A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ТОНІ ДЖАДТ

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Тоні Джадт
Еўропа супраць Амерыкі


T. R. Reid. The United States of Europe: The New Superpower and the End of American Supremacy. – New York: Penguin Press, 2004.

Jeremy Rifkind. The European Dream: How Europe’s Vision of the Future Is Quietly Eclipsing the American Dream. – New York: Penguin Group, 2004.

Timothy Garton Ash. Free World: America, Europe, and the Surprising Future of the West. – New York: Random House, 2004.

1.

Возьмем філіжанку амерыканскай кавы. Вы знойдзеце яе паўсюль. Кожны можа згатаваць такую каву. Яна танная, і, замовіўшы адну філіжанку, бясплатна атрымаеш другую. Паколькі яна амаль не мае водару, яе можна сыпаць колькі хочаш. Яе малыя смакавыя якасці кампенсуюцца колькасцю. Гэта самы дэмакратычны метад, выдуманы калі-небудзь для ўвядзення кафеіну ў людзей. А цяпер вазьміце кубак італьянскага «эспрэса». Каб прыгатаваць «эспрэса», патрабуецца дарагое абсталяванне. Суадносіны цаны з аб’ёмам прадукта проста недапушчальныя, што наводзіць на думку пра абыякавасць да спажыўца і ігнараванне законаў рынку. Эстэтычнае задавальненне, атрыманае ад спажывання напою, нашмат пераўзыходзіць яго спажыўную вартасць. Кава па-італьянску – не харчовы прадукт, а артэфакт.

Гэтым кантрастам можна праілюстраваць адрозненні паміж Амерыкай і Еўропай – адрозненні, пра якія абапал Атлантыкі гавораць з усё большай настойлівасьцю і не меншай жоўцю. Узаемная крытыка стала звыклай рэччу. Паводле амерыканскіх каментатараў, Еўропа знаходзіцца ў стане стагнацыі. Яе работнікам, працадаўцам і заканадаўству не хапае гнуткасці і адаптыўнасці, якімі адзначаецца Амерыка. Кошт еўрапейскай сістэмы сацыяльнага забеспячэння і грамадскіх паслуг «непад’ёмны». Старэючае і распешчанае насельніцтва Еўропы малапрадукцыйнае і самазадаволенае. У глабалізаваным свеце «еўрапейская сацыяльная мадэль» – асуджаны на знікненне міраж. Так звычайна думаюць нават «ліберальныя» амерыканскія аглядальнікі, якія адрозніваюцца ад кансерватыўных (і неакансерватыўных) крытыкаў тым, як яны прыходзяць да такіх высноваў, а не ступенню адданасці ім.

З другога боку, усё большая і большая колькасць еўрапейцаў лічыць, што менавіта з Амерыкай цяпер нешта не ў парадку, а «амерыканскі лад жыцця» прымаць нельга. Амерыканская пагоня за дастаткам, дабротамі, багаццем – матэрыяльнымі сурагатамі шчасця – эстэтычна непрыемная і экалагічна небяспечная. Амерыканская эканоміка пабудавана на пяску – або, больш дакладна, на чужых грошах. Для многіх амерыканцаў спадзеў на лепшую будучыню – нязбытная надзея. Сучасная амерыканская мас-культура – прымітыўная і паказушная. Не дзіва, што так многа амерыканцаў шукаюць суцяшэння ў царкве.

Гэтыя ўяўленні ўтвараюць сапраўдны міжатлантычны разлом і наводзяць на думку, што ў заходнім свеце адбыліся важныя змены. У мінулыя дзесяцігоддзі – з радасцю ці з засмучэннем – было прынята лічыць, што Еўропа і Амерыка ідуць адной дарогай да «заходняй» мадэлі позняга капіталізму, прычым Амерыка, як заўжды, крочыць наперадзе. Логіка сусветнага маштабу і рынку, прадукцыйнасці і прыбытку нібыта непазбежна сатрэ мясцовыя адрозненні і абмежаванасць традыцыйных культур. Амерыканізацыя (або глабалізацыя – абодва паняцці трактаваліся як сінонімы) была неўнікнёнай. Найлепшай, а па сутнасці, адзінай надзеяй для мясцовых вырабаў і традыцый было патрапіць у глабальны віхор і зрабіцца «міжнародным» таварам для ўсеагульнага спажывання. Так, архетыповаму італьянскаму прадукту – «caffй espresso» – належала пераехаць у ЗША, перажыць там эвалюцыю з элітарнага тавару ў масавы, а потым у новай упакоўцы вярнуцца ў Еўропу, каб прадавацца ў сетцы амерыканскіх супермаркетаў.

Аднак падзеі разгарнуліся іначай. Не толькі таму, што кампанія «Starbucks» сустрэла нечаканы супраціў свайму «двайному мока з карыцай» паўсюль, за выняткам, што вельмі характэрна, Вялікабрытаніі, ці таму, што еўрапейцы з палітычных матываў адмаўляюцца ад высакаякасных амерыканскіх тавараў. Высвятляецца, што Амерыка і Еўропа не з’яўляюцца прыпынкамі на шляху гістарычнага развіцця вытворчых адносін, а еўрапейцы не абавязаны пераймаць або паўтараць амерыканскі досвед праз пэўны прамежак часу. Насамрэч, Амерыка і Еўропа – вельмі розныя абшары, якія, вельмі магчыма, рухаюцца ў розных кірунках. Ёсць нават меркаванні – выказаныя, між іншага, аўтарамі дзвюх з выбраных для агляду кніг – паводле якіх не Еўропа, а якраз ЗША жывуць учорашнім днём.

Амерыканскія культурныя асаблівасці, убачаныя з Еўропы, добра задакументаваныя: ярка выражаная рэлігійнасць амерыканцаў, іх спантанная пажадлівасць (selective prurience)1, захапленне зброяй і турмамі (у ЕС налічваецца 87 зняволеных на 100 000 жыхароў, у ЗША – 685), ухваленне смяротнай кары. Як заўважае Т. Р. Рэйд у кнізе «Злучаныя Штаты Еўропы», «амерыканцы ўсталёўваюць велізарныя шчыты з надпісамі кшталту «Любі блізкага свайго», што не замінае ім забіваць і гвалтаваць сваіх блізкіх у маштабах, якія шакавалі б любую еўрапейскую нацыю». Аднак зараз нашую ўвагу прыцягнуць адметнасці амерыканскай эканомікі і яе сацыяльных выдаткаў.

  гісторык ідэяў, дырэктар створанага ў 1995 годзе для дасьледаваньня амэрыканска-эўрапейскіх дачыненьняў Інстытуту імя Эрыха Марыі Рэмарка пры Нью-ёрскім унівэрсытэце. Яго апошняя кніга «The Burden of Responsibility: Blum, Camus, Aron and the French Twentieth Century» пабачыла сьвет у 1998 годзе. Сёлета мае выйсьці яго чарговая манаграфія «Postwar: A History of Europe Since 1945». Гэты аналіз перадрукоўваецца з выпуску «New York Review of Books» за 10 лютага гэтага году з ласкавай згоды аўтара.
   
Амерыканцы працуюць значна больш ад еўрапейцаў: паводле звестак Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцця (АЭСР), сярэдні амерыканскі наёмны работнік у 2000 г. адпрацаваў 1877 гадзін, а французскі – 1562 гадзіны. Адзін амерыканец з трох працуе больш чым 50 гадзін на тыдзень. Амерыканцам прыпадае менш аплачаных дзён адпачынку, чым еўрапейцам. У шведаў, напрыклад, такіх дзён у годзе набіраецца пад 30, а ў жыхароў Вялікабрытаніі – нават 33. Амерыканцы могуць разлічваць на 4–10 дзён – у залежнасці ад таго, у якім штаце жывуць. Паказнік беспрацоўя ў ЗША ніжэйшы, чым у многіх еўрапейскіх краінах – хаця статыстыка тутака можа ўводзіць у зман, паколькі беспрацоўныя амерыканцы хутка страчваюць права на дапамогу і пазбаўляюцца адпаведнага статусу. Здаецца, што ў Амерыцы працоўныя месцы ствараюцца лягчэй, чым у Еўропе, таму больш дарослых амерыканцаў працуюць, прычым значна больш за еўрапейцаў. Што ж яны атрымліваюць за свае высілкі?

Не так ужо і многа, калі толькі не належаць да эліты. ЗША – цудоўнае месца для багатыроў. У 1980 г. амерыканскі топ-менеджэр зарабляў у сорак разоў больш, чым сярэдні наёмны рабочы ў вытворчасці. Цяпер разрыў паміж найвышэйшым сацыяльным слоем амерыканскіх топ-менеджэраў і рабочых складае 475:1 і выявіцца яшчэ большым, калі ўзяць пад увагу маёмасць, а не толькі даходы. Для параўнання: у Брытаніі аналагічны паказнік складае 24:1, у Францыі – 15:1, у Швецыі – 13:1. Прывілеяваная меншасць мае доступ да найлепшага ў свеце медычнага абслугоўвання. Аднак 45 мільёнаў амерыканцаў не маюць увогуле ніякай медыцынскай страхоўкі (сярод развітых краін свету толькі ЗША і Паўднёваафрыканская рэспубліка не маюць усеагульнай сістэмы аховы здароўя). Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, калі браць суму, выдаткаваную на ахову здароўя ў разліку на чалавека, ЗША знаходзяцца на першым месцы, а калі браць паказнік якасці абслугоўвання – на трыццаць сёмым.

У выніку, амерыканцы жывуць менш, чым заходнееўрапейцы. Амерыканскія дзеці часцей паміраюць у раннім маленстве: ЗША займае 36-е месца сярод індустрыяльных дзяржаў паводле дзіцячай смяротнасці. Сітуацыя горшая, чым у Славеніі, і трохі лепшая, чым у Літве – і гэта нягледзячы на выдзяленне 15 % амерыканскага ВУП на «ахову здароўя» (большая частка расходаў вылятае на адміністрацыйныя патрэбы камерцыйных прыватных клінік). Для параўнання: Швецыя выдзяляе на ахову здароўя ўсяго 8 % свайго ВУП. Карціна ў сферы адукацыі вельмі падобная. У цэлым ЗША выдаткоўваюць на адукацыю значна больш, чым краіны Заходняй Еўропы, і маюць найлепшыя даследчыя інстытуты і універсітэты (research universities) у свеце. Аднак нядаўняе даследаванне паказала, што з кожнага долара, які ЗША трацяць на адукацыю, краіна атрымлівае горшыя вынікі, чым любая іншая прамыслова развітая дзяржава. Амерыканскія дзеці пастаянна адстаюць ад еўрапейскіх равеснікаў як у пісьменнасці, так і ў арыфметыцы.

Добра, падумаеце вы. Еўрапейцы лепей – больш справядліва – размяркоўваюць грамадскія даброты. Гэта не навіна. Але без дастатку не можа быць ні тавараў, ні паслуг, і вядома, што амерыканскаму капіталізму добра ўдаецца прынамсі адна рэч – дынамічная вытворчасць багацця. Еўрапейцам, якія любяць доўга адпачываць і ў шмат чым сабе патураць, у гэтым варта падвучыцца ў амерыканцаў. Аднак праўдзівасць гэтага сцвярджэння сёння ўжо не відавочная. Еўрапейцы працуюць менш, але калі яны працуюць, то, падобна, яны больш эфектыўна выкарыстоўваюць свой працоўны час. У 1970 г. паказнік прадукцыйнасці ў гадзіну ў заходнееўрапейскіх краінах быў на 35 % ніжэйшым, чым у ЗША; цяпер гэты разрыў складае менш за 7 % і хутка скарачаецца. Прадукцыйнасць працы ў гадзіну ў Італіі, Аўстрыі, Даніі супастаўная з амерыканскай, а ў Ірландыі, Нідэрландах, Нарвегіі, Бельгіі, Люксембургу, Нямеччыне і – як ні дзіўна – у Францыі нават істотна вышэйшая.

Традыцыйная перавага Амерыкі ў заробках і прадукцыйнасці, абумоўленая памерамі краіны, яе геаграфічным палажэннем і гісторыяй, здаецца, паступова знікае. Адпаведна, можа быць пастаўлена пад пытанне лідэрства ЗША ў сферы міжнароднага бізнесу. Цяперашняя амерыканская эканоміка не проста вісіць на кручку ў міжнародных банкаў (вонкавы доўг ЗША складае 3,3 трыльёна долараў, або 28 % ВУП) – кантроль над ёй усё часцей пераходзіць у замежныя рукі. Простыя еўрапейскія інвестыцыі ў ЗША перавысілі амерыканскія інвестыцыі ў Еўропу амаль на дзве пятыя. Дзесяткі кампаній, чые назвы сімвалізуюць «амерыканскі лад жыцця», ужо перайшлі ў рукі еўрапейцаў. Сярод такіх кампаній і прадуктаў назавём, да прыкладу, «Brooks Brothers», «DKNY», «Random House», «Kent Cigarettes», «Dove Soap», «Chrysler», «Bird’s Eye», «Pennzoil», «Baskin-Robbins», «Los Angeles Dodgers».

Выглядае, еўрапейцам лепей удаецца развіваць нават дробны і сярэдні бізнэс. У Еўрапейскім Саюзе цяпер больш малых прадпрыемстваў, чым у ЗША, і яны забяспечваюць занятасць для большай долі насельніцтва (у 2002 г. 65 % занятых еўрапейцаў і толькі 46 % амерыканцаў працавалі ў дробных і сярэдніх фірмах). У еўрапейскіх фірмах да работнікаў ставяцца, як правіла, значна лепш, чымся ў амерыканскіх. Еўрапейская Хартыя фундаментальных правоў дэкларуе «права на водпуск бацькоў пасля нараджэння або ўсынаўлення дзіцяці», і ў любой заходнееўрапейскай краіне на час такога водпуску работніку выплачваецца матэрыяльная дапамога. У Швецыі жанчыны атрымліваюць 64 тыдні дэкрэтнага адпачынку, цягам якіх ім выплачваюцца дзве траціны заробку. Нават Партугалія гарантуе адпачынак для мацярок – тры месяцы з поўным захаваннем заработнай платы. Федэральны ўрад Злучаных Штатаў не гарантуе нічога. Паводле словаў Вальгарда Хаўгланда, члена хрысціянска-дэмакратычнай партыі, нарвежскага міністра па ахове сям’і і маленства, «амерыканцы любяць гаварыць пра сямейныя каштоўнасці. Мы вырашылі падтрымаць гэтыя каштоўнасці не на словах, а на справе; мы выкарыстоўваем грошы нашых падаткаплатнікаў для іх аплаты».

  1 Канал амерыканскай тэлевізіі, які нядаўна мімаходам пазнаёміў гледачоў з адметнасцямі цела Джанет Джэксан, моцна крытыкавалі за «безгустоўнасць», аднак лавіна камерцыйных ролікаў аб сродках для паляпшэння мужчынскай патэнцыі прайшла без каментароў. Нібыта жаночыя грудзі могуць падарваць маральны дух нацыі, а вось пенісы, якія кепска функцыянуюць, з’яўляюцца прадуктам для кожнай здаровай сям’і.
   
Нягледзячы на бюракратычныя і фіскальныя перашкоды для росту вытворчасці, якія выклікаюць гэтулькі нараканняў, еўрапейцы, здаецца, досыць добра даюць з імі рады2. Безумоўна, дзяржава ўсеагульнага дабрабыту – не самадастатковая каштоўнасць. Паводле эканаміста Нікаласа Бара з лонданскай Вышэйшай школы эканомікі, такая дзяржава – «эфектыўная прылада супраць недахопаў рынку»: абачліва змайстраваны засцерагальнік ад сацыяльных і палітычных рызыкаў, спароджаных празмернай няроўнасцю. У сакавіку 1943 г. сам Уінстан Чэрчыль дэклараваў, што «для любога грамадства няма лепшай інвестыцыі, чым накарміць немаўлят малаком». Для яго самазваных паслядоўнікаў у сучаснай Амерыцы, аднак, ад такіх словаў патыхае «дабрачыннасцю». У сённяшніх ЗША 1 адсотак найбагацейшых валодае 38 адсоткамі багацця, пераразмяркоўваючы яго ў сваіх інтарэсах. Тым часам кожны пяты амерыканец жыве за рысай беднасці; калі ж браць Італію, там толькі адзін бядняк прыпадае на 15 жыхароў3. Нават сацыяльныя праграмы пастаянна ўрэзваюцца. Многіх замежнікаў такая карціна зусім не прываблівае: прыцягальнасць «амерыканскага ладу жыцця» яўна падае. Эканамічную мадэль ЗША немагчыма скапіяваць4. Яе сацыяльная мадэль мае мала прывабных якасцяў. Яна згадваецца ў з’едлівых развагах Олівера Голдсміта аб ранейшай эпосе асабістай сквапнасці і грамадзкай абыякавасці:

        Ліха возьме тую краіну, дзе
        Людзі гібеюць, а багацце расце
        5.

2.

Якраз такі падыход прапануюць Джэрэмі Рыфкінд і Т. Р. Рэйд. З іх Рыфкінд больш амбітны, нават, бадай, залішне амбітны: яго кніга «Еўрапейская мара» поўніцца намаганнямі падсумаваць усё, ад гісторыі царквы да філасофіі Асветніцтва, каб прадэманстраваць, што індывідуалісцкая Амерыка выпала з часу, а аб’яднаная Еўропа сімвалізуе будучыню. Я думаю, што, у прынцыпе, ён мае рацыю: але яго задуме толькі шкодзяць нудныя разделы накшталт «Станаўлення буржуазіі» ці «Уздыму нацыянальнай дзяржавы», а таксама грубая рэдукцыянісцкая трактоўка амерыканскага матэрыялізму і мяшанка недарэчных спасылак на тэорыю хаоса, «Вялікі ланцуг быцця»*, Гобса, Дэкарта, Гегеля і законы аб агароджванні.

«Еўрапейская мара» – зусім не такая кепская кніга, як пра яе пісалі некаторыя рэцэнзенты. Яна змяшчае нямала трапных думак. Пра сучасную Амерыку Рыфкінд піша:

Дзякуючы толькі нашаму рэлігійнаму імпэту дабіцца гэтага мы сталі «выбраным народам» без свайго «святога пісання», што робіць Амерыку патэнцыйна яшчэ больш небяспечным і непрыемным для жыцця краем, чым яна ёсць.

Аднак кніга ў цэлым толькі выйграла б, каб Рыфкінд абмежаваўся выкладам таго, што ён ведае, а не стараўся з усіх сіл сказаць нешта «важнае».

Т. Р. Рэйд – журналіст, і яго аповед пра перавагу Еўропы над Амерыкай, хоць шмат у чым і нагадвае пасажы Рыфкінда, выйшаў карацейшы, вастрэйшы, менш прэтэнцыйны і больш чытэльны. У кнізе трапляюцца забаўныя сюжэты, прысвечаныя, у прыватнасці, амерыканскім прастакам Джэку Уэлчу, Джорджу Бушу і Білу Гейтсу, якія трапляюць у «дзіўны новы свет» еўрапейскіх правіл і не могуць ні зразумець, ні ігнараваць іх. Рэйд, падобна да Рыфкінда, вельмі пераканаўча дэманструе, чаму Еўрапейскі Саюз, з яго рэгуляцыйнымі паўнамоцтвамі, багаццем і інстытуцыйнай базай, з’яўляецца абшарам, да якога ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі амерыканцам давядзецца паставіцца вельмі сур’ёзна.

Хаця гэтыя кнігі і своечасовыя, ніводзін з іх аўтараў не кажа нечага асабліва новага. Іх доўгі пералік правінаў Злучаных Штатаў знаёмы еўрапейцам – яшчэ ў 1956 г. Джымі Портэр сарданічна заўважыў у кнізе Джона Осбарна «Азірніся ў гневе», што «ў амерыканскай эпосе жыць вельмі нудна – вядома, калі вы не амерыканец», і так ці інакш гэтая ідэя даляцела праз дзесяцігоддзі ў сённяшні дзень. Але менавіта таму, што ў сучасных ЗША ёсць нешта глыбока непрыемнае, а ў еўрапейскім грамадскім дагаворы – штосьці інтуіцыйна прывабнае, гэта не дазваляе нам абмяжоўвацца расказам чароўных казак.

Кожны, хто шукацьме ў названых кнігах звестак пра паходжанне Еўрапейскага Саюза, будзе збіты з панталыку. Рэйд і Рыфкінд з усіх ног кідаюцца ўслаўляць «бацькоў-заснавальнікаў» новай Еўропы за іх дальнабачнасць і мудрасць, што прывялі Еўропу да яе цяперашніх вышыняў. Паводле Рэйда, «праз пару гадоў па Шуманаўскай дэкларацыі еўрапейскі рух захліснуў кантынент, нібы бура». Еўрапейская супольнасць вугалю і сталі была «эканамічным поспехам, які гаварыў сам за сябе». Рыфкінд ідзе далей: ён піша, што Еўропа ёсць «гіганцкай разняволенай эксперыментальнай лабараторыяй для пошуку новых шляхоў развіцця чалавечага роду» (!).

  2 Заўважце таксама, што кошт прыватных медычных страховак, які ў ЗША пастаянна расце, становіцца як мінімум гэткім жа цяжарам для амерыканскіх фірмаў, як падаткі і іншыя адлічэнні на сацыяльныя патрэбы для еўрапейскага бізнесу – пры тым, што ў Амерыцы не забяспечваецца ўзровень сацыяльных стандартаў, аналагічны еўрапейскаму.

3 Калі карыстацца вызначэннем сямейнага даходу, прапанаваным АЭСР, сям’я лічыцца беднай, калі атрымлівае менш за 50 % сярэдняга даходу на чалавека ў дадзенай краіне.

4 Амерыканская эканамічная мадэль, якой бы прывабнай не здавалася, не надаецца да паўтарэння. Амерыканцы спажываюць больш тавараў, чым любая іншая нацыя. Але дэфіцыт бюджэту ЗША і бягучая запазычанасць дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню. Долар, курс якога падае, падтрымліваецца толькі жаданнем замежнікаў трымаць яго: на сённяшні дзень амерыканцы трацяць грошы іншых людзей на тавары іншых людзей. На месцы ЗША любая іншая краіна даўно трапіла б у бязлітасныя абдоймы Міжнароднага валютнага фонду.

5 «The Deserted Village» (1770).

* «Вялікі ланцуг быцця» – выкананая ў выглядзе выявы метафара, ужытая ў трактаце «Rhetorica Christiana» Дыдакуса Валадэса (1579) для апісання створанай богам універсальнай герархіі ўсіх формаў жыцця; людзі на ёй былі прадстаўленыя толькі мужчынскім полам. – Рэд.

   
Гэтыя сцвярджэнні абсурдныя6. Еўрапейскі Саюз ёсць тым, чым ён ёсць: збольшага непрадбачаным прадуктам перамоў, што дзесяткі гадоў цягнуліся паміж заходнееўрапейскімі палітыкамі, якія адстойвалі свае нацыянальныя і галіновыя інтарэсы. Частка праблемы палягае якраз у гэтым: ЕС з’яўляецца кампрамісам кантынентальнага маштабу, выпрацаваным літаральна сотнямі розных камісій. Якраз гэта сапраўды робіць Саюз больш цікавым і ў пэўным сэнсе больш уражальным, чым калі б ён увасабляў проста нейкую бясспрэчна утапічную задуму. У тым жа самым духу, ажно часам нават здаецца, што піша графаман, Рыфкінд наракае на жудаснае аблічча амерыканскіх гарадоў з іх пабудаванымі на скорую руку дамамі, не заўважаючы нічога падобнага ў Еўропе. Мабыць, гэты аўтар ніколі не бачыў трушчобаў Сарсэля, «спальнага» прадмесця, пабудаванага па вайне на поўнач ад Парыжа, не заміраў у роспачы ў Мілтане Кейнсе, абмінуў прыгарады сучаснага Мілана. Рэйд мае рацыю, сцвярджаючы, што Еўропа можа ганарыцца найлепшымі дарогамі, найхутчэйшымі цягнікамі, найтаннейшымі авіабілетамі. Так, ЕС сапраўды бліжэй, як адзначае Рыфкінд, да «духу зменаў, якія трансфармуюць свет у глабалізаванае грамадства», але ён дужа далёкі ад дасканаласці.

У сапраўднасці Еўропа сутыкаецца з вялікімі праблемамі. Але ідзецца не аб тых праблемах, якія з дзікай весялосцю пералічваюць амерыканскія крытыкі – прыхільнікі рынкавай эканомікі. Так, Еўрапейская камісія перыядычна выстаўляе сябе на пасмешышча, імкнучыся рэгуляваць памер прэзерватываў і крывізну агуркоў. Шырока разрэкламаваны Пакт аб стабільнасці, пакліканы абмяжоўваць нацыянальныя выдаткі і даўгі ў імя абароны еўра, быў правалены пад з’едлівыя каментары, хаця адмова ад яго, здаецца, не нанесла еўравалюце заўважнай шкоды. У наступныя дзесяцігоддзі пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты будуць сур’ёзна ўрэзаны, калі толькі еўрапейцы не стануць нараджаць больш дзяцей, пускаць да сябе больш імігрантаў, працаваць крыху больш гадзін перад сыходам на пенсію, згаджацца на менш шчодрую грашовую дапамогу па беспрацоўі і не ўвядуць ільготы для фірмаў, куды ўладкоўваецца моладзь. Але гэтыя недахопы еўрапейскага ладу жыцця не з’яўляюцца глыбокімі і структурнымі: яны ўяўляюць сабой складаныя палітычныя альтэрнатывы з палітычнымі наступствамі. Ніводны з іх не прымушае адмовіцца ад мадэлі «вэлфэр стэйт» – «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту»7.

  6 Гэтаксама, як і Рэйдава апісанне Дэвіда Бекхема як «еўрапейскага Майкла Джордана». Бекхем – футбаліст-«наёмнік» з першакласнай прычоскай, які мае раскручаную жонку. У часы Пеле, Ёгана Круіфа ці Ферэнца Пушкаша ён не займаўся б сваёй прычоскай. Яго папулярнасць у еўрапейскіх спартовых СМІ ілюструе ўладу міжкантынентальнага маркетынгу, але і ў гэтым плане, і ў іншых Бекхем – толькі сумны помнік нашай эпохі (Камю сказаў бы «нікчэмны прарок пасрэднага часу»). Дарэчнай аналогіяй тут быў бы не Майкл Джордан, а Дэніс Родман.

   
Сапраўдныя еўрапейскія дылемы палягаюць у іншым. У Нідэрландах, Парыжы, Антверпене ды іншых гарадах антаганізм і непаразуменне паміж карэнным насельніцтвам і хутка ўзрастаючай мусульманскай меншасцю (адзін мільён у Нідэрландах, больш за 5 мільёнаў у Францыі, магчыма, 13 мільёнаў у ЕС) ужо перайшлі ў небяспечную фазу: ад графіці і «этнічных» раёнаў да падпалаў, рабункаў і забойстваў. Туркі, мараканцы, тунісцы, алжырцы і іншыя імігранты пачалі прыязджаць у Заходнюю Еўропу, пачынаючы з 1960-х гг. Цяпер мы назіраем крызіс іх трэцяга пакалення – у значнай ступені беспрацоўнага, незадаволенага, адчужанага. Гэтыя людзі ўсё больш схільныя прыслухоўвацца да пропаведзі ў іх асяроддзі ідэяў радыкальнага ісламу.

Амаль чатыры дзесяцігоддзі еўрапейскі палітычны мэйнстрым заплюшчваў вочы на гэткі стан рэчаў: на негатыўны ўплыў дэ-факта сегрэгаваных жылых кварталаў, на ізаляваныя і неінтэграваныя ў грамадзтва супольнасці імігрантаў, і на растучую хвалю пераляканых, абураных «белых» выбаршчыкаў, перакананых, што «чарнамазых трэба паставіць на месца». Жану-Мары Ле Пэну з Францыі, Піму Фартэйну з Галандыі, які паў ахвярай забойцы, і купцы дэмагогаў з антыімігранцкіх партый ва ўсёй Еўропе, ад Нарвегіі да Італіі, удалося падштурхнуць еўрапейцаў да ўсведамлення гэтага крызісу – і нічога добрага не варожыць, што рэакцыяй усіх палітыкаў, ад Тоні Блэра і да Валеры Жыскар д’Эстэна, сталі крыкі «Гвалт!» і далейшае адгароджванне ад праблемных зонаў свету.

Іншай праблемай, з якой сутыкаецца Еўропа – хаця абедзве праблемы, ясная рэч, звязаны між сабой – з’яўляецца ціск на яе вонкавыя межы. Еўрапейскі Саюз з’яўляецца вельмі прыцягальным ужо толькі дзякуючы сваёй заможнасці – у адрозненне ад ЗША, якіх не любяць пераважна за тое, што яны робяць, то ЕС вабіць проста таму, што ён ёсць. Уцекачы і нелегальныя імігранты з паловы Афрыкі перыядычна тонуць у сваіх адчайных спробах пераплыць Гібралтарскую пратоку. Здараецца, што яны высаджваюцца дзе-небудзь на паўднёвых выспах Італіі, аднак іх падбіраюць і выпраўляюць назад. Турцыя спрабавала дабіцца прыёму ў еўрапейскі клуб амаль сорак гадоў, і толькі нядаўна яе заяўка была (з неахвотай) прынятая да разгляду. Заруку стабільнай дэмакратычнай будучыні Украіна бачыць у Еўропе – ці, прынамсі, у перспектыве некалі ўвайсці ў яе, якая стала больш адчувальнай пасля нядаўняй перамогі Віктара Юшчанкі і яго прыхільнікаў. Тое самае, безумоўна, можна сказаць і пра дзяржавы, што ўзніклі на месцы колішняй Югаславіі. Але ў той час як Брусель імкнецца ўзважыць усе рызыкі, якія пацягне за сабой ігнараванне Афрыкі або пакіданне Украіны ці Босніі ля сваёй брамы – і, у значна меншай ступені, пераход 70 мільёнаў турэцкіх мусульманаў у радыкальны іслам – еўрапейскія лідэры глыбока занепакоены перспектывамі (і коштам) пашырэння ЕС усутыч да Азіі.

  7 У любым разе, цяперашні доўг Амерыкі кладзецца на будучыню краіны не меншым цяжарам, чым еўрапейскія абавязанні ў сацыяльнай сферы. Амерыканцы, якія паказваюць пальцам на прагалы ў пенсійных фондах Еўропы, мусяць помніць, што варта «United Airlines», «General Motors» ці іншай малаплацежаздольнай кампаніі адмовіцца ад сваіх пенсійных абавязанняў, як усе рахункі будуць прад’яўлены амерыканскім падаткаплатнікам.
   
Вось рэальныя выклікі, што стаяць перад Еўропай. ЕС, можа, і выглядае, як сцвярджаюць Рэйд і Рыфкінд, бліскучай мадэллю міждзяржаўнага супрацоўніцтва, справядлівасці і гармоніі8. Але Еўрапейскаму Саюзу будзе няпроста ў бліжэйшым часе інтэграваць свае этнічныя і рэлігійныя меншасці, урэгуляваць пытанні іміграцыі або прыняць у свой склад Турцыю9. Калі ЕС не зможа пераадолець пастаянныя крызісы на сваіх усходніх і паўднёвых межах, ён сапраўды апынецца ў надта цяжкой сітуацыі. І акурат гэты фактар, а не нейкі там атавістычны антыамерыканізм ці рэактыўная зайздрасць (rocket-envy), тлумачыць, чаму многія разважлівыя еўрапейцы і іх лідэры надзвычай не любяць прэзідэнта Джорджа Буша.

Для адміністрацыі Буша «іслам» ёсць абстракцыяй, палітычна зручным аб’ектам, на які вашынгтонская адміністрацыя скіроўвае «сусветную вайну супраць тэрору». Для ЗША Блізкі Усход зусім не блізкі – гэта далёкі край, зручнае месца, куды можна сплавіць амерыканскія праблемы, каб яны не маячылі на «радзіме». Для Еўропы Блізкі Усход – «блізкае замежжа» і важны гандлёвы партнёр. Ад Танжэра да Табрыза Еўропу абкружае «Блізкі Усход». Адтуль паходзіць усё большая колькасць еўрапейцаў. Калі ЕС пачынае перамовы аб далучэнні да яго Турцыі, гэта прадугледжвае яго пашырэнне на Блізкі Усход. Амерыканская стратэгія глабальнай канфрантацыі з ісламам не можа быць выбарам для Еўропы. Гэта не выбар, а катастрофа.

3.

Цімаці Гартан Эш, верагодна, шмат у чым пагадзіўся б з папярэднім аналізам. У яго цікавай новай кнізе ён, фактычна, дзе-нідзе ідзе нават далей за Рыфкінда і Рэйда. Як касмапаліт, ён зазначае, што ЗША з’яўляюцца безадказным правапарушальнікам. У 2003 г. ЕС выдзяліў на падтрымку замежных краін 36,5 мільярда долараў. ЗША адшкадавалі траціну ад гэтай сумы, і большасць дапамогі пайшла ў Ізраіль ці ў іншыя краіны, звязаныя ёй па руках і нагах гэтай дапамогай: атрымальнікі абавязаны амаль 80 % амерыканскай «гуманітарнай дапамогі» пусціць на набыццё амерыканскіх тавараў ці паслуг. На адзін Ірак ЗША патрацілі ў восем разоў больш грошай, чым аддалі на дапамогу якой-небудзь замежнай краіне. ЗША з’яўляюцца найменш шчодрымі з усіх багатых краін у Камісіі па спрыянні развіццю ў АЭСР. Еўрапейцы – самыя шчодрыя, яны намнога апярэджваюць па аб’ёмах дапамогі ўсе астатнія краіны.

Доля амерыканцаў у насельніцтве Зямлі складае ўсяго 5 % (і зніжаецца), але ЗША адказныя за выкіды 25 % газаў, што выклікаюць цяплічны эфект. Кожны год нашай атмасферы даводзіцца паглынаць 20 тон дыяксіду вуглярода ў разліку на кожнага амерыканца (мужчыну, жанчыну, дзіця), а ў еўрапейцаў гэты паказнік не перавышае 9 тон. Амерыканская доля ў выкідах працягвае расці, а адміністрацыя Буша блакуе любую міжнародную ініцыятыву для процідзеяння забруджванню навакольнага асяроддзя ці сусветнаму пацяпленню. З гледзішча Гартана Эша, сапраўднай зброяй масавага знішчэння трэба лічыць сусветную беднасць і экалагічную катастрофу, якая пачынаецца на нашых вачах. ЕС дасягнуў значна большых поспехаў у справе процідзеяння сапраўдным пагрозам нашай супольнай цывілізацыі. Сучасныя амерыканскія «вучоныя мужы», «жахлівыя спрашчальнікі» («terribles simplificateurs»), якія бойка балбочуць пра Марс і Венеру ці сутыкненне цывілізацый, выклікаюць у Гартана Эша іранічную пагарду. Але ён не можа дараваць бесклапотнай абыякавасці цяперашняму гаспадару Белага дома: «Кажуць, што імператар Нерон граў на скрыпцы, калі гарэў старажытны Рым. У сучасным Рыме прэзідэнт грае на скрыпцы, калі гарыць уся планета».

Тым не менш, кніга «Вольны свет» далёка не чарговае абвінавачанне супраць Амерыкі. Цімаці Гартан Эш ведае Еўропу – ці, хутчэй, ён ведае многа розных Еўроп, размаітую геаметрыю звадаў, гешэфтаў і альянсаў, якія абмяжоўваюць здольнасць ЕС уплываць на сусветную палітыку. Ён падзяляе шырока распаўсюджанае сярод англічанаў падазрэнне аб інтрыганстве Францыі. Свае заўвагі пра ЗША аўтар чаргуе з прыцэльнымі стрэламі па «Супольным сельскагаспадарчым фондзе» (Common Agricultural Fund), адзначаючы, што ў 2000 г. ЕС выдзяліў 8 долараў грашовай помачы на кожнага жыхара сумежных з Сахарай афрыканскіх краін, а на кожную карову ў ЕС у форме субсідый пайшло 913 долараў.

Больш за тое, Гартан Эш насамрэч малюе даволі светлыя перспектывы для Еўропы ды Злучаных Штатаў. Найбольш дзівіць якраз тое, што ён аптымістычна ацэньвае будучыню заходняга альянсу – хаця, як мне здалося, ставіцца да яго не без іроніі. Часткова, безумоўна, гэты аптымізм абумоўлены пільнай небаходнасцю: заходнім краінам трэба спыніць дробныя звады і знайсці спосаб працаваць разам дзеля супольнай карысці, бо праз пару дзесяцігоддзяў Кітай (а потым і Індыя) стануць звышдзяржавамі і нарцысізм дробных адрозненняў паміж Еўропай і Амерыкай знікне з поля зроку: «У доўгатэрміновай гістарычнай перспектыве гэта, можа быць, наш апошні шанец вызначаць хаду сусветнай палітыкі».

Паводле Гартана Эша, неадкладная задача палягае ў тым, каб забыцца на нядаўнія спрэчкі і «наноў вынайсці» Захад пасля халоднай вайны – такі Захад, які стане ўзорам і абаронцам свабоды. Маецца на ўвазе свабода ад галечы, гвалту, экалагічных небяспек (раздзел пра беднасць у свеце і рызыку далейшага засмечвання навакольнага асяроддзя мае красамоўную назву «Новыя Чырвоныя Арміі»). Рэха рузвельтаўскіх ідэй гучыць у кнізе невыпадкова: Гартан Эш сапраўды марыць аб новым Атлантычным альянсе, спасылкі на Уінстана Чэрчыля займаюць важнае месца ў ягонай аргументацыі. Таму гэта вельмі брытанская кніга. Выбар паміж Еўропай і Амерыкай падаецца як тое, што брытанцы разумеюць лепш за ўсіх астатніх (бо яны жылі з гэтым выбарам 60 гадоў), а размешчаны ў нязручным месцы, на краі кантынентальнай Еўропы Лондан, вырачаны пастаянна паглядаць адным вокам на Вашынгтон, такім чынам аказваецца найлепшым месцам для міжатлантычнага паразумення.

Але ці сапраўды Вялікабрытанія, як піша Гартан Эш, з’яўляецца «сейсмографам» ці «тэрмометрам» еўрапейска-амерыканскіх адносін? Слушна, што сённяшняму Аб’яднанаму Каралеўству ўдаецца быць часткай Еўрапейскага Саюза і ў той жа час дэманстраваць некаторыя найгоршыя аспекты амерыканскай камерцыйнай культуры, аднак я сумняюся, што Гартан Эш меў на ўвазе менавіта гэтае спалучэнне. Хутчэй, ён бачыць ролю Лондана ў тым, каб змяншаць шкоду, нанесеную, з аднаго боку, амерыканскай самадастатковасцю, і «еўрагалізмам», з другога («шыракаўская версія еўрагалізму – шлях у нікуды»). Ягоны ідэал – «еўраатлантызм», арыентаваны на міжнародныя выклікі і ўвасоблены ў Тоні Блэру: «Тоні Блэр улавіў і выразіў брытанскія нацыянальныя інтарэсы, ролю і наканаванне лепш, чым усе яго папярэднікі». Вядома, Гартан Эш не можа адмаўляць, што Блэру дасталася складаная праблема: пераканаць скептычную брытанскую публіку ў важнасці прыняцця еўрапейскай канстытуцыі. Я не думаю, што аўтар мае якія-небудзь ілюзіі наконт «адмысловага статусу» Брытаніі ў ЕС. Тым не менш, ён настойвае, што акурат Вялікабрытанія выконвае асноўную ролю ў ліквідацыі міжатлантычнага разлому.

Як на мяне, гэта вельмі дзіўнае сцвярджэнне. Тоні Блэр – палітычны тактык з някідкім, але выгадным хобі: дазіраванай маралізацыяй (made-to-measure moralizing)10. Аднак яго міжнародныя авантуры адвярнулі Брытанію ад многіх партнёраў па ЕС, ні на каліва не павялічыўшы яе ўплыву на ЗША. Ваяжы брытанскага прэм’ер-міністра ў Вашынгтон – збольшага практыкаванні ў балбатні і самапрыніжэнні. Так, у некаторых аспектах сучаснае Аб’яднанае Каралеўства насамрэч мае падабенствы з Амерыкай: узровень беднасці ў Брытаніі, гэтаксама як разрыў у даходах паміж багатымі і беднымі, пастаянна расце, пачынаючы з 1970-х гг. Цяпер гэтыя паказнікі бліжэйшыя да амерыканскіх, чым да заходнееўрапейскіх. Прадукцыйнасць працы ў Брытаніі значна ніжэйшая ў параўнанні з большасцю краін Заходняй Еўропы. Тым не менш, новыя лейбарысты меркавалі спалучыць найлепшыя рысы еўрапейскай сацыяльнай мадэлі і амерыканскага капіталізму. Сам Гартан Эш прызнае, што ім не зусім гэта ўдалося11.

  8 Да гармоніі пакуль далёка: так, заходнееўрапейскія лідэры ўжо пытаюцца, чаму яны павінны рабіць шчодрыя ўліванні ў бюджэты новых членаў ЕС (Славакіі і інш.) толькі дзеля таго, каб гэтыя краіны скарысталіся субсідыямі для падтрымання нізкіх падаткаў, «выкрадаючы» фірмы ды фабрыкі ў сваіх заходніх калегаў.

9 Турэцкая дылема вельмі няпростая; знакамітыя еўрапейскія лібералы займаюць пазіцыі і «за», і «супраць» далучэння Турцыі. Тонка і абгрунтавана сваю пазіцыю (Турцыю варта трымаць на пэўнай адлегласці) выклаў Робер Бадантэр, былы міністр юстыцыі Францыі і зацяты еўрафіл, у інтэрв’ю для газеты «Фігаро». Гл.: Le Figaro, December 13. 2004.

   
Аўтар «Вольнага свету» недаацэньвае выклік, які стаіць перад брытанцамі – ці іншымі еўрапейцамі – што жадаюць, каб ЗША далучыліся да якога-небудзь супольнага міжнароднага праекту, акрамя «Вайны супраць тэрарызму». Цімаці Гартан Эш мае рацыю, сцвярджаючы, што ў Амерыцы жывуць не толькі неакансерватары ці недавукі-рэспубліканцы, і што панаванне апошніх калі-небудзь скончыцца. Але яго кніга прысвечана якраз падзеям, што адбываюцца «тут і цяпер». Таму мы не можам ігнараваць таго факту, што вашынгтонскія кіраўнікі не будуць нават чытаць «Дэкларацыю ўзаемазалежнасці», прапанаваную Эшам. І менш за ўсё яны жадаюць якой-небудзь «супольнай ініцыятывы» на Блізкім Усходзе. Іх мала турбуюць і «Новыя Чырвоныя Арміі». Так, у імя сваіх уласных інтарэсаў Злучаныя Штаты маюць быць зацікаўленыя ў тым, каб Еўропа ўраўнаважвала звышмагутнасць гэтай адзінай звышдзяржавы. Гэта добрая парада, але ніхто ва ўладных колах не будзе яе слухаць.

Кансерватыўныя ідэолагі ў Вашынгтоне тарпедуюць любую кансалідаваную прысутнасць Еўропы на міжнароднай арэне. Паводле Дэвіда Фрама з Амерыканскага інстытуту прадпрымальніцтва, які раней пісаў прамовы для Буша, такая прысутнасць «узнімае важныя стратэгічныя пытанні» (г. зн. «яна нам не падабаецца»)12. У 2003 г. многа цытавалі новага дзяржсакратара Злучаных Штатаў – пасля таго, як яна сказала, што ЗША маюць намер «дараваць Расіі, ігнараваць Нямеччыну і пакараць Францыю». Калі верыць аўтарам нядаўняй справаздачы Атлантычнай Рады, на думку адміністрацыі Буша Еўропа праходзіць цяпер «выпрабаванне», і іх двухбаковыя адносіны залежаць ад таго, ці палепшацца яе паводзіны. Упершыню, пачынаючы з Другой сусветнай вайны, уплывовыя людзі гавораць аб тым, што аб’яднаная Еўропа можа несці пагрозу амерыканскім інтарэсам і што ЗША павінны заблакаваць яе стварэнне.

Больш за тое, супольныя еўрапейска-амерыканскія каштоўнасці, да якіх апелюе Цімаці Гартан Эш, могуць аказацца не такімі ўжо і «супольнымі». Сярод амерыканцаў шырока распаўсюджаная набожнасць, а рэлігія займае адметную ролю ў публічных справах; яны не давяраюць іншадумству, баяцца замежнага засілля, ігнаруюць замежныя праблемы і звяртаюцца да вайсковай сілы, калі з імі ўсё-такі даводзіцца сутыкацца. Усё гэта збліжае ЗША з многімі краінамі свету, але ніводная з іх не знаходзіцца ў Еўропе. Калі ў 1997 г. у ААН адбывалася галасаванне па праекце міжнароднай дамовы аб забароне супрацьпяхотных мін і яна была прынятая 142 галасамі «за» («супраць» не прагаласаваў ніхто), ЗША ўстрымаліся. Амерыка дагэтуль не ратыфікавала гэтай дамовы – у хаўрусе з Расіяй і купкай іншых краін. ЗША – адна з дзвюх дзяржаў (другая – Самалі), якія ў 1989 г. не ратыфікавалі Канвенцыі аб правах дзіцяці. У змаганні супраць прыняцця міжнароднай Канвенцыі аб біялагічнай зброі Амерыка таксама не самотная: поруч з ёй Кітай, Расія, Індыя, Пакістан, Куба і Іран.

Для ўступлення ў ЕС адной з умоваў з’яўляецца забарона смяротнай кары, а ў ЗША дагэтуль зняволеных караюць смерцю ў маштабе, супастаўным толькі з Кітаем, Іранам, Саудаўскай Аравіяй і Конга. Амерыканскую крытыку кампетэнцыі Міжнароднага крымінальнага суда ў ААН і ў іншых інстытуцыях падтрымліваюць Іран, Ірак, Пакістан, Інданезія, Ізраіль і Егіпет. Амерыканская дактрына «прэвентыўнай вайны» цяпер знаходзіць люстраны адбітак у маскоўскіх размовах аб «прэвентыўнай контррэвалюцыі»13. Што тычыцца самой ААН, вянца ў кароне міжнародных інстытуцый, заснаваных пасля Другой сусветнай вайны з удзелам ранейшай генерацыі амерыканскіх палітыкаў, то ўспомнім, якая грубая, шумная кампанія была развязана Вашынгтонам, каб прынізіць генеральнага сакратара ААН Кофі Анана і нашкодзіць яго арганізацыі!

  10 На апошняй канферэнцыі партыі лейбарыстаў Блэр, замест таго каб паспрабаваць падмацаваць свае довады за вайну ў Іраку, проста паведаміў аўдыторыі, што ён «верыць», што яго слухачы павінны падзяляць гэтую «веру», і што ў любым выпадку ён не саступіць (акурат Марцін Лютэр: «На гэтым стаю, і не магу іначай»).

11 Ён цытуе папулярны жарт: брытанцам было паабяцана, што «Трэці шлях» Блэра прынясе ім амерыканскія універсітэты і нямецкія турмы – а насамрэч ён прынёс амерыканскія турмы і нямецкія універсітэты.

12 Трывожны тон у дачыненні да Еўропы, якая «ўзнімае галаву», можа быць знойдзены нават у аўтарытэтных выданнях, прысвечаных вонкавай палітыцы. Гл., напрыклад: Jeffrey L. Cimbalo. Saving NATO from Europe // Foreign Affairs. 2004. November/December.

   
Дык што рабіць Еўропе? Па-першае, ёй трэба супраціўляцца спакусе не заўважаць цяперашніх рознагалоссяў. Бессэнсоўна адмаўляць іх наяўнасць. У ранейшыя эпохі ролю «іншага» – блізкага суседа, на супрацьстаўленні з якім еўрапейцы выпрацоўвалі ўласную ідэнтычнасць – адыгрывалі Турцыя і Расія, сёння гэтае месца займаюць Злучаныя Штаты. Але, як і Гартан Эш, я мяркую, што будзе памылкай скарыстацца парадай Юргена Хабермаса і паспрабаваць пабудаваць еўрапейскае адзінства вакол «трансатлантычных разыходжанняў у каштоўнасцях». Еўрапейцам, бясспрэчна, патрэбна знайсці мэту і вызначыць сваю супольную ролю, але для гэтага ёсць лепшыя шляхі.

Адным з такіх шляхоў наперад з’яўляецца ратыфікацыя еўрапейцамі прапанаванай ім канстытуцыі. Гэты дакумент выклікае параною і трывогу ў Вашынгтоне (і Лондане), але па сутнасці ён даволі расплывісты і бяскрыўдны. Большая яго частка складаецца з практычных прадпісанняў наконт працэдур прыняцця рашэнняў у грувасткім ансамблі 25-ці зь нечым суверэнных дзяржаў. Канстытуцыя таксама ўзмацняе ролю еўрапейскіх судоў і павялічвае кампетэнцыю транснацыянальных органаў у сферы крымінальнага права і паліцыі (задача, якую кожны, хто сур’ёзна змагаецца з тэрарызмам, мае толькі вітаць). Што да іншых аспектаў канстытуцыі, яна проста абгрунтоўвае прэтэнзію ЕС на «каардынацыю эканамічнай палітыкі і захадаў у сферы працаўладкавання паміж дзяржавамі – членамі саюза». Гэта не надта красамоўны дакумент – яго галоўны аўтар, Валеры Жыскар д’Эстэн, далёка не Томас Джэферсан – але ён прынясе шмат практычнай карысці.

  13 Выраз належыць крамлёўскаму дарадцу Глебу Паўлоўскаму, які апісвае новую стратэгію прэзідэнта Пуціна для «стрымлівання стратэгічных пагрозаў» у сумежных з Расіяй рэгіёнах.
   
Між іншага, канстытуцыя дазволіць Еўропе стаць мацнейшым гульцом на міжнароднай арэне, нягледзячы на амерыканскую абструкцыю14ды намаганні адміністрацыі Буша вырваць паасобныя дзяржавы з ЕС або чыніць іншы ціск на іх. Бо цяперашні ЕС – не проста цікавы праект міждзяржаўнага аб’яднання без адмоўных бакоў наднацыянальнага ўтварэння. На долю Еўропы ў XX ст. выпала столькі ліха (інтэрвенцыі, акупацыі, грамадзянскія войны, анархія, разня, генацыд, адкат у варварства), колькі не бачыў ніводзін кантынент. Таму небяспекі, уласцівыя «выбару на карысць вайны» (Ірак), ігнараванню міжнародных структур у імя аднабаковай ініцыятывы, самаўпэўненай стаўцы на ваенную магутнасць, еўрапейцы бачаць лепш, чым большасць іншых народаў: «Еўрапейцы хочуць быць упэўненымі, што ў будучыні іх не чакаюць авантуры. Яны замнога мелі іх раней»15. Злучаныя Штаты, наадварот, непасрэдна не сутыкаліся з найгоршымі праявамі дваццатага стагоддзя і, на жаль, не хочуць вучыцца на чужых памылках.

Як адзначае Гартан Эш, ваяўнічы патрыятызм, уласцівы Амерыцы, рэдка сустракаецца ў сучаснай Еўропе. Нелюбоў да ваяўнічасці зусім не вычэрпваецца традыцыйным пацыфізмам. Еўрапейцы ўжо нават не думаюць пра міждзяржаўныя адносіны ў ваенных катэгорыях. Але, запярэчаць амерыканскія крытыкі, гэта робіць еўрапейскую мадэль вырашэння канфліктаў яшчэ менш эфектыўнай, калі ідзецца аб пераадоленні міжнародных крызісаў. Так, ЗША дагэтуль даволі добра валодаюць старамодным майстэрствам вядзення вайны. Аднак вядзенне вайны – вынятак пры сучасным міжнародным парадку. Сапраўднымі выклікамі ёсць папярэджанне вайны, дасягненне міру і захаванне яго. І з гэтымі задачамі Еўропа дае рады ўсё лепш.

Краіны ЕС ужо сёння забяспечваюць найбольшы кантынгент у корпусах міратворцаў і міжнародных паліцыянтаў. Еўрапейцы валодаюць хоць і абмежаванай, але рэальнай вайсковай сілай – дарма што ім прыйдзецца ўкласці нямала сродкаў, каб 60-тысячнае «еўрапейскае войска» насамрэч стала эфектыўным. Найлепшыя еўрапейскія арміі – напрыклад, брытанская – на працягу дзесяткаў гадоў практыкаваліся ў здушэнні пратэстаў мірнага насельніцтва, з чым армія ЗША зусім не знаёмая. Міне шмат часу, перш чым ЕС здолее ажыццяўляць супольную вонкавую палітыку – хаця новая канстытуцыя дапаможа гэтаму, толькі ўвёўшы пасаду еўрапейскага міністра замежных справаў, упаўнаважанага гаварыць ад імя Саюза. Аднак нарэшце загаварыўшы адзіным голасам у міжнародных справах, ЕС набудзе шмат улады.

Прычынай узмацнення вагі ЕС не стане яго багацце і велічыня – абодва фактары існуюць ужо цяпер. ЗША таксама багатыя і вялікія, і калі-небудзь Кітай можа стаць яшчэ багацейшым і вялікшым. Голас Еўропы будзе мець значэнне таму, што яна станецца ўзорам міждзяржаўнай інтэграцыі. «Глабалізацыя» ў першую чаргу тычыцца не гандлю ці камунікацыі, стварэння эканамічных манаполій, або нават імперый. Гэтыя аспекты жыцця былі глабалізаваныя ўжо сто гадоў таму16. Глабалізацыя – гэта, перадусім, знікненне бар’ераў – культурных, эканамічных, фізічных, моўных – і мастацтва арганізацыі свету пры іхняй адсутнасці. Як кажа Жан-Мары Геэно, прадстаўнік ААН, адказны за правядзенне міратворчых аперацый, «страціўшы камфорт адчування нашых геаграфічных граніц, мы павінны адкрыць для сябе чалавечую еднасць у супольнасці без межаў».

  14 ЗША працягваюць тарпедаваць высілкі Еўропы дамовіцца ў ядзерным пытанні з Іранам. Вашынгтон больш заклапочаны тым, што еўрапейцы дасягнуць поспеху ў сваёй ініцыятыве, чым шукае выгодаў ад рэгіянальнага пагаднення.

15 Альфонс Верплац (кіраўнік Нацыянальнага банка Бельгіі).

   
На сваё ўласнае здзіўленне і пераляк, еўрапейцы пайшлі на гэта: на стварэнне злучнасці людзей, якая перасягае ранейшыя межы і надае ім новыя інстытуцыянальныя формы таго, што сапраўды з’яўляецца супольнасцю. Ім не заўсёды гэта добра ўдаецца: нярэдка ў жыхароў Еўропы назіраецца вялікая настальгія па ранейшых кантрольна-прапускных пунктах на мяжы. Але тое, што выйшла, лепшае, чым нічога. Трэба баяцца спаўзання да гэтага «нічога» ў выпадку, калі крохкія міжнародныя пагадненні, дамовы, законы і інстытуцыі, якія мы стваралі, пачынаючы з 1945 г., пачнуць псавацца і занепадаць – або, што яшчэ горш, будуць наўмысна разбураны. Практыка паказвае, што пераадоленне межаў і стварэнне новай супольнасці ўдаюцца еўрапейцам лепш, чым каму б там ні было. Злучаныя Штаты, якія ізноў патрапілі ў стан, апісаны Таквілем як «бясконцае выражэнне самазадаволенасці», у гэтым кірунку не робяць нічога.

12 студзеня 2005 г.

Пераклаў з амерыканскай В. Р.

  16 Пра гэта гл. першыя параграфы нарыса Джона Майнарда Кейнса «Эканамічныя наступствы міру».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/16