A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Аднарог і кола

Творы Сяргея Балахонава, згаданыя ў публікацыі:

Аднарогі Беларусі // Наша Ніва. 2002. № 9.

Купальле // Наша Ніва. 2002. № 23.

Зямля пад крыламі Фэнікса // ARCHE. 2004. № 5.

Ёсць тэксты, нагэтулькі перасычаныя свежымі ідэямі, што колькасць інтрыгуючых думак не толькі перашкаджае іхняму належнаму развіццю, але й стварае пагрозу мастацкаму ўзроўню. Багацце патэнцыялу твора робіцца відавочным пазней, калі наступнікі збяруць багаты ўраджай з нівы, і нехта сумленны згадае, што знайшоў гэтую зямлю менавіта N. Запозненае прызнанне не выведзе ў шэраг шэдэўраў – твору назаўсёды застанецца роля прадвесніка. Навек – на парозе бліскучае эпохі.

Класічным прыкладам ёсць «Туманнасць Андрамеды» Яфрэмава, дзе што ні сказ – дыямент, які сёння, раскручаны на тысячах старонак, блішчыць у кароне кагосьці з карыфеяў жанру, а тут схаваны пад стосам гэткіх самых неабробленых, неразвітых эмбрыёнаў. Месца хапіла адно на згадкі. Не раман, а картатэка.

Яфрэмаву ўсё ж пашанцавала: выказаныя ім ідэі знайшлі годнае ўвасабленне што ў коле прыхільнікаў ягонага таленту, што сярод тых, хто ніколі не чуў ягонага імя, але каго захаплялі тыя ж праблемы. Здараецца ж, што прывабнасць вынаходства відавочная, прыцягальнасць неадольная (як у яфрэмаўскае жалезнае зоркі), але крыштальна празрыстая і бліскучая на першы погляд, ідэя насамрэч выяўляецца слізкаю і небяспечнаю, бы шчупальцы гіганцкага асьмінога.

Прыклад ізноў жа агульнавядомы: Борхес. Прыдумкі вялікага бібліятэкара тырчаць з ягоных тэкстаў, бы тыя закладкі з мармонскае Бібліі, але пакарыстацца імі іншым разам не прасцей, чым прыдуманымі пісьменнікам-бібліяфілам магічнымі аб’ектамі. Вынік карыстання борхесаўскім інструментаром часта малапрыемны: напісаныя пад Борхеса творы пераконваюць, што бліскучая эпоха скончылася перад іхнім з’яўленнем. Паўтор не на карысць – ці не гэта, паміж іншым, ілюструюць шарады аргентынца, заснаваныя на парадоксах бясконцасці? Борхесаўскія тэксты нагадваюць картатэку мо часцей, чым нейкія іншыя, але пазнакаю ягонага пісьменніцкага майстэрства тое, як доўга чытач не заўважае, што ўсе спасылкі – выключна на самога Борхеса.

Спакуслівыя прыдумкі бібліяфіла з Буэнас-Айрэса немагчыма распрацоўваць як яфрэмаўскія, іх можна толькі рэпрадукаваць. Тым не менш у кантраляваных дозах рэцэпты з-пад знака алефа дапамагаюць, асабліва калі іх дапоўніць нечым іншым. Напрыклад, самаіроніяй. «Аднарогі Беларусі» і «Купальле» Сяргея Балахонава чытаюцца з задавальненнем. Хай сабе смех па-борхесаўску крыху роблены і сухавата-інтэлектуальны – але ўсё адно жывейшы за скамянела-сур’ёзнае самазахапленне «традыцыйнае беларускае прозы». Агульнае правіла пацвярджаецца: пакуль аўтар устрымліваецца ад шчырага самазамілавання і не абвяшчае ўсе свае словы геніяльнымі, ягоныя прыдумкі захоўваюць дасціпнасць. «Тэма папараць-кветкі доўгі час была зачыненая для дасьледзінаў». Чаму б не ўсміхнуцца, пакуль побач пасмейваецца сам аўтар? Урэшце, што толькі не было зачыненым у савецкі час.

Для паўнавартаснага літаратурнага існавання гэткія канструкцыі абавязкова патрабуюць апорнае думкі-сімбіёнта. Для Балахонава, беларуса і гісторыка, невычэрпная і відавочная крыніца задумаў – айчынная гісторыя, беларуская мінуўшчына. Аўтар «Аднарогаў» выціснуў, здаецца, усё магчымае з (небеспадстаўна) распаўсюджанага пераканання, што гісторыя наша недаследаваная і хавае шмат невядомага. Шчодра рассыпаючы спасылкі на неіснуючыя крыніцы, ён дапаўняе іх назвамі і месцамі знаходжання, якія нагадваюць, што ўсё, у прынцыпе, магчыма, пакуль нічога не даследавана. Пакуль не знойдзены крыж святое Еўфрасінні, хто можа з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі не было феніксаў? Борхес у аналагічных выпадках спасылаўся на тое, што яму здавалася абсалютна недасяжным: немагчыма не тое што прачытаць, але нават праверыць, ці існуе нешта такое. Тэксты Балахонава выглядаюць правакацыйна, бо ён прыдумляе «крыніцы», недасяжнасць якіх нельга патлумачыць экзатычнасцю, а хіба толькі зачыненасцю. Мастацкі здзек з гістарычнае навукі магчымы толькі таму, што навука тая мала што можа супрацьпаставіць літаратурнай містыфікацыі і стэрэатыпам грамадскае думкі.

І літаратура таксама ёй не дапаможа. Балахонаў насяляе дзівосамі зусім недалёкія часы і ўсім знаёмыя землі – Марка Пола збялеў бы ад зайздрасці: абы-што чалавек піша, і ў Кітай не трэба ездзіць! Свавольствы гомельскага літаратара вызначаюцца адчайнай зухаватасцю, бо землі гэтыя культурна незаселеныя. Яны нічые, цэлыя стагоддзі! Там збудавала замак Іпатава, там Арлоў змураваў падворак, там Дайнэка дом і бровар паставіў, а паміж імі – аблог. І літаратар з Гомеля раскідвае сцяжкі з надпісам «я тут быў, гэта маё», як колісь самалёты над Антарктыдаю. Месца многа, але загаспадараваць яго па-сапраўднаму не выйдзе. Выходзіць сатыра на Адраджэнне – адраджаем, адраджаем, а феніксаў з аднарогамі дасюль не вывелі. Гэтак цывілізацыі, прынамсі, еўрапейскае, не збудуеш.

І ўсё б нічога, калі б не тое, што гэтае голае незаселенае месца насамрэч – не палі і сенажаці, а чытацкія галовы, і балахонаўскія сцяжкі сталі трапляць адзін на аднаго. «Тут быў аднарог» – выдатна. «Тут прайшоў Мішэль дэ Вострабрам з ахапкаю Папараць-Кветак» – цудоўна. «Тут праляцеў фенікс» – хай сабе, але неяк задумваешся: а што ж далей? Што яшчэ будзе ўжыта, каб нагнаць сорам на беларускіх гісторыкаў? І ці не выкліча гэты раздражняльны сродак неадэкватнае рэакцыі ў чытача? Гледзячы па тэкстах, варта чакаць базылішкаў і НЛА, трытонаў і палтэргейст, Гаруду, русалак, іфрытаў і йеці. Самалёт Балахонава (ці ўсе ж фенікс?) наразае кола за колам у беларускім небе, але нічога, акрамя вышэйпамянутых сцяжкоў з пазнакамі, у ягоным чэраве няма. Большага з Борхесавага трафарэту, з замкнёнага кола спасылак, не выціснуць. Трэба або пашукаць іншы трафарэт, або абраць новыя арыенціры – па-за колам бібліятэчных зданяў.

Беларуская гісторыя, хочацца спадзявацца, здатная прапанаваць больш, чым можа змясціцца ў абраным фармаце. Пра гэта сведчаць, хай сабе нешматлікія, гістарычныя творы нашых сучаснікаў. Куды б ні кіраваўся Сяргей Балахонаў: ці бліжэй гістарычнае прозы, ці далей у борхесаўскія нетры, час, падаецца, весці самалёт на пасадку. Бо або паліва пракісне, або пасля пасадкі тубыльцы (то бо чытачы) задзяўбуць сцяжкамі – ім бы хацелася чаго смачнейшага, чым дайджэст (неіснуючых) картак з каталога рукапісаў Тамбоўскае абласное бібліятэкі.

  крытык новай хвалі.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14