A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  АЛЯКСАНДАР ГРЫЦАНАЎ

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксандар Грыцанаў
Гульні намэнклятурных розумаў


1. Идеология и молодежь Беларуси: Пособие / Под ред. Л. Землякова, с. Лаптенка. – Минск: Академия управления при президенте Беларуси, 2005.

2. Козел А. Философская мысль Беларуси: Уч. пособие. – Минск: Амалфея, 2004.

3. Мясникович М. Инновационная деятельность в Республике Беларусь: теория и практика. – Минск: Аналитический центр НАН Беларуси, ВААТ «Право и экономика», 2004.

4. Ремезков В. И. Военные аспекты национальной безопасности Республики Беларусь. – Минск: Изд. центр БГУ, 2004.

(Пры цытаваньні ў тэксьце ўказваецца парадкавы нумар выданьня ў гэтым пераліку і адпаведная старонка.)

Пасьля рэфэрэндуму 2004 г. стаў магчымы пэрспэктыўны аналіз прыроды існуючай у Беларусі арганізацыі ўлады і – што істотна – ацэнка якасьці і прафэсійных парамэтраў яе ідэалягічнага, «нематэрыяльнага» складніка.

Зацьвярджэньне на рэфэрэндуме 1996 г. новай рэдакцыі (чытай: канцэптуальна іншай вэрсіі) Канстытуцыі яшчэ не азначала набыцьця цяперашняй сыстэмай канфігурацыі, разьлічанай на доўгі гістарычны пэрыяд. Структуры камуністычнага і посткамуністычнага тыпу могуць быць даволі ўстойлівымі толькі ўва ўмовах, калі іх прадстаўнікам і адэптам гарантавана пэрсанальная бясьпека ў рэжыме палітычнага доўгажыхарства. Забясьпечваецца гэта ратацыяй адказных асобаў на аснове нязьменных бюракратычных правілаў гульні, а таксама забесьпячэньнем максымальна адсунутай у часе і прадказальнай па сваіх кадравых наступствах працэдуры зьмены лідэра дзяржаўнай машыны.

У ідэале размова можа ісьці аб перадачы ўлады простаму спадкаемцу, які захоўвае некранутым склад «бліжэйшага кола» намэнклятуры (мадэль КНДР і Азэрбайджану), альбо – «кансэнсуснаму пераемніку» (мадэль Расеі). У тых жа выпадках, калі праблема ўзросту першай асобы яшчэ не паўстае востра, цалкам дастатковай зьяўляецца легітымізацыя магчымасьці яе пажыцьцёвага кіраваньня. Толькі ў гэтых умовах «найлепшыя розумы» кіруючай бюракратыі аказваюцца здольнымі распрацоўваць доўгатэрміновыя праекты нацыянальнага маштабу (маюцца на ўвазе, натуральна, задумы, а ня якасьць выкананьня).

Толькі прававое забесьпячэньне патэнцыйна пажыцьцёвага знаходжаньня А. Лукашэнкі ўва ўладзе шляхам рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 г. стварыла сыстэмныя перадумовы для старту масавай творчасьці ягоных «прызначэнцаў у тэарэтыкі» ў галіне нематэрыяльнай культуры*. У цэлым, ідэалягічныя праграмы ўнівэрсальнага сацыяльнага фармату ня могуць рыхтавацца на дыстанцыю адной пяцігодкі, бо скіраваныя да сьвядомасьці сама меней дзьвюх генэрацыяў насельніцтва краіны. Такія дакумэнты абавязкова маюць лёзунгі і міты, прывязаныя да забабонаў, прымхаў і мараў цяперашняга пакаленьня, а таксама сцэнары іх трансьляцыі яго бліжэйшым нашчадкам.

 
філёзаф, аўтар «Найноўшага філязофскага слоўніка».
   
За апошні час у Беларусі пабачыў сьвет шэраг публікацыяў, прысьвечаных розным аспэктам праектаваньня соцыюму. У сваёй сукупнасьці яны адлюстроўваюць як істотныя характарыстыкі сьветагляду сучаснай беларускай намэнклятуры (бо зьяўляюцца безумоўным вынікам калектыўных творчых намаганьняў і карпаратыўнага ўхваленьня), так і паказальныя прыкметы канкрэтна-гістарычных умоваў свайго стварэньня. (Дапаможнік «Ідэалёгія і моладзь Беларусі», як і падрыхтаваны ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў навучальны дапаможнік «Філязофская думка Беларусі» афіцыйна рэкамэндаваныя для вывучэньня ў адукацыйнай сыстэме краіны. Аўтар дасьледаваньня інавацыйнай дзейнасьці – старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук М. Мясьніковіч – гэта знакавая фігура для цяперашняй сыстэмы ўлады, а твор В. Рамязкова рэкамэндаваны НДІ Ўзброеных сілаў, што азначае ягонае супадзеньне з ідэалёгіяй кіруючай бюракратыі дзяржавы.)

Уваходжаньне Беларусі ў адкрытую сусьветную прастору гуманітарных ведаў – у кантэксьце глябальнага інфармацыйнага фону – змушае прадстаўнікоў «прыдворнай» думкі да заўважнага гвалту над уласнай прыродай.

З аднаго боку, яны, магчыма, вельмі ахвотна бясклопатна «тварылі» б у тым жа духу, што і іх калегі па функцыянальных абавязках з БТ ці АНТ. Закрытасьць айчыннага інфармацыйнага поля для альтэрнатыўных электронных СМІ (інтэрнэт у Беларусі пакуль, безумоўна, прывілея абраных) дазваляе афіцыёзнаму ТБ тварыць у стылістыцы савецкай прапаганды 1930–1970 гг. Яму няма неабходнасьці адкрыта і кваліфікавана палемізаваць у грамадзка-палітычным фармаце зь перакананымі ў сваёй рацыі прафэсіяналамі-іншадумцамі. Няма таксама неабходнасьці абапірацца на багатыя традыцыі плюралістычных мас-мэдыяў Эўропы і ЗША.

Зь іншага боку, ігнараваньне дасягненьняў заходняй філязофіі, сацыялёгіі, паліталёгіі, сацыяльнай псыхалёгіі выключае магчымасьць адэкватнага апісаньня сучасных грамадзкіх рэаліяў – нават няхай у шмат чым і «постфэадальнага» па сваёй сутнасьці сучаснага беларускага соцыюму. Таму – ведаючы пра існаваньне катэгарыяльна-канцэптуальных сродкаў, якія дазваляюць адпаведным чынам характарызаваць існае становішча справаў – сёньняшнія дзеячы ангажаванага ўладай грамадазнаўства непазьбежна ўпадаюць у інтэлектуальную сытуацыю з пагрозай шызафрэніі. Ім даводзіцца ўжываць мову, сканструяваную людзьмі, якія адкрыта супрацьстаяць таталітарызму і ўладнаму дыктатару. Мова такой якасьці яшчэ больш жорстка, чым звычайная, «гаворыць чалавекам»*.

  * Такое абазначэньне гэтых фэномэнаў «грамадзкай сьвядомасьці» выкарыстана таму, што вынікі гэтых распрацовак наўрад ці могуць быць аднесеныя да сфэры праблем нацыянальнай культуры (як паводле іхных тэматызму і патасу, так і паводле аргумэнтацыі, што ў іх выкарыстоўваецца).
   
Таму сытуацыя «падва- і патраеньня асобы аўтара» даводзіць афіцыёзныя тэксты да стану страты ўцямнага аўтарства. У «адным фляконе» дзівосна мяшаюцца:

— тэрміналёгія, вонкава падобная да сучаснай заходняй, са спасылкамі на ўплывовых заходніх аўтарытэтаў;

— практычна нязьменная ў сваіх асновах савецкая таталітарная ідэалёгія – сацыяльная замова прэзыдэнцкай адміністрацыі;

— вымушаныя прызнаньні (на ўзроўні эмпірычных сьведчаньняў і імпліцытных канстатацыяў) згубнасьці і неэфэктыўнасьці замежнапалітычнага, эканамічнага і сацыяльнага курсу, які праводзіць цяперашняе кіраўніцтва краіны;

— дапаўняюць увесь гэты «кактэйль» цытаты з прамоваў і тэлеінструктажаў самога прэзыдэнта, які разумее і інтэрпрэтуе грамадзкія сытуацыі ўсьвядомлена па-за намёкамі на знаёмства з сучаснымі інтэлектуальнымі традыцыямі – у фармаце ваяўнічага «здаровага сэнсу простага чалавека».

1

У сваіх тэарэтычных распрацоўках чараўнікі беларускага ідэалягічнага цуду вымушаны ня толькі апэляваць да распрацовак навукоўцаў Эўропы і ЗША, але і апынаюцца перад неабходнасьцю фіксаваць уласнае стаўленьне да папярэдняй ідэалягічнай традыцыі і эканамічнай сыстэмы савецкага ўзору.

Так, М. Мясьніковіч адзначае: «Традыцыйны мэтадалягічны апарат, у аснове якога ляжыць канцэпцыя аб’ектыўнасьці фактараў разьвіцьця грамадзтва, не дазваляе ўмясьціць цяперашнія зьявы ў сталыя схемы, распрацаваць рэальны прагноз і даць рэкамэндацыі да дзеяньня ў рэальным рэжыме часу. У навуковых колах узьнікае нейкая дыскамфортнасьць, тэарэтычная «няёмкасьць» (3; 160). Акрэсьленая ў прыведзеным фрагмэнце праблема зводзіцца да наступнага. «Марксісцка-ленінская мэтадалёгія» ўжо афіцыйна прызнана непрыдатнай дзеля адэкватнай ацэнкі і прагматычнага апісаньня цяперашняй сытуацыі. Гэта дапаўняецца ў цяперашняй Беларусі адкрытым валюнтарызмам вышэйшага кіраўніцтва, якое не жадае ўлічваць рэаліяў і досьведу навакольнага сьвету, а таксама трагічных урокаў гісторыі ўласнае нацыі.

Дасягненьні савецкай улады ў пляне трансфармацыі чалавека з «актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй» у лайдака, цыніка і хапугу былі настолькі ашаламляльнымі, што выхадзец зь нізавой намэнклятуры СССР, які лёсам і воляй існага прэзыдэнта Беларусі стаў кіраўніком айчыннай навукі, быў вымушаны падкрэсьліць: «Старая сыстэма тым і была прымальнай для кансэрватыўных кадраў, што кіраваньне і веды зьяўляліся стандартнымі і стэрэатыпнымі. Новая рынкавая сыстэма прымальная толькі для прадпрымальных і дынамічных суб’ектаў. (…) Досьвед паказвае, што прапанаваныя альбо дырэктыўна даведзеныя зьверху парады альбо распараджэньні вельмі складана, часьцяком амаль безвынікова рэалізуюцца ў «нізах» пры перавазе там інэртнасьці, абыякавасьці, безыніцыятыўнасьці, утрыманства і нават крадзяжу і п’янства. І людзі – носьбіты гэтых якасьцяў – такімі становяцца праз тыя ўмовы, у якія яны былі дзесяцігодзьдзямі пастаўленыя. Гэта менавіта тое быцьцё, якое спарадзіла адэкватную сабе сьвядомасьць» (3; 15–16).

Аналізуючы пэрспэктывы інавацыйнай дынамікі і інвэстыцыйнага патэнцыялу беларускай эканомікі ў «закрытай», «эндагеннай» (найбольш верагоднай на сёньня) мадэлі яе магчымага разьвіцьця, Мясьніковіч зьвяртаецца да думкі шэрагу даволі вядомых заходніх дасьледнікаў. У кнізе адзначаецца: «У эканамічнай тэорыі шырока прадстаўленая палеміка аб уплыве ступені адкрытасьці эканомікі грамадзтва на эканамічны рост. Шэраг дасьледнікаў, такіх, як Макс Кардэн, працы якога склалі тэарэтычную базу аналізу міжнароднай гандлёвай палітыкі, якую праводзяць Сусьветны банк і МВФ, Пол Кругман, які дасьледуе выкарыстаньне тэорыі самаарганізацыі сыстэмаў у эканоміцы, і іншых, зьвяртаюць асаблівую ўвагу на эндагеннае разьвіцьцё» (3; 38).

Няможна, размаўляючы з Захадам, ня ўлічваць найноўшых інтэлектуальных модаў. З табой ня стануць размаўляць наагул.

У разьдзеле Ⅳ («Інавацыі ў сфэры інвэстыцыйнай дзейнасьці») М. Мясьніковіч нават дазваляе сабе спасылкі на аўтарытэт пэрсоны нон-грата ў афіцыйных дакумэнтах у Беларусі Я. Гайдара: «Грамадзтва павінна назапасіць сілы. І сёньня дзяржава, і толькі дзяржава, робіць прыватную ўласнасьць легітымнай, прымаючы законы, фармуючы інфраструктуру. Таму дзяржава не павінна сыходзіць з эканомікі, безь яе немагчымыя любыя пераўтварэньні, і асабліва рынкавыя. Я. Гайдар вядома, мае рацыю, што «яна (дзяржава. – А. Г.) не абараняе ўласьніка ад самага страшнага ворага, найбольш моцнага і ўсёпранікальнага, – ад самой дзяржавы». Але гэта, на думку Мясьніковіча, «ужо зусім іншае пытаньне: пра якую дзяржаўную сыстэму вядзецца, якія мэты ставіць дзяржава, якая роля грамадзтва ў гэтай дзяржаве» (3; 95).

Разьвіцьцё ж апошняй думкі, імкненьне «не пакрыўдзіць» калегаў-прадстаўнікоў вышэйшай бюракратыі аказваецца вышэйшым за фармальна «Марксавую закваску» аўтара і нават прымушае Мясьніковіча вельмі пакручаста трактаваць клясыкаў эканамічнай навукі: «Мяркуем, што К. Маркс не зусім меў рацыю, сьцьвярджаючы, што «бюракратыя мае ў сваім валоданьні дзяржаву... Гэта яе прыватная ўласнасьць». Хутчэй за ўсё, больш актуальны бацька рынкавай эканомікі Адам Сьміт, які ў сваёй кнізе «Багацьце народаў» адзначае: «Толькі пад аховай грамадзянскіх уладаў уласьнік каштоўнай маёмасьці... можа кожную ноч спаць спакойна» (3; 159). Старшыня прэзыдыюму НАН, відаць, шчыра прыняў за сынонімы тэрміны «дзяржава» і «грамадзянскія ўлады», ня думаючы, што пад апошнімі Сьміт быў здольны разглядаць гэтак нелюбімую «вэртыкальлю» ўплывовую «грамадзянскую супольнасьць» і яе структуры.

Ідэйная ангажаванасьць аўтараў афіцыйных ідэалягічных тэкстаў асабліва відавочная пры асэнсаваньні імі нэгатыўных характарыстык дзьвюх разнастайнасьцяў таталітарызму – «поўнай» (камуністычнай) і частковай (фашысцкай)*.

  * Ідэя М. Гайдэгера.
   
Так, аўтар падразьдзелу 5 зборніка «Ідэалёгія і моладзь Беларусі», старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, прыводзячы ў якасьці ілюстрацыі прагнозы бліскучых мысьляроў імпэратарскай Расеі аб пэрспэктывах прыходу да ўлады палітызаванай крымінальшчыны ў абліччы бальшавізму, адзначае: «Цікавы прыклад… магчымага «беспрадзелу» ўлады прыводзіў выбітны расейскі юрыст г. Шаршаневіч, які пісаў наступнае: «Гіпатэтычна дзяржаўная ўлада можа ўсталяваць законам сацыялістычны лад ці аднавіць прыгоннае права; выдаць акт аб нацыяналізацыі ўсёй зямлі; узяць палову ўсіх наяўных у грамадзянаў сродкаў; навярнуць усіх жывучых у краіне жыдоў у хрысьціянства; забараніць усе цэрквы; адмовіцца ад сваіх даўгавых абавязкаў; увесьці ўсеагульнае навучаньне альбо забараніць усялякае навучаньне; зьнішчыць шлюб і г. д. (пакрокавае разьвіцьцё камуністычнага экспэрымэнту ў СССР было сапраўды прадбачана Шаршаневічам вышэй за ўсялякія пахвалы. – А. Г.)» (1; 85).

«Гістарычны досьвед паказаў, – тлумачыць Р. Васілевіч, – што часам дзяржава імкнецца дзейнічаць менавіта так, як пісаў г. Шаршаневіч, аднак такога кшталту «зыгзагі» ў разьвіцьці дзяржавы, у адносінах паміж ёй і грамадзянамі дорага абыходзяцца грамадзтву. Дзеля таго, каб супрацьдзейнічаць спаўзаньню дзяржавы да таталітарызму, дзеля захаваньня дэмакратычнага разьвіцьця і ўводзіцца прынцып падзелу ўладаў, сыстэма стрымліваньняў і супрацьвагаў. Аб ступені цывілізаванасьці дзяржавы мяркуюць па яе стаўленьні да правоў і свабодаў грамадзянаў, наколькі рэальна яны гарантаваныя. Мінулае сьведчыць, што ў фашыстоўскіх дзяржавах Нямеччыны і Італіі абсалютызавалася роля дзяржавы, посьпех рашэньня ўсіх задачаў бачыўся ў яе магутнасьці, прыніжэньні ролі грамадзкіх інстытутаў, грамадзянскай супольнасьці» (1; 85).

Як бачым, паралель з практыкай рэальнага бальшавізму, што напрошваецца і самым непасрэдным чынам вынікае з думак расейскага дарэвалюцыйнага юрыста, сарамліва замяшчаецца спасылкай на экспэрымэнты Гітлера і Мусаліні, якія рэтраспэктыўна мелі нашмат менш супольнага з прагнозам Шаршаневіча.

Як жа ж тут не прыгадаць думкі нашага выбітнага суайчыньніка, што таксама прыводзіцца (!) у аналізаваных тэкстах: «У дзяржаве, лічыў Л. Сапега, мае панаваць закон. Беззаконьне вядзе да тыраніі, нягледзячы на добрыя намеры валадароў. У прадмове да Статуту ВКЛ ён спасылаўся на Арыстотэля, які сьцьвярджаў, што валадар ператвараецца ў зьвера, калі распаўсюджвае сваю ўладу на ўсіх і ўсё» (2; 92). Уяўленьні аб збыткоўна нагляднай крыніцы гістарычных параўнаньняў (як, дарэчы, і любых іншых), хутчэй за ўсё, ня надта хвалююць аўтараў такіх сымптаматычных для сучаснай Беларусі паралеляў. А шкада.

Устаноўкі валадарнай у сучаснай беларускай дзяржаве палітычнай групы ў галоўным і асноўным адпавядаюць як наяўнай аўтарытарнай практыцы, так і традыцыям сацыяльнай дэмагогіі КПСС, арыентаванай на хваласьпеў намаганьням «простага чалавека», закліканага ў сусьветна-гістарычным маштабе пераўзысьці лібэральных мысьляроў дэмакратычнага Захаду. Гаворка вядзецца пра імкненьне сфармаваць сярод насельніцтва краіны дух «апоры на ўласныя сілы», які дазволіў бы вытлумачыць і апраўдаць відавочныя тэндэнцыі росту міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

М. Мясьніковіч у сваёй працы спасылаецца на думку цяперашняга прэзыдэнта: «Выступаючы на Другім Усебеларускім народным сходзе 18 траўня 2001 г., прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі А. Лукашэнка падкрэсьліў: «У нас няма сыравіны і багатых спонсараў. Нам усё трэба зарабляць сваімі мазалямі і розумам. Менавіта таму інавацыйная і інвэстыцыйная дзейнасьць прапануюцца як аснова прыярытэтаў. Інавацыйная і інвэстыцыйная дзейнасьць закране найперш нашу прамысловасьць» (3; 3). Заклінаньні камуністычнага кіраўніцтва Савецкага Саюзу аб важнасьці няўхільнага «ўкараненьня дасягненьняў навукова-тэхнічнага прагрэсу ў вытворчасьць» ня могуць схаваць таго, што савецкае першынство мела месца выключна ў мілітарысцкіх галінах. Дый такі стан мінуўся, калі сьвет увайшоў у эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, несумяшчальную з таталітарнай (пірамідальнай) сыстэмай распаўсюду інфармацыі. «Сеткавыя» ж мэханізмы яе вытворчасьці відавочна несумяшчальныя з грамадзкімі мадэлямі накшталт СССР і цяперашняй Беларусі.

Паводле Мясьніковіча, «на першым часе станаўленьня беларускай мадэлі дзяржава ўзяла на сябе адказнасьць за захаваньне прамысловага патэнцыялу краіны і разьвіцьцё напрацаваных сацыяльных інстытутаў і ўмоваў чалавечага разьвіцьця. Адсюль – кіраваньне на аснове прагнозных, а фактычна – плянавых заданьняў, заканамерная нетаропкасьць у правядзеньні прыватызацыі і лібэралізацыі цэнаў, а таксама захаваньне дастаткова высокага ўзроўню падатковага цяжару» (3; 16). Ён тлумачыць: «У краіне створана пэўная і своеасаблівая мадэль сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця з уласьцівымі толькі ёй асаблівасьцямі і мэханізмамі функцыянаваньня. Гэтая мадэль не адпавядае традыцыйным меркаваньням аб сацыяльна-рынкавай эканоміцы, паколькі абапіраецца на значна большую, чым у «клясычным варыянце», ступень цэнтралізацыі кіроўных функцыяў на ўзроўні дзяржавы» (3; 14–15). Заўважым: нават ідэя «сацыялістычнага рынку»* відавочна не ўмяшчаецца ў ступень цэнтралізацыі ўсіх галін чалавечага жыцьця, якая існуе ў цяперашняй Беларусі.

  * Такое дасьледаваньне і адпаведныя высновы былі ўпершыню зроблены доктарам філязофскіх навук, экс-прэзыдэнтам Баўгарыі Ж. Жэлевым.
   
Ідэя асобнага, «беларускага шляху» эвалюцыі нашай Айчыны набывае ўсё большае значэньне для ідэолягаў сыстэмы. Менавіта гэтая – эклектычная і, у вэрсіі яе аўтараў, унутрана супярэчлівая – мадэль заклікана абгрунтаваць усе хістаньні кіраўніцтва краіны ва ўнутранай і замежнай палітыцы, а таксама растлумачыць невытлумачальнае. А менавіта: адсутнасьць у яе межах уцямнага грамадзкага ідэалу, які зводзіцца пакуль да вобразу «чаркі і скваркі». На думку Мясьніковіча, «беларуская мадэль разьвіцьця фармуецца на працягу апошніх гадоў з пачаткам пераходу ад камандна-адміністрацыйнай сыстэмы да рынкавых адносінаў. І хаця яна знаходзіцца на пачатковым, у гістарычным вымярэньні, этапе свайго станаўленьня, але ўжо сёньня дастаткова зразумела праступаюць у ёй тыя кампанэнты і характарыстыкі, якія адначасова вызначаюць як яе супольнасьць з рынкавымі і пераходнымі да рынку мадэлямі, так і яе спэцыфіку, якая адлюстроўвае беларускі шлях у кантэксьце сусьветнага разьвіцьця. (…) Сфармаваны за дзесяцігодзьдзі сацыялістычнага разьвіцьця індустрыяльна-аграрны тып эканомікі Беларусі з моцнымі патэрналісцкімі традыцыямі абумовіў сацыяльную арыентацыю рынкавай эканомікі, што адпавядае калектывісцкім традыцыям і народнаму мэнталітэту, заснаванаму на такіх базавых каштоўнасьцях, як салідарнасьць і справядлівасьць» (3; 21).

І далей: «Гістарычная вера ў неабходнасьць моцнай дзяржавы, якая абараняе народ як ад замежных пагрозаў, так і ад сацыяльнай несправядлівасьці, абумовіла важную ролю дзяржаўнай улады ў забесьпячэньні палітычнай і сацыяльнай стабільнасьці беларускага грамадзтва, традыцыйная стрыманасьць, цярплівасьць і абачлівасьць народу Беларусі абумовілі ўзважаны падыход да рынкавых рэформаў, выбар эвалюцыйнага (а ня «шокавага») шляху пераўтварэньняў» (3; 22). Самае цікавае ў гэтым пасажы тое, ад якой менавіта «сацыяльнай несправядлівасьці» павінна абараняць беларусаў такая «моцная дзяржава»? Ад самавольства чынавенства – усіх пагалоўна «слуг гасударавых»? Ад эксплюатацыі гаспадарамі-наймальнікамі ўва ўмовах, калі самая дзяржава і выступае на рынку працы як дамінуючы суб’ект? Ці хтосьці вынайшаў спосаб весьці няўхільную, «самую жорсткую» барацьбу з самім сабою?

Вымушаныя зьвіліны думкі ідэолягаў беларускага «эканамічнага цуду», якія твораць у межах спэцыфічных тэлешоў кіраўніка дзяржавы, часам здольны толькі насьмяшыць разумнага назіральніка. Так, паводле таго ж Мясьніковіча: «вядомы тэарэтык міжнароднай канкурэнцыі Майкл Портэр паказаў, што краіны на розных стадыях свайго разьвіцьця дамагаюцца канкурэнтных пераваг рознымі спосабамі, якія зьмяняюць адзін аднаго. Сьпярша – на аснове наяўнасьці асаблівых фактараў вытворчасьці, потым – на аснове інвэстыцыяў, потым – інавацый, і, нарэшце, на аснове дасягнутага багацьця». Варта зьвярнуць увагу на тое, што стадыі канкурэнцыі на аснове інавацыі папярэднічае, паводле Портэра, стадыя інвэстыцыяў. Аднак Мясьніковіч «выпраўляе» Портэра пад «дырэктывы» прэзыдэнта. «Падобна, што Беларусь павінна і можа ўнесьці карэктывы ў гэтую тэорыю. Наш навуковы патэнцыял у сукупнасьці з новым інавацыйным мэханізмам цалкам могуць стаць аб’ектам і спосабам прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у краіну» (3; 95 – 96). Добра таму, хто веруе...

Намэнклятурная сыстэма ўлады, захаваная ў Беларусі ў поўным аб’ёме, якая па ступені «калярытнасьці» пераўзыходзіць савецкі досьвед, прапануе ратацыю кадраў ня толькі па «вэртыкалі» (у фармаце службовай кар’еры), але і – бязьмежна шырока – па «гарызанталі». Старшыня прэзыдыюму НАН Беларусі ў свой час адказваў за «камуналку», курыраваў эканоміку і фінансы, кіраваў адміністрацыяй кіраўніка дзяржавы, цяпер узяўся за навуковае абгрунтаваньне прыцягненьня інвэстыцыяў. Даваць справаздачу за вынікі ягонай творчасьці ў гэтай галіне, верагодна, будзе хтосьці іншы.

Адпаведны і цалкам прадказальны ўзровень уяўленьняў спадара Мясьніковіча пра структуру цяперашніх навукі і культуры наглядна бачны з наступнай яго прапановы: «Неабходна рэфармаваць фундамэнтальную навуку. Найперш неабходна вылучыць тыя НДІ і іншыя, менш буйныя навуковыя калектывы – лябараторыі, катэдры і інш., – якія вырашаюць навуковыя праблемы на нацыянальным узроўні, г. зн. такія пытаньні, якіх замежная навука вырашаць ня будзе. Да ліку такіх калектываў павінен быць аднесены шэраг навуковых падразьдзяленьняў гуманітарнага профілю: фальклёр, мова, сацыялёгія, культура, эканоміка, права, а таксама прыродазнаўчыя навукі» (3; 155).

Знаёмства зь філязофіяй – традыцыйна нелюбімай савецкай уладай, якая ўвесь час зьнішчала яе, – відаць, не ўвайшло ў намэнклятурную спэцыялізацыю аўтара дасьледаваньня аб «інавацыях».

Дзеля справядлівасьці адзначым: гэтае пытаньне яшчэ ня вырашана ў Беларусі адназначна. А. Лукашэнка пакуль ім не заклапочаны. Іначай бы аўтар таксама цытаванай мной кнігі па «філязофскай думцы Беларусі» не рабіў бы наступнай высновы: «Ад дваццатых гадоў ХХ ст. у Беларусі разьвіваецца пераважна марксісцкая філязофія, якая на працягу свайго амаль сямідзесяцігадовага існаваньня ў якасьці афіцыйнай паступова эвалюцыянавала ад артадаксальнага марксізму з абсалютызацыяй «рэвалюцыйнай дыялектыкі» да разуменьня філязофіі як самакаштоўнасьці, як асобнага фэномэну культуры» (2; 295). Далей – болей. Згаданы дасьледнік (А. Козел), як здаецца, не зусім добра ўяўляе сэнс распачатай найвышэйшай уладай ідэалягічнай кампаніі – манапалізацыя ня толькі СМІ, але і ўсёй духоўнай сфэры. Ён піша: «У сучасных умовах пераходу Беларусі да палітычнага і ідэалягічнага плюралізму ствараюцца перадумовы для пашырэньня спэктру філязофскіх дасьледаваньняў» (2; 325).

У супрацьвагу гэтаму тэзісу аўтары зборніка «Ідэалёгія і моладзь Беларусі» асабліва акцэнтуюць наступнае: «Сёньня самае непрадуктыўнае ў разбудове грамадзянскай супольнасьці – сумнявацца ў абранай стратэгіі разьвіцьця Беларусі. Ключавое пытаньне грамадзкай і дзяржаўнай працы – гэта ідэалягічнае забесьпячэньне стратэгіі разьвіцьця Беларусі. (У тэксьце менавіта так – у стылістыцы паўтаральных сакральных заклінаньняў. – А. Г.) Сёньня ў Беларусі дасягнута адносна зладжаная праца грамадзкіх інстытутаў і органаў дзяржаўнай улады (чаму ж не «дзяржаўнай бясьпекі»? – А. Г.), якая забясьпечвае пэўную стабільнасьць у грамадзтве і дзяржаве. Але гэта адносная стабільнасьць нетрывалая, бо не замацаваная адзінай ідэалягічнай практыкай на ўсіх узроўнях, ува ўсіх грамадзкіх і дзяржаўных інстытутах ... Зразумелая сфармуляваная палітыка прэзыдэнта А. Лукашэнкі, абазначаны ім вэктар тэорыі і практыкі ідэалёгіі расплываюцца і тонуць у плыні ідэалягічнай сумятні, а то спробаў дэідэалягізацыі грамадзкай і дзяржаўнай працы» (1; 73–74).

2

Асобныя беларускія аўтары яшчэ здольны адрозьніць рэаліі ад ідэалягічнага трызьненьня. У «Заключэньні» навучальнага дапаможніка «Філязофская думка Беларусі» да яго разьдзелу Ⅱ «Філязофская думка Беларусі пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага», які пачынаецца асэнсаваньнем творчасьці Ф. Скарыны і сканчаецца Люблінскай уніяй (1569 г.), А. Козел піша: «Такое залатое стагодзьдзе айчыннай філязофскай і грамадзка-палітычнай думкі» (2; 106). У адпаведнасьці з адэкватнай лёгікай аўтара аб’ёмы разьдзелаў кнігі наступныя (без хрэстаматыйных дадаткаў, пытаньняў для самакантролю і сьпісаў літаратуры):

Ⅰ. Філязофская думка Беларусі пэрыяду Кіеўскай Русі – 24 с.

Ⅱ. Філязофская думка Беларусі пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага – 43 с.

Ⅲ. Філязофская думка Беларусі пэрыяду Рэчы Паспалітай – 59 с.

Ⅳ. Філязофская думка Беларусі пэрыяду Расейскай імпэрыі – 22 с.

Ⅴ. Філязофская думка Беларусі ў ХХ стагодзьдзі – 32 с. (зь іх савецкі пэрыяд – 18 с. у выглядзе падрабязнага зьмястоўнага апісаньня амаль усіх выдадзеных манаграфіяў і брашураў).

Прадуктыўнасьць марксісцка-ленінскага этапу філязофіі Беларусі (1920-я – 1980-я) зьяўляецца выключна адмоўнай (у супастаўленьні зь іншымі пэрыядамі) велічынёй. Гэта – ганьба і трагедыя для духоўнай гісторыі любой краіны.

Так, у вытрыманых у посткамуністычным духу большасьці разьдзелаў зборніка «Ідэалёгія і моладзь Беларусі» мы знаходзім такія «пэрлы»: «Ідэалёгія – гэта свайго роду асяродак, «падпітка» цэнтру прыняцьця палітычных рашэньняў, дзе заканадаўчая, судовая і выканаўчая галіны ўлады складаюць адзіны блёк» (1; 3). Чамусьці паўсюль і заўсёды з часоў Мантэск’ё меркавалася, што асобная, патасная прыкмета судовай улады ў нетаталітарным і нефашысцкім грамадзтве – яе апалітычнасьць, дэідэалягізаванасьць, а таксама падначаленасьць толькі максымам прававой сьвядомасьці.

Існуюць і, пэўна, прызначаны для крытычнага засваеньня нясьпелай моладзьдзю ідэі кшталту: «Паводле агульнапрызнанай у айчыннай і замежнай навуковай літаратуры схемы ўсходнеславянскія племянныя саюзы пасьля іх палітычнага аб’яднаньня ў межах Старажытнарускай дзяржавы на працягу Ⅺ – Ⅻ стагодзьдзяў зьліліся ў адзіную старажытнарускую народнасьць, на аснове якой з канца ⅩⅣ стагодзьдзя пачалі фармавацца тры братнія народы (этнасы): беларускі, вялікарускі і ўкраінскі» (1; 28). У ⅩⅤ– ⅩⅥ стагодзьдзях «набіраў моц працэс фармаваньня этнічнай самасьвядомасьці беларусаў, што выявілася галоўным чынам у разьвіцьці роднай мовы, пісьмовасьці, філязофскай і сацыяльна-палітычнай думкі, судачынстве, нацыянальных звычаях і традыцыях, прыхільнасьці насельніцтва праваслаўнаму веравызнаньню» (1; 29–30).

Вышэйазначаныя тэзісы ў лепшым выпадку не «агульнапрынятыя», у горшым – зроблена сьвядомае скажэньне думак спэцыялістаў.

Для беларусаў, аказваецца, уласьцівыя супольныя каштоўнасьці з расейцамі: «калектывізм, імкненьне да справядлівасьці, арыентацыя на абшчынныя (эўразійскія), а не на індывідуалістычныя (заходнеэўрапейскія) каштоўнасьці існаваньня. Для беларусаў, як і для расейцаў і ўкраінцаў, асноўным зьяўляецца не асоба, а калектыў, грамадзтва з ідэалам братняй любові і салідарнасьці» (1; 319).

І па «вялікім саюзе трох братніх народаў» у апошні час узьнікла шмат пытаньняў, зразумелых любому, хто мае сумленьне і крыху назіральнасьці. Падзеі ў Кіеве, стаўленьне Крамля да ідэі «саюзнай дзяржавы РБ і РФ» яшчэ раз прадэманстравалі тэарэтычна відавочнае – хлусьлівасьць і штучнасьць тэзісу аб усходнеславянскім трыюмвіраце. Праблемных сытуацыяў у гэтай сфэры міждзяржаўных адносінаў Беларусі цяпер несувымерна болей, чым у прагматычных кантактах з нармальнымі геапалітычнымі контрагентамі.

Стваральнікі новай ідэалёгіі – звыклыя прыдумляць у безадказным, камуністычна-партыйным духу – па-ранейшаму працуюць блытана, некампэтэнтна, унутрана супярэчліва.

Так у адным фрагмэнце зборніка «Ідэалёгія і моладзь Беларусі» мы чытаем: «Асноўныя сучасныя ідэалёгіі – лібэралізм, сацыялізм, кансэрватызм…» (1; 19).

У другім разьдзеле асьвятляюцца такія «сучасныя ідэалягічныя канцэпцыі і дактрыны»: «лібэралізм», «кансэрватыўная ідэалёгія», «камуністычная ідэалёгія» (1; 54–74).

У трэцім сэнсавым блёку вядзецца ўжо пра іншы падзел: да галоўных «ідэалягічных плыняў» адносяць «лібэралізм», «кансэрватызм», «сацыял-дэмакратыю», «камунізм» (1; 294–297).

Відавочная дапушчальнасьць палемікі ў спэцыяльнай літаратуры, але ў межах навучальнага дапаможніка – ці магчымая яна? І чаму ніяк не ўдаецца адмыць «сацыял-дэмакратыю» – карэктную і рэспэктабэльную ідэалягічную плынь – ад «праказы» камунізму?

Зразумела, што заблытанасьць і «зьезд з глуздоў» асобных аўтараў ідэалягічна не да канца выверанага (як высьвятляецца) зборніка абумоўленыя тым, што кіраўнік дзяржавы ня даў яшчэ ўсьвядомленай адмашкі наконт закранутай тэмы. Але хіба ў гэтым пакліканьне – няхай нават і «прыдворнага мысьляра»?

Невыпадкова ўжо згаданы М. Мясьніковіч пры кваліфікаваньні ўзроўню падрыхтоўкі айчынных ідэалягічных творцаў скардзіўся на тое, што «дзеяньні ж уладных структураў, якія абавязаныя прымаць канкрэтныя рашэньні, дзейнічаць у інтарэсах краіны менавіта ў рэжыме рэальна ўзьніклых пагрозаў і магчымасьцяў, усё часьцей выяўляюцца асэнсаванымі і легітымізаванымі (айчыннай сацыяльна-гуманітарнай навукай. – А. Г.) «заднім днём». А часам, на жаль, гэта адбываецца і ў адваротным парадку» (3; 160).

Імкненьне ж да «вынаходніцтва ровара» замест кампэтэнтнага асэнсаваньня гістарычных лёсаў дзяржавы і грамадзтва прывучае аўтараў афіцыёзных ідэалягічных мадэляў да працы ў рэжыме «чаго пажадаеце?». Ідзе пэрспэктыўнае падладжваньне вынікаў напрацовак пад любую зьмену сытуацыі. І тут прыкрыцьцём служыць самае простае: заклінаньні аб «асаблівым беларускім шляху», сэнс якога зразумелы толькі аднаму, усім вядомаму чалавеку. (Ён жа, відаць, і будзе за яго адказваць.) У зборніку адзначаецца: «Асобныя рысы марксізму-ленінізму, лібэралізму, кансэрватызму ў нейкай ступені могуць быць выкарыстаны пры фармаваньні ідэалёгіі эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі. Але наша эканоміка павінна разьвівацца па ўласным шляху, у рамках уласьцівых нам традыцыяў, каштоўнасьцяў і мэтаў» (вылучана аўтарам. – А. Г.) (1; 297).

Прычына такой сытуацыі празрыстая. Сам А. Лукашэнка па звычцы добрага гаспадара імкнецца ўзяць ува ўсіх разумных людзей і плыняў усяго разумнага памалу – паводле прынцыпу «запас бяды ня чыніць». Гэта датычыцца ў ягоных прамовах, цытаваных у зборніку, усіх згаданых плыняў.

І «лібэралізму»: «рысы лібэралізму ў нейкай ступені павінны быць уласьцівы і нам» (1; 58).

І «кансэрватызму» (праўда ня ў якасьці ідэалёгіі): паводле Лукашэнкі, «наша пакаленьне гэтага ня ведае, гэтага ня памятае, але ранейшыя пакаленьні жылі, відаць, ва ўмовах уладараньня вось гэтага кансэрватыўнага падыходу ў ідэалёгіі. І многія паняткі не губляюць сёньня сваёй актуальнасьці. Трэба быць добрымі кансэрватарамі ў добрым сэнсе гэтага слова. Мы ні ў якім разе не адкідаем многіх ідэяў ідэалёгіі кансэрватызму» (1; 63).

І – на радасьць многім аўтарам зборніка – ідэалёгіі камунізму: «Правал сацыялістычнага экспэрымэнту не азначае сьмерці камуністычных ідэяў. Яны будуць жывыя, пакуль жывы чалавек, паколькі ў іх аснове імкненьне да роўнасьці і сацыяльнай справядлівасьці. Не выпадкова сацыял-дэмакратычную галіну левага вучэньня сёньня так шануюць у Старым сьвеце» (1; 65).

Наколькі сумяшчальныя – не на ўзроўні «здаровага сэнсу», які Гегель называў «каталёгам чалавечых забабонаў і прымхаў», а на ўзроўні працуючай і, галоўнае, канкурэнтаздольнай ідэалягічнай мадэлі – усе гэтыя пажаданьні кіраўніка дзяржавы, у кнізе не гаворыцца.

Адпаведна, у кантэксьце сёньняшніх адносінаў з Расеяй наша краіна павінна быць арыентавана на «ўдасканаленьне цяперашняй сувэрэннай беларускай дзяржаўнасьці ў межах саюзнай дзяржавы, што ўзнаўляецца ў новай форме, і ў якой Беларусь павінна адыграць важную гістарычную місію на цяперашнім этапе славянскай гісторыі і, натуральна, на гэтай падставе забясьпечыць свой усебаковы прагрэс» (1; 37). І далей: «У сучасным сьвеце глябалізацыі сапраўдным палітычным сувэрэнітэтам можа валодаць толькі блёк дзяржаваў, якія маюць «адзіны цывілізацыйны назоўнік» – рэлігію, этнічныя каштоўнасьці, культурныя мадэлі, агульназначныя сакральныя цэнтры, падобнае разуменьне супольнасьці шляхоў гістарычнага разьвіцьця. Менавіта такой асновай... зьяўляецца саюз з Расеяй» (1; 38).

«Памры, Дзяніс, лепш не напішаш...» – варта перафразаваць думку так любых аўтарам зборніка расейскіх вясёлых хлопцаў. Навесьці жаху трансцэндэнтнай і неспасьцігальнай амбівалентнасьцю расейскага характару, дадаць крыху камунізму – і ўся ідэалягічная схема гатовая. Тыповы варыянт адказу на ідэю беларускай вэрсіі «ўсходнеславянскага шляху» такі: «Працавітасьць і гультайства, дэспатызм і дабрыня, бунт і пакора, калектывізм і пэрсаналізм, мужчынскае і жаночае, хрысьціянства і паганства, аскетычна-манаскае і бязбожнае і г. д. – такія супрацьлеглыя пачаткі расейскага характару. Комплекс рабалепства (сэрвілізм), трансфармаваны ад Усходу, мудрагеліста спалучаецца тут з бунтарскім духам, вечным памкненьнем да волі» (1; 319). «Для цяперашняй Беларусі такія камуністычныя прынцыпы, як: калектывізм, патрыятызм, сацыяльная справядлівасьць, высокі прэстыж адукацыі, грамадзка карысная праца без разьліку на матэрыяльную ўзнагароду, маральнае заахвочваньне чалавека – цалкам могуць уваходзіць у ідэалёгію сучаснага беларускага грамадзтва» (1; 66).

Камунізм і чарнасоценства ў адной «абойме» – ці не занадта крута нават для талерантных беларусаў? Ці патрэбныя такія «браты», якія самі сябе за іх ня лічаць?

Абараняцца ад жорсткай крытыкі нават гэтай ідэалёгіі давядзецца абавязкова. І перадаручыць гэты занятак сяржанту міліцыі з дубінкай ці «чалавеку ў цывільным» наўрад ці ўдасца. Гэта разумеюць і некаторыя аўтары гэтай кнігі: «У дэмакратычным грамадзтве наяўнасьць ідэалёгіі дзяржавы не ліквідуе ідэалягічнага плюралізму розных палітычна-ідэалягічных плыняў – ад радыкальных да памяркоўна-лібэральных і кансэрватыўных» (1; 20). І – яшчэ больш жахлівы і выпадаючы зь лёгікі ўсяго ідэалягічнага дапаможніка тэзіс – «важным складнікам ідэі беларускай дзяржаўнасьці павінны стаць стандарты правоў чалавека і права як такога» (1; 22).

3

Дасьледаваньне сутнасьці вайсковых аспэктаў нацыянальнай бясьпекі Беларусі ў кнізе В. Рамязкова выгадна адрозьніваецца ў супастаўленьні з працамі дзеячаў НАН Беларусі і Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Відаць, прафэсійныя вайскоўцы, як і супрацоўнікі сілавых структураў, не валодаюць такім значным дыяпазонам выбару каналаў вэртыкальнай сацыяльнай мабільнасьці, а таксама, па ўсёй верагоднасьці, валодаюць больш выразнымі ўяўленьнямі аб прафэсійнай этыцы. За працы-тэксты трэба быць гатовым адказваць на працягу ўсяго далейшага жыцьця-службы. У гэтым сэнсе, пры захаваньні ўсіх «радзімых плямаў» цяперашняй духоўнай сытуацыі ў краіне, кніга, выдадзеная пад эгідай НДІ Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі, – непараўнальна больш кампэтэнтнае дасьледаваньне.

Вельмі паказальныя наступныя меркаваньні аўтара: «З пазыцыі сацыяльных адносінаў нацыянальны інтарэс можна вызначыць як вынік агульнанацыянальнага кансэнсусу. Гэта ёсьць выніковай велічынёй, якая атрымліваецца пры ўзгадненьні розных памкненьняў групаў інтарэсаў грамадзянскай супольнасьці і інтарэсаў органаў дзяржаўнай улады.

Важная пасярэдніцкая функцыя так званай палітычна-актыўнай клясы (эліты) у адносінах паміж дзяржавай і грамадзтвам – свайго кшталту інстытуцыянальнага пасярэдніка кантакту ўлады з соцыюмам. І таму наладжваньне мэханізму, які спрыяе ўзгадненьню думак і інтарэсаў грамадзтва, само па сабе павінна стаць часткай нацыянальных інтарэсаў. Такі эфэктыўна дзейны мэханізм забясьпечыць уладу і ўсё грамадзтва рэсурсам салідарнасьці і ініцыятывы» (4; 10–11).

Наагул кансэнсус эліты краіны і харызматычнага лідэра, дэлегаванага «простым народам», які зьяўляецца ягоным арганічным працягам, дасягаецца намаганьнямі самастойнага і кампэтэнтнага парлямэнту. Прэцэдэнт высьвятленьня адносінаў у такім фармаце нядаўна паказала сьвету Літва, якая адправіла ў адстаўку Паксаса рукамі дэпутатаў. Але гэта, відаць, не пра нас. Аднак думкі палкоўніка, дацэнта, кандыдата навук ад гэтага не губляюць актуальнасьці. Пры гэтым В. Рамязкоў цалкам разумна засьцерагае ад моднага ў цяперашняй Беларусі захапленьня ўсякімі і рознымі «бясьпекамі», тон якім задаецца з самага верху. Так, на ягоную думку, «варта паставіцца крытычна да назіранага ў апошні час паўсюднага захапленьня тэрмінам «бясьпека», які выкарыстоўваецца дзеля наданьня праблеме адценьня значнасьці і прыярытэтнасьці. Гэта дапамагае атрыманьню льгот і субсыдыяў, зьяўляецца важкім довадам у палітычнай барацьбе і навуковай палеміцы. Да таго ж панятак бясьпекі стаў выкарыстоўвацца датычна амаль усіх галінаў, якія перажываюць крызіс (застой) з аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў. І чым глыбейшы крызіс, тым гучнейшы голас навукоўцаў і практыкаў, якія працуюць у адпаведнай галіне» (4; 14).

В. Рамязкоў падкрэсьлівае, што сілавыя мэтодыкі ўтрыманьня грамадзтва ў рэжыме «пажыцьцёвага» зьяднаньня ўжо ня надта распаўсюджаныя ў сьвеце: «У сучасных умовах праблемы нацыянальнай бясьпекі ўжо не ўвязаныя выключна з вайной і мірам, абаронай і войскам. З сканчэньнем супрацьстаяньня дзьвюх ідэалягічна непрымірэнных сусьветных сыстэмаў міждзяржаўныя канфлікты ў большай ступені абумоўлены эканамічнымі прычынамі, напрыклад, праблемамі гандлю, даўгоў і інвэстыцыяў.

На нацыянальную бясьпеку ўплываюць ужо ня столькі моц і баяздольнасьць узброеных сілаў, колькі цэлы шэраг іншых фактараў – эканамічны патэнцыял, тэхналягічныя дасягненьні, канкурэнтаздольнасьць прадукцыі, якасьць сыстэмаў адукацыі і аховы здароўя, дабрабыт грамадзянаў, стан іх думак» (вылучана Рамязковым. – А. Г.) (4; 17–18).

І таму далей мы знаходзім зусім абуральную канстатацыю: «У цяперашнім хутказьменлівым сьвеце асноўнымі выклікамі бясьпецы Беларусі можна лічыць наступныя:

– нізкі ўзровень інвэстыцыяў, павелічэньне тэхналягічнага і інфармацыйнага адставаньня ад індустрыяльна разьвітых краінаў і, як вынік, аслабленьне эканамічнай самастойнасьці дзяржавы…» (4; 19).

Думаць, што спадар палкоўнік недастаткова інфармаваны, ці яму час ісьці на заслужаны адпачынак, няма прычынаў. Бо яму падтаквае нават найкампэтэнтнейшы доктар эканамічных навук М. Мясьніковіч: «У беларускай эканоміцы ўзьнікае парадаксальная сытуацыя: адначасова з ростам рэальных даходаў хатніх гаспадарак, сярэдняга заробку і павелічэньнем аб’ёму сродкаў на рахунках грамадзянаў у банках адбываецца няўхільнае зьніжэньне эфэктыўнасьці выкарыстаньня як жывой працы, так і іншых відаў эканамічных рэсурсаў. Парадокс яшчэ і ў тым, што менавіта імкненьне да павышэньня эфэктыўнасьці вытворчасьці (атрыманьне максымальных прыбыткаў пры мінімальных выдатках) змушае суб’ектаў гаспадараньня замяняць высокаэфэктыўную аўтаматызаваную працу ручной і тым самым зьніжаць яе вытворчасьць. Вядома, гэта магчыма пры абмежаваньні ціску імпарту тавараў і тэхналёгіяў» (3; 17).

Далей, згодна зь Мясьніковічам, «у Беларусі з 6 тысячаў выкарыстоўваных тэхналёгіяў 79 % адносяцца да традыцыйных, што адпавядаюць Ⅲ ці Ⅳ тэхналягічнаму ўкладу, 15,8 % – да новых, і толькі 5,2 % – да высокіх. У прамысловасьці гэтыя паказьнікі яшчэ ніжэйшыя, яны роўныя адпаведна 87,3 %, 10,4 % і 2,3 %...» (3; 97). У 2001–2002 гг. у параўнаньні з 1990–1991 гг. «інвэстыцыі ў сельскую гаспадарку зьменшыліся амаль у шэсьць разоў, а ў навуку – у дзесяць» (3; 97).

Вось дзе, згодна зь лёгікай прафэсійнага вайскоўца, «закапаны сабака» нацыянальнай бясьпекі: беларускі шлях пакуль – «дарога ў нікуды». І – натуральна – ворагі, якія зайздросьцяць нашай бесклапотнасьці і ідэалягічнай перакананасьці, могуць скарыстацца з гэтага: «...Крыніцай патэнцыйнай вайсковай небясьпекі можа быць шэраг міждзяржаўных супярэчнасьцяў палітычнага, эканамічнага, рэлігійнага ці іншага кшталту, якія выкарыстоўваюцца для ўцягваньня яе ў ваенны канфлікт. (…) Пры аналізе крыніцаў вайсковай пагрозы Рэспубліцы Беларусі неабходна ўлічваць і ўмовы абвастрэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі, узьнікненьне на гэтай глебе канфліктаў рознай інтэнсіўнасьці, а таксама магчымасьці ўзброенага ўмяшальніцтва звонку дзеля «абароны правоў чалавека», «разьвядзеньня канфліктных бакоў» і г. д.» (вылучана Рамязковым. – А. Г.) (4; 61).

У разьдзеле «2.4. Вайскова-палітычныя перадумовы ваенных канфліктаў, у якія можа быць уцягнута Беларусь» аўтар цалкам зразумела піша: «Зьмянілася палітычная арыентацыя ўсіх дзяржаваў Усходняй Эўропы. Адна з асноўных мэтаў зробленага імі выбару – прагматычная эканамічная выгада. Прычына заключаецца ўва ўзмацненьні залежнасьці дабрабыту краінаў Эўропы ад ступені інтэграцыі ў эўрапейскія сыстэмы палітычных і эканамічных сувязяў. Моцныя дзяржавы ў стане ўплываць на ўзровень гэтай інтэграцыі шляхам дапамогі пажаданым у разьвіцьці і, нарэшце, выракаючы «ізгояў» на адставаньне і дэградацыю» (4; 82).

І – далей: «…палітыка Беларусі выпадае з таго кантэксту, які навязваецца Захадам, і замінае рэалізацыі геапалітычных плянаў ЗША ў рэгіёне. Менавіта наша рэспубліка можа стаць наступным аб’ектам шантажу, пагрозаў і ціску. Акрамя палітычных і эканамічных санкцыяў, пры пэўных умовах магчымае вайсковае ўмяшальніцтва ўва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусі зь любой нагоды («нелегітымнасьці» прэзыдэнта і парлямэнту дзяржавы, «падтасовак» і «фальсыфікацыяў» пры правядзеньні выбараў, «парушэньняў правоў чалавека» і г. д.). Адначасова магчыма разгортваньне буйнамаштабных тэрарыстычных дзеяньняў, будуць праяўляцца нейкія «ўнутраныя палітычныя сілы», гатовыя «ўзяць на сябе адказнасьць за спыненьне бессэнсоўнай канфрантацыі» (вылучана Рамязковым. – А. Г.) (4; 87).

А што братні народ Расеі? Палкоўнік разумна папярэджвае: «Унутраныя праблемы ў Расеі (сэпаратызм, зацягнутая контратэрарыстычная апэрацыя ў Чачні, неаслабная ўлада алігархаў і г. д.), адсутнасьць поўнамаштабнага вайсковага саюзу паміж Рэспублікай Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй, а таксама нэгатыўныя палітычныя працэсы ў самой Беларусі могуць стварыць спрыяльную глебу для правядзеньня ўжо плянаванай у штабах НАТО агрэсіі на ўсход. (…) Магчымы такія варыянты разьвіцьця міжнародных абставінаў, калі пад ціскам палітычных і эканамічных рычагоў Расейская Фэдэрацыя ня здолее аказаць адкрытай вайсковай дапамогі Беларусі» (4; 88).

Дык ці варта ў такім разе гарод гарадзіць? Ступень «гнуткасьці» Крамля агульнавядомая. Расейскі народ пакуль ня надта імкнецца скідаць свайго нязьменнага любімца У. Пуціна з-за крыўдаў Аляксандра Рыгоравіча і іжа зь ім. Мы – ня ў самай вясёлай кампаніі, з уласнай унікальнасьцю і непаўторным шляхам. Таму, як кажа А. Лукашэнка, «незалежную, моцную, квітнеючую краіну без зразумелай людзям ідэалёгіі беларускай дзяржавы ці дзяржаўнай ідэалёгіі мы не пабудуем». Ідэалягічнай працай «павінны займацца кадры ўсіх узроўняў: ад прэзыдэнта да старшыні сельскага савету, ад міністра да майстра» (1; 138).

Ужо сьпешна фармуюцца, як адзначана ў разьдзеле 13, параграфе 1 зборніка «Ідэалёгія і моладзь Беларусі», «ідэалёгія дзейнасьці выканаўчай улады» (1; 275), а таксама «ідэалёгія аховы здароўя» (1; 353).

Засталося распрацаваць спэцыяльную ідэалёгію «ўборкі бульбы», і кола замкнецца. Структура сьветаўяўленьня і сьветагляду, ідэйны эклектызм – паказальны для «чалавека з глыбінкі» – самым жорсткім чынам дэфармуюць нават нібы і творчыя пошукі айчынных аксакалаў. Вынік тут для беларускай духоўнасьці можа быць толькі летальны. Ізноў паўстане праблема «людзьмі звацца». Але да гэтага не павінна дайсьці.

Перажылі «русіфікацыю», перажылі «камуністычную дыктатуру», мінем і гэты пэрыяд – настолькі павучальны, наколькі і неабходны для людзей.

Пераклад з расейскай

  * Гэта абсурдная канструкцыя: «рынак» сам па сабе ёсьць звычайным мэханізмам накшталт швейнай машынкі і ня можа кваліфікавацца як «сацыялістычны» альбо «капіталістычны». Асятрына бывае толькі «першай сьвежасьці», яна ж – і апошняя (М. Булгакаў).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/16