A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
Інфэкцыйны клюб
Мокрымі й няўтульнымі кастрычніцкімі вечарамі мы праседжвалі на пятым паверсе, слухаючы дождж і аглушальныя фартэпіянныя раскаты. Антон – гаспадар (у дачыненьні да яго больш слушным было б слова ўладальнік) кватэры – часта сядаў за інструмэнт і граў цэлы вечар, перапыняючыся толькі на кубак кавы ці кілішак лікёру. Ён ніколі не паліў і не напіваўся – толькі еў пігулкі і таленавіта граў. Месяц назад яго выгналі з музычнай школы, дзе ён навучаў маленькіх неданоскаў, пасьля таго, як ён паведаміў дзецям пра ўсе фантастычныя якасьці трыгану. Цяпер ён быў беспрацоўным, свабодным і набываў маленькія радасныя пігулачкі за грошы, якія штомесяц прыходзілі з Гішпаніі ад яго бледнай касьцістай мачыхі.
Антону было крыху больш за 25, ён меў доўгія тонкія пальцы і заражаў усіх навокал сваёй дзіўнай сьветлай мэлянхоліяй. Яго пазногці былі вельмі белымі, як і вейкі ягоных жоўтых вачэй. Калі ён ня граў, ён ставіў які-небудзь з альбомаў «King Crimson» і заводзіў доўгі сумны маналёг пра тое, што мы ўсе выбралі няслушны час, каб прыйсьці ў гэты сьвет. Звычайна мы вельмі шмат палілі. У вялікім прастакутным пакоі з высокімі столямі і вокнамі мы мяшалі тытунь з марыхуанай, і нашыя цені забываліся на нас, зьбіраючыся за агульным сталом у кухні. Мы прыліпалі да кухонных дзьвярэй і напружана сачылі, як яны п’юць зь ценяў кубкаў цені напояў і балбочуць ценямі нашых словаў. А восьмай звычайна прыходзіла Маня. Яна была поўная і мяккая, з маленькімі вусікамі над верхняй губой. Яна не абстрыгала валасоў з часоў выпускнога балю ў мэдвучэльні, і яе тоўстыя здаровыя косы былі бессаромна пакладзеныя на доўгія вялікія грудзі. Маня была зусім не падобнай да нас. Яна ўсё яшчэ жыла сапраўдным жыцьцём, верыла ў будучыню і насіла залаты крыжык на поўнай шыі. Тым ня менш, нашая кампанія запаволеных самагубцаў чамусьці вельмі натхняла Маню, і яна прыносіла свой гучны, раздражняльна-вясёлы голас у наш маркотны паўзмрок, сваім зьяўленьнем заганяючы ўсе цені назад у нашыя пакінутыя скуры. Са свайго квяцістага заплечніка яна звычайна даставала вялікую колькасьць рознай ежы і пачынала энэргічна расьпіхваць каляровыя салаткі па талерках, усаджваць сінюю курыцу на пляшку зь півам і ўчыняць ім абедзьвюм пекла ў духоўцы. Яна любіла садзіць за стол, карміць, клапаціцца і сваімі простымі пабытовымі размовамі вяртаць нам смак таго сьвету, які мы пачалі былі назаўсёды страчваць. Яна вяртала нам жыцьцё, няхай яно спачатку і было смаку печанай курыцы. Седзячы за Маніным сталом, мы міжвольна заводзілі якія-небудзь простыя нязмушаныя размовы на даўно забытыя тэмы, узгадвалі штосьці простае і звычайнае, і нават пачыналі сьмяяцца, толькі тады з-за стала ўставаў Том, казаў, што ён ужо мусіць ісьці, і перад выхадам дадаваў: – Мы сьмяемся, быццам усё яшчэ маем для гэтага падставы… І ўсе зноўку змаўкалі. Маня мыла посуд. Антон сядаў граць, а астатнія пагружаліся ва ўласныя галюцынацыі, цягнучы дым і пускаючы дымных зьмеяў душыць адна адну за шыю. Тома не было з намі начамі, бо па начах ён вартаваў цырк. Раней, праўда, ён вартаваў банк, але ўсе ночы, колькі мы яго ведалі, ён праседжваў у цырку. Роўна настолькі ж, наколькі Маня верыла ў Бога і ў нас, Том ня верыў у тое, што гэты сьвет мае надзею на выратаваньне. Ён быў старэйшы з усіх, і ніхто ніколі ня мог зь ім спрачацца. Усё, што ён любіў – гэта сваю Лілю і шакалядную ваду. Ліля – яго малая дачка, памерла пяць гадоў таму пры жудасных абставінах, шакалядную ваду ён рабіў сабе з таго часу кожны вечар. Па сутнасьці, усе разумелі, што Ліля была адзінай прычынай яго падзеньня. Адзінай нагодай для Тома блытацца з нашай кампаніяй. Кожны вечар ён прыходзіў да нас, даставаў шакалядку, адломваў два квадрацікі і доўга растопліваў іх у прахалоднай вадзе. Пасьля ён даставаў свае галюцынагенныя грыбкі і, беражліва выклаўшы па адным нейкую энную колькасьць, пачынаў іх пакрысе раструшчваць на зубах. Потым ён прасіў Лору патанчыць зь ім. Антон пачынаў граць факстрот, але Лора ніколі не даходзіла да Тома, яна стаяла-стаяла… і раптам распускалася ў паветры. Лора ўжо не належала гэтаму сьвету. Яна дабілася самага істотнага: яна была толькі для сябе, яна не пакутавала ад стратаў, ад адзіноты, ад безвыходнасьці, ад холаду і страху. Яна нічога не баялася і казала, што нам патрэбны інакшы допінг, аднолькавы для ўсіх. У Лоры былі кароткія чорныя валасы, прыгожы незагарэлы твар, і зусім не было грудзей. Яна хадзіла хадой коткі, падпіраючы далонямі шчокі і выстаўляючы локці. Яна была дзіўнай і разумнай, і калісьці даўно яна была маёй. Мы бадзяліся па вуліцах: я зь вялізнымі заядамі ў кутках вуснаў, Лора – выстаўляючы локці наперад. Мы заходзілі ў кавярні і танчылі. Калі Лора танчыла, яна прыкрывала вушы далонямі, трымала локці на ўзроўні вачэй і разгойдвала свае тонкія бёдры. Аднойчы яна прывяла мяне да сваіх дзьвярэй. Сказала, што ў яе зусім няма грудзей, і што яна мяне кахае. На ёй была ружовая майка з доўгімі рукавамі і дзіцячым малюнкам пасярэдзіне. А я адказаў, што я слабы, і сышоў. Так мы прыбіліся да Антона, і Лора больш не належала мне. У вечар, зь якога ўсё варта было пачаць, Лоры не было. Маня заўважыла мне, што мае валасы ўжо дасягаюць лапатак, і цэлы вечар, пакуль мы пілі глінтвэйн і слухалі, як Антон разважае пра нашую галоўную памылку, пляла зь іх тонкія коскі. Я глядзеў у Антонавы вочы і думаў, што яны сталі вельмі жоўтымі, а ўсё на сьвеце, што жаўцее, мае моду пазбаўляцца сваёй жыцьцёвай энэргіі. Я ўспомніў, як пэрсікі робяцца курагой, як масла зьнікае на гарачай патэльні, як сонца перастае грэць узімку, як жоўтае кляновае лісьце ападае і гніе. Я ўспомніў, як у мяне былі жоўтыя валасы, і я верыў у свой жыцьцёвы трыюмф. А цяпер мае валасы маюць колер попелу, і больш нічым я не карысны. Я жыву, каб прадукаваць попел. Мы робім з сабой усё, каб забыцца, усё, каб сьвет страціў сваё рэальнае аблічча, усё, каб яго карцінка ня рэзала вочы, не мусоліла пагляд. Мы тут лішнія, і мы анічога ня цэнім. Нам напляваць на заўтра. Мы накачваемся рознай дрэньню, каб паверыць у тое, што мы – не слабакі, і што сьвет, які мы так і не адолелі, – усяго толькі бутафорыя, падман. Мы – трагедыя. Гэта словы Антона. Я згодны зь ім. Том – не. Ён каўтае шакалядную ваду і сьмяецца. Я ня бачыў, каб хто-небудзь гэтак жа адчайна і горка рыдаў, як адчайна і горка сьмяецца Том. Насамрэч Тома завуць Аляксандар. Я выпускаю дым. Мне хораша, бо я нічога не чакаю. Я б сказаў гэта цяпер і прымусіў усіх адчуць сябе геданістамі. Але я маўчу. Я маўчу ўжо пяць гадоў. Нашто гаварыць, калі ведаеш, што страціў шанец сказаць самае істотнае ў жыцьці. Я не сказаў Лоры тады, што кахаю яе. Хто я такі пасьля гэтага? Ведаеце, таямніцамі, пра якія ніхто не здагадваецца, дзяліцца лягчэй, чым ісьцінамі, якія ўсе бачаць, але робяць выгляд, што не заўважаюць. Лора прамовіла ўслых пра свае грудзі, а я ня змог ёй сказаць таго, што – я быў упэўнены! – вось-вось адбылося б. А цяпер ужо позна нешта выпраўляць. Яна стала лётаць, зьнікаць, выпарацца. Яна больш ня зможа стаць чыёй-небудзь. А я дагэтуль вельмі слабы. Лоры не было ў той вечар. Яе не было яшчэ вельмі доўга. Урэшце аднойчы яна прыйшла. Яе калаціла, яна была жудасна гарачай, з бліскучымі вачыма і пачырванелай скурай пад носам. Яна зайшла ў той самай ружовай маечцы, у яе па-ранейшаму не было грудзей. Была толькі тоненькая маечка, жахлівая прастуда і суворая зіма на вуліцы. Яна стаяла пасярод пакою, выставіўшы локці, пакуль мы ўсе глядзелі на яе ў чаканьні чагосьці асаблівага. Лора загадала нам усім захварэць. Мы мусілі кінуць усе свае апошнія жыцьцёвыя радасьці – адзінае, што аддаляла нас ад рэальнасьці і ўсьведамленьня ўласнай нікчэмнасьці. Мы мусілі кінуць стымулятары сваіх галюцынацый і выклікаць іх іншым шляхам – тым, які прынесла Лора ў сваёй узбуджанай крыві. Мы дамовіліся спаць на халоднай падлозе, адчыняць усе форткі, каб быў скразьняк, распранутымі і з мокрымі нагамі шпацыраваць па вуліцах. Праз колькі дзён наша з Антонам тэмпэратура папаўзла ўгору, мы пілі колу зь лёдам, і вельмі хутка ўжо маглі пахваліцца першакляснай прастудай. Лора ганарылася нашым посьпехам, а Том злаваў, бо яго загартаваны арганізм не ўспрымаў пэрспэктыву захварэць як такую ўжо спакушальную. Урэшце, пасьля яшчэ некалькіх дзён, праведзеных у марных спробах, Том пачаў зьлёгку саплівіцца. Тыя мы, якія раней не ўспрымалі нічога, апрача Антонавага жытла, якія хаваліся ў палоне цагляных сьценаў і марна змагаліся там са сваімі жыцьцямі, выйшлі ў шырокі сьвет і, пашыхтаваўшыся, высоўвалі свае ліпкія ружовыя языкі і лізалі сьнежных парашутыстаў, якія залазілі нам у рот. Лора цьвіла. Яна хварэла даўжэй за нас, калі яна ішла, яе вяло, яна размаўляла з уяўнымі сябрамі, якіх больш ніхто ня бачыў. Яна хадзіла ў госьці да невядомых і няісных людзей. Неяк у шарую гадзіну мы з Антонам, загуляныя ў сьнежкі і зьнясіленыя, ляжалі на зямлі пад ягоным домам. Мы глядзелі на кроны дрэваў, старых дваровых ліпаў, і ўяўлялі, як сярод забеленых сьнегам галінаў прарэзваюцца чырвоныя, налітыя сокам і слодыччу яблыкі. Мы наўмысна трымаліся тэмпэратуры 39° С, калі нешта няўхільна зьмянялася ў мазгах, але асьцерагаліся рэзкіх яе спадаў, падчас якіх рабілася млосна, потна ды санліва, і пасьля якіх заўсёды былі рэзкія яе пад’ёмы, калі па ўсім целе разьлівалася невыносная трывожнасьць. Ужо тыдзень, як мы навучыліся вытрымліваць гэткі балянс, і часткова для яго, але хутчэй для ўласнага задавальненьня, валяліся на сьнезе, узіраючыся ў таямнічыя вершаліны. У шарую гадзіну аднекуль зьніадкуль зьявілася Лора. Яна ступала па сьнезе, як кот: бясшумна і не пакідаючы сьлядоў. За ёй плёўся брудны агромністы сабака. Лора і сабака падышлі да нас, і мы, не дамаўляючыся паміж сабой, адначасова адарвалі галовы ад зямлі і селі, а Антон нават зьняў старую вязаную шапку і кранальна ветлівым жэстам прыціснуў яе да грудзей. – Мне прыемна бачыць вас за такім слаўным заняткам, – прамовіла Лора. – Гэта Толік, пазнаёмцеся. – Які гонар! – усклікнуў Антон, і мы па чарзе падалі сабаку рукі. – Гэта цудоўна – сустрэцца ў такі вечар! – зусім шчыра сказаў Анатоль і ў сваю чаргу паціснуў нам рукі сваёй магутнай халоднай лапай. І мы ўчацьвярох пайшлі да Антона, каб заняцца чым-небудзь вясёленькім. Чамусьці было вырашана ехаць на ліфце, і, як бывае пры такіх рашэньнях, ліфт стаў паміж паверхамі без аніякага жаданьня рухацца далей. Пару разоў паспрабаваўшы па зламанай кнопцы выклікаць службу эвакуацыі людзей і сабак, мы пачалі займацца сваімі справамі (а ліфт, дзякуй богу, быў досыць прасторны). Я дастаў фарбавальны балёнчык зь фіялетавай фарбай і ўзяўся маляваць кукурузныя палі на замусоленай сьцяне ліфта, зачапіўшы размашыстым малюнкам сінюю вятроўку Лоры і шэры сабачы хвост. Антон з Анатолем загаварылі пра ўплыў тэхналягічнага прагрэсу на фантазію мастака, а Лора сьпявала індыйскую песеньку, зьвёўшы ўсе словы да фразы «нюняй-нюняі», якія яна прамаўляла жудасна «ў нос», як Нэлі Фуртадо ў песьні «What about to ching ching ching». Я ведаў, што цяпер ноч, што зімовай ноччу вялікія тлустыя зоркі, і можна сьціраць падэшвы чаравікаў, коўзаючыся па лёдзе. Я ведаў, што хутка прыйдзе рэзкая і вострая зімовая раніца, і сонца будзе заліваць беспрынцыповы бясколерны сьнег сьвятлом колеру слановай косткі. Але я пакуль што не хацеў ісьці туды, дзе неба, дзе тлен, дзе зіма, дзе людзі, захутаныя ў свае заворшаныя, ліпкія, замусоленыя апраткі. У ліфце было сьпёртае паветра, у ліфце быў заўсёдна аднатонны млявы ліхтар, у ліфце не было ні зімы, ні лета, ні дня, ні ночы – у ліфце не было чуваць нікога, апроч нас. Затое нас ім чуваць было яшчэ як. Праз пару гадзінаў мы са скрыпам папаўзьлі ўверх, дзе нейкі свой апостал Павал адчыніў нам свае райскія вароты і пазнаёміў з нашай кампаніяй каманду суседзкіх цётак, якія вечна стаяць на варце грамадзкага парадку, бясьпекі, цішыні і мірнага адпачынку. Цёткі пагулі агульным незадавальненьнем, адпусьцілі пару заўваг накшталт «Наркаманы хрэнавы…» і ўрэшце адпусьцілі нас дадому. Дома было цудоўна. Увесь час грала музыка, разносілі катлеты з марцыпанамі і печаныя яблыкі на падносах, а маленькія дзяўчаткі ў белых сукенках для першай камуніі мітусіліся па залі і зьбіралі аўтографы ў зорак. Зоркі, у сваю чаргу, ахвотна балбаталі на розныя тэмы з журналістамі і настойвалі на тым, каб ім абавязкова давалі карэктуры артыкулаў на аўтарызацыю. Журналісты званілі па мабільных тэлефонах, шмат непрыстойна гігікалі і паўтаралі: «Ну, так. Ну, так». Два інфантыльныя хлапчукі з вуснамі, прапахлымі садавіновым вазэлінам, па цэлай вечнасьці прастойвалі ля кожнай карціны, шчабяталі разумнымі словамі і гарэзьліва пашчыпвалі адзін аднаго за зад. Зады ў іх былі пругкія і высокія, а праз тонкія тканіны вызіраў спартовы целасклад. Калі ўсе разышліся, мы паснулі. Зрэшты, можа, заснуў я адзін, але калі я прачнуўся, Лора ў даўгой жоўтай спадніцы бегала па Антонавай хаце і краямі спадніцы забівала вялікіх камароў з мэтровымі хрыбтамі, якія мелі нахабства набівацца сонным людзём у насы і шэлестам сваіх крылаў будзіць сонных людзей, дастаўляючы ім шмат нязручнасьцяў. Антон, выкаціўшыся з-пад піяніна, выкалупваў камара з носа, шмат чмыхаў і ляскаў зубамі, а Толік вычэсваў іх са скатанай поўсьці. Трэба сказаць, што Толік і бяз гэтага быў вельмі блыхасты. Але гэта між намі. Наступнага вечара мы паехалі катацца на трамваях. Гэтых рагатых аднавокіх вусеняў сьмешна хістала ў бакі, калі яны шпарка несьліся з гары, расьсякаючы цёмнае паветра адной магутнай палоскай сьвятла. Яны жудасна грымелі, рыпелі і хрыпелі, а за імі слаўся туман, дзе процьма рабенькіх суіцыдальных вожыкаў распаўзалася на дарозе. Мы несьліся наперад, нікім не заўважаныя і нікому не патрэбныя, пакуль усе астатнія выключалі сьвятло сваіх гаспадарчых крамаў і ўключалі сыгналізацыю. Усе астатнія набывалі паўфабрыкаты ў гастраномах і заварвалі смачныя гарбаты з цыкорыем і гвазьдзікамі. Яны зьбіраліся ля гладкіх самавараў і грэлі рукі на пыльных батарэях. Яны вязалі ваўняныя шкарпэткі сваім унукам і засыналі ля тэлевізара, так і не дачакаўшы прагнозу надвор’я. Яны былі шчасьлівыя сваімі цёплымі ласкавымі вечарамі. І мы таксама былі шчасьлівыя. Мы – хворыя, страчаныя і лішнія – мы таксама былі шчасьлівыя. Пасьля нехта з нас вырашыў, што трэба ісьці ў кінатэатар. У кінатэатры было пуста і змрочна. Апроч нас там былі дзьве маладзенькія эксгібіцыяністкі, якія сядзелі на першым шэрагу і па чарзе падымаліся, паварочваліся да залі і расхіналі свае палітоны, пад якімі знаходзіліся голыя белыя целы. Яшчэ за намі сядзела парачка пэнсіянэраў-кітайцаў, яны ўвесь час дзьмулі адно аднаму ў вуха, і калі галава надзімалася, закручвалі вуха, як хвосьцік у шарыка. Толькі паветра ўсё роўна ўцякала празь іншае вуха. У левым заднім куце, закруціўшыся ў футра, паўляжаў непрыгожы хлопец з рудымі кучаравымі валасамі, ён увесь час кашляў і выпускаў з наздрыны бурбалку. Шэрагу на пятым вельмі гучна сьмяяліся чатыры мужчыны ў скураных куртках, ад іх даляталі словы з каўкаскім акцэнтам, пах кавуноў і таматнай гарэлкі. Мужчыны не зьвярталі ўвагі на эксгібіцыяністак, толькі ўвесь час паварочвалі галаву на нас, але хутка мы зразумелі, што яны заглядаюцца на самотную жанчыну з сумным бліскучым тварам і роўнай сьпінай. Жанчына сядзела крыху наўзбоч ад нас, у яе быў доўгі востры нос і калючыя ваўняныя рукавічкі, расшытыя зіхоткімі пацеркамі. Яна выглядала вельмі спакойнай і сумнай, як тыя, што назаўсёды згаджаюцца жыць у невыноснай роспачы: роспач расьцякаецца па артэрыях, а ўсім здаецца, што боль прытупіўся ад часу. На руках жанчына трымала жвавага селядца, селядзец быў гладкі і прыемны, і ўвесь час матляў галавой, як непаслухмянае дзіця. Кіно пачалося з таго, што маладая гераіня (як звычайна, заліўшыся сьлязьмі яшчэ да таго, як пралінуюць сюжэтную лінію), падышла да нас і, дэманстратыўна плюхнуўшыся мне на калені, адмовілася вяртацца на экран. Хлопец на экране ўвайшоў у кватэру, якая таксама была на экране, і пачаў нэрвова лётаць, ува ўсіх кутах шукаючы гераіню. Апэратар зь цяжкасьцю пасьпяваў за ім, і сьпіна хлопца час ад часу зьнікала за той ці іншай сьцяной з квяцістымі шпалерамі. Ён бегаў і гукаў: «Эляіз! Эляіз! Эляіз! Эляіз!» – а тым часам голас цёткі-дублёркі на беларускай расейскай мове казаў нешта вельмі сьлязьлівае, на што дзядзька-дублёр манатонна гундосіў абыякавыя фразы. Эляіз, упіваючы доўгія замежныя пазногці ў маю каленку, гучна ржала – ня горш за францускую кабылу. Дублёры замоўклі, засьпявала хрыпатая француская мадам, а хлопец, крыху супакоіўшыся, вырашыў працягваць кіно бяз здрадніцы партнэркі. Ён надзеў масіўны гадзіньнік, зачасаў назад змочаныя лясьёнам валасы, пасьля чаго яны леглі, як узараныя барозны, і, з жалем абвёўшы паглядам пакой, імкліва выйшаў з кватэры. На вуліцы яго чакаў шыкоўны кабрыялет і добрае вясновае надвор’е. Дзьве эксгібіцыяністкі на першым шэрагу, адразу зразумеўшы выгадную пэрспэктыву, хуценька пазрываліся зь месцаў, пабеглі на экран і паўскоквалі ў аўтамабіль, калі хлопец ужо скрануў яго зь месца. Хлопец яўна ўзрадаваўся, што для Эляіз зьявілася хоць якая замена. Вусны траіх заварушыліся ў нейкай жывой размове, агучаныя ўсё той жа мэлянхалічнай сьпявачкай. Вецер калашмаціў ім валасы, дзяўчыны залезьлі на заднюю сядушку, паскідвалі вопраткі і пачалі энэргічна варочацца, выстаўляючы вытанчанай Францыі свае простыя хароствы. Хлопец спыніў машыну, павярнуўся да іх і, моцна ўгнеўлены, пачаў указваць пальцам, каб яны вымяталіся. Дзеўкі зарагаталі, тады герой выскачыў з кабрыялету, падляцеў да іх і пачаў сілком нацягваць на адную зь іх яе паліто. Іншая, пакуль тое, гайсанула наперад, завяла аўтамабіль, націснула на газ з усяе сілы і, ня вельмі добра кіруючы, запусьціла машыну, як ракету, ляцець па жаданай Францыі насустрач ветру. Апэратары вельмі разгубіліся, і кадры скокалі адзін за адным без аніякай сувязі: спачатку твар хлопца, які таксама ад разгубленасьці застыў самым звычайным хлопцам, а ня кінагероем; потым кабрыялет, які віхраў па дарозе ўдалячынь; урэшце голыя беларускія эксгібіцыяністкі, прычым толькі іх асобныя часткі, найбольш цікавыя. Кадры мігцелі, а дублёр казаў: – Ты не далжна уежжаць с эцім прайдохай. Астанься, Элаіс, прашу цібя. – Ты, верна, забыл, што я ужэ свабодна, как вецер. Ціпер рэшаць тока мне, – прабубнела дублёрка. – Мне кажэцца, цібе сьледует асьцерагацца пасьпешных рэшэній. – Не учы меня жызьні, Жак. Прашчай, – пераможна амаль прасьпявала дублёрка. І, як заўсёды гэта адбываецца на самым цікавым месцы, фільм рэзка адключылі. У залі запалілася сьвятло і ўвайшлі чатыры міліцыянты. Яны забаранілі нам падымацца і пачалі засяроджана азіраць залю. Урэшце яны знайшлі, што хацелі – і накіраваліся да непрыгожага рудавалосага хлопца, які выдзімаў бурбалку наздрыной. Хлопец з упартасьцю пераможанага ўсё яшчэ глядзеў на экран, які цяпер быў падобны да папсаванага часам шэдэўру Малевіча. Міліцыянты хітра і нясьпешна набліжаліся да яго, гайдаючы галовамі, як чатыры індыкі. Адзін з індыкоў – самы адкормлены – радасна паведаміў, што такая бясконца нестандартная ідэя пашукаць злачынцу ў кінатэатры магла прыйсьці толькі ў ягоную індычую галаву. Хлопец не пераставаў глядзець на экран і паўтараць: «Гэта быў найлепшы фільм з усіх мне вядомых», – пакуль на яго худыя запясьці чаплялі наручнікі і выводзілі яго з залі. Панурыя, мы выплылі на марозную вуліцу, і сьнежны парашок абсыпаў нашыя твары. У той самы момант я адчуў, як моцна мяне трасе. З раніцы мяне калацілі сутаргі. У мяне зводзіла ступні і лыткі, і я бачыў, як дзюймовачкі танчылі на накрыўцы піяніна разам са срэбнымі пузатымі мышамі. Мне было крыху няўтульна ад таго, што ўсе вобразы пачалі ператварацца з дакумэнтальных рэаліяў у карцінкі здурэлай анімацыі. Лора ныла, што яе галава зараз расколецца на часткі, яна ўпілася далонямі ў лоб, і яе твару зусім не было відаць з-за локцяў. Праўда, Лорыны локці былі насамрэч вельмі прыгожыя, вытанчаныя і ружовыя. Бывае, я пачынаю трызьніць яе локцямі. Ня вуснамі, не вачамі, не нагамі. Локці ў яе гэткія ж вострыя, пругкія і значныя, якімі бываюць грудзі. Антон заваліўся пад інструмэнт і спаў. Дзесяць дзён прайшло з таго дня, як мы захварэлі (дзявяты дзень мы бязьдзейна праляжалі на паркеце). І за ўвесь гэты час Антон ні разу не сядаў граць. Ён казаў, што пальцы адмаўляюцца яго слухаць з-за тэмпэратуры, ён больш нічым ня мог сябе заняць. Ён валяўся на падлозе і зрэдчас пахныкваў праз сон. Том хадзіў узад-уперад па бальконе ў адной майцы. У яго так і не атрымалася злавіць той несумненна вар’яцкі кайф, убачыць тое, што бачылі мы, казаць ліхаманкавыя і незвычайныя рэчы і назіраць за пупырышкамі на скуры – дзецьмі хваробы і ўласнай згоды зь яе панаваньнем. Яго зьверскі імунітэт годна вытрымаў выпрабаваньні, і ўсё ў Томавым абліччы дыхала здароўем і лёгкім смуткам. Урэшце Том узяў тэлефон і хвілін дзесяць настойліва набіраў адную і тую ж камбінацыю лічбаў. Пасьля ён паклаў слухаўку і сеў у фатэль. Усё ў яго выглядзе сьведчыла пра супакой, апроч вачэй, якія шалёна лёталі па твары, заскокваючы на вушы і павісаючы на валасах. Празь некаторы час у дзьверы пазванілі. Гэта была Маня, яна зайшла, рашучая і вельмі сур’ёзная, і пачала распытваць Тома, што з намі адбывалася, пакуль яна не наведвалася ў кватэру Антона. Том нешта ёй тлумачыў, але мой слых пастаянна адключаўся, і я ня мог улавіць сэнсу ўсяго, што прамаўлялася. Яны абодва выкацілі Антона з-пад піяніна і пачалі трэсьці, але ён не адказваў, толькі слаба паўрасплюшчваў вочы. Лора запыталася ў Толіка, што адбываецца. Сабака ў адказ разрагатаўся і сказаў, што нам час вяртацца. Маня з Томам разгублена сачылі за Лорай і шэптам пыталіся, з кім яна размаўляе. Толік разьвітаўся з намі, зрабіўшы элегантны кніксэн, і, годна задраўшы галаву, пакрочыў да дзьвярэй. Калі ён адчыніў іх і выйшаў, пакой напоўніўся санітарамі. Яны былі сьнежна-белыя, як райскія анёлкі. Яны ўзялі нас з сабой, і мы, абняўшы іх за шыі, паляцелі разам зь імі, як дзяўчаткі ў купальных строях плывуць за дэльфінамі, трымаючы іх за плаўнікі. Седзячы ўва ўтульнай белай машынцы, я бачыў, як на замеценай сьняжком шашы рабенькія вожыкі танчаць самбу. І мне хацелася сьпяваць. І я сьпяваў. |
|