A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ШЫРЛЕЙ ДЖЭКСАН

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Шырлей Джэксан
Лятарэя


Раніца 27 чэрвеня была чыстая і сонечная, насычаная сьвежым цяплом доўгага летняга дня. Паўсюль буяла шыкоўная квецень і налітая сокам трава. Каля 10-й гадзіны раніцы жыхары вёскі пачалі зьбірацца на пляцы паміж будынкамі банку і пошты. Колькасьць жыхароў у некаторых мястэчках так вырасла, што лятарэя займала аж два дні, і яе пачыналі 26 чэрвеня. Але ў гэтай вёсцы жыло толькі чалавек трыста, таму ўся працэдура займала менш за дзьве гадзіны. Пачыналася а 10-й раніцы і завяршалася так, каб вяскоўцы пасьпелі на абед.

Дзеці, як заўсёды, сабраліся першыя. Школу толькі нядаўна зачынілі на летнія вакацыі, таму бальшыня яшчэ не зусім звыклася з пачуцьцём свабоды. Спачатку дзятва таўклася маўкліва, аж пакуль узрост ня ўзяў сваё і яны не ўсчалі шумныя гульні, пайшла гамана пра клясы, настаўнікаў, кніжкі і пакараньні. Бобі Мартын пасьпеў ужо набатаваць поўныя кішэні камянёў. Не забавіліся і іншыя хлопцы пайсьці за ягоным прыкладам ды таксама пачалі падбіраць самыя кругленькія, самыя гладзенькія камяні ў свае кішэні. Бобі і Гары Джоўнс і Дыкі Дэлакрокс – вяскоўцы вымаўлялі яго імя «Дэлакрой» – склалі вялікую крушню на рагу пляцу і ахоўвалі яе ад захопніцкіх рэйдаў іншых хлопцаў. Дзяўчаткі стаялі трохі наўзбоч, шчабяталі і праз плячо паглядалі на хлопцаў. Малеча грэблася ў пыле ці тулілася да старэйшых братоў і сясьцёр.

Спакваля пачалі зьбірацца мужчыны. Па-гаспадарску кідаючы вокам на сваіх дзяцей, яны гутарылі пра сяўбу, дождж, трактары і падаткі. Мужчыны стаялі разам, зводдаль ад крушні, перакідаліся жартамі, але не сьмяяліся, толькі пасьміхаліся. Неўзабаве пасьля мужчынаў паказаліся і кабеты ў выцьвілых хатніх сукнях і кофтах. Перш чым далучыцца да мужчынаў, яны віталіся і дзяліліся мясцовымі чуткамі. Ужо стоячы каля сваіх мужоў, жанчыны пачалі гукаць дзяцей. Тыя ня надта слухаліся, а на каторых нават трэба было дзяўгаць разоў па чатыры-пяць. Бобі Мартын увінуўся з-пад матчынай рукі і сьмеючыся пабег да крушні. Прыйшлося ўжо самому бацьку гыркнуць, каб сын хуценька вярнуўся і стаў паміж ім і старэйшым братам.

Лятарэю, як і вясковыя гулі, клюб для падлеткаў і праграму сьвята Гэлаўіна, вёў містэр Самэрс, які меў час, ахвоту і энэргію займацца грамадзкай працай. Містэр Самэрс, круглявы з твару весялун, валодаў вугальным бізнэсам, але вяскоўцы яго ўсё адно шкадавалі за сварлівую жонку і бязьдзетнасьць. Калі ён прыйшоў на пляц, трымаючы ў рукох чорную драўляную скрыню, сярод вяскоўцаў пайшло шапаценьне. Ён махнуў рукой і сказаў:

– Трохі запазьняюся сёньня, шаноўныя.

Галоўны паштар містэр Грэйвс нёс сьледам за ім трыногае крэсла. Крэсла паставілі пасярод пляцу, на яго – чорную скрыню. Вяскоўцы трымаліся на паважнай дыстанцыі. Калі містэр Самэрс запытаўся ў натоўпу: «Ці ёсьць ахвотнікі мне памагчы?», у паветры завісла няўпэўненасьць. Тады два мужчыны, містэр Мартын і яго старэйшы сын Бакстэр, выступілі наперад – трымаць скрыню на крэсьле, пакуль містэр Самэрс будзе перамешваць лятарэйныя квіткі.

Сапраўдны, першасны лятарэйны атрыбут згубілі даўным-даўно, і чорнай скрыняй, якая цяпер грувасьцілася на той трынозе, пачалі карыстацца яшчэ да нараджэньня найстарэйшага вяскоўца, Старога Ўорнэра. Містэр Самэрс часьцяком пагаворваў пра замену скрыні, але ніхто не хацеў парушаць традыцыі, якую яна ўвасабляла. Бытавала і легенда, нібыта цяперашняя скрыня была змайстраваная з частак старой, якую зрабілі самыя першыя тутэйшыя пасяленцы. Штогод пасьля лятарэі містэр Самэрс наноў заводзіў гаворку пра замену скрыні, але, як і ўсе папярэднія разы, справа не ішла далей за размову і паступова згасала. А чорная скрыня з кожным годам выглядала ўсё больш задрыпанай. Чорны колер пашарэў, месцамі аблупіўся, верхні пласт фарбы на баку скрыні зусім аблез, агаліўшы жывую драўніну.

Містэр Мартын і яго старэйшы сын Бакстэр моцна трымалі скрыню, пакуль містэр Самэрс спраўна перамешваў паперкі. Шмат чаго з колішняга рытуалу было забыта ці занядбана, таму містэр Самэрс змог папросту замяніць драўляныя фішкі, якімі карысталіся папярэднія пакаленьні вяскоўцаў, на папяровыя квіткі. Драўляныя фішкі, аргумэнтаваў ён, былі зручныя ў часы, калі вёска была малая, цяперака ж насельніцтва пераваліла за трыста і працягвала расьці, таму фішкі трэба было замяніць на нешта, што магло б зьмясьціцца ў чорнай скрыні. У ноч перад лятарэяй містэр Самэрс і містэр Грэйвс рабілі папяровыя квіткі і клалі іх у скрыню, пасьля гэтага яе несьлі ў офіс вугальнай кампаніі містэра Самэрса і замыкалі ў сэйфе. Там скрыня стаяла аж да наступнай раніцы, калі містэр Самэрс быў гатовы выносіць яе на пляц. Рэшту часу скрыню захоўвалі то ў адным месцы, то ў другім, неяк нават яна цэлы год прастаяла ў амбары ў містэра Самэрса, потым на падлозе ў паштовым аддзяленьні, а часам яе пакідалі пыліцца на паліцы ў краме містэра Мартына.

Перад тым, як містэр Самэрс мог афіцыйна абвесьціць пачатак лятарэі, арганізатары заўсёды ўладжвалі дэталі. Трэба было скласьці сьпісы гаспадароў родаў, сем’яў і кожнага сямейніка паасобку. Галоўны паштар павінен быў прывесьці да прысягі містэра Самэрса як афіцыйнага вядучага лятарэі. Аднога разу, на памяці пажылых вяскоўцаў, афіцыйны вядучы распачаў лятарэю нейкім, накшталт рэчытатыву, мэханічным скандаваньнем, і з таго часу павялося сумленна адбарабаньваць яго штогод. Адны вяскоўцы казалі, што памятаюць, быццам афіцыйны вядучы заўсёды рэчытатывіў стоячы, другім здавалася, што, таксама ж памятаюць, быццам ён рабіў гэта, пахаджаючы сярод людзей, але мінула шмат гадоў, як гэты элемэнт рытуалу адышоў у нябыт. Калісьці існаваў таксама рытуальны салют, якім афіцыйны вядучы вітаў кожнага, хто падыходзіў да скрыні паспытаць удачы, але і гэтая частка рытуалу з часам зьмянілася, і цяпер афіцыйнаму вядучаму хіба што толькі заставалася перакінуцца словам-другім з кожным, хто падыходзіў да скрыні. Містэр Самэрс гэтаму выдатна даваў рады. У чыстай белай кашулі і блакітных джынсах, нядбала паклаўшы адну руку на чорную скрыню, ён глядзеўся вельмі прэзэнтабэльна, калі спаважна вёў бясконцую размову са спадаром Грэйвсам і мужчынамі зь сямейства Мартынаў.

А тым часам, якраз калі містэр Самэрс нарэшце скончыў гутарку і ўжо быў павярнуўся да сабраных вяскоўцаў, на пляц у абы-як накінутым на плечы швэдры сьпешна ўвайшла місіс Гатчынсан і шмыгнула ў канец натоўпу.

– Чысьцюткая шкляроза, гэта ж так забылася, які сёньня дзень, – сказала яна да гаспадыні Дэлакрокс, якая стаяла побач, і абедзьве ціха засьмяяліся. – Думала, мой стары на дварэ складае паленьне, аж раптам – зірк у акно, бачу, дзяцей няма, тут і згадала, што сёньня дваццаць сёмага, і пабегла.

Яна выцерла мокрыя рукі аб фартух, а місіс Дэлакрокс адказала:

– Ты якраз пасьпела. Яны там усё яшчэ гамоняць.

Місіс Гатчынсан, выцягнуўшы шыю, выглядала праз натоўп свайго мужа і дзяцей і нарэшце ўгледзела іх наперадзе. Кінуўшы гаспадыні Дэлакрокс хуткае «бывай», яна пачала прадзірацца праз натоўп да свайго сямейства. Людзі прыязна ўсьміхаліся ёй і давалі праходу, а двое там ці трое нават уголас гукнулі: «Гатчынсан, твая гаспадыня ідзе», «Біл, твая гаспадыня-такі пасьпела». Місіс Гатчынсан далучылася да мужа, і містэр Самэрс вясёла заўважыў:

– Думаў, давядзецца пачынаць безь цябе, Тэсі.

Місіс Гатчынсан з усьмешкай адказала:

– Няўжо ж бы змусіў мяне пакінуць нямытыя талеркі ў ракавіне, Джо? – і лёгкі сьмех пракінуўся па натоўпе.

– Ну, цяпер, – сказаў цьвярозым голасам містэр Самэрс, – думаю, пачынацьмем, каб хутчэй скончыць і вярнуцца да нашых справаў. Ці ўсе прыйшлі?

– Дунбар, Дунбар, – прагучала з натоўпу.

Містэр Самэрс зірнуў у сьпіс.

– Клайд Дунбар, – сказаў ён, – ну, так. Ён зламаў нагу, праўда ж? Хто цягне за яго?

– Я, відаць, – пачуўся жаночы голас з натоўпу, і містэр Самэрс павярнуўся, каб паглядзець, хто адгукнуўся.

– Жонка цягне за свайго мужа, – сказаў містэр Самэрс. – А што, у цябе дарослага сына няма, каб за бацьку пацягнуў, Джэні?

Гэта было справай парадку, каб афіцыйны вядучы лятарэі запытаўся пратакольна, хоць і містэр Самэрс, і ўсе вяскоўцы наперад ведалі адказ. Містэр Самэрс з выразам ветлівай цікаўнасьці чакаў, пакуль місіс Дунбар адказвала.

– Гарацыю няма яшчэ шаснаццаці, – са шкадаваньнем у голасе сказала яна. – Так што сёлета я мушу цягнуць замест майго старога.

– Рацыя, – сказаў містэр Самэрс і зрабіў занатоўку ў сваім сьпісе. Пасьля запытаўся: – Хлопец Ўотсан цягне сёлета?

Даўгі хлопец з натоўпу падняў руку:

– Я тут, – сказаў ён. – Я за маці і за сябе, – ён нэрвова міргаў і сарамліва ўцягнуў галаву ў плечы, пачуўшы некалькі галасоў з натоўпу: «Малайчына, Джэк» і «Добра, твая матка цяпер мае мужчыну ў дапамогу».

– Такім чынам, – сказаў містэр Самэрс – здаецца, усе. Ці тут Стары Ўорнэр?

– Тутака, – пачуўся голас, і містэр Самэрс кіўнуў.

У натоўпе раптам запанавала цішыня. Містэр Самэрс прачысьціў горла і паглядзеў у сьпіс.

– Гатовыя? Цяпер я буду вычытваць імёны – спачатку гаспадароў сем’яў – і мужчыны падыходзяць і цягнуць са скрыні квіток. Трымайце квіткі складзенымі, пакуль ня выцягнуць усе. Усім зразумела?

Людзі слухалі інструкцыі на паўвуха, бо працэдура паўтаралася з году ў год. Бальшыня проста моўчкі стаяла, аблізваючы вусны, не азіраючыся па бакох. Містэр Самэрс падняў руку і вымавіў:

– Адамс.

З натоўпу выступіў чалавек і падышоў да скрыні.

– Дзень добры, Стыў, – сказаў містэр Самэрс, і містэр Адамс адказаў:

– Добры дзень, Джо.

Яны нэрвова і бяз звыклай прыязьні пасьміхнуліся адзін аднаму. Містэр Адамс засунуў руку ў чорную скрыню і выцягнуў складзены квіток. Пасьля павярнуўся і сьпешна рушыў на сваё месца ў натоўпе, моцна трымаючы квіток за ражок. Ён стаў трохі ўбаку ад сваёй сям’і, трымаў руку ўніз і нават не глядзеў на яе.

– Алэн, – сказаў містэр Самэрс. – Андэрсан... Бэнтам.

– Не пасьпееш, здаецца, аглянуцца, як за адной лятарэяй ужо другая, – сказала місіс Дэлакрокс гаспадыні Грэйвс ззаду натоўпу. – Здаецца, апошняя лятарэя была толькі на тым тыдні.

– Так, час ляціць, – адказала місіс Грэйвс.

– Кларк... Дэлакрокс.

– Вось і мой стары пайшоў, – сказала місіс Дэлакрокс.

Яна стаіла дыханьне, пакуль ейны муж ішоў да скрыні.

– Дунбар, – сказаў містэр Самэрс, і місіс Дунбар цьвёрдым крокам пайшла да скрыні.

Нейкая жанчына з натоўпу сказала: «Давай, Джэні», ды яшчэ нехта падхапіў: «Ну, вось і яе чарга».

– Наступныя мы, – сказала місіс Грэйвс.

Яна сачыла, як яе муж, падышоўшы збоку, цяжка прывітаў містэра Самэрса і выцягнуў са скрыні квіток. Многія мужчыны з натоўпу ўжо мелі квіткі і цяпер нэрвова камячылі іх у далонях. Місіс Дунбар стаяла разам з двума сынамі і таксама трымала ў рукох квіток.

– Гарбурт... Гатчынсан.

– Давай, ідзі, Біл, – сказала місіс Гатчынсан мужу.

Бліжэйшыя людзі засьмяяліся.

– Джонс.

– Людзі кажуць, – зьвярнуўся містэр Адамс да Старога Ўорнэра, які стаяў побач, – што ў вёсцы на поўнач ад нас думаюць скасаваць лятарэю.

Стары Ўорнэр фыркнуў.

– Ат, колькі там тых дурняў. Паслухаеш маладых, дык усё ім ня так. Дай ім волі, вярнуліся б жыць у пячоры, ніхто б не працаваў, жылі б, як прыпадзе. Старыя кажуць: «Лятарэя ў сяле, кукуруза ў гумне». Безь лятарэі ўсе мы елі б параную лебяду з жалудамі. Лятарэя заўсёды была, – дадаў ён раздражнёна. – Хопіць, што малады Джо Самэрс заміж каб сур’ёзна справу весьці, вунь, усім жартачкі раздае.

– Некаторыя мястэчкі зусім скасавалі лятарэю, – працягваў містэр Адамс.

– Ад гэтага толькі бяда, – упарціўся Стары Ўорнэр. – Жменька маладых дурняў.

– Мартын.

Бобі Мартын глядзеў, як пайшоў ягоны бацька.

– Овэрдайк... Пэрсі.

– Хай бы ўжо яно хутчэй, – сказала місіс Дунбар старэйшаму сыну. – Ужо ж бы хутчэй.

– Яны ўжо амаль скончылі, – адказаў сын.

– Будзь гатовы бегчы сказаць бацьку, – сказала місіс Дунбар.

Містэр Самэрс назваў сваё імя, зрабіў крок наперад і выцягнуў квіток са скрыні. Пасьля выклікаў:

– Ўорнэр.

– Семдзесят сем гадоў, як цягну лятарэю, – казаў Стары Ўорнэр, праходзячы праз натоўп. – Семдзесят сёмы раз.

– Ўотсан, – лыгаты падлетак пачаў нязграбна прабірацца праз натоўп. Нехта падбадзёрыў: «Не нэрвуйся, Джэк». А містэр Самэрс сказаў: «Не сьпяшайся, сыне».

– Заніні…

Пасьля гэтага запала даўгая паўза, натоўп ня дыхаў, пакуль містэр Самэрс, падняўшы руку з квітком, не сказаў:

– Ну, што ж, шаноўныя.

Яшчэ нейкую хвіліну ніхто не варушыўся, і раптам усе пачалі разгортваць свае паперчыны. Кабеты загаманілі ўвадначасьсе: «У каго?», «Хто выцягнуў?», «Дунбары?», «Ўотсаны?». Пасьля пачуліся галасы: «Гатчынсаны выцягнулі», «У Гатчынсанаў. Біл. Біл Гатчынсан выцягнуў».

– Бяжы, скажы бацьку, – сказала місіс Дунбар старэйшаму сыну.

Людзі сталі абарочвацца на Гатчынсанаў. Біл Гатчынсан стаяў прыцішаны, утаропіўшыся ў паперчыну. Раптам Тэсі Гатчынсан загаласіла:

– Джо, ты ж ня даў яму часу ўзяць тую паперу, якую ён хацеў. Я бачыла. Несправядліва!

– Будзь ты чалавекам, Тэсі, – адгукнулася місіс Дэлакрокс, а місіс Грэйвс дадала:

– Мы ўсе мелі роўныя шанцы.

– Сьціхні, Тэсі, – сказаў Біл Гатчынсан.

– Ну, што ж, шаноўныя, – сказаў містэр Самэрс, – з гэтым мы ўправіліся досыць хутка, а цяпер сьлед крыху пасьпяшацца, каб і ўсю справу завяршыць у пару.

Ён зазірнуў у другі сьпіс.

– Біл, ты цягнуў за Гатчынсанаў. Ці хто яшчэ належыць да радзіны Гатчынсанаў? – спытаў містэр Самэрс.

– Дон і Іва, – закрычала місіс Гатчынсан. – Хай і яны цягнуць!

– Дочкі цягнуць зь сем’ямі сваіх мужоў, Тэсі, – мякка заўважыў містэр Самэрс. – Ты ж гэта ведаеш.

– Несправядліва, – паўтарала Тэсі.

– Здаецца, што не, Джо, – са шкадаваньнем у голасе сказаў Біл Гатчынсан. – Мая дачка цягнула з мужавай сям’ёй, і гэта справядліва. А ў мяне больш ніякай іншай сям’і апроч дзяцей няма.

– У такім разе, Біл, – тлумачыў далей містэр Самэрс, – атрымліваецца, што гэта і твой род і твая сям’я. Правільна?

– Правільна, – сказаў Біл Гатчынсан.

– Колькі ў цябе дзяцей, Біл? – пратакольна запытаўся містэр Самэрс.

– Трое, – адказаў Біл Гатчынсан. – Біл малодшы, Нэнсі і маленькі Дэйв. І Тэсі ды я.

– Добра, – сказаў містэр Самэрс. – Гары, ці маеш ты квіткі на іх?

Містэр Грэйвс кіўнуў і паказаў паперчыны.

– Тады пакладзі іх зноў у скрыню, – скамандаваў містэр Самэрс. – Вазьмі Білаў і таксама пакладзі ў скрыню.

– Я думаю, трэба пачаць усё нанова, – амаль нячутна сказала місіс Гатчынсан. – Кажу ж табе, гэта было несправядліва. Ты ня даў яму досыць часу, каб выбраць. Усе – сьведкі.

Містэр Грэйвс выбраў пяць квіткоў і паклаў іх у скрыню, астатнія кінуў на зямлю, скуль іх тут жа падхапіў ветрык і разьнёс па паветры.

– Людцы, паслухайце ж, – паўтарала місіс Гатчынсан тым, хто стаяў побач.

– Біл, гатовы? – спытаў містэр Самэрс.

Біл Гатчынсан акінуў вачыма сваіх дзяцей і жонку і кіўнуў.

– Памятайце, як выцягнеце квіткі, трымайце іх складзеныя, пакуль усе ня выцягнуць. Гары, ты паможаш маленькаму Дэйву.

Містэр Грэйвс узяў за руку маленькага Дэйва, які ахвотна падышоў зь ім да скрыні.

– Выцягні адну паперку са скрыні, Дэйві, – сказаў містэр Самэрс.

Дэйві засунуў руку ў скрыню і засьмяяўся.

– Бяры толькі адну, – сказаў містэр Самэрс. – Гары, патрымай квіток за яго.

Містэр Грэйвс выцягнуў паперчыну са сьціснутага кулачка Дэйва і трымаў яе, пакуль той стаяў і зь цікаўнасьцю паглядаў на яго.

– Наступная Нэнсі, – сказаў містэр Самэрс.

Нэнсі было дванаццаць гадоў. Ейныя школьныя сяброўкі цяжка дыхалі, пакуль тая ішла да скрыні, далікатна папраўляючы спаднічку, і потым зграбненька дастала квіток.

– Біл малодшы, – сказаў містэр Самэрс.

Чырванатвары цыбаты Біл ледзь не абярнуў скрыню, вымаючы квіток.

– Тэсі, – паклікаў містэр Самэрс.

Яна з хвіліну вагалася, ваяўніча аглядаючыся па бакох, але сьцяла вусны і пайшла да скрыні. Выхапіла паперчыну і трымала яе за сьпінай.

– Біл, – сказаў містэр Самэрс.

Біл Гатчынсан засунуў руку ў скрыню і, намацаўшы паперчыну, выцягнуў апошні квіток.

Натоўп маўчаў. Нейкая дзяўчына прашаптала: «Хоць бы ня Нэнсі», – і ўвесь натоўп пачуў гэты шэпт.

– Раней усё рабілася іначай, – выразна сказаў Стары Ўорнэр. – Людзі ўжо ня тыя, што раней.

– Добра, – сказаў містэр Самэрс. – Разгарніце паперкі. Гары, разгарні за маленькага Дэйва.

Містэр Грэйвс разгарнуў Дэйваў квіток. З усіх бакоў пачуўся ўздых палёгкі, калі ён падняў яго над натоўпам. Квіток быў чысты. Нэнсі і Біл малодшы разгарнулі свае адначасова. Абое аж засьвяціліся і засьмяяліся, паварочваючыся да натоўпу і паказваючы свае пустыя паперкі.

– Тэсі, – сказаў містэр Самэрс.

Настала паўза. Тады містэр Самэрс зірнуў на Біла Гатчынсана. Той разгарнуў сваю паперку і паказаў усім. Яна была чыстая.

– Такім чынам – гэта Тэсі, – сказаў містэр Самэрс, і яго голас сьціх. – Пакажы нам яе квіток, Біл.

Біл Гатчынсан падышоў да жонкі і вырваў паперчыну зь яе рукі. Пасярэдзіне квітка быў намаляваны чорны кружок, той самы кружок, які містэр Самэрс намаляваў тлустым алоўкам у офісе сваёй вугальнай кампаніі ў ноч напярэдадні лятарэі. Біл Гатчынсан узьняў руку з квітком угору, і па натоўпе пайшло ўзрушэньне.

– Ну, што ж, давайце не будзем марудзіць і завершым справу, – сказаў містэр Самэрс.

Хоць вяскоўцы і занядбалі рытуал ды згубілі сапраўдную чорную скрыню, але што рабіць з камянямі, яны памяталі. Крушня, якую нарыхтавалі падлеткі, была гатовая да ўжытку. Дый навокал хапала камянёў, сярод якіх ветрык пераганяў непатрэбныя ўжо лятарэйныя квіткі. Місіс Дэлакрокс выбрала камень такі вялікі, што падняла яго толькі аберуч.

– Хадзем, – сказала яна, павярнуўшыся да місіс Дунбар. – Не марудзь.

Місіс Дунбар мела поўныя жмені дробнага каменьня. Задыхаючыся, яна адказала: «Не магу бегчы. Ты давай, ідзі наперад, а я ўжо неяк даганю».

Дзеці таксама пахапалі камяні, і нехта нават адшкадаваў некалькі каменьчыкаў маленькаму Дэйві.

Тэсі Гатчынсан стаяла цяпер адная пасярод пляцу. Яна роспачна выставіла наперад рукі, калі вяскоўцы рушылі на яе. «Несправядліва», – паўтарала яна. Першы камень пацэліў ёй у галаву каля скроні.

Стары Ўорнэр падбадзёрваў:

– Давайце, ну ж, давайце, разам.

Стыў Адамс ішоў наперадзе натоўпу, за ім місіс Грэйвс.

– Несправядліва, няправільна… – апошні раз пасьпела крыкнуць місіс Гатчынсан, перш чым лявіна пахавала ахвяру пад сабою.

Пераклала з амэрыканскай мовы Алеся Сёмуха.

  (1919—1965) – вядомая амэрыканская пісьменьніца. Апавяданьне «Лятарэя» было ёй напісана ў 1948 годзе.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/23