A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АЛЯКСАНДАР БАТУРА | ||||
Тэорыя і практыка імпэрскага адраджэньня Дзеля аналізу складаных праблемаў ці падзеяў неабходна зьвяртацца да дакладных крыніцаў – у выпадку з замежнай палітыкай Расеі ўва Ўсходняй Эўропе гэта перш за ўсё запісы крамлёўскіх паседжаньняў, выпіскі з пратаколаў, дакладная статыстыка інвэстыцыяў у рэгіёне і доказы змовы паміж палітыкамі і энэргетычнымі і іншымі кампаніямі, дакумэнты ўласнасьці ды іншае. Усяго гэтага, вядома, няма ў вольным доступе. Нягледзячы на гэта, Бугайскі зь першай старонкі пасьлядоўна будуе тэорыю імпэрскага адраджэньня Расеі – яе палітычнага і эканамічнага дамінаваньня перш за ўсё на тэрыторыі СНД, а таксама і ўва ўсёй Усходняй Эўропе. У другой палове 1990-х, асабліва пасьля прыходу да ўлады Ўладзімера Пуціна, Расея імкнецца адбудаваць імпэрыю і мае пасьлядоўную, доўгатэрміновую стратэгію, як гэтага дасягнуць. Яна дзеліцца на наступальную і абарончую часткі. Першая – гэта перадусім дасягненьне ўплыву на замежную палітыку і бясьпеку кожнай краіны рэгіёну, пабудова палітычнай і эканамічнай піраміды ўлады на чале з Расеяй, экспансія ў кірунку адбудовы шматпалярнага сьвету і Расеі як дамінантнай краіны Эўразіі. Абарончая стратэгія паклікана перашкодзіць заходняму пранікненьню ўва Ўсходнюю Эўропу і Эўразію, перш за ўсё заблякаваць уступ ўсходнеэўрапейскіх краінаў у НАТО і іншыя заходнія інстытуты. Іншымі словамі, у каротка- і доўгатэрміновай пэрспэктыве замежнапалітычнымі мэтамі Расеі ёсьць кансалідацыя палітычнай залежнасьці малых краінаў Усходняй Эўропы, павелічэньне іх энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, нэўтралізацыя пранікненьня Захаду і, нарэшце, адбудова Расеі як глябальнай дзяржавы ў шматпалярным сьвеце. Кніга Бугайскага мае амбіцыю стаць новым папярэджаньнем Захаду аб надыходзе новага Халоднага міру а-ля знакаміты артыкул Джорджа Кенана 1947 г. Як і Кенан, Бугайскі папярэджвае Захад, што Расея зусім не такая «белая і пушыстая», як здаецца, што кароткатэрміновае супрацоўніцтва з Захадам у рамках барацьбы з тэрарызмам нельга разглядаць у адрыве ад доўгатэрміновай стратэгіі Расеі па адбудове імпэрыі. На дадзены момант Захад мае мала вагароў уплыву ўнутры Расеі. Каб зьмяніць становішча, яму давядзецца дзейнічаць ускосна, эканамічнымі інструмэнтамі і рашучай палітыкай ува Ўсходняй Эўропе. Палітычна нестабільная і эканамічна адсталая Расея таксама не падарунак для эўрапейскага запаведніку ад імігрантаў. Бугайскі піша, што лепш за ўсё, каб Расея была палітычна стабільнай, але адносна слабой і моцна інтэграванай з Захадам дзяржавай, з памяркоўнай замежнай палітыкай. Калі Расея здолее ажыцьцявіць эканамічную мадэрнізацыю і адрадзіць моцную дзяржаву без адбудовы дэмакратычных інстытутаў, прэсінг на рэгіён узмацніцца, і пэрспэктыва імпэрыі стане рэальнай. Такім чынам, Захад павінен гарантаваць бясьпеку Ўсходняй Эўропе, прапанаваць сяброўства ў НАТО балканскім краінам і, па магчымасьці, Беларусі, Украіне, Малдове, дывэрсыфікаваць крыніцы энэрганосьбітаў для эўрапейскай эканомікі, перашкодзіць праглынаньню Расеяй сумежных краінаў, мацаваць атлянтычны альянс. Паспрабуем абстрагавацца як ад антырасейскіх, так і прарасейскіх аргумэнтаў і прааналізаваць кнігу нэўтральна. Бугайскі правільна ідэнтыфікуе намеры і кірункі замежнай палітыкі Расеі, але, здаецца, робіць занадта моцныя высновы, падставаў для якіх у ягоным дасьледаваньні не відаць. У тым, што расейцы імкнуцца ўплываць на палітыку былых савецкіх рэспублік, няма нічога новага, як і, дарэчы, дзіўнага, – кожны ўсходнеэўрапеец успрымае гэта ўжо як дадзенасьць, такі лякальны Da Sein. Пакуль у Расеі не адбудзецца сапраўднай дэмакратычнай трансфармацыі, пакуль Расея не папросіць прабачэньня за злачынствы сталінізму перад сваім народам і перад астатнімі пацярпелымі, Расея будзе марыць аб імпэрыі. Заходнія арганізацыі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, якія працуюць у Расеі, ці ўжо згарнулі добрую палову сваіх праграмаў, ці спынілі цалкам сваю працу. У 2004 «Freedom House» прысвоіла Расеі «ганаровы тытул» «несвабоднай краіны», рэйтынгі панізілі і іншыя інстытуты, у тым ліку фінансавыя. У розных колах расейскага грамадзтва дагэтуль захоўваецца надзея на адраджэньне Расейскай імпэрыі – ці то ў «нэалібэральнай» форме (Чубайс), ці то ў форме савецкай «Родзіны» (Рагозін), ці то эканамічнага і вайсковага блёку на чале з Расеяй (Пуцін). «Халодны мір» выходзіць у іншым інфармацыйным суправаджэньні, чым артыкул Кенана 1947 г., які зьявіўся ў пасьляваеннай эўфарыі. Дарэчы, пытаньне пра крыніцы замежнай палітыкі Расеі і яе імпэрска-кансэрватыўная гравітацыя – асобная праблема, і я паспрабую яе асьвятліць. Для пачатку працытуем наступныя радкі:
Яшчэ ніколі будучыня Расеі не была пад такім пытаньнем, як цяпер… і вельмі складана ўбачыць нейкае выйсьце з гэтага тупіку, які ёсьць простым вынікам яе гістарычнага разьвіцьця. Бо разьвіцьцё Расеі заўсёды было накіравана навонкі, а не ўсярэдзіну, на сябе. Дарма што [Расейская] дзяржава расла зь непараўнальнай хуткасьцю – на працягу толькі паўтысячагодзьдзя невялічкае Маскоўскае княства ператварылася ў вялізную імпэрыю, якая пакрывае 1/6 усёй зямной паверхні – яна ніколі ня здолела разьвіць ані сацыяльных, ані эканамічных інстытутаў, якія б адпавядалі яе тэрытарыяльнай экспансіі. Уся яе энэргія была накіравана на ўдасканаленьне дзяржаўнай машыны, якая была задумана для замежнай, а не для ўнутранай экспансіі… Як вынік, патрэбы дзяржавы проста абганялі сродкі задавальненьня гэтых патрэбаў… Дзяржаве была наканавана паўстаць славутым калёсам на гліняных нагах… Гэта дзяржаўная машына, якая не грунтавалася на мэханізмах грамадзкай згоды, не адчувала павіннасьці рэагаваць на імкненьні грамадзтва і выявіла сваю няздольнасьць удасканаліцца настолькі, каб задаволіць павялічваныя патрэбы, якія перад ёй паўставалі. Відавочна, што падобны ўзор разьвіцьця рана ці позна павінен прывесьці ў тупік… Пытаньне «ўскраінаў» ня менш небясьпечнае, чым [эканоміка ці сельская гаспадарка]… Але і тут цяжка сьцьвярджаць, што Расея выбера нейкі новы шлях, сапраўдную рэформу зьверху. Існуе зашмат перашкодаў, зь якіх Польшча, напэўна, самая сур’ёзная… Зьмену паводзінаў што да Польшчы гэтаксама цяжка ўявіць у шырокіх колах грамадзтва, як і сярод чыноўніцтва. Бо іх асновасяжная ўпэўненасьць палягае ў тым, што нібыта ўсё заваяванае Дзяржавай ёсьць «здабыткам расейскага народу, акраплёным яго крывёй»…Чаго яны, аднак, не разумеюць, гэта тое, што Расея разраслася настолькі дзякуючы ня творчасьці і прыроджанаму генію расейскага народу, а з прычыны спэцыфічнага кшталту палітычнай арганізацыі, якая заўсёды ставілася да саміх расейцаў гэтаксама, як і да астатніх, як да падпарадкаваных суб’ектаў… Гэта арганізацыя не клапоціцца пра дабрабыт самой Расеі… а, хутчэй, пра ўсталяваньне інструмэнтаў тэрытарыяльнай экспансіі і кантролю за кошт саміх расейцаў. Як усе драпежныя арганізацыі такога кшталту, яе чакае крах… Крок за крокам яна губляе сваю былую гнуткасьць… І ў сучасным, перанапружаным стане ў яе застаецца адна магчымая крыніца выратавацца – зьмяніць свой фундамэнтальны характар. Але ці здолее аслабленая Расея пайсьці на зьмены, на якія яна ня здолела пайсьці моцнай? Паводзіны Расеі ў Польшчы… нагадваюць ваенную акупацыю. Даць палякам сапраўдную аўтаномію значыць ня што іншае, як дазволіць арганізацыю сапраўднага ўраду і стварыць умовы для годнага жыцьця замест прымітыўнага прымусу. Але для многіх расейцаў… сама магчымасьць зьменаў б’е па іх нацыянальнай годнасьці. Яны выгадаваныя верыць у ілюзію непадзельнасьці Расеі, для іх такая пэрспэктыва азначае нацыянальную ганьбу. Такая хваравітая манія велічы заўсёды была адметнай рысай нацыяў, якія набліжаліся да нацыянальнай катастрофы, і гэта мы бачым сярод шавіністычных колаў у Расеі ў дачыненьні да становішча Польшчы. Тым часам будучыня самой Расеі не ў малой ступені залежыць ад яе адносінаў з Польшчай.
Гэта пісаў прарасейска настроены паляк (і тады былі такія) Роман Дмоўскі («Будучыня Расеі», 1908). Заменім Польшчу на Ўкраіну, і цытата не губляе сваёй актуальнасьці праз 100 гадоў! Бугайскі аналізуе стратэгію і сродкі імпэрскага адраджэньня Расеі, ня дужа зважаючы, наколькі яны рэальныя ў сучаснай сытуацыі. Чаму, нягледзячы на ўсе высілкі Расеі апошніх чатырнаццаці гадоў, чаму СНД памірае, чаму ёй не ўдалося блякаваць уступ у НАТО краінаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы і Балтыі, чаму НАТО было дазволена разьмясьціць вайсковыя базы ў Сярэдняй Азіі, чаму яе былыя саюзьнікі ўсё мацней і мацней уздымаюць самастойны голас (здаецца, нават Лукашэнка знайшоў яго). Чаму большасьць замежнапалітычных праектаў з трэскам правалілася, а апошні зь іх, украінскі, паказаў постсавецкім элітам: «Рабеце, што хочаце, калі можаце»? Можна прывесьці думку калякрамлёўскага камэнтатара Станіслава Бялкоўскага пасьля нядаўняга фіяска ў Малдове: «Для малдаванаў з старэйшага партнэра, дружба зь якім нясе незьлічоныя даброты, Расея канчаткова ператварылася ў жупел – аб’ект смутнага цырыманіяльнага страху і адначасова цынічных насьмешак». «Халодны мір» выйшаў друкам у самым канцы 2004 г., таму яго аўтар проста не пасьпеў прааналізаваць фіяска маскоўскай замежнай палітыкі ўва Ўкраіне і ў Малдове. Калі меркаваць па крыніцах, большасьць матэрыялаў зьбіралася ў 2002–2003 гг. – у часе пуцінскай стабілізацыі, эканамічнага росту, актыўнай замежнай палітыкі і надзеяў на адраджэньне імпэрыі. Дзеля гэтага Бугайскі прыняў кароткатэрміновы пасьпяховы трэнд за доўгатэрміновы, правільна прааналізаваў стратэгію, але не прыняў пад увагу супрацьлеглых сілаў, якія могуць паставіць крыж на праекце імпэрскага адраджэньня Расеі. Гэтая кніга выйшла б лепшай, калі б яе аўтар пачакаў паўгоду і прааналізаваў ня толькі расейскія посьпехі, але й паразы. Бугайскі сьцьвярджае, што Расея так і не прызнала сваёй віны за акупацыю Ўсходняй Эўропы і таму мае праблемы з сваімі былымі васаламі, якія ёй ня могуць дараваць гэтага. Расея атрымала паразу ў халоднай вайне, і таму мае сваім суседзям плаціць рэпарацыі. На думку аўтара, хоць расейскія эліты цьвердзяць, быццам яны не павінны несьці адказнасьці за дзеяньні Савецкага Саюзу, бо Расея была першай ахвярай камунізму, гэты тэзіс можна паставіць пад сумнеў. Калі 20–40 мільёнаў ахвяраў сталінізму – гэта не ахвяра, тады цяжка сказаць, што такое ахвяра. Ідэя, што СССР разваліўся не з прычыны сваіх унутраных структурных супярэчнасьцяў, але, перш за ўсё, таму, што яго разваліла Амэрыка на чале з Рэйганам і Бушам, толькі дае лішнія аргумэнты рэваншысцкім сілам у Расеі. Расея зноў павінна стаць моцнай, а раз дэмакратыя давяла краіну да краху, трэба вярнуцца да аўтарытарызму. Падобныя праблемы былі і ў немцаў, пакуль саюзьнікі не правялі масавай кампаніі прамыўкі мазгоў у дзесяцігодзьдзе пасьля Другой сусьветнай вайны – нават у 1949 г. амаль 40 % немцаў лічылі Гітлера добрым лідэрам, які дапусьціў асобныя памылкі. У Расеі прамыўкі мазгоў не было і, у адрозьненьне ад Нямеччыны, яна ніколі раней не была дэмакратычнай дзяржавай. З гэтай пэрспэктывы няцяжка зразумець, чаму прэзыдэнты Літвы і Эстоніі не прыехалі ў Маскву на сьвяткаваньне 60-годзьдзя перамогі над фашызмам – перамога над фашызмам азначала для Ўсходняй Эўропы толькі вызваленьне ад фашызму, але не вызваленьне ў прынцыпе, бо прыйшлі камуністы. Расейцы гэтага не разумеюць, бо іх ня так вучылі і цяпер ня вучаць. Як напісаў вугорскі пісьменьнік Шандар Мараі ў сваіх «Мэмуарах аб Вугоршчыне, 1944–1948» (дарэчы, адзін з найлепшых аналізаў расейскай мэнтальнасьці, якія я сустракаў), савецкі салдат думаў, што ён прынёс свабоду, вызваленьне ад немцаў, але не разумеў, што прынесьці свабоду ён быў ня ў стане проста паводле вызначэньня, бо ён сам быў несвабодны. Бугайскі, здаецца, не разумее, што сьвет цяпер якасна іншы, чым падчас халоднай вайны, што глябалізацыя эканамічных, палітычных і культурных працэсаў можа як працаваць на карысьць Расеі (пранікненьне падкантрольнага дзяржаве капіталу на эўрапейскія рынкі), так і супраць (пагроза дэстабілізацыі самой Расеі). Ён ня бачыць кардынальна іншай ролі, якую можа выконваць Усходняя Эўропа пасьля далучэньня да ЭЗ (асабліва польская замежная палітыка ў дачыненьні да Беларусі, Украіны і Малдовы), і ня хоча зразумець, што Расея ўжо ня здолее стаць дамінантнай сілай у Эўразіі проста таму, што ёй можа стаць тут толькі Кітай. Параза расейскай замежнай палітыкі ў Сэрбіі і Славаччыне (пасьля падзеньня прарасейскіх рэжымаў Мілошавіча і Мэчыяра), на выбарах у Абхазіі, нарэшце, на выбарах ува Ўкраіне і апошніх выбарах у Малдове (на якіх Расея ня мела ўвогуле аніякай ролі), доўгае кананьне СНД, якой ужо ніхто сур’ёзна не ўспрымае, нарэшце, уступленьне ў НАТО амаль усіх усходнеэўрапейскіх краінаў, якія туды хацелі ўступіць – усё гэта дэманструе, што імпэрскі праект, які аналізуе Бугайскі і супраць якога ён засьцерагае, не працуе ані ў кароткатэрміновай, ані ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Ад гэтага ягоная кніга ў многіх аспэктах робіцца гістарычнай манаграфіяй, бо пасьля пашырэньня ЭЗ на ўсход і Аранжавай рэвалюцыі ўва Ўкраіне пачалася якасна іншая дынаміка замежнапалітычных стасункаў ува Ўсходняй Эўропе і СНД. «Халодны мір», аднак, цікавы сваёй прагнастычнай часткай. Хутчэй за ўсё, Расея здолее захаваць манаполію на энэргетыку ўва ўсёй Усходняй Эўропе, касьпійскі праект пакуль выглядае далёкай справай. Замест СНД удасца стварыць нешта іншае, больш працаздольнае (а можа, і не) – Адзіную эканамічную прастору. Расея не перагледзіць асноўнага інструмэнтару сваёй замежнай палітыкі і будзе надалей сутыкацца з паразамі – пакуль ня вырашыць унутраных праблемаў дэмакратызацыі. Яе ня будуць паважаць і любіць у рэгіёне, пакуль яна застанецца недэмакратычнай дзяржавай, у якой існуе змычка паміж чыноўнікамі і бізнэсам. Мода на аўтарытарызм прайшла, і Чылі Піначэта, і азіяцкія тыгры мадэрнізаваліся ў іншых абставінах, Расея бярэ няўдалы прыклад Кітаю, які, нягледзячы на аўтарытарызм, разьвіваецца хутчэй. Згодна з Бугайскім, Масква ўмоўна падзяляе Ўсходнюю Эўропу на чатыры зоны: эўрапейскія краіны СНД, балтыйскі рэгіён, Цэнтральная Эўропа і Паўднёва-Ўсходняя Эўропа. Эўрапейскія краіны СНД (Беларусь, Украіна, Малдова) – гэта важны пляцдарм, зь якога Расея хоча вярнуць шырокую сфэру расейскага ўплыву. Рэінтэграцыя постсавецкай прасторы – прыярытэт для Пуціна, бо дамінаваньне над ёй надае сэнс маскоўскім прэтэнзіям звацца глябальным гульцом і фактарам стабільнасьці ў Эўразіі. Эстонія, Латвія і Літва (балтыйскі рэгіён) з гэтага пункту гледжаньня – сур’ёзны буфэр супраць заходняга «наступу» на былыя савецкія тэрыторыі. Таму задача Крамля – дабіцца таго, каб балтыйскія краіны былі слабымі й ізаляванымі і, па магчымасьці, увогуле ня мелі інстытуцыйных сувязяў з заходнімі абарончымі структурамі, або, калі гэта ня выйдзе, каб яны засталіся натаўскай пэрыфэрыяй. Цэнтральнаэўрапейскі рэгіён (Польшча, Вугоршчына, Чэхія і Славаччына) уяўляе сабой нэгатыўную крыніцу ўплыву на больш усходніх суседзяў, бо настойліва інтэгруецца ў эўрапейскія інстытуты – НАТО і ЭЗ. Уплыў гэтых краінаў трэба нэўтралізаваць. Цэнтральнаэўрапейскія і балтыйскія дзяржавы «атручваюць» заходнія інстытуты сваімі русафобскімі поглядамі, на што Масква павінна рэагаваць простымі двухбаковымі стасункамі з пэўнымі заходнімі краінамі (фармат Пуцін–Шродэр, Пуцін–Шырак і г. д.). Нарэшце, у Паўднёва-Ўсходняй Эўропе (Балканы) – краінах былой Югаславіі плюс Альбанія, Баўгарыя і Румынія – Расея імкнулася выкарыстаць былыя сантымэнты «славянска-праваслаўнага братэрства» і замацавацца эканамічна і палітычна. Канфлікт у былой Югаславіі даў ёй нагоду шчэрыць зубы на НАТО – перш за ўсё, для выкарыстаньня яго ўва ўнутранай палітыцы. Не зусім ясна, чаму Бугайскі выключае з свайго аналізу краіны Каўказу й Сярэдняй Азіі. Напрыклад, ён ні слова не гаворыць пра грузінскую «ружовую» рэвалюцыю, хоць аналізуе прызначэньне Януковіча «на пасаду» афіцыйнага пераемніка Кучмы ў красавіку 2004-га. Калі працягнуць такую геапалітычную лёгіку, гэтыя краіны складаюць другую значнасьцю зону ўплыву пасьля эўрапейскіх краінаў СНД. У любым выпадку, важнасьць адных толькі Грузіі і Азэрбайджану як для стабільнасьці расейскай часткі паўночна-каўкаскага рэгіёну, так і для расейскіх геапалітычных інтарэсаў, перш за ўсё, зьвязаных з касьпійскай нафтай, намнога большая, чым Балканы разам узятыя. У кожным з гэтых чатырох рэгіёнаў Расея імкнулася ўплываць на замежную і абаронную палітыку, мінімізаваць інтэграцыю ў заходнія інстытуты, блякаваць іншыя формы рэгіянальнай інтэграцыі і забясьпечваць свае эканамічныя і замежнапалітычныя інтарэсы. У некаторых выпадках Расея здолела падпарадкаваць, ці, прынамсі, крытычна паўплываць на кірунак палітыкі суседніх дзяржаваў, у іншых выпадках уплыў быў менш істотным ці менш працяглым, нарэшце, калі імкненьні Расеі рабіліся відавочнымі, яны толькі падштурхоўвалі хутчэйшую інтэграцыю былых сатэлітаў з Захадам. Паводле Бугайскага, расейскія эліты разумеюць, што просты кантроль над Усходняй Эўропай – занятак не зусім практычны і дарагі (і, дадам, нерэальны). Замест таго яны вызначылі шэраг канкрэтных і дасягальных мэтаў, некаторых зь якіх можна дамагчыся за параўнальна кароткі час, а некаторыя патрабуюць доўгатэрміновага плянаваньня і ажыцьцяўленьня. Першай мэтай расейскай палітыкі ёсьць дасягненьне «кантрольнага пакету» над замежнай і абароннай палітыкай суседніх краінаў. Яе асабліва бачна ў краінах СНД, але яе пэўныя праявы можна выявіць і ў кожным з астатніх трох рэгіёнаў – гэта і імкненьне выкарыстаць маленькія і слабыя краіны як палітычных хаўрусьнікаў на міжнароднай арэне, і нэўтралізаваць апазыцыю да расейскай замежнай палітыкі, і, у пэрспэктыве, уплываць на палітыку ЭЗ. Другой мэтай ёсьць імкненьне дабіцца манапольных пазыцыяў у эканоміцы праз мэтавыя замежныя інвэстыцыі і кантроль над стратэгічнымі аб’ектамі. Такія інвэстыцыі даюць Маскве стратэгічны ўплыў на эканамічную, фінансавую і гандлёвую палітыку рэгіёну. Расейскі капітал, які «выцякаў з краіны» ў 1990-я гг., Бугайскі ўважае за «фінансавага агента» расейскага ўраду, які накіроўвае яго ў суседнія рэгіёны, у якіх расейцы маюць доўгатэрміновыя стратэгічныя інтарэсы. У энэргетычным сэктары Расея дабівалася і дабіваецца пазыцыі рэгіянальнага манапаліста. Пасьля таго, як адміністрацыя Пуціна «ўтаймавала» амбіцыі найбуйнейшых алігархаў, дзяржаўна-адміністрацыйны кантроль над замежнымі інвэстыцыямі і «прыроднай рэнтай» у гэтым сэктары яшчэ больш узмацніўся. Па-трэцяе, Расея імкнецца перавесьці энэргетычную залежнасьць усходнеэўрапейскіх дзяржаваў у доўгатэрміновы і стабільны палітычны ўплыў. Шчыльная сувязь паміж Крамлём і найбуйнейшымі расейскімі кампаніямі паказвае на вельмі сур’ёзную каардынацыю замежнай палітыкі. Гэтыя кампаніі набываюць усё большы ўплыў ува ўсходнеэўрапейскіх краінах дзякуючы нефармальным адносінам з афіцыйнымі асобамі, палітычнымі партыямі і СМІ (чытай: подкупу). Па-чацьвертае, Расея імкнецца заблякаваць ці, прынамсі, зьбіць дынаміку з маштабу і тэмпу эўраатлянтычнай інстытуцыйнай інтэграцыі краінаў Усходняй Эўропы. Раней яна небеспасьпяхова рабіла ўсё магчымае, каб заблякаваць стварэньне і існаваньне рэгіянальнага блёку ГУУАМ (Грузія, Украіна, Узбэкістан, Азэрбайджан, Малдова). Апрача гэтага, Масква прымушала краіны СНД уступаць у «дамову аб калектыўнай бясьпецы», дзе галоўнае месца адводзілася Расеі. Пуцін зразумеў, што Расея занадта слабая, каб блякаваць уступ у НАТО краінаў першых трох зонаў, акрамя эўрапейскай часткі СНД. Больш за тое, дыпляматычная параза ў гэтай спробе – горшы вынік, чым проста бязьдзеяньне. Замест гэтага ён паспрабаваў мінімізаваць магчымыя наступствы пашырэньня НАТО праз пэўную інтэграцыю з НАТО ў фармаце Расея–НАТО. Па-пятае, Масква мае намер выкарыстаць усходнеэўрапейскі рэгіён, перш за ўсё, эўрапейскую частку СНД, як прыступку дзеля далейшага ўзбуйненьня сфэры ўплыву і падняцьця глябальнага статусу. Пасьля таго, як Расея ўсталюецца як рэгіянальная «вялікая дзяржава», яна зробіць «upgrade» з малодшага партнэра Злучаных Штатаў у самастойнага гульца, здольнага збалянсаваць амэрыканскі ўплыў у Эўразіі. І апошняе, шостае. Сваім уплывам у Эўропе Масква шукае спосабы сапсаваць стасункі паміж Эўропай і Амэрыкай, умацаваць шматпалярнасьць у фармаце Эўропа–Азія (Эўропа ад Лісабону да Ўралу а-ля дэ Голь) ці Эўразія супраць Злучаных Штатаў, і ўсталяваць кантынэнтальную расейска-эўрапейскую сыстэму бясьпекі. Каб дасягнуць гэтых мэтаў, Расея выкарыстоўвае наступныя інструмэнты.
Расея ўжывае дыпляматычны прэсінг, каб прымусіць суседзяў карэгаваць сваю замежную палітыку згодна з расейскімі інтарэсамі. Найзырчэй ён праяўляецца, калі накіраваны на былыя краіны СНД – тут яго ніхто асабліва і не хавае. Візыты высокапастаўленых асобаў з мэтай дапамагчы «решить вопросы», асабліва падчас унутраных крызісаў (напрыклад, падчас беларускага канстытуцыйнага крызісу ў 1996 г.), пэрыядычнае пакрыкваньне і ляскатаньне пугай у паветры, каб паказаць незадавальненьне суседзкай палітыкай (пагрозы ўвесьці санкцыі супраць Малдовы пасьля выбараў 2005 г.) належаць да стандартнага арсэналу расейскай дыпляматыі. Дыпляматычныя дамовы – таксама прадмет маніпуляцыі. Нават калі яны падпісаныя абодвума бакамі, іхная ратыфікацыя расейскім парлямэнтам можа зацягнуцца на няпэўны тэрмін – калі яны перасталі адпавядаць інтарэсам Крамля. Так Дума з Крамлём гуляюць у старую гульню «добры сьледчы – благі сьледчы». Дума таксама бывае рупарам для настройкі грамадзкай думкі і выражэньня «патрэбнага» бачаньня міжнародных праблемаў. Так, палкія прамовы пэўных расейскіх палітычных лідэраў (Жырыноўскі, Рагозін), напрыклад, ідэя ўзарваць ядзерную бомбу каля латыскай мяжы і ўключыць вэнтылятары, каб яны гналі атручанае паветра («пусть прибалты болеют» – Жырыноўскі), сыгналізуюць усходнеэўрапейскім урадам, што Расея можа заняць супраць іх яшчэ больш крытычную пазыцыю. Дума можа нарабіць такога ляманту, што нават прэзыдэнцкая адміністрацыя ў параўнаньні зь ёй будзе выглядаць вельмі стрыманай і памяркоўнай. Так на Захад праектуецца PR-кампанія, што Пуцін – самы лібэральны палітычны актар у Расеі («паглядзіце на астатніх»), зь якім толькі і можна дамаўляцца. (Ролі могуць мяняцца – у дачыненьні да беларускага рэфэрэндуму 2004 г. ролю дрэннага паліцэйскага выконваў Крэмль, а добрага – Дума.)
Пуцін ня проста так «закрутил гайки» ў сродках масавай інфармацыі – расейскія мэдыі даюць магчымасьць уплываць на грамадзкую думку ня толькі ў Расеі, але і за мяжой. Па-першае, так можна настройваць расейскае грамадзтва супраць пэўных усходнеэўрапейскіх краінаў адначасова з паралельнай замежнапалітычнай атакай (варта толькі ўспомніць ганебнае асьвятленьне расейскім ТБ падзеяў ува Ўкраіне). Па-другое, маскоўскія каналы, якія Крэмль паставіў пад свой непасрэдны кантроль, перадаюць ня толькі на Расею, але таксама на краіны «блізкага замежжа» – і ўплываюць на іх грамадзкую думку і эліту. Расейскія каналы рэгулярна глядзіць большасьць насельніцтва ў Беларусі, Малдове. Лукашэнка не забыўся на ўрокі выбараў 2001 г. і памяняў расейскіх «андроідаў» на «беларускіх». У 2006 г. расейцы ўжо ня змогуць ужыць свае мэдыі як сродак прапаганды і шантажу беларускага рэжыму. У суседніх краінах можна таксама купляць тэлеканалы і найбольш уплывовыя газэты. Бугайскі дае прыклад скандалу з найбуйнейшай чэскай тэлевізійнай кампаніяй «TV Nova», якая, здаецца, была купленая расейскім бізнэсам з мэтай прапаганды. У Сярэдняй Эўропе камэрцыялізацыя і «амэрыканізацыя» мэдыяў прывяла да арыентацыі апошніх на скандалы і сэнсацыі, што значна дапамагае Маскве запускаць патрэбную інфармацыю – ці праўдзівую, але маніпуляваную, ці цалкам ілжывую з мэтай надаць сабе прэстыж і дыскрэдытаваць палітычных апанэнтаў. Дэзінфармаваць можна таксама палітыкаў, празаходнія палітычныя партыі, цэлы ўрад. Можна таксама запусьціць абвінавачаньні ў «русафобіі» празаходніх палітыкаў (калі яны русафобы, то іхная інтэграцыя ў заходнія інстытуты можа атруціць расейскія стасункі з НАТО і ЭЗ). Каб дадаць вагі сваім абвінавачаньням, расейскія мэдыі ня раз спасылаліся на тых заходніх камэнтатараў (Джордж Кенан, Робэрт Макнамара, Рычард Пайпс), якія папярэджвалі, што пашырэньне НАТО на ўсход можа зрабіць Атлянтычны альянс антырасейскім і тым самым сапсаваць стасункі паміж Захадам і Расеяй. Мэтай такой інфармацыйнай кампаніі было папярэдзіць заходніх палітыкаў і інтэлектуалаў, што ўступленьне ў НАТО новых чальцоў будзе азначаць канфлікт з Расеяй. Іншым аргумэнтам супраць пашырэньня НАТО быў тэзіс, што «ізаляцыя» Расеі прывядзе да далейшага ўзмацненьня нацыяналістаў і камуністаў, якія змогуць скласьці канкурэнцыю памяркоўнаму Пуціну. Пасьля пашырэньня НАТО тыя самыя камэнтатары пачалі гаварыць аб яго правале, а таксама нязьмерным цяжары фінансаваньня вайсковых рэформаў, які ўзвалілі на сябе ўсходнеэўрапейскія краіны. Але ці маральна крытыкаваць суседзяў, калі расейская армія больш нагадвае напаўгалодных жабракоў, узброеных ядзернымі ракетамі? На балканскім «фронце» расейскія мэдыі крытыкавалі акупацыю Косава й Босьніі натаўскімі войскамі, якая нібыта вяла да эскаляцыі нестабільнасьці ў рэгіёне. Пры гэтым яны замоўчвалі, што прыкладна ад 2000 да 3000 расейскіх ахвотнікаў змагаліся на баку сэрбаў у Харватыі і Босьніі (сэрбы таксама атрымлівалі ад расейцаў зброю і сакрэтную інфармацыю). Сэрбская тэма дапамагла Ельцыну адвесьці ўвагу ад справы аб імпічмэнце і біць разам з камуністамі і нацыяналістамі ў бубен славянскага братэрства. Ішла размова нават пра далучэньне Сэрбіі да беларуска-расейскага Саюзу. Аднак усе словы засталіся толькі словамі, бо Расея была ня ў стане ісьці на збройны канфлікт з Атлянтычным альянсам.
Адной з найпершых стратэгічных мэтаў Расеі ў пачатку 1990-х было забесьпячэньне бязьядзернага статусу краінаў СНД – як мага хутчэй вывесьці ядзерную зброю з Украіны, Беларусі і Казахстану і прадухіліць яе разьмяшчэньне ў СНД іншымі дзяржавамі (чытай, НАТО). Расея імкнулася застацца адзінай ядзернай краінай рэгіёну і, згодна з ваеннай дактрынай ад лістапада 1993 г., «накрыць» сваім ядзерным парасонам усіх чальцоў дамовы пра калектыўную бясьпеку СНД. Цяжка разумець, чаму Бугайскі крытыкуе Расею за яе імкненьне застацца ядзернай краінай і вывесьці ядзерную зброю з краінаў СНД – такой жа мэты, і яшчэ з большым імпэтам, дамагаліся Злучаныя Штаты. Расейскія палітыкі зазвычай сьцьвярджаюць, што пашырэньне НАТО на ўсход прывядзе да новага вітку гонкі ўзбраеньняў і што НАТО ў былых краінах савецкага блёку імкнецца замяніць расейскі ўплыў на свой. Такая рыторыка служыць падставай для абгрунтаваньня і артыкуляцыі расейскіх пагрозаў у адказ на пагрозы НАТО, рэальныя ці выдуманыя. На пэрспэктыву пашырэньня НАТО Расея адказвае, што яна гатовая разьмясьціць тактычную ядзерную зброю на сваіх заходніх межах (PR-кампанія аб магчымым або рэальным разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Калініградзе на пачатку 2000-х гг.) ці стварыць цясьнейшы вайсковы саюз з краінамі СНД. У сваю чаргу, расейскія пагрозы нагадваюць былым савецкім сатэлітам ува Ўсходняй Эўропе, што Расея імкнецца застацца імпэрыяй і што яна ня страціла надзеі на вяртаньне кантролю над рэгіёнам, які на дадзены момант ня мае рэсурсаў кантраляваць. Гэта толькі дае ім дадатковы аргумэнт як мага хутчэй далучыцца да НАТО. Другой падставай для нэгатыўнага стаўленьня Расеі да пашырэньня НАТО на ўсход ёсьць абгрунтаваны страх, што яе доля ў сусьветным рынку ўзбраеньняў значна зьменшыцца па пераходзе новых чальцоў альянсу на натаўскія стандарты ўзбраеньняў. Пасьля прыходу Пуціна да ўлады Расея з падвойнай энэргіяй узялася за нарошчваньне ўплыву на рынку ўзбраеньняў, асабліва ўва Ўсходняй Эўропе. Яна (як, дарэчы, і Беларусь) таксама вельмі актыўна дзейнічае на рынку мадэрнізацыі ўзбраеньняў, таксама вельмі істотным, калі памятаць, што большая частка ўзбраеньняў у краінах былога савецкага блёку савецкай вытворчасьці і патрабуе значнай мадэрнізацыі. У Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе ў тэндэрах на мадэрнізацыю ўзбраеньняў вельмі часта перамагаюць расейскія прыватныя кампаніі, што дае ім доступ да сакрэтнай натаўскай інфармацыі. У сваю чаргу, Расея любымі сродкамі, у прыватнасьці, шляхам экспарту аўтакратыі, імкнецца не дапусьціць далучэньня краін СНД да НАТО ці іншых «варожых» Расеі альянсаў. Асноўным патрабаваньнем пры ўступе ў НАТО ёсьць наяўнасьць дзейных дэмакратычных інстытутаў, і таму ніводная краіна СНД зь недэмакратычным рэжымам ня можа ўступіць у альянс. Згодна з апошняй ваеннай дактрынай (канца 2003 г.), Расея пакідае за сабой права на прэвэнтыўны ваенны ўдар, калі існуе дакладная, відавочная і непазьбежная пагроза краіне, ці калі ўзьнікне пагроза страты доступу да тых рэгіёнаў, дзе Масква мае значныя эканамічныя і фінансавыя інтарэсы. Расея таксама пакідае за сабой права на ваеннае ўмяшальніцтва на прасторах СНД пры «складанай, нестабільнай сытуацыі», ці калі існуе непасрэдная пагроза расейскім грамадзянам або этнічным расейцам. Пасьля Беслану дактрына прэвэнтыўных удараў пашырылася. На працягу 1990-х Расея інсьпіравала канфлікты на прасторы СНД, затым змушала мясцовыя ўрады і міжнародныя інстытуты на як мага хутчэйшы ўвод у праблемныя зоны расейскіх міратворцаў. Пасьля гэтыя «міратворцы» заставаліся надоўга. Іх характэрнай асаблівасьцю, якая адрозьнівала іх ад звычайных, аанаўскіх, ёсьць тое, што яны звычайна бралі адзін бок у канфлікце, замест таго, каб трымацца нэўтральнасьці. Масква таксама была зацікаўленая ў працягу канфлікту на «павольным агні» – не настолькі моцным, каб пачалася дэстабілізацыя, але таксама не зусім слабенькім, каб адпала сама патрэба ў міратворцах. Расея таксама ўзяла на сябе ролю вырашаць, у якія кропкі ёй умешвацца, на якім этапе канфлікту і калі выводзіць войскі. У асабліва складаным становішчы знаходзяцца ўрады тых краінаў, у якіх адбываецца канфлікт, бо ў іх існуе выбар толькі паміж грамадзянскай вайной і магчымай дэзінтэграцыяй краіны з аднаго боку, і міратворцамі, якія ўсё больш і больш нагадваюць акупацыйныя сілы замежнай дзяржавы – з другога. Яскравымі прыкладамі расейскай міратворчасьці ёсьць Грузія зь яе акупаванымі Расеяй анклявамі і Малдова з Прыднястроўем. Расейцы дамагліся стварэньня з Прыднястроўя другога Калінінграду – вельмі мілітарызаванага, крымінальнага анкляву ў стратэгічным абсягу паміж Украінай і Балканамі. У Прыднястроўі назапашвалася зброя тых частак Савецкай Арміі, якія пакінулі свае базы ў Сярэдняй Эўропе. Пры бяспраўі і бескантрольнасьці і пры блізіні межаў з Эўропай расквітнелі крымінальныя групоўкі. Сын лідэра Прыднястроўя, Уладзімер Сьмірноў, узначальвае цесна зьвязаную з расейскай і ўкраінскай мафіяй кампанію «Шэрыф», якая кантралюе амаль усю эканоміку анкляву. Многія былыя лідэры прыбалтыйскіх АМОНаў, якіх шукае Інтэрпол, працаўладкаваліся па спэцыяльнасьці акурат у Прыднястроўі. Прыднястроўскі канфлікт расейскія кансэрватары разглядалі як падставу, зь якой пачнецца адбудова Савецкага Саюзу. Камандзір 14-й арміі генэрал Лебедзь заяўляў, што Прыднястроўе ёсьць часткай Расеі, ключом да Балканаў, стратэгічным скрыжаваньнем паміж Украінай, Румыніяй і Чорным морам, і калі Расея страціць гэты абшар, яна страціць уплыў ува ўсім рэгіёне. Канфлікт у Прыднястроўі і міратворчыя абавязкі, якія ўзяла на сябе 14-я армія, далі магчымасьць Маскве захаваць вайсковы кантынгент на тэрыторыі Малдовы, дарма што малдоўская канстытуцыя абвесьціла нэўтралітэт дзяржавы і забараніла прысутнасьць на ёй замежных войскаў. 14-я армія займалася ня столькі міратворчасьцю, колькі пастаўляла зброю сэпаратыстам, ажыцьцяўляла іх лягістычную падтрымку і давала ім ваенныя кансультацыі. Той факт, што Захад спакойна ўспрыняў маскоўскае ўмяшальніцтва ў Малдове, толькі пераканаў Маскву ў мэтазгоднасьці далейшага ўмяшальніцтва ў іншых гарачых кропках былога Савецкага Саюзу. (Пазыцыя Захаду ў той час палягала ў тым, што апазыцыя Ельцыну можа прывесьці да перамогі рэваншысцкіх і камуністычных палітычных элітаў у Расеі.) Маскоўская палітыка толькі ўзмацніла рэжым у Тыраспалі, які ня бачыў сэнсу дамаўляцца з Кішынёвам, што зацягнула канфлікт аж дагэтуль. Нягледзячы на ўзяты на сябе абавязак вывесьці войскі да канца 2002 г., Расея адмовілася гэта зрабіць, заявіўшы, што размова ішла аб намеры вывесьці, а не аб вывадзе. Урэшце, нават прарасейскі, адзіны ў СНД камуністычны ўрад Вароніна расчараваўся ў пазыцыі Масквы і павярнуўся да Захаду. На апошніх выбарах 2005 г. усе асноўныя партыі Малдовы заклікалі да эўрапейскай інтэграцыі.
Расейская эканоміка як ніколі раней залежыць ад паліўна-энэргетычнага комплексу. Так, 80 % расейскага экспарту і 25 % ВУП – гэта нафта і газ. Іншыя карысныя выкапні – мэталы, золата, алмазы – таксама ідуць на экспарт. Расея – такая самая сыравінная краіна, як Нігерыя і Вэнэсуэла, але, у адрозьненьне ад больш сьціплых сыравінных дзяржаваў, яна мае палітычныя амбіцыі і ядзерную зброю. Капітал, які паступае ад продажу ўсёй гэтай сыравіны, акумулюецца ў кішэнях невялікага кола асобаў і можа выкарыстоўвацца на куплю кантрольных пакетаў і стратэгічных прадпрыемстваў суседніх дзяржаваў, падтрымку сатэлітаў праз продаж рэсурсаў за ніжэйшыя за рынкавыя цэны і г. д. Пакуль цэны на нафту растуць і застаюцца стабільна высокімі, а гіганты Кітай і Індыя, што растуць, патрабуюць усё больш паліва, разьвітаньня з такой залежнасьцю і структурных рэформаў у эканоміцы можна не чакаць. Манапалізацыя энэргетычнага сэктару і канцэнтрацыя капіталу, становішча, калі ўся Эўропа залежыць ад расейскіх паставак нафты і газу, дае істотную магчымасьць палітычна і эканамічна ўплываць на краіны-спажыўцы. Рэальнасьць эканамічнай катастрофы ў выпадку прыпыненьня Масквой паставак энэрганосьбітаў вымушае ўрады краінаў-спажыўцоў хоцькі-няхоцькі зважаць на расейскую палітыку. Пасьля арышту Хадаркоўскага ўвесь энэргетычны сэктар ператрэсла, і цяпер ён стаў яшчэ больш манапалізаваны Крамлём, ці, лепей сказаць, змычкай крамлёўскіх чыноўнікаў зь ляяльнымі алігархамі. Расейская сетка трубаправодаў застаецца пад дзяржаўным кантролем, які ажыцьцяўляюць дзьве кампаніі – «Трансьнефць» для нафты і «Газпром» для газу. Крэмль таксама разумее, што намнога больш прыбыткова – эканамічна і палітычна – ня толькі пастаўляць нафту, але перапрацоўваць яе і прадаваць гатовыя нафтапрадукты. Расейскія кампаніі імкнуцца ўтрымаць кантроль, а калі-нікалі і здабыць яго над новымі трубаправодамі, нафтаперапрацоўчымі камбінатамі ды іншай энэргетычнай інфраструктурай. Як толькі расейскія энэргетычныя кампаніі атрымліваюць доступ да новай краіны, яны пачынаюць экспансію праз куплю мясцовых дробных кампаніяў наўпрост або праз намінальна незалежных пасярэднікаў. Многія прадпрыемствы залежаць ад імпарту расейскай сыравіны, што дае яшчэ адну магчымасьць для расейскіх кампаніяў ствараць цэлыя кансорцыюмы, якія цалкам залежаць ад расейскіх паставак. Бугайскі вельмі добра аналізуе расейска-беларускую эпапэю ў справе прыватызацыі «Белтрансгазу», але ня кажа нічога новага пра яе для беларускіх назіральнікаў. «Лукойл», «Газпром» ды іх шматлікія даччыныя кампаніі ўзбуйняюць сваю долю ў сусьветным энэргетычным рынку, забіраючы пад свой кантроль сеткі трубаправодаў, нафтаперапрацоўчыя і хімічныя камбінаты. У абедзьвюх кампаніях працуюць сотні былых гэбэшнікаў, зьвязаных з адміністрацыяй Пуціна. Маючы такі штат, кампаніі выкарыстоўваюць старую агентурную сетку, раскіданую па ўсёй Усходняй Эўропе, для дасягненьня сваіх камэрцыйных мэтаў. Але ці не тлумачацца расейскія інвэстыцыі ў энэргетычную інфраструктуру за мяжой яе прыбытковасьцю, а значыць, і легальным прытокам капіталу, а ня толькі кансьпіратыўнымі прычынамі? Бугайскі лічыць, што такая лёгіка не бярэ пад увагу факт, што паміж Крамлём і энэргетычнымі кампаніямі існуе цесная сувязь. Апошнія інвэстуюць якраз у краінах, якія імкнецца кантраляваць Масква. Усходнеэўрапейскія эліты разумеюць, што калі яны дазволяць расейцам скупіць іх энэргетычную інфраструктуру, гэта прывядзе да небясьпечнай палітычнай залежнасьці. Каб папярэдзіць патэнцыйны рэкет, яны імкнуцца забясьпечыць пэўную дывэрсыфікацыю сваіх энэргетычных крыніцаў. Гэта складана, бо альтэрнатыўныя крыніцы – Касьпій, Паўночная Афрыка, Скандынавія, Сярэдні Ўсход – пакуль значна даражэйшыя за расейскія. Многія краіны захоўваюць эканамічную залежнасьць ад Масквы – гандлёвую, крэдытную, інвэстыцыйную. Расейскі бізнэс найбольш цікавіць энэргетыка, банкі і тэлекамунікацыі. (Так, «Газпром» імкнуўся набыць кантроль над звышпрыбытковай тэлекамунікацыйнай сеткай на аснове валаконна-аптычнага кабэлю паміж Расеяй і Эўропай.) Прынамсі, траціна ўсіх расейскіх простых замежных інвэстыцыяў прыпадае на краіны былога СССР. З другога боку, Расея захоўвае моцную пратэкцыянісцкую палітыку для свайго рынку. У Расеі буйны бізнэс і ўрад працуюць у тандэме. Кампаніі, якія маюць сувязі з Крамлём, атрымліваюць прэфэрэнцыі пры прыватызацыі прадпрыемстваў у некаторых краінах рэгіёну. Бугайскі мяркуе, што палітычная рызыка ад інвэстыцыяў з Расеі намнога перавышае рызыку ад іншых інвэстараў – інвэстыцыйную палітыку расейскіх «транснацыяналаў» дыктуе Крэмль. Не выпадкова, хутчэй, з палітычных, а не эканамічных прычынаў Літва вырашыла прадаць найбуйнейшы нафтакамбінат у Мажэйках амэрыканскай кампаніі «Williams International», а не «Лукойлу». «Лукойл» пасьля дзевяць разоў на кароткія пэрыяды прыпыняў дастаўку нафты на камбінат. «Мажэйкяй нафта» і літоўскі бюджэт панесьлі вялікія страты. У канцы ў 2002 г. «Williams» перапрадаў свой пакет акцыяў «Юкасу», які атрымаў кантроль ня толькі над камбінатам, але і над трубой. Гэты прыклад яскрава ілюструе стыль мысьленьня Бугайскага, які правільна падае фактурную інфармацыю, але толькі тую, якая адпавядае яго галоўнаму тэзісу. Так, «Мажэйкяй» сапраўды быў прададзены «Williams». Бугайскі замоўчвае, што гэта было зроблена нягледзячы на тое, што «Лукойл» быў гатовы прапанаваць лепшую цану і што «Williams» раней ніколі не займаўся здабычай нафты. Ён таксама ня піша, што амэрыканскі пасол у Літве быў лабістам «Williams» і прапіхнуў надзвычай выгадную ўгоду для кампаніі, паводле якой літоўскі ўрад пакрываў усе страты, якія панясе «Мажэйкяй» (потым гэта было прызнана антыканстытуцыйным актам). Продаж справакаваў палітычны крызіс і адстаўку ўраду. «Williams» ня толькі ня страціў нічога, але нават нажыўся на перапродажы «Мажэйкяй». Амэрыканскі пасол у Літве праз паўгоду пасьля продажу пайшоў у адстаўку і атрымаў выгадную пасаду кансультанта «Williams» у Лацінскай Амэрыцы.
Больш за 25 мільёнаў этнічных расейцаў пражывае на тэрыторыі краінаў былога Савецкага Саюзу. Прыкладна палова зь іх – ува Ўкраіне, Беларусі і Малдове. Крэмль, калі гэта яму выгадна, разглядае ўсіх расейскамоўных як адну этнічную масу. Падтрымліваючы расейскую дыяспару, Масква разглядае гэта як інвэстыцыю ў падтрымку ляяльнага палітычнага корпусу, піша Бугайскі, прыпыняючыся за адзін крок да таго, каб вымавіць словы «пятая калёна». У той жа час Крэмль не падтрымлівае палітыкі іміграцыі этнічных расейцаў у саму Расею. Крэмль, як і Расейская праваслаўная царква, не вылучае значнай матэрыяльнай дапамогі дыяспары. Як мяркуе Бугайскі, у Расеі не выпадае гаварыць ні пра які падзел дзяржавы і царквы. РПЦ ня толькі падтрымлівае замежную палітыку Крамля, але яшчэ і «прамывае мазгі» сваімі антыдэмакратычнымі, антызаходнімі, антыкапіталістычнымі каштоўнасьцямі, насаджае калектывізм, антыматэрыялізм, панславізм і іншыя злыбеды. Патрыярх Аляксій II хоча адбудаваць праваслаўную супольнасьць, якая ўключае Расейскую Фэдэрацыю, Беларусь з Украінай і ўсе памежныя краіны са значнымі расейскамоўнымі меншасьцямі. Ён адданы прыхільнік ідэі СНД і «славянскага братэрства». Крэмль разглядае этнічную расейскую і расейскамоўную дыяспару як істотны чыньнік рэгіянальнага ўплыву. У яго вачох незалежніцкія эліты складаюцца з нацыяналістаў, а расейскамоўныя і (або, як у выпадку Беларусі) саветызаваныя меншасьці выступаюць прагрэсіўнымі сіламі грамадзтва. Падтрымка Крамлём нацыянальных меншасьцяў радыкалізуе іх лідэраў, насьцярожвае «незалежнікаў» і вядзе да канфлікту ў грамадзтве. Многія расейскамоўныя, дзе яны маюць выбарчае права, галасуюць за камуністаў і папулістаў, якія ставяць пад сумнеў само існаваньне іх новых краінаў. Замест інтэграцыі ў новую грамадзкую супольнасьць і пошуку шляхоў вырашэньня канфлікту абодва бакі ставяць апрыёры нерэальныя патрабаваньні адзін да аднаго і працягваюць канфлікт. Выходзіць замкнёнае кола – амаль усе канфлікты, зьвязаныя з расейскамоўнымі ці саветызаванымі меншасьцямі, разглядаюцца мясцовымі ўрадамі як «рука Масквы». Людзі, якія пражылі на тэрыторыі новых краінаў ці ня ўсё сьвядомае жыцьцё, ня могуць атрымаць грамадзянства больш за 10 гадоў. Гэта вядзе да яшчэ большай радыкалізацыі расейскамоўных, да гістэрычных заклікаў у Думе, да яшчэ большай падазронасьці мясцовых элітаў. Сьпявак Іосіф Кабзон, раскрытыкаваўшы стаўленьне латыскага ўраду да савецкіх вэтэранаў на сьвяткаваньні 9 траўня ў Рызе, атрымаў штамп «пэрсона нон грата» ў свой пашпарт. Бугайскі таксама прыводзіць цікавыя выпадкі прапаганды з цэнтральнаэўрапейскага рэгіёну. Так, у пачатку 2001 г. невялікая група вугорскіх цыганоў папрасіла ў Страсбургу палітычнага прытулку з прычыны этнічнай дыскрымінацыі ў Вугоршчыне. У той час паміж Будапэштам і Брусэлем якраз ішлі перамовы ў цыганскай праблеме. Бугайскі піша, што цыганоў падбухторылі расейскія спэцслужбы, але ніякіх доказаў не прыводзіць, за выняткам аднаго газэтнага артыкулу.
Што тычыцца пашырэньня НАТО, палітыка Масквы накіравана на дыскрэдытацыю мясцовых урадаў, якія імкнуцца ўступіць у гэты інстытут. Гэтая палітыка ўключае мэдыйныя прапагандысцкія кампаніі і прамоцыю альтэрнатыўных палітычных партыяў з прарасейскімі палітычнымі лёзунгамі. Крэмль выпускае рэгулярныя прэс-рэлізы зь пералікам прычынаў, зь якіх гэтыя краіны нельга прымаць у Атлянтычны альянс. Некаторых палітыкаў прымушаюць хабарам ці іншымі сродкамі падтрымліваць рэгіянальную палітыку Масквы. Часам запускаецца інфармацыя пра карупцыю ці пра сувязь празаходніх лідэраў з расейскімі спэцслужбамі, што выклікае насьцярожанасьць старых чальцоў НАТО. Асабліва актыўнымі былі спробы дыскрэдытаваць чэскую і славацкую палітычную эліту, дзе расейская выведка найбольш моцная. (Найбольш гучным скандалам апошніх часоў быў імпічмэнт літоўскаму прэзыдэнту Паксасу, на кампанію якога ФСБ асыгнавала значныя сродкі, а памочнікі якога былі цесна зьвязаны з расейскім крыміналітэтам і сакрэтнымі службамі.) Масква ўспадкавала ад савецкага КГБ тысячы «справаў» з архіваў, заведзеных на многіх эўрапейскіх палітычных лідэраў. Нават калі Масква ня ў стане змусіць іх гуляць згодна зь яе правіламі, заўсёды можна сапсаваць іх кар’еру. Былы міністар абароны Польшчы Ян Парыш у 2001 г. пацьвердзіў, што расейскія спэцслужбы маюць агентаў у банкаўскай галіне, польскіх спэцслужбах і кіраўнічай партыі «Саюз лявіцы дэмакратычнай». Найбольш зручна Маскве кантраляваць інстытуцыянальна слабыя і эканамічна залежныя Ўкраіну, Беларусь і Малдову. Кантроль над імі ажыцьцяўляецца праз палітычныя, агентурныя, вайсковыя, эканамічныя і крымінальныя каналы. Адна з найважнейшых мэтаў расейскага капіталу тут – недапушчэньне энэргетычнай дывэрсыфікацыі і «адрыву» ад Расеі. Так, «Лукойл» заснаваў некалькі кампаніяў ва Ўкраіне і дзяржавах Балтыі для спонсарскай падтрымкі палітычных партыяў і асобных кандыдатаў. Прызначэньне высокапастаўленых асобаў пасламі ў суседніх дзяржавах (напрыклад, Віктара Чарнамырдзіна ўва Ўкраіне) – таксама адна з формаў умяшальніцтва ва ўнутраныя справы, якая нагадвае пратэктарат. Мне ўспамінаецца адна канфэрэнцыя ў Кіеве па эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны, на якую былі запрошаныя амэрыканскі і расейскі паслы. Была нядзеля, і амэрыканскі пасол адпусьціў свайго кіроўцу і прыехаў сам за рулём «Фальксвагена». Спакойненька прыпаркаваўся і пайшоў у залю. Пасьля амэрыканскага амбасадара прыехаў картэж з двух чорных джыпаў і браніраванага «Мэрсэдэса», прычым адзін джып узьехаў на прыступкі гатэлю, дзе праходзіла канфэрэнцыя. З «Мэрсэдэса» выйшаў пратэктар Чарнамырдзін у суправаджэньні ня менш як дзесяці «быкоў» і пайшоў на канфэрэнцыю. Я думаю, гэты прыклад добра ілюструе сымбалічную вагу дзьвюх краінаў у «памежнай Украіне» на стан 2002 г. Успамінаецца таксама, як Чарнамырдзін браў непасрэдны ўдзел у палітычных кансультацыях напярэдадні прызначэньня новага прэм’ер-міністра Ўкраіны Кінаха як раўнапраўны актар украінскай палітыкі. Асабліва Масква любіць мець справу з аўтарытарнымі палітыкамі, якім дарога на Захад закрытая і якім нічога не застаецца, як сябраваць з Расеяй. Яскравыя прыклады – рэжымы Ўладзімера Мэчыяра ў Славаччыне, Мілошавіча ў Сэрбіі і Лукашэнкі ў Беларусі. Пры такім рэжыме краіна ня мае шанцаў уступіць у НАТО і ёй не абысьціся без маскоўскай падтрымкі. Апрача таго, у гэтых краінах існуюць вялікія палітычныя рызыкі для заходніх інвэстараў, таму расейцам ямчэй інвэставаць, бо няма канкурэнцыі. Падчас кіраваньня Мэчыяра расейскі бізнэс інвэставаў у славацкі банкаўскі сэктар, мэталюргію і тэлекамунікацыі. ФСБ працавала ў цесным кантакце з славацкімі спэцслужбамі. Празь іх расейцам удалося правесьці некалькі апэрацыяў для дыскрэдытацыі чэскага далучэньня да заходніх інстытутаў, напрыклад, спансаруючы чэскіх нэанацыстаў і ажыцьцяўляючы мэдыя-кампанію для асьвятленьня іх дзейнасьці.
Бугайскі сьцьвярджае, што расейскія крымінальныя групоўкі і спэцслужбы зьвязаныя міжсобку. Расейская дыяспара пастаўляе кадры для крымінальных груповак, актыўных ува Ўсходняй Эўропе. Тыя, хто займаецца «адмываньнем грошай» ці кантрабандай, гэта часта былыя агенты КГБ, якія былі адказныя за перавод грошай за мяжу ў часы, калі савецкая сыстэма канала. Былыя агенты КГБ падтрымліваюць цесныя ўзаемавыгадныя кантакты зь міжнароднымі крымінальнымі сындыкатамі. Пасьля таго як былыя агенты КГБ пачалі рабіць бізнэс разам з мафійнымі структурамі, апошнія рэзка пашырылі свае апэрацыі. КГБ дапамагаў арганізаванай злачыннасьці сваімі камунікацыйнымі сродкамі, тэхналёгіямі і лягістыкай, у выніку паступова ўзьнікла «тройца» – мафія, былая намэнклятура і спэцслужбы. Згодна з ацэнкай аналітыка Марціна Маккоўлі, у 1990-х дзевяць такіх груповак кантралявалі каля паловы эканомікі Расеі. Крэмль рэгулярна ўжывае арганізаваную злачыннасьць як дадатковы інструмэнт замежнай палітыкі, ці праз крымінальны кантроль над замежнымі эканомікамі, ці праз карупцыю, рэкет і ціск на дзяржаўных дзеячаў. Крымінальныя групоўкі служаць дадатковай «шэрай» спэцслужбай Крамля. Яны працуюць на ўсёй прасторы былога Савецкага Саюзу і кантралююць найважнейшыя транспартныя калідоры ў Заходнюю Эўропу. ФСБ інфільтруе паліцыю і спэцслужбы краінаў СНД і ўплывае, ажно да замены на ляяльных да Крамля асобаў, на іх начальства. Расейская выведка вэрбуе журналістаў, навукоўцаў, урадоўцаў для збору інфармацыі. Правал такіх агентаў ня надта шкодзіць расейскім інтарэсам, бо сам факт сувязяў усходнеэўрапейцаў з Масквой дыскрэдытуе іх у вачох Захаду як ненадзейных і непадрыхтаваных да ўступу ў заходнія інстытуты партнэраў. Пасьля распаду савецкага блёку паслугі экспэртаў КГБ, якія працавалі ў Варшаўскім блёку, былі запатрабаваныя і рынкам, і арганізацыйнымі пераемнікамі савецкіх спэцслужбаў. Асабліва расейскі шпіянаж расквітнеў падчас паскарэньня працэсу ўступленьня ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў у НАТО – старыя чальцы альянсу мусілі дзяліцца інфармацыяй з новымі. Да таго ж усходнеэўрапейскім краінам не хапае новых агентаў, выхаваных пасьля 1989 г., і ім даводзіцца выкарыстоўваць старыя кадры. Тут ізноў усплывае праблема крыніцаў. Інфармацыяй у адкрытым доступе немагчыма пацьвердзіць аналіз Бугайскага. Ствараецца ўражаньне, што, каб не расейскія імігранты ўва Ўсходняй Эўропе, усходнеэўрапейцы былі б добрымі і прагрэсіўнымі, без карупцыі і крыміналу. (Мне ўспамінаецца гісторыя маёй сяброўкі-ўкраінкі, якая зь яе сябрамі ўкраінцамі пайшла ў начны клюб у Празе. Калі чэскія «быкі», якія стаялі на фэйс-кантролі, пачулі падобную да расейскай мову, яны іх ня толькі не пусьцілі, але надавалі ім па карку з крыкамі «вам, расейскім бандытам і прастытуткам, ня месца ў Чэхіі».) Бугайскі не разумее, што большасьць расейцаў (як беларусаў ці ўкраінцаў), якія жывуць у Сярэдняй Эўропе, ня «пятая калёна», а людзі, якія будуюць сваё жыцьцё, бо ня здолелі гэтага зрабіць у расейскім хаосе. Украінскія гастарбайтары масава галасавалі за Юшчанку, а не за Януковіча. Ня ўсе расейскія інвэстыцыі накіраваныя на падрыў усходнеэўрапейскіх эканомік, і неабавязкова за імі стаіць рука Крамля. «Уцёкі капіталу» з Расеі на працягу ўсіх гэтых гадоў – гэта, перш за ўсё, перавод сродкаў з хаосу Расеі, дзе іх могуць забраць у любы момант, у больш інстытуцыяналізаваныя эканомікі Сярэдняй Эўропы, дзе паважаецца права на ўласнасьць. Як нехта казаў, уласнасьць у Расеі робіцца ўласнасьцю толькі пры яе пераводзе на рахунак у швайцарскім банку – да гэтага яна проста нерэалізаваная магчымасьць.
Расея кантралюе трубу, яна можа спрабаваць і надалей дыктаваць свае ўмовы суседзям. Яна можа спрабаваць адрадзіць шматпалярнасьць і цешыцца марамі пра гегемонію ў Эўразіі. Аднак нягледзячы на яе палітыку, накіраваную супраць пашырэньня НАТО і ЭЗ, у НАТО і ЭЗ уступілі краіны Вышаградзкай чацьвёркі і тры балтыйскія. На чарзе балканскія дзяржавы. Расея страчвае ўплыў за Бугам. СНД канае – і чым хутчэй сканае, тым лепей. Пасьля рэвалюцыі ў Грузіі і Ўкраіне, паразы на выбарах у Абхазіі і Малдове інтэграцыйныя праекты на прасторы былой СНД чакае поўнае перафарматаваньне. Рэвалюцыя ўва Ўкраіне паказала, што інструмэнтар, які так падрабязна аналізуе Бугайскі, больш не працуе. Нават рэжым Лукашэнкі, які, згодна зь лёгікай Бугайскага, павінен быць толькі залежным васалам, выяўляе прыкметы незалежнасьці. Ані пашырэньне замежнапалітычнага ўплыву, ані кансалідацыя палітычнай залежнасьці малых краінаў, ані нэўтралізацыя пранікненьня Захаду не ўдаліся. Нават пашырэньне энэргетычнай залежнасьці Ўсходняй Эўропы ад Расеі ў сярэдняй пэрспэктыве будзе пастаўлена пад сумнеў тым фактам, што Сярэдняя Эўропа цяпер належыць да Першага сьвету і разам зь іншымі краінамі ЭЗ будзе вырашаць свае энэргетычныя праблемы. У Расеі ёсьць сур’ёзная праблема з іміджам – толькі дэмакратычная краіна можа стаць гегемонам у гэтай частцы кантынэнту. А калі яна стане дэмакратычнай, ахвота стаць гегемонам ува ўласным сэнсе гэтага слова адпадзе. Бжазінскі сказаў: «Калі б я быў расейцам, я б сябе спытаў – чаму большасьць суседзяў ці баяцца Расеі, ці яе ненавідзяць? І калі б я быў расейцам, я б сябе спытаў – а ці ў маіх гэта інтарэсах і ў інтарэсах Расеі пачаць праводзіць іншую палітыку ў дачыненьні да суседзяў?» Януш Бугайскі напісаў файную кніжку па вельмі істотнай тэме. Ён (ці яго 16 навуковых асыстэнтаў, падзяка якім выказваецца ў пачатку кнігі) «прачасаў» тысячы крыніцаў і здолеў зьвесьці іх у даволі зграбную «карціну сьвету». Ён правільна аналізуе расейскую замежную палітыку, яе намеры і кірункі. Але многія яго высновы нерэалістычныя. |
палітычны аналітык часопіса «ARCHE» |
|