A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
ГЕНАДЗЬ СЕМЯНЧУК | ||||
Беларускі катэхізм ХVI ст. У гісторыі беларускай культуры, літаратуры і мовы ў дачыненні да ХVI ст. побач з друкаванымі кнігамі Францыска Скарыны згадваюць пераважна «Катэхізіс» Сымона Буднага 1562 г., «Евангелле» Васіля Цяпінскага (70-я гг. XVI ст.), праваслаўны «Катэхізіс» Стафана Зізанія 1595 г., «Граматыку Славенскую» і «Лексіс» Лаўрэнція Зізанія. Малалікасць друкаваных тэкстаў (а яны, у адрозненне ад рукапісных, маюць непараўнальна большы наклад, што аўтаматычна пашырае прастору адукаванасці) на беларускай мове аб’ектыўна звужае магчымасці значна глыбейшага канструявання мінулага ВКЛ і ролі беларусаў і беларускасці ў жыцці і культуры названай дзяржавы. Казачным падарункам для беларускай навукі ў гэтай сітуацыі з’явілася кніга «Język ruskiego przekładu Katechizmu Jezuickiego z 1585 roku» праф. Адама Фалоўскага, кіраўніка кафедры ўкраіністыкі Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Ягайлаўскага універсітэта ў Кракаве. Дадзеная праца складаецца з трох аналітычных раздзелаў і фатакопіі арыгінала Катэхізіса 1585 г. кірылічным альфабэтам, з дадаткам лацінамоўнай версіі гэтага ж твора з 1570 г. Прадметам даследавання Адама Фалоўскага стаў «рускі» пераклад езуіта Пятра Канізіуса лацінскага Катэхізіса «Parvus catechismus catholicorum», які пабачыў свет у 1585 г. і набыў неверагодную папулярнасць, пра што сведчаць 400 яго перавыданняў на працягу 150 гадоў. Поўная назва «рускага» перакладу гучыць наступным чынам: «Катехизьмъ или наоука всемъ православнымъ хрстіяномъ к повчению вельми полезно з латинского языка на рускій языкъ ново преложоно. Друкованъ оу Вильни року Бо(ж) Наро(ж) 1585 з дозволеньемъ старъшихъ». Дагэтулешняя малавядомасць дадзенага «рускага» тэксту ў славістыцы выклікана яго пэўнай недасягальнасцю. Было толькі адзінае выданне, з якога на сённяшні дзень захавалася два асобнікі ва універсітэцкай бібліятэцы г. Упсала (Швецыя) «Carolina Rediviva». Другі з іх стаў падставай аналізу праф. А. Фалоўскага і надрукаванай у яго кнізе фатакопіі. Рэдкая і вельмі абмежаваная інфармацыя пра Катэхізіс 1585 г. (прычым толькі пра 11 старонак, якія захоўваюцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе) была змешчана на старонках расійскіх і польскіх бібліяграфічных каталогаў ХІХ – пач. ХХ стст. Паводле мікрафільма з Ватыканскай бібліятэкі прадстаўлена апісанне Катэхізіса 1585 г. у зводным каталогу «Кніга Беларусі 1517–1917». Інфармацыю гістарычна-культурнага характару знаходзім на старонках кнігі Андрэя Катлярчука «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў» (Менск, 2002. с. 157–159). Яшчэ горшыя былі справы з навуковым мовазнаўчым і культуралагічным аналізам Катэхізіса 1585 г. Толькі аднойчы 11 старонак 5 раздзела з Санкт-Пецярбурга былі даследаваны ў мовазнаўчым аспекце акад. Яўхімам Карскім – у 1893 г. у артыкуле «Два памятника старого западнорусского наречия: лютеранский катехизис 1562 г. и католический катехизис 1585 г.». Амаль праз сто гадоў, у 1996-м, віленскі Катэхізіс у якасці параўнальнага матэрыялу выкарыстаў у сваіх даследаваннях шведскі славіст А. Нігольм (A. Nyholm) «Tva «svenska» lutherska katekeser pa ryska» (Uppsala, 1996). З’яўленне «рускага» перакладу каталіцкага Катэхізіса было адным з вынікаў дзейнасці езуіцкага ордэна на землях Вялікага Княства Літоўскага. Вядома, што ў створанай езуітамі ў 1570–1579 гг. Віленскай Акадэміі выкладалася руская мова: кожны дзень зранку і папоўдні вучылі чытаць і пісаць, а потым перакладаліся і вучыліся на памяць тэксты з Бібліі і Катэхізіса. Пра гэта яскрава сведчыць расклад заняткаў у Акадэміі за 1583 г.: «Index lectionum et exercitationum, quae in singulis gymnasiis catholicae Academiae Vilnensis cal. Octobris anni 1583». З названай вышэй крыніцы даведваемся імя аднаго з выкладчыкаў «рускай» / беларускай мовы – Лаўрын Маніцовіюс з Коўна (Wawrzyniec Monicovius). Сапраўдным ініцыятарам «рускага» перакладу Катэхізіса і яго выдання на тэрыторыі ВКЛ быў папскі легат у тагачаснай Рэчы Паспалітай, вучоны тэолаг, знакаміты арганізатар і дыпламат, выбітны езуіт Антоні Пасевіна (1533–1611). Менавіта ён у 1581 г. быў пасланы ў Масковію з мэтай схілення цара Івана IV Жахлівага на падпісанне міру са Сцяпанам Батурам, што і адбылося ў 1582 г. у Яме Запольскім. І пры гэтым Антоні Пасевіна выконваў яшчэ місію Ватыкана ў справах магчымай царкоўнай уніі паміж Маскоўскім патрыярхатам і Рымам. Ён быў рамантыкам і не ведаў маскоўскай палітыкі і традыцый, таму рэлігійныя пытанні былі не вырашаныя (дарэчы, дачыненні паміж Маскоўскім патрыярхатам і Ватыканам застаюцца нявырашанымі да сёння). Сваё падарожжа на Усход Антоні Пасевіна апісаў у кніжцы «Moscovia» (Вільня, 1586). Пэўныя няўдачы ў рэлігійнай місіі схілілі яго да думкі арганізаваць прапагандысцкі ўплыў каталіцызму на праваслаўнае насельніцтва ВКЛ і Маскоўскага царства пры дапамозе асветы і кнігадрукавання. Ужо ў сваёй справаздачы ў Рым ад 29 верасня 1581 г. (па выніках маскоўскага падарожжа) ён прадставіў грунтоўны план перакладаў і выданняў тэалагічна-палемічных твораў, літургічных кніг і дыдактычных матэрыялаў. Сярод шматлікіх пазіцый на трэцім месцы размясціўся Катэхізіс Пятра Канізіуса. Праф. А. Фалоўскі мяркуе, што аўтарам перакладу мог быць беларускі шляхціц Васіль Замаскі, што паходзіў з беларускай вёскі Замошша (Вялікае і Малое Замошша на захад ад Полацка), якая ў 1582 г. была перададзена Сцяпанам Батурам езуіцкаму калегіуму ў Полацку. Вядома, што Васіль Замаскі (як Basilius Amaski Ruthenus) быў вельмі блізкай да Антонія Пасевіна асобай. Ён выконваў функцыі другога перакладчыка пры ягоным пасольстве ў Маскву і функцыі асабістага сакратара ў кантактах з царом ды «палітычнай элітай» Масковіі. Надрукаваны быў «рускі» пераклад Катэхізіса 1585 г. хутчэй за ўсё ў друкарні Дома Мамонічаў (дзейнічала ў 1575–1622 гг.), адзінай на той час у Вільні «фірме», якая валодала кірылічным шрыфтам і выдавала кнігі на беларускай і царкоўнаславянскай мовах. Другі раздзел даследавання праф. Фалоўскага прысвечаны мове Катэхізіса 1585 г. Першае, што адзначае кракаўскі даследчык, гэта адлюстраванне ў правапісе Катэхізіса з’яваў, якія належаць да жывой беларускай мовы і якія ў XVI ст. паспяхова прабіваліся праз нягнуткія афіцыйныя нормы царкоўнаславянскай арфаграфіі. Напрыклад: уніфікацыя галоснага [е]; дыспалаталізацыя [р], аканне, пераход [у] у [ў]. Глыбокі фанетычна-граматычны і лексічны аналіз мовы перакладу Катэхізіса 1585 г. дазволіў праф. Фалоўскаму даказаць, што на графічна-фанетычным і флексійным узроўнях яна роднасная мове перакладаў рэлігійных кніг Францыска Скарыны. Несумненным фактам, на думку кракаўскага прафесара, з’яўляецца залежнасць мовы Катэхізіса 1585 г. ад мовы тэкстаў Ф. Скарыны і на лексічным узроўні. На 1380 адзінак, якія ўтрымлівае Катэхізіс, больш за 910 складаюць словы і выразы, формай і зместам падобныя да словаў і выразаў з тэкстаў беларускага гуманіста. І толькі 470 адзінак не маюць поўнага фармальна-сэнсавага эквівалента ў мове Ф. Скарыны. Праўда, ільвіная частка гэтых лексем, ужываных езуітамі ў мове Катэхізіса, знаходзіцца ў слоўніку Ф. Скарыны ў форме роднаснай, напрыклад: творец (К) – творитель (С); добрость (К) – доброта, добротливость (С); идолохвальство (К) – идолохваление (С); видимый (К) – видети (С); дозволение (К) – дозволити (С) і іншыя. Застаецца зусім малая група лексем (134 адзінкі), якія дазваляюць гаварыць пра асаблівасць мовы Катэхізіса. У першую чаргу гэта новыя неабходныя тэрміны / паняцці, якія не існавалі ў свеце Старога Запавету – крыніцы перакладаў Ф. Скарыны, а з’явіліся ў хрысціянскай навуцы, абапертай на вучэнне Хрыста і Усеагульнага касцёла. У дадзенай сітуацыі перакладчыкі Катэхізіса апынуліся перад сітуацыяй стварэння новых лексем, якія адсутнічалі ў тэкстах Ф. Скарыны. Праф. Фалоўскі лічыць, што перакладчыкі новыя словы чэрпалі перадусім з царкоўнаславянскай і польскай моваў. Шмат якія неалагізмы з таго часу зрабіліся лексічнымі нормамі сучаснай беларускай мовы. Гэта словы неславянскага паходжання: катэхизм, друковати, ересь, схизматик; паланізмы: трвати, надта, мордование, заизрость, повага, зычливасть, штодень і іншыя. Асновай для параўнання слоўніка Катэхізіса з моваю твораў Ф. Скарыны для А. Фалоўскага быў двухтомны «Слоўнік мовы Францыска Скарыны» (складальнік У. В. Анічэнка, Менск, 1977–1984), у якім, на жаль, ёсць вялікая колькасць памылак, асабліва семантычнага характару, што штурхае даследчыкаў да крытычнасці і асцярожнасці пры выкарыстанні гэтага даведніка, а гэта, у сваю чаргу, збядняе і аслабляе высновы. Падсумоўваючы свае аналізы, праф. Фалоўскі піша: «Вынікі моўнага аналізу, які ляжыць у аснове 2-га раздзела, паказалі на відавочнае падабенства мовы Катэхізіса да мовы кніг Ф. Скарыны. Такім чынам, пытанне пра характар мовы даследаванага помніка па сутнасці ёсць пытаннем пра характар мовы, створанай доктарам з Полацка». І праф. Фалоўскі сам жа адказвае на гэтае пытанне цытатай, актуальнай да сённяшняга дня ў мовазнаўчай Скарыніяне, з артыкула Аркадзя Жураўскага «Мова друкаваных выданняў Ф. Скарыны», змешчанага ў даследаванні «450 год беларускага кнігадрукавання» (Менск, 1968. с. 277–304), што
царкоўнаславянізмы з’яўляюцца пануючымі ў галіне лексікі і словаўтварэння, тады як у граматычным ладзе беларусізмы аказваюцца прадстаўлены больш шырока», і далей: «захаваўшы царкоўнаславянскую аснову ў сваіх перакладах, ён (Францыск Скарына – Аўт.) насыціў іх беларускімі моўнымі сродкамі ў такой меры, што яго мова заняла самае крайняе становішча ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы і фактычна аказалася прамежкавым звяном у працэсе пераходу ад царкоўнаславянскай мовы да беларускай у сферы рэлігійнага ўжытку.
Даказаўшы агульнасць мовы перакладаў біблійных тэкстаў, выдадзеных Францыскам Скарынам, і перакладу Катэхізіса 1585 г., А. Фалоўскі адзначае яшчэ адну важную рысу тагачаснай сітуацыі ў рэлігійным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Выданні Скарыны і праз 60 гадоў пасля іх з’яўлення на свет (1517–1519, 1522–1515) надалей ужываліся ў грамадстве, а іх мова, паводле пераканання езуітаў, была найлепшай прыладай для ўкаранення каталіцкай веры сярод праваслаўнага люду – беларусаў і ўкраінцаў. |
гісторык. Выкладае ў Ягайлаўскім унівэрсытэце (кракаў). |