A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЯН МАКСІМЮК | ||||
Разьмінка перад мардабоем
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў на пачатку свайга гадавога пасланьня беларускаму народу ў нацыянальным сходзе 19 красавіка, каб не чакалі ад яго «глябальных ідэяў». Маўляў, якраз канчаецца пяцігодка, і галава ў яго занятая надзённым клопатам, каб замацаваць посьпехі папярэдніх чатырох гадоў і ўпэўненым крокам выйсьці на новыя рубяжы.
Зьбіраючыся напісаць некалькі заўваг да гэтага пасланьня галавы беларускай дзяржавы, я хутка перагледзеў тое, што я пісаў для RFE/RL Belarus and Ukraine Report пра Лукашэнкавы выступы ў парлямэнце год, два і тры таму. Выявілася адна цікавая рэч: нацыянальнаму сходу выразна не шанцавала пачуць сапраўды глябальныя ідэі з вуснаў беларускага прэзыдэнта. Такія задумы, як канструкцыя восі Менск–Масква–Пэкін, каб супрацьстаяць аднаполюснай мадэлі сусьветнай палітыкі, або пераўтварэньне Беларусі ў цэнтар праваслаўнай цывілізацыі, Лукашэнка агучваў у іншых сьценах і на іншых форумах. Беларускія сэнатары і дэпутаты яшчэ не заслужылі гэткага гонару? Пасьля дзяжурнай рытарычнай фігуры пра галотную Беларусь, якая стаяла на каленях у часы кіраваньня ёю «лібэрал-дэмакратамі», прэзыдэнт адразу паведаміў пра міжнароднае прызнаньне ягонай выратавальнай эканамічнай палітыкі:
Цалкам нядаўна міжнародная арганізацыя – па-мойму, ААН – прыемныя для мяне і ўсіх нас у тым ліку абнародавала факты: усяго толькі 2 працэнты нашага насельніцтва жывуць за 2 даляры ў дзень, гэта значыць, за 60 даляраў у месяц. Гэта вельмі добры паказьнік, супастаўны з высокаразьвітымі дзяржавамі. І гэта ня нашы дадзеныя, гэта дадзеныя міжнародных арганізацыяў.
Файная канстатацыя, сама менш зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, каб паказаць перавагі сваёй эканамічнай мадэлі, прэзыдэнт прапануе параўноўваць парамэтры беднасьці (ці нават галечы), а не багацьця. Па-другое, ён падкрэсьлівае, што гэта ня «нашы дадзеныя», а «іхныя» – значыць, крайне Беларусі непрыхільныя, але ўсё ж такія, што гавораць на яе (ягоную) карысьць. Зьвернемся да «нашых» дадзеных, больш прыхільных. Нядаўна Міністэрства статыстыкі Беларусі абнародавала вынікі свайго апытаньня наконт таго, як жылося беларускім сем’ям у 2004 г. Аказваецца, 65 працэнтаў беларускіх сем’яў ня ў змозе выдаткаваць больш чым $100 на чалавека ў месяц. Чаму прэзыдэнт не параўнаў гэтага паказьніка з падобнымі ў высокаразьвітых краінах? Мая здагадка: у гэткім выпадку трэба было б перагледзець дэфініцыю высокаразьвітай краіны, як мінімум. А да гэта беларускі ўрад відавочна яшчэ не дасьпеў. У мінулыя гады беларускі прэзыдэнт цытаваў такі паказьнік ААН, які называўся «індэксам чалавечага разьвіцьця» (human development index, HDI). Гэты індэкс укідваў Беларусь дзесьці ў сярэдзіну другой пяцьдзясяткі сярод амаль 200 дзяржаваў-членаў ААН. Ну, чым не салідны рэйтынг, прытым, «іхны», ня «наш». Але калегі зь Беларускай службы падрыўной радыёстанцыі, на якой і я працую, пацікавіліся ў экспэртаў ААН, што такое HDI і як яго вылічаюць. Аказваецца, вылічаюць яго паводле стандартнай і зусім не сакрэтнай працэдуры, з дадзеных, якія прадастаўляе зацікаўлены ўрад. Вось як. Пасьля тае перадачы Лукашэнка перастаў гаварыць пра «індэкс чалавечага разьвіцьця» ў Беларусі. Па чутках, нехта зь Беларускай службы ўжо высьвятляе ў ААН, якім жа чынам Беларусь змагла дасягнуць узроўню галечы высокаразьвітых краінаў, скажам, хоць бы такой Швэцыі. Зноў жа мая здагадка: як мінімум высьветліцца, што дэфініцыі «рыначнага сацыялізму» ў Швэцыі і Беларусі значна разыходзяцца. Я абміну тую частку прэзыдэнцкага дакладу, дзе цытуюцца павальныя тэмпы росту ВУП і даходаў насельніцтва Беларусі ў даляравым эквіваленце за апошнія гады. Гэта была копія дакладаў генэральных сакратароў ЦК КПСС на зьездах і пленумах КПСС часоў застою, напісала «Наша Ніва». Мне, які тых пленумаў не глядзеў і ня слухаў, выпадае толькі пагадзіцца. Аднак і да мяне даходзіць разуменьне мацаты гэтага нашаніўскага камплімэнту. Даклады генэральных сакратароў на пленумах узьдзейнічалі на слухачоў хутчэй як літургія на царкоўнаславянскай мове на праваслаўных вернікаў – значыць, ня словам і зьместам, а музыкай і рытуалам. «Я ня ведаю, пра што ён гаварыў, але слухала б яго бясконца», – кажа адна цётка ў адной апокрыфнай гісторыі пра дзьвюхгадзінныя выступы беларускага прэзыдэнта. І ў гэтым справа. Тыя, што ведаюць, не бяруцца пад увагу як нейкая істотная частка электарату. Канечне, нават самаму зацятаму апанэнту і непрыхільніку беларускага прэзыдэнта неадольна рупіць дачакацца таго месца, калі ён адхіліцца ад напісанага тэксту і ўлупіць прамым наводам «сьвядомым» ды іншым «бамжам-шарлятанам», што швэндаюцца па маргіналіях беларускай палітыкі зь мяхамі заходніх грошай. Мы катэгарычна не прымаем сцэнароў дэмакратычнай зьмены палітычных элітаў, не пажаданых для Захаду, заявіў урэшце прэзыдэнт, – усе гэтыя каляровыя рэвалюцыі – на самай справе ніякія не рэвалюцыі, гэта адкрыты бандытызм пад выглядам дэмакратыі. І сказаў, што рэакцыя дзяржавы на «расхістваньне сытуацыі» будзе «жорсткай і адэкватнай». Інакш кажучы, будуць біць, і хутчэй за ўсё – моцна. Да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ больш за год, але ў некаторых пасажах 19 красавіка беларускі прэзыдэнт дасягнуў ужо таго накалу, што характарызаваў ягоныя выступы наконадні выбараў 2001 г. Асабліва ў абмаляваньні шызафрэнічнай атмасфэры змовы супроць Беларусі і ейнага прэзыдэнта з боку найбліжэйшых суседзяў: Польшчы, Літвы і Ўкраіны. Гэта ня «Белы бусел» 2001 г., гэта ўжо сама менш «Крумкачовы вырай».
– Я яшчэ хачу папярэдзіць, не палічыце гэта пагрозай, амбасаду Польшчы, – сказаў Лукашэнка. – Мы ведаем, што адбываецца ў вашай амбасадзе, і ведаем вашу работу. І ня думайце, што палякі ў Беларусі – гэта не грамадзяне Беларусі. Гэта нашы грамадзяне. Мы нікому не дазволім іх пакрыўдзіць, і галаву дурыць (мозги пудрить) вы ім таксама ня будзеце. Бачыце, сёньня выпрацоўваюць, што будзем рабіць у 2006 годзе. Украіна фармуе лягеры – мы, маўляў, адтуль вам падкінем рэвалюцыянэраў. Палякі працуюць у заходняй частцы, у тым ліку праз Каталіцкую царкву, але ня вельмі атрымоўваецца. Католікі – гэта нашы католікі. Мы іх не ўшчамляем. Мы даўно ведалі, што вы будзеце націскаць гэтую частку насельніцтва, каб дэстабілізаваць. На Палесьсі таксама спрабуюць працаваць. Я кажу: ну, хворыя людзі. Яны не разумеюць, што беларусы жывуць у зусім іншым сьвеце, што гэтыя палешукі – гэта самая надзейная наша апора, што палякі ўжо даўно сталі нашымі палякамі, яны ня бачаць іншай зямлі для жыцьця, чым у Беларусі. Ім ня трэба ні Польшча, ні Літва, ні іншыя дзяржавы. А яны спрабуюць туды ўлезьці. Мы гэта бачым. Да нас гэтыя людзі самі прыходзяць і расказваюць. Яны ж мяне ніколі ня здрадзяць.
Няхай чытачы прабачаць мне гэтую даўгаватую цытату. Мне прыемна перакладаць літаратуру наагул, а тут проста цікавая літаратура і, так бы мовіць, зь неблагой псыхааналітычнай закваскай. Сьпікер польскага парлямэнту, Уладзімеж Цімашэвіч, акрэсьліў Лукашэнкавы выпады на адрас Польшчы «скандальнымі» па форме і «бессэнсоўнымі» па зьмесьце. У прэсавых камэнтарах у Польшчы пераважала абурэньне, але, здаецца, ня так з-за абвінавачаньня краіны ў падрыўной дзейнасьці супроць Беларусі, як з-за Лукашэнкавага сьцьверджаньня, што беларускія палякі – гэта такія ж заядлыя лукашысты, як і палешукі. Ну, такога палякі доўга не забудуць. Беларускі прэзыдэнт папаў ім тут у самую іхную мэнтальнасьць. А мне асабіста, як польскаму палешуку, нічога. Бо я ведаю, што большасьці польскіх беларусаў абсалютна да лямпачкі, хто кіруе Рэспублікай Беларусьсю – Лукашэнка ці Пазьняк – і што ў гэтай краіне адбываецца. У іх ёсьць свая Беларусь, якую яны падтрымоўваюць цалкавіта па-за кантэкстам Рэспублікі Беларусі (ці нават насуперак яму) і «ня бачаць іншай зямлі для жыцьця, чым у Польшчы». Але ў шырэйшай пэрспэктыве відавочна непазьбежнае пагаршэньне польска-беларускіх дзяржаўных адносінаў можа нэгатыўна закрануць і беларускую мяншыню ў Польшчы. Скажу на гэты правінцыйны конт пару словаў пры нагодзе прэзыдэнцкага пасланьня, замест таго, каб улазіць у эўрапейскія і атлянтычныя кантэксты прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 г. Пра гэтае астатняе ёсьць каму паразважаць і ў самой Беларусі. Вось жа, паверыце ці не, але ўрад Рэспублікі Беларусі ў гэтым годзе прыняў праграму супрацоўніцтва зь беларускай мяншыняй у Польшчы на 2005–2010 гг. Праграма мае на мэце «дапамогу і разьвіцьцё ды ўзаемнае карыснае супрацоўніцтва Беларусі і беларускай меншасьці ў Польшчы, якія маюць служыць фармаваньню добрасуседзкай паласы вакол Беларусі і захаваньню тоеснасьці беларускай меншасьці ў Польшчы» (як сказаў беластоцкай «Ніве» беларускі амбасадар у Варшаве Павал Латушка). «Мэта гэтае праграмы – таксама абарона грамадзянскіх правоў і нацыянальна-культурных інтарэсаў беларускай меншасьці ў Польшчы згодна зь міжнароднымі законамі», – падкрэсьліў Латушка. Інакш кажучы, разьвілі беларускасьць і грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, а цяпер бяруцца за Беласточчыну. Усё гэта здалёк пахне гэбісцкай правакацыяй і непрыхаваным цынізмам, але я ўпэўнены, што ў нейкай байструкаватай форме нешта з гэтай праграмы будзе приведено в исполнение (ну, хаця б нейкі абмен фальклёрнымі калектывамі або выезд настаўнікаў беларускай мовы зь Беласточчыны на курсы ў Менск, што практыкавалася і раней). Балазе, у Беластоку ёсьць Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, якое не цураецца кантактаў зь цяперашнім афіцыйным Менскам. Безумоўна, маладзейшыя актывісты беларускага руху на Беласточчыне пад дахам Беларускага саюзу, якія зацікаўленыя ў аднаўленьні вяшчаньня радыё «Рацыя», у гэтай праграме ўдзельнічаць ня будуць. Але нешта паміж Менскам і Беластокам усё ж будзе круціцца, і гэта дасьць Менску пэўныя невялікія рычагі ўплыву сярод мяншыні, а таксама шмат фактаграфічнага матэрыялу, які несумненна будзе скарыстаны Менскам у прапагандысцкім мардабоі з Варшавай у выбарчай кампаніі 2006 г. Беластоцкія беларусы атрымаюць, самі таго ня хочучы, абаронцу іхных правоў у асобе самога Лукашэнкі. Пры такім абаронцу дык і ворагаў ня трэба, як той казаў. Спадзяваньне на выратаваньне тут перш за ўсё на духоўную непарушнасьць беластоцкіх ліцьвіноў і падляшукоў: як не прыкончыла нас на Беласточчыне ізаляцыя ад Беларусі ў часы БССР, гэтак нічога благога нам не павінна зрабіць і цяперашняя зацікаўленасьць намі лукашэнкаўскай Рэспублікі Беларусі. Мы і бяз вас ведаем, як сысьці з гэтага сьвету. Але ўсё ж пачакаем, пакуль вы сыдзеце першыя, таварышы.
|
аналітык радыё "Свабода", выбітны дзяяч беларускае культуры. |
|