A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ТОНІ ЭРЛІ

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Тоні Эрлі
Вы не бачылі скрадзенай дзяўчынкі?


Некалі ў 1875 годзе ў Нэшвіле хаваўся ад паліцыі знакаміты злачынца Джэс Джэймс. Цяпер на месцы яго схованкі стаіць дом місіс Вірджыл Уілсан. Жанчына з году ў год расказвала пра злачынцу дзецям, што прыходзілі да яе на Хэлаўін. Але аднойчы місіс Уілсан заўважыла, што дзеці не ведаюць – або іх не абыходзіць – хто такі Джэс Джэймс. І апранутыя яны былі ў строі, якія ні пра што не казалі місіс Уілсан: маньякаў-забойцаў, гоначнікаў, што разбіліся насмерць, герояў абсалютна не знаёмых ёй фільмаў, няпоўнагадовых поп-зорак, наўздзіў падобных да шлюх-малалетак. Менавіта тады місіс Уілсан зразумела, што яна ператварылася ў дзівачку – дзятва ледзь трывала яе нудныя байкі, каб урэшце атрымаць па цукерцы – толькі і ўсяго?! Але чаго яшчэ чакаць ад кранутых розумам бабулек? Колькі ж гэта гадоў яна надакучвала дзецям сваімі казкамі пра Джэса Джэймса? Колькі ж гэта гадоў дзеці рагаталі, як толькі зачыняліся дзверы? З таго часу кожны Хэлаўін місіс Уілсан сядзела ў цемры на кухні, сцішыўшы радыё і робячы выгляд, што яе няма.

Хоць жанчына ўжо некалькі гадоў запар не адчыняла дзверы 31 кастрычніка, яе па-ранейшаму вярэдзіла пытанне, ці не заходзіла калі да яе на Хэлаўін «скрадзеная дзяўчынка». Так на мясцовым тэлебачанні называлі трынаццацігадовую Анджэлу Б., якая знікла па дарозе з дому на прыпынак школьнага аўтобуса. Акурат у тым самым квартале стаяў дом місіс Уілсан. Фатаграфію ўсмешлівай Анджэлы паказвалі па тэлевізары, вывешвалі ў вітрынах, прыклейвалі да тэлефонных будак, чаплялі на задняе шкло фургонаў і на гарадскія аўтобусы. Але місіс Уілсан ніяк не магла згадаць яе твару сярод твараў іншых дзяцей на парозе ейнага дому на Хэлаўін. Калі на прыпынках кіроўца пытаўся ў мікрафон: «Ці вы не бачылі скрадзенай дзяўчынкі?» – місіс Уілсан прымружвала вочы, узіраючыся ў школьны здымак Анджэлы, і адмоўна хітала галавой, бо сапраўды не магла згадаць.

Місіс Уілсан падабалася ўяўляць, як яна адчыняе на Хэлаўін дзверы і бачыць ціхмяную Анджэлу (менавіта Анджэлу, бо тады яна не была яшчэ «скрадзенай дзяўчынкай»). Кім жа яна апранутая? Мышкай? Ці трусікам? Пэўна некім мяккім і нястрашным. І місіс Уілсан, мабыць, дала ёй не адну ці дзве цукеркі, як звычайна, а цэлы мех, бо Анджэла – такая мілая: уважліва слухала пра Джэса Джэймса і нават задавала пытанні. Місіс Уілсан старалася, аднак, не думаць, што здарылася з Анджэлай пасля таго, як яна падзякавала і сышла. Варта толькі ўявіць, што дзяўчынка пераступіла парог і знікла ў цемры, як адразу ж кацяцца слёзы.

Дом місіс Уілсан знаходзіўся на роўнай адлегласці паміж домам скрадзенай дзяўчынкі і прыпынкам, да якога Анджэла так і не дайшла. І таму жанчыне здавалася, што яе жытло – таямнічае месца паміж пунктам А і пунктам Б, дзе адбываецца нешта неспасцігальнае, неверагоднае. Чорная дзірка, Бермудскі трохкутнік Усходняга Нэшвіла. Прайшло чатыры дні, як знікла скрадзеная дзяўчынка, і тры дні, як місіс Уілсан адведалі два паліцэйскія ў форме, і ў доме з’явілася следчая гарадской пракуратуры. Ад яе прафесійнай адстароненасці і сур’ёзнасці місіс Уілсан зрабілася яшчэ больш журботна за лёс скрадзенай дзяўчынкі. Следчая села на добрую канапу і спытала: «Вы пэўна не бачылі нічога падазронага?» Між тым літаральна пад вокнамі місіс Уілсан нейкі тэлежурналіст рабіў жывы рэпартаж пра знікненне Анджэлы, і абедзве жанчыны раз-пораз кідалі вокам на экран (гук місіс Уілсан выключыла з прыходам следчай). Пазней іншыя паліцэйскія шукалі ў гаражы і лёхах цела скрадзенай дзяўчынкі. Адзін з іх выпаўз з-пад ганку. Ён трымаў у руках узорыстую дзвярную ручку са шкла, якую потым урачыста перадаў місіс Уілсан. Каля яе дома спынілася працэсія, арганізаваная мясцовай царквой. Людзі з запаленымі свечкамі ўсю ноч спявалі: «Куды ні павядзеш мяне, я за Табой пайду». Місіс Уілсан заставалася толькі адно – шчоўкаць выключальнікам ад лямпачкі над ганкам у спадзеве, што мірганне прымуць за знак салідарнасці. З дня ў дзень від з акна засцілі прыпаркаваныя насупраць машыны спадарожнікавага тэлебачання. Узнятыя мачты і вялізныя талеркі наводзіліся проста на неба, нібы чакалі, каб прамовіў сам Бог.

Прайшоў не адзін месяц, як знікла дзяўчынка, але місіс Уілсан усё роўна штодзень перабірала ў памяці самыя нязначныя драбніцы, шукала хоць якую зачэпку, каб дапамагчы раскрыць справу і вярнуць скрадзеную дзяўчынку дадому. Што ўсё ж такі бачыла ў той дзень місіс Уілсан? Вядома, яна мусіла нешта бачыць. Можа быць, тое, як прабягала, прыціскаючы да грудзей падручнікі, скрадзеная дзяўчынка? А за ёй гналіся, дражнілі хлопцы-старшакласнікі? Ці як ездзіў сюды-туды па вуліцы нейкі фургон? Кіроўцу не разглядзець, але без сумневу гэта рэлігійны фанатык, які шукаў сваю чарговую ахвяру. Але місіс Уілсан не магла згадаць нічога такога. Са спратаў памяці ўсё часцей выплывалі рэчы, якія яна гадамі прымушала сябе забыць. Ёй уяўлялася, што гэтак бывае і ў паліцыі: кацер прачэсвае Камберлэнд, шукаючы адзін труп, а знаходзіць зусім іншы.

Маладой пятнаццацігадовай дзяўчынай з Джэксана, што ў штаце Тэнэсі, місіс Уілсан закахалася ў хлопца. Справа скончылася цяжарнасцю. Як толькі стаў бачны жывот, бацькі забралі яе са школы і даслалі ў адмысловы дом у Кентукі. Разам з тузінам такіх самых «дзяўчат, што трапілі ў бяду», яна жыла пад наглядам дзвюх векавух, пазбаўленых хоць якіх жаночых рысаў, тоўстых, як мех конскага сена. Перабудаваны старадаўні маёнтак стаяў на вяршыні ўзгорка за Лексінгтонам, але ад яго былой велічы нічога не засталося. Паркетную падлогу заслалі шэрым казённым лінолеумам. Нягледзячы на бездакорную чысціню, кожны дзень дзяўчат прымушалі драіць пакоі і калідоры. Было зразумела, што бясконцае прыбіранне – гэта пакаранне, частка дамовы, якую бацькі заключылі з кіраўніцамі ўстановы. Можа, тады ў наступны раз дочкі «двойчы падумаюць», перш чым забірацца з хлопцам на задняе сядзенне машыны. Калі місіс Уілсан нарадзіла, ёй не далі нават узяць дзіця на рукі. Яна паспела толькі вокам кінуць на немаўля – дзяўчынка! – і малую адразу ж вынеслі. Яна была яшчэ ў крыві, а маленькі цёмны раточак, круглы, як літара «О», так і застаўся ў душы адвечным дакорам.

Місіс Уілсан глядзела мясцовыя навіны і спрабавала згадаць ранак, калі знікла скрадзеная дзяўчынка. Але з памяці ўсплывалі ярка-блакітныя вочы медсястры над маскай. Місіс Уілсан крычала: «Вярніце мне маё дзіця!» «Ну-ну, супакойся, мілая, – тая схілілася над ёй, – ты ж ведаеш, што не зможаш пра яго клапаціцца».

Праз тыдзень пасля родаў місіс Уілсан вярнулася дадому. Сямейнікі рабілі выгляд, што нічога не змянілася, хоць насамрэч змянілася ўсё. Для хлопца, якога кахала, яна стала пустым месцам, у школу вярнуцца было занадта сорамна, ды бацькі і не прымушалі. Яна цэлымі днямі толькі тым і займалася, што загарала каля басейна ў клубе. Дачка доктара, яна ўрэшце выйшла замуж за бедняка – Вірджыла Уілсана. Прыгожы, сардэчны, ён добра ставіўся да жонкі і нібыта не заўважаў яе мінулай памылкі. А лепш уведаўшы свайго мужа, місіс Уілсан зразумела, што, на ягоную думку, яму вельмі пашанцавала. Вядома, машына «карыстаная» і нават з «вялікім прабегам» але, безумоўна, мадэль на парадак вышэйшага класу, чым «новая», якую ён мог бы сабе дазволіць.

Маладая сям’я пераехала ў Нэшвіл, і Вірджыл Уілсан уладкаваўся працаваць электрыкам. Яны набылі дом па адрасе, дзе некалі атайбаваўся Джэс Джэймс, і жылі збольшага дружна, пакуль праз сорак восем гадоў цыгарэты не давялі Вірджыла да магілы. Іх адзіны сын – прыемны, але абсалютна нічым не заўважны – цяпер жыве ў Феніксе і гаворыць па-іспанску не горш за мексіканца. Ён узначальвае маленькі офіс вялікай кампаніі па ўсталяванні палівачак на газонах багатым. Нявестка місіс Уілсан – злобная анарэксічка з Каліфорніі, а ўнукі па тэлефоне не разумеюць бабульчынай тэнэсійскай гаворкі. Вось, калі прыгадаць, і ўсё ейнае жыццё… Але калі б толькі яна глядзела ў акно, калі раніцай Анджэла Б. апошні раз праходзіла паўз яе дом, калі б толькі выбегла на вуліцу, закрычала: «Паліцыя!» і здолела ўратаваць дзяўчынку, тады ўсё было б зусім іначай!

Хаця рэпартажы пра скрадзеную дзяўчынку паказвалі радзей і радзей, місіс Уілсан па-ранейшаму прагна сачыла за ўсім, што тычылася гэтай справы. Кабета, вядома, была ўжо ў курсе, што на момант знікнення Анджэла была апранутая ў блакітныя шорты, белую майку і ружовыя красоўкі. Аднойчы ў вечаровых навінах паведамілі яшчэ і пра бялізну скрадзенай дзяўчынкі з Тыграй з «Віні Пуха» і станік. У Анджэлы іх было ўсяго два. Другі застаўся акуратна ляжаць на верхняй паліцы шафы. Скрадзеная дзяўчынка не склала рэчаў і не забрала грошай са свайго патаемнага сховішча (шэсцьдзесят восем долараў, заробленых няньканнем).

Назаўтра а дзесятай вечара паказвалі рэпартаж, які – місіс Уілсан сама бачыла – цэлы дзень здымала прыгожая маладая жанчына з фарбаванымі ярка-рудымі валасамі. «Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя ў гэтым доме, – сур’ёзна казала яна з экрана ў гасцёўню місіс Уілсан, – некалькі месяцаў жыў злачынца Джэс Джэймс з жонкай і дзецьмі. Цяпер гэтая ціхая вулачка хавае яшчэ больш страшную таямніцу: што здарылася з Анджэлай Б.?» У гэты момант камера ўзяла ў аб’ектыў дом місіс Уілсан, і жанчына з жахам убачыла сябе: яна нібы здань выглядала з-за фіранак. «Калі тутэйшыя жыхары і ведаюць, што здарылася з нэшвілскай сямікласніцай, – працягваў голас рэпарцёркі за кадрам, – то не прызнаюцца». Місіс Уілсан была ў шоку. Вядома, рэпартаж зняты, толькі каб нечым запоўніць выпуск навінаў, але гэтая сучка журналістка ніколі нават не спрабавала ў яе што-небудзь спытаць! А дом, у якім жыў Джэс Джэймс, згарэў яшчэ да таго, як яна нарадзілася! Місіс Уілсан, каб не забыцца, запісала: заўтра зраніцы пазваніць на тэлебачанне і паскардзіцца.

Місіс Уілсан лягла спаць у дрэнным настроі. Прачнуўшыся сярод ночы, яна заўважыла ў сцяне насупраць ложка прыадчыненыя дзверы, якіх ніколі раней не бачыла. Сунула ногі ў тапкі, накінула шлафрок, што валяўся каля ложка, і падышла бліжэй. Штурхнула дзверы, каб адчыніць. Пачулася пранізлівае рыпенне, і жанчына ледзь стрымала нервовы смех. За дзвярыма была старая драўляная лесвіца, якая вяла ў сутарэнне. Місіс Уілсан не здзівілася, натрапіўшы на склеп у доме, дзе пражыла больш за паўстагоддзя, яна вырашыла, што гэта, бадай, сон. Жанчына асцярожна паставіла нагу на верхнюю прыступку. Тая крыху прагнулася пад вагой. Місіс Уілсан пачала навобмацак шукаць выключальнік, ды так і не знайшла. Але на лесвіцы было не зусім цёмна, таму яна адважылася зрабіць яшчэ адзін крок, потым яшчэ і яшчэ. Неўзабаве яна заўважыла, што злева лесвіца абрываецца – парэнчаў няма. Місіс Уілсан старалася трымацца справа і баялася зірнуць уніз. Яна акуратна праводзіла пальцамі па земляной сцяне і адчувала зарубкі ад рыдлёўкі, пакінутыя тым, хто чорт ведае калі выкапаў гэтае сутарэнне. Рабілася прахалодна. Паветра – цвілое, нездаровае. Цяжка дыхаць. Чым глыбей, тым мацней адчуваўся тленец. Місіс Уілсан пачуўся голас бабулі: «Макасінавыя змеі, Джулі, іх заўсёды адчуеш носам! Ад іх смурод, як ад гнілой ірландскай бульбы!» – і яна яшчэ раз упэўнілася: гэты склеп – месца не з прыемных, і наўрад ці яна знойдзе там нешта добрае.

Місіс Уілсан спусцілася ў доўгі вузкі пакой з земляной падлогай. Праз некалькі замурзаных вокнаў пад самай стольлю прабівалася слабое дзённае святло. У цэнтры грувасцілася печ – масіўная, чорная. Жанчына адразу ж пазнала яе: буржуйка з таго самага дома ў Кентукі, дзе яна правяла апошнія месяцы да родаў. Місіс Уілсан заўважыла слова «Hyde», напісанае белымі літарамі на дзверцах топкі, – назва фірмы-вытворцы – і згадала, як сядзела на падлозе каля гэтай печы з засмучанай хударлявай дзяўчынай з Алабамы. Яны па чарзе палілі адзіную «кантрабандную» цыгарэту, якую ўдалося здабыць. «Мы якраз гэтым і займаемся»1, – заўважыла дзяўчына з Алабамы пра назву печы. Яна страціла дзіця на сёмым месяцы і з’ехала. Місіс Уілсан больш ніколі яе не бачыла. Цяпер кабета стаяла ў лёху і спрабавала зразумець, як жа печ з Кентукі ўрэшце апынулася пад яе домам і колькі давядзецца заплаціць, каб яе вынеслі і выкінулі. Місіс Уілсан асцярожна наблізілася да печкі, павярнула ручку і тузанула цяжкія дзверцы, нахілілася, каб зазірнуць усярэдзіну, і раптам пачула голас:

  амэрыканскі пісьменьнік, аўтар зборніка апавяданьняў «Тут мы ў раі» (1994), раману «Хлопец Джым» (2000), і зборніка эсэістыкі «Нейкая форма сям’і» («Somehow Form a Family» (2001). Жыве з жонкай і сабакам у Нэшвіле, штат Тэнэсі, дзе выкладае таксама ў мясцовым унівэрсытэце (Vanderbilt University).
   
– Яна ўжо не працуе. Стаіць тут: ткні – паваліцца.

Місіс Уілсан абышла вакол печы. У цьмяным святле вузкіх вокнаў яна ўбачыла мужчыну. Ён сядзеў у куце на скрыні – чорнавалосы, з густой чорнай барадой і вялізным гузаком на шчацэ. Гарнітур на ім, лічы, спарахнеў, але вакол шыі быў ахайна завязаны старамодны гальштук. Місіс Уілсан, сама не ведаючы як, зразумела, што мужчына ўжо безліч гадоў прасядзеў на гэтай скрыні пад запэцканым акном. У яго пад нагамі кучай ляжалі нейкія струхнелыя рэшткі. Толькі па іржавых страмёнах місіс Уілсан здагадалася, што некалі гэта было сядло. Жанчына ўважліва паглядзела на чалавека, і да яе дайшло, хто перад ёй. Ад здзіўлення яна раскрыла рот. Мужчына кіўнуў галавой, але калі місіс Уілсан павярнулася да яго і вымавіла: «Вы…», той спыніў яе.

– Не называйце майго імя, – папрасіў ён.

– Не буду.

– У вас мая дзвярная ручка.

Місіс Уілсан паказала ўгору.

– Я захавала яе.

Джэс Джэймс задаволена кіўнуў.

– Што вы ведаеце пра мяне? – спытала жанчына.

Джэс Джэймс таксама паказаў угору.

– Усё, – сказаў ён, – тут усё чуваць. Бачыце?

Яна паглядзела на голыя бэлькі і тонкую падлогу над імі. Праз дошкі тырчаў іржавы цвік.

Місіс Уілсан кіўнула і засяродзіла позірк на зламысніку.

– Чаго вы чакаеце? – спытала яна.

Джэс Джэймс зноў сеў на сваю скрыню і засмяяўся такім рыпучым голасам, што кабета міжволі скаланулася. У яго былі жоўтыя зубы і высахлыя вусны, і місіс Уілсан падалося, што ў яго ў роце павуцінне.

– Чаго? Канца. Суднага дня. Каб адкаціць камень.

За спінаю ў Джэса Джэймса місіс Уілсан упершыню заўважыла ў сцяне круглую дзірку – пачатак падземнага ходу. Жанчына адчула адтуль не павеў, а слабы подых паветра, і зноў – смурод макасінавых змей. Цяпер пах быў мацнейшы. Місіс Уілсан на вока прыкінула велічыню дзіркі – калі сагнуцца, туды можна ўвайсці.

Джэс Джэймс злавіў позірк жанчыны і страсянуў галавой.

– Вам туды нельга, – сказаў ён.

– Мне трэба.

– Калі ўвойдзеце, я вас не выпушчу.

– Хто там?

– Скрадзеная дзяўчынка.

– Каторая з іх?

Джэс Джэймс падняў галаву і насмешліва паглядзеў на місіс Уілсан, нібы яна ўжо павінна была ведаць адказ.

– Чаму адна? Усе.

Місіс Уілсан прачнулася ад уласнага крыку. Яна спаўзла з ложка і кінулася бегаць па доме, як апантаная. Яна курчылася, яна крычала ад болю ва ўсім целе.

«Не!» – галасіла яна на кухні.

«Не!» – выла яна ў калідоры.

У гасцёўні жанчына апусцілася на сваю добрую канапу і залямантавала зноў: «Не! Не забірайце яе. Вярніце яе!»

Місіс Уілсан ляжала, прыціснуўшы калені да грудзей. Яна стагнала, пакуль боль не суцішыўся настолькі, што яна заўважыла: ад плачу робіцца горш. Жанчына перавярнулася на спіну. Яна глядзела на столь і старалася дыхаць раўней. Яе ўразіла, што была раніца, што так прыгожа і так абыякава свяціла сонца, нібы зусім нічога не здарылася. Місіс Уілсан паднялася на ногі і павольна паплялася да ўваходу. Яна зняла з цвіка ключ, адамкнула і распахнула дзверы. У кабеты перахапіла дух, калі ёй на вочы трапіліся дзве маленькія дяўчынкі. Ім было гадоў сем-восем – не болей. Яны ішлі ўзбоч дарогі на прыпынак школьнага аўтобуса, трымаліся за рукі, весела смяяліся і шапталіся, быццам дзяліліся сакрэтамі. Місіс Уілсан адчула, як падскочыў адрэналін і моцна затахкала сэрца. Дзяўчатак ніхто не ахоўвае! Што сабе думаюць іх бацькі? Дзе паліцыя? Няўжо ўсе так хутка забыліся пра Анджэлу Б.? З таго моманту, як яна праходзіла па гэтай вуліцы ў апошні раз, прайшло ўсяго некалькі месяцаў.

За дзяўчынкамі (не больш, як за пятнаццаць метраў ад іх) цялёпкаўся таўставаты падлетак. Шырокія чорныя джынсы зусім закрывалі ягоны абутак, а світэр звісаў ніжэй за калені. Той глядзеў уніз і рытмічна трос галавой у такт музыцы з навушнікаў. Місіс Уілсан выйшла на ганак. Яна спынілася на верхняй прыступцы і пагрозліва памахала хлопцу пальцам:

– Я сачу за табой! Я ведаю, хто ты і дзе жывеш. Я цябе пазнаю!

Падлетак працягваў трэсці галавой, нічога вакол сябе не заўважаючы. Але краем вока жанчына ўбачыла, як адна з дзяўчынак азірнулася і шапнула нешта сваёй сяброўцы. Тая таксама павярнула галаву, кінула погляд на місіс Уілсан. Другая дзяўчынка сказала нешта першай, і яны разам стрымгалоў пабеглі прэч. Заплечнікі рэзка падскоквалі і балюча білі па спінах. Жанчына тузанула каўнер халата, ухапілася за валасы. «Не, – прашаптала яна, – не, не!» – потым зрабіла некалькі няўпэўненых крокаў, і пачала махаць дзяўчынкам рукою, нібы гэта магло дапамагчы вярнуць іх і ўсё растлумачыць.

– Не пужайцеся! – крычала місіс Уілсан. – Гэта не я, клянуся! Толькі не трэба мяне баяцца!

Пераклала з амерыканскай Вераніка Мазуркевіч

  1 Hyde гучыць гэтак сама, як hide – «хавайцеся».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/23