A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


 

  ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
Выбары палітычнага выбару


За апошнія чатыры гады ўкраінская Памаранчавая рэвалюцыя стала трэцім паспяховым прарывам да дэмакратыі на посткамуністычнай прасторы, здзейсненым пры дапамозе выбараў. Беручы пад увагу агульны заняпад дэмакратыі ў постсавецкіх краінах, тэндэнцыя ўражвае і натхняе. Можа падацца, што мы бачым той самы спектакль, адно з рознымі касцюмамі і акцёрамі. Слабадан Мілошавіч робіцца Эдуардам Шэварднадзе, затым Леанідам Кучмам ці Віктарам Януковічам. Ваіслаў Каштуніца пераўвасабляецца ў Міхаіла Саакашвілі, які, у сваю чаргу, становіцца Віктарам Юшчанкам. Юлія Цімашэнка выклікае ў памяці вобраз Зорана Джынджыча; моладзевы рух Сербіі «Отпор» у Грузіі выглядае як «Хмара», а ва Украіне як «Пора».

Аднак народы заўсёды граюць самі сябе. Найбольш яскравым у гісторыі ўсіх трох рэвалюцый сталася нараджэнне праўдзівага духу дэмакратыі ў грамадствах, якія назіральнікі (у тым ліку і ўнутраныя) апісвалі як пасіўныя, абыякавыя, падпарадкаваныя і ад прыроды сваёй няздатныя да дэмакратыі. І раптам сербы, грузіны і ўкраінцы здабылі надзею, адкінулі страх, прадэманстраваўшы прыроджаную рашучасць, і павялі сябе так, што скептыкі мусілі задумацца, ці іх уласная прага да дэмакратыі роўная той, якую прадэманстравалі натоўпы ў Бялградзе, Тбілісі, Кіеве ды многіх меншых гарадах і селішчах. Народы Сербіі, Грузіі, Украіны выявілі цудоўны сплаў самаарганізацыі, гатовасці да самаахвяравання і абачлівасці (усе тры рэвалюцыі абышліся без чалавечых ахвяр, за выняткам адной смерці ў дарожным здарэнні ў Бялградзе). Дэмакратычныя лідэры рэвалюцый адмовіліся ад уласных амбіцый дзеля пошуку супольнай карысці. Грамадзянскія супольнасці трох краін напоўніцу давялі сваю сілу і самаадданасць.

Кожная падобная падзея дае спадзевы на далейшае распаўсюджанне дэмакратычных ідэй, на тое, што электаральная рэвалюцыя будзе шырыцца. Аднак энтузіязм і ўздым, спароджаныя Памаранчавай рэвалюцыяй, былі беспрэцэдэнтнымі. Украіна перадусім – вялікая, важная краіна, заўважная для тых краін рэгіёну, дзе стрэлкі гадзінніка пайшлі назад, у напрамку, адваротным дэмакратыі. Дух, прадэманстраваны на кіеўскім Майдане Незалежнасці, выйшаў далёка за межы Украіны: раптам выявілася, што ў Польшчы немагчыма купіць нічога аранжавага, і нават за акіянам дзе-нідзе цяжкавата было знайсці аранжавыя рэчы (аўтару гэтых радкоў давялося паблукаць па крамах, перш чым ён знайшоў у Бостане аранжавую майку). Размовы пра вірус дэмакратыі ўвайшлі ў лексікон навукоўцаў, журналістаў і палітыкаў. Сёй-той са спадзевам, сёй-той са страхам, нават з істэрыяй задае адно і тое ж пытанне: хто наступны?

Але ў гэтым пытанні цвярозы аналіз павінен дамінаваць над энтузіязмам і радасным трымценнем. Як здзяйсняюцца электаральныя рэвалюцыі і ці можна чакаць іх у краінах былога Савецкага Саюза, якімі кіруюць дыктатары? Якой рэакцыі варта чакаць ад іх? Ці не абяруць яны яшчэ горшай стратэгіі паводзін, чым цяперашняя? І што трэба рабіць, каб гэтага пазбегнуць?

ЯК ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА ЭЛЕКТАРАЛЬНЫЯ РЭВАЛЮЦЫІ?

Калі зірнуць на кантэкст трох электаральных прарываў да дэмакратыі, можа падацца, што аўтарытарныя кіраўнікі проста самі капалі сабе яму. Сербы і грузіны былі па горла сытыя вайной, галечай і карупцыяй, што разбуралі іх жыцці і руйнавалі іх грамадствы. У параўнанні з Сербіяй і Грузіяй, Украіна выглядала лепей. Прынамсі, у яе нядаўняй гісторыі не здаралася катастрафічных войнаў і калапсу сацыяльнай сістэмы. Але беднасці, сацыяльнай несправядлівасці, карупцыі і цынізму ўлады было зашмат, каб забыцца на іх нават пасля пары гадоў эканамічнага росту.

Народная незадаволенасць няздарнай і карумпаванай уладай была далёка не адзіным чыннікам рэвалюцыі. Насамрэч адбыўся не бунт падданых супраць «кепскага цара», а шырокі ўздым грамадзян, гатовых бараніць свой свядомы выбар – выбар дэмакратычнага шляху.

Моцная, рашучая, з’яднаная і добра арганізаваная апазіцыя ёсць неабходнай перадумовай электаральнай рэвалюцыі. Такога стану апазіцыі лягчэй дасягнуць, калі рэжым слабы і калі выбары яшчэ маюць нейкае значэнне. Але гэта не робіць змену ўлады аўтаматычнай. У найноўшай гісторыі дэмакраты ў нашым рэгіёне – з трыма названымі краінамі ўключна – найчасцей набывалі сумную вядомасць сваімі расколамі, унутранай грызнёй і неўтаймаванымі асабістымі амбіцыямі. Калі амбіцыі ўтаймаваныя, а расколы пераадоленыя, перамога становіцца больш верагоднай. Яе лягчэй здабыць, калі з шэрагаў апазіцыі вылучаюцца харызматычныя лідэры. Якраз гэта адбылося ў Грузіі з Саакашвілі і ва Украіне з дуэтам Юшчанкі і Цімашэнкі. Менавіта лідэры аб’ядналі апазіцыю ў абедзвюх краінах (цікава адзначыць, што і Саакашвілі, і Юшчанка паявіліся на палітычнай сцэне і прыцягнулі шырокую ўвагу як вышэйшыя ўрадоўцы тых рэжымаў, якія яны ўрэшце зрынулі). Інакш разгарнуліся падзеі ў Сербіі: там апазіцыя спачатку аб’ядналася, а потым дамовілася аб супольнай працы з кандыдатам, які мог перамагчы Мілошавіча. Хаця Ваіслава Каштуніцу цяжка назваць харызматыкам, стаўка на яго выявілася шмат з якіх прычын дужа ўдалай.

У цэлым, хоць электаральныя рэвалюцыі вымагаюць супадзення вялікай колькасці разнастайных фактараў, моцны лідэр здаецца менавіта той велічынёй, што звязвае іх у адзіны вузел. Мілошавіч мог пазбыцца ўлады і да 2000 г., але ніхто, акрамя Каштуніцы, не здолеў яго скінуць. Кучма абрыдзеў украінцам, якіх ён нацкоўваў міжсобку (усходнікаў на заходнікаў і наадварот), але без Юшчанкі наўрад ці нават распачалася б Памаранчавая рэвалюцыя супраць пераемніка, выбранага Кучмам. На шчасце, Мілошавіч недаацаніў Каштуніцы, а Юшчанка выжыў пасля атручэння. Аднак шмат дзе дэмакратам гэтак не шчасціць. Забойства, выкраданне, зняволенне альбо крывавая расправа з папулярным лідэрам апазіцыі можа адкласці перамены на гады або нават дзесяцігоддзі. Многія аўтарытарныя кіраўнікі на ўсім свеце захавалі ўладу і аднаасобна лідзіравалі ў рэйтынгах папулярнасці менавіта таму, што наўкола не было нікога, хто наэлектрызаваў бы грамадства, кінуўшы сур’ёзны выклік рэжыму.

РЭВАЛЮЦЫЯ ПАВОДЛЕ ПРАВІЛАЎ

Каб зразумець логіку электаральных рэвалюцый, трэба згадаць яшчэ адну важную дэталь: строгае захаванне іх лідэрамі права. Хаця яны маняцца парваць з мінулым і не саромеюцца, калі гэта неабходна, ужываць ціск (не абавязкова гвалт), яны стараюцца легітымізаваць сябе, гуляючы па правілах, усталяваных інстытутамі і лідэрамі, супраць якіх змагаюцца. Для Каштуніцы было важна атрымаць перамогу, прызнаную судом, а не толькі натоўпам, які сабраўся ў яго падтрымку. У грузінскім выпадку легітымнасць перамогі апазіцыі і фармальная пераемнасць былі набыты праз дасягненне кантролю над парламентам. Ва Украіне зарукай набыцця легітымацыі ў рамках існуючай сістэмы былі вялікая прысутнасць апазіцыі ў парламенце і здольнасць Вярхоўнага суда прымаць самастойныя рашэнні.

Чаму захоўваць права так важна? Калі рэвалюцыя не выходзіць за межы юрыдычнага поля, зрынутыя кіраўнікі робяцца ізгоямі ў сістэме, правілы якой яны ўсталявалі. Чыноўнікі і сілавікі могуць знайсці прычыны, каб ухіліцца ад выканання незаконных загадаў: калі ж яны не ўхіляцца, то рызыкуюць трапіць пад суд. Больш за тое, калі рэвалюцыя не выходзіць за межы права, дэмакраты-пераможцы адразу ж здабываюць сабе міжнародную легітымнасць, што ўзмацняе новую ўладу. І, нарэшце, калі рэвалюцыя выконвае літару закону, аспрэчыць новую палітычную рэчаіснасць блізу немагчыма. І наадварот, як сказаў актывіст украінскіх пратэстных акцый, «уладу, захопленую на вуліцах, згубіць гэтаксама лёгка, як набыць».

Але каб рэвалюцыя адбылася ў межах права, трэба, каб у старой сістэме быў пэўны ўзровень плюралізму, дастатковы для паспяховай абароны выніку выбараў у парламенце, судах і выбарчых камісіях. Таму, бадай, электаральныя рэвалюцыі ёсць шляхам да дэмакратыі збольшага ва ўмовах некансалідаваных недэмакратычных (або напаўдэмакратычных) рэжымаў, дзе дэмакратыя застаецца фасадам, але фасадам занадта вышуканым і важным, каб яго разбурыць. Украінскія выбары, як шмат у чым і выбары ў Сербіі і Грузіі, паказваюць, наколькі істотна адрозніваецца палітычная рэальнасць у грамадствах, якім уласцівы і аўтарытарызм і плюралізм («канкурэнтны аўтарытарызм», калі ўжываць паліталагічную тэрміналогію), і ў грамадствах, у якіх праводзіцца больш жорсткая аўтакратычная лінія. Адрозненне палягае ў тым, што пры канкурэнтным аўтарытарызме галасаванне яшчэ мае значэнне, і як правіла, сапраўды падлічваюцца галасы выбарцаў.

Вядома, на агаворку «як правіла» варта звярнуць увагу: у такіх краінах здараюцца фальсіфікацыі выбараў. Таму дэмакраты маюць патрэбу ў галасах, якія кампенсавалі б патэнцыйна скрадзеныя. Ім таксама трэба ўмець вывесці людзей на вуліцу: самачынна сфальсіфікаваныя вынікі выбараў ніхто не абскардзіць і не адменіць. Колькасць людзей, выведзеных на вуліцы, павінна быць такой, каб паліцыя не здолела іх нейтралізаваць.

Узровень электаральнай падтрымкі апазіцыі, які дазваляе ёй распачаць рэвалюцыю, у розных краінах розны. У Грузіі, напрыклад, ён быў вельмі нізкі. Нават паводле незалежных экзіт-полаў, Нацыянальны рух Міхаіла Саакашвілі набраў усяго 26% галасоў на першых, сфальсіфікаваных выбарах. Эдуард Шэварднадзе фактычна ўжо страціў краіну нават напярэдадні выбараў, згубіўшы кантроль над сіламі бяспекі і збольшага над дзяржаўным апаратам. Узровень падтрымкі быў значна вышэйшым у Сербіі, дзе Каштуніца адолеў Мілошавіча на выбарах 2000 г. Хоць Мілошавіч быў гатовы пазмагацца і пастраляць, масы, мабілізаваныя апазіцыяй, вельмі хутка спынілі сваволю паліцыі.

Украіна знаходзілася дзесьці пасярэдзіне. Рэжым быў гатовы на многае, хоць, мабыць, не на праліццё крыві (Януковіч нібыта патрабаваў ад Кучмы ўжыць сілу, але і для яго атрымаць уладу, запэцкаўшы рукі ў крыві, было дужа праблематычна). Юшчанкава электаральная перамога не была пераканаўчай, нават калі экзіт-полы паказалі, што ў другім туры выбараў яго рэальная перавага вымяралася 4–10 % галасоў. І дарма што здольнасць лідэраў Памаранчавай рэвалюцыі мабілізаваць сваіх прыхільнікаў здзівіла свет, ім як найхутчэй патрабавалася юрыдычная легітымацыя – хутчэй, чым, напрыклад, сербскай або грузінскай апазіцыі. Таму ва ўкраінскай сітуацыі ваганні былі даўжэйшыя і ўсё скончылася кампрамісам бакоў – унясеннем змен у Канстытуцыю.

У сістэмах канкурэнтнага аўтарытарызму легальнасць важная не толькі для апазіцыі, а і для служак рэжыму. Яны не саромеюцца парушаць правілы і красці галасы, аднак імкнуцца давесці, што іх улада была падтрымана народам на больш ці менш сумленных выбарах (іншымі словамі, калі б галасы не былі скрадзеныя, рэжым бы ўсё адно перамог). Яны маюць патрэбу ў пэўным дэмакратычным фасадзе і легітымацыі. Як вынік, яны стараюцца гуляць з дэмакратычнымі працэдурамі часцей, чым іх больш просталінейныя калегі-дыктатары, а калі апазіцыя выкрывае махлярствы, яны напачатку больш клапоцяцца, каб іх прыхаваць, чым здушыць пратэсты. Больш за тое, у такіх краінах кіраўнікі недаацэньваюць апазіцыю – яны ж ужо паспяхова і без вялікай напругі стрымлівалі акцыі пратэсту! Таму, калі сіла ціску апазіцыі на іх уладу павялічваецца, рэпрэсіўны апарат аказваецца папросту не гатовым дзейнічаць хутка, эфектыўна, і, што самае важнае, не здольны гуляць на апярэджанне.

ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ

У кожнай з названых электаральных рэвалюцый поспех дэмакратычнай апазіцыі залежаў ад дапамогі, аказанай ёй грамадзянскай супольнасцю, прычым роля і важнасць апошняй былі выключнымі. Рэвалюцыі прадэманстравалі моцныя бакі грамадзянскай супольнасці, і гэта павінна паменшыць шырока распаўсюджаны скепсіс што да эфектыўнасці праграм развіцця дэмакратыі ў нашым рэгіёне. Крытыкі лічылі, што гэтыя праграмы маюць вынікам адно «бездапаможны плюралізм» і ствараюць самадастатковы пласт гарадскіх інтэлектуалаў, залежных ад замежнай дапамогі. Няўрадавы сектар, з гледзішча заходніх стандартаў, тут сапраўды невялікі і ў значнай ступені палітызаваны. Але менавіта такая апазіцыйна настроеная грамадзянская супольнасць і патрэбная для поспеху электаральных рэвалюцый. У кожным выпадку, можна сцвярджаць, што ў грамадствах такога тыпу няўрадавыя арганізацыі павінны быць перадусім палітычнымі: спрабуючы ўзмацніць грамадзянаў, яны змушаны аслабляць рэпрэсіўную магутнасць дзяржавы, прынамсі, пры аўтарытарных рэжымах.

Мабілізацыйныя здольнасці групаў накшталт «Отпору» і «Хмары» былі падмацаваны гатоўнасцю іх членаў шмат працаваць і рызыкаваць. Прафесійныя, падрыхтаваныя пры дапамозе заходніх методык кіраўнікі, PR-адмыслоўцы і назіральнікі за выбарамі ўтварылі «фабрыкі думак», аб’ядналі свае інтэлектуальныя сілы, каб адказаць на ўсе хітрыкі, што загатавалі ўлады (заўважце, да прыкладу, як выкарыстанне простых мадэляў з падручніка матэматыкі дазволіла ім лёгка давесці, што выбары былі сфальсіфікаваныя). І калі НДА выступілі за яднанне дэмакратычнай апазіцыі замест таго, каб загрузнуць у партыйных спрэчках, яны рабілі найлепшую паслугу для збліжэння апазіцыі з грамадствам. Сваю малалікасць НДА кампенсавалі рашучасцю, інтэлектуальным рэсурсам і здаровым сэнсам.

Безумоўна, такая грамадзянская супольнасць вырастае гадамі, і яе развіццё магчымае толькі ў больш ці менш ліберальным палітычным і сацыяльным асяроддзі. Да таго ж, рэвалюцыянеры былі здольныя хутка інфармаваць грамадства аб рэальным ходзе выбараў таму, што ва Украіне, нягледзячы на націск з боку ўладаў і алігархаў, яшчэ захоўваліся свабодныя СМІ.

Іншай істотнай перадумовай электаральных рэвалюцый ёсць слабасць «мяккага» аўтарытарнага рэжыму. Напрыклад, масавы пераход у апазіцыю знакамітых дзеячаў культуры і спартовых «зорак», як у Сербіі, Грузіі і ва Украіне, наўрад ці б адбыўся пры больш скансалідаваных дыктатурах. Калі б паліцыю і службы бяспекі цягам доўгага часу навучалі падпарадкоўвацца толькі загадам, а не закону, сілавікі не чакалі б юрыдычнай легітымацыі сілавых акцый. У грамадствах, дзе аўтарытарызм мацнейшы, сябры выбарчых камісій больш баяцца не пераследу за выбарчыя фальсіфікацыі, задакументаваныя назіральнікамі, а страты працы праз незабеспячэнне выніку, патрэбнага іх кіраўніцтву.

НЕКАНСАЛІДАВАНАЯ ЎЛАДА

Адсутнасць усёахопнага аўтарытарнага кантролю над дзяржаўнымі інстытутамі (і вертыкальнага, і гарызантальнага) робіць электаральныя рэвалюцыі больш верагоднымі. Памяркоўна-ліберальнае палітычнае жыццё дазваляе апазіцыі трапіць у парламент і вольна дзейнічаць у перыяд паміж выбарамі. Істотная дэцэнтралізацыя ўлады азначае, што цэнтральны ўрад будзе няздольны трымаць нездаволеных пад кантролем у маштабе краіны нават пры дапамозе ўжывання сілы. Калі мясцовыя ўлады на адным баку з апазіцыяй і далучаюцца да пратэстаў, вельмі лёгка сабраць калоны бульдозераў, машын і аўтобусаў для паходу на ключавыя гарады. Шанцы на абарону перамогі на выбарах, на паспяховы супраціў фальсіфікацыям узрастаюць, калі такія сегменты цэнтральнай улады, як парламент і суды, дзейнічаюць згодна з правам, а не пад уплывам страху ці меркаванняў лаяльнасці.

Дэцэнтралізацыя нефармальнай улады і ўплыву, здзейсненая эканамічнымі сродкамі, таксама мае ключавое значэнне. Ва ўсіх трох краінах (хаця і ў рознай ступені) алігархічны капіталізм паўставаў адначасна з некансалідаванымі канкурэнтнымі аўтакратыямі. Дэцэнтралізацыя фінансаў была лагічным дадаткам да дэцэнтралізацыі ўлады. У выніку ўзнікла палітычна і эканамічна выбухованебяспечная сумесь. Як толькі былыя ўрадоўцы перайшлі ў стан апазіцыі і забралі з сабою грошы, што ляжалі на банкаўскіх рахунках у афшорах, фінансавыя справы апазіцыі палепшыліся, што пазбавіла яе залежнасці ад замежнай дапамогі (якая заўсёды недастатковая, каб прафінансаваць скіданне кіраўнічага рэжыму). Карумпаваны капіталізм можа, такім чынам, дапамагчы разбурыць тую самую палітычную сістэму, якая яго спарадзіла.

Апошняе лікам, але не значэннем: істотнай прычынай поспеху ўсіх трох рэвалюцый была самазадаволенасць уладаў. Мілошавіч шчыра верыў, што ён набярэ 70% галасоў на выбарах, якія прывялі яго на лаву падсудных у Гаагу. Шэварднадзе, магчыма, страціў пачуццё рэчаіснасці яшчэ ў большай ступені, чым Мілошавіч. Кучма і Януковіч, наадварот, унікалі рызыкі. Але і яны не ўлічылі ўсяго: паводле іх логікі, высокі працэнт выбарцаў, што падтрымлівалі дзеючага прэм’ер-міністра на ўсходзе і неабмежаваны адміністрацыйны кантроль у заходніх абласцях мусілі, у выпадку неабходнасці, зрабіць крадзеж галасоў простым і адносна абмежаваным. Аднак гэтая логіка выявілася фатальнай. Януковіч мог бы падманам дамагчыся прэзідэнцкага крэсла, калі б фальсіфікаванне адбывалася на працягу кароткага часу ў дробных раёнах па ўсёй краіне. Замест гэтага яму давялося зрабіць стаўку на доўгатэрміновую фальсіфікацыю ў невялікай колькасці абласцей. Паколькі яго апорай былі Данецк і Луганск, махлярствы сталі кідацца ў вочы як украінскім выбарцам, так і апазіцыі ды міжнародным назіральнікам.

Аднак слабую кансалідаванасць старых рэжымаў нельга тлумачыць адно самазадаволенасцю іх вышэйшага кіраўніцтва. Палітолагі (Люкан Вэй і інш.) уважаюць, што такія рэжымы «плюралістычныя па змаўчанні»; размаітасць сацыяльных, культурных, эканамічных і палітычных падзелаў фрагментуе палітыку і расцярушвае ўладныя рэсурсы ўжо таму, што ніводная палітычная сіла ці індывід не здольныя захапіць усёй улады. У апісаных грамадствах няма ні гамагеннасці патрыярхальных супольнасцяў, якая дазволіла б умацаванне прымітыўнага «султанісцкага» ладу, ні ўсёахопнай дэмакратычнай палітычнай культуры кансэнсусу і кампрамісу. Да пэўнага часу граць на падзелах выгадна кіраўнічаму рэжыму: такая палітыка дае яму гатовую сацыяльную базу і гатовую задачу – «абараніць» сваіх лаяльных прыхільнікаў ад небяспечных «ворагаў», ці то празаходніх лібералаў, ці то нацыяналістаў, ці то тых і другіх адначасова. Але яна таксама дазваляе апазіцыі мабілізаваць тых, хто выціснуты рэжымам на перыферыю грамадства.

Вядома, многім цвердалобым аўтакратам удаецца дамінаваць і над падзеленымі грамадствамі, што можна патлумачыць менавіта іх гатоўнасцю да ўжывання сілы дзеля дасягнення гамагеннасці: яны ператасоўваюць рэгіянальныя эліты, знішчаюць незалежныя крыніцы даходаў і пільна кантралююць або цалкам падпарадкоўваюць сабе сродкі масавай інфармацыі. Усё гэта было пры Кучму і Шэварднадзе. Горш гэтая мадэль пасуе да Сербіі. Жадаючы мець рэпутацыю лідэра, які гуляе паводле правіл, Мілошавіч захоўваў напаўпрэзідэнцкую форму кіравання, дазваляў выбары мясцовых адміністрацый і пакідаў значную прастору для апазіцыі і інстытутаў грамадзянскай супольнасці. Правілы гульні значна змяніліся напярэдадні калапсу рэжыму, але ўзмацненне жорсткасці аўтакратычнага рэжыму Мілошавіча адбылося ўжо пасля таго, як электаральная перавага апазіцыі стала яўнай. Супрацоўнікі «National Endowment for Democracy», дзе цяпер працуе аўтар гэтых радкоў, прыгадваюць пачатак 1990-х, калі іх крытыкавалі за «падтрымку груповак, што процістаяць дэмакратычна абранаму прэзідэнту Мілошавічу». Выбар на карысць гульні ў дэмакратыю, нават у яе найбольш вылегчанай форме, які зрабілі памянёныя лідэры, адно ўзмацніў тыя асаблівасці палітычнага і грамадскага жыцця, якія ўскладнілі знішчэнне плюралізму. Яны, такім чынам, адкрылі дзверцы для дэмакратыі, даўшы магчымасць дэмакратам набраць даволі сілаў, каб заваяваць уладу.

ЧАМУ БУДЗЕ ЦЯЖКА ЎЧЫНІЦЬ НОВУЮ РЭВАЛЮЦЫЮ

На жаль, вірус дэмакратыі пашыраецца далёка не паўсюль, і новыя прарывы да дэмакратыі на постсавецкай прасторы ўчыніць будзе значна цяжэй. Як ні дзіўна, менавіта дэмакратычныя рэвалюцыі апошніх гадоў ускладняць (а не спросцяць) іх ажыццяўленне.

Для пачатку адзначым, што многія з астатніх дзяржаў, якія калісьці ўваходзілі ў Савецкі Саюз, папросту не маюць адзнакаў канкурэнтных аўтарытарных сістэм. Улада сканцэнтравана ў руках прэзідэнтаў, а прадстаўнічыя інстытуцыі выконваюць дэкаратыўныя функцыі. Кантроль за эканамічнымі рэсурсамі яшчэ больш канцэнтраваны, часткова дзякуючы наяўнасці лёгка кантраляваных прыродных рэсурсаў. Пра незалежных алігархаў альбо нічога не чутно, альбо яны былі планамерна знішчаны, альбо знаходзяцца ў стадыі знішчэння. Кантроль за фінансавымі рэсурсамі часта дапамагае падтрымліваць высокую ступень грамадскай згуртаванасці, паколькі спрашчае размеркаванне грошай (Шэварднадзе доўга не плаціў заробкаў сваёй службе бяспекі, але азербайджанскі прэзідэнт Гейдар Аліеў і беларускі Аляксандр Лукашэнка такой памылкі ніколі не рабілі). Эліты былі старанна вычышчаныя і ператасаваныя з мэтай прадухіліць узнікненне ўнутранай апазіцыі, а іншадумства строга караецца. Грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя слабыя (калі яны ўвогуле існуюць); калі ж ім удаецца набыць пэўны ўплыў, іх адразу імкнуцца знішчыць і дыскрэдытаваць. Найбольш уплывовых і харызматычных лідэраў апазіцыі садзяць у турму па сфабрыкаваных абвінавачаннях, мяшаюць з брудам у падкантрольных рэжыму СМІ альбо робяць з імі штось яшчэ горшае (успомнім, напрыклад, пра «знікненні» беларускіх апазіцыйных палітыкаў). Рэшта апазіцыі застаецца напалоханай альбо няздольнай для змагання.

Так, больш кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы яшчэ праводзяць выбары, але робяць стаўку не так на падтасоўку галасоў і паслявыбарныя рэпрэсіі (як у мякчэйшых версіях недэмакратычных сістэм), як на знішчэнне сваіх апанентаў, падрываючы такім чынам веру ў саму магчымасць палітычных зменаў шляхам выбараў. Яны старанна песцяць міф, што лідэру такой палітычнай сістэмы няма альтэрнатывы, а ў шырэйшым сэнсе – што няма альтэрнатывы і самой такой палітычнай сістэме. Яны праводзяць выбары, толькі калі ведаюць, што кандыдат ад сістэмы ўжо перамог. Рэпрэсіі ў такіх сістэмах – не сродак самазахавання, а лад жыцця.

Безумоўна, Расія і Арменія ў параўнанні з дэспатыямі Цэнтральнай Азіі яшчэ выглядаюць астоямі лібералізму, але нават «мякчэйшыя» аўтакраты хутка цямяць, што «слабым» рэжымам не працягнуць доўга. Яны робяць выснову: трэба гуляць на апярэджанне.

БЕЛАРУСКІ ПРЫКЛАД

Эвалюцыя ці, больш дакладна, дэградацыя Беларусі цягам апошніх некалькіх гадоў навочна дэманструе, якія формы можа набыць такая гульня на апярэджанне. Пабачыўшы на ўласныя вочы крах Мілошавіча ў 2000 г., Лукашэнка публічна абвясціў, што галоўны ўрок, які ён атрымаў з гэтага падзення – «уладу трэба бараніць». Ад таго часу Беларусь, якую доўга ўважалі за мяккую дыктатуру, паколькі ў ёй заставалася значнае месца для незалежных арганізацый і інтэлектуальнага жыцця, калі не для палітычнага плюралізму, пачала хуткімі тэмпамі ператварацца ў жорсткую дыктатуру. І яна становіцца ўсё больш жорсткай. Літаральна за некалькі тыдняў да Памаранчавай рэвалюцыі Лукашэнка прапіхнуў у канстытуцыю папраўку, якая адкрыла яму шлях да пажыццёвага прэзідэнцтва.

Незалежныя сацыёлагі даводзяць, што Лукашэнка ўпершыню мог бы прайграць на апошнім рэферэндуме, калі б падлік галасоў быў сумленным. Але няма ніякай гарантыі, што ён бясконца будзе здавальняцца адно падтасоўкамі галасоў і застанецца «больш ці менш» законна абраным прэзідэнтам. Прызначэнне Віктара Шэймана на пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі гаворыць само за сябе: Шэймана падазраюць ва ўдзеле ў выкраданні палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999 і 2000 гг. Да таго ж Лукашэнка і сам выказаўся шчыра: «Падзеі ва Украіне паказалі, што сучасныя палітычныя тэхналогіі ва ўмовах слабага кіравання краінай могуць мець сур’ёзныя наступствы». Таму, працягваў ён, яго ўладу трэба ўзмацніць. Прасцей кажучы, ліквідацыя партый і НДА будзе працягвацца, незалежным СМІ будуць затыкаць рот, апазіцыйных актывістаў будуць звальняць з дзяржаўнай працы, а заходніх назіральнікаў, журналістаў, грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў выдаляць з краіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. (не факт, што апазіцыі ўвогуле дазволяць браць у іх удзел). Што да бліжэйшай перспектывы: разглядаецца законапраект аб экстрэмізме (чытай: любой дэмакратычнай актыўнасці).

Гульня на апярэджанне стала таксама першачарговым клопатам расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які, карыстаючыся завоблачным рэйтынгам, зліквідаваў у Расіі за апошнія некалькі гадоў амаль усё, што рабіла яе падобнай да Украіны: пад яго кантроль трапіла большая частка калісьці незалежных фінансавых патокаў, прэса і палітычныя партыі. Цяпер ён узяўся за НДА. Цэнтральнаазіяцкія лідэры таксама не сядзяць склаўшы рукі. Папераджальныя ўдары пакінуць пустэльны ландшафт там, дзе калісьці была апазіцыя (калі яна ўвогуле была). Стане больш небяспечна кандыдаваць на выбарах, займацца перадвыбарнай працай, галасаваць за апазіцыю і асабліва прызнаваць гэта публічна, выходзячы на вуліцы і баронячы свой выбар.

Аўтакраты, што перажылі гэтыя электаральныя рэвалюцыі, магчыма, нават прыйдуць да высновы, што найлепшы сродак унікнуць іх – проста пазбягаць канкурэнтных выбараў, калі не de jure, то de facto. Альбо іншы варыянт: можна да выбараў пасадзіць у турму ўсіх буйных апазіцыянераў, а не забараняць апазіцыю ўвогуле.

Але ўявім на хвіліну, што апазіцыі ўсё-такі дазволяць спаборнічаць з уладай на выбарах, бо ёй карціць дэклараваць, што рэжым застаецца дэмакратычным. Механізмы маніпуляцый становяцца ўсё больш адладжанымі і дасканалымі. Хто зможа сказаць, што галасы сапраўды падлічвалі, і што вынікі выбараў не зацвердзілі загадзя? У такіх абставінах дэмакратычныя апазіцыянеры, нават заваяваўшы розумы і сэрцы грамадзян, могуць не здолець здзейсніць таго, што ўдалося іх калегам з «мяккіх» аўтакратый, – даказаць сваё права на ўладу, не парушаючы законаў, напісаных папярэдняй уладай. Калі бюлетэні не даступны для пераліку, пратаколы не выдаюцца і не падпісваюцца, ніхто з членаў камісіі не гатовы публічна прызнацца ў махлярстве, ніводны суд не асмельваецца прыняць справу да разгляду, то ў апазіцыі мала шанцаў абвергнуць афіцыйныя лічбы. Можна ладзіць экзіт-полы, але іх лёгка сарваць (альбо заглушыць «афіцыйнымі» апытаннямі, якія дэманструюць амаль аднагалосную падтрымку прадстаўнікоў улады).

У такіх абставінах шляхі да палітычных перамен пралягаюць не цераз выбарчыя ўчасткі, і якімі б ні былі гэтыя альтэрнатыўныя шляхі, яны могуць стаць дужа доўгімі. Чакаць на постсавецкай прасторы ў бліжэйшы час смерці якогасьці прэзідэнта, дзяржаўнага перавароту альбо народнага паўстання было б нерэалістычна.

ЭКСПАРТ АЎТАКРАТЫІ

Падобна Лукашэнку, аўтакратычныя лідэры – кіраўнікі іншых краін СНД будуць бараніць сваю ўладу. Але ўкраінская рэвалюцыя вельмі ясна давяла ім: яны павінны бараніць таксама адзін аднаго. Гэтую самаабарону можна назіраць у паводзінах назіральнікаў на выбарах ад СНД, якія прызнаюць любыя выбары ў рэгіёне свабоднымі і дэмакратычнымі. Расія крытыкавала АБСЕ яшчэ задоўга да таго, як Пуцін зрабіў жорсткія каментары аб «умяшальніцтве» АБСЕ ў выбары ва Украіне. Расійскі лідэр даўно не хаваў свайго жадання выдаліць пытанні дэмакратызацыі з парадку дня АБСЕ, і дзеля гэтага Расія нават спрабуе адмовіцца выплачваць ёй сяброўскія складкі.

Аднак на ўкраінскіх выбарах мы ўбачылі нешта горшае. Крэмль пабіў рэкорды паводле падтрымкі аўтакратычных кіраўнікоў, але звычайна ён падстаўляе плячо тым, чыя палітычная будучыня забяспечана і без вонкавай падтрымкі (напрыклад, Лукашэнку і Аліеву). Насамрэч Крэмль не спрабаваў абараніць лідэраў накшталт Мілошавіча і Шэварднадзе, чый крах здаваўся непазбежным. Ніколі ў найноўшай гісторыі Расіі Крэмль не мяшаўся так недарэчна, як ва Украіне, у справы іншай краіны, спрабуючы навязаць не проста прарасійскага лідэра, а і сістэму адносін паміж уладай і грамадствам, падобную да расійскай. Яна была больш закрытая і аўтарытарная, чым тая, што існавала ва Украіне ў часе кіравання Кучмы.

Не будзе перабольшваннем назваць гэтае ўмяшанне спробай экспарту аўтакратыі.

На шчасце, Крэмль (на цяперашні момант) прайграў дзякуючы памылковаму разліку і фанабэрыі – і не толькі сваёй. Гэтыя выбары рэкламаваліся як бітва паміж Усходам і Захадам, бо сёй-той верыў, што такі падыход прынясе лёгкую перамогу Януковічу. Фактычна ідэя «выціснуць» Юшчанку на захад была запушчана штабам Януковіча, хаця працавала над ёй армія крамлёўскіх прыдворных аналітыкаў і іміджмэйкераў (такіх як Глеб Паўлоўскі, Сяргей Маркаў, Вячаслаў Ніканаў і Марат Гельман). Паводле словаў Міхаіла Лявонцьева, кансерватыўнага тэлеаглядальніка першага расійскага канала, «Юшчанку бракуе галасоў, і, у прынцыпе, у нармальных умовах ён не можа іх заваяваць, таму што ва Украіне нацыянальна свядомы празаходні электарат складае жалю годную меншасць».

Крэмль і спансараваныя ім агітатары і прапагандысты дагэтуль не ў стане ўцяміць, што Украіна – не Расія. Адрозненні ў палітычнай культуры двух народаў такія, што ўкраінцы значна цяжэй паддаюцца прамыванню мазгоў з дапамогай лозунгаў і сімвалаў, ужываных для легітымізацыі ўлады Крамля. Значэнне падзелу паміж усходняй і заходняй часткамі краіны таксама перабольшана. Урэшце, памкненне ўкраінцаў да дэмакратыі мае грунт не толькі ў традыцыях захаду – Магдэбургскім праве, якое надавала адмысловыя правы Кіеву ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ўсходу – у традыцыі казацкай рэспублікі, Запарожскай Сечы, якая нават пад расійскай уладай захоўвала значную аўтаномію. За выключэннем пары рэгіёнаў, украінцы авалодалі ва ўсёй краіне пачуццем калектыўнай ідэнтычнасці і салідарнасці, дарма што адна палавіна іх гаворыць па-ўкраінску, а другая – па-расійску. Умела спалучыўшы нацыяналізм з дэмакратычнымі ідэямі, Юшчанка пераадолеў культурныя бар’еры і амаль гэтак жа эфектыўна заваяваў душы вялікай колькасці праваслаўных і расійскамоўных насельнікаў украінскага ўсходу, як і жыхароў захаду краіны. Тым самым расійская прапаганда дапамагла Юшчанку з’яднаць Украіну, паспрыяўшы палітычнаму і дыпламатычнаму правалу Крамля.

Між тым, гэты пралік выявіў сумную рэальнасць: Расія недалёка адышла ад свайго ранейшага ладу мыслення і паводзін. Ва ўкраінскім выпадку расійская эліта – і, верагодна, сам Пуцін – прыйшла да высновы, што дэмакратызацыя Украіны будзе пагражаць Расіі і таму мусіць быць прадухілена любым коштам. «Калі мы згубім Украіну, – сказаў Вячаслаў Ніканаў, адзін з сумнавядомых іміджмэйкераў Януковіча, – Захад будзе ставіцца да нас, як да бананавай рэспублікі». Іншыя заявы папросту межавалі з істэрыкай. «Чаму мы прайграем аксамітныя рэвалюцыі?» – пыталася, напрыклад, «Комсомольская правда» (гэтае пытанне выявілася нечакана глыбокім: па логіцы выходзіць, што Расія «прайграла» ўласную аксамітную рэвалюцыю ў жніўні 1991 г.).

Горш за тое, гэтыя старамодныя паводзіны Крамля заспелі знянацку шмат каго на Захадзе, бо з 11 верасня 2001 г. Расія лічылася хаўруснікам дэмакратычнага свету. Насамрэч жа Расія пагадзілася на новае партнёрства шмат у чым для ажыццяўлення новага падзелу зонаў геапалітычнага ўплыву. Прызнанне Амерыкай Пуціна як хаўрусніка і партнёра было прадыктавана, напэўна, цынічным ладам мыслення, запазычаным у «рэалістычнай» школы міжнародных адносін: маўляў, не важна, якая ўнутраная палітыка дзяржавы, калі яна праводзіць правільны замежны курс. У крамлёўскім істэблішменце хутка павялі рэй «ястрабы з ястрабаў». Сапраўды, унутры Расіі ўяўленне пра сябе як пра крэпасць, абложаную вераломным і гегеманічным Захадам, не аспрэчвалася нават тады, калі на сусветнай арэне Пуцін гуляў у пай-хлопчыка з Бушам і, калі гэта было неабходна, з еўрапейскімі лідэрамі. (Антызаходняя, аўтарытарная рыторыка дасягнула новага піку пасля тэракту ў Беслане: калі Пуціну давялося растлумачыць поўны правал уласнай «вертыкалі ўлады», ён спіхнуў усё на развал Савецкага Саюза і заявіў аб змове супраць Расіі.)

Ігнараванне праблем з дэмакратыяй у Расіі і, у шырэйшым сэнсе, на ўсёй постсавецкай прасторы магло прывесці да паразы ўкраінскай рэвалюцыі. Калі б гэта здарылася, віну трэба было б ускласці пароўну на ЗША – з прычын, пералічаных вышэй – і на тых адказных асоб Еўрапейскага Саюза, чыя ўпартая адмова разгледзець саму магчымасць уваходжання ў еўрапейскую супольнасць усходніх суседзяў ЕС павышала папулярнасць антыдэмакратычных элементаў ва Украіне і павялічвала ўпэўненасць Расіі, што заходняя частка былога Савецкага Саюза застаецца «ейнай» зонай уплыву. Заўважым, што заходняя дыпламатыя ўратавала сваё аблічча ва Украіне дзякуючы найперш намаганням новых сяброў ЕС, такіх, як Польшча і Літва, чыя ўласная барацьба за дэмакратыю завяршылася не так даўно і чые ўспаміны пра маскоўскую «зону ўплыву» застаюцца жывымі.

Найлягчэйшая задача Пуціна цяпер – наладзіць адносіны з Украінай. Крыху цяжэй будзе яму аднавіць давер у ягоных гешэфтах з Захадам. Аднак найважнейшы і найвялікшы выклік Пуціну знаходзіцца ўнутры самой Расіі. Зрабіўшы стаўкі на ўкраінскіх выбарах, Пуцін можа аказацца ў вачах расійцаў «прэзідэнтам, які страціў Украіну». Каб гэтага пазбегнуць, яму давялося б прызнаць, што Крэмль, падкантрольныя яму СМІ і большая частка расійскай эліты бессаромна хлусілі расійскаму грамадству, распальваючы нянавісць да «братняй нацыі» і пагражаючы, між іншага, ейнай тэрытарыяльнай цэласнасці. Але ці не страцяць тады расійцы давер да ўсяго, што ім даводзілася чуць пра Чачню, Беслан, апазіцыю, алігархаў, праваабаронцаў, асабліва з улікам таго, што цягам апошніх двух гадоў прапаганда на гэтыя тэмы вядзецца тымі ж людзьмі, што штурхнулі Пуціна да ўкраінскай катастрофы? Безумоўна, страцяць. Таму трэба чакаць новых высілкаў для «захавання твару» і далейшага разбурэння элементаў канкурэнцыі і плюралізму ў расійскім палітычным ладзе.

Але ёсць і лепшыя навіны. Памаранчавая рэвалюцыя прытупіла асноўныя віды палітычнай зброі Расіі, якой тая карысталася ў краінах «блізкага замежжа». Украінцы давялі, што можна паспяхова супраціўляцца палітычнаму шантажу: адначасова падупалі і шанцы Расіі на выкарыстанне «мякчэйшых» тэхнік захавання яе кантролю. Адным з такіх сродкаў была расійская мова, нават важнейшая для падтрымання палітычнага ўплыву на захадзе СНД (з Малдовай уключна), чым нафта і газ. У перыяд украінскай кампаніі Расія пераацаніла значэнне мовы як палітычнага інструмента: у выніку значная частка расійскамоўных рэгіёнаў у цэнтральнай і нават усходняй Украіне не збаялася казак аб дзікіх нацыяналістах і падтрымала Юшчанку. Факт, што расійскія СМІ карыстаюцца папулярнасцю ў гэтых рэгіёнах, толькі яшчэ раз паказаў украінцам, наколькі іх краіна адрозніваецца ад Расіі. Сапраўды, украінская мова адыграла ключавую ролю як чыннік мабілізацыі нацыяналістычных элементаў апазіцыі. Але расійская мова не мела аналагічнага мабілізацыйнага ўплыву на прарасійскіх выбарцаў. Такім чынам, супярэчнасці паміж расійскамоўнасцю і антырасійскасцю ва Украіне ўжо няма.

Другім інструментам «мяккай» улады, чый уплыў яўна зменшыўся, была праваслаўная царква. Між тым, ён не вычэрпваецца шырокамаштабным выступленнем маскоўскага патрыярхату на баку Януковіча і нагнятаннем жарсцяў сярод прыхаджанаў РПЦ. Калі пераходны перыяд ва Украіне пройдзе паспяхова, то на першы погляд неаспрэчны тэзіс Сэмюэля Гантынгтана: маўляў, паміж усходнім праваслаўем і дэмакратыяй ляжыць непераадольная бездань, будзе канчаткова выкінуты на сметнік гісторыі. Нішто не абвяргае гэты тэзіс лепей, чым той факт, што ўсе тры апошнія электаральныя рэвалюцыі (у Сербіі, Грузіі і Украіне) былі здзейсненыя ў праваслаўных краінах. Апрача таго, дэмакратыя відавочна набірае сілу на Балканах (яшчэ адзін дэмакратычны прарыў адбыўся ў патрыярхальнай Румыніі ў снежні 2004, краіне, у якой пераважае ўсходняе праваслаўе). Гэтыя падзеі не толькі пакідаюць Расію ў ізаляцыі сярод яе «братоў па веры» (за выняткам бацькі Лукашэнкі, які наўрад ці ёй дапаможа), але і даюць падставу крытыкаваць гантынгтанаўскія візіі там, дзе іх яшчэ прапагандуюць.

ХТО НАСТУПНЫ?

Пасля кожнай новай дэмакратычнай рэвалюцыі ўзнікае спакуса будаваць тэорыі на тэму: чаму народы, якія не ўзнялі такога паўстання, аказаліся неўспрымальныя да дэмакратыі. Усяго колькі гадоў таму многія даследчыкі проста скідвалі з рахункаў сербаў і ўкраінцаў. Напэўна, неўзабаве з’явяцца тэорыі, якія патлумачаць, чаму беларусы, армяне ды расійцы непадобныя да сербаў і ўкраінцаў. Аднак уважаць, што ў грамадствах, запалоханых рэпрэсіямі, няма сапраўднага попыту на дэмакратычныя змены, было б найвялікшым самападманам.

Гэта якраз тое, у чым назіральнікаў пераконваюць аўтарытарныя рэжымы, чые служкі не стамляюцца паўтараць, што рэальнай альтэрнатывы іх кіраванню няма. Варта толькі нагадаць здзіўленне італьянскага журналіста, якому выпала паназіраць за вулічнымі пратэстамі ў Бялградзе: «Дзе ж раней увесь час хавалася гэтая прыгожая, духоўная і натхняючая нацыя?» – недаверліва выгукнуў ён. Эпізоды Памаранчавай рэвалюцыі агаломшылі назіральнікаў яшчэ больш: хто мог падумаць, што Еўропа не заканчваецца на мяжы былога Савецкага Саюза (вядома, за выняткам балтыйскіх краін)? Аднак жа некаторыя ведалі і працавалі дзеля таго, каб ізноў прабіла гадзіна дэмакратыі. Аранжавы колер раптам пашырыўся не толькі ў Польшчы і іншых краінах, дзе ўкраінскія эмігранты ладзілі пратэсты, але, што асабліва важна, на вуліцах Менску і нават Масквы. Калі дэмакратычная Украіна і не забяспечыць імклівага пераходу да дэмакратыі на постсавецкай прасторы, яе здабыткі не пойдуць на глум: магчыма, дэмакратыі пашырыць не ўдасца, але яны могуць дапамагчы выстаяць пры найгоршых прэвентыўных рэпрэсіях.

Па-першае, прасоўванне дэмакратыі вымагае большай палітычнай падтрымкі з боку Захаду. Такая падтрымка, без сумневу, – справа больш законная і маральна апраўданая, чым палітычныя рэпрэсіі ў імя нацыянальнага суверэнітэту або экспарт аўтакратыі. Ясная рэч, прасоўванне дэмакратыі будзе азначаць розныя захады для Беларусі, Расіі і Казахстану і няхутка прынясе плён. Але ад яго нельга адмаўляцца: урэшце яно акупіцца. Больш за тое, трэба, наколькі магчыма, процідзеяць рэпрэсіям і маніпуляцыям: калі не ўдаецца прасоўваць дэмакратыю, нельга дапускаць пагаршэння сітуацыі ў грамадствах. Так, сведчанні аб выбарчых фальсіфікацыях павінны будзіць не проста сумневы ў дэмакратычным характары ўлады, які дазваляе несумленныя выбары, а ўздымаць пытанне пра легітымнасць рэжыму як такую. Там, дзе ёсць шанец дэмаскаваць і выкрыць фальсіфікацыі, палітычныя і дыпламатычныя захады павінны быць хуткімі і паслядоўнымі.

Па-другое, украінскія выбары – ці, больш дакладна, няўдалая спроба сфальсіфікаваць іх вынікі – пацвердзілі шматлікія падазрэнні, што галасы выбарцаў выкрадаліся і ў іншых кутках былога Савецкага Саюза. Механізмы маніпуляцый і фальсіфікацый паўсюль падобныя, і дэмакраты мусяць шукаць шляхоў для выкрыцця падобных злоўжыванняў, дзе б яны ні здарыліся. Міжнародныя групы назіральнікаў на выбарах мусяць быць узмоцнены і навучаны выяўляць факты выбарчых фальсіфікацый і рэагаваць на іх як мага раней. Наведванне выбарчых участкаў, калі галасаванне ўжо пачалося, дапамагае прадухіліць найбольш відавочныя факты махлярства, але не больш за тое. Перад прыездам у краіну міжнародныя назіральнікі павінны даведацца ўсё пра прыёмы маніпуляцый, найбольш распаўсюджаныя ў ёй (падкіданне бюлетэняў у скрыні перад падлікам галасоў, унясенне хлуслівых звестак у пратакол пасля падліку і г. д.) і старацца прысутнічаць там, калі гэтыя прыёмы апрабоўваюцца.

Арганізацыі, што займаюцца падтрымкай дэмакратыі, таксама павінны перагледзець задачы сваёй працы на месцах. Выбары ўсё больш страчваюць сэнс на постсавецкай прасторы, але дэмакратычныя апаненты ўлады часам усё-такі маюць патрэбу браць у іх удзел – хаця б таму, што іначай ім цяжка знаходзіць шляхі для кантактаў з грамадзянамі. Таму актывістам мала толькі прышчапіць базавыя навыкі назірання за выбарамі і правядзення выбарчых кампаній. Ім трэба ведаць, як даносіць да грамадзтва свае лозунгі і працягваць сваю работу пры пастаянным пагаршэнні яе ўмоваў. Апрача таго, ім патрэбны новыя ідэі наконт таго, як выкрываць махлярствы пры галасаванні тады, калі фактычна адсутнічаюць базавыя ўмовы для назірання за выбарамі. Каб дэмакраты апыналіся на крок наперад за аўтакратаў, адгадваючы іх задумы, мала проста шчодрай падтрымкі дэмакратыі; трэба, каб яна была дальнабачнай і ўключала значныя інтэлектуальныя напрацоўкі.

Па-трэцяе, суседнія дэмакратыі не павінны кідаць на сваволю лёсу краіны, што нядаўна перайшлі да дэмакратыі, бо рэвалюцыйныя змены трэба ўмацоўваць, а станоўчы досвед развіцця гэтых краін можа натхніць іншыя. У прыватнасці, украінцы заслугоўваюць таго, каб скарыстацца выгадамі, якія дае ім блізіня да Еўрапейскага Саюза, у выглядзе павелічэння гандлю, паляпшэння візавага рэжыму і нават перспектывы палітычнай інтэграцыі, нават калі ў бліжэйшай будучыні яна не азначае сяброўства ў ЕС.

Па-чацвёртае, апошнім часам напоўніцу выявіліся жудасныя наступствы ігнаравання таго факту, што Расія спаўзла ў аўтарытарызм. Пытанне вяртання Расіі да дэмакратычных стандартаў становіцца пытаннем нумар адзін у адносінах Захаду з гэтай краінай, дзеля карысці суседніх дзяржаў і самой Расіі. Каб у будучыні пазбегнуць цяжэйшых інцыдэнтаў, трэба недвухсэнсоўна патлумачыць Крамлю, што выгады ад кааперацыі з Захадам прадугледжваюць пэўныя захады ад самой Расіі, а менавіта большага ўзроўню палітычнай свабоды ўнутры краіны і адмовы любой цаной падтрымліваць аўтарытарныя рэжымы на постсавецкай прасторы. Магчыма, Пуцін і не падобны да Мілошавіча (хаця яго ўяўленне пра Украіну як пра «цалкам расійскамоўную краіну» прымусіла многіх узняць бровы ад здзіўлення), але гэта не азначае, што ягоная роля «еўразійскага Мэтэрніха» адпавядае інтарэсам Захаду, постсавецкіх краін і самой Расіі.

  палітычны аглядальнік часопісу «ARCHE».
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/8