A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  РОБЭРТ КОТРЭЛ

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Робэрт Котрэл
Імпэратар Пуцін


Bugajski Janusz. Cold Peace: Russia’s New Imperialism. – Westport, Conn.: Praeger. Washington, 2004.

Jack Andrew. Putin’s Russia: Can There Be Reform Without Democracy? – Oxford, Oxford University Press, 2004.

1.

Правядзіце пальцам па мапе ўздоўж межаў Расеі – і адразу зразумееце, як трывожна глядзець на сьвет з Крамля. Вось Украіна дала «старэйшаму брату» пстрычку ў нос – абрала на прэзыдэнта «заходніка» Віктара Юшчанку. А лічылася ж найбліжэйшай, найдаражэйшай суседкай. У іншых трох сумежных краінах: Беларусі, Туркмэністане, Паўночнай Карэі – уладараць дыктатары, і яшчэ вялікае пытаньне, ці адэкватна яны ўспрымаюць рэчаіснасьць. Сілы Грузіі ды Малдовы падрываюць фінансаваныя з Расеі сэпаратысты. Армэнія і Азэрбайджан балянсуюць на мяжы новай вайны. Дыялёг зь Японіяй дзесяцігодзьдзямі ўпіраецца ў праблему «спрэчных тэрыторыяў» – чатырох дробных, малазначных выспаў. Краіны Балтыі – аб’ект «кампаніі нянавісьці» з боку расейскіх уладаў. Слупок тэрмомэтра ў дачыненьнях з Эўразьвязам апусьціўся да найніжэйшай адзнакі з часоў халоднай вайны. Кітай нарошчвае эканамічны патэнцыял, і Расеі мроіцца «кітайская небясьпека» на ейным Далёкім Усходзе – ужо аднаго гэтага досыць, каб гаспадары Крамля надоўга страцілі спакой і сон. Балазе, хоць у Манголіі ўсё спакойна.

Гэта ж як трэба было папрацаваць, каб стварыць сабе на галаву столькі праблемаў… Пасьля 1945-га расейская замежная палітыка, бадай, ня ведала ніводнага ўдалага году, але мінулы выдаўся ці не найгоршым з часу распаду СССР. Скончыўся ён выбарамі ўва Ўкраіне, ад якіх па сьпінах расейскага палітычнага істэблішмэнту прабегліся дрыжыкі трывогі і ятры. Прычым ятра скіроўвалася пераважна на Злучаныя Штаты: Расея вінаваціла іх (не зусім беспадстаўна) у спрыяньні паразе прарасейскага кандыдата Віктара Януковіча. (Аднак сапраўднай рухальнай сілай памаранчавай рэвалюцыі сталіся абурэньне махлярствам на карысьць Януковіча пры падліку галасоў і рашучая падтрымка, выказаная народам Юшчанку, якога атруцілі літаральна перад выбарамі.) А ўстрывожыўся Крэмль за лёс уласнага палітычнага рэжыму. Калі «ўлада народу» здолела зьмяніць кірунак палітыкі ва Ўкраіне, шмат у чым падобнай да Расеі, дык ці ня здарыцца тое ж самае ў Маскве? Усё ж, напэўна, не – з гэтым згодныя нават расейскія лібэралы, – бо народ у Расеі нашмат больш інэртны, а рэжым – мацнейшы. Але ўсё адно кіеўскі прэцэдэнт прыйшоўся Крамлю як сьнег на галаву.

  (нар. у 1956) – цэнтральнаэўрапейскі карэспандэнт часопісу «The Economist». Гэты аналіз перадрукоўваецца з выпуску «New York Review of Books» за 10 лютага гэтага году з ласкавай згоды аўтара.
   
Украінскія падзеі пацьвердзілі, што недарэмна Масква баялася далучэньня Цэнтральнай Эўропы1 да НАТО і Эўразьвязу. Пуцін мяркуе, што былыя краіны камуністычнага блёку будуць дзейнічаць супраць Расеі і скарыстаюць усю сваю вагу ў эўрапейскіх і трансатлянтычных структурах, каб вырваць з расейскай сфэры ўплыву і іншыя краіны (найперш Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну), уцягнуць іх у арбіту эўрапейскай палітыкі. У сваім бліскучым досьледзе расейскай палітыкі ў рэгіёне (гл. «Халодны мір: новы расейскі імпэрыялізм») Януш Бугайскі выказвае думку, што, магчыма, стасункі Расеі з краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы яшчэ горшыя, чым яно здаецца. Чаму? Бо ў Расеі атрымліваюць толькі «драбкі інфармацыі пра заходніх суседзяў, [якія] усяляк мацуюць у сьвядомасьці расейцаў «вобраз ворага» ў дачыненьні да русафобаў-усходнеэўрапейцаў». Але калі ўжываць слова «русафоб» у ягоным літаральным сэнсе – «той, хто баіцца Расеі», а ня «той, хто ненавідзіць Расею», – то русафобія сапраўды моцна адчуваецца і, вядома, уплывае на палітыку ўва ўсёй посткамуністычнай Эўропе, асабліва ў краінах Балтыі.

У Цэнтральнай Эўропе баяцца Расеі, бо тая мае нядобрую звычку браць сабе за хаўрусьнікаў ды сатэлітаў усё самае горшае і шукаць таемных шляхоў, каб зьнішчаць усё лепшае. Дзяржавы Цэнтральнай Эўропы – блізкія суседзі Расеі, а ў мінулым – ахвяры яе замежнай палітыкі. Таму яны заўжды будуць імкнуцца абмежаваць сфэру расейскага ўплыву. Польшча сваёй доўгатэрміновай вонкавапалітычнай мэтай ставіць далучэньне Ўкраіны да Эўразьвязу. Падчас крызы ўва Ўкраіне пасярэднікамі пасьпяшаліся выступіць ня «гранды» эўрапейскай дыпляматыі – брытанцы, французы і немцы, – а прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і Літвы Валдас Адамкус.

Расея наракае на замежнае ўмяшаньне ўва Ўкраіне, на астатняй, як цяпер у іх кажуць, «постсавецкай прасторы». Але пры гэтым сама яна чарговы раз пацьвердзіла, што здольная, як і раней, мяшацца ў справы іншых. Расея зрабіла ўсё, каб нажыць сабе ворага ў асобе новага прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі: яна ўсяляк падштурхоўвала падкантрольныя ёй сэпаратысцкі настроеныя аўтаноміі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю да барацьбы супраць ураду Саакашвілі. Масква адвярнула ад сябе камуністычныя ўлады Малдовы, якія да нядаўняга часу яе падтрымлівалі, але цяпер павярнуліся тварам да Захаду, ня ў стане больш трываць дапамогу Расеі сэпаратыстам у Прыднястроўі. Пэрспэктывы палітычнага саюзу зь Беларусьсю выглядаюць даволі туманна. Увядзеньне расейскага рубля ў якасьці плацежнага сродку ў Беларусі сёлета адкладзенае – яго ўвогуле можа не адбыцца.

  1 Са значэньнем паняткаў «Цэнтральная» і «Ўсходняя Эўропа» заўсёды ўзьнікаюць праблемы. Напрыклад, няясна, куды аднесьці краіны Балтыі. Дзеля зручнасьці ў мяне «Цэнтральная Эўропа» ахоплівае сабою ўсе посткамуністычныя краіны, якія далучыліся да Эўразьвязу ў 2004 г. ці далучацца ў 2007 г.: гэта Балтыя, Вугоршчына, Польшча, Чэхія, Славакія, Славенія, Баўгарыя і Румынія. Да «Ўсходняй Эўропы» належаць Беларусь, Малдова і Ўкраіна. Але расейскія камэнтатары супраць тэрміну «Цэнтральная Эўропа» – яны называюць абодва рэгіёны «Ўсходняй Эўропай».
   
Адзін расейскі дзяржаўны службовец нядаўна заяўляў, што асноўнай мэтай расейскай замежнай палітыкі заўсёды было стварыць «пояс добрасуседзтва ўздоўж усёй [расейскай] мяжы»2. У такім выпадку ў ажыцьцяўленьні гэтай палітыкі адбыўся нейкі вельмі істотны збой. Дый ува ўнутраных справах нельга сказаць, каб усё ішло гладка. Усе прызнаюць, што вялікая эканамічная задача, пастаўленая прэзыдэнтам Пуціным падчас першага тэрміну, – падваеньне ВУП да 2010 г. – збольшага недасяжная. Дзяржава захапіла нафтавую кампанію «Юкас», што належала «алігарху» Міхаілу Хадаркоўскаму, абвінаваціўшы яго ў нясплаце падаткаў. Гэтая падзея моцна сапсавала бізнэс-клімат у Расеі. Справа «Юкасу» выклікала спад на рынку каштоўных папераў, адток капіталу з Расеі, а таксама спарадзіла чуткі, што клан кагэбістаў, прызначаных Пуціным на ключавыя пасады ў Крамлі, выйшаў з-пад ягонага кантролю.

Зразумела, Пуцін хацеў зламаць Хадаркоўскага, каб давесьці, што дзяржава можа растаптаць нават найбагацейшага ў Расеі чалавека. Цяпер гэтая мэта цалкам дасягнутая: з кастрычніка 2003 г. Хадаркоўскі сядзіць у турме (яго абвінавачваюць у махлярстве і ўхіленьні ад падаткаў і могуць асудзіць на 10–15 гадоў зьняволеньня). Але Пуцін таксама заяўляў, што не жадае банкруцтва ці краху «Юкасу». Аднак практычны вынік справы «Юкасу» цяжка падвесьці пад якое іншае азначэньне. Аказалася, што каманда Пуціна не змагла ўтрымацца ад спакусы разрабаваць нафтавую кампанію коштам у 40 млрд даляраў. Таму непазьбежна паўстае пытаньне: хто наступны пасьля «Юкасу», бо ўсе буйныя расейскія кампаніі ў мінулым грашылі ўхіленьнем ад падаткаў, а шмат якія зь іх, падобна да «Юкасу», прыватызоўваліся ў сярэдзіне 1990-х паводле заганнай схемы «крэдыты ў абмен на акцыі»3.

Што да палітычных рэформаў, то ніхто – нават самі пуцінскія міністры – ужо ня робіць і выгляду, нібы Расея ідзе па шляху да дэмакратыі заходняга тыпу4. У заключэньні да кнігі «Пуцінская Расея зь сярэдзіны» Эндру Джэк называе выхалашчаную расейскую дэмакратыю «пародыяй» на такую палітычную сыстэму. Як і за савецкім часам, улада належыць адной партыі, але цяпер гэта лічыцца ўвасабленьнем дэмакратыі. Істотная розьніца толькі ў тым, што Пуцін, адрозна ад сваіх папярэднікаў-генсекаў, карыстаецца рэальнай падтрымкай народу. Аднак, гаворыць Джэк, у выніку Расея мае «партыі без ідэяў, дэбаты без галоўных удзельнікаў, СМІ без крытычных выступаў… Няма інстытуцыйнай базы, няма шырэйшай палітычнай культуры, якія маглі б у будучыні падтрымліваць парасткі разнадумства».

Шмат хто ў Расеі называе гэтую сыстэму «кіраванай дэмакратыяй». Першы постсавецкі прэм’ер-міністар Расеі Ягор Гайдар прапанаваў больш удалы тэрмін: «замкнёная дэмакратыя». Як ён кажа, гэта сыстэма, дзе апазыцыя – у прынцыпе – існуе легальна, няма масавых рэпрэсіяў, праходзяць выбары, але «вынікі… заўсёды вядомыя наперад».

Разважаючы над усімі гэтымі палітычнымі паразамі, немагчыма не задацца пытаньнем: а ці сапраўды становішча прэзыдэнта Пуціна гэткае трывалае, як зазвычай мяркуюць на Захадзе? Калі ён сапраўды «страціў» Украіну – а вынік прэзыдэнцкіх выбараў можна разглядаць і такім чынам, – ці ня будзе гэта азначаць настолькі карэннай зьмены палітычнага курсу, што расплачвацца за яе давядзецца і самому Пуціну? Калі з прэзыдэнтам можна не лічыцца ў справе «Юкасу», можа, зь ім неабавязкова лічыцца і ў іншых пытаньнях? І калі, нарэшце, Расея не атрымала, відавочна, ніякіх асаблівых доўгатэрміновых выгодаў за прыхільнае стаўленьне да амэрыканскай палітыкі (пра яго неаднаразова цягам двух гадоў пасьля тэрактаў 11 верасьня заяўляў Пуцін), ці зможа ён выйсьці бяз стратаў і з гэтага пераплёту? Варта прыслухацца да словаў Андрэя Іларыёнава, які доўгі час быў эканамічным дарадцам Пуціна, але прынцыпова трымаўся вельмі незалежнай пазыцыі. Іларыёнава вызвалілі ад пасады 31 сьнежня, пасьля таго як ён выступіў з рэзкай крытыкай уладаў у справе «Юкасу», а 30 сьнежня ў нашумелым інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» адкрыта папярэдзіў, што ў Крамлі зноў на ўздыме антыдэмакратычныя сілы. Вось яго словы:

Пэўныя тэндэнцыі ў нашым сёньняшнім палітычным і грамадзкім жыцьці нікога ня могуць пакінуць абыякавым, нават эканамістаў. Гэтыя тэндэнцыі зьвязаныя з працяглым разбурэньнем, я б сказаў, з «ампутацыяй», цэлага шэрагу грамадзкіх інстытутаў, адказных за забесьпячэньне зваротнай сувязі [паміж уладай і грамадзтвам] … Гэта СМІ, гэта інстытуты дэмакратыі, якія павінны сыгналізаваць, у тым ліку і пра бедзтвы, крызы і катастрофы, грамадзтву і ўладам. Ампутацыя гэтых інстытутаў вядзе да катастрафічных наступстваў для краіны і для ўсяго грамадзтва… Калі няма нармальных, традыцыйных, законных спосабаў вырашэньня крызаў, тады не застаецца нічога, апроч рэвалюцыі.

Апошні раз я чуў з Крамля нешта падобнае ў 1996 г., калі лібэралы ў камандзе прэзыдэнта Барыса Ельцына выступілі супраць прыхільнікаў «жорсткай лініі» на чале з кіраўніком прэзыдэнцкай службы бясьпекі Аляксандрам Каржаковым. Каманда Каржакова дабівалася пераносу ці скасаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, што азначала б канец дэмакратыі ў Расеі. Ельцын звольніў іх, падтрымаўшы лібэралаў і іх лідэра Анатоля Чубайса. Вельмі сумняюся, што Пуцін сёньня зрабіў бы той жа выбар. Людзі ў форме маюць у цяперашнім Крамлі нашмат большую вагу. Пуцін сам выйшаў зь іхных шэрагаў. Баюся, пройдзеная ўжо тая мяжа, да якой Іларыёнаў і нешматлікія астатнія лібэралы ў расейскім урадзе маглі спадзявацца ўплываць на палітычныя рашэньні. Да грамадзкай думкі ў Расеі зьвяртаюцца адно ад безвыходнасьці. «Свае людзі» ў калідорах улады апэлююць да шырокай грамадзкасьці адно тады, калі іх перастаюць слухаць у кабінэтах. Больш за тое: Іларыёнаў ужо залічвае сябе ў адзін лягер з ахвярамі рэжыму. Наступнага дня пасьля інтэрвію ён зьявіўся на паказальным працэсе ў справе Хадаркоўскага.

2.

У «Халодным міры» Бугайскі, аналізуючы расейскую палітыку ў дачыненьні да былых савецкіх рэспублік, а таксама дзяржаваў Цэнтральнай Эўропы і Балканскага рэгіёну, настолькі шчыра і адкрыта заяўляе сваю пазыцыю, што здымае ўсе сумневы на гэты конт. Для выхаду кнігі наўрад ці можна было б падгадаць лепшы час: яна зьявілася адразу пасьля зьмены ўлады ува Ўкраіне – дзяржаве, жыцьцёва важнай для расейскай «сфэры ўплыву», калі яна ўвогуле існуе. Як адзначае Бугайскі, Украіна – «стратэгічна найважнейшая (апроч Расеі) дзяржава на тэрыторыі былога СССР». Расейцы адлічваюць сваю гісторыю ад кіеўскіх князёў Х–ХІ стст. Аднак Масква стала цэнтрам адноўленай дзяржавы толькі пасьля мангольскага нашэсьця ХІІІ–ХV стст.

Эканамічныя сыстэмы Расеі і Ўкраіны амаль гэтак жа моцна ўзаемазьвязаныя, як у камуністычныя часы. Доля Расеі ўва ўкраінскім вонкавым гандлі складае каля паловы, на Расею прыпадае прыкладна дзьве траціны інвэстыцыяў ува ўкраінскую прамысловасьць. Расейскае паліва трапляе на Захад праз нафта- і газаправоды на тэрыторыі Ўкраіны. Ува Ўкраіне, асабліва на ўсходзе, шмат расейскамоўных; як і ў Расеі, найбольш пашыранае ва Ўкраіне веравызнаньне – праваслаўнае хрысьціянства. Бугайскі кажа, што ў Расеі мала хто з палітыкаў «ахвочы прызнаваць незалежнасьць Украіны за нешта сталае… На ўкраінскую дзяржаўнасьць глядзяць як на часовае адхіленьне ад нормы».

Тое, як у Расеі ўспрымаюць Украіну, толькі пацьвярджае тэзу Бугайскага, што Расею гняце «непераадольнае бярэмя мінуўшчыны». Яна «стварыла імпэрыю раней, чым сфармавала дзяржаву і аднародную паводле складу нацыю», – кажа Бугайскі. Таму Расея – краіна, якая ня мае натуральнага адчуваньня сваіх межаў. На думку аўтара, гэтым у вялікай ступені і тлумачацца «няспынныя прэтэнзіі Расеі на тэрыторыі і гістарычную спадчыну шматлікіх ейных суседзяў». А гэтыя рысы заўсёды вызначалі і вызначаюць расейскую замежную палітыку. Лепей бы Расея ўсьвядоміла, гаворыць Бугайскі, якія страты прынесла краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы яе злачынная палітыка за савецкім часам, і паспрабавала б загладзіць сваю віну.

Але Расея ўсяляк падкрэсьлівае свае амбіцыі адносна гэтага рэгіёну (гэтак інвалід мучыцца фантомнымі болямі ў ампутаваных руках і нагах). Каб даць уяўленьне, якой спадзявалася бачыць посткамуністычную Эўропу Расея неўзабаве пасьля распаду СССР, Бугайскі цытуе прамову Ігара Радзівонава, начальніка Акадэміі Генэральнага штабу, пазьней – міністра абароны ўва ўрадзе Ельцына. У 1992 г. да «жыцьцёва важных інтарэсаў» Расеі Радзівонаў прылічваў:

нэўтральнасьць краінаў Усходняй Эўропы ці іх добрасуседзкія стасункі з Расеяй; бясплатнае карыстаньне марскімі партамі краінаў Балтыі; недапушчэньне вайсковай прысутнасьці «трэціх краінаў» у былых прыбалтыйскіх рэспубліках і неўваходжаньне дзяржаваў Балтыі ў ваенныя блёкі, скіраваныя супраць Расеі; недапушчэньне ператварэньня краінаў СНД у частку буфэрнай зоны, якая аддзяляла б Расею ад Захаду, Усходу ці Поўдня; захаваньне выключна расейскага ўплыву на краіны СНД.

Насамрэч Расеі бракавала сілаў адстойваць усе гэтыя «жыцьцёва важныя інтарэсы», як толькі яны ўваходзілі ў супярэчнасьць з інтарэсамі Захаду ці саміх краінаў былога савецкага лягеру. Самы сьвежы і самы балючы прыклад – Украіна. Дзяржавы «Ўсходняй Эўропы», паводле тэрміналёгіі Радзівонава, у тым ліку і Балтыі, далучыліся да НАТО і Эўразьвязу. Ступень расейскага ўплыву розная ў розных краінах СНД, але ў ніводнай зь іх (за выняткам, хіба, Беларусі) нельга казаць пра яго выключнасьць. Да таго ж ён заўважна зьніжаецца. А што да «буфэрнай зоны» з краінаў СНД паміж Захадам і Ўсходам, дык стварыць яе спрабуе толькі сама Расея: імкнучыся не дапусьціць заходняга ўплыву на Беларусь і Малдову, яна падтрымлівае дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі і прыднястроўскіх сэпаратыстаў.

Ці можа Расея ўсур’ёз спадзявацца вярнуць сабе ў блізкай будучыні хоць нешта са страчанага за апошнія 15 гадоў? Пытаньне застаецца адкрытым. Бугайскі сьцьвярджае, што, прынамсі, яна актыўна дзейнічае ў гэтым напрамку, чым дадае багата праблемаў іншым краінам былога СССР: напрыклад, адмаўляецца выводзіць свае ваенныя базы, фінансуе сэпаратыстаў, перапыняе пастаўкі энэрганосьбітаў, правакуе палітычныя скандалы, умешваецца ў ход выбараў. Да сьпісу «жыцьцёва важных інтарэсаў» Расеі дадаюцца і новыя пункты. Пры Пуціну Расея заявіла пра сваё права ўводзіць войскі на тэрыторыю краінаў СНД, калі палічыць, што там існуе пагроза для этнічных расейцаў або расейскамоўных. Апроч таго, Расея патрабуе права ахоўваць збудаваныя за савецкім часам нафта- і газаправоды нават па-за расейскімі межамі.

Хоць Радзівонаў і ня згадвае пра нафту і газ, яны, напэўна, займаюць для Расеі вызначальнае месца ня толькі ў сьпісе стратэгічных рэсурсаў, але і «жыцьцёва важных інтарэсаў». Бугайскі надае шмат увагі гэтаму «раздражняльнаму фактару». На долю расейскай газавай манаполіі «Газпром» прыпадае прыкладна чвэрць усіх сусьветных запасаў газу. «Газпром» амаль на 100 % забясьпечвае газам краіны СНД і Цэнтральнай Эўропы. Усюды, дзе ў краінах СНД, у Цэнтральнай Эўропе і на Балканах адбывалася прыватызацыя нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, нафта- і газаправодаў і г. д., у ёй удзельнічалі расейскія кампаніі. «Газпром» валодае акцыямі газавых кампаніяў у шмат якіх краінах рэгіёну. «Лукойл», найбуйнейшы пасьля зьнішчэньня «Юкасу» расейскі здабытчык нафты, сёньня зьяўляецца адным з галоўных нафтаперапрацоўцаў у паўднёва-ўсходняй Эўропе.

Такое ўкладаньне капіталу лёгка абгрунтаваць з чыста камэрцыйнага гледзішча. Калі заходнія нафтавытворцы прасоўваюцца на расейскі рынак, дык чаму б тады расейскім нафтавым і газавым кампаніям не прасунуцца на Захад? Аднак, на думку Бугайскага, «мы забываемся пра шчыльную сувязь паміж [расейскім] буйным бізнэсам і ўладай». Рэч у тым, даводзіць ён, што Крэмль заахвочвае расейскія фірмы набываць «стратэгічна важныя актывы… у краінах, на якія Масква імкнецца ажыцьцяўляць палітычны ціск». Калі аб’ектамі, жыцьцёва важнымі для эканомікі дзяржавы, валодае Расея, гэта выліваецца ў «палітызацыю эканомікі», ці папросту «палітычны шантаж».

Да справы «Юкасу» было б лёгка сьцьвярджаць, што Бугайскі ня ў курсе працэсаў, якія адбываюцца ў расейскім бізнэсе: што кіраваньне расейскімі энэргаздабывальнымі кампаніямі набліжаецца да прынятых на Захадзе нормаў, што іх больш хвалююць іхныя абавязаньні на рынку каштоўных папераў, чым абавязкі перад Крамлём. Але справа «Юкасу» і Хадаркоўскага ўсё зьмяніла, і цяпер праблема расейскіх капіталаўкладаньняў значна больш турбуе ўсе цэнтральнаэўрапейскія краіны. Не выклікае сумневу, што Крэмль мае цьвёрды намер больш шчыльна кантраляваць расейскую энэргетыку, а палітычныя інтарэсы будзе ставіць паперадзе эканамічных. Калі б існаваў нейкі спосаб імпартаваць расейскую нафту і газ, не імпартуючы пры гэтым расейскіх нафтавых і газавых кампаніяў, большасьці суседзяў Расеі, дый усім эўрапейскім краінам, жылося б значна спакайней.

Часам прэтэнзіі Бугайскага да расейскай палітыкі гучаць як жорсткае абвінавачаньне. Але яны заўжды грунтоўна пацьвярджаюцца дакумэнтамі і абвяргаюць даволі распаўсюджанае на Захадзе меркаваньне, нібы з 1991 г. Расея была проста бездапаможнай ахвярай падзеяў на міжнароднай арэне. Як сказаў Бугайскаму баўгарскі палітоляг Огнян Мінчаў, «нават калі Расея ня ў стане аказваць вызначальны ўплыў на прынцыповы расклад сілаў у міжнароднай палітыцы, гэта не азначае, што Масква ня можа ціснуць на меншых, слабейшых партнэраў».

І ўсё ж глыбокі, вычарпальны досьлед Бугайскага змушае задацца пытаньнем: ці можа Расея што-кольвек зрабіць, каб да яе як да палітычнага партнэра ставіліся больш прыязна? Аўтар у прынцыпе дапушчае такую магчымасьць, але ставіць для Расеі вельмі высокую планку. Калі б Расея «стварыла разьвітую лібэральную дэмакратыю, актыўную грамадзянскую супольнасьць, дзейсную шматэтнічную сыстэму, эфэктыўную капіталістычную эканоміку і праводзіла ў Чачні сапраўдную палітыку міру, тады, магчыма, яе ўплыў ва Ўсходняй Эўропе нават вітаўся б, нягледзячы на досьвед гісторыі». Аднак Расея не набліжаецца, а аддаляецца ад гэтых мэтаў. І Бугайскі, да свайго гонару, даводзіць да лягічнага завяршэньня развагі пра тое, што гэта нясе сусьветнай супольнасьці. Калі мы мяркуем, што ад Расеі ўсячасна зыходзіць пагроза, ці павінны мы ўвогуле жадаць ёй посьпеху? Ці не памыляюцца аптымісты ў сваіх цьверджаньнях, што больш заможная, нават калі і ня больш дэмакратычная, Расея будзе больш заспакоеным, а значыць, менш небясьпечным суседам? На думку Бугайскага, цалкам магчыма, што аптымісты ня маюць рацыі:

Заможнасьць Расеі яшчэ не азначае, што яе ўлады будуць больш адкрытымі да супрацоўніцтва. Калі Расея зробіць імклівы эканамічны скачок, але ня пойдзе на глыбокія дэмакратычныя пераўтварэньні, яна можа стаць больш агрэсіўнай, больш схільнай да экспансіі. Ці ня лепш мець Расею эканамічна слабую, загрузлую ў нутраных праблемах – пры ўмове, што гэта не падштурхне яе да распаду, суправаджанага выбухамі гвалту, і ня будзе пагражаць дэстабілізацыяй у суседніх краінах?

Падазраю, што цытаваны тут абзац не раззлуе прыхільнікаў «цьвёрдай лініі» ў Расеі, а як ні дзіўна, выкліча ў іх задавальненьне. Яны лічаць, што Захад пакрыёма заўсёды акурат так пра Расею і думаў. І вось нарэшце можна ткнуць пальцам у таго (сур’ёзнага, дарэчы, чалавека), хто сказаў гэта ўголас.

3.

Заходніх экспэртаў у расейскіх справах можна падзяліць на дзьве групы. Першая – тыя, хто інтуіцыйна глядзіць на Расею «зь сярэдзіны». Яны некалі жылі ці вучыліся ў Расеі і з таго часу захавалі цікаўнасьць да гэтай краіны. Яны схільныя бачыць расейскі народ ахвярай дрэнных уладаў. На іх думку, зь цягам часу ў спрыяльных умовах Расея можа эвалюцыянаваць у бок заходняй дэмакратыі. Другая група – тыя, хто неўсьвядомлена глядзіць на Расею звонку. Сярод іх шмат выхадцаў з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Яны, як правіла, бачаць у Расеі заўсёдную крыніцу небясьпекі, бо і расейскія ўлады, і сам народ аднолькава заражаныя вірусам імпэрыялізму і аўтарытарызму.

Спадзяюся, Януш Бугайскі ня будзе наракаць, калі я назаву яго адным зь лідэраў другой школы, а Эндру Джэк не пакрыўдзіцца, калі я аднясу яго бліжэй да першай. Як вынікае з назвы, у кнізе Джэка «Пуцінская Расея зь сярэдзіны: ці магчымыя рэформы без дэмакратыі?» робіцца спроба зірнуць на Расею зь сярэдзіны, зразумець яе зь ейнага ўласнага гледзішча. Джэк не сымпатызуе рэжыму, але яго захапляе сама краіна. Да канца мінулага году ён узначальваў маскоўскае бюро «Financial Times» (перад ім гэтую пасаду займаў я), і таму даволі добра ведае маскоўскую ўладную эліту. Да гэтага дадалося мноства паездак па расейскай глыбінцы, неадольная цікаўнасьць і ўменьне заўважаць трапныя дэталі. Джэк не дае адказу на пытаньне, вынесенае ў загаловак, але чытач багата даведваецца пра пуцінскую Расею.

На думку Джэка, шмат у чым становішча ў Расеі і не такое дрэннае, і не такое добрае, як здаецца на першы погляд. Нізкія афіцыйныя лічбы заробкаў і ашчаджэньняў не пацьвярджаюцца практыкай: нельга не заўважыць, як вырасла пакупніцкая здольнасьць насельніцтва ня толькі ў Маскве, але і ў іншых вялікіх гарадох. На зьмену шалёнаму мантацтву паступова прыходзіць пераборлівасьць дасьведчанага спажыўца. Джэк тлумачыць, што афіцыйныя лічбы даходаў часта заніжаныя, бо людзі ўхіляюцца ад падаткаў, шмат хто ў Расеі працуе па сумяшчальніцтве або мае дадатковыя крыніцы даходаў, а асноўныя камунальныя паслугі кшталту электраэнэргіі й ацяпленьня каштуюць танна. Калі скончылася камуністычная эпоха, расейцы прыватызавалі свае кватэры амаль задарма, таму цяпер ім ня трэба плаціць за жытло ці вяртаць жыльлёвыя крэдыты. А пры тым, што нерухомасьць у цэнтры Масквы каштуе ад 2000 да 10 000 даляраў за квадратны мэтар, многія масквічы – фармальна людзі багатыя паводле самых высокіх мерак. Калі пяць гадоў таму буйная швэдзкая мэблевая кампанія «Ikea» адчыніла ў Маскве сваю першую краму, у чарзе на аўтастаянку выстраілася столькі машынаў, што ўзьнік затор на дарозе, якая вядзе з Шарамецева ў цэнтар.

Кніга Джэка – партрэт Расеі, а ня Пуціна. Але пры гэтым аўтар даволі падрабязна вывучае біяграфію расейскага прэзыдэнта і паказвае, што ягонае мінулае (прынамсі, наколькі яно пацьвярджаецца дакумэнтамі) – далёка не найлепшы прыклад для перайманьня. Джэк размаўляў з былым генэралам КГБ Алегам Калугіным, які цяпер жыве ў ЗША, а ў 1980-я гг. працаваў у Ленінградзкай управе КГБ. Калугін кажа, што Пуцін яшчэ студэнтам Ленінградзкага ўнівэрсытэту прапанаваў КГБ свае паслугі як звычайны стукач. Ён пачынаў працаваць у 5-й управе КГБ, якая займалася перасьледам дысыдэнтаў. Пуцін спэкулюе сваім нібыта слаўным разьведніцкім мінулым, але, паводле словаў Калугіна, Пуціна ніколі так афіцыйна і не перавялі ў службу вонкавай разьведкі КГБ, а проста ёй падпарадкавалі, прычым займаў ён нязначную пасаду. Іншы былы агент КГБ Юры Швец называе Дрэздэн (горад ува Ўсходняй Нямеччыне, дзе служыў Пуцін) з гледзішча кар’ернага росту «чорнай дзіркай, дарогай у нікуды».

Цяпер, калі вера ў прыхільнасьць Пуціна да дэмакратыі разьвеялася як дым, стрыманасьць і скептыцызм Джэка ў ацэнцы расейскага прэзыдэнта робяць аўтару яшчэ больш гонару. Джэк прызнае, што Пуцін зрабіў для Расеі і нешта добрае: перадусім ён пераламіў тэндэнцыю апошніх гадоў прэзыдэнцтва Ельцына, калі краіна кацілася да хаосу. Але калі даходзіць да адкрытай ухвалы Пуціну, Джэк дае слова іншым. Ён цытуе, напрыклад, расейскага тэлевядучага Леаніда Парфёнава:

Кожны сумленны чалавек бачыць, што Расея ў 2003 г. больш свабодная, чым была ў 2001 г. Моладзь больш задаволеная, больш адкрытая сьвету. Яна ўспрымае дэмакратыю як аздобу. Калі ўлада паспрабуе адняць у яе свабоду, скажам, абмежаваўшы доступ да Інтэрнэту, тады яна будзе пратэставаць.

Гэтае інтэрвію, запісанае, трэба меркаваць, у 2003 г., надзіва паказальнае – з прычынаў, пра якія не маглі здагадвацца ні Джэк, ні Парфёнаў. У 2004 г. Парфёнава звольнілі з тэлебачаньня пасьля таго, як ён выказаў нараканьне, што кіраўніцтва забараніла яму даваць у этэр інтэрвію з удавою забітага чачэнскага прэзыдэнта Зэлімхі Яндарбі. Калі б Парфёнаў гаварыў пра свабоду ці, прынамсі, пра свабоду слова ў Расеі сёньня, безумоўна, ён бы зусім іначай ацаніў становішча.

Але пры ўсім пры тым Джэк слушна заўважае дасягненьні Пуціна падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну, з 2000 г. і да пераабраньня ў сакавіку 2004 г. Пуціну ўдалося стабілізаваць эканоміку, ён дабіўся пэўнай павагі да Расеі на міжнароднай арэне і аднавіў элемэнтарную дысцыпліну ў дзяржсэктары: заробкі і пэнсіі сталі выплачваць больш рэгулярна, чым пры Ельцыну. Усё гэта забясьпечыла Пуціну сапраўды высокую папулярнасьць сярод простых людзей: яны вераць, што прэзыдэнт дбае пра краіну.

А пачатак другога тэрміну, наадварот, выйшаў надзвычай няўдалы, найперш праз справу «Юкасу» і вынікі выбараў ува Ўкраіне. Але нават калі эканамічныя і дыпляматычныя праблемы Расеі пачнуць імкліва множыцца, цяжка ўявіць, каб Пуціна раней тэрміну адхілілі ад улады ў выніку крамлёўскага перавароту. Ён карыстаецца агромністай папулярнасьцю сярод насельніцтва, дый пераварот надта пашкодзіў бы Расеі ў міжнародных стасунках. Небясьпека для Пуціна крыецца ў іншым: калі шэраг палітычных паразаў абернецца падзеньнем ягонага аўтарытэту, былыя кагэбісты з вайскоўцамі, якія займаюць больш за палову ключавых пасадаў у фэдэральным урадзе, могуць змовіцца папросту не зважаць на Пуціна. Яны будуць гуляць у сваю ўласную гульню, ім захочацца яшчэ больш прыпадобніць Расею да паліцэйскай дзяржавы і не дапусьціць ніякіх больш спробаў наблізіць яе да заходняй мадэлі. І Пуцін пойдзе за імі, бо часткова і сам з гэтым згодны. Робячы крокі ў бок эканамічнай лібэралізацыі, ён кіраваўся, хутчэй, чыстай цікаўнасьцю, чым упэўненасьцю ў яе неабходнасьці.

Калі Пуцін усё ж дазволіць свайму атачэньню з КГБ штурхаць Расею да вонкава добрапрыстойнага фашызму, вінаваты будзе толькі ён сам. Падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну Пуцін адкінуў магчымасьць павесьці краіну ў іншым кірунку. А тады ён карыстаўся велізарнай папулярнасьцю ў насельніцтва, расейская эканоміка была на ўздыме, Пуціну давярала Заходняя Эўропа, да таго ж пасьля 11 верасьня Расея магла стаць у вачох грамадзкасьці галоўным хаўрусьнікам Злучаных Штатаў. Немагчыма ўявіць больш удалую сытуацыю, каб конча вырашыць на карысьць заходняга шляху разьвіцьця. Але замест гэтага Пуцін, пагуляўшыся з такім варыянтам, пускае Расею скатвацца да кітайскай мадэлі зь яе аднапартыйнай сыстэмай ды сатэлітызмам, але без такіх унушальных эканамічных посьпехаў, як у Кітаю. І вось парадокс: цяпер, калі Расея ідзе гэтай сьцяжынай, на Захадзе, магчыма, пачнуць прыхільней ставіцца да Пуціна. Не таму, што ён такі добры, а таму, што, калі тэндэнцыя захаваецца, любы ягоны наступнік будзе яшчэ горшы.

12 студзеня 2005 г.

Пераклаў з ангельскай Ігар Забродзкі

  2 Выступ адмысловага прадстаўніка прэзыдэнта Пуціна па справах Эўразьвязу на канале РТР, 27.11.2004.

3 У сьнежні найлепшыя нафтавыя радовішчы «Юкасу» танна скупіла падкантрольная расейскаму ўраду кампанія. Эканамічны дарадца Пуціна Андрэй Іларыёнаў назваў зьдзелку «махлярствам году». Актывы «Юкасу» перайшлі пад кантроль «Расьнефць». На чале гэтай дзяржаўнай нафтавай кампаніі стаіць памочнік Пуціна і, як мяркуюць, былы супрацоўнік КГБ Ігар Сечын. Урад даўно плянаваў аб’яднаць «Расьнефць» з «Газпромам», але спачатку не было яснасьці, ці ўвойдуць у маёмасьць аб’яднанай кампаніі актывы «Юкасу», калі аб’яднаньне адбудзецца. Схема «крэдыты ў абмен на акцыі» – яшчэ адзін мэханізм махлярства: паводле гэтай схемы ў 1996 г. найбуйнейшыя расейскія кампаніі, што займаюцца здабычай прыродных рэсурсаў, былі па значна заніжаных цэнах прададзеныя набліжаным да Крамля бізнэсоўцам (у тым ліку і Хадаркоўскаму), якія ў тым годзе падтрымлівалі прэзыдэнцкую кампанію Барыса Ельцына.

4 Калі ўлетку падчас візыту ў Лёндан расейскаму міністру абароны Сяргею Іванову задалі пытаньне, ці адпавядае тое, што робіцца ў Расеі вакол «Юкасу», звычайным нормам, прынятым у дэмакратычнай краіне, той адказаў: «Вы, мусіць, гаворыце пра вашую мадэль, вашае разуменьне заходняй дэмакратыі. Але калі існуе заходняя дэмакратыя, павінны таксама быць усходняя і паўднёвая дэмакратыі».

   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/16