A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ПЁТРА РУДКОЎСКІ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Рудкоўскі ОП
Чатыры кулі для прэзыдэнта
Каханьне і сьмерць у беларускай палітыцы

Уладзімір Падгол. Куля для прэзыдэнта. - Санкт-Пецярбург: Карпон, 2004.

          Для таго, каб збунтавацца супраць такой рэчаіснасьці, не патрэбна ідэалёгія. Фізіялёгіі дастаткова.


          Зоэ Вальдэс1

Культура сьмяецца з палітыкі. Так было і так будзе заўсёды тады, калі палітыка ня хоча быць культурнай. Заўсёды будуць існаваць такія «маргіналы», якія нават у турме і ў труне будуць рагатаць з дыктатараў і волатаў, якія наіўна паверылі ўва ўласную ўсёмагутнасьць.

ПЕРШАЕ ЧЫТАНЬНЕ

«Крык дзіцяці кроіў паветра, быццам гіганцкая цыркулятарка», - гэтак Падгол распачынае свой «крымінальны» твор. Загадкавае дзіця зьявіцца таксама на самым канцы раману з інтрыгоўным зваротам да Прэзыдэнта пазазямной цывілізацыі: «Я прыляцеў за табой! Пара вяртацца дамоў. Нам не хапае сапраўдных беларусаў. Такія, як ты, мусяць адрадзіць беларусам чалавечую душу! Ляцім?»

Безыменнае дзіця, можна сказаць, адкрывае і закрывае раман, але яно ня ўдзельнічае ў самой драматыцы, якая раскручваецца ў творы. Героямі ж, вакол якіх раскручваецца драматыка, зьяўляюцца: Сьмерць - таямнічая істота, зьняволеная дзьвюма сіламі: каханьнем і нянавісьцю, эратычнаю жарсьцю і прагай улады; Лявон Выліваха, старажытны беларус, які гуляе са Сьмерцю ў своеасаблівую гульню, дзе стаўкай ёсьць лёс беларусаў і лёс яго самога; Шклоўскі Ідал, Найлепшы і Лукапшык, «сьмяротная трыяда», над якой узносіцца Дух Першага Прэзыдэнта. Усе яны - «гадаванцы Сьмерці», якія гуляюць у яе камандзе і імкнуцца выбіць у Вылівахі ягоныя козыры; Настачка-Ластаўка - каханая Лявона і яго хаўрусьніца, менавіта яна ўручае яму таемную прыладу - «сканэр», пры дапамозе якога можна чытаць у мазгах ідалаў.

А ці сапраўды дзіця зьнікае са сцэны ўжо на самым пачатку? Ніяк не. Нованароджанае дзіця ў радзільным доме - гэта чытач. Так, менавіта чытач, узяўшы ў рукі «Кулю», перажывае той жудасны шок, які можна параўнаць толькі да шоку, перажыванага дзіцем, якое пакідае бясьпечнае ўлоньне маці і трапляе ў супярэчлівы і халодны сьвет, сьвет, які экзыстэнцыялісты акрэсьлілі наймем «absurdum». Гэта чытач, трапіўшы ў Падголаў сьвет, пачынае крыкма крычаць, махаць рукамі й брыкаць нагамі, і ўсім сваім нутром працівіцца абсурду, які пануе ў гэтым сьвеце. А Падгол - гэта акушэр, які стаіць побач з чытачом-дзіцем і не дазваляе яму (і сабе) лезьці назад ува ўлоньне маткі, ён прымушае перажыць гэты вусьцішны шок. Увесь раман - гэта рэчаіснасьць, незалежная ад Аўтара.

Можна арыштоўваць Падгола і можна кідаць на яго праклёны і анатэмы, але рэчаіснасьць, адлюстраваная ў яго рамане, ня зьменіцца ад гэтага. Гэта ўжо наша праблема - ці залезем назад у бясьпечнае ўлоньне маткі й ператворымся ў сонны эмбрыён-зыготу, ці перажывём гэты шок, выкрыкнем яго зь сябе і пяройдзем на новы ўзровень сьвядомасьці.

«Крык» можна лічыць таксама фармальным акрэсьленьнем Падголавага твору. Бо першае, што прыходзіць на думку падчас чытаньня: гэта - літаратурны экспрэсіянізм. «Куля» - гэта глябальны, а нават касьмічны крык: неба, і зямля, і падземнае, здаецца, злучыліся ў «Кулі» ў адно ў нямым крыку над няшчасьцем Беларусі.

«Куля» - гэта таксама сюррэалістычны твор. Згадаць хаця б крыжаваньне Вылівахі ў «дзермакрэсьце» альбо фармаваньне зь беларускіх душаў гладзюсенькай кулі, па якой 40 дыктатараў зьяжджаюць голымі сракамі.

Падголаў твор можна таксама акрэсьліць наймем Дэлёзавага rhisomа (блытанае карэньне). Няма ў «Кулі» лінейнага часу і няма трохмернай прасторы, нарацыя пазбаўлена ўстойлівага цэнтру і арганізуючай ідэі. Адзінае, што, здавалася б, арганізуе ўвесь раман - гэта каханьне. Але каханьне знаходзіцца ў небясьпечна блізкай сутычнасьці са Сьмерцю, а тая ўвесь час дэзарганізуе і дэфармуе каханьне. Нічога дзіўнага, што каханьне ў творы амаль пазбаўлена рамантызму, а праяўляецца пераважна ў вульгарных, нават жывёльных формах. Ня можа быць цэнтрам і закаханы Выліваха, бо ў працэсе разьвіцьця падзеяў высьвятляецца, што ён заангажаваны ў будаваньне сьвету Шклоўскага Ідала, Найлепшага і Лукапшыка. Ён жа аказваецца другім Я мужа-садыста, які гвалціў Ластаўку. Ён таксама тоесны з Радзівілам «Пане Каханку», адным з сарака дыктатараў, якія прасавалі беларускія душы! Усякая ідэя і ўсякі герой у рамане падлягае «дэцэнтралізацыі».

Дэцэнтралізацыі падлягае і сам панятак «куля». Пад канец раману іншаплянэтнікі спрачаюцца між сабой, як трэба правільна інтэрпрэтаваць выраз «Куля для прэзыдэнта». «Куля» можа мець, прынамсі, чатыры значэньні: 1) куля - зямны шар; 2) куля - пратэза; 3) куля - кулявая салома, якая сымбалізуе спрасаваныя «саламяныя» беларускія душы; 4) куля - снарад. Не да канца вядома - адзначаюць іншаплянэтнікі - як інтэрпрэтаваць прыназоўнік «для». Увесь выраз зусім ня мусіць значыць «забіць прэзыдэнта» (гэтая інтэрпрэтацыя была адкінута іншаплянэтнымі экспэртамі). Магчымыя інтэрпрэтацыі такія: «зямны шар - для прэзыдэнта», «пратэза - для прэзыдэнта», «беларускія душы - для прэзыдэнта». Невядома таксама, які прэзыдэнт маецца на ўвазе.

Твор Падгола - гэта прыклад «адкрытага мастацтва» ў Экавым разуменьні. Гэта крык, надрэчаіснасьць і дэканструкцыя адначасова. Тут цяжка сказаць, ці маем справу з дасканалым мімэзісам, адлюстраваньнем рэчаіснасьці, ці з суцэльным экспэрымэнтам. А калі гэта - мімэзіс, то мімэзіс чаго: сучаснай Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі ці, можа, беларускай псыхікі ў яе калектыўным і індывідуальным аспэкце? Падчас «другога чытаньня» паспрабуем правесьці інтэрпрэтацыю твору, беручы яго як адлюстраваньне беларускай псыхікі.

Але нельга проста так абмінуць пытаньне пра маштабы Падголавага экспэрымэнту. Прынамсі, некаторыя асаблівасьці гэтага экспэрымэнту трэба назваць.

1. Інтэртэкстуальнасьць. У рамане маем справу зь некалькімі тэкстамі, дакладней, некалькімі відамі тэкстаў: ёсьць уласна Падголавы тэксты, Лукашэнкавы, Караткевічавы і біблійныя плюс шматлікія эпізадычныя. У рамане суіснуюць таксама розныя дыскурсы: беларускі нацыяналістычны, савецка-беларускі, лібэртынісцкі, хрысьціянскі, паганскі і інш. Тэксты і дыскурсы пераплятаюцца адзін з адным, але не выцясьняюць адзін аднаго. Лукашэнка нароўні з Падголам і Караткевічам інтэрпрэтуе беларускія рэаліі, а носьбіты розных дыскурсаў утвараюць адну і тую ж рэчаіснасьць - кулю спрасаваных беларускіх душаў.

2. Дэфармацыя часу і прасторы. Амаль немагчыма лякалізаваць падзеі, што апісваюцца ў рамане, у часе і прасторы. Некаторыя падзеі адбываюцца ў шляхецкай хаце ХVII ст., некаторыя - у бібліятэцы ці ў псыхіятрычным шпіталі ХХ-ХХІ стст. (і тады можам яшчэ неяк распазнаць часа-прасторавыя каардынаты), але найчасьцей падзеі разгортваюцца ў кнізе, у сьне, ува ўяўленьні, у віртуальнай рэчаіснасьці, у космасе...

3. Дэмістыфікацыя сьмерці. Сьмерць функцыянуе ў рамане як аўтаномная істота, пэрсаніфікаваная ў вобразе шкілета жанчыны - Кашчавой. Сьмерць у рамане, без сумневу, - страшная і магутная, але перад абліччам каханьня (свайго і чужога) губляе сваю моц і тоеснасьць, становіцца дурной, наіўнай і камічнай істотай.

4. Дэсакралізацыя Бога. Для веруючых людзей гэта можа быць сур’ёзным выпрабаваньнем. У рамане Бог наскрозь «тутэйшы», пазбаўлены трансцэндэнцыі і таямнічасьці. Ён нічым ня розьніцца ад беларускіх багоў-аўтахтонаў. Няма таксама мяжы паміж sacrum i profanum. «Той сьвет» і «гэты сьвет» зьмяшаліся і ўтвараюць адзін і той жа гарызонт беларускай драмы.

Але гэтая дэсакралізацыя мае сэнс, і то не адзін. Па-першае, Падгол гэткім чынам выдатна адлюстраваў атмасфэру бязбожжа і маральнай анархіі, якая пануе ўва ўладных структурах. На месца Бога-любові, якога знаходзім у Бібліі (Першае пасланьне Яна Багаслова 4:8), прыходзіць божышча страху - прынцып запалохваньня і падпарадкоўваньня. Па-другое, Падгол выказаў меркаваньне, што Бога мы можам сустрэць у «прафаннай» сфэры, у пагарджаных формах чалавечага быцьця. А гэта якраз тое, на што ўказвае хрысьціянская таямніца Ўцелаўленьня: Слова сталася целам. Па-трэцяе, дэсакралізацыя Бога прымушае нас усьвядоміць, што Бог-у-тэксьце ня тоесны з Богам-у-сабе.

5. Дэструкцыя Беларусі. Зь Беларусьсю Падгол робіць найбольш жахлівыя экспэрымэнты - заганяе яе ў ЧаС (Чарнобыльскі Саркафаг), там ператварае ў «кулю з душаў», якую «Найлепшы працяў жардзінай да чарапной падлогі». Аўтар увесь час мардуе чытача вусьцішнымі вобразамі: «Калі ж да Кулі наблізілася ДуППа, бакі Кулі расквеціліся ўсьмешкамі вуснаў, расьцягнутымі да вушэй», «...а прэзыдэнцкія спэцслужбы кінуліся граблямі апрацоўваць бакі Кулі, згінаючы простых, вычэсваючы нягнуткіх». У якасьці камэнтару да гэтага экспэрымэнту Падгол вуснамі Найлепшага вымаўляе словы, якія здаюцца рэхам белдзяржідэалёгіі: «Эта невіданы сімвал сплачонасьці народа, его пабеды над сваім індзівідуалізмам! Куля з душ - Богападобная зьява...»

Асобна трэба згадаць і пра vis cognitiva, пазнавальны аспэкт гэтага раману. «Куля для прэзыдэнта» - гэта добрая крыніца для лукашэнказнаўства. Калі б на гэтым сьвеце панавала справядлівасьць, то Ўладзімер Падгол павінен быць не пакараны «за абразу прэзыдэнта», а шчодра ўзнагароджаны за... абарону прэзыдэнта! Бо на працягу ўсяго раману Падгол шчыра спрабуе ўратаваць Лявона Выліваху, а Выліваха - гэта частка Лукашэнкавай асобы. Выліваха - гэта цень беларускага прэзыдэнта, яго другое Я. Лукашэнка рэпрэсуе гэтую частку сваёй асабовасьці, заганяе яе ў несьвядомае, захоўваючы на паверхні толькі пэрсону дыктатара. Падгол дае нам зразумець, што першай ахвярай Лукашэнкавай дыктатуры зьяўляецца сам Лукашэнка.

Варта ўсё ж выказаць шкадаваньне, што мастацтва перайманьня ў пэўныя моманты ператваралася ў мастацтва перадражніваньня і непатрэбнае множаньне «луконімаў». Мастацтва мае большую вартасьць, калі мастак апэруе намёкам, а канкрэтызацыю пакідае чытачам, а Падгол, бывае, навязьліва «пальцам паказвае» кірунак канкрэтызацыі. Гэтая акалічнасьць крыху аслабляе тэрапэўтычны эфэкт таго шоку, які паўстае ад адкрыцьця, што носьбіт каханьня (Выліваха) і носьбіт страху (Найлепшы) знаходзяцца ў інтрыгоўнай блізкасьці.

Але гэта не зьмяняе факту, што згодна з законам «Аб абразе прэзыдэнта» менавіта Лукашэнка павінен быць у першую чаргу пакараны. Пакараны за тое, што безупынна прыніжае самога сябе, абражае сваю годнасьць і зьнішчае «вобраз і падабенства Бога», упісаны ў ягоную душу...

«Куля для прэзыдэнта» - гэта таксама крыніца для беларусазнаўства. І над гэтым засяродзімся больш падрабязна.

ДРУГОЕ ЧЫТАНЬНЕ

Рэканструкцыю беларускай псыхікі паспрабуем правесьці пры дапамозе псыхааналізу Зыгмунда Фройда, аналітычнай псыхалёгіі Карла Юнга і нэапсыхааналізу Эрыха Фрома.

ЕROS & THANATOS. КАХАНЬНЕ І СЬМЕРЦЬ

Культура ўзьдзейнічае дзякуючы сіле Лёгаса, а натура захапляе дзякуючы сіле Эрасу. Эрас - у адрозьненьне ад Лёгаса - ня мае сваёй мовы. Ён гаворыць на вульгарным дыялекце, гаворыць хутка, эмацыйна і супярэчліва, а часам увогуле не гаворыць, а толькі стогне й вые. Таму некаторыя адмаўлялі Эрасу ў месцы ў культуры.

Існуе, аднак, супольны вораг Эрасу й Лёгасу - Танатас (сьмерць).

А Лявон мясцовую прыгажуню пакахаў. Забрала Сьмерць Лявонаву любую. Адпомсьціла ёй за Лявонава каханьне. Забрала да сябе і служыць загадала. Пасылала былую прыгажуню да хлопцаў. Тыя жахаліся, пужаліся, прыгажуня-спачвараная пакутавала, а Кашчавая выскалялася.

Паводле раньняга Фройда, Эрас і Танатас (каханьне і сьмерць) - гэта два інстынкты, упісаныя ў чалавечую сутнасьць. Эрых Фром жа ўвёў паняткі «біяфілія» (жыцьцялюбства) і «нэкрафілія» (сьмерцялюбства) для апісаньня дзьвюх магчымых установак чалавека - устаноўкі на будаваньне, канструктыўную творчасьць, любоў і каханьне і ўстаноўкі на зьнішчэньне, дэструктыўную творчасьць. Розьніца паміж Фройдам і Фромам палягае ў тым, што першы лякалізаваў гэтыя два пачаткі ў сфэры інстынктаў (такім чынам, іх наяўнасьць не залежыць ад волі чалавека), а другі лякалізаваў у сфэры волі й пачуцьцяў. Для Фрома жыцьцялюбства ці сьмерцялюбства мае набыты характар, а для Фройда Эрас і Танатас - прыродны.

Псыхааналіз дае нам магчымасьць глянуць на вышэй «апісаную» Падголам драму як на сытуацыю ўнутры чалавека. Унутры Лявона змагаюцца два пачаткі: каханьне і сьмерць. Сьмерць - гэта ня вонкавая істота, яна ёсьць часткай Лявонавага быцьця і часткай быцьця кожнага з нас, сьмяротнікаў. Быцьцё чалавека - гэта Sein-zum-Tode, быцьцё-да-сьмерці. «Забрала Сьмерць Лявонаву любую» - гэта апісаньне не чаго іншага, як сытуацыі, калі чалавек губляе веру ў каханьне і адмаўляецца ад стваральнай дзейнасьці, апісаньне эфэмэрнай перамогі Сьмерці, якая на нейкі час дамаглася свайго - «забрала любую» і ператварыла яе на свой вобраз і падабенства.

У іншым месцы зьяўляецца і больш мэтафізычная рэфлексія:

- А дзе гуляць будзем?

- Там, дзе спыняць Час!

- Як гэта? Хто спыніць?

- Тыя, хто паскарае Час і тыя, хто марудзіць яго хаду, вяртаючы Час назад. Калі іх сілы зраўняюцца, прастора разломіцца і ўтворыць пастку. І ў яе трапіць Час і спыніцца.

- Дык гэта ж сьмерць! - жахнуўся Лявон. - Гэта час твайго панаваньня!

- Памыляешся... - задуменна сказала Кашчавая. - Раней і я так думала... А цяпер... Спынены Час - гэта каханьне...

Сьмерць выступае тутака ў ролі прарока-інтэрпрэтатара. Яна - аказваецца - тоіць у сабе немалую веду пра каханьне... Часам паўстае ўражаньне, што яна, Сьмерць, зьяўляецца «каханьнем навыварат». І гэта пацьвярджаецца практыкай - некаторыя закаханыя прагнуць авалодаць аб’ектам каханьня, прыватызаваць, «зжэрці», зрабіць часткай самога сябе, пазбавіць аўтаноміі і асобнасьці. Эрых Фром называе такога тыпу арыентацыі «непладаноснымі» і згубнымі для абаіх. Такое «каханьне» тоіць у сабе небясьпечную амбіваленцыю: пазбавіўшы іншую асобу аўтаномнасьці і асобнасьці, я пачынаю падсьвядома яе ненавідзець і пагарджаць ёю, яе «рабская душа», суаўтарам якой я сам часта зьяўляюся, пачынае выклікаць ува мне натуральную агіду. Сьмерцяносная нянавісьць і агіда да «рабыні» паволі прарывае бар’еры падсьвядомасьці і вырываецца на паверхню. Учарашняя фэя-прыгажуня сёньня бачыцца ведзьмай-страшыдлам.

Падгол увесь час змагаецца за сапраўднае каханьне. Калі Кашчавая паслала «прыгажуню-спачвараную» да Лявона, той «адчуў цягу неадольную, і выйшаў, і міжволі ўкленчыў». Распазнаньне каханай у ведзьме-страшыдліску - гэта не штодзённае здарэньне, але яно магчымае. (Нават пасьля дзесяцігодзьдзяў сужэнскага «пекла» ён і яна маюць магчымасьць ізноў закахацца адно ў аднаго.) «Цуд! Родная і пачварная! Любая і недасягальная! Харошая мая! - мовіў Лявон». А зьвяртаючыся да Сьмерці, Лявон пытае:

- І не абрыдла табе, здыхляціна, зьдзекавацца? Нават калі возьмеш мяне, ведай, што душы табе не аддам.

Гэта - акт аўтарэфлексіі Лявона. Сьмерць - як мы ўжо адзначылі - гэта частка Лявонавай псыхікі, праява непладаноснай тэндэнцыі зьнявольваць аб’ект каханьня. Лявон уваходзіць у канфлікт з гэтай тэндэнцыяй і адкрывае сапраўднае аблічча сваёй каханай, пазнае ў ёй асобу і пачынае захапляцца яе іншасьцю: «Душа ейная кветкай чароўнаю сьвеціцца, пялёсткамі прыгажосьць праменіць!» Вонкавасьць ужо адыходзіць на другі плян, яго цікавіць, перш за ўсё, яе асоба: «Любую, нават калі б спаралізаваная была ды ў страхалюдзіну ператвораная, усё роўна за жонку пабраў бы, толькі б дыхала. Карміў бы яе, казкі распавядаў ды цалаваў, бо душа яе дабрынёю ўсё жывое прыцягвае».

Падгол адлюстраваў працэс пераадольваньня мужчынскага эгаізму. Агрэсіўны нарцыстычны мача (Лявон) усьведамляе, што зьнішчыў сваю каханую і ператварыў яе ў аб’ект пагарды і агіды. Ставаньне Лявона на калені перад гэтай «прыгажуняй-спачваранай» мае сымбалічнае значэньне. Яго дагэтулешняе быцьцё-для-сябе становіцца быцьцём-для-іншых, і менавіта каханая спрычыняецца да гэтага ўнутранага перавароту. Яна адкрывае яго на патрэбы, боль і пакуты іншых людзей. Самец становіцца сапраўдным мужчынам, здольным кахаць і несьці свабоду. У Падголавай філязофіі каханьня повязь між каханьнем, жыцьцём і свабодай выражаная ў ляпідарным сьцьверджаньні: «Няволя - гэта сьмерць для каханьня».

Прыгажуня-спачвараная - гэта таксама Беларусь. Беларусь - гэта ўнікальны прыклад спалучэньня супярэчнасьцяў, своеасаблівай coincidentia oppositorum. Эрас і Танатас, каханьне і сьмерць, жыцьцялюбства і сьмерцялюбства, здавалася б, счапіліся тут і зь пенай на вуснах спрабуюць адужаць адно аднаго. Такія працэсы адбываюцца ў псыхіцы людзей-беларусаў, «сьвядомых» і «сонных».

У рамане Падгола існуе пэўная пераходнасьць паміж Настачкай, Ластаўкай і Куляй (беларускіх душаў). Настачка і Ластаўка - гэта гістарычная і сучасная Беларусь, а Беларусь (учорашняя і сёньняшняя) - гэта Куля спрасаваных саламяных душаў. Усе гэтыя тры вобразы знаходзяцца ў вельмі падобнай сытуацыі: Настачка зьняволеная Сьмерцю (ператвораная ў шкілет-пачвару), Ластаўка зьняволеная мужам-дэспатам, Куля - сарака дыктатарамі ды... сама сабою. Усе гэтыя тры вобразы знаходзяцца ў патаемнай сувязі з папараць-кветкай, а кветка ёсьць інтэгральнай часткай «Зорнага Чарнабыльніку». А Чарнабыльнік - гэта саюз закаханых душаў, ахвяраў Чарнобыльскай аварыі, непадуладных ні Сьмерці, ні сарака дыктатарам. Закаханыя душы даюць пачатак новай, свабоднай і жывой Беларусі.

Эрас, такім чынам, выконвае функцыю плятонаўскага даймона, «пасярэдніка між багамі й чалавекам». Ён ёсьць «злучальнай тканкай», якая злучае супрацьлегласьці безь зьнішчэньня іх, пачынаючы ад злучэньня мужчынскага й жаночага пачатку, цераз злучэньне элітарнага і эгалітарнага, гожага й брыдкага аж да злучэньня Бога й чалавека, Неба і зямлі. Эрас выконвае таксама трансфармацыйную функцыю. Як ужо мы адзначылі, дзякуючы каханьню мужчына-самец вызваляецца ад свайго эгаізму і нарцысізму і становіцца абаронцам і вызваліцелем усяго таго, што стогне пад жалезнай уладай Сьмерці і яе гадаванцаў. Трансфармацыі падлягае таксама беларуская Куля. Эрас, увасоблены ў рамане ў жаночым вобразе Князёўны Папараць-кветкі, адраджае беларускія душы, спрыяе вяртаньню ў іх духу свабоды, жыцьця і каханьня. Ён - свайго роду lapis philosophorum, магічны «філязафічны камень», здольны ператвараць ня толькі жалеза ў золата, але таксама бязвольныя саломіны - у вольныя асобы.

Падгол, такім чынам, паставіў пад сумнеў наяўнасьць «жалезнай заслоны» паміж Эрасам і Лёгасам.

«ВЯЛІКАЯ МАТКА» І «ВЯЛІКІ БАЦЬКА»

Выліваха апынуўся ў бібліятэцы, «д’яблавай майстроўні». Там чытае гістарычныя раманы і эратычныя часопісы, якія ажно «сьверб нагналі». Урэшце на сон пацягнула Выліваху...

Кніга - гэта сымбаль несьвядомага, а сон - натуральны стан, у якім праяўляецца несьвядомае. Бібліятэка ёсьць сапраўды д’яблавай майстроўняй, бо тоіць у сабе процьму невядомага патэнцыялу. Нічога дзіўнага, што сустрэча са зьместам несьвядомага адбываецца ў бібліятэцы. Сну (=кантакту зь несьвядомым) папярэднічае актывізацыя лібіда (кантакт з эратычнымі часопісамі і нагнаны «сьверб»). Трэба выдзеліць два разуменьні лібіда: лібіда як жарсьць, поцяг, сэксуальная энэргія і лібіда як псыхічная энэргія, дзе сэксуальная жарсьць зьяўляецца толькі адным зь відаў лібіда. Першае разуменьне было ўласьціва Фройду, а другое - Юнгу. (У артыкуле будзем карыстацца тэрмінам «лібіда» пераважна ў юнгаўскім значэньні, а калі гаворка будзе ісьці пра лібіда ў вузкім, фройдаўскім разуменьні, будуць адпаведныя ўдакладненьні, напрыклад, «сэксуальнае лібіда».) У абодвух выпадках лібіда - гэта сіла, якой уласьціва стыхійнасьць, жывёльнасьць і непадкантрольнасьць. Падчас сну Выліваха пазнае, што значная порцыя лібіда схавана (зьняволена) у несьвядомым...

...Людзі перасталі працаваць і паляваць, а толькі мітусіліся каля каменнага стода, натхняючы адзін аднаго як мага мацней любіць ідала. І енчылі каля балвана, і кленчылі, і ахвяры яму прыносілі, і ў каменныя вусны цалавалі, а некаторыя жанчыны спрабавалі, абняўшы таго шклоўскага ідала, зацяжарыць і нарадзіць волата!

Выліваха падчас сну сыходзіць ажно на ўзровень першабытнай племянной сьвядомасьці. У цэнтры гэтай прымітыўнай сьвядомасьці - каменны ідал, гаспадар людзкіх сэрцаў і розумаў. На гэтым узроўні Лявон сустракае колькі жаночых вобразаў. Нічога дзіўнага: лібіда, якое актывізавалася пры праглядзе эратычных часопісаў, шукае свайго дапаўненьня. Лібіда ня можа існаваць, сканцэнтраванае толькі ў мужчынскай душы, яно стыхійна й настойліва шукае процілегласьці - жаночага элемэнту, які Юнг назваў аnima. Спрацоўвае тут прынцып amor est diffusivus sui - «каханьне разьлівацца хоча». Вось жа Выліваха сустракае аніму ў несьвядомым і заўважае, што яна зьняволеная ідалам і што зьняволеная «добраахвотна»! Бясплодная і пакутная прастытуцыя-мастурбацыя аб тырчак каменнага стода паказвае ступень зьняволенасьці і зачараванасьці якімісь ірацыянальнымі вераваньнямі і спадзяваньнямі. Гэта той этап, калі існаваньне жаночага элемэнту выцясьняецца мужчынам у несьвядомае, а жаночае лібіда скоўваецца нейкім жудасным племянным этасам. На гэтым узроўні садызм і мазахізм разьмяркоўваюцца строга паводле падзелу на мужчынскае і жаночае. Нямы, халодны і цьвёрды стод з каменным тырчаком - гэта дасканалае ўвасабленьне мужчынскага садызму, які можна спаткаць у большасьці прымітыўных племянных супольнасьцяў.

Варта зьвярнуць увагу, што Выліваха таксама перажыў стан зьняволеньня мужчынскага лібіда. Гэта адбылося падчас першага яго спатканьня са Сьмерцю (Сьмерць - таксама сымбаль несьвядомага). Вось тады яму давялося ўбачыць Сьмерцеву вагіну, «чорную дзірку-няўтульніцу, зь якой цягнула сьцюдзёным скразьняком».

Ён скамянеў, уявіўшы, як прыйдзецца яму ўсё сваё ў будучым бясконцае жыцьцё шаравацца аб гэтую костку і націраць крывавыя мазалі аб касьцякі сьвідравіны, што даўно пазбавілася жаноцкага цяпла. І яшчэ невядома, ці будзе Сьмерці асалода з таго. ...Калі Сьмерць з жудасным стогнам «Ещё! Ещё!» схопіць у сваю Кашчавую пяцярню яго зьнясіленую і спустошаную плоць, якую пакінулі семя і кроў, зацісьне яе ў халодных, як лёд, фалянгах і пачне шморгаць туды-сюды, як пустую казіную цыцку, каб дамагчыся пругкасьці...

Уяўлены сэкс са Сьмерцю можна інтэрпрэтаваць як праяўленьне комплексу Эдыпа. У пэўны момант асабоваснага разьвіцьця сэксуальнае лібіда «прарываецца» на паверхню і пачынае ўсьведамляцца эгам. Згодна з Фройдам, першым аб’ектам сэксуальнай жадобы зьяўляецца маці. Фройдаву канцэпцыю комплексу Эдыпа трэба дапоўніць Юнгавай канцэпцыяй архетыпаў. Адным з архетыпаў, зь якім мусіць сутыкнуцца эга на пачатковых стадыях разьвіцьця, ёсьць архетып Маткі. «Magna Mater» - гэта амбівалентны комплекс, які звычайна праектуецца на вобраз зямлі, радзімы, нацыі, племя. Нярэдка й канкрэтныя асобы могуць стацца аб’ектам праекцыі гэтага архетыпу, напрыклад, уласная маці, цешча, жанчына-дырэктарка. Бывае, што і да старшыні-мужчыны прычапляецца мянушка «мама».

Ірацыянальны страх мужчынаў перад дапусканьнем жанчын да кіраўнічых пасадаў, наяўны ў нашай культуры, ёсьць адным з сымптомаў неперажытага комплексу Эдыпа. Недаразьвітыя ў псыхічным пляне мужчыны падсьвядома атаясамліваюць жанчыну-кіраўніцу зь Вялікай Маткай, якая пазбавіць іх аўтаноміі, а можа, нават і лібіда (страх перад кастрацыяй). Пад маскай агрэсіўнага й самаўпэўненага мача, які пільнуе, каб «кабета знала сваё месца», зазвычай хаваецца puer aeternus, «вечны хлопец-дзіця» (юнгаўскі тэрмін), што не стварыў у сваёй душы месца для анімы: каханай і аўтаномнай (!) асобы. Puer aeternus - гэта мужчына, які затрымаўся ў псыхалягічным разьвіцьці на ўзроўні 9-11 гадоў. Блякада мужчынамі-парлямэнтарамі законапраекту Надзеі Цыркун (які прадугледжваў абарону жанчын ад мужоў-алькаголікаў і псыхапатаў) у беларускім парлямэнце папярэдняга скліканьня найпраўдападобней ёсьць прыкладам гэтага ж сындрому: страху мужчынаў перад якой-кольвечы эмансыпацыяй жанчын ці то ў сям’і, ці то ў грамадзтве. Мужчынская праекцыя архетыпу Вялікай Маткі спараджае эфэкт «зваротнага спражэньня»: вельмі часта маці, цешча і жанчына-кіраўніца несьвядома прымаюць гэтую праекцыю і пачынаюць яе рэалізаваць, выконваць праектаваную мужчынамі ролю дэманічнай Вялікай Маткі. У выніку паўстаюць своеасаблівыя мэханізмы сэлекцыі ў культуры: мужчыны, баючыся жаночага вобразу, спалучанага з кіраўнічай пасадай, стараюцца альбо не прапускаць жанчын на гэтыя пасады, альбо прапускаць толькі маскулізаваных, упадобненых да сябе (прынамсі, псыхічна ўпадобненых).

Існуе тут яшчэ адна культурная і культуралягічная праблема: успрыманьне фэномэну ўлады. Беларускае грамадзтва, на жаль, не прысвоіла яшчэ разуменьня ўлады як арганізуючага чыньніку, улада бытуе ў сьвядомасьці многіх як неабмежаванае права падпарадкоўваць і выкарыстоўваць іншых у сваіх інтарэсах. Гэтае прымітыўнае ўспрыманьне ўлады яскрава праяўляецца ў супярэчлівых сацыяльных вучэньнях у Расеі: абагаўленьне ўлады і анархізм вельмі часта там суіснуюць у нейкім пачварным саюзе. Такім чынам, страх перад жанчынай-кіраўніком, якая натуральным чынам асацыюецца з маці, яшчэ больш узмацняецца. Страх, як кажуць, мае вялікія вочы, таму мужчыны-дзеці паўсюль, дзе сустракаюць жанчыну, бачаць гэтую сьмяротную «дзірку-няўтульніцу». Адсюль іх агрэсія і імкненьне падпарадкаваць жанчыну.

Зямля - гэта сымбаль, які найлепей дазваляе зразумець, у чым заключаецца амбіваленцыя архетыпу Вялікай Маткі. Зямля дае жыцьцё (параўнайце, «зямля-радзіцелька», «зямля-карміцелька», «род-ная зямля»), але яна зьяўляецца таксама «чэравам сьмерці» - паглынае ўсё жывое, асымілюе й ператварае ў сябе. Нагадаем, што адхлань, пекла, Валадарства Сьмерці, Царства Аіда, а ў Падгола - месца прабываньня Шклоўскага Ідала - усё гэта знаходзіцца ўнутры Маткі-Зямлі! Аналягічным чынам вобраз Радзімы, Нацыі й Племя хавае ў сабе гэту вусьцішную супярэчнасьць. Радзіма, нацыя ці племя - гэта асяродзьдзі жыцьця, у якіх індывід атрымлівае пачуцьцё ўкарэненасьці й бясьпекі, але яны адначасова абмяжоўваюць яго волю, патрабуюць ахвяраваць сваёй свабодай, а нават жыцьцём. Зямля, Радзіма, Нацыя, Племя, Маці, Цешча - усё гэта вобразы дэманічнай Magna Mater, яны - натуральныя канкурэнткі ўзьлюбленай, таму імкнуцца авалодаць той часткай мужчынскай псыхікі, якая ў юнгізьме завецца анімай. Вялікая Матка імкнецца альбо абмежаваць, альбо зьнішчыць аўтаномію анімы і застацца адзінай гаспадыняй мужчынскай псыхікі.

Згодна зь Юнгам, жаночаму вобразу Magna Mater адпавядае мужчынскі вобраз Magnus Pater («Вялікі Бацька»). Ідал у рамане Падгола - гэта мужчынскае ўвасабленьне адной і той жа дэструктыўнай сілы - Сьмерці. Сьмерць і Ідал - гэта нэгатыўныя аспэкты архетыпаў Маткі і Бацькі. Сэкс жанчыны з каменным Ідалам (перажыты ў сьне) і сэкс мужчыны са Сьмерцю (перажыты ўва ўяўленьні) - гэта дзьве вэрсіі (жаночая й мужчынская) нэкрафіліі. У сьне і ўва ўяўленьні аслабляюцца бар’еры, якія стрымліваюць «нашэсьце» несьвядомай псыхікі і дзякуючы гэтаму пачынаецца працэс ўсьведамленьня наяўнасьці дэструктыўных сілаў, што дрэмлюць у нетрах асабовага й зборнага несьвядомага. «Чорная дзірка-няўтульніца, зь якой цягне сьцюдзёным скразьняком» - гэта «дзірка» ўнутры псыхікі.

Уладзімер Падгол, такім чынам, дае нам магчымасьць назіраць (і перажыць!) працэс абуджэньня «ўнутранага дэмана», цмока, які дрэмле ў глыбінях нашай душы. Але на гэтым ня ўсё. Трэба заняцца цяпер зьвяржэньнем Ідала і вызваленьнем эга ад Сьмерці.

ЗЬВЯРЖЭНЬНЕ ІДАЛА І ЭМАНСЫПАЦЫЯ ЭГА

Адна з жанчын адважылася адбіць Ідалу каменны тырчак. Эфэкт быў імгненны: «Усчаўся лямант. (...) Вакол вогнішча пасела веча. Жанчыну выцягнулі да агню». Побач з жанчынай-бунтаўніцай і абураным вечам Лявон бачыць... самога сябе. Ён знаходзіць самога сябе ў сфэры несьвядомага. Акурат у гісторыі і далёкай мінуўшчыне карэняцца пачаткі асабовага і калектыўнага эга. Жанчына-бунтаўніца, пакуль што для Лявона як быццам і чужая, насамрэч зьяўляецца часткай яго ўласнай псыхікі, анімай. Ён сустракае Яе. Гэтак паўстае сызыгія, архетыпічная пара, Ён і Яна, Анімус і Аніма, неабходная ўмова пладаноснай цыркуляцыі лібіда.

Лявон абхапіў Ідала за тулава й сьпіхнуў з абрыву ў рэчку. Жудасны вокліч паляцеў усьлед, заглушыўшы ўдар каменя аб ваду. (...) Навалілася на Лявона некалькі супляменьнікаў... Доўга не сьціхалі лямант і спрэчкі. Урэшце веча вынесла прысуд: «Абаіх аддаць ідалу...»

Спатканьне са зьместам несьвядомага - гэта небясьпечны працэс. Лявон, які тут сымбалізуе эга, пастаўлены перад выбарам: альбо стаць на баку жанчыны-бунтаўніцы, альбо стацца адным з абаронцаў ідала. Можна застацца на бясьпечным вечы і надалей жыць у салодкай няволі Маткі-Племені, аддаць сябе бяз рэшты сілам несьвядомага, якія ў прымітыўнай культуры ажыцьцяўляюць сваю ўладу празь непарушныя табу і сумеснае пакланеньне Ідалу. А калі так, то трэба зьнішчыць аніму, выціснуць у несьвядомае ўсякія сумненьні і парасткі бунту проці сьвятога парадку, гарантам якога быў, ёсьць і будзе Ідал. Магчымы і іншы выбар - выйсьці насустрач аніме. Гэта будзе азначаць пачатак дыфэрэнцыяцыі сьвядомасьці і пераход на вышэйшую ступень разьвіцьця. Але тады трэба лічыцца з трагічнымі наступствамі: «Абаіх аддаць Ідалу».

У справу ўмяшаўся Князь: «Ён - найлепшы ваяр! А яна - таксама ў целе, калі можа нарадзіць ваяроў! Дык навошта нам шкоду рабіць?! Давайце пачакаем, пасадзім у яму і паглядзім». Князь прымае рашэньне пакараць Лявона і жанчыну, але забараняе зьнішчаць іх. Пакараньне (кіданьне абаіх у яму) мае сутнасны сэнс для далейшага разьвіцьця эга. Яма сымбалізуе матчына ўлоньне, а прабываньне ў яме - працэс адраджэньня і канчатковае замацаваньне свайго выбару. Менавіта ў яме Ён і Яна ўсьведамляюць, што «адзін без другога ня могуць». Эга перастае быць эгаістычным, паколькі становіцца здольным выходзіць насустрач і суадчуваць з alter-ego, іншым Я. Фармуецца пачуцьце альтруізму - неабходная ўмова асабоваснага разьвіцьця і паўнавартаснага жыцьця ўнутры чалавечага соцыюму.

Калі ўзьніклі два аўтаномныя элемэнты (анімус і аніма), павінен зьявіцца таксама трэці аўтаномны элемэнт, неабходны для каардынацыі сызыгіі. Зьяўленьне Князя азначае, што вылучыўся яшчэ адзін псыхічны элемэнт, а сам Князь сымбалізуе рацыянальную функцыю.

Маем трыяду:

 
Князь
 
  triangle (1K)  

Ён

 

Яна


Кожнаму з гэтых элемэнтаў адпавядае псыхічная функцыя: Князю адпавядае рацыянальная, Ёй - пачуцьцёвая, Яму - валявая. Згодна зь Юнгам, трыяда - гэта ўсё ж недасканалая структура, яна ня можа стацца структурай самасьці. Актывізацыі трох элемэнтаў недастаткова, каб праходзіў працэс індывідуацыі, працэс поўнай псыхічнай інтэграцыі і паўстаньня гарманійнай цэльнасьці, унутры якой энэргія лібіда можа свабодна і плённа цыркуляваць. «Сымбалем самасьці ёсьць чацьвёрца, а ня тройца» - настойліва паўтарае бацька аналітычнай псыхалёгіі. Інакш кажучы, у нашай структуры бракуе «ніжняга» элемэнту, які б раўнаважыў «верхні элемэнт», рацыянальную функцыю. Што гэта за элемэнт? Хто чацьвёрты?

У апісванай Падголам сытуацыі чацьвёрты элемэнт недыфэрэнцыяваны, ён яшчэ ня выдзеліўся з племянной і вечавай масы, застаецца ўсьцяж у недрах несьвядомага. У выпадку кожнай канкрэтнай асобы чацьвёрты элемэнт зазвычай зьяўляецца часткаю ценю, ён схаваны ў сукупнасьці непрывабных і заганных рысаў пад маскай пэрсоны і выцесьнены ў падсьвядомае. (Напрыклад, пачуцьцё літасьці - неабходная рыса сьпелай і разьвітай асобы - нярэдка ў патрыярхальным грамадзтве выцясьняецца як заганная, як прыкмета слабасьці.) У сфэры культуры й палітыкі чацьвёрты элемэнт - гэта пераважна ўсё тое, што асацыюецца з маргінальным, лякальным, прафанным, вульгарным, якое ня ўпісваецца ў рамкі дасягнутай цэльнасьці. Цікава, што клясыка зазвычай арганізуецца вакол лічбы «тры»: тры патрыярхі ў Старым запавеце (Аўраам-Ісаак-Якуб), тры клясычныя грэцкія філёзафы (Сакрат-Плятон-Арыстотэль), тры касты ў плятонаўскай «Палітэі», тры часткі «Тэалягічнае сумы» сьвятога Тамаша Аквінскага, тры станы ў сярэднявечным грамадзтве, тры прынцыпы мысьленьня ў філязофіі Гегеля, тры заснавальнікі камунізму (Маркс-Энгельс-Ленін), траяўладзьдзе ў клясычнай канцэпцыі дэмакратычнай дзяржавы, ну і, нарэшце, у нашым геапалітычным абшары - «трыадзіны рускі народ». (Нельга тут абмінуць пытаньня пра Сьвятую Тройцу ў хрысьціянскай дагматыцы. Варта тут зьвярнуць увагу, што таямніца Тройцы цесна зьвязана з таямніцай Уцелаўленьня, «учалавечаньнем» другой Божай Асобы бяз страты сваёй боскай сутнасьці. Такім чынам, унутры Сьвятой Тройцы свабодна бытуе чацьвёрты элемэнт - чалавечая натура, якая, дзякуючы ўчалавечаньню Хрыста, сталася паўнавартаснай удзельніцай жыцьця Сьвятой Тройцы.)

Чацьвёрты элемэнт, вельмі неабходны для псыхічнай інтэграцыі і здабыцьця асабоваснай поўні (самасьці), трэба шукаць у сфэры прафаннай, маргінальнай, пагарджанай, рэпрэсаванай, «неклясычнай». Карл Юнг заўважае, што гермафрадыт Мэркуры (сымбаль псыхічнай лучнасьці) і філязафічны камень (сымбаль самасьці) in sterquiliniis invenitur - «у гаўне былі знойдзены». У Пралёгу ж Яна Багаслова чытаем, што Лёгас (сымбаль самасьці) стаўся σαρξ (саркс). А σαρξ - гэта ня столькі «цела», як гэта, з-за адсутнасьці лепшага слова, перакладаецца, колькі пагарджаная форма жывой матэрыі.

ХТО ЧАЦЬВЁРТЫ?

Карл Юнг раіць нам шукаць чацьвёрты элемэнт шляхам пастаноўкі пытаньня пра вобраз, які будзе дапаўненьнем «верхняга элемэнту». Лібіда - гэта рух, які характарызуецца энантыядроміяй (ад грэцкага словазлучэньня, ужытага Гераклітам, «ευ αυτιω δρομοσ», якое можна патройна інтэрпрэтаваць: «бег насустрач процілегласьці», «бег у нутро процілегласьці» і «бег унутры процілегласьці»). Калі наверсе - Князь, то ўнізе можа быць халоп, мужык, нявольнік, калі там - рацыянальная функцыя, то тут яна мусіць быць раўнаважана якой-небудзь ірацыянальнай, калі там - прадстаўнік Божага Гораду (Civitas Dei), то тут - прадстаўнік цёмнай, праклятай масы (masa damnata). Князю-Розуму павінен адпавядаць «Мужык-Вар’ят».

І праўда: неўзабаве ў рамане Падгола зьяўляецца вобраз вар’ята. Прыгледзьмася ўсёй сытуацыі.

Пасьля «дамовы» са Сьмерцю (згуляць у «расейскую рулетку», дзе стаўкай будзе лёс Беларусі і лёс яго самога), Лявон вырашыў «зладзіць вячэру, запрасіць сяброў ды параіцца».

Да сябе ў родавы замак у Жэбянцяі запрасіў усіх, каго добра ведаў. Нават аднаго старога, якога ўсе мелі за вар’ята, бо ён увесь час плёў нешта няўцямнае, а калі зь яго сьмяяліся, не крыўдаваў. Празвалі яго Сакратам. Стары калісьці сябраваў з бацькам, загадваў бацькавай бібліятэкай і сам нешта пісаў.

Падкрэсьленыя характарыстыкі гэтага старога варта трымаць у памяці. Перад тым як высьветлім, што гэта за чацьвёрты элемэнт і якую функцыю ўвасабляе Сакрат-вар’ят, зьвернем увагу на наступныя немалаважныя нюансы.

Падгол вельмі ўважліва й сур’ёзна трактуе такі элемэнт урачыстай вячэры, як «чаркаваньне». «Колькі гімнаў сьпета чаркаваньню! Колькі словаў перабрана і адкінута дзеля апісаньня гэтай слаўнай працы, сапраўднага мастацтва чалавечых зносінаў! Ня дзеля п’янства ліхога, а дзеля ўзьнёсласьці душэўнай і ўрачыстасьці цялеснай бяруцца сапраўдныя мужыкі за чаркі...» Лёгкае ап’яненьне, перажываньне «ўрачыстасьці цялеснай» - гэта адна з умоваў індывідуацыі. «Ап’яненьне» ня трэба тут разумець літаральна, такога тыпу стан можа дасягацца таксама падчас эстэтычнага ўзрушэньня, закаханасьці, рэлігійных і містычных перажываньняў. (П’янства, алькагалізм - гэта ўжо роспачная і безнадзейная спроба кампэнсаваць няпройдзены этап разьвіцьцёвага «ап’яненьня».) Уся справа ў тым, што «ап’яненьне» - гэта стан, у якім аслабляецца рацыянальная функцыя, а якраз гэтая функцыя наймацней блякуе несьвядомае. Розум - гэта аўтар унутраных санкцыяў, і пакуль ён уладарыць у душы «цьвёрдай рукой», чацьвёртая функцыя застаецца ў несьвядомым. У рэальным жыцьці нярэдка можна спаткаць запраграмаваных пачціўцаў, пэдантаў і вырафінаваных буржуяў, людзей, зьняволеных нейкім штыўным канонам паводзінаў і жэстаў, пераважна нязносных для членаў сям’і і калег па працы. А гэта з-за таго, што празьмерная ўлада Розуму вядзе да атрафіі нават «стандартных» функцыяў: пачуцьцяў і волі. Такім чынам, «ап’яненьне» і аслабленьне рацыянальнай функцыі спрыяе дыфэрэнцыяцыі сьвядомасьці і вызваленьню новых абшараў псыхікі.

Чарговы важны момант у апісванай Падголам сцэне - гэта «стары сябра габрэй Пэйцах насупраць Лявона», безь якога «страўнік на ежу і не адгукаецца». «Сапраўдны беларус без сапраўднага габрэя - што бульба бяз солі». «Габрэй» - гэта ўстойлівы культурны й псыхалягічны вобраз іншага, які жыве побач. Габрэй зьяўляецца элемэнтам, які парушае племянную аднароднасьць і прымушае ўсьведамляць, што наша асяродзьдзе (і наша псыхіка!) неаднароднае. Габрэй стварае магчымасьць пераадолець асабовы й групавы эгаізм і адкрыцца на alter-ego. Гарманійнае жыцьцё і дружба Вылівахі і Пэйцаха паказвае, што псыхічнае разьвіцьцё і працэс індывідуацыі ідзе наперад.

Зьвернем цяпер увагу на ролю «Сымонкі-музыкі», які «на куце мосьціцца» і ня ведае, «пад якую паху скрыпачку прыладзіць». Паколькі ў апісванай сцэне адсутнічае вобраз аўтаномнай анімы, якраз Сымонка-музыка ўвасабляе пачуцьцёвую функцыю. Ён зьяўляецца тым, каторы ўзмацняе эфэкт ebrietas, «ап’яненьня», ролю якога мы ўжо растлумачылі. «На гэта й гарэлкі ня трэба, музыкай зачараваны ды іншых раўнадушнымі не пакіне, - каторы ўжо раз зьдзівіўся Выліваха». Натхнёны чымсь надпрыродным, Сымонка-музыка пачынае выконваць фукцыю анімы: «Чаруе. Нават калі гук аціх, чаруе душу». Зьявіўся на вячэру таксама «Ваяр Война. Чорны, няголены, нахабны. (...) Адзін супраць дзясятка і толькі іскрынка вар’яцкай весялосьці ў вачах. А на сьцягу слова бліскавіцай: Воля!» Тут ужо і тлумачэньні непатрэбны, адразу ясна, што ён сымбалізуе валявую функцыю.

Урачыстая пачостка цягнецца да позьняй ночы, але вось надыходзіць момант разьвітаньня з гасьцямі-прыяцелямі. Страх, жуда і самота, спароджаныя ўсьведамленьнем пэрспэктывы паядынку са Сьмерцю, навальваюцца на душу Вылівахі. Лявон прадчувае, што мусіць адбыцца своеасаблівы «сыход у пекла», у валадарства Сьмерці, Ідала і Страху. Адному яму гэта не пад сілу. Сьмяротная трывога паралізуе розум, волю й пачуцьці...

І ў гэты момант (іншага не прыгадаць было) падышоў да Лявона Сакрат. Супакоіў паглядам, рукой падхапіў і загаварыў, вачэй не адводзячы:

- Што здарылася, сынку?

Тут неабходна растлумачыць, чаму гэты Сакрат - вар’ят і чаму ён стары. Як ужо было адзначана, чацьвёртая функцыя, якой бракуе да псыхічнай цэльнасьці, тоіцца ў сфэры «ценю» і «несьвядомага». Такім чынам, сымбалем чацьвёртай функцыі можа быць толькі асоба, непрыкметная ў грамадзтве, або, яшчэ лепш, ідыёт, цалкам асацыяльная, дзікая, бескультурная, непаўнавартасная і шалёная асоба. (Згадайма пра ролю «ідыёта», «нэўротыка-эпілептыка», «прастытуткі» і «адчужанага падпольшчыка» ў творах Дастаеўскага, які апантана шукаў таго збаўленнага чацьвёртага элемэнту, які паклаў бы канец тагачасным жудасным паталёгіям «расейскай душы»: «смуте», «расколу» і «беспочвенности».)

Сакрат - стары, таму што ён злучае цяперашняе зь мінулым, сьвядомае зь несьвядомым:

- Дык вось, твая прапрабабка аднойчы ідалу тырчак адбіла, а прапрадзед таго ідала ў рэчку скінуў.

- Чуў пра гэта, як і аб тым, што яны ў яме пазнаёміліся, а калі іх выпусьцілі, ажаніліся. Але ня верыў - думаў, што гэта міт.

- Не! Тады ўсе чакалі ідалавай помсты. Вельмі доўга яны пражылі, а калі памерлі, чараўніца патлумачыла, што ідал іх не чапаў, бо баяўся. Лютым быў твой продак: калі б што з жонкай здарылася, тады ён бы ідала з рэчкі дастаў і на дробненькія кавалачкі раструшчэліў. А калі б мужа крануў, тады б жонка ідала ў пясок сьцерла. Чараўніца казала, што з-за гэтага ідал іх нават ахоўваў. Ненавідзеў, а бараніў.

Стары дбае пра зьдзяйсьненьне міту. Міт - гэта тэкст, у якім зашыфравана інфармацыя пра неўсьвядомлены патэнцыял. Сакрат зьяўляецца таксама колішнім «сябрам бацькі», г. зн. нясе адказнасьць за інтэграцыю аднаго з найбольш супярэчлівых архетыпаў: архетыпу Бацькі. Ён дапамагае адрозьніць Бацьку ад Ідала і Матку ад Сьмерці. Адрозьненьне пазытыўнага аспэкту Вялікай Маткі ад яе нэгатыўнага аспэкту - гэта канчатковае пераадоленьне комплексу Эдыпа, якое робіць магчымым вызваленьне чарговай порцыі псыхічнай энэргіі. Сакрат таксама замацоўвае ў душы Вылівахі сызыгію, усьведамляе яму, што альтруістычная лучнасьць Анімуса і Анімы, Яго і Яе здольная ня толькі нэўтралізаваць Ідала, а нават эксплюатаваць ягоную энэргію! («Ненавідзеў, а бараніў».)

Сакрат - гэта мудрэц-вар’ят-чараўнік, які зьяўляецца інтэгруючым элемэнтам, што завяршае працэс індывідуацыі. «Завяршае» - трэба разумець умоўна, бо зьяўленьне чацьвёртага элемэнту азначае насамрэч толькі заканчэньне аднаго этапу і пачатак наступнага. Карл Юнг сьцьвярджае, што самасьць - гэта рэчаіснасьць дынамічная, і ёй уласьціва эвалюцыя і трансфармацыя. Мудрэц-вар’ят дапамагае здабыць адно толькі часовую цэльнасьць і дазваляе бясьпечна «сысьці ў Валадарства Сьмерці», дзе зьявяцца новыя, больш сур’ёзныя выпрабаваньні. Там зноў трэ’ будзе пагрузіцца ў недыфэрэнцыяваную магму несьвядомага і шукаць самога сябе (эга), сваю аніму, і два арганізуючыя («верхні» і «ніжні») элемэнты.

Перад тым як зыдэнтыфікуем інфэрнальныя, «адхланныя» структуры самасьці ў Падголавым рамане, прапаную прасачыць працэс адраджэньня.

АДРАДЖЭНЬНЕ

...Пайшлі яны ў бібліятэку, і стары пачаў расказваць, і на вачах у Лявона ён паступова ператвараўся ў мудрага чараўніка з казкі. (...) Усю ноч гаманілі Лявон і стары. Раз-пораз выходзілі да гасьцей. Лявон за ноч перажыў новае жыцьцё - столькі даведаўся. А ўвесь наступны дзень яго сусед Князь Пятро паліў лазьню. Да сонца Выліваха мусіў парыцца. Сакрат чакаў таго моманту, калі можна будзе пачаць старадаўні рытуал.

Падобны матыў можам знайсьці і ў іншым выбітным «беларусазнаўчым» творы, у іншага Ўладзімера: «Каласах пад сярпом тваім» Караткевіча. Там таксама сустракаем рытуал купаньня, якое завяршае пэрыяд «дзядзькаваньня» Алеся Загорскага і распачынае працэс злучэньня ў душы двух аспэктаў беларускасьці: «мужыцкасьці» і «панскасьці», тутэйшасьці-эгалітарнасьці і элітарнасьці. Алесь Загорскі ў Караткевіча выконвае тую ж функцыю, што і Лявон Выліваха ў Падгола - функцыю эга, якое рызыкнула сысьці ў адхлань несьвядомага. У абодвух аўтараў вельмі моцна падкрэсьлена архетыпічная пара, сызыгія, саюз Яго і Яе (у Падгола - Лявон і Настачка, у Караткевіча - Алесь і Майка), зьяўляецца таксама вобраз старца (у Падгола - Сакрат, у Караткевіча - стары Вежа), які выпрабоўвае эга і стымулюе працэс індывідуацыі. Абодва - Караткевіч і Падгол - востра адчуваюць патрэбу аб’яднаньня дзьвюх Беларусяў - «сьвятой» Беларусі і «праклятай» Беларусі.

Лазьня, купаньне - гэта ўнівэрсальны сымбаль адраджэньня і ачышчэньня. Эфэкт адраджэньня ўзмацняецца яшчэ дадаткова матывам параньня:

Мудрэц сказаў:

- Глядзі. Усе камяні чырвоныя, як сонейка ... Камяні назапасілі гойны жар агню, які можа ацаляць і гартаваць...

Яны селі на паліцу, быццам у печ: гарэла ўсё цела, пякло ў роце і носе...

- Гэтую лазьню я рабіў разам з тваім бацькам. Хто папарыцца ў ёй - лучыцца з багамі старажытнымі...

- Дык тады, можа, і ў багоў ператворымся? - спытаў Лявон.

Стары не адказаў, лінуў на камяні настой з траў.

Параўнаньне «быццам у печ» тут вельмі дарэчы: лазьня-парыльня нагадвае vulva, матчына ўлоньне. «Жар агню» дапаўняе тайну купаньня, гэтаксама як канфірмацыя дапаўняе хрышчэньне ў хрысьціянстве. (Параўнайце словы Яна Хрысьціцеля: «Я хрышчу вас вадою, а Ён хрысьціць вас будзе Духам Сьвятым і агнём» - Мц 3:11.) «Старажытныя багі», зь якімі завязваецца лучнасьць у выніку параньня ў лазьні, - гэта істоты, якія жывуць у несьвядомасьці, хаўрусьнікі эга. Маўчаньне старога ў адказ на пытаньне Лявона «Можа, і ў багоў ператворымся?» трэба інтэрпрэтаваць, хутчэй за ўсё, як silentium reverentiae, маўчаньне, функцыя якога ёсьць ушанаваць глыбокую таямніцу. (Параўнайце цытаваныя Хрыстом словы з кнігі Псальмаў: «Кажу вам: багамі зьяўляецеся» - Псальма 82:6, а таксама сьцьверджаньне: «Божае Царства - унутры вас» - Лк 17:21.)

- Забудзь пра сябе - трэба злучыцца з духам, аддаць сябе, душу сілам зямлі і нябёсаў, паветра і вады. (...) Зёлкі гэтыя, сабраныя кожная ў свой дзень ці ноч, калі яны квітнелі, каб палюбіць... Кветкі зьбіралі і ў самы доўгі дзень году, таму яны назапасілі ўсю гойную моц Перуна-бацькі і Зямлі-матухны.

«Забудзь пра сябе» сугучна з Хрыстовым: «Хто хоча ўратаваць сваё жыцьцё, згубіў яго, а хто згубіць сваё жыцьцё дзеля Мяне, знойдзе яго» - Мц 10:39, а таксама Юнгавым вучэньнем пра «страту душы» як неадлучны момант адраджэньня і індывідуацыі. Пярун-бацька і Зямля-матухна - гэта мужчынскі й жаночы архетыпы, якія цяпер ужо цалкам пазбаўлены сваіх амбівалентна-дэструктыўных формаў, бо ўзьдзейнічаюць яны на эга не непасрэдна, а толькі праз «кветкі» і «зёлкі». Кветкі і зёлкі, гэтыя кволыя істоты, пазбаўненыя той уладнасьці, якая ўласьціва Матцы і Бацьку.

«Ты цяпер не пра сябе думай, - цягне далей мудрэц-чараўнік, - слухай, што кажуць камяні... І душу расхіні, бо яна лучыцца з магутнымі душамі. Яны ўжо шэпчуць пра нешта. Ціха! Чуеш што яны гавораць...»

Вось і адказ на зададзенае Вылівахам хвіліну раней пытаньне: «Можа, і мы ператворымся ў багоў?» Так, багі жывуць унутры нас, тояцца ў несьвядомым. (Параўнайце прыпавесьць Хрыста «Пра скарб, схаваны ў глебе».) Памятаць усё ж трэба, што «вызваленьне багоў» - гэта небясьпечны працэс, бо разам з багамі могуць (а нават мусяць!) павылазіць і чэрці.

«А ці ёсьць сярод гэтых кветак папараць?» - пытаецца Выліваха, і гэтае пытаньне тут надзвычай істотнае і патрэбнае. Выліваха адчувае, што яшчэ не адбылося поўнага злучэньня з анімай. Старац адказвае, як і належыць, загадкава:

- Можа, і ёсьць. Можа, нават Князёўна папараці цяпер свае чароўныя сілы нам аддае.

- Як гэта? Што за Князёўна?

- Князёўна папараці, кветка, мае сакрэт, якога людзі ня ведаюць, а Сьмерць яго каму і адкрые, дык тут жа да сябе таго чалавека і возьме. Хавае Кашчавая сакрэт кветкі-чараўніцы.

Адбываецца тое, аб чым ужо была гаворка: пачынае фармавацца новая структура самасьці: новае, адроджанае эга, новая Пара (Анімус і Аніма) і новая Чацьвёрка. Старац ёсьць чацьвёртым, «ніжнім» элемэнтам папярэдняга этапу індывідуацыі і адначасна першым, «верхнім» элемэнтам новага этапу. У новай псыхалягічнай сытуацыі Лявон пачынае шукаць жаночую частку сваёй душы, зноў Ён шукае Яе, зноў фармуецца новая сызыгія: Animus Renatus i Anima Renata - «адроджаны дух» і «адроджаная душа».

І зноў паўстае трывожнае пытаньне: а хто чацьвёрты?

На гэты раз адказ намнога больш страшны і дзіўны: чацьвёртым элемэнтам зьяўляецца Ідал, а на больш глыбокім узроўні - Сьмерць. Нельга да канца адрадзіць сваю аніму без спатканьня са Сьмерцю. Але і без адроджанай анімы нельга перамагчы Сьмерць і вызваліцца ад Ідала! Вось што кажуць мудрэц-чараўнік і чырвоныя камяні:

- Беларус, які перад тварам Сьмерці ня толькі не палохаўся, а, наадварот, закахаўся ў дзяўчыну ці ў жанчыну, - атрымліваў Князёўну папараці - ад Бога. Тады Кветка-чараўніца надзяляла абранца незвычайным зрокам. Мог ён разгледзець у душы любога чалавека зародак каханьня і прывід сьмерці.

Стары лінуў на камяні, яны запыхкалі, зашапацелі. Старац казаў, а Лявону падалося, што камяні шэпчуць: «Такх-так-х... ках-ханьне... ч-шаканьне... Стары адкінуў галаву, заплюшчыў вочы і прамаўляў ужо аднекуль зь іншага сьвету:

- Князёўна дае ўладальніку разумець мову ідалаў. І галоўнае - Князёўна папараці робіць Боскага абраньніка ўладаром Кулі.

«Кветка-чараўніца надзяляла абранца незвычайным зрокам». Зрок - гэта сымбаль інтэлекту, то бок, рацыянальнай функцыі. Сапраўднае каханьне - насуперак распаўсюджанаму меркаваньню amantes amentes («хто кахае - пазбаўлены розуму») - насамрэч узмацняе розум і завастрае зрок (параўнайце ў Плятона: «эрос - філософос»). Яшчэ больш важнай функцыяй кветкі-чараўніцы (якая тут, нагадаю, сымбалізуе аніму) ёсьць даваньне здольнасьці «разумець мову ідалаў», гэта значыць магчымасьць асвоіць і інтэграваць ідалаў у псыхічную цэльнасьць. Падкрэсьліць трэба, што мы ня ведаем, якую насамрэч сілу тояць у сабе Ідал і Сьмерць і што будзе, калі і яны будуць паддадзены трансфармацыі, адраджэньню. (У Дабравесьці Госпада-Хрыста сьмерць непарыўна зьвязана з уваскрасеньнем).

Куля - гэта апошні (у рамане Падгола) этап індывідуацыі. Але паміж Старцам і Куляй бытуе амбівалентная псыхалягічная «прастора» - Беларусь.

БЕЛАРУСЬ-NATURA І БЕЛАРУСЬ-CULTURA

Беларусь - гэта ня толькі геапалітычная рэчаіснасьць, яна ў першую чаргу ёсьць псыхалягічнай рэчаіснасьцю. Гэта складаны і неадназначны псыхалягічны комплекс, той «чацьвёрты элемэнт», адкрыцьцё якога важна для псыхічнага разьвіцьця людзей на пэўным геаграфічным абшары (на іншых абшарах абавязваюць іншыя інтэгруючыя сымбалі). На першых этапах свайго праяўленьня Беларусь явіцца як «Санта-балота» (адзін з назоваў Падголавага раману) - «сьвятое балота», нейкая дзікая і таямнічая прастора.

«Natura» i «cultura» тут трэба разумець у першапачатковым, этымалягічным значэньні. «Natura» - гэта апрадмечаны дзеепрыметнік будучага часу (participium futuri), які паходзіць ад дзеяслова «nascor, natus sum» - нараджацца. Слова «natura» можна інтэрпрэтаваць і як дзейсны (актыўны) дзеепрыметнік, і як прымальны (пасіўны), і як зваротны (modus medius) (усе гэтыя тры інтэрпрэтацыі магчымы, дарма што канчатак «-ura» ёсьць рысай дзейснага стану, паколькі сам дзеяслоў «nascor» ёсьць няпоўным дзеясловам (verbum deponens), ня мае ўласнай актыўнай формы). Вылучым такім чынам тры базавыя значэньні слова «natura»: «тое, што будзе (мае намер) нараджаць», «тое, што будзе (павінна быць) народжана» і «тое, што будзе (мае намер) нараджацца». Natura - гэта матка і дзіця адначасова. Можна казаць пра тры спосабы псыхалягічнага існаваньня Беларусі: Беларусь-innata, Беларусь-nata і Беларусь-renata: «ненароджаная», «народжаная» і «адроджаная».

Апрадмечаны дзеепрыметнік «cultura» паходзіць ад дзеяслова «colo, colui, cultum» і значыць «урабляць, апрацоўваць». Ізноў прымем дзьве інтэрпрэтацыі: актыўную і пасіўную. Cultura - гэта творчая сіла, якая трансфармуе нейкі матэрыял, грунт, а таксама глеба-якая-павінна-быць-уроблена. Такім чынам, культура знаходзіцца ў цеснай сувязі з натурай: культура паклікана ахоўваць «матку» і «дзіця», родзячае і роджанае. Гэта якраз тое самае, да чаго прыйшоў Марцін Гайдэгер у «Асноўных панятках мэтафізыкі» шляхам гермэнэўтыкі грэцкага «φυσισ» (этымалягічны эквівалент лацінскага «natura»): мысьляр і пясьняр (Denker und Dichter) - найбольш тыповыя прадстаўнікі культуры! - пакліканыя казаць, вы-казваць, па-казваць і такім чынам ахоўваць быцьцё (Sein). А некаторым дзеячам культуры «культура», мусіць, асацыюецца з «кансэрвацыяй», і яны сваю місію бачаць ня ў тым, каб ахоўваць тое-што-родзіцца, а каб кансэрваваць родную глебу! Інакш кажучы, замест таго, каб з матычкай або з плугам урабляць глебу, яны пачынаюць яе бэтанаваць, цэмэнтаваць і асфальтаваць, каб - барані Бог - нічога новага не прарасло... Вось недарэчнасьць!

Прасочым цяпер працэс нараджэньня і адраджэньня Беларусі ў псыхіцы.

Папярэдні (папярэдне прэзэнтаваны) этап індывідуацыі беларускай душы праходзіў водле такой структуры:

 
Князь
 
Ён romb (1K) Яна

 

Старац


Старац-чараўнік, як мы ўжо бачылі, выконваў функцыю псыхапомпа - ён увёў Выліваху ў новае вымярэньне:

 
Старац
 
Лявон romb (1K) Настачка

 

Беларусь


Карысна будзе кінуць вокам на працэс праяўленьня Беларусі ў сьвядомасьці Алеся Загорскага з раману Ўладзімера Караткевіча («Каласы пад сярпом тваім» і «Куля для прэзыдэнта» ў пэўным сэнсе ізамарфічныя: у Караткевічавым творы можна знайсьці амаль усе псыхалягічныя структуры, якія будуць адпавядаць псыхалягічным структурам у рамане Падгола). Алесь вярнуўся зь сялянскай хаты ў панскі палац. Пачаткова гэты падлетак перажывае пакутны раскол паміж «мужыцкай» і «панскай» часткай сваёй душы. І вось спатыкае інтэгруючы сымбаль:

І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы «Хлопец з канём» Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.

І ня ў тым справа, што хлопец быў - выліты ён, хаця і ў чужым заморскім касьцюме, а конь - сапраўдны Ўрга, той самы Ўрга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых...

Ня ў гэтым была справа.

Справа была ў тым, што празь лісьце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны...

У рамане Караткевіча трансфармацыі самасьці адпавядае наступства вобразаў «Белы конь»-«Стары Вежа»-«Беларусь», а ў рамане Падгола: «Князь»-«Стары Сакрат»-«Беларусь» (варта зацеміць, што ў беларускім гербе «Пагоня» накладваюцца вобраз Белага каня і вобраз Князя).

Беларусь на пэўным этапе псыхічнага разьвіцьця пачынае функцыянаваць як раздвоеная рэчаіснасьць. У таго самага Алеся Загорскага (сымбаль эга) на яве Беларусь бачылася як рамантычная «невядомая блакітная краіна», а ў сьне са сфэры несьвядомага «вылазілі» іншыя вобразы: «А ўначы прыходзілі забароненыя, брыдкія мужыцкія сны». У таго самага Караткевіча сустракаем супярэчлівыя прэдыкацыі адносна Беларусі: «прыўкрасная» і «няшчасная», «каханая» і «зьнішчаная». У многіх іншых аўтараў зьяўляюцца ці то мартыралягічныя матывы: «Беларусь Укрыжаваная», ці то хрысталягічныя (параўнайце з пазьнякоўскай інтэрпрэтацыяй колераў бел-чырвона-белага беларускага сьцяга як сымбаляў крыві і вады, што выцеклі з прабітага боку Хрыста). Беларусь супрагае ў сабе вобразы «Божага Гораду» (Civitas Dei) і «праклятай масы» (masa damnata), яна старая і маладая, старажытная і толькі-што-зьяўленая, народжаная (natio) і ненароджаная (innatio). Яна «цнатлівая» і «згвалчаная», ганарыстая і пакорлівая, верная і прадажная - усё гэта можна знайсьці ў беларускіх прарокаў-песьняроў, выражальнікаў калектыўных пачуцьцяў. Беларусь - гэта тыповая meretrix casta, «чыстая прастытутка», «прыгажуня-спачвараная».

Перажываньне раздвоенасьці, хоць і ня дужа камфортнае, мае вялікае значэньне, яно сыгналізуе правільны ход разьвіцьця. Тым ня менш, раздвоенасьць тоіць у сабе і небясьпеку: калі ня зьявіцца інтэгравальны элемэнт («верхні» і «ніжні»), то можа пачацца рэгрэс, а менавіта спроба выцесьніць у несьвядомае адзін з аспэктаў Беларусі. У выніку паўстаюць устойлівыя і небясьпечныя комплексы: або «комплекс непаўнавартасьці» (фіксацыя на цёмных аспэктах Беларусі), альбо «комплекс звышвартасьці» (фіксацыя на сьветлых аспэктах).

Гляньма, якая структура паўстае ў выніку пошукаў новага інтэгруючага элемэнту:

 
Беларусь
 
беларускія багі romb (1K) папараць-кветка

 

Ідал


Як бачым, у меру поступу індывідуацыі ўся справа ня толькі не вырашаецца, а нават ускладняецца. Ідал як інтэгруючы элемэнт яшчэ больш узмацняе амбівалентнасьць, а нават выклікае паняверку: ці нашае разьвіцьцё ідзе ў правільным кірунку? І тут нас супакойвае... лепш сказаць устрывожвае Карл Юнг: ніжні элемэнт пераважна явіцца як чорная сіла, д’ябал, абсалютнае зло. (Калі «наверсе» - дасканалы Хрыстос, то «ўнізе» - грэшны Адам, а ў больш глыбіннай структуры: Адам - верхні элемэнт, а ўнізе - зьмей-дэман.)

Каменны ідал натуральным чынам выклікае адмоўныя пачуцьці: варожасьць і страх. Тым ня менш, у такіх выпадках неабходна запытаць - раіць Юнг - пра адваротны бок зьяўленага сымбалю. Ідал - чытаем у Падгола - гэта дзіця і гадаванец Сьмерці. Здавалася б, абсалютнае зло. Але нельга тут прапусьціць адну інтрыгоўную акалічнасьць, а менавіта тое, што Сьмерць нарадзіла і выхавала Ідала пад уплывам каханьня! Ідал зьявіўся на сьвет у выніку неадольнай цягі Сьмерці да жыцьця і каханьня. Варта нагадаць таксама, што сьмерць зачала Ідала ад... дзядзькі Вылівахі! Лявон Выліваха - гэта стрыечны брат Ідала. Ідал - гэта цень шляхетнага беларуса... Як кажа цытаваная ў эпіграфе кубінская пісьменьніца-дысыдэнтка Зоэ Вальдэс: «У кожным з нас жыве маленькі Фідэль». У кожным з нас - можам сказаць, перафразуючы Зоэ - жыве маленькі лукавы Ідал!

Ідал - гэта ўстойлівая структура беларускай псыхікі. У грамадзка-палітычным пляне каменны Ідал праяўляецца як улада «моцнай рукі»: ён, з аднаго боку, ёсьць гарантам «парадку» і «стабільнасьці» (дазваляе ўціхамірыць беларускія супярэчнасьці), а з другога боку, абмяжоўвае, а нават зьнішчае свабоду і блякуе далейшае разьвіцьцё. Гора беларусам, калі спыняцца на гэтым «ідалапаклончым» этапе разьвіцьця.

Каменны Ідал можа ўсё ж стацца тым славутым «філязафічным каменем», які стымулюе трансфармацыю сьвядомасьці. Што праўда, далейшае пагружэньне ў несьвядомае нічога суцяшальнага не нясе:

 
Ідал
 
беларускія душы romb (1K) сорак дыктатараў

 

СЬМЕРЦЬ


але яно неабходнае для індывідуацыі. Ня будзе «і на нашай вуліцы кірмаша», калі не сутыкнемся з найбольш цёмнымі і жудаснымі аспэктамі нашай псыхікі. Іван Жахлівы, які загадаў Лявону гвалціць уласную дачку, а калі той не хацеў, то сам адсек яму чэлес са словамі «То тады я згвалчу яе тваім х...», Мураўёў-Вешальнік, Гітлер, Сталін - усё гэта рэчаіснасьць, якая тоіцца ў адхланях нашага несьвядомага - калектыўнага і асабовага. На дне гэтага пекла знаходзіцца галоўны спонсар зла і страху - СЬМЕРЦЬ.

І тут найлепшы момант, каб успомніць прароцтва адносна кветкі-чараўніцы, якая сымбалізуе аніму. Стваральная энэргія магічнай папараць-кветкі бытуе ў душах тых беларусаў, якія ня страцілі здольнасьці кахаць. Парадаксальна, але менавіта ў часе найбольшага трыюмфу Сьмерці (пэрыяд пасьля чарнобыльскай аварыі) праяўляецца вырашальны і канчатковы (цяпер ужо сапраўды канчатковы) трыюмф Каханьня! (Параўнайце словы Сьвятога пісаньня: «Дзе, аднак, узмоцніўся грэх, там яшчэ шырэй расплылася Ласка» - Рымлянаў 5:20.) І гэты трыюмф Каханьня - варта ўвагі - зусім ня ёсьць літаратурнай праекцыяй Падгола; аўтар раману адмыслова прывёў дзясяткі вытрымак з розных газэт, якія рэфэруюць гераічныя і на першы погляд шалёныя ўчынкі закаханых людзей, што апынуліся перад абліччам сьмерці сваіх каханых. І менавіта яны - плеяда закаханых чарнобыльскіх душаў - утварылі ў касьмічнай прасторы «Зорны Чарнабыльнік», які выпрамяняе чароўныя галасы вячыстай песьні закаханых-памерлых. І гэтыя галасы аказваюць як быццам цудадзейны ўплыў на спрасаваныя «саламяныя» беларускія душы: гэтыя пачынаюць абуджацца і адраджацца...

А што са Сьмерцю?

Зорны Чарнабыльнік - гэта таксама сьмерць: сьмерць Сьмерці:

 
Зорны Чарнабыльнік
(=сьмерць Сьмерці)
 
Animus Renatus romb (1K) Anima Renata

 

Куля


Куля → (акола) - найбольш выразны і ўнівэрсальны сымбаль самасьці. Куля - гэта альхімічнае rotundum (круглае), якое аб’ядноўвае архетыпічную чацьвёрцу і ў якім злучаюцца чатыры стыхіі: Вада, Агонь, Зямля, Паветра, а таксама эвангелічнае granum sinapis (зярнятка гарчыцы), «найменшае сярод зерняў, зь якога вырастае вялікае дрэва, пад якім нябесныя птушкі зьбіраюцца і гнёзды будуюць сабе» (Мц 13:31). Куля зьяўляецца таксама στιγμα (пункт), у якім сустракаюцца і злучаюцца супрацьлегласьці (coincidentia oppositorum).

Зроблены намі аналіз фэномэну Беларусь-natura дазваляе зрабіць пару зацемаў-рэфлексіяў адносна Беларусь-cultura.

Няпраўду кажа Леанід Лыч, што «ўсе нашыя беды» бяруцца быццам бы з таго, што «беларускі народ - ня ў прыклад іншым эўрапейскім народам - не прайшоў сапраўднай школы нацыяналізму». Усе нашы беды не з таго, што мы не прайшлі «школы нацыяналізму», а з таго, што не адбыўся працэс дыфэрэнцыяцыі беларускага грамадзтва. Усьцяж моцныя ў нашай сьвядомасьці рэлікты племяннога сьветаўспрыманьня, надалей дамінуе ўстаноўка на гамагенную і замкнёную супольнасьць. Праваслаўныя, напрыклад, ня ведаюць, што рабіць з каталікамі, а каталікі - з праваслаўнымі, «сьвядомыя» - зь «несьвядомымі», і наадварот, «эўрапейскія» - з «савецкімі», і vice versa. Нацыяналізм жа можна акрэсьліць як мастацтва ідэнтыфікацыі «сваіх» і «чужых», а гэта - мякка кажучы - ня дужа высакароднае майстэрства, і гэтае майстэрства найменей цяпер патрэбна.

Усе беды беларусаў бяруцца з таго, што беларусы ня любяць адзін аднаго. А ня любяць, бо баяцца адзін аднаго, а баяцца, бо ня ведаюць адзін аднаго. Невуцтва, страх і нянавісьць - вось асноўныя нашыя грахі і крыніца нацыянальных няшчасьцяў. Парадаксальным чынам, блюзьнерскія словы Акудовіча, кінутыя Богу: «Ня Ты, грэх - наш бацька» - у гэтым кантэксьце аказваюцца цэльнымі: дапраўды, згаданыя беларускія грахі і легітымізуюць панаваньне бацькі-дыктатара.

Калі ў рамане Падгола трансфармацыя сьвядомасьці праходзіць пасьпяхова, то перш за ўсё таму, што на кожным этапе зьяўляецца каханьне. Любоў, як вучыць сьвяты Тамаш Аквінскі, - гэта vis concretiva et vis unitiva - злучальная і яднальная сіла. Такім чынам, як ужо было прыкмечана, любоў утварае «злучальную тканку» і альтэрнатыву для мэханічнага, сілавога аб’ядноўваньня. Поруч з каханьнем Падгол асобна падкрэсьлівае ролю гумару. Беларускі бог Хіхатун зьявіўся тады ў лазьні і зьяўляўся амаль на ўсіх этапах індывідуацыі, а і сам раман, нягледзячы на сур’ёзнае зьмесьціва, перапоўнены сьмехам, жартам і забавай. Цікава, што ў мэдыцыне сыстэма кровазвароту называецца гумаральнай сыстэмай (humor - вільгаць), аналягічна і ў псыхічнай сфэры гумар адказвае за правільны «энэргазварот», амартызуе стрэс і разблякоўвае адносіны.

Палітыцы сьмерці наканавана сьмерць.

* * *

Адкрытыя намі псыхалягічныя структуры можна лічыць ключом - прынамсі, зубком ключа - да псыхааналітычнай інтэрпрэтацыі «Кулі».

Рэфлексію над раманам Падгола варта закончыць адной павучальнай прыпавесьцю. Ішоў дарогаю стары, зьнямоглы чалавек, на кіёчак абапіраючыся, а насустрач яму шпаркім крокам крочыць малады і дужы, але, відаць, задзірысты хлапец. «Гэй, стары чорце, - крычыць хлапец, - з дарогі сыдзі». Стары ў адказ культурна папрасіў даць яму прайсьці. У адказ малады асілак паваліў старога на зямлю і жорстка зьбіў яго. Праз тыдзень хлапец захварэў і то настолькі, што ніякі лекар ня мог уцяміць, што гэта за хвароба і як яе лячыць. Калі ўжо юнак быў ледзь не пры сьмерці, зьявіўся да яго стары, той самы, каторага гэты хлапец бязьлітасна зьбіў. І высьветлілася, што гэты стары - прафэсіянал у баявым майстэрстве, і што падчас той бойкі ён нанёс тры непрыкметныя ўдары юнаку, але настолькі трапныя, што той неўзабаве занядужаў і апынуўся на ложы сьмерці. Але той самы стары ведаў і сакрэт лячэньня гэтай хваробы, даў юнаку адпаведныя лекі і такім чынам уратаваў яму жыцьцё.

Мараль гэтай прыпавесьці адносіцца да сучаснай палітыкі. Як бы апантана рэжым ні змагаўся з культурай і жыцьцялюбнай этыкай, яна, культура, заўсёды здолее нанесьці два-тры (а болей і ня трэба) трапныя ўдары, ад якіх уся аўтарытарная палітычная сыстэма апынецца на ложку сьмерці. Культура - як кажа Булгакаў - страшэнная сіла.

Культура сьмяецца з палітыкі.

Кракаў, люты 2005

  выбітны беларускі мысьляр.






















1Кубінская пісьменьніца-дысыдэнтка.
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/8