A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК | ||||
Нашы забойцы і праведнікі Новая кніга, прысьвечаная галакосту і калябарацыі часоў Другой сусьветнай вайны, ёсьць вынікам канфэрэнцыі «Ў фокусе райхкамісарыят Остлянд: калябарацыя і супраціў часоў галакосту», зладжанай у 2002 г. унівэрсытэтам Паўднёвага Стакгольму. Беларусь фігуруе практычна ўва ўсіх 19 артыкулах зборніка. Зь іх цалкам беларускай тэме прысьвечаны тры. Берасьцейскі дасьледчык Яўген Разэнблат піша пра спэцыфіку габрэйскай калябарацыі, калі сябры Judenrat – абранага нацыстамі кіраўніцтва гета – дапамагалі выжыць габрэям у беларускіх гарадох і часта былі зьвязаныя з падпольным і партызанскім рухам. Артыкулы заходніх гісторыкаў прысьвечаны больш стасункам паміж габрэямі і беларусамі. Прафэсарка Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Санта-Круз Барбара Эпштайн дасьледавала гісторыю менскага гета (гэтай тэме яна мяркуе таксама прысьвяціць адмысловую манаграфію). Эпштайн пачынае з заўвагі, што ўсе папярэднія досьледы гета на прасторы нашай часткі Эўропы былі заснаваныя пераважна на польскім ці літоўскім матэрыялах, на падставе якіх сьцьвярджаецца поўная абыякавасьць ці нават нянавісьць тутэйшага насельніцтва да габрэяў. Між тым гісторыя 100-тысячнага менскага гета, што існавала даўжэй за ўсе гета Беларусі (1941–1943), застаецца невядомай шырокім колам заходніх чытачоў. Эпштайн падкрэсьлівае, што галоўнай прычынай замоўчваньня гісторыі менскага гета на Захадзе ў часе халоднай вайны быў характар яго падпольнага кіраўніцтва. Калі віленскім, варшаўскім ці львоўскім гета кіравалі сіяністы, то ў Менску рэй вялі камуністы. Адзінай надзейнай крыніцай да гісторыі падпольнага руху ў менскім гета ёсьць успаміны ягонага кіраўніка Гірша Смоляра. Але ў параўнаньні зь яго архівам друкаваныя ўспаміны Смоляра – крыніца не такая праўдзівая, бо першае маскоўское выданьне па-расейску і на ідыш 1946 г. шалёна парэзалі цэнзары (потым яно наагул было сканфіскаванае). З другога, «заходняга» выданьня 1961 г., якое выйшла ў 1966 г. па-ангельску ў Ізраілі, былі старанна прыбраны старонкі пра камуністаў і партызанскі рух, ды падкрэсьлена сувязь гета зь сіянізмам. Гісторыя менскага гета пачалася 1 жніўня 1941 г., калі ў адмысловы раён места нацысты сагналі большасьць менскіх габрэяў (яны складалі 30 % насельніцтва даваеннага Менску). Моцны падпольны рух у гета ўзьнік хутка і існаваў доўга дзякуючы дапамозе мясцовых беларусаў. Іосіф Каплан і Міша Чыпчын з дапамогай заходнебеларускіх камуністаў Міхала Паланейчыка (былога дырэктара наваградзкай друкарні) і Івана Падапрыга ў сьнежні 1941 г. заснавалі падпольную газэту, што выдавалася ў доме на вуліцы Астроўскага. Менчукі зрабілі шмат, каб ратаваць з гета дзетак. Дырэктар аднаго зь дзіцячых садкоў Аляксандар Арлоў усю вайну хаваў габрэйскіх дзяцей. Пастар менскага баптысцкага збору Антон Кецка апекаваўся менскімі дзіцячымі дамамі № 2 і 7. Маючы добрыя кантакты зь нямецкім афіцэрам Клюгерам (парафіянінам збору), пастар схаваў у дзіцячых дамох 76 дзетак з гета ды папярэджваў яго насельнікаў пра ператрусы. Ратуючы дзяцей, іх усіх галілі, каб давесьці нацыстам іх беларускае паходжаньне. Менскі падпольшчык Аляксей Чарненка вырабляў фальшывыя савецкія пашпарты, з дапамогай якіх габрэі з гета, маючы новыя прозьвішчы і нацыянальнасьць, перапраўляліся ў лес да партызанаў. Іншы беларус Яўген Станкевіч усталяваў кантакт з сваім сябрам Аронам Фітэрсонам, якому перадаў зброю і дапамог уцячы з гета да партызанаў. Кіраўнічка падпольля Ента Майдлес у сваіх мэмуарах з удзячнасьцю ўспамінае менскіх беларусаў, якія бескарысьліва перадавалі ў гета ежу і вопратку і выратавалі яе дачку і сына. З аднаго боку, Эпштэйн піша пра важнасьць менскага гета як унікальнага прыкладу супрацы тутэйшага насельніцтва і габрэяў. Зь іншага боку, аўтарка падкрэсьлівае, што прыклад Менска разбурае штампы сучаснай літаратуры, якія тлумачаць абыякавасьць насельніцтва Ўсходняй Эўропы да трагедыі суродзічаў-габрэяў кепскімі даваеннымі стасункамі паміж юдэямі і хрысьціянамі, тутэйшымі нацыяналізмамі ды «агрэсіўным сіянізмам». Наступны артыкул супрацоўніка нью-ёрскага музэю галакосту Марціна Дына – гэта халодны душ для беларускага чытача. Аўтар піша пра агідную ролю беларускіх паліцыянтаў у разьні мірскіх габрэяў 9 лістапада 1941 г., калі было забіта больш за 1500 чалавек. На 1941 г. палову насельніцтва шасьцітысячнага Міра складалі габрэі. Яшчэ 600 чалавек жыхарылі ў мястэчку Турэц, 100 – у вёсцы Ярэмічы. З прыходам нацыстаў у Міры быў створаны паліцэйскі аддзел з 30 добраахвотнікаў. Кіраваў паліцыянтамі Сямён Серафімовіч, былы капрал Войска Польскага, які ва ўсіх паперах падкрэсьліваў беларускае паходжаньне. Ягоны сябар Пётар Галецкі ўзначаліў паліцыю Турца. Серафімовіч пад нацыстамі зрабіў хуткую кар’еру і стаўся фактычным уладаром Міршчыны, бо немцы, ня ведаючы мовы і мясцовасьці, звычайна баяліся пакідаць мястэчка. Адзін зь сьведкаў разьні габрэяў Егуда Гёсік апавядаў, што на ўласныя вочы бачыў, як Серафімовіч уласнаручна забіў свайго былога сябра Ханана Хаімовіча, зь якім да вайны часьцяком гуляў у карты. Дын даводзіць, што Серафімовіч ня быў перакананым антысэмітам. Ён зьнішчаў габрэяў у імя сваёй кар’еры, бо верыў у перамогу нацыстаў і добра разумеў іх злачынныя пляны ў дачыненьні да габрэяў. Карціна вынішчэньня мірскіх габрэяў нагадвае старонкі Апакаліпсісу. Малаадукаваныя беларускія паліцыянты (Браніслаў Міскевіч на мянушку «Татарын», Яўген Брадоўскі, Мікалай Шафэйка, Мікалай Канюк, Худоба, Ліцьвін ды іншыя) выцягвалі габрэяў з хатаў і забівалі, не шкадуючы жанчын і дзетак. Кроў лілася ракою да самага Мірскага замку. Пасьля паліцыя адсьвяткавала разьню з гарэлкай. Немцы ў забойствах ня ўдзельнічалі, адно назіралі здалёк. Дын падкрэсьлівае, што беларуская паліцыя на той час мела рэальную ўладу ў раёне. Падчас адной «спэцыяльнай акцыі» ў вёсцы Ярэмічы паліцыянты пад кіраўніцтвам Серафімовіча і Рагулі (афіцэра паліцыі з Наваградку) забілі і спалілі сям’ю Парэцкіх. Па адыходзе немцаў мірскія паліцыянты ў складзе грэнадэрскага 30-га зьвязу SS Waffen служылі на мяжы Францыі з Швайцарыяй. Там яны перайшлі да францускіх партызанаў, каб па вайне схавацца на Захадзе. Цяжка ўявіць, каб сёньня гэтыя факты ўвайшлі ў падручнікі гісторыі ці ў масавую сьвядомасьць беларусаў. З аднаго боку, тэма менскіх праведнікаў, што дапамагалі гета, добра пасуе да дзяржаўнага ідэалягічнага міту пра беларусаў як цэнтральны народ славянскай цывілізацыі. Замінае тут адно тэма галакосту, непапулярная ў калідорах беларускай улады. Напрыклад, у дэмакратычнай Швэцыі гісторыя галакосту (якога там не было) уваходзіць у абавязковы зьмест школьнай праграмы. Артыкул Марціна Дына дарэшты пазбаўляе ілюзій, якія пануюць сярод нашай улады і апазыцыі наконт добразычлівасьці беларускага народу. Безь яго прачытаньня не зразумець, чаму Беларусь сёньня займае адно зь першых у сьвеце месцаў паводле ўзроўню злачыннасьці. Гэткі бок нацыі не адпавядае створанаму палітыкамі вобразу суцэльна супэрмаральных, адукаваных і працавітых беларусаў, якім толькі кепская ўлада замінае пабудаваць найлепшае ў сьвеце грамадзтва. Замест безадказнага Gloria Patria я выбіраю Amicus Patria sed magis amica veritas. |
гісторык. Неўзабаве ў Швэцыі мае выйсьці яго новая кніжка на ангельскай мове «In the shadow of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden during the European Crisis, 1654–1661». |
|