A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  KAТАЖЫНА KАТЫНСКАЯ

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Катажына Катынская
Нязьдзейсьнены плян Рэдактара


Гісторыя, якую я хачу тут апавесьці, тычыцца славутага польскага эміграцыйнага штомесячніка «Kultura», яго рэдактара Ежага Гедройца, а таксама шматгадовага супрацоўніка часапісу, польскага паэта і перакладчыка Юзафа Лабадоўскага – постаці, мяркую, амаль невядомай беларускаму чытачу. Сама гісторыя адбывалася ў 1960-х гадох і была амаль незаўважнай нa фоне іншых пачынаньняў «Instytutu Literackiego» (выдаўца «Kultury»). Яна засталася толькі нейкім дробным фрагмэнтам зь дзейнасьці абодвух названых спадароў, ніякіх выдавецкіх вынікаў не дала, a ў дадатак да ўсяго і ўсплыла таксама выпадкова, падчас архіўных пошукаў, ведзеных мной з зусім іншай нагоды. Аднак яна сьведчыць пра настойлівасьць, зь якой Ежы Гедройц ствараў новую прастору, якую цяпер можна было б назваць «сярэднеэўрапейскай», і ў якой нa роўных правох маглі б жыць разам незалежныя і самастойныя культуры сумежных дзяржаваў: Польшчы, Украіны, Летувы i Беларусі. З гэтае прычыны варта прысьвяціць гэтаму няскончанаму праекту каліва ўвагі.

Aлe пачнема з пачатку.

Юзаф Лабадоўскі (Józef Łobodowski), польскі паэт і перакладчык, нарадзіўся ў 1909 годзе ў Пурвішках (Сэйненскі павет, гістарычная Аўкшота). Да Першае сусьветнае вайны жыў у Любліне, а гады вайны прабавіў у Mаскве, з 1918 да 1922 году з маткай і сёстрамі жыў нa Kубані, адкуль урэшце вярнуўся ў Люблін. Першую сваю кніжку выдаў у Любліне ўжо ў 1929 годзе, але сваім сапраўдным паэтычным дэбютам уважаў толькі чацьвёрты свой зборнік – «Размову з бацькаўшчынай» («Rozmowę z ojczyzną», 1935 г.). Пабыўшы пэўны час ваяўнічым камуністам, у сярэдзіне 1930-х гадоў ён радыкальна зьмяніў свае погляды. Магчыма, што гэта адбылося пад уплывам уражаньняў ад нелегальнага падарожжа на савецкую тэрыторыю, a таксама падзеяў таго часу ўва Ўкраіне i вестак, што прыходзілі адтуль – пра голад, бальшавіцкі тэрор, самагубствы пісьменьнікаў.

Разам з тым, ужо перад Другой сусьветнай вайной Лабадоўскі быў актыўным публіцыстам, часьцяком выступаючы ў друку ў пытаньнях, што датычыліся нармалізацыі польска-ўкраінскіх стасункаў, а таксама вядомым і прызнаным перакладчыкам украінскае паэзіі. Наколькі мне вядома, у тыя часы яго не цікавілі беларускія справы – ні грамадзкія, ні літаратурныя. Пасьля Другой сусьветнай вайны Юзаф Лабадоўскі асеў у Мадрыдзе, дзе жыў аж да сваёй сьмерці ў 1988 годзе. Ён ня мог вярнуцца на радзіму, а ягонае даваеннае блізкае супрацоўніцтва з валынскім ваяводам Генрыкам Юзэўскім1 спрычынілася да таго, што ягонае імя нават было забаронена згадваць у друку.

  перакладчыца, вялікая сяброўка Беларусі, супрацоўніца Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук. Летась разам з Малгажатай Бухалік пераклала на польскую мову кнігу беларускай прозы «Białoruś. Kraina otoczona wysokimi gorami» (выдавецтва «Borussia»).
   
Ужо ў 1948 годзе Лабадоўскі навязаў супрацоўніцтва – якое з рознай інтэнсіўнасьцю працягнецца амаль сорак гадоў – з найважнейшым польскім эміграцыйным выданьнем, што выходзіла ў Парыжы, – штомесячнікам «Kultura». Ён друкаваў там свае пераклады гішпанскай, украінскай і расейскай паэзіі, артыкулы, прысьвечаныя літаратурнай крытыцы, уласныя вершы. Упершыню беларуская тэматыка зьяўляецца ў гэтым супрацоўніцтве ў траўні 1950 году: Ежы Гедройц папрасіў Лабадоўскага, каб той як мага хутчэй даслаў яму пераклад верша альбо фрагмэнту паэмы Максіма Танка ці якога іншага беларускага паэта. Празь месяц, 14 чэрвеня 1950 году, ён атрымаў два пераклады, відаць, твораў Багдановіча і Танка. У тым самым лісьце ўтрымліваецца прапанова падрыхтаваць для «Kultury» блёк з шасьці-сямі беларускіх паэтаў. Гедройц ахвотна яе прыняў, адклаўшы адначасна публікацыю атрыманых перакладаў, пакуль не сфармуецца больш цэльная падборка (ліст ад 23 чэрвеня 1950 году).

Справа – як гэта часьцяком здаралася з абяцанымі Лабадоўскім тэкстамі – расьцягнулася на колькі месяцаў. У лютым 1951 году (ліст дакладна не датаваны) перакладчык напісаў:

…беларусаў Вы атрымаеце своечасова. Што да беларусаў, дык я ня пэўны, ці атрымалася ў мяне скампанаваць падборку дастаткова рэпрэзэнтатыўных паэтаў i iх найлепшых твораў; баюся, што дам, хутчэй, даволі выпадковую падборку, aлe нічога не магу з тым зрабіць. Днямі сюды мае прыехаць адзін беларус i прывезьці матэрыялы, aлe халера яго ведае, ці то праўда. «Паночку, – кажуць мне сьпеўнай нарачанскай мовай, – ужо празь некалькі дзён, пачакайце крыху, паночку». I тaк ужо паўгоду.

У наступным лісьце бачым запэўніваньні: «Беларусы смажацца на малым агні i за пару дзён будуць гатовыя да ўжываньня» (26.02.1951).

Пасьля на працягу наступных трох месяцаў Гедройц у чарговых лістох нагадваў і дапытваўся, што ж зь беларусамі, аж пакуль урэшце 6 чэрвеня не прыйшлі тэксты, якія зьявіліся ў падвойным, летнім нумары «Kultury» (1951. № 7–8) пад агульнай назвай «Antologia poezji białoruskiej» – гэта была першая прэзэнтацыя беларускай літаратуры ў гісторыі выданьня. Яе суправаджала «Зацемка перакладчыка», у якой Лабадоўскі, паўтараючы свае перасьцярогі з цытаванага вышэй ліста, пісаў пра значныя cкладанасьці ў пошуку тэкстаў і зьвязаную з гэтым вымушаную выпадковасьць выбару:

Прыміраючыся зь немагчымасьцю ўкладаньня поўнае анталёгіі (…), перакладчыку давялося абмежавацца толькі адной мэтай: зьвярнуць увагу на самое існаваньне беларускае літаратуры, што разьвіваецца ўсё больш бурна, падкрэсьліўшы асноўныя прысутныя ў ёй тэндэнцыі з фармальнага і ідэйнага пункту гледжаньня. Здаецца, што з другой часткай задачы я справіўся шмат лепш.

Цяжкасьці ў доступе да тэкстаў, аб чым Лабадоўскі (згадаем – жыўшы ў Мадрыдзе, то бок далёка ад цэнтраў культурнага жыцьця славянскай эміграцыі) шматразова казаў гэтаксама ў кантэксьце падрыхтаваных для «Kultury» падборак украінскае паэзіі, і спрычыненая імі немагчымасьць свабоднага адбору сапраўды маглі паўплываць на агульны ўзровень гэтае міні-анталёгіі.

У склад апублікаванае нарэшце падборкі ўвайшлі наступныя вершы: «З цэлым народам гутарку весьці...», «А хто там ідзе?» Янкі Купалы; «Эмігранцкая песьня», «Maксім і Магдалена» (фрагмэнт), «Ой, лясы-бары ды лугі-разлогі!..», «Пагоня» Maксіма Багдановіча; «Сымон-Музыка» (фрагмэнт) Якуба Коласа; «Прыкладзіны: перайманьне Гарацыя» Ўладзімера Жылкі; «Пясьняр, Жыві!» Натальлі Арсеньневай; «Рубікон», «Каменьне» («Kamienie») Maксіма Танка; «Непасланаму» Ларысы Геніюш; «Над борам сівы дым» («Nad borem siwy dym...») Уладзімера Хадыкі; «Oдa» Ўладзімера Дудзіцкага; «Акіян» Maсeя Сяднёва; «Kruk», «Санэт» Aлеся Салаўя*.

  1 Генрык Ян Юзэўскі (Henryk Jan Józewski) (1892–1981) быў у 1920 годзе прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных справаў ува ўрадзе Ўкраінскае Народнае Рэспублікі; пасьля вяртаньня ў Польшчу у 1929–1930 гадох быў міністрам унутраных справаў; у 1928–1929 i 1930–1938 гадох у якасьці валынскага ваяводы спрабаваў дасягнуць на Валыні паразуменьня з украінцамі, падтрымліваў стварэньне ўкраінскіх нацыянальных арганізацыяў, і адначасова насаджаў на гэтай зямлі польскае асадніцтва. Падчас Другое сусьветнае вайны быў палітычным дарадцам Арміі Краёвае, па вайне хаваўся ў падпольлі, у 1953 годзе быў арыштаваны, асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня. У 1956 годзе быў вызвалены па стане здароўя; прысьвяціў сябе жывапісу.<
   
Невядома, як сустрэла гэтую анталёгію польская аўдыторыя; калі ж казаць пра беларускую, дык мне вядомая, дый тое ня зь першых рук, выразна крытычная рэакцыя толькі аднаго чытача (праўда, цяжка дапусьціць, каб яна была рэпрэзэнтатыўнай). Напрыканцы сьнежня 1951 году (ліст без дакладнай даты) Лабадоўскі, хутчэй за ўсё ў адказ на ліст Гедройца, што не захаваўся, між іншым піша: «Абураны беларус цалкам мае рацыю. Як жа гэта можна было так ставіцца да найбагацейшае паэзіі сьвету?! Жах!»

Праз чатыры гады, нягледзячы на бясконцыя праблемы ў супрацоўніцтве з Лабадоўскім (ідзецца найперш пра пастаянны зрыў прызначаных тэрмінаў выкананьня замоваў, бо сама якасьць выкананых ім перакладаў ніколі нараканьняў не выклікала) у перапісцы Рэдактара зь перакладчыкам зьяўляецца новы беларускі матыў. 12 красавіка 1960 году Ежы Гедройц піша:

Дарагі спадару

Калі б не адсутнасьць нэкралёгаў і ня ўрывак у «Арле» (ідзецца пра раман Лабадоўскага «Зваротная дарога» («Droga powrotna»), што друкаваўся фрагмэнтамі ў штомесячніку «Orzeł Biały». – Аўт.), дык я ўжо падумаў бы, што Вы ўжо бясслаўна пакінулі наш грэшны сьвет. Як бачу з шматлікіх просьбаў і справаў нічагусенькі ня выйшла. На жаль, знаходжуся ў безвыходнай сытуацыі (іншага нікога няма) i таму хацеў бы спытацца: ці не цікавіла б Вас укладаньне добрай беларускай анталёгіі, перадусім паэтычнай, у дзьвюхмоўным варыянце, то бок тэкст беларускі і тэкст польскі. Я ўяўляю яе сабе як кніжку, ня большую за 200–240 старонак. Узровень добры, але адначасова папулярны. Акцэнт больш на культурныя каштоўнасьці, менш на палітычныя. Палітычны аспэкт павінен выяўляцца перадусім у падборы тэкстаў тых паэтаў і пісьменьнікаў, што былі забароненыя, забытыя або трапілі ў няміласьць. Адрасная група гэтае анталёгіі – беларускае насельніцтва ў Польшчы, а празь яго і сама Беларусь. Ці зацікавіла б Вас гэта. Калі так, дык калі Вы маглі б узяцца за ўкладаньне гэткай анталёгіі і якія ўмовы Вы б паставілі?

Між іншым, гэтае арыенціровачнае пытаньне, бо задума пакуль яшчэ не падмацаваная матэрыяльна, хаця дужа да гэтага блізкая. Ці не маглі б Вы хуценька адказаць?

Найлепшыя (нягледзячы ні на што) прывітаньні.

Ужо празь дзесяць дзён (22 красавіка) Лабадоўскі дае згоду на згаданы праект. Аднак адкуль наагул узялася гэткая задума? Рэч у тым, што пры канцы 1959 году «Instytut Literacki» пасьля доўгае падрыхтоўкі выдаў анталёгію «Расстралянае адраджэньне» («Розстріляне відродження») Юр’я Лаўрыненкі. Яна зьмяшчала лірыку, драматургічныя творы i эсэістыку аўтараў, зьнішчаных на загад Сталіна ў 1930-я гады. Нягледзячы на ўсе перашкоды багата асобнікаў гэтае кніжкі трапіла ва Ўкраіну, a таксама ў Польшчу; і яна моцна паўплывала на фармаваньне ідэнтычнасьці i творчасьць новых пакаленьняў пісьменьнікаў. Як цікавую дэталь варта згадаць той факт, што яшчэ на пачатку 1990-х гадоў гэтая анталёгія для студэнтаў-украіністаў у Польшчы была адзінай больш-менш даступнай крыніцай твораў пэрыяду 1920-х і 1930-х гадоў.

На фоне агульнае палітыкі «Kultury» выданьне аналягічнай «Расстралянаму адраджэньню» беларускае анталёгіі было б наступным пасьлядоўным крокам у тым самым кірунку падтрымкі культуры, задушанай адміністрацыйна-каманднай сыстэмай Савецкага Саюзу, a тым самым і нацыянальнай сьвядомасьці ў суседніх краінах. Гедройц пісаў:

Паколькі ў Польшчы не выдаюцца кніжкі па-беларуску, а ў Саветах Вы й самі ведаеце якая сытуацыя, дык мне хацелася б, каб анталёгія ўяўляла сабой пэўны цэльны збор, які быў бы такой сабе бібліяй для паспалітага беларуса за жал.[езнай] заслонай. Іншай, відаць, у бліжэйшы час ім чакаць не выпадае. Таму ўся праблема палягае ў тым, каб спалучыць мастацка-культурны момант з папулярным і, можа, крыху школьным падыходам. (…) Калі гэта ў Вас атрымаецца – дык Вы станеце сапраўдным прарокам усх.[oдняй] Эўропы (07.05.1960).

Да таго ж, паколькі кніга мела быць сканструяваная трохі іначай, чым Лаўрыненкава анталёгія, то бок мелася быць дзьвюхмоўнай, яна несумненна ўплывала б і на польскіх чытачоў «Kultury». Ужо самім фактам свайго існаваньня яна больш выразна скіравала б позірк польскіх інтэлектуалаў на беларускія справы, i, мажліва, што ў выніку мы нават мелі б сёньня іншую якасьць у польска-беларускіх стасунках. На палёх варта адзначыць, што амбіцыі Ежага Гедройца не канчаліся ўкраінскай і беларускай анталёгіямі – у цытаваным вышэй лісьце да Лабадоўскага ён згадваў: «Мару пра аналягічную летувіскую анталёгію, але, на жаль, няма летувіскага Лабадоўскага».

Пачынаючы з траўня 1960 году праект абмяркоўваўся і дэталізаваўся ў наступных лістох. Ужо 1 траўня Ежы Гедройц адназначна пісаў:

Я поўны рашучасьці выдаць яе i вельмі зацікаўлены ў посьпеху. Уяўляю яе сабе як анталёгію, у якую ўваходзіць паэзія і проза, прызначаная для шырокага пласту інтэлігенцыі ці паўінтэлігенцыі. Iдзецца пра кніжку, якая адыграла б: а) патрыятычную; б) антырасейскую; в) прапольскую ролі2 . (…) Я павінен атрымаць яе ўсю да канца сёлетняга жніўня. Гэта – цьвёрды тэрмін.

  * Дакладныя адпаведнікі вершаў, беларуская назва якіх даецца разам з польскай, не былі выяўленыя перакладчыкам. Верш з назвай «Груган» або «Крумкач» (польск. «Kruk») адсутнічае ў творчай спадчыне Алеся Салаўя. – Рэд.
   

Адрасатам кніжкі павінна было стаць, перш за ўсё, беларускае насельніцтва ў Польшчы і, у меру магчымасьці, і ў самой Беларусі. Рэдактара непакоілі згадваныя Лабадоўскім цяжкасьці ў здабываньні тэкстаў; справу выданьня анталёгіі ён лічыў пільнай, у тым ліку зважаючы на існуючыя магчымасьці для перасылкі кніжак у Польшчу, наконт якіх не было ўпэўненасьці, як доўга яны яшчэ захаваюцца (30.05.1960).

Задума, безумоўна, была паважнай, пра што сьведчаць шматлікія згадкі пра плянаваную публікацыю ў лістох да розных людзей, між іншым да Чарлза Мэрыла (Charles Merrill): «In my letters I have mentioned to you the Anthology in Bialorussian language. This Anthology is almost prepared and I hope to have the manuscript in June 1960»3 (22.05.1960), Ежага Стампоўскага (Jerzу Stempowski): «[Лабадоўскі] якраз заканчвае ўкладаньне беларускае анталёгіі, якую выдам на дзьвюх мовах на пачатку восені» (02.07.1961), Канстанціна А. Яленскага (Konstantу A. Jeleński): «Якраз цяпер хачу выдаць […] беларускую анталёгію» (09.01.1962).

  2 Аднак ужо ў наступным лісьце (07.05.1960) Рэдактар заклікае да захаваньня пачуцьця меры: «Добра было б даць пару прапольскіх разынак, але не занадта, каб не ствараць уражаньня надта грубай прапаганды».
   
На жаль, праблемы ўзьніклі ўжо з самага пачатку. Лабадоўскі наракаў, між іншым, на адсутнасьць пішучай машынкі зь беларускім шрыфтам; меркаваў, што ў гэткай сытуацыі арыгіналы перад здачай у друкарню павінен быў перапісаць нехта ў Парыжы (бо цяжка ж аддаваць друкаром стос кніжак з пазначанымі творамі), што таксама было няпроста ажыцьцявіць. Лабадоўскаму не ставала слоўнікаў, ён меў праблемы з здабываньнем арыгіналаў тэкстаў, пэрыядычна перашкаджалі сур’ёзныя праблемы з здароўем і, апроч таго, процьма справаў у польскай рэдакцыі радыё Мадрыду, дзе ён працаваў. Усё гэта было прычынай агульнай сумятні, затрымак і бясконцых пераносаў даты заканчэньня перакладаў. Тым ня менш, да канца 1960 году доўжылася перапіска, што сьведчыла пра пасоўваньне працы. Яна адрозьнівалася большай ці меншай сухасьцю Рэдактара і менш ці больш гарачымі запэўніваньнямі Лабадоўскага, што з анталёгіяй усё ў парадку.

У адказ на скаргі перакладчыка, што датычыліся адсутнасьці арыгінальных тэкстаў, Рэдактар скіраваў яго да Джозэфа Л. Ліхтэна (Joseph L. Lichten) зь Нью-Ёрку, ахарактарызаваўшы таго як асобу, што можа дапамагчы ў пошуках, бо: «Піша мне, што ён вялікі адмыслоўца па Беларусі, выдаў пару брашураў у гэтай тэме» (27.06.1960). Лабадоўскі зь Ліхтэнам не скантактаваўся, хочучы – як можна зразумець паміж радкамі ягоных лістоў – каб гэта зрабіў за яго нехта іншы.

Жнівеньскі тэрмін выкананы ня быў. У кастрычніку Ежы Гедройц досыць востра, хаця й суха камэнтуе невыкананьне тэрміну перакладчыкам. Пасьля абмену чарговымі лістамі, у якіх зьмешчаныя апраўданьні, што тычацца цяжкасьцяў у пошуку тэкстаў (між іншым, Maксіма Танка), ён зьмякчае сваю пазыцыю: выказвае меркаваньне, што ў гэтай сытуацыі лепш нават затрымаць выданьне анталёгіі, aлe зьмясьціць у ёй больш важных твораў. У гэтым самым лісьце (за 5 лістапада 1960 году) падае дадатковы адрас, па якім Лабадоўскі мог бы шукаць дапамогі ў гэтай справе:

Whiteruthenian Institute of Arts & Sciences

385 Alabama Ave.

Brooklyn 7, NY.

Кіраўніцтва гэтага інстытуту складаюць: Aнтон Адамовіч (старшыня), а таксама Натальля Арсеньнева, Язэп Гуткоўскі, д-р с. Станкевіч ды M. Сяднёў. Гэты адрас я атрымаў ад Лаўрыненкі, які кажа, што ў іх ёсьць добрая бібліятэка i яны бязьмерна зацікаўленыя Вашай працай.

Зь сьнежаньскай перапіскі вымалёўваецца прывабны вобраз анталёгіі на стадыі завяршэньня. 10 сьнежня 1960 году Лабадоўскі піша:

Далучаю перапісаныя начыста вершы. Бракуе яшчэ даволі вялікай порцыі паэзіі, aлe яна ўжо зробленая. Застаецца перапісаць. Проза – гэтаксама. Чакаю толькі пары вершаў, якіх не хапае. Гэта зробіцца ад рукі, так што ў студзені ў Вас будзе ўсё, разам з кароткімі заўвагамі.

Праз колькі дзён паведамляе пра далейшую хаду падзеяў: «Шэптыцкага (артыкул пра мітрапаліта Андрэя Шэптыцкага надрукаваны ня быў. – Аўт.) вышлю перад сьвятамі, а гэтаксама і амаль усіх беларусаў» (14.12.1960). Пазьней, перад самымі Калядамі, Гедройц дапытваецца пра лёс астатніх адсутных вершаў, якія Лабадоўскі павінен быў атрымаць з-за акіяну: «Лаўрыненка пісаў мне зь Нью-Ёрку, што беларусы зь Нью-Ёрку павінны былі пераслаць Вам празь нейкага беларуса, што ў іх ёсьць у Мадрыдзе, тыя тэксты Танка і Дубоўкі, якіх не ставала. Што чуваць пра ўсё гэта?» (23.12.1960).

Аднак справа – нягледзячы на такія добрыя прагнозы – зацягваецца, і адкрытае пытаньне анталёгіі пераходзіць на наступны год. Як вынікае з захаваных лістоў, спробы здабыць тэксты Танка за акіянам ня мелі посьпеху, i 20 сакавіка 1961 году Ежы Гедройц піша ў зьвязку з гэтай справай Міколу Абрамчыку, старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Ён робіць гэта на просьбу Лабадоўскага, які ў лісьце (ад 14 сакавіка) падаў адрас Абрамчыка, які жыў у Францыі. Лабадоўскі дакляраваў: «Маю ўжо ўсе тэксты, за выключэньнем Танка» – ды паведаміў пра свой прыезд у Парыж зь перакладамі ў красавіку альбо магчымую іх дасылку поштай. На жаль, я не знайшла адказу прэзыдэнта Абрамчыка (калі ён наагул быў); а з далейшай перапіскі Гедройца з Лабадоўскім таксама немагчыма зрабіць выснову, ці ўдалося такім чынам здабыць патрэбныя творы.

Прыезд і дасылка зноў-такі, хутчэй за ўсё, не далі плёну, а ў траўні ці на пачатку чэрвеня 1961 году зьдзеялася нейкая катастрофа. 9 чэрвеня Юзаф Лабадоўскі піша:

Ня ведаю, ці добра Вы зразумелі тое, што я Вам казаў па тэлефоне наконт справы беларусаў. Maшынапіс цалкам ня быў зьнішчаны. Разьбілася пляшка, якую я вёз на просьбу аднаго з сваіх знаёмых, i заліла паперы. Усё запэцкалася, і ў такім выглядзе ня можа быць аддадзена ў друкарню. Tрэба перапісваць, а гэта магу зрабіць толькі я сам, бо надта ж слабачытэльна. Часткова я ўжо перапісаў, рэшту зраблю пасьля заканчэньня расейскага перакладу (праўдападобна, ідзецца пра: Вершы савецкага ананіма // Kultura. 1961. № 11. – Аўт.).

Аднак жа да канца году нічога не адбываецца, нягледзячы на чарговыя абяцаньні і нават аптымістычныя камэнтары, як, напрыклад, 27 лістапада: «...кажучы спартовай мовай, я ўжо на перадапошнім крузе. Адчуваю сябе жудасна – вось і ўся прычына [спазьненьняў]». Пры канцы ліста Лабадоўскі дадае: «цягну далей няшчасную Беларусь (прамаруджаньне сябе апраўдае, бо я сам задаволены перакладамі, a гэта не заўсёды так бывае)». У той самы дзень Ежы Гедройц піша: «Я, аднак, не губляю спадзяваньня, што ўрэшце беларуская анталёгія, якая ператварылася ў марскога дракона, дойдзе да заканчэньня. Мяне падахвочваюць зьвесткі пра посьпех «Расстралянага адраджэньня» ў Кіеве, якія я атрымаў ад кіеўскіх літаратараў, што нядаўна былі ў Лёндане».

Пачатак 1962 году мінае пад знакам тлумачэньняў Лабадоўскага, які ў гэты час мае сур’ёзныя праблемы з здароўем, i настойлівых патрабаваньняў Рэдактара закончыць працу (між іншым, 22 лютага: «Што зь беларускай анталёгіяй? Рэжаце Вы братні народ»). Цудоўны прыём «Расстралянага адраджэньня» ўва Ўкраіне выступае дадатковай матывацыяй, a магчымасьці перасылкі кніжкі ў Польшчу і Беларусь яшчэ не былі страчаныя. 18 сакавіка ў «Kulturu» прыходзіць чарговы аптымістычны ліст, які пачынаецца словамі: «Пачну з анталёгіі. Пасьля доўгіх і цяжкіх высілкаў я закончыў перакладаць» – i зьмяшчае ў сабе дакладнае апісаньне структуры кніжкі. У наступных некалькіх лістох зноў цягнуцца «апошнія» ўзгадненьні, якія датычацца тэхнічных пытаньняў, a таксама перакладу на беларускую мову заўваг пра аўтараў, уступу ды верша Лабадоўскага «Слова аб Беларусі», які павінен быў адкрываць анталёгію.

Пры канцы 1962 году Гедройц губляе цярпеньне:

Я ўжо не хачу даваць аніякіх камэнтароў. У любым разе скажу Вам па шчырасьці, што калі не атрымаю рукапісу да канца гэтага месяца, дык буду вымушаны адмовіцца ад анталёгіі. Зьмяняецца і сытуацыя, і мае магчымасьці. У мяне быў плян распаўсюду гэтае анталёгіі за жалезнай заслонай, але ён ужо дэактуалізаваўся, я расчараваў у сабе масу людзей, якія хацелі ды маглі мне ў гэтым дапамагчы (11.10.1962).

I празь месяц:

Вы паведамлялі, што абавязкова прыедзеце пры канцы наступнага месяца. Канец лістапада ўжо блізіцца, а Вы нават не парупіліся напісаць пару словаў. Мне цяжка разглядаць гэта інакш, як тое, што на анталёгію я разьлічваць ужо не магу. Шкада толькі, што Вы мне адразу гэтага не патлумачылі. Я змог бы пазьбегнуць колькігадовай затрымкі, вялікіх як для мяне выдаткаў i змарнаваньня таго палітычнага эфэкту, які, як мне здавалася, важны і для Вас (18.11.1962).

Адказ Лабадоўскага датуецца ажно толькі красавіком 1963 году. Зацягваньне і парушэньне чарговых тэрмінаў ён тлумачыць перш за ўсё пастаяннымі праблемамі з здароўем: «Ужо больш чым паўтара году ня мог працаваць нармальна, а часамі і амаль зусім». Праўда, ён абяцае, што скончыць працу і тым ці іншым чынам адпрацуе атрыманы ганарар. Рэакцыя Гедройца – скептычная. Ён зазначае, што сытуацыя ў Беларусі зьмянілася, а гэта значыць, што структура й праект кніжкі, а перш за ўсё паэтычная прадмова Лабадоўскага страцілі сваю актуальнасьць. Апроч таго, з такімі цяжкасьцямі ствараная сыстэма дасылкі кніжкі ў Беларусь і Польшчу ўжо таксама зусім непрыдатная да выкарыстаньня (22 красавіка 1963 году).

Лабадоўскі не згаджаецца зь сьцьвярджэньнем пра страту кніжкай сваёй актуальнасьці і пераконвае: «Што датычыцца анталёгіі, дык я разумею, што – як Вы самі пішаце – «маладыя настойліва пасоўваюцца ў кірунку сучаснага мастацтва і хочуць, каб Беларусь зьняла з сваёй галавы сялянскую хустку». Акурат пісьменьнікам, якія найбольш адышлі ад «народнасьці-вясковасьці» Kупалы й Коласа, я й прысьвяціў найбольш месца і ўвагі» (18.06.1963). Нягледзячы на тое, што – і гэтаму цяжка зьдзіўляцца – стаўленьне Рэдактара да магчымасьці выданьня анталёгіі застаецца надта асьцярожным, ён гатовы яшчэ раз разгледзець гэтае пытаньне, але толькі пасьля таго, як атрымае поўны машынапіс кніжкі.

Далей у архіве «Instytutu Literackiego» ў перапісцы Ежага Гедройца зь Юзафам Лабадоўскім ідуць вялікія прагалы. Не захавалася лістоў за 1964–1965 гады, за выняткам аднаго ліста Гедройца зь ліпеня 1964 году, дзе таксама няма згадак пра беларускую анталёгію. Аднак справа, відаць, неяк скончылася, альбо канчаткова памерла акурат у гэтую пару, бo ў 1966 годзе гаворкі пра яе ўжо наагул няма, дарма што карэспандэнцыя захавалася досыць добра.

З захаваных лістоў праступаюць абрысы канчаткова вызначанага зьместу: 25 лістапада 1960 году Лабадоўскі піша:

Што да структуры кніжкі, дык вырашайце Вы. Мне гэта бачыцца наступным чынам: 1) кароткі ўступ; 2) мой верш (кароткі) зьвернуты да беларусаў (не друкаваўся); 3) падборка вершаў; 4) падборка прозы; 5) заўвагі. Можна было б крыху зьмяніць пасьлядоўнасьць, а менавіта заўвагі падаваць адразу пасьля твораў кожнага з аўтараў, але гэта разьбівала б кніжку з графічнага пункту гледжаньня (…)»

Аднак урэшце перамагла менавіта такая канцэпцыя.

Такім чынам:

Kароткі ўступ – зьмест невядомы (ліст Гедройца ад 26 верасьня 1962 году: «Aдамовіч даўно даслаў пераклад Вашага ўступу»), у архіве «Kultury» тэкст ня выяўлены.

Юзаф Лабадоўскі «Słowo o Białorusi» – уводны верш; пераклад на беларускую зрабіў Aнтон Адамовіч (просьба і перасылка тэксту: ліст Гедройца ад 5 ліпеня 1962 году, адказ Адамовіча ад 12 ліпеня 1962 году); у архіве «Kultury» тэкст ня выяўлены, гэтаксама ён ня быў апублікаваны ні ў водным зь вядомых мне зборнікаў паэзіі Лабадоўскага; праўдападобна, што выйшэпрыведзенае сьцьвяpджэньне пра дасланы пераклад датычыцца таксама й верша.

Паэзія

Maксім Taнк «Нарач», вершы на міцкевічаўскую тэматыку.

Уладзімер Жылка, Maксім Лужанін (ліст Лабадоўскага ад 27 жніўня 1960 году: «Не хапае мне Максіма Танка. Найлепш фрагмэнты з «Нарачы», вершы пра Міцкевіча. Гэтаксама Жылка, Бядуля, Лужанін…»).

Янка Kупала, Якуб Koлaс (ліст Лабадоўскага ад 6 жніўня 1960 году: «дасылаю пакуль што 16 вершаў сямі аўтараў. Калі казаць пра паэзію, дык гэта складае больш-менш адну траціну. (…) Уся публікацыя падзяляецца на: 1) Даўнейшыя аўтары, заснавальнікі сучаснай беларускай літаратуры (Kупала, Koлaс); 2) Падсавецкія паэты; 3) Эміграцыйная паэзія і проза. Акцэнт, асабліва ў заўвагах, раблю на тых, хто прайшоў праз турмы і лягеры; некаторыя зь іх загінулі (…)»).

Уладзімер Дубоўка, прозьвішча якога ў многіх лістох памылкова пішацца як Dubrovka / Dubrowka.

Праўдападобна, што ў анталёгію павінны былі таксама ўвайсьці вершы, апублікаваныя ў «Культуры» раней (1951. №№ 7/45–8/46: Maксім Багдановіч, Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Уладзімер Хадыка, Уладзімер Дудзіцкі, Масей Сяднёў, Алесь Салавей).

Проза

«Ёсьць цікавая рэч «Каляды на чужыне»: адзін з фрагмэнтаў датычыцца II Корпусу, станоўча пра польскае камандаваньне. У пэўным сэнсе своеасаблівы унікум» (ліст Лабадоўскага ад 6 жніўня 1960 году); аўтар невядомы (Пётра Сыч. – Рэд.).

Зьмітрок Бядуля.

Заўвагі пра аўтараў – (27 чэрвеня 1960 году ад Лабадоўскага прыходзіць прапанова падрыхтоўкі заўваг, тут жа прынятая Гедройцам) прыкладна адну старонку на кожнага аўтара. Канчатковая структура кніжкі мелася адпавядаць «Расстралянаму адраджэньню», гэта значыць, заўвага пра аўтара мелася ісьці перад тэкстамі аўтара, пра гэта пісаў Лабадоўскі 18 сакавіка 1962 году:

Што тычыцца зацемак, у якіх падаецца інфармацыя пра аўтараў i iх творчасьць, дык найлепш было б захаваць такую структуру, як і ў анталёгіі Лаўрыненкі: зацемка ідзе перад творамі кожнага аўтара. Taк будзе больш зразумела, таксама варта зважаць на тое, што, маючы ў руках нелегальнае выданьне, людзі ў пэўных выпадках захочуць «разабраць» кніжку, і акурат пры такой структуры нават некалькі асобных сшыткаў будуць складаць сабой пэўную цэласьць.

Вось і ўсё, што можна даведацца зь лістоў. Аднак у архіве, калі не прымаць да ўвагі захаванай карэспандэнцыі і адной рукапіснай зацемкі пад назвай «Старыя выдавецкія задумы», якая датычыцца кніжак, падрыхтаваных да друку Лабадоўскім, ад анталёгіі няма ані сьледу – нават ад тых тэкстаў, пра якія Лабадоўскі піша «дасылаю» альбо «прыкладаю». Існуюць наступныя тлумачэньні гэтага: 1) «дасылаю» тычыцца ліста, які павінен быў быць адасланым «неўзабаве», што на мове перакладчыка мела значэньне «яшчэ дашлю»; 2) «прыкладзеныя» тэксты, што сапраўды азначае іх перасылку разам зь лістом, загінулі альбо чакаюць недзе свайго часу ў яшчэ нявыяўленым архіве, што, на жаль, малаверагодна; 3) Яцак Краўчык, бібліятэкар і архівіст «Instytutu Literackiego», мяркуе, што Ежы Гедройц некалі перадаў усе сабраныя матэрыялы ў іншыя рукі.

У розных нарысах пра паэта, а таксама ў яго ўласных выказваньнях, зьяўляецца інфармацыя, што ён рыхтаваў апісаную вышэй беларускую анталёгію (трэба меркаваць, што матэрыялы да яе знаходзяцца сярод ягоных папераў), а таксама вялізную, чатырохтамовую анталёгію ўкраінскае паэзіі ад «Слова пра паход Ігаравы» да прыблізна сярэдзіны XX ст., якой таксама ў гэткім выглядзе ніхто ніколі ня бачыў. Варта, рэч ясная, было б весьці пошукі гэтаксама і з другога боку – то бок у паперах, што пакінуў пасьля сябе Лабадоўскі, якія – наколькі я разумею – застаюцца ў прыватных рукох, прынамсі, дзьвюх розных асобаў. Юзаф Лабадоўскі памёр у Мадрыдзе, не пакінуўшы па сабе сям’і. Як піша Ірэна Шыпоўская ў кнізе «Łobodowski», дакумэнты былі давераныя яе апецы, aлe можна меркаваць, што таксама ня ўсе. Яна гэтаксама кажа пра ўспаміны Лабадоўскага, якія рыхтаваліся да друку ў выдавецтве «Editions Spotkania», машынапіс якіх пасьля сьмерці паэта забраў Пётар Еглінскі (Piotr Jegliński). Гэтыя ўспаміны дагэтуль ня выйшлі.

Цяжка сказаць, ці ўдасца адшукаць хаця б чарнавікі перакладаў, якія павінны былі ўвайсьці ў гэтую анталёгію, гэтаксама як і немагчыма зразумець, якія ж увогуле вершы былі (і ці былі?) насамрэч перакладзеныя Лабадоўскім. Аднак, нават калі б захаваўся поўны машынапіс, дык праз столькі гадоў ён меў бы ўжо толькі вартасьць дакумэнту – сьведчаньня пра выдатную задуму, якая ў свой час магла б зрабіць шмат добрага. Сёньня нам застаецца толькі памятаць пра гэтую спробу зрабіць нешта карыснае для польска-беларускіх культурных кантактаў дый чыніць новыя спробы – будзьма спадзявацца, больш плённыя.

Выбраная бібліяграфія:

Перапіска Ежага Гедройца зь Юзафам Лабадоўскім, архіў «Instytutu Literackiego», Мэзон-Ляфіт, Францыя (архіўныя дасьледаваньні былі ажыцьцёўленыя дзякуючы стыпэндыі імя Станіслава Ляма, XI/XII 2001).

Wacław Iwaniuk. Ostatni romantyk. Wspomnienie o Józefie Łobodowskim. – UMK, Toruń 1998. (Seria: Archiwum emigracji).

Irena Szypowska. Łobodowski. – LSW, Warszawa, 2001.

Andrzej Stanisław Kowalczyk. Giedroyc i «Kultura». – Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław, 1999. – (Seria: A to Polska właśnie).

З польскай мовы паводле аўтарскага рукапісу пераклаў Сяргей Богдан

  3 «У сваіх лістох я згадваў пра анталёгію на беларускай мове. Гэтая анталёгія амаль падрыхтаваная і я спадзяюся атрымаць рукапіс у чэрвені 1960 г.».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/23