A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АЛЕНА БРАВА | ||||
«Чалавек занадта слабы, каб зірнуць у вочы праўдзе» Гутарка з Аленай Брава
— Віншую Вас з атрыманнем літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2004 год. Цікава, як Вы аб гэтай навіне даведаліся?
— Аб прысуджэнні мне «Глінянага Вялеса» даведалася з публікацыі ў «Звяздзе», пра якую паведаміў мне Уладзімір Лайкоў, бацька паэта Янкі Лайкова. Патэлефанаваў са сваёй улюбёнай Мядоччыны, павіншаваў. А яшчэ раней тэлефанаваў Леанід Галубовіч, казаў, што «Каменданцкі час...» уключаны ў спіс намінантаў, так што паведамленне ў «Звяздзе» не было зусім нечаканым. З яго даведалася, якія знакамітыя літаратары ўваходзяць у экспертны савет прэміі. Безумоўна, такая ўвага да першай кнігі аўтара – высокі гонар для мяне. — Прачытаўшы вашы творы, найперш «Каменданцкі час для ластавак», адразу ўзнікае жаданне запытацца: наколькі яны аўтабіяграфічныя? — А якая «аўтабіяграфічнасць» маецца на ўвазе? Тое, што звычайна добрасумленна перапісваюць з «личного дела» складальнікі некралогаў, часам значна адрозніваецца ад жыцця-як-яно-ёсць, асабліва калі гэта жыццё чалавека, які мае неадольную патрэбу крэмзаць паперу. Тым не менш... «Каменданцкі час...», безумоўна, заснаваны на рэальным жыццёвым досведзе. Мне цяжка вызначыць, чаго ў ім больш: добрасумленнай журналістыкі альбо ўласна «прыгожага пісьменства». З’яўленне твора сталася магчымым дзякуючы звычцы, якую маю з дзяцінства: весці дзённік. Падрабязна занатоўваць кубінскія ўражанні пачала ў час плавання па Атлантыцы, і скончыла апошнім сваім днём у Санцьяга-дэ-Куба. Калі пісала, не мела на мэце калі-небудзь усё гэта надрукаваць; мэта была адна – выжыць, бо эмоцыі фізічна перашкаджалі дыхаць і сэрца ад іх балела не метафарычна, а літаральна. Біць посуд не дазваляе выхаванне (аб чым часам шчыра шкадую), да таго ж на Кубе любая талерка – страшэнны дэфіцыт і каштуе шалёных грошай. Абставіны склаліся так, што праз дванаццаць гадоў выцягнула на свет тыя сшыткі (на кожным, дарэчы, выява вершніка, кубінскага «кабальера» са стрэльбай, які наважыўся абараняць сацыялізм, – вось дзе цудоўная іронія). Дарэчы, сшыткі купляла, у адрозненне ад хлеба, у свабодным (ненармаваным) гандлі: на сшыткі ды кнігі ў мясцовага насельніцтва шалёнага попыту не было... Не выпадкова пачала адказваць на пытанне з супрацьпастаўлення «аўтабіяграфіі» і сапраўднага «Я». Сустрэча са сваім сапраўдным «Я», калі верыць усходнім філосафам – найвышэйшая мэта кожнай чалавечай істоты. Часам такое «знаёмства» адбываецца на зломе лёсу, у выніку якога разбураецца (магчыма, незваротна) усё знешняе існаванне асобы, але чалавек усё роўна шчаслівы, бо ён дасягнуў звышмэты. Якраз пра гэта – аповесць «Імя Ценю – Святло», якая мне асабіста даражэйшая за «Каменданцкі час...» (ацэнка цалкам суб’ектыўная). Дарэчы, літаратурная творчасць – адзін са шляхоў, на якім можна сустрэцца са сваім сапраўдным «Я», прычым, без тых трагічных наступстваў, якія спасціглі Вікторыю – гераіню «Імя Ценю...». Магчыма, ёсць іншыя шляхі, але я іх пакуль не ведаю. Зрэшты, Мішэль Уэльбек, якога лічу адным з самых бязлітасна шчырых пісьменнікаў нашага часу, зазначыў, што пісьменніцтва – толькі «часовае выратаванне». Падазраю, што ён мае рацыю. — Няўжо на самай справе так цяжка жыць на Кубе Фідэля Кастра? — Уявіце сабе, гэтае ж пытанне я літаральна днямі адрасавала прататыпу Рэйнальда з «Каменданцкага часу...». Ён не так даўно з’ехаў у Мексіку, цяпер спрабуе ўладкавацца ў гэтай краіне. На пытанне ён адказаў, што пасля майго ад’езду ў Беларусь на працягу чатырнаццаці гадоў быў пазбаўлены магчымасці пачуць голас сваёй дачкі, якую вельмі любіць, бо ягонага заробку на Востраве Свабоды не хапала і на некалькі хвілін тэлефоннай размовы. Цяпер ён тэлефануе часта, хаця ў Мексіцы мае пакуль толькі часовую працу. Чатырнаццаць гадоў спатрэбілася «палымянаму камуністу Рэйнальда», які заціскаў вушы і пакідаў пакой, варта было нам загаварыць пра гарбачоўскую «перабудову», каб ягоныя вочы, нарэшце, расплюшчыліся. Вядома, цяжка пачынаць усё з пачатку бяспраўным эмігрантам, калі табе пад саракоўнік. Але гэта ўсё ж лепей, чым штодня выбіраць паміж «сацыялізмам або смерцю». — А што Вы маглі б сказаць пра літаратуру сацыялістычнай Кубы? — Мне падабаліся вершы Ніколаса Гільена, але асабліва – вялікага іспанца Федэрыка Гарсія Лоркі. Спрабавала нават іх перакладаць, але нікому не паказвала. Наогул, што тычыцца моваў, шкадую, што не выпадае развіваць свае здольнасці ў гэтым напрамку. Як англійская, так і іспанская мовы ў свой час даваліся лёгка, але тых ведаў, якія маю, на маю думку, недастаткова для прафесійнага перакладу. — Як бы Вы патлумачылі літаратурны прарыў пісьменнікаў з Барысава: Гігевіч, Станкевіч, Брава, Лайкоў? Ці існуе літаратурнае жыццё ў Барысаве: літаб’яднанні, літаратурныя вечарыны, прэзэнтацыі кніг? — Я не стала б «прывязваць» гэтых вельмі розных пісьменнікаў да пэўнай геаграфічнай кропкі, хаця і не выключаю, што зоркі, якія ззяюць над Барысавам, нейкім чынам паўплывалі на прыватны гараскоп кожнага з іх. Бачыце, як услаўляе сваю Мядоччыну ў вершах Янка Лайкоў. Барысаў – культурны горад, тут надзвычай добрыя мастакі, барды, харэографы, ладзяцца міжнародныя мастацкія фэсты, цудоўная самадзейнасць і наогул шмат проста таленавітых людзей. У нас сапраўды выдатная гарадская бібліятэка, якая мае унікальныя фонды і інтэлігентных, адукаваных супрацоўнікаў. Ёсць пры бібліятэцы літаратурнае аб’яднанне «Натхненне». Некалькі гадоў таму мела месца ў Барысаве шматабяцальная спроба пад эгідай літаб’яднання «Полацкая ветвь» стварыць гурток маладых творцаў, якія займаліся пошукамі ў літаратуры і філасофіі, але спроба тая, нягледзячы на выхад у свет калектыўнага зборніка паэзіі, у хуткім часе захлынулася. А ўвогуле – ці варта прасочваць нейкую супольнасць паміж пісьменнікамі? Кожны з іх па сваёй сутнасці – адзіночка. Як адпісваў нябожчык Алесь Асташонак Леаніду Галубовічу (ліставанне надрукавана, здаецца, ці не ў першым нумары «Дзеяслова»), супольнасці аніякай не можа быць, ёсць закінутыя нейкім чынам на зямлю «мятущиеся души». Здаецца, так ён пісаў. Гэта, дарэчы, тычыцца не толькі пісьменнікаў, а ўсіх «мыслящих» людзей наогул. Магчыма, таму і сэрца разумнага, як сказана ў самым дасканалым за ўсю гісторыю існавання чалавецтва тэксце, – у доме смутку. — Хто з беларускіх празаікаў Вам блізкі духам або стылістыкай? — Мне імпануюць аўтары, якія ў сваіх творах звяртаюцца да з’яў нявытлумачаных, містычных: А. Казлоў, Ю. Станкевіч, Р. Баравікова. Шаную гістарычную прозу У. Караткевіча, У. Арлова, В. Іпатавай, А. Федарэнкі. Схіляюся перад выкшталцоным інтэлектуалізмам А. Разанава. Але найбольш «як дома» пачуваюся, чытаючы творы Б. Пятровіча і с. Алексіевіч, чые героі перажываюць экстрэмальныя сітуацыі, якія прымушаюць іх апынуцца сам-насам з аголенай сутнасцю нічым не ўпрыгожанага жыцця. Справа ў тым, што чалавек жыве ілюзіямі, сам сабе іх стварае, ён занадта слабы, каб зірнуць у вочы праўдзе, і толькі калі ён раптоўна (Чарнобыль, афганская вайна, страта кахання, якое было раўназначным жыццю і г. д.) аказваецца сам-насам з Пустатой, са Смерцю – толькі тады ён атрымоўвае шанец нарадзіцца Чалавекам (або не нарадзіцца). Мне гэта блізка, сама шукаю дзесьці на тых жа шляхах. — Як доўга Вы чакалі выхад сваёй кнігі? Ці гатовы да друку Ваш новы зборнік? — Выданне «Каменданцкага часу...» адбылася фантастычна хутка. Летам 2003-га здала рукапіс у выдавецтва «Мастацкая літаратура». І раптам вясной 2004-га мяне запрасілі ў выдавецтва, каб прагледзець карэктуру. У траўні кніга ўжо выйшла, у ліпені адбылася яе прэзентацыя ў Доме прэсы. Навум Гальпяровіч, які пасля выхаду аповесці «Каменданцкі час...» у «Маладосці» вясной 2003-га запрасіў мяне на літаратурную праграму «Брама», параўноўваў мой літаратурны лёс з лёсам Папялушкі. Устрымаюся ад каментару. Як чалавек, хваравіта патрабавальны да сябе, магу сказаць адно: планку сваю ўласную адчуваю і зніжаць яе наўрад ці сабе дазволю. «Штампаваць» творы дзеля таго, каб паказаць, што «жывы Курылка», не буду. Які сэнс? Можа, гэта і не варта казаць (пэўна, палічаць какецтвам), але я абсалютна не адчуваю ў сабе таго, што па-расейску называецца «тщеславие». Між іншым, адсутнасць памянёнай якасці – зусім не даброта для літаратара: амбіцыі, напэўна, стымулююць так званы «творчы працэс». Мне нашмат цікавей вывучаць жывое жыццё і чытаць маіх любімых аўтараў, чым самой ствараць літаратурныя тэксты. Зрэшты, «пісанне» – усяго толькі спосаб зразумець свет, адказаць (у першую чаргу сабе самой) на балючыя пытанні. Што тычыцца новага зборніка: маю некалькі новых аповедаў, аповесць, якая друкавалася ў «Крыніцы» у 2002 годзе і не ўвайшла ў кнігу. Яшчэ тое-сёе, і хапіла б на кніжку, але мэты такой пакуль не стаўлю. Я цяпер шмат раблю накідаў у дзённіку. Акрамя таго, што гэты занятак вабіць сам па сабе, ён яшчэ і цалкам забірае тыя крохі вольнага часу, якія застаюцца ад штодзённай працы ў газеце. Газета: дванаццаць гадзін штодня, 3–4 паласы ў кожны нумар, прычым, не зніжаючы планку якасці з-за «правінцыйнасці» і г. д. Гэта вельмі вялікая фізічная і разумовая нагрузка, але я не скарджуся, мне падабаецца. Калі Бог дасць дазвол і будзе, што сказаць, знойдуцца і магчымасці зрабіць яшчэ штосьці ў літаратуры. — Вы па-ранейшаму збіраецеся даследаваць анамаліі чалавечай свядомасці, дэфармаванай таталітарызмам? — Я збіраюся даследаваць унутраны свет майго сучасніка, а ён – рознабаковы. Дэфармуюць нашую свядомасць не нейкія знешнія пачвары, не Сталін ды Фідэль як такія, а нашыя ўласныя страхі ды комплексы, няведанне, хто мы насамрэч і навошта мы тут. Працытую радок з «Каменданцкага часу...»: «Мы самі носім у сабе свой ГУЛАГ і Асвенцім». І яшчэ: «Клетка – не звонку». Сярод ранніх аповедаў Алега Мінкіна ёсць адзін, які называецца «Стары дом» (і аднайменны верш у яго ёсць). Дык вось, герой, нібыта зачараваны, прачынаецца шторанку ў адным і тым жа месцы – у старым спарахнелым доме, хаця ўсімі сіламі імкнецца збегчы ад пачвары як мага далей, нават на поўдзень, здаецца, з’язджае, але прачынаецца асуджаны ўсё роўна ў той вязніцы. Вось яна, метафара чалавечай свядомасці наогул (не маю на ўвазе толькі лірычнага героя А. Мінкіна) – свядомасці, дэфармаванай... чым? Таталітарызмам? Бацькоўскім выхаваннем? Генамі прыніжанасці? Але спелая асоба павінна пераадольваць свае комплексы, па кроплі выціскаючы з сябе раба. Свабода – цалкам унутраная якасць, яна не залежыць ад таго, дзе чалавек жыве: на таталітарнай Кубе альбо у так званым свабодным грамадстве. Разгарніце «Пашырэнне прасторы барацьбы» – першы сусветна вядомы раман таго ж Уэльбека: чаго, якой менавіта свабоды не хапае ягонаму герою, які жыве ў Парыжы, мае прэстыжную працу і ніякіх бытавых згрызот, можа хоць кожны дзень, узняўшыся на Эйфелеву вежу, крычаць на ўвесь свет пра свае прынцыпы ды ідэі? Але свабода – гэта не ідэі ды прынцыпы. Дарэчы, герой Уэльбека, як і большасць яго герояў, канчае жыццё ў псіхушцы. Еўрапейскае грамадства не вырашае праблем асобы, а, наадварот, абвастрае і выводзіць на першы план зусім іншыя праблемы: экзістэнцыяльнай адзіноты, усеагульнай раз’яднанасці і г. д. Шараговага беларуса «пашырэнне прасторы барацьбы» па-еўрапейску пакуль яшчэ толькі чакае. Так што новым беларускім пісьменнікам не давядзецца скардзіцца на адсутнасць тэмаў для даследаванняў.
Гутарыў Алесь Аркуш. |
пісьменьніца, аўтарка аповесьці «Камэндацкі час для ластавак». |
|