне, што не будзь рэпрэсій 1937 г., вайны можна было б пазбегнуць». Камуністычная практыка на адной шостай частцы сушы ў параўнанні з «чыстай» ідэяй камунізму паўстае як серыя правалаў і падзенняў. Сама крытыка (якой бляклай яна выглядае ў параўнанні з сухімі фактамі, пералічанымі, прыкладам, у «Чорнай кнізе камунізму»!) прызначана адно для таго, каб атрымаць карт-бланш на вядзенне агітацыі і прапаганды. Тактыка нібы запазычаная з «Міфалогій» Р. Барта: прыватная шкода ад таго ці іншага класавага інстытута прызнаецца, каб замаскаваць галоўнае зло. Асобныя недахопы падкрэсліваюцца, каб паказаць, што рэальнага камунізму ў СССР не было. (Пра такога кшталту хітрыкі яшчэ 25 гадоў таму іранічна пісаў А. Зіноўеў: «усе дэфекты рэальнага жыцця ў камуністычных краінах можна аднесці на рахунак таго, што яшчэ не дасягнулі поўнага камунізму. Пачакайце, маўляў, пабудуем поўны, тады ніякіх дэфектаў не будзе. А пакуль – цярпіце».)

Гэтая кніга поўная звыклых заклёнаў і маральных пажаданняў: «кожны раз, калі ліберальныя, кансерватыўныя і іншыя мадэлі развіцця ў шэрагу краін будуць прыводзіць дзяржавы да тупіка сацыяльна-эканамічных адносін, да паралічу палітычнага, культурна-духоўнага паралічу, грамадства будзе звяртацца да камуністычнай ідэалогіі…». Дапушчэнні «што было б, калі б…» тут усцяж. Гісторыя не мае ўмоўнага ладу, і таму ідэолагі ipso facto вымушаны ставіць эксперыменты не толькі над будучыняй, але і над мінулым… Камунізм з яго «гістарычна-прыцягальнымі вытокамі высокай духоўнасці, справядлівасці, узаемадапамогі і братэрства» застаецца непераможным, а ў такім разе мінуўшчыну можна і перайграць. Аптымізм навейвае прароцтва Сен-Сімона: «Залаты век чалавецтва не ззаду нас, а ўперадзе нас», галоўнае – не застацца без «выразна сфармуляванай ідэалогіі», «не стаць бяскрылай птушкай, што лунае над безданню». Цяперашні беларускі шлях развіцця «дасць яркія прыклады рашэння народам сваіх праблем, дасягнення вялікіх мэтаў», зарукай чаго празарлівасць правадыра, спасылкі на якога адкрываюць і закрываюць кніжку.

Гэтая публікацыя ўяўляе сабой мяшанку даўно вядомых ісцін, лозунгаў, урыўкаў з газетных артыкулаў, тэндэнцыёзна падабраных гістарычных тэкстаў ды сацыялагічных даследаванняў. Стылёвы разнабой, фактычныя памылкі (на с. 19 Рыгор Гершуні пераназваны ў «Андрэя», Азеф прылічаны да народавольцаў 1880-х гг., на с. 84 Хасбулатаў і Руцкі сталі членамі ГКЧП, на с. 86 «Советская Белоруссия» пераблытана з «Белорусской деловой газетой») дапаўняюць сумную карціну. Тлумачэннем – але не апраўданнем – можа служыць хіба тое, што кніга выдадзена ў аўтарскай рэдакцыі, але тыя, хто чытаў рукапіс, не маглі не заўважыць прынамсі недарэчнасці анекдотаў пра Хрушчова ці Брэжнева. Спасылак на іх крыніцы, як і на большасць найбольш контраверсійных наратываў пра найноўшую гісторыю, няма. Мабыць, і рэцэнзентаў др.Бажанава і кафедру сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Бабруйскага філіяла БДЭУ апанавалі ўсім вядомыя млявасць і абыякавасць.

* * *

На тле падобных опусаў праца прафесара БДЭУ Алега Бухаўца выглядае больш навукова, хоць пазбавіцца ідэалагічных забабонаў не здолеў і ён.

Ядро кнігі складаюць два даволі адрозныя зместам раздзелы: «Нацыяналізм канца XX – пачатку XXI ст. у Еўропе і экс-савецкай Еўразіі» і «Гуманітарная веда і нацыяналізм». Трэці раздзел, «Нацыязнаўства ў постсавецкай Еўразіі і Цэнтральна-Усходняй Еўропе», па сутнасці, ёсць працягам другога.

У першым раздзеле разглядаюцца пераважна нацыяналістычныя рухі і іх інтэрпрэтацыі ў краінах Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы (у сферы ўплыву Еўрапейскага Саюза), у другой і трэцяй – становішча ў краінах былога СССР і ўплыў нацыяналізму на гістарыязнаўства ў Расіі, Украіне і Узбекістане. Аўтар цікавіцца перадусім сферай адукацыі, а канкрэтна – адлюстраваннем пэўных гістарычных падзей і постацяў у падручніках.

Брашура, пабудаваная на шырокім цытаванні заходніх і расійскіх даследчыкаў нацыяналізму і этнанацыяналізму (дзеля размежавання паняццяў мы б назвалі апошні «этнізмам» ці «этніцызмам»), часам выглядае як рэферат. Аднак пазіцыя аўтара дастаткова акрэслена, ён мае ўласны погляд на стасавальнасць заходніх канцэпцый што да расійскай сітуацыі.

Найважнейшае месца займае асэнсаванне вядомых работ Б. Андэрсана, Э. Гелнера, Э. Сміта, Э. Хобсбаўма, У. Альтэрмата. Менавіта кніга апошняга «Этнанацыяналізм у Еўропе» дала Бухаўцу падставу для гульні з тэрмінамі «этнічнае» і «нацыянальнае». Найчасцей тут яны выкарыстоўваюцца як сінонімы, а сам нацыяналізм уважаецца за крыніцу дэструктыўнасці і этнічных канфліктаў, хаця не выключаецца і яго станоўчая роля ў мабілізацыі мас для пабудовы дэмакратычнага грамадства. Як піша аўтар, разам з «мёдам» грамадзянскай свабоды ў судзіне нацыяналізму аказалася больш чым дастаткова і дзёгцю – войн, ксенафобіі.

Далей ён спрабуе высветліць, ці сціхае «нацыяналістычная хваля» з паскарэннем працэсу еўрапейскай інтэграцыі. На яго думку, узмацненне «еўрапейскай ідэнтычнасці» не толькі «цывілізуе» нацыі, але і стымулюе рост этнічнай свядомасці «перыферыйных» народаў, бо цяпер карсіканцы, брэтонцы etc. маюць магчымасць дабівацца падтрымкі сваіх патрабаванняў «цераз галаву» нацыянальных урадаў. Аналагічныя працэсы прадказваюцца аўтарам і ва Украіне, у Малдове, дзяржавах Балтыі, іншых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прычым увага акцэнтуецца на выбухах этнічных канфліктаў у 2004 г. (у Славакіі і Косаве). Зрэшты, выказваецца і асцярожны аптымізм: «пры тым, што… этнакультурнае канфліктнае поле аб’ектыўна павінна… яшчэ больш пашырыцца, яго рэсурсаў будзе яўна недастаткова, каб блакаваць дзеянне фактараў еўрапейскай інтэграцыі».

Аўтару можна закінуць нежаданне дакладна вызначыць паняцце «нацыяналізм». Хіба што аднойчы яно трактуецца як «сакральнае стаўленне да нацыі» (пры гэтым няясна, а як тады трактуецца нацыя). Гэтая аперацыя замоўчвання дазваляе спрэс змешваць «нацыяналізм» з «этнанацыяналізмам», зводзячы, урэшце, нацыянальнае да «этнічнага», то бок да ірацыянальнага. Нацыяналісты тут паслядоўна малююцца як «этнічныя прадпрымальнікі», якія ірвуцца паманіпуляваць этнічнай свядомасцю дзеля сваіх карыслівых мэтаў. Слабое месца даследавання – у рэдукаванні нацыяналістычных рухаў да «варварства», якое здымаецца «еўрачысткай». Усім нацыяналізмам (вялікарасійскаму і інш.) нібыта ўласцівы «пошук ворагаў», а сучасныя «еўрапейскія нацыі» негатыўна ўспрымаюць нацыяналізм – і «этнакультурны», і «палітычны». Тэкст становіцца папросту галаслоўным, набывае выразны ідэалагічны характар: магчыма, не абышлося тут без уплыву беларускіх рэалій1.

  сталы аўтар «ARCHE».
   
Апрача гэтага, А. Бухавец крытыкуе віктымісцкі дыскурс гісторыі, які здымае са «сваіх» («народу», «нацыі») усялякую адказнасць, пераносячы яе на іншых («прыгнятальнікаў», «заваёўнікаў») і дрымучы эсэнцыялізм і прымардыялізм (ідэі аб адвечным існаванні нацый, першасных адносна індывіда). Гэта наводзіць на думку, што аўтар атаясамлівае сябе з канструктывістамі, «пазнавальныя практыкі якіх, бясспрэчна, дамінуюць у сусветнай навуковай літаратуры».

З Бухаўцовай канцэпцыі вынікае, што як да Расіі – сфармаванай і па-свойму мадэрнізаванай нацыі – так і да Беларусі імпартаваныя з «Захаду» канцэпцыі нацыятварэння трэба ўжываць з вялікай асцярогай. Іх тлумачальная вартасць часта пакідае жадаць лепшага, бо яны пісаліся post factum, а таму малапрыдатныя для прагназавання этнічных і нацыянальных працэсаў у мадэрнізаваных краінах накшталт Расіі, Украіны і Беларусі. Аўтар з’едліва заўважае, што Б. Андэрсан і Э. Хобсбаўм трапілі пальцам у неба наконадні з’яўлення новых незалежных дзяржаў на прасторах СССР.

Адным з найбольш цікавым фрагментаў кнігі ёсць палеміка з палітолагам В. Чарновым, які станоўча ацэньвае місію «грамадзянскага» нацыяналізму ў Беларусі, «неабходнага для запуску механізму дэмакратызацыі». (І для многіх аўтараў «ARCHE» Беларусь ёсць нацыянальным праектам, які не хутка будзе завершаны.) Нібы адказваючы ім, А. Бухавец спасылаецца на апытанні канца 2002 – пачатку 2003 гг., паводле якіх беларусы не жадаюць бачыць сябе расіянамі – кваліфікаваная большасць, 69–71 %, выказваецца за саюз з Расіяй як за «Саюз незалежных дзяржаў». Такім чынам, фармаванне беларускай грамадзянска-палітычнай нацыі з гледзішча аўтара ўжо адбылося. Усё-такі дапускаючы наяўнасць адрозненняў паміж этнакультурным і палітычным нацыяналізмам, аўтар падкрэслівае небяспеку, якую нясе ў сабе спадзеў на мірны «грамадзянскі» нацыяналізм: «грубасць сацыяльнай практыкі адсоўвае ўбок усе «элегантныя тэарэтычныя схемы». Так ці іначай нацыяналісты будуць эксплуатаваць мінуўшчыну, пераносячы міфалагічныя вобразы свету ў падручнікі. Тамака нацыяналістычныя каштоўнасці лёгка перарастаюць у «нездаровы мілітарысцкі патрыятызм, шавінізм і ксенафобію», што, вядома, не можа не адбіцца негатыўна на свядомасці «дзесяткаў мільёнаў школьнікаў». Добра, што крытычнае стаўленне вытрымліваецца не толькі да ўкраінскіх, літоўскіх ды ўзбекскіх падручнікаў гісторыі, але і да расійскіх, у якіх, напрыклад, гісторыя Каўказа фактычна выключана з гісторыі Расіі. Сітуацыю маглі б змяніць у лепшы бок «канвенцыі аб ненападзе» паміж аўтарамі падручнікаў з розных краін (такія дамоўленасці былі дасягнутыя паміж польскімі і літоўскімі гісторыкамі). Аднак, падобна, сам аўтар ілюзій наконт гэткіх канвенцый не мае і завяршае сваю работу аб нацыяналізме сумнаватай спасылкай на Э. Хобсбаўма: «нічога добрага з гэтага не выйдзе, але і вечна гэтак працягвацца не можа».

Многія выказаныя ў брашуры ідэі, як мінімум, дыскусійныя. Так, беларускім гісторыкам (напрыклад, У. Арлову) прыпісаны намер «дапячы» Расіі, а тэндэнцыі ў афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі, дзе «антырасійскі настрой» ёсць падставай для адмовы зацвердзіць ужо абароненую дысертацыю, пакінутыя па-за ўвагай. Ідэя «адбудовы тэорыі «знізу» замест «механічнага праектавання «заходняга погляду» на незаходнія арэалы «зверху» на першы погляд здаецца шматабяцальнай. Але ці не выглядае яна на вынаход ровару?

Паміж працамі двух дактароў гістарычных навук нямала супольнага: хаця б тое, што ў фокус абедзвюх трапляе сучасная палітыка Беларусі. Яднае кніжкі і грыф «навуковае выданне», і сціплы наклад (75 асобнікаў – твор Кузняцова, 200 – Бухаўца). Аднак падыходы навукоўцаў моцна розняцца. М. Кузняцоў схіляецца да рэстаўрацыі прыёмаў савецкіх ідэолагаў, А. Бухавец спрабуе мысліць крытычна. Пра яго не скажаш, што ён ідзе тупіковым шляхам сучаснага сервільнага грамадазнаўства.

  1 Рэдкая «ідэалагічная» прамова А. Лукашэнкі абыходзіцца без ганьбавання «нацыяналізму» і «нацыяналістаў». Варта адзначыць, што і асобным расійскім аўтарам карціць ператварыць названыя паняцці ў ярлыкі. Гл., напрыклад, «слоўнік-даведнік»: Джунусов М. Национализм. – М.: Славянский диалог, 1998, дзе нацыяналізм абвяшчаецца «палітычнай і маральнай псеўдакаштоўнасцю» (с. 171), «заўсёды небяспечнай з’явай» (с. 156). У той жа час, на постсавецкай прасторы нацыяналізм часта разглядаецца і як нейтральнае паняцце. Гл.: Тураев В. Этнополитология. – М.: Логос, 2004. с. 82.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14