A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЮРЫ ЛІХТАРОВІЧ | ||||
Навукоўцы ў люстэрку ідэалёгіі
Бабосов Е. М. Основы идеологии современного государства. фармаваньне сучасных уяўленьняў пра сутнасьць ідэалёгіі... найноўшыя ідэалягічныя дактрыны і канцэпцыі, пра вытокі і станаўленьне ідэалёгіі беларускай дзяржаўнасьці... пра сьветапоглядныя асновы і прыярытэты ідэалёгіі беларускай дзяржавы... эканамічную мадэль і палітычную сыстэму дзяржавы, мэханізмы ўзаемадзеяньня ідэалёгіі і ўлады, выхаваўчую ролю сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў у кантэксьце ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Гэтая вельмі амбітная мэта прадвызначыла дасягненьні і хібы дадзенай публікацыі. Да першых належыць навуковая грунтоўнасьць і даволі поўнае прадстаўленьне асноўных навуковых падыходаў да панятку ідэалёгія, адлюстраваньне трактовак і спрэчак, якія вяліся ў гэтым пытаньні на працягу ХХ стагодзьдзя сярод навукоўцаў і палітыкаў як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Праўда, у адрозьненьне ад заходняй навукі, дзе стаўленьне да панятку «ідэалёгія» альбо нэўтральнае, альбо крытычнае1, беларускія навукоўцы паставілі перад сабой мэту «абяліць» гэты панятак, абгрунтаваць важнасьць і неабходнасьць успрымаць грамадзкія працэсы ў Беларусі празь яго прызму. Першая праблема, зь якой сутыкаецца чытач – гэта ўсёахопнасьць дадзенага панятку. Праз усю кнігу ідэалёгія бачыцца як «сыстэма поглядаў і ідэяў», «сыстэма эмацыйна-псыхалягічных сродкаў», «праграма сацыяльных супольнасьцяў і арганізацыяў, нацыяў... дзейнасьць якіх скіравана на захаваньне і пераўтварэньне існуючага грамадзкага ладу»; як «сыстэма ідэяў, уяўленьняў, канцэпцыяў, з дапамогай якіх чалавек разумее грамадзтва, сацыяльны парадак і самога сябе ў гэтым грамадзтве і сьвеце, тэндэнцыі грамадзкага разьвіцьця...». Складнікам ідэалёгіі ёсьць «стратэгічныя прыярытэты дзяржавы, бягучыя мэты і заданьні, патрэбы людзей, асобных сацыяльных групаў і грамадзтва наагул», «Канстытуцыя і правы чалавека», «асаблівасьці фармаваньня беларускага этнасу», «нацыянальная самасьвядомасьць і мэнталітэт», «рэлігія, шматлікія ідэі, каштоўнасьці», «палітычная сыстэма і эканамічная мадэль», «адукацыя і выхаваньне». У выніку маем справу з размаітай інфармацыяй, узятай з розных галінаў гуманітарнай навукі і сабранай пад адной вокладкай. Калі б прыняць панятак «ідэалёгіі», кніга выглядала б як добры падручнік з гісторыі і сучаснасьці беларускай дзяржаўнасьці, дзе падаюцца гістарычныя асаблівасьці фармаваньня беларускай дзяржавы, беларускага народу, яго культурныя асаблівасьці, асаблівасьці палітычнай сыстэмы, эканомікі і адукацыйнай сыстэмы. Па сутнасьці, падобная кніга, з пэўнымі засьцярогамі і дапаўненьнямі, мусіла быць напісана і выдадзена добрых дзесяць гадоў назад. Ужываньне тэрміну «ідэалёгія» выглядае як даніна кіраўніку дзяржавы, які першы актыўна пачаў яго ўжываць. Аўтары так і не змаглі напоўніць яго рэальным зьместам, даволі часта яны абапіраюцца на ўласныя ўяўленьні і меркаваньні, а не на эмпірычныя зьвесткі з апошніх дзесяці гадоў. Найбольш яскравым прыкладам выглядаюць разьдзелы, прысьвечаныя фундамэнтальным прыярытэтам і кансалідуючым ідэям беларускага грамадзтва ў ХХІ стагодзьдзі. Беларусам прыпісваюцца славянскія духоўныя каштоўнасьці: міралюбнасьць, адсутнасьць пачуцьця нацыянальнай перавагі, талерантнасьць, памяркоўнасьць, пошук справядлівасьці бяз гвалту, імкненьне да разумнага кампрамісу, цярплівасьць, павага да людзей зь іншым сьветаўспрыманьнем. Сучасныя сацыялягічныя і гістарычныя дасьледаваньні паказваюць, што такі вобраз далёка не адпавядае рэальнасьці2.
|
(нар. у 1978 годзе ў г. Маладзечне) – выпускнік факультэту палітычных і адміністрацыйных навук Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту, дактарант Школы прыкладных гуманітарных навук пры Інстытуце сацыялёгіі і філязофіі Польскай акадэміі навук. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – аналіз «Кароткі курс посткамунізму» (2/2004).
1 Як заўважыў Рэймон Арон, крытычны падыход трактуе ідэалёгію як «штучную звышыдэю», як сродак легітымізацыі інтарэсаў пэўнай групы, падаваньне іх як супольных каштоўнасьцяў усяго грамадзтва; у нэўтральнай трактоўцы ідэалёгія бачылася як аб’ектыўнае стаўленьне да палітычнай і сацыяльнай рэчаіснасьці, як сыстэматычная інтэрпрэтацыя таго, што адбываецца ў грамадзтве, і таго, што было б пажадана. Гл.: Raymond Aron. Trois Essais sur l’âge industriel. – Paris, 1966. |
Супрацьстаўленьне славянскіх духоўных каштоўнасьцяў (дабрадзейнасьць, калектывізм і саборнасьць, ідэалізм, служэньне грамадзтву) мэнталітэту заходняга чалавека (агрэсіўнасьць, вера ў сябе, здольнасьць валодаць сабой, прагматызм) сьведчыць, хутчэй, пра страх перад глябалізацыяй, няздольнасьць нашай дзяржавы і часткі навуковай супольнасьці прапанаваць сучасны і эфэктыўны адказ на гэты выклік. Замест дыялёгу прапануецца аўтаркія і апора на мітычныя славянскія каштоўнасьці.
Нарэшце, абсалютна не зразумела, чаму неабходнасьць ува ўвядзеньні і фармаваньні ідэалёгіі ўзьнікла толькі пасьля неаднаразовых выступаў прэзыдэнта А. Лукашэнкі. Аўтары максымальна імкнуцца пазьбягаць аналізу прамоваў прэзыдэнта, выкарыстоўваючы іх толькі ў якасьці першай пазыцыі бібліяграфіі, якая пачынае сьпіс выкарыстанай літаратуры. На працягу кнігі яны хочуць пераканаць чытача (ці, можа, цэнзара) у неабходнасьці ідэалёгіі – унівэрсальнай формулы, якая дазволіць захаваць кантроль над грамадзтвам, стабільнасьць палітычнага парадку і ўмагчыміць правядзеньне мадэрнізацыі краіны. Пры гэтым яны абсалютна ігнаруюць «кантэкстуальнасьць» панятку ідэалёгія, якая ў рэчышчы сацыялёгіі ведаў3 аналізуецца праз сацыяльны, палітычны кантэкст яе ўзьнікненьня. Інакш кажучы, за паняткам «ідэалёгія» трэба бачыць перадусім спробу рацыяналізацыі жыцьцёва важных інтарэсаў якойсьці групы. Так, адразу пасьля выбараў 2001 г. для кіруючай групы ў Беларусі паўстала праблема забесьпячэньня далейшай прысутнасьці пры ўладзе, дзеля чаго спатрэбіліся больш эфэктыўныя мэханізмы легітымізацыі. Для гэтага быў актуалізаваны панятак ідэалёгіі, які яшчэ да канца не забыты нашым грамадзтвам. На карысьць гэтага гаворыць і той факт, што ўсе праблемныя моманты, якія зьявіліся за час кіраваньня А. Лукашэнкі, у выданьні апускаюцца: гэта і непастаянства заканадаўства, улучна з Канстытуцыяй, якая мянялася ўжо тры разы, зьнішчэньне раўнавагі галінаў улады, стварэньне падвойнага цэнтру кіраваньня (Адміністрацыя прэзыдэнта, якая дублюе і кантралюе ўрад), цкаваньне нацыянальнай мовы, іншадумства, перасьлед за рэлігійныя перакананьні, безупынная рэформа адукацыі, адкладзеныя рэформы сыстэмы аховы здароўя, пэнсійнага забесьпячэньня, бюракратызацыя гаспадаркі, неправедзеная рэформа мясцовага самакіраваньня і г. д.
|
2 Гл. між іншага грунтоўнае гістарычнае дасьледаваньне, прысьвечанае традыцыйнай беларускай вёсцы: Носевич В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. – Минск: Технология, 2004. |
У цэлым, гэтая кніга вельмі добра адлюстроўвае сучасны стан мысьленьня беларускіх навукоўцаў. За прамінулыя чатырнаццаць гадоў незалежнасьці Беларусі гуманітарная навука не змагла да канца адаптавацца да новай рэчаіснасьці. Можна сказаць, згадваючы Т. Куна, што ў Беларусі яшчэ ня скончыўся пераход ад адной навуковай парадыгмы да іншай, што, паводле гэтага аўтара, ёсьць умовай разьвітасьці навукі. За гэтыя гады беларускія навукоўцы змаглі пазнаёміцца з напрацоўкамі заходняй гуманітарнай навукі (у тым ліку паліталёгіі, сацыялёгіі), але надалей сучасныя палітычныя і эканамічныя працэсы ўспрымаюцца праз прызму мы/яны. Аўтары згаджаюцца з тым, што «сацыялізм безнадзейна прайграў эканамічнае спаборніцтва краінам вольных рынкавых адносінаў», з разьдзелу ў разьдзел пабудова праўнай дзяржавы, павага да правоў чалавека, роўнасьць перад законам, раўнавага галінаў улады, моцная і эфэктыўная эканоміка, гарантаваная сацыяльная абарона падаюцца ў якасьці прыярытэтаў ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Разам з тым вонкавы сьвет надалей падаецца як пагроза Беларусі, што выражаецца ў страху апынуцца на пэрыфэрыі глябальнага сьвету, патрапіць пад ціск спажывецкасьці і індывідуалізму.
Беларуская гуманітарная навука знаходзіцца на раздарожжы: ёсьць разуменьне, што навакольны сьвет мяняецца, што неабходна мяняцца і самім, але пакуль найлепшым выйсьцем падаецца зварот да старых, традыцыйных схемаў: ідэалёгіі і славянскасьці. Кніга, напісаная акадэмікам Яўгенам Бабосавым, вылучаецца сваёй ідэйнай і мэтадалягічнай пасьлядоўнасьцю, але пры гэтым яна больш спрошчаная і павярхоўная, падае асабістыя меркаваньні аўтара як аб’ектыўныя законы рэчаіснасьці. У адрозьненьне ад першага выданьня, якое спрабуе да некаторай ступені адукоўваць і выхоўваць сёньняшнюю прыўладную эліту, другое выданьне прызначана, як напісана ў анатацыі, для студэнтаў, выкладчыкаў і арганізатараў ідэйна-выхаваўчай працы ў калектывах і арганізацыях. Аўтар не хавае інструмэнтальнай скіраванасьці сваёй працы, а галоўнае прызначэньне ідэалёгіі бачыць ува ўзьдзеяньні на асобу. Ідэалёгія мае мацнейшы за палітыку ўплыў на людзей, бо ў ідэалягічнай працы выкарыстоўваецца заклік і перакананьне, а ў палітыцы – сродкі адміністрацыйнага ціску. Гэта робіць з ідэалёгіі «спэцыфічную форму санкцыянаваньня існуючай у грамадзтве сыстэмы панаваньня і падпарадкаваньня, вызначанага рэжыму ўлады, альбо, наадварот, іх радыкальнага пераўтварэньня». Пераходзячы да прадметнага агляду ідэалёгіі беларускай дзяржавы, аўтар спыняецца на абмеркаваньні «беларускай ідэалягічнай трыяды»: нацыянальнай ідэі, традыцыйных каштоўнасьцяў беларускага народу і канстытуцыйна-праўных асноваў. Беларуская нацыянальная ідэя пачынаецца тут з клясычнага «называцца беларусамі» і «людзьмі звацца». У канчатковай форме яна вызначаецца як імкненьне да ўмацаваньня нацыянальнай самабытнасьці, гэта значыць нацыянальнай самасьвядомасьці, разьвіцьця нацыянальнай культуры, мовы і нацыянальнай дзяржаўнасьці, а таксама імкненьне да адзінства з братнім расейскім і ўкраінскім народамі. На прадказальную думку Бабосава, першай формай рэалізацыі сапраўднай беларускай дзяржаўнасьці была БССР, а БНР была толькі дэклярацыяй: У сваім імкненьні атрымаць сапраўдную дзяржаўнасьць беларускі народ – і гэта важны гістарычны досьвед і важны практычны крок да рэалізацыі нацыянальнай ідэі – з двух магчымых на той час вырыянтаў выбраў і падтрымаў тую дзяржаву, якая абвяшчала ўладу працоўных, сацыяльную справядлівасьць і роўнасьць нацыяў. Далей аўтар падае сапраўдны пантэон традыцыйных беларускіх каштоўнасьцяў, закладзеных у ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Сярод іх і любоў да радзімы, талерантнасьць і свабода разам са справядлівасьцю, працавітасьць, непрыманьне прыгнёту і г. д. У выніку чытач атрымлівае не канкрэтную інфармацыю пра каштоўнасьці сучаснага беларускага грамадзтва, а цэлы набор ідэалягемаў, зь якімі ніхто ня будзе спрачацца. У падобным бізантыйска-ідэалісцкім рэчышчы аўтар падае і канстытуцыйна-праўныя асновы беларускай дзяржавы. У найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі вылучаюцца два пэрыяды: першы да сярэдзіны 1990-х г., які апісваецца ў катэгорыях сьветапогляднай драмы і дэмагогіі, другі пэрыяд – зь сярэдзіны 1990-х г., калі народ «выказаўся за прэзыдэнцкую рэспубліку з моцнай прэзыдэнцкай уладай». Канчатковай формай трыюмфу беларускай дзяржаўнасьці ёсьць аб’яднаньне расейскага і беларускага народаў у Саюзную дзяржаву. Перагортваючы апошнія старонкі публікацыяў, прысьвечаных ідэалёгіі, ці, дакладней, асновам ідэалёгіі беларускай дзяржавы, згадваецца заўвага, зробленая прадстаўнікамі нэаінстытуцыянальнай школы паліталягічных дасьледаваньняў: «чым больш ідуць пераўтварэньні, тым больш мы разумеем, наколькі мы прывязаныя да мінулага»4. Дэбаты пачатку 1990-х г. адносна беларускай дзяржаўнасьці былі вельмі вострымі: адны аўтары ў эмацыйным запале спрабавалі давесьці штучнасьць і выпадковасьць такой зьявы, як незалежная беларуская дзяржава, іншыя, наадварот, сьцьвярджалі, што беларуская дзяржаўнасьць мае шматгадовую ўнікальную гісторыю і права на існаваньне. Так наша навуковая грамадзкасьць пачынала вучыцца свабодзе акадэмічных дэбатаў, плюралізму думак і пошуку кампрамісу.
|
3 Сацыялёгія ведаў паказвае, што ідэі, гэтаксама як і людзі, маюць сваё грамадзка акрэсьленае месца, а ідэі ня могуць разьвівацца ў ізаляцыі ад грамадзкага кантэксту, у рамках якога пэўныя людзі думаюць пра пэўныя рэчы. |
На сёньняшні дзень дзяржава ўзяла на сябе абавязак вызначаць адзіна правільнае разуменьне беларускай дзяржаўнасьці і крок за крокам спрабуе абмежаваць дыяпазон дапушчальных поглядаў і аргумэнтаў. З дапамогай акадэмічных паводле сваёй строгасьці і сьцісласьці фармулёвак нас зноў спрабуюць вярнуць у тыя часы, калі палітычныя і сацыяльныя працэсы ў грамадзтве тлумачыліся праз прызму адзінай абавязковай ідэалёгіі, пры гэтым ня так важна, наколькі гэтая «сыстэма поглядаў і ідэяў» адпавядала рэчаіснасьці і адлюстроўвала сучасныя тэндэнцыі разьвіцьця грамадзтва. У імя гэтага адных навукоўцаў выганяюць з катэдраў, забараняюць працаваць, іншыя за стабільнасьць існаваньня, сацыяльны статус, пэўны «інтэлектуальны камфорт» самі згаджаюцца адмовіцца ад акадэмічных свабодаў і каштоўнасьцяў.
І ўсё ж, хаця традыцыйна працэс ідэалягізацыі навукі ўспрымаецца зь вялікай занепакоенасьцю, бо насаджае безальтэрнатыўнасьць, сэрвільнасьць і памяншае давер да навукі ўвогуле, зьяўленьне падобных падручнікаў можа адыграць пэўную пазытыўную ролю. Дастаткова суняць жарсьці і эмацыйныя спрэчкі, каб «халодны навуковы розум» узяў сваё. |
4 Гл. наконт нэаінстытуцыяналізму: Peter A. Hall, Rosemary C. R., Taylor. La science politique et les trois néoinstitutionnalismes // Revue Française de Science Politique. Vol. 47, № 3–4, juin-août 1997. с. 469–496. Наконт нэаінстытуцыянальнай пэрспэктывы ў дасьледаваньнях посткамунізму гл.: Jon Elster, Claus Offe and Ulrich K. Preuss with Frank Boenker, Ulrike Goetting, and Friedbert W. Rueb. Institutional Design in Post-communist Societies. Rebuilding the Ship at Sea. – Cambridge: Cambridge University Press, 1998. |
|