A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ПЁТРА РУДКОЎСКІ | ||||
Стратэгіі барацьбы за рэальнасьць Олег Манаев. Становление гражданского общества в независимой Беларуси. Социологические опыты: 1991–2000. – Минск: ФилСерв плюс, 2000. Беларусь на пути в третье тысячелетие. – Минск: ФилСерв плюс, 2001. Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность. – Новосибирск: Водолей, 2004. Біблійная нарацыя зьяўляецца даволі добрым інтэрпрэтатарам сучасных беларускіх рэаліяў, але яна ня можа замяніць – як гэта некаторым, можа, хацелася б – сацыялягічнага апісаньня. Вось жа цягам апошніх трынаццаці гадоў паўстала ў нашай краіне блізу двух дзясяткаў незалежных дасьледніцкіх цэнтраў (НДЦ), сярод якіх найбольш вядомыя – Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), лябараторыя «Новак», Аналітычны цэнтар «Стратэгія» і інш. У 1997 г. адбылося аб’яднаньне найбуйнейшых НДЦ у асацыяцыю «Беларускія фабрыкі думкі» (БФД). Дзейнасьць незалежных сацыялягічных цэнтраў рэгулярна асьвятляецца ў мас-мэдыях – дзяржаўных і недзяржаўных. Неабходнасьць такіх цэнтраў усьведамляецца і грамадзтвам, і элітамі (паводле апытаньняў тых жа цэнтраў, паказьнік даверу НДЦ ледзь ня самы высокі ў параўнаньні з паказьнікам даверу іншым грамадзкім і дзяржаўным інстытутам), а самі прадстаўнікі незалежных цэнтраў называюць сваю дзейнасьць «барацьбой за рэальнасьць». Тое, што завецца «навуковай экспэртызай», зазвычай ёсьць вынікам цяжкой і доўгай працы (плянаваньне апытаньняў у сьцісла ўстаноўленым парадку, сама працэдура апытаньняў, апрацоўка сабранага матэрыялу, яго аналіз і інтэрпрэтацыя). Тым ня менш, нельга сказаць, што аўтары гэтых экспэртызаў, г. зн. «экспэрты», абсалютна свабодныя ад уласных «вераваньняў» і прэфэрэнцыяў. А гэтыя прэфэрэнцыі, як правіла, пакідаюць свой адбітак на справаздачных і прагнастычных публікацыях, якім прыметнік «навуковыя» надае высокую ступень імавернасьці. Адсюль, нашым заданьнем будзе ня столькі прэзэнтацыя вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў (тым больш, што з доступам да гэтых вынікаў значных праблемаў няма), колькі дыскусія з паасобнымі аўтарскімі артыкуламі і абмеркаваньне некаторых спрэчных – з мэтадалягічнага гледзішча – пытаньняў. Асаблівую ўвагу зьвернем на праблемы, фундамэнтальныя для навуковай сацыялёгіі: «нэўтральнасьць» і «незаангажаванасьць», паняцьце «сацыялягічнага факту» і старая дылема стасунку паміж «ёсьць – павінна быць» (Sein-Sollen). Паспрабуем таксама раскрыць тыя сьветапоглядныя і філязафічныя ўстаноўкі, якія ўласьцівыя незалежным сацыёлягам.
Пачнем ад агляду выданьня «Моладзь і грамадзянская супольнасьць: беларускі варыянт». Гэта зборнік артыкулаў, выдадзены НІСЭПД пад рэдакцыяй прафэсара Алега Манаева накладам 500 асобнікаў, згрупаваных вакол трох тэмаў: «Моладзь і палітыка», «Моладзь і эканоміка», «Моладзь і грамадзтва», напісаных вядомымі сацыёлягамі, эканамістамі і філёзафамі, як, напр., Юры і Галіна Дракахрусты, Анатоль Лысюк, Алег Манаеў, Анатоль Рубанаў, Аляксандар Фядута, Аляксандар Сасноў і інш. У якасьці заключэньня зьмешчаны беларускамоўны тэкст лідэра «Маладога фронту» Паўла Севярынца пад назовам «Беларусь у маладосьці». «Беларусь у маладосьці» – гэтая фраза хоць і мае ў сабе пэўны рамантычны посмак і, магчыма, крыху прэтэнцыёзная, але ўсё ж нельга сказаць, што яна – адно толькі пусты прапагандысцкі лёзунг. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што моладзь (16–30 гадоў) – гэта ня толькі добра адукаваная і сьвядомая частка насельніцтва, але таксама група, арыентаваная на пэўныя культурныя і духоўныя каштоўнасьці (у той час як «старэйшыя» характарызуюцца большай грамадзянскай інэртнасьцю і большай культурнай абыякавасьцю). Аляксандар Лукашэнка, які, як цьвердзіць А. Фядута, узяў курс на «рэстаўрацыю герантакратычнай дзяржавы», ня цешыцца папулярнасьцю сярод маладых людзей (колькасьць перакананых праціўнікаў прэзыдэнта больш чым удвая перавышае колькасьць яго перакананых прыхільнікаў – водле вынікаў апытаньняў, праведзеных Ю. і г. Дракахрустамі ў 1997–1999 гг.). Цікава таксама, што, як сьцьвярджаюць Дракахрусты, маладыя «лукашэнкаўцы» меней давяраюць грамадзтву, у якім жывуць, чымся «антылукашэнкаўцы». Маладыя прыхільнікі Лукашэнкі таксама вельмі часта дэкляруюць «глябальны недавер» навакольнаму сьвету. Яны не давяраюць ня толькі незалежным ды апазыцыйным структурам, але таксама большасьці дзяржаўных інстытутаў! Тым ня менш, як кажа ў прадмове Алег Манаеў, «у Беларусі існуе досыць традыцыйны для многіх краінаў ня столькі канфлікт пакаленьняў, колькі канфлікт каштоўнасьцяў. Сутнасьць справы палягае ў тым, што антаганістычныя каштоўнасьці ня цалкам пароўну раскладваюцца паміж старэйшым і маладым пакаленьнем». І сапраўды, згодна з вынікамі апытаньняў НІСЭПД, каштоўнаснай «прорвы» паміж старымі і маладымі няма. Прыкладам, на стан 1999 г. 49,9 % маладых аддавала перавагу рынкавай эканоміцы зь нязначным дзяржрэгуляваньнем, а прыхільнікаў такой опцыі сярод старых (якім за 50 гадоў) было 31,1 % (ня так ужо й мала!). Адначасна маладых прыхільнікаў значнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў рынкавую эканоміку было ажно 30,4 %, а не бракавала сярод моладзі і прыхільнікаў плянавай эканомікі (10,6 %), хоць, праўда, прыхільнікаў «эканамічнага сацыялізму» было больш як утрая болей сярод старэйшых беларусаў (35,2 %). Аналягічна, радыкальнага дысбалянсу паміж старэйшым і маладым пакаленьнем не было і ў палітычных ці культурных прэфэрэнцыях. Наагул жа, можна казаць пра наяўнасьць немалога поля палітычна-эканамічных прэфэрэнцыяў, супольнага для старых і маладых. І адны, і другія ў значнай ступені схіляюцца да сацыял-дэмакратычнай мадэлі эканамічнай палітыкі, хоць у старых заўважаецца выразная гравітацыя ў кірунку савецкага сацыялізму, а ў маладых – у кірунку эканамічнага лібэралізму. Тэкст Паўла Севярынца пад назовам «Беларусь у маладосьці», без сумневу, вартасны ў якасьці «пэдагагічнага праекту». Ён мае вельмі добра акрэсьленую аксіялягічную падаснову (выражаную скарочана ў формуле: «беларуская форма – хрысьціянскі зьмест»), але яго цяжка назваць справаздачным. Напрыклад, заява П. Севярынца пра тое, што моладзь «у сваёй аснове» – праэўрапейская, а не «прасавецкая» і не «прарасейская», зьяўляецца, бадай, рытарычным прыёмам, які ня столькі называе фактычны стан, колькі сугеруе ў падтэксьце: «моладзь павінна быць праэўрапейскай, а не прарасейскай». Што ж тычыцца фактычнага стану, то, як паказваюць вынікі сацыялягічных апытаньняў, пададзеных Ю. Дракахрустам, маладых прыхільнікаў адбудовы СССР ня так і мала (іх колькасьць вагаецца ад 24 % да 32 % водле дадзеных за 1997 г.), а прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй амаль столькі ж сама, што і праціўнікаў (водле дадзеных за 1996 г.), прычым пэўная частка моладзі сумяшчае празаходнюю і прарасейскую арыентацыі. Хоць вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў і нельга прыпісваць абсалютную беспамылковасьць, усё ж разыходжаньні паміж Севярынцавымі канстатацыямі і канстатацыямі навукоўцаў насьцярожваюць. Трэба прызнаць, што ў дыскурсе Паўла Севярынца «ідэйная павіннасьць» дамінуе над «рэальнай фактычнасьцю» і, што горш, падмяняе яе: тое, што «павінна быць» (згодна з ідэйнай праграмай П. Севярынца і ягоных паплечнікаў), прадстаўлена як тое, што «ёсьць». Такая фузія фактаў і каштоўнасьцяў у дыскурсах палітыкаў – зьява надзвычай частая, характэрная ня толькі для Беларусі, тым ня менш, «канфлікт з рэчаіснасьцю» зазвычай да дабра не прыводзіць. Грунтуючыся на тэксьце Паўла Севярынца (што праўда, шасьцігадовай даўнасьці, але, здаецца, ідэі, у ім выкладзеныя, за гэты час не былі паддадзены радыкальнаму перагляду), даводзіцца зрабіць выснову, што «МФ» прэтэндуе быць адзіным рэпрэзэнтантам усяе моладзі Беларусі. А калі, прынамсі, палова (калі ня болей) беларускай моладзі ўсё ж такі не падзяляе ідэалёгіі «МФ» (першынство Нацыянальнай Ідэі, праэўрапейскасьць, хрысьціянскі кансэрватызм), то паўстае лягічная выснова, што трэба ўзяць на сябе цяжар місіі навярнуць другую палову моладзі на маладафронтаўскую ідэалёгію. Такім чынам, Павал Севярынец і ягоны «Фронт» мае ўсе «шанцы» паўтарыць памылкі Народнага Фронту пазьнякоўскай (даэміграцыйнай) эпохі, які амаль да канца (аж да расколу) не пагаджаўся быць партыяй, а ўпарта прэтэндаваў быць агульнанародным «вызваленчым» рухам, будучы насамрэч выразьнікам прэфэрэнцыяў толькі часткі беларускага грамадзтва. Няўрымсьлівае імкненьне да «ўсёабдымнасьці» ня толькі выклікае зразумелае раздражненьне ў прадстаўнікоў альтэрнатыўных опцыяў, але і паралізуе фармаваньне выгадных з палітычнага гледзішча кааліцыяў. Якая можа быць кааліцыя – неаднойчы казаў (наўпрост ці ўскосна) Зянон Пазьняк, – калі Народны Фронт – гэта ўсенародны рух? Калі вы – за Беларусь, то ідзіце пад штандар Народнага Фронту, калі не, то не перашкаджайце нам у сьвятой справе! Калі «Малады фронт» зойме такую ж пазыцыю, то папросту выкліча эфэкт «палітыкі дыстансу» з боку іншых моладзевых аб’яднаньняў і рухаў. Тады выйдзе вынік, супрацьлеглы да задуманага.
«МУДРЕЦ ПОСТРОИЛ ДОМ СВОЙ НА СКАЛЕ» На чарзе – абмеркаваньне кнігі, выдадзенай зноў жа НІСЭПД, «Станаўленьне грамадзянскай супольнасьці ў незалежнай Беларусі. Сацыялягічныя вопыты: 1991–2000». Гэтае ёмістае выданьне (626 старонак) зьмяшчае артыкулы (беларускамоўныя і расейскамоўныя) Манаева і пра Манаева, апублікаваныя ў самых розных, дзяржаўных і недзяржаўных, мэдыях (пачынаючы ад «Советской Белоруссии» і заканчваючы «Свабодай»); сярод іх ёсьць таксама шэраг інтэрвію з прафэсарам у прэсе і ў электронных СМІ. Усе гэтыя тэксты паўставалі ў дзесяцігадовы пэрыяд ад 1990 да 1999 г. Напрыканцы кнігі пад загалоўкам «Рэзананс (замест заключэньня)» зьмешчана выбарка артыкулаў-водгукаў зь дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы на дзейнасьць незалежных дасьледніцкіх цэнтраў, у прыватнасьці НІСЭПД. Гэтыя артыкулы тым цікавыя, што ў іх можна знайсьці сьціжму ўзрушальных прыкладаў «патрыятычнага» пратэсту з боку апалягетаў афіцыйнага курсу, а часам таксама, праўда, больш памяркоўныя, «дэмакратычныя» пратэсты з боку «заслужанай» апазыцыі. Мяркуючы па зьмесьце некаторых артыкулаў (часам дастаткова толькі глянуць на загалоўкі: «Заваёўнікі з працягнутай рукой», «Пра «пятую калёну» ў Беларусі»), схільнасьць да гістэрыкі і інтэлектуальнага прымітывізму некаторых фармавальнікаў публічнай думкі (адукаванай часткі насельніцтва!) досыць высокая. Рэдактары выданьня «Беларусь: на шляху ў трэцяе тысячагодзьдзе», якую неўзабаве будзем абмяркоўваць, падагульняючы зьмест усяе кнігі, прыкмячаюць, што «незаангажаванасьць дасьледнікаў, журналістаў ды вучоных пакуль што ня ёсьць зьявай, звычнай для беларускага грамадзтва». Такім чынам, незалежныя дасьледніцкія цэнтры мусяць супрацьставіцца як хвалям афіцыйнай прапаганды, так і напору апазыцыйнай стыхіі. Многія незалежныя дасьледнікі, акрэсьліваючы ўласную пазыцыю, стасуюць панятак «бесстароннасьць» (беспристрастность) альбо «нэўтральнасьць». Іх «самаведа» акрэсьлена свайго роду быцьцём Jenseits von Gut und Böse, быцьцём-па-той-бок-дабра-і-зла. Паўстае пытаньне, ці такога тыпу пастава мажлівая? Ці неабходнасьць супрацьпаставіцца «псэўдарэальнасьці» ўладаў і «псэўдарэальнасьці» апазыцыі не генэруе якойсьці новай псэўдарэальнасьці, пад назовам: «нэўтральнасьць-бесстароннасьць»? Ці «нэўтральнасьць» ня ёсьць нейкай трэцяй фікцыяй, спароджанай колам навукоўцаў-экспэртаў? На шчасьце, у гэтай жа кнізе можам знайсьці калі не адказ на гэтыя пытаньні, то, прынамсі, сэнсоўнае разьвіцьцё праблемы нэўтральнасьці. Вось жа ў прадмове Алег Манаеў зьмяшчае такую, досыць цікавую, мэтадалягічную рэфлексію:
У сучаснай палітычнай тэорыі існуе панятак «participatory democracy», г. зн. «удзельная дэмакратыя» альбо «дэмакратыя ўдзелу», што абазначае сталы і актыўны ўдзел людзей у грамадзка-палітычных працэсах, прыняцьці важных рашэньняў (а ня проста перадача адказнасьці за іх выбіранай уладзе). Водле аналёгіі да гэтага панятку можна казаць таксама пра «ўдзельную сацыялёгію» (participatory sociology), якая прадугледжвае ня толькі прафэсійны аналіз сацыяльных працэсаў і структураў, але і актыўны ўдзел саміх дасьледнікаў у іх фармаваньні і разьвіцьці.
Дырэктар НІСЭПД, як відаць, не прэтэндуе на «абсалютную нэўтральнасьць», і яго пазыцыя цалкам зразумелая. Справа ў тым, што «абсалютная нэўтральнасьць» можа існаваць толькі ў якасьці ідэалу, а на практыцы яна немагчымая. І тут, пэўна, ахвотна б падключыліся да размовы афіцыйныя ідэолягі а-ля Мельнік са сваім мэтафізычным тэзісам: «Ідэалёгія ёсьць іманэнтнай сьвядомасьцю кожнага чалавека», гэта значыць: кожны сацыёляг ёсьць... ідэолягам. Можна згадзіцца з афіцыйнымі ідэолягамі ў тым, што «нэўтральнасьць» – праблемны панятак, але тое, што адзінай альтэрнатывай тут ёсьць ідэалёгія – зусім непрымальна. Каб лепей зразумець праблему, прывядзём пару іншых «нявострых» тэрмінаў, ужываньне якіх, гэтаксама як у выпадку «нэўтральнасьці», можа весьці да парадоксаў. Возьмем такія тэрміны, як «здаровы» або «валасаты». Вось жа кожны, бадай, лекар пагодзіцца з тым, што ў любога чалавека пры дакладным мэдычным абсьледаваньні можна знайсьці такія ці іншыя, большыя ці меншыя адхіленьні ад нормы дасканалага здароўя (ці то ціск крыху большы, ці то зрок не зусім востры...). Ці на падставе таго, што няма «абсалютна здаровых» трэба зрабіць вывад, што ўсе людзі – хворыя? Аналягічная справа і з «валасатасьцю»: колькасьць валасоў на галаве няспынна вагаецца, хоць і нязначна, але гэта ня значыць, што чалавек раз – лысы, а раз – валасаты. Калі немагчымая абсалютная нэўтральнасьць, то гэта яшчэ ня значыць, што ўсім наканавана стаць ідэолягамі, гэтаксама як, калі немагчымае абсалютнае здароўе, ня значыць, што ўсе – хворыя. Прафэсар Алег Манаеў са сваёй тэорыяй «удзельнай сацыялёгіі» прэзэнтуе пазыцыю, якую можна назваць «адноснай нэўтральнасьцю». «Нэўтральнасьць» палягае ў бескампраміснай устаноўцы на праўду, якой бы яна ні была: суцяшальнай для культурнай ці палітычнай опцыі, якой дасьледнік аддае перавагу, ці засмучальнай. Адначасна ж інтэрпрэтацыя фактаў можа несьці ў сабе (і зазвычай нясе) большую або меншую этычную нагрузку: дасьледнік інтэрпрэтуе эмпірычныя дадзеныя з пункту гледжаньня пэўных каштоўнасьцяў. Розьніцу паміж ідэалягічнай тэндэнцыйнасьцю і адноснай нэўтральнасьцю можна таксама заўважыць і на ўзроўні інтэрпрэтацыі: у сацыялягічнай (хай сабе і ў сэнсе participatory sociology) інтэрпрэтацыі паняцьцевая апаратура, як больш акрэсьленая і ўнівэрсальная, дамінуе над мэтафарычнай, сама структура інтэрпрэтацыйнага тэксту больш лягічная, а канкрэтныя прапановы сфармуляваны ў больш спакойным і стрыманым тоне, чымся гэта бывае ў выпадку ідэалягічных інтэрпрэтацый. Інакш кажучы, ідэалёгія аддае перавагу клічнікам, а сацыялёгія – кропкам, ідэоляг ставіць рытарычныя пытаньні (адказ на якія ўжо даўно вядомы), а навуковец ставіць рэальныя, т. зв. «ведаўтваральныя» пытаньні, адказ на якія патрабуе далейшых пошукаў. Але найбольш, бадай, сутнасная розьніца паміж ідэалягічнай і сацыялягічнай інтэрпрэтацыямі палягае ў тым, што першыя характарызуюцца дагматызмам і ня церпяць іншадумства, у той час як сацыялягічныя інтэрпрэтацыі, можна сказаць, наадварот, пастулююць крытычную праверку, яны адкрытыя для далейшай дыскусіі і магчымых контраргумэнтаў. Ніхто з сацыёлягаў-навукоўцаў ня стане, сустрэўшыся з альтэрнатыўнай інтэрпрэтацыяй, страшыць, як гэта робіць дзяржаўны ідэоляг Уладзімер Мельнік, тым, што гэта – «кампрадорства і антыдзяржаўная дзейнасьць». Такім чынам, існаваньне панятку «нэўтральнасьць» (хай сабе і «неабсалютная»), цалкам апраўданае, бо існуе досыць выразная «кляса кантрасту» – дагматычная, замкнёная і апалягетычная інтэрпрэтацыя, якая завецца ідэалёгіяй. Падагульняючы праблематыку нэўтральнасьці, сфармулюем гіпотэзу, што арыентацыя на каштоўнасьці не замінае нэўтральнасьці, а наадварот, яе абумоўлівае. Патлумачыць гэта можна наступным чынам: каштоўнасьці ўтвараюць у псыхіцы чалавека «матывацыйную спружыну», якая выконвае надзвычай важную ролю ў навукова-дасьледніцкай дзейнасьці. Навуковая праца, апрача інтэлектуальных, патрабуе шэрагу этычных якасьцяў: самадысцыпліны, адкрытасьці на крытыку, моцнай волі, цьвёрдай устаноўкі на разьвіцьцё ўласных здольнасьцяў і пасьлядоўнай працы над паглыбленьнем дадзенай галіны навукі. Тым часам «навукоўцы» без маральнага хрыбта, «выпаласканыя з каштоўнасьцяў», аказваюцца няздольнымі да самастойнай інтэлектуальнай дзейнасьці, адсюль робяцца выдатным інструмэнтам у руках «моцных гэтага сьвету». Такім чынам, ворагам навуковай нэўтральнасьці ёсьць не каштоўнасьці (а такое перакананьне аж да сёньня «пакутуе» ў поствэбэраўскай сацыялёгіі), а якраз каштоўнасны нігілізм, аксіялягічны вакуўм, які й пазбаўляе навукоўца адпаведнай «матывацыйнай спружыны», так неабходнай для вядзеньня сумленнай навуковай работы. Як гаворыцца ў адной песьні: «Мудрец построил дом свой на скале», а гэтай скалой для мудраца (=навукоўца) і выступаюць грамадзкія, культурныя ці рэлігійныя каштоўнасьці. Здаецца, прафэсар Манаеў, гаворачы пра «ўдзельную сацыялёгію», меў наўвеце прыкладна гэта.
Зборнік артыкулаў «Беларусь: на шляху ў трэцяе тысячагодзьдзе» зьяўляецца невялікай (244 старонкі), але досыць якаснай – як у сэнсе афармленьня, так у сэнсе зьместу – кніжыцай, выдадзенай Беларускімі фабрыкамі думкі, на жаль, невялікім накладам (500 асобнікаў). Укладальнік кнігі – адзін з найбольш папулярных аналітыкаў Леанід Заіка, а чальцы рэдкалегіі – Алег Манаеў, Аляксандар Фядута ды Анатоль Касьяненка. Аўтары артыкулаў, абапіраючыся на сацыялягічныя дадзеныя, абмяркоўваюць грамадзка-культурныя ды палітычна-эканамічныя працэсы ў Беларусі. Артыкулы згрупаваныя вакол чатырох тэмаў: палітычныя эліты, эканоміка, грамадзянская супольнасьць і геапалітыка. Бадай усе яны ня толькі даюць добрае апісаньне сытуацыі ў Беларусі, але зьмяшчаюць таксама вельмі багаты паняцьцёвы інструмэнтар, што спрыяе палітычнай сацыялізацыі чытачоў, узбройвае іх у якасную тэрміналягічную апаратуру і, такім чынам, дае магчымасьць выпрацоўкі самастойнага падыходу да грамадзка-палітычных справаў. Філёзаф Анатоль Лысюк, напрыклад, праводзіць глыбокі аналіз беларускага палітычнага лідэрства. Яму характэрны наступныя рысы: 1) маналягізм камунікацыйнага дыскурсу, галоўным складнікам якога ёсьць «стратэгія выкрэсьліваньня», ператварэньне асобы ў пасіўны аб’ект маніпуляцыі, «артыкуляцыя грандыёзнасьці, наватарства і велічы плянаў і намераў лідэра». Гэты маналягізм суправаджаецца імітацыяй палітычнага дыялёгу: адбываецца паказны дыялёг з народам, які мае на мэце пацьвердзіць міт пра адстойваньне народных інтарэсаў; 2) высокая ступень аганальнасьці (= ваяўнічасьці). У культурна-палітычным пляне гэта выклікана стратэгіяй «абкружанай крэпасьці», «няспыннай рэвалюцыі», а ў моўных выразах лідэра праяўляецца ў форме гукавой мадуляцыі ды мадальнасьці мовы (дэманстрацыя ўпэўненасьці, рашучасьці, сілы волі), а таксама выкарыстоўваньні крайне рэзкіх, часьцяком хамскіх зваротаў тыпу «дерьмократы», «рвань», «отребье». Беларускаму палітлідэрству характэрны таксама 3) момант гарманізацыі, выкарыстоўваньне моўных зваротаў, скіраваных на замацаваньне элемэнтаў згоды і супрацоўніцтва («мой народ», «мои избиратели»); 4) слоўная альхімія – «выкарыстоўваньне словаў зь іншым, чымся першапачатковы, сэнсам ды адвольная маніпуляцыя абстрактнымі тэрмінамі. «Ідэнтыфікацыйная формула беларускага лідэра, – падагульняе спадар Лысюк, – «Я – адзіны, хто па-сапраўднаму разумее і перажывае за народ, ёсьць часткай народу і вядзе яго, нягледзячы на полчышчы ворагаў, правільным шляхам». Калі хтосьці ёсьць «адзіным», то ўсе «іншыя» могуць быць альбо складнікамі, прыдаткамі гэтага адзінага, альбо яго ворагамі. Большасьць астатніх артыкулаў гэтае кнігі апісвае і камэнтуе працэс будаваньня моцнай вэртыкальнай структуры Адзінства: адзінства ў палітыцы (скасаваньне дэ-факта палітычнага плюралізму), адзінства ў эканоміцы (жорсткая цэнтралізацыя і паўсюдны кантроль над усімі відамі прадпрымальніцтва), адзінства ў мас-мэдыях (устанаўленьне поўнага адзінадумства ў дзяржаўных СМІ, нагонка і санкцыі супраць недзяржаўных). Але найбольш пагрозьлівым (для палітычнай культуры і далейшага разьвіцьця Беларусі) ёсьць дэградацыя канстытуцыйнага ладу, пра якую апавядае юрыст, адзін з аўтараў Канстытуцыі-94, Сяргей Леўшуноў. Сутнасным момантам гэтага працэсу сталася «новая тэорыя падзелу ўлады», цэнтральным у якой стаўся панятак «сьцябла», зь якога і вырастаюць усе іншыя галіны ўлады». Аўтар гэтай новае тэорыі, спадар Аляксандар Лукашэнка, «падчас зачыненага пасяджэньня, як сьведчаць відавочцы, паведаміў дэпутатам, што прынцып падзелу ўладаў у сучасных беларускіх умовах «стаў пагрозай для беларускай дзяржавы». Такім чынам, векапомная канстытуцыйная «рэформа», зьдзейсьненая ў лістападзе 1996 г., у нейкім сэнсе «прыпячатала» і замацавала ўсур’ёз і надоўга асновы беларускага Адзінства. Ад гэтага часу ў афіцыйных ідэалягічных падручніках прамовы прэзыдэнта будуць зьмяшчацца на першым месцы, Канстытуцыя – на другім, а Дэклярацыя правоў чалавека – на трэцім, а кожны грамадзянін РБ, ад старога і да малога, будзе абавязаны публічна дакляраваць сваю прыналежнасьць да гэтага дзяржаўна-народнага Адзінства і клеймаваць тых недарэкаў, што ня ўпісваюцца або не зусім упісваюцца ў яго структуру. Беручы пад увагу наступствы для грамадзянскай супольнасьці, выкліканыя ўстанаўленьнем такога тыпу Адзінства, прасочым бачаньне «стратэгіяў разьвіцьця Беларусі», запрапанаванае Юр’ем Загуменнавым. Аўтар пачынае рэфлексію над стратэгіямі ад прэзэнтацыі пазыцыяў Расеі, Эўропы і ЗША адносна Беларусі. Наконт Расеі ён досыць упэўнена выражае меркаваньне, што яна «ня здыме з парадку дня пытаньня пра неабходнасьць правядзеньня ў Беларусі дэмакратычных і эканамічных рэформаў...». Міжволі ўзьнікае паняверка: а ці Расея калі-небудзь (у часы пісаньня Загуменнавым свайго артыкула альбо раней) выносіла на парадак дня пытаньне пра такую неабходнасьць? Здаецца, вынясеньне Расеяй такога пытаньня – гэта ня факт, а ўсяго толькі спадзяваньне. Прэзэнтацыю пазыцыяў Эўропы і ЗША спадар Загуменнаў заканчвае амаль так сама: «Будзем спадзявацца, што словы не разыдуцца са справамі», а тое, чаго аўтар спадзяецца, гэта адмова дзяржаваў Эўропы і ЗША ад міжнароднай ізаляцыі Беларусі. «Самае большае, – кажа Загуменнаў, – чаго можна дамагчыся такім чынам – гэта зьніжэньня тэмпаў эканамічнага разьвіцьця краіны ў надзеі на тое, што эканамічны крызіс тут перарасьце ў палітычны». І дадае: «А нельга сказаць, што стратэгія «падштурхоўваньня» краіны ў кірунку крызісу ёсьць чалавечнай у стасунку да яе народу». Што ж, гэтае меркаваньне ў высокай ступені «незалежнае» ад меркаваньняў апазыцыі, якая вызнае стратэгію: «максымум кантактаў з грамадзянскай супольнасьцю – мінімум кантактаў з палітычным рэжымам». Нельга не прызнаць, што ізаляцыя аўтарытарных рэжымаў заўсёды мае два бакі, дадатны і адмоўны. Гэта ўжо даволі старая дылема дэмакратычных краінаў: у свой час Эўропа мусіла вызначыцца, як паводзіць сябе ў стасунку да франкаўскай Гішпаніі ці Партугаліі часоў Салязара, а сёньня – у стасунку да Кубы, Беларусі ці Туркмэністану. Прызнаючы, што спадар Загуменнаў небеспадстаўна выказаў свае засьцярогі наконт «ізаляцыянісцкай» канцэпцыі міжнароднай палітыкі адносна Беларусі, трэба ўсё ж закінуць яму, што ня ўзьняў пэўных ня менш актуальных пытаньняў, зьвязаных з прыняцьцем канцэпцыі «адчыненых дзьвярэй», якой ён аддае перавагу. Па-першае, ці такая палітыка не паставіла б у сьмешнае становішча дэмакратычныя сілы і абаронцаў правоў чалавека: маўляў, чаго яны пратэстуюць супраць фальсыфікацыяў ці ў сувязі са зьнікненьнямі людзей, калі дэмакратычныя краіны ня маюць нічога супраць? Па-другое, ці аўтарытарны рэжым ня выкарыстаў бы «адкрытыя дзьверы», каб павялічыць свой фінансавы капітал, які будзе выкарыстаны для здушэньня вызваленчых парываў грамадзянскай супольнасьці? Па-трэцяе, ці дэмакратычныя краіны, «адкрыўшыся» на аўтарытарныя рэжымы, не адкрыюцца таксама на імпарт дыктатуры ўва ўласныя краіны? Прыхільнікаў аўтарытарызму ў эўрапейскіх краінах ня так ужо й мала, іх хапае як у сьценах дзяржаўных будынкаў, так і «на вуліцах» (згадаць хаця б маральную салідарнасьць з А. Лукашэнкам польскага парлямэнтара Анджэя Лепэра падчас мінулагодняга «рэфэрэндуму»). Здаецца, пэрспэктыва міжнароднай ізаляцыі даволі дзейсна стрымлівае разьвіцьцё антыдэмакратычных рухаў у заходняй Эўропе. Гляньма цяпер на дыягностыку ўнутрыпалітычнай сытуацыі, зробленую спадаром Загуменнавым. Дуалізм «улада–апазыцыя» распадаецца ў яго на люстраное суіснаваньне «канструктывістаў» і «радыкалаў» у адным і другім лягеры. Як пры ўладзе, так і ў апазыцыі ёсьць прыхільнікі канфрантацыі і прыхільнікі дыялёгу. Асабліва крытычна аўтар ацэньвае апазыцыйных радыкалаў: «Іх тэзіс, – кажа ён, – спачатку ўлада, а потым рэформы, а надзеі на здабыцьцё ўлады зьвязваюцца зь міжнароднай падтрымкай». Што ж, як помніцца, у свой час частка апазыцыі ўжывала стратэгію: «Спачатку рэформы, а потым – улада», і гэтая стратэгія была замацаваная ў праграме Нацыянальнага выканаўчага камітэту (НВК), старшынём якога стаў сьвятой памяці Генадзь Карпенка, але далёкасяжных посьпехаў НВК так і ня здолеў дамагчыся. Толькі справа тут зусім не ў «радыкалізьме» (лідэры НВК былі надзвычай памяркоўнымі) і не ў «некаструктыўнасьці» (у НВК уваходзілі даволі кампэтэнтныя, асабліва ў эканамічных справах, людзі), а ў нечым іншым. Нечаканая і дзіўная сьмерць Генадзя Карпенкі выдатна сымбалізуе лёс канструктыўнай апазыцыі ў нашай краіне. Аўтарытарныя рэжымы найбольш баяцца памяркоўнай апазыцыі, таму няма нічога дзіўнага, што беларускі рэжым робіць усё, каб радыкалізаваць апазыцыю. Спадар Загуменнаў правільна заўважыў, што апазыцыя неаднародная, а сэктар улады ня ёсьць маналітам. Але аўтар, на жаль, ня выйшаў па-за гэтыя ўступныя канстатацыі, а іх недастаткова, каб адэкватна апісаць палітычную сытуацыю ў Беларусі. Па-першае, падзел на «радыкалаў» і «канструктывістаў» у сэктары ўлады функцыянуе інакш, чымся аналягічны падзел унутры апазыцыі. Дзяржаўныя «радыкалы» і «канструктывісты» могуць весьці дыскусію паміж сабой толькі ў кулюарах, ды і то з аглядкай, а ў дзяржаўных жа мэдыях абавязвае небывалае адзінадумства. А гэта вядзе да таго, што «канструктыўныя» апазыцыянэры маюць малыя шанцы зыдэнтыфікаваць сваіх «канструктыўных» аналягаў у лягеры ўлады. А нават калі і зыдэнтыфікуюць, то цяжка ім спадзявацца на наладжаньне якогась трывалага супрацоўніцтва, бо (па-другое) існуе няпісанае (а часам нават і пісанае) правіла «захоўвай дыстанцыю» ці, з мэдычнага гледзішча, «сьцеражыся заразы» (параўн. рэфлексію прэзыдэнта: «Вось зьявіцца такі апазыцыянэр у дзяржаўных установах, а вакол яго столькі гнілізны нарасьце»). Па-трэцяе, надзвычай праблемным ёсьць пытаньне пра форум дыялёгу – дзе павінен адбывацца гэты дыялёг: у дзяржаўных СМІ? У незалежных? Што да дзяржаўных – апазыцыю трымаюць далёка ад іх, што да незалежных – прадстаўнікі ўлады самі імкнуцца трымацца далёка... Апрача згаданых вышэй перашкодаў для дыялёгу, якія можам назваць «фармальнымі», існуюць яшчэ іншага роду перашкоды. Сёньня мы апынуліся ў досыць трагічнай сытуацыі: амаль няма пунктаў аднясеньня для дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй. Праблема ня ў тым, што ўлады і апазыцыя вызнаюць адрозныя аксіялёгіі (сыстэмы каштоўнасьцяў), праблема ў тым, што ўлада функцыянуе ў аксіялягічным вакуўме. Постсавецкія палітыкі папросту ня вераць у магчымасьць палітычнай этыкі (дзеля справядлівасьці трэба дадаць, што частка апазыцыі таксама прадэманстравала такое нявер’е, калі правяла сфальсыфікаваныя выбары ў траўні 1999 г.). «Бездухоўнасьць», прыпісваная дзяржаўнымі ідэолягамі Захаду, зьяўляецца ўсяго толькі праекцыяй этычнага нігілізму, які пануе ўва ўладных структурах Беларусі. Ідэйныя абрысы дзяржаўнай палітыкі не нагадваюць ані марксізму, ані кансэрватызму, ані лібэралізму, ані тым больш хрысьціянства, а пад «адухоўленай» дзяржідэалёгіяй хаваецца адзіны прынцып – «хто мае ўладу, той мае слушнасьць». Дый сама дзяржаўная ідэалёгія толькі ўзмацняе эфэкт «пабеленага гробу» – вонках бела і гладка, а ўнутры – нечысьць і брыдота. Тры рэфэрэндумы, праведзеныя ў найноўшай гісторыі Беларусі, можна ўспрымаць сымбалічна як тры хвалі, якія за кожным разам змывалі «аксіялягічныя слаі», культурныя падмуркі беларускай дзяржавы: рэфэрэндум-95 змыў нацыянальную сымболіку, рэфэрэндум-96 змыў клясычны падзел уладаў, рэфэрэндум-04 – кадэнцыйнасьць галавы дзяржавы. Пры гэтым істотным момантам ёсьць спосаб правядзеньня рэфэрэндумаў – перад першым рэфэрэндумам была паралізавана публічная дыскусія (у выніку манапалізацыі дзяржаўных СМІ), перад другім – нармальная работа парлямэнту і Канстытуцыйнага суду, у працэсе трэцяга адбылася масавая маніпуляцыя. У выніку першага рэфэрэндуму ўсе «канструктывісты» з «нацыянальнай» апазыцыі мусілі стацца «неканструктыўнымі» (бо пры адсутнасьці фундамэнтальнай для іх аксіялягічнай базы яны ня бачылі ўжо сэнсу дыялягаваць, і гэта зразумела), у выніку другога – «канструктывісты» зь лібэральнай апазыцыі мусілі «радыкалізавацца», а пасьля трэцяга рэфэрэндуму – уся, бадай, грамадзянская супольнасьць вымушана набыць бірку «неканструктыўнай» апазыцыі. «Канструктыўнымі» маглі застацца толькі безыдэйныя, выпаласканыя з культурных каштоўнасьцяў ды пазбаўленыя дальнабачнасьці, г. зн. тыя, хто ex definitione ня могуць быць канструктыўнымі! Вось у чым трагізм унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі. Нарэшце, апрача «фармальных» ды «матэрыяльных» перашкодаў у дыялёгу трэба назваць яшчэ й псыхалягічныя перашкоды, якія выконваюць на практыцы вялізную ролю. Гляньма рэальна: калі з боку партнэра пачынае «ляцець» лексыка тыпу: «дерьмократы», «петухи», «пускай они с улицы гавкают», то, мусіць, нават найбольш адкрыты і дыялягічны апазыцыянэр замкнецца і яму надоўга перахочацца размаўляць. Праблемаў, як бачым, шмат. Зьнішчана аксіялягічная база, на якую маглі б абаперціся розныя грамадзка-палітычныя сілы і якая магла б быць пунктам аднясеньня для публічнай дыскусіі. Францускі мысьляр першай паловы ХХ ст., фізык, тэоляг і філёзаф-эвалюцыяніст Тэяр дэ Шардэн назваў «тры ўмовы шчасьця»: 1) concentrer, 2) decentrer i 3) surcentrer: «засяроджаньне» (на самым сабе), «расьсяроджаньне» (дзеля іншых), «засяроджаньне-на-тым-што-пераўзыходзіць». Вось жа параза беларускага адраджэньня наступіла не з прычыны атрафіі другога і трэцяга складнікаў шчасьця, а гіпэртрафіі першага. Было шмат «засяроджаньня на сабе», эгаізму (асабістага і групавога) і шмат у сувязі з гэтым прэтэнзіяў на валоданьне «абсалютнай праўдай», а мала альтруізму, то бок дыялёгу і ўнутранай свабоды. Але, што найгоршае, мала было аксіялягічнай сьвядомасьці, уважлівасьці на тое-што-пераўзыходзіць і што робіць магчымым суіснаваньне адрозьненьняў. На рэфэрэндумы былі вынесены пытаньні, якіх нельга выносіць. Былі «бязбожна» паддадзены прапагандысцкай апрацоўцы каштоўнасьці, якія ўтвараюць базу для дэмакратыі, а ня ёсьць яе надбудовай ці вытворнымі. І тым ня менш, нават у такой «тупіковай» сытуацыі варта пагадзіцца са сп. Загуменнавым, што ўстаноўка на дыялёг ёсьць адзіным пэрспэктыўным выхадам. Аксіялягічная база зьнішчана, але яе можна адбудаваць. Гісторыя паказвае, што духоўныя й культурныя каштоўнасьці маюць выдатную здольнасьць да рэгенэрацыі. Вядома ж, гэтая рэгенэрацыя ня дзеецца аўтаматычна ці стыхійна, яна залежыць ад колькасьці і якасьці працы канкрэтных людзей. І, трэба тут выразна падкрэсьліць, дзейнасьць прафэсійных навукоўцаў, засяроджаных вакол незалежных дасьледніцкіх цэнтраў, ёсьць працай, ад якой у многім цяпер залежыць адбудова аксіялягічнай базы. Ну, бо праўда – асноўны рэгулятар кожнага навукоўца – ёсьць фундамэнтальнай каштоўнасьцю, а «попыт» на гэтую каштоўнасьць у беларускім грамадзтве, як аказваецца, надзвычай вялікі. І хай так будзе – пішуць у пасьляслоўі рэдактары – будзе традыцыя нэўтральнай навукі, якая адмаўлялася ленінізмам мінулага і яго сёньняшнімі пасьлядоўнікамі, прычым і ў дэмакратычных палітычных колах. Будзе тады й шанец прасунуцца на шляху рэальных і эфэктыўных рэформаў, стварэньня «эканомікі для ўсіх». Прыйдзе час, калі беларускія палітычныя ды эканамічныя эліты навучацца слухаць (а не падслухоўваць) адзін аднаго.
(некаторыя асаблівасьці «барацьбы за рэальнасьць») Незалежныя навуковыя дасьледаваньні могуць сутнасна спрычыніцца да адбудовы «аксіялягічнае базы», але варта цяпер паставіць пытаньне пра базу самых дасьледаваньняў, гэта значыць, пра мэтадалёгію. Неабходнасьць праверкі мэтадалягічных «падмуркаў» асабліва яскрава стала відавочнай падчас палемікі ў адным зь мінулагодніх «ARCHE», выкліканай артыкулам спадара Юр’я Дракахруста, экспэрта НІСЭПД, «Жэнэўская канвэнцыя для вайны культураў». Падчас палемікі сп. Валер Булгакаў закінуў Дракахрусту «мэтадалягічны радыкалізм», а самому НІСЭПД нават тэндэнцыйнасьць, сп. Пётра Садоўскі закінуў яму нехаценьне зразумець сэмантыку слова «выбар», а сп. Даніла Жукоўскі – валюнтарызм і адвольнасьць. Кніга, якую будзем цяперака абмяркоўваць, «Незалежныя дасьледаваньні ў незалежнай Беларусі: у барацьбе за рэальнасьць» прысьвечана ў значнай меры якраз мэтадалягічным пытаньням і навуковай стратэгіі незалежных цэнтраў. Кніга выдадзена НІСЭПД летась пад рэдакцыяй прафэсара Манаева накладам 1000 асобнікаў і зьмяшчае 13 артыкулаў, прысьвечаных станаўленьню незалежных аналітычных дасьледаваньняў у Беларусі, прэзэнтацыі іх вынікаў у галіне беларускай палітыкі ды эканомікі. Тое, што зьявілася ў гэтым выданьні ў якасьці novum (не было гэтага ў папярэдніх кнігах) – гэта «незалежныя дасьледаваньні ў гістарычнай навуцы» аўтарства Тацяны Процькі. У якасьці пасьляслоўя зьмешчаны артыкул-рэкамэндацыя славацкага прафэсара й грамадзкага дзеяча Марціна Буторы «Дзесяць зацемак наконт дзесяці беларускіх гадоў». Рэдактар Манаеў адзначае: «Незалежныя дасьледніцкія цэнтры, гэтаксама як і незалежныя СМІ, вымушаны змагацца за рэальнасьць... Ува ўмовах пераходнага грамадзтва... «барацьба за рэальнасьць» становіцца выключна складанай, часам няўдзячнай, а нават небясьпечнай работай». Барацьба за рэальнасьць, як аказваецца, ідзе нават не на «два франты» (з апазыцыяй і ўладай), а нават на тры, бо нэўтральнасьць навукі прыходзіцца нават бараніць перад... навукоўцамі. «Асабліва яскрава, – піша ў кнізе Юры Дракахруст, – праявілася гэта ў публікацыях доктара філязафічных навук Вячаслава Оргіша, які [у часе перадвыбарнай кампаніі 2001 г.] зь небывалай прастатой пачаў заклікаць сацыёлягаў стаць у адзіны дэмакратычны шэраг і прадказваць перамогу дэмакратыі і паразу дыктатуры». У сваёй мэтадалягічнай рэфлексіі сп. Дракахруст згадвае клясыкаў: Чарлза Пірса, Макса Вэбэра, Эміля Дзюркгайма, Фрыдрыха Ніцшэ і матэматыка Давіда Гільбэрта. Пірс тут вялікае ролі не выконвае, ён выкарыстаны аўтарам больш для таго, каб цікава распачаць дыскурс, а менавіта сэнтэнцыяй: «усякая рэч вычэрпваецца яе ўжываньнем», а вось Вэбэр, Дзюркгайм ды Ніцшэ вызначаюць «мэтадалягічную стратэгію», якую прымае Юры Дракахруст. Ад Вэбэра ён прымае ідэю «свабоды ад ацэнак», за Дзюркгаймам паўтарае, што сацыяльная навука «мае справу акурат з сацыяльнымі «рэчамі», у той час, як воля – тут ужо цытата зь Ніцшэ – «воля ня рэч, воля – гэта праява волі». Спадар Дракахруст, такім чынам, акрэсьліў абрысы дуалізму, зь якім эўрапейская філязофія мае дачыненьне ўжо з часоў Асьветніцтва. У XVIII ст. Юм гаварыў пра дуалізм фактаў і каштоўнасьцяў (fact – value), Кант – пра дуалізм «ёсьць – павінна быць» (Sein – Sollen), а Попэр у XX ст. – пра дуалізм фактаў і рашэньняў. Згаданая ўжо палеміка ў «ARCHE» вакол «Жэнэўскай канвэнцыі» была празьмерна эмацыйнай – хоць адначасна вартаснай і канструктыўнай – якраз з-за таго, што апанэнты Дракахруста слаба ўсьведамлялі неабходнасьць адрозьніваць сфэру фактаў ад сфэры рашэньняў. У сваёй «Жэнэўскай канвэнцыі» Юры Дракахруст, можна сказаць, «прымусіў» спавядальнікаў беларускамоўнага праекту адрозьніць гэтыя дзьве сфэры: эмпірыю ад каштоўнасьцяў, рэальнасьць ад павіннасьці, факты ад рашэньняў, сама ж «канвэнцыя» сфармулявана ў імя павагі да фактаў і вызваленьня ад «плятонаўскіх сутнасьцяў». І ў гэтым пляне нельга не прызнаць слушнасьці сацыялягічнаму экспэрту. Ёсьць, аднак справы, якія патрабуюць далейшай дыскусіі. Спадар Дракахруст verbo et opere пераймае мэтадалягічную пазыцыю Эміля Дзюркгайма, прыхільніка гэтак званага «натуралізму» ў сацыялёгіі. Усьлед за ім сп. Дракахруст падкрэсьлівае, што сацыялёгія мае справу з сацыялягічнымі «рэчамі», тым часам «валявы лішак у любым выпадку будзе ўцякаць ад паняцьцевых сетак дасьледнікаў». Вось тут, падаецца, і маем справу з чымсьці, што ўсьлед за сп. Булгакавым можна назваць «мэтадалягічным радыкалізмам». Можа, і не зусім апраўдана стасаваць тут argumentum ad professionem, тым ня менш, хаця б дзеля лепшай гермэнэўтыкі, варта выразіць дапушчэньне, што спэцыяльнасьць фізыка-матэматыка наклала адбітак на мэтадалягічны падыход у сацыялёгіі ў выпадку сп. Дракахруста. Адбітак дадатны і адмоўны. Дадатнай ёсьць павышаная ўважлівасьць на факты; як казаў бацька аналітычнай геамэтрыі Рэнэ Дэкарт: «Матэматыка шмат мне не дала, але навучыла быць уважлівым на праўду». У чым адмоўны адбітак, то зноў жа дапаможа нам зразумець той самы Дэкарт: «Я заўважыў, – кажа ён, – што нам лягчэй адрозьніць 2 ад 3, чымся, прыкладам, адрозьніць баязьлівасьць ад сьмеласьці». Вось у чым «мэтадалягічная пастка»: адрозьніць дзьве натуральныя лічбы, «адлегласьць» паміж якімі «невялікая», намнога лягчэй, чымся адрозьніць дзьве этычныя якасьці, якія зьяўляюцца супрацьлегласьцямі! Загана ўсякіх натуралістычных падыходаў у сацыялёгіі палягае ў тым, што пры такіх падыходах сацыяльныя «рэчы» ўпадабняюцца да матэматычных канструктаў альбо фізычных атамаў. Тым часам нават само слова «рэч», няхай і ўзятае ў двукосьсі, не найлепей характарызуе аб’ект сацыялёгіі. Сацыялёгія мае справу, як кажа Макс Вэбэр, зь дзеяньнямі і працэсамі, а гэтыя працэсы маюць іншую прыроду, чымся працэсы ў «non-human world». Воля – гэта зусім ня «лішак», як мяркуе сп. Дракахруст, а элемэнт, іманэнтны ўсім сацыяльным суб’ектам, зь якімі мае справу сацыялёгія. Апрача волі маем яшчэ матывацыі, інтэнцыі, эмоцыі, настроі, спадзевы, а ў пастфройдаўскай і пастюнгаўскай эпосе мусім яшчэ пытацца пра сфэру несьвядомага і калектыўныя архетыпы! Вера ў мажлівасьць радыкальнага біхевіярызму (магчымасьць абстрагавацца ад «нярэчавых» элемэнтаў у сацыялёгіі), здаецца, справа мінулага. Тое, што мы маем у інфармацыйных табліцах сацыёлягаў-статыстаў – гэта ня што іншае, як фатаграфія, якая зафіксавала толькі нейкі момант руху. А калі маем пад рукой вынікі некалькіх дасьледніцкіх цэнтраў, то маем папросту некалькі фатаграфіяў, якія зафіксавалі некалькі – можа і падобных – момантаў руху. Сукупнасьць пратакольных сказаў, якія маюць такую структуру: «Рэспандэнт S сказаў, што р» ёсьць усяго толькі часткай факту, а ня самым фактам! Тыповая спакуса сацыёлягаў-натуралістаў – гэта сказаць, як гэта робіць сп. Дракахруст, што ўсё, што не падпадае пад гэту непасрэдную дадзенасьць – «ад ліхога» і мусіць быць праігнаравана. Праблема ўсё ж у тым, што такая пазыцыя ўступае ў канфлікт з элемэнтарнай і, мабыць, паўсюднай інтуіцыяй, што сукупнасьць фізычных рухаў ня ёсьць тым, што можна назваць actus humanus, а сукупнасьць гукаў ня ёсьць меркаваньнем. Сацыялёгія ня мае выйсьця: абавязана прыняць стратэгію «interpretative understanding», абавязана прызнаць «няпоўнасьць» факту, зафіксаванага ў статыстычных табліцах. Сацыёляг мусіць тварыць гіпатэтычную мадэль інтэнцыяў-матывацыяў-экспэктацыяў і так пераважна бывае. Калі сп. Дракахруст, прыкладам, кажа, што людзі, якія ў апытаньнях сказалі «так» і Расеі, і Эўропе, «больш свабодныя ад комплексаў», то робіць гэта на базе пэўнай інтраспэкцыі, а не назіраньня, бо «свабоду ад комплексаў» немагчыма ўбачыць. Спэцыфіка «сацыялягічных фактаў» ці «рэчаў» – гэта толькі адна праблема, зь якой не спраўляецца сацыялягічны натуралізм. Іншая праблема – гэта фактар абумоўленасьці, які зноў жа інакш дзейнічае, чымся ў пазачалавечым сьвеце. Дзюркгайм успрымаў этас на падабенства да законаў фізыкі і наіўна перанёс на грунт сацыялёгіі фізычны прынцып: калі не перашкодзіць якаясь дадатковая сіла, то цела х пры захаваньні ўмоваў C будзе дзейнічаць такім ці іншым чынам. Вось жа ані грамадзкі этас ня ёсьць прыродным законам, ані калектыўныя ўяўленьні не характарызуюцца дастатковай устойлівасьцю, каб можна было б іх разглядаць як абумоўленьні ў натуралістычным сэнсе, ані таксама «атамы» не рэагуюць заўсёды так «правільна», як гэта бывае ў фізыцы. Этас, уяўленьні і нормы носяць рысу man-made, а сам чалавек у значнай меры «непрадказальны» з прычыны наяўнасьці ў яго свабоднай волі. Пасьлядоўнікі Дзюркгайма, можа, запярэчылі б: «ну, свабодная воля – гэта мэтафізыка», але, мабыць, для тысячаў палітвязьняў і мучанікаў сумленьня свабода – гэта зусім не мэтафізыка, а найбольш эмпірычная рэальнасьць, што праўда, адкрытая шляхам інтраспэкцыі, а ня вонкавага назіраньня. Узяўшы пад увагу гэтыя засьцярогі, трэ прызнаць – цытуючы Карла Попэра – што «будучыня застаецца адкрытай», дыскусія наконт «моўнага праекту» (аналягічна як і наконт многіх іншых праектаў) застаецца актуальнай. Факт застаецца фактам: расейскамоўных больш, яны – беручы ў цэлым – больш арыентаваны на Эўропу, больш крытычныя ў стасунку да Лукашэнкі і г. д. Але сфэра рашэньняў у канчатковым пляне незалежная ад фактаў. Ці мы, беларусы, акажамся «звычайнымі» (мо і нічога благога ў гэтым няма) і пагодзімся на расейскамоўе, як опцыю «лепшых», ці будзем арыгінальнымі (а чаму б і не?) і надамо беларускай мове статус «яднальнага сымбалю» і «нацыянальнага ідэнтыфікатару» – гэта адкрытае пытаньне. Бадай, усе краіны Эўропы перажылі такі пэрыяд, калі лацінамоўная частка насельніцтва была і больш прагрэсіўнай, і больш адукаванай, але гэта не перашкодзіла некаторым «арыгіналам» вывучаць і пашыраць lingua vulgata, «мову цёмнага люду»! Каб паказаць праблематыку ў крыху шырэйшым кантэксьце, згадайма, што ў першай палове ХХ ст. у большасьці заходнеэўрапейскіх краінаў зьявіліся змагары (змагаркі) за права жанчыны да ўдзелу ў галасаваньнях. Доўгі час гэтыя суфражысткі былі ня толькі меншасьцю, але таксама менш адукаванай і асьвечанай часткай насельніцтва, бо ж ня хто іншы, як аўтарытэтныя мэдыкі, біёлягі й філёзафы даводзілі, што згодна з навукай (!) жанчына аб’ектыўна (!) больш неўраўнаважаная, ірацыянальная і таму ні ў якім разе ня можа прымаць удзелу ў публічным жыцьці. Вось жа аксіялёгія не вызначаецца колькасьцю носьбітаў. Дыскусія вакол моўнага праекту зьяўляецца ня столькі / ня толькі дыскусіяй вакол фактаў, колькі дыскусіяй вакол каштоўнасьцяў-павіннасьцяў-рашэньняў. Гэта – панаднавуковы, этычны ўзровень дыскусіі. Тое, што расейскамоўныя не абавязаны гаварыць па-беларуску, гэта так, але адсутнасьць салідарнасьці з тымі супляменьнікамі, што пачуваюць у сваім сумленьні абавязак кампэнсаваць пэўную культурную каштоўнасьць і адзін з сымбаляў нацыі, зьяўляецца ўсё ж такі не зусім прагрэсіўным рашэньнем і, мабыць, заганным з этычнага гледзішча. Булгакава абвінавачаньне НІСЭПД у тэндэнцыйнасьці было, мабыць, прадчасным, але закід «мэтадалягічнага радыкалізму» ў адрас Юр’я Дракахруста цалкам своечасовы. Ці патрэбен нам пазытывізм? Пытаньне, можа, не зусім зграбнае, але паспрабуйма даць на яго зграбны адказ. Калі маецца на ўвеце павага да фактаў, прызнаваньне дуалізму фактаў – рашэньняў і лягічная структура інтэрпрэтацыі матэрыялу, то безумоўна так, такі пазытывізм трэба толькі вітаць. Ды і «Жэнэўская канвэнцыя» спадара Дракахруста мае шэраг плюсаў (і то болей плюсаў, чым мінусаў), адным зь якіх – гэта добры «ўрок рэальнасьці», дадзены беларускім нацыяналістам, свайго роду «выцьвярэзьнік» для п’яных ідэяй беларусізацыі, гатовых узяцца за яе рэалізацыю «як толькі, дык адразу». Але калі пад пазытывізмам будзем разумець радыкальны біхевіярызм, згодна зь якім людзей трэба ўспрымаць як атамы, а грамадзкія ўяўленьні як прыродныя законы, то трэба прызнаць, што з такім пазытывізмам больш клопатаў, чымся карысьці. Нездарма ж у нямецкай навуковай традыцыі замацаваўся назоў, супольны для культуралягічных, гістарычных і этычных навук «Geisteswissenschaftlehren», калі разумець літаральна: «навукі аб духу». А гэта з прычыны спэцыфікі human-world. Рэдукцыя «чалавечага» да «нечалавечага» нам не патрэбная.
У пэўнай вёсцы было такое здарэньне. Адзін ксёндз, навасьпечаны доктар гістарычных навук, пайшоў са сьвятарскай паслугай да хворай бабулі. Тая ж, як убачыла ксяндза, усклікнула: «О, нарэшце вы, ксёнджа, прыйшлі. Бо я ж чула, што вы сталі доктарам, дык паглядзеце, калі ласка, што ж за хвароба такая мяне мучыць?» Ксёндз на гэта: «Але ж я ня доктарам у хваробах, я – доктар у гісторыі». Тады бабуля засмучаная: «Ат, то навошта такі доктар?» «Ат, то навошта такая сацыялёгія, калі яна не пацьвярджае нашага посьпеху», – кажуць, дакладна як тая бабуля, некаторыя беларускія палітыкі і афіцыйныя ідэолягі. Што ж, хворую бабулю можна зразумець, а вось пазыцыя адукаваных беларусаў часам насьцярожвае. Тым ня менш, нягледзячы на прымітыўную прапаганду, што час ад часу зьяўляецца ў дзяржаўных мас-мэдыях, грамадзтва Беларусі ўсё больш усьведамляе вагу веданьня рэчаіснасьці, якое і робяць магчымым незалежныя дасьледніцкія цэнтры. Вядома ж, вывады навукоўцаў не зьяўляюцца канчатковымі ісьцінамі – і яны самі гэта падкрэсьліваюць, – але іх работа і меркаваньні надзвычай неабходныя для публічнай дыскусіі над праектамі заўтрашняй Беларусі. Прадстаўнікі гэтак званай «эвалюцыйнай тэорыі веды» (Лёрэнц, Попэр, Кампэль) разглядаюць інтэлект чалавека як экзасаматычны («пазацялесны») інструмэнт адаптацыі, які ў працэсе ўсяе эвалюцыі аказаўся найбольш эфэктыўным. Гэты тэзіс дазваляе сфармуляваць прагноз і адносна беларускай рэчаіснасьці: у «барацьбе за існаваньне» (не ў біялягічным, а ў культурным сэнсе) выйграюць ня тыя, хто маюць вялікія мускулы (чытай: грошы, армію і ўладу), а тыя, у каго добра разьвіта гэтая фундамэнтальная адаптацыйная здольнасьць – інтэлект і рэалістычная ацэнка сытуацыі. Бо такая лёгіка эвалюцыі; такая таксама лёгіка рэвалюцыі.
Кракаў, 10 красавіка 2005 |
філёзаф, казаньнік, брат-дамініканін. |
|