A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

 

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
Страшная будучыня Захаду


Miller John J., Molesky Mark. Our Oldest Enemy: A History of America’s Disastrous Relationship with France. – New York: Doubleday Books, 2004.

Rifkind Jeremy. The European Dream: How Europe’s Vision of the Future Is Quietly Eclipsing the American Dream. – New York: Penguin Group, 2004.

Ash Timothy Garton. Free World: America, Europe, and the Surprising Future of the West. – New York: Random House, 2004.

Пасля ўсім вядомых падзей (11 верасня 2001 г., пачатак вайны з міжнародным тэрарызмам, узмацненне неакансерватыўнай плыні ў вонкавай палітыцы ЗША, вайна ў Іраку, пашырэнне Еўразвяза і, у пэўным сэнсе, раскол на старую і новую Еўропу) тэма «крызісу Захаду», здаецца, захапіла амаль усіх назіральнікаў абапал Атлантычнага акіяна – як сур’ёзных палітолагаў, так і бульварных аналітыкаў. Ці заходняя супольнасць дагэтуль існуе (як мінімум, такой, якой яна сфармавалася за часамі халоднай вайны)? Ці мае яе існаванне наогул сэнс? Ці перажыве яна часы амерыканскай аднабаковасці і неакансерватызму? Ці здолее аб’яднаная Еўропа знайсці сваю ідэнтычнасць і сэнс існавання незалежна ад Злучаных Штатаў? Ці застаецца сама Еўропа аб’яднанай?

Адказаў на пытанні шмат, гэтаксама як і меркаванняў аб прычынах крызісу Захаду. Самы спрошчаны аргумент – сапхнуць усё на цяперашняга прэзідэнта ЗША, яго асобу і палітыку (хаця зазначым, што асоба Джорджа Буша адыграла пэўную ролю калі не ва ўзросце, то ў артыкуляцыі антыамерыканскіх настрояў: для вялікай колькасці еўрапейцаў, не толькі іх, Буш увасобіў амаль усе карыкатурныя якасці абмежаванага тупаватага амерыканца, з якога свет так любіць пасмяяцца). Больш грунтоўныя аналізы засяроджваюць увагу на змененых варунках па сканчэнні халоднай вайны: паколькі халодная вайна скончылася, абарона заходняга свету больш не ёсць галоўнай місіяй ЗША ў свеце: Амерыка выканала сваю ролю ў Еўропе і можа заняцца астатнім светам з пазіцыі адзінай звышдзяржавы. З іншага боку, Еўропа больш не залежыць ад ЗША як абаронцы ад савецкай арміі (і таму не толькі можа пярэчыць Амерыцы, але і шукаць больш грунтоўную ідэнтычнасць па-за межамі еўраатлантычнага альянсу). Нарэшце, як грыбы пасля дажджу з’яўляюцца і новыя тэорыі, якія сцвярджаюць, што Еўропа і Злучаныя Штаты насамрэч ніколі не былі паплечнікамі, – такія тэорыі ўмацоўваюць інтэлектуальныя пазіцыі еўрапейскіх галістаў і амерыканскіх неакансерватараў.

Часцяком дэбаты і аргументы заходзяць так далёка, што пачынаеш адчуваць сябе ў оруэлаўскім міністэрстве праўды, якое перапісвала гісторыю згодна з бягучым палітычным момантам. Напрыклад, нядаўна аўтару трапілася на вочы кніга амерыканцаў Джона Мілера і Марка Малескі пад назвай «Наш найдаўнейшы вораг. Гісторыя катастрафічных адносін ЗША і Францыі» («наш», вядома, адносіцца да Амерыкі, а «вораг» да Францыі). У ёй сцвярджаецца, што цягам двух апошніх стагоддзяў паміж двума, здавалася б, гістарычнымі хаўруснікамі, ішла халодная вайна, а гістарычнай мэтай Францыі было аслабленне ці нават знішчэнне Амерыкі (трэба думаць, статуя Свабоды была толькі іншай версіяй Траянскага каня). Кніга Мілера і Малескі змяшчае шмат цікавых фактаў і зусім не абсурдных думак, але відавочна, што без супрацьстаяння з нагоды вайны ў Іраку і перайменавання французскіх фрытак у фрыткі свабоды яна, хутчэй за ўсё, на свет не з’явілася б.

Антыамерыканізм атрымаў новае абгрунтаванне ў кнізе Джэрэмі Рыфкінда «Еўрапейская мара: Як еўрапейскае бачанне будучыні ціха засланяе амерыканскую мару». Паводле Рыфкінда, еўрапейцы, у адрозненне ад амерыканцаў, вызнаюць прынцыпова іншыя каштоўнасці (яны менш падуладныя спажывальніцтву, больш цэняць вольны час, не разумеюць прагі да матэрыяльнага поспеху як галоўнай жыццёвай мэты). Гэтыя каштоўнасці (галоўная з якіх – маральны дабрабыт насуперак дабрабыту матэрыяльнаму) і ствараюць тую самую «еўрапейскую мару», якая цягам часу можа стаць больш прывабнай для рэшты свету, чым мара амерыканская. Рыфкінд паўтарае думку Роберта Кагана, што еўрапейцы, як ён кажа, «з Венеры», а амерыканцы «з Марсу»: у адрозненне ад сваіх заакіянскіх субратоў, еўрапейцы не апантаныя рэлігіяй і месіянствам, а гэта значыць, больш прыхільна ставяцца да свету, у якім адсутнічаюць адзіныя правілы гульні, адзіныя каштоўнасці, і не імкнуцца навязваць свой лад жыцця гвалтам. (Чытаючы Рыфкінда, аўтару так і хацелася праспяваць: «Мы еўрапейцы – мірныя людзі».)

Цікава, што сам Рыфкінд – амерыканец: увогуле, еўрапейскі антыамерыканізм нейкім дзіўным чынам сілкуецца амерыканскімі інтэлектуаламі і дзеячамі масавай культуры (нагадаем тут Майкла Мура і яго «Фарэнгейт 9/11», які ўжо паспела паглядзець уся Беларусь). Такая інтэлектуальная залежнасць, аднак, была перарваная ў 2003 г. двума найвыбітнейшымі з жывых на той час еўрапейскімі філосафамі Юргенам Габэрмасам і Жакам Дэрыдой (Дэрыда, праўда, цяпер ужо адышоў у іншы свет), што вельмі сімвалічна, немцам і французам. Нагодай стала 15 лютага 2003 г., калі мільёны еўрапейцаў выйшлі на вуліцы на ўсім кантыненце, пратэстуючы супраць планаў уварвання ў Ірак. Уздымаючы на шчыт выказванні былога міністра фінансаў Францыі Дамініка Строса-Кана (Dominique Strauss-Kahn), што нібыта ў той дзень нарадзілася «еўрапейская нацыя», Дэрыда і Габэрмас вызначылі адметнасці еўрапейскай ідэнтычнасці: традыцыі падзялення рэлігіі і палітыкі; сацыяльна арыентаваная дзяржава і салідарнасць паміж сацыяльнымі групамі; больш гнуткая партыйная сістэма, што дазваляе мінімізаваць уплыў палітычнага экстрэмізму; маральная сензітыўнасць, што прывяла да адмовы ў выкарыстанні сілы ў вонкавай палітыцы. Еўропа, такім чынам, паўстае ўвасабленнем старой кантыянскай мары аб «вечным міры».

Як мы бачым, Габэрмас і Дэрыда выразна вызначылі адметнасці еўрапейскай ідэнтычнасці ў апазіцыі да амерыканскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў. Еўропа не проста іншая, яна «лепшая», чым Амерыка (для гэтага не абавязкова быць занадта іншым – нагадаем, на думку аднаго палітыка, беларусы – гэта тыя ж расейцы, але «са знакам якасці»: тут, аднак, багата хто з новых ідэолагаў еўрагалізму разыходзіцца, некаторыя ўсё яшчэ вызнаюць існаванне Захаду як «парасоннай» канструкцыі, падзяляючы яго на еўрапейскі і амерыканскі Захад, іншыя папросту сцвярджаюць, што Амерыка і Еўропа знаходзяцца ў такім самым стане «вайны цывілізацый», што і заходняе хрысціянства і іслам).

Дык ці насамрэч Захаду, як мінімум у тым выглядзе, у якім ён быў вядомы з пачатку халоднай вайны, надыходзіць канец? Ці ён сапраўды канчаткова падзяліўся на Еўропу і Амерыку? Цімаці Гартан Эш, чыя кніга рэцэнзуецца ніжэй, як ніхто іншы пасуе для ролі суддзі ў гэтых пытаннях. Па-першае, гэта адзін з самых вядомых і аўтарытэтных у свеце назіральнікаў амерыканска-еўрапейскіх адносін. Па-другое, Эш – адзін з самых аўтарытэтных у заходнім свеце адвакатаў «новай Усходняй Еўропы» (Украіны, Беларусі і Малдовы) і гарачы прыхільнік яе інтэграцыі ў еўраатлантычную прастору (што робіць яго погляды цікавымі для нашага чытача). Па-трэцяе, Эш – брытанец, што ў дадзеным кантэксце вельмі важна. Брытанія ў пэўным сэнсе дала пачатак Захаду ў той форме, у якой мы яго ведаем (ідэі палітычнага лібералізму распаўсюджваліся з туманнага Альбіёна на кантынент і за акіян, сам тэрмін «Захад» у палітычным значэнні пашырыўся шмат у чым дзякуючы Уінстану Чэрчылю).

Амерыканска-еўрапейскі падзел абвастрыў традыцыйную для Брытаніі дылему: яна еўрапейская ці атлантычная дзяржава? Брытанія, паводле словаў Эша, гэта «дзіця Еўропы і бацька Амерыкі», і канчаткова для сябе яна гэтага пытання так і не вырашыла (відавочна, пры большай гармоніі ўнутры еўраатлантычнага альянсу гэтае пытанне не стаяла б надзвычай востра). Гэтае супярэчлівае становішча ў сваю чаргу справакавала тое, што Брытаніі цягам значнага адрэзку часу давялося выступаць своеасаблівым пасярэднікам паміж ЗША і кантынентальнай Еўропай (паводле словаў Эша, каб дастукацца да Берліна, Белы дом мусіць найперш паразмаўляць з Даўнінг-стрыт 10; такім жа чынам робіць Парыж, калі патрэбна нешта растлумачыць Вашынгтону). Пасярэднікам часцяком выступае і сам Эш, які займае бадай што унікальную пазіцыю ў палітычных дэбатах з нагоды будучыні Захаду. Ён заўзяты крытык Буша за вайну ў Іраку і яго падыходу да амерыканскай ролі ў свеце і адначасова перакананы еўраатлантыст і ўілсанаўскі ліберал, які верыць у прасоўванне дэмакратыі і свабоды. За дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2004 г. ён выступаў на імпрэзе перад вашынгтонскім інтэлектуальна-аналітычным бамондам, засцерагаючы, што пераабранне Джорджа Буша на другі тэрмін прывядзе да новага ўсплёску еўрагалісцкіх настрояў. Эш наўпрост абвінавачвае цяперашнюю бушаўскую адміністрацыю ў тым, што гэта першы за пасляваенныя гады ўрад Злучаных Штатаў, які наўмысна праводзіць лінію на раскол, а не кансалідацыю еўрапейскай супольнасці. У сваёй роднай (еўрапейскай) Брытаніі Эш выступае як адзін з самых красамоўных крытыкаў тых, хто бачыць ва ўсім руку Вашынгтона (так, напрыклад, ён паслядоўна крытыкаваў пункт гледжання, што памаранчавая рэвалюцыя ва Украіне была магчымая выключна дзякуючы грошам дзядзькі Сэма. Вось некаторыя з яго сентэнцыяў: «Калі вы сцвярджаеце, што ва ўсім вінаватыя амерыканцы, то чаму мы, еўрапейцы, не трымаем першынства ў прамоцыі дэмакратыі?», і далей: «і хто вам больш даспадобы, Джордж Буш ці Уладзімір Пуцін? Што да мяне, дык Мэрылін Манро. Аднак не трэба забывацца, з кім мы падзяляем супольныя каштоўнасці»).

У сваёй кнізе Эш апелюе да еўрапейцаў і амерыканцаў, каб нагадаць ім аб тым, што дагэтуль аб’ядноўвае, а не падзяляе. Ён рэанімуе і прасоўвае тэрмін, аб якім амаль забыліся з канца халоднай вайны. «Вольны свет» – гэтае паняцце, здаецца, было пахаванае дзесяць гадоў таму Сэмюэлам Гантынгтанам у кнізе «Сутыкненне цывілізацый». Пахаванае праз непатрэбнасць, як перажытак супрацьстаяння дзвюх звышдзяржаў у халоднай вайне. Замест яго, сцвярджаў Гантынгтан, у палітычным дыскурсе назаўжды замацавалася паняцце культурна гамагеннага «Захаду» (назіраючы «крызіс Захаду» праз дзесяць гадоў, можна іранічна заўважыць яшчэ адно няспраўджанае прадказанне Гантынгтана). Тэрмінам «вольны свет» за часамі халоднай вайны злоўжывалі і стасавалі як да дэмакратый, так і да антыкамуністычных дыктатур. Эш адраджае яго літаральнае значэнне як прасторы свабоды і дэмакратыі. У гэтым ён праяўляе сябе як сапраўдны еўрапейскі ліберал, як адзін з самых інфармаваных назіральнікаў не толькі «старой», але і «новай» Еўропы, вывучэннем якой ён займаўся яшчэ з часоў камунізму. Яго багаты досвед кантактаў з усходнееўрапейскімі дысідэнтамі (як ён выказваецца, «яны мне здаваліся індывідуальнымі сябрамі вольнага свету ў нашмат большай ступені, чым Турцыя – сябрам калектыўным»), зусім іншае адчуванне вартасці свабоды, чым у заможнага еўрапейскага абывацеля, дапамагае нагадаць пра сапраўдныя вартасці і сапраўдныя пагрозы, якія мусяць зноў аб’яднаць дзве часткі заходняй супольнасці.

На думку Эша, сённяшні крызіс Захаду ёсць добрай нагодай для яго пераасэнсавання і вызначэння шляху для новай, сапраўды дзіўнай, калі меркаваць паводле сённяшняга стану амерыканска-еўрапейскіх адносін, будучыні для сусветнага парадку. Пры гэтым, сцвярджае Эш, амаль усё, што сёння кажуць пра «развод» Еўропы і Амерыкі, – не больш чым ілюзіі. Супрацьстаянне «амерыканскага» і «еўрапейскага Захаду» шмат у чым надумана. Лініі падзелу насамрэч праходзяць не па межах дзяржаў і кантынентаў, а ўнутры саміх грамадстваў, як амерыканскага, так і еўрапейскіх. Ці існуе адзіная, неакансерватыўная, рэлігійна-месіянска-фанатычная Амерыка? Вядома ж, не. Сорак дзевяць працэнтаў амерыканскіх выбарцаў, што прагаласавалі ў 2004 г. за Джона Керы, па сваіх палітычных перавагах і светапоглядзе цалкам пасуюць, каб лічыцца прадстаўнікамі «еўрапейскай нацыі», якую абвясцілі Габэрмас і Дэрыда. Нагадаем і тое, што ўжо пазначылі вышэй: антыамерыканізм у Еўропе ў значнай ступені фармулюецца самімі амерыканцамі! Да таго ж, далёка не ўся Еўропа была салідарная ў асуджэнні вайны ў Іраку. Гаворка не толькі пра пазіцыю «новых еўрапейцаў» і ўрадаў Іспаніі, Італіі і Брытаніі (якія, аб’ектыўна кажучы, шмат у чым ігнаравалі публічную апінію ўласных краін), але і думкі па-праамерыканску настроеных тых самых французаў і немцаў, колькасць якіх далёка не сімвалічная. Еўропа, як і Амерыка, з’яўляецца закладніцай унутранай палітыкі, калі гаворка ідзе пра вызначэнне палітыкі вонкавай. Галасы этнічных меншасцяў вызначалі палітыку ЗША ў ходзе халоднай вайны (як паспяховую ва Усходняй Еўропе, так і няўдалую на Кубе); палітычная і фінансавая моц амерыканскага габрэйства шмат у чым вызначае лінію ЗША на Блізкім Усходзе. Аднак, паводле выказвання аднаго французскага палітыка, яго дзяржава ў тым самым канфлікце паводзіць сябе, зыходзячы з таго, што «нашы прыгарады моляцца Алаху».

Па-другое, праблемы ў амерыканска-еўрапейскіх зносінах выкліканы далёка не толькі амерыканскай аднабаковасцю і неакансерватызмам. Еўрагалісты часцяком абвінавачваюць Злучаныя Штаты ў тым, што адносіцца і да іх саміх. Тут можна згадаць аднабаковыя дзеянні некаторых еўрапейскіх дзяржаў, напрыклад, Францыі, у трэцім свеце (ці нават гэта былі сумесныя са Злучанымі Штатамі дзеянні ў абыход міжнародных інстытутаў, калі еўрапейцы пагаджаліся з тым, што мэтазгоднасць дзеянняў мела перавагу над міжнароднымі правіламі гульні), альбо ўцягненне ЕЗ у гандаль зброяй з краінамі, што сістэматычна парушаюць правы чалавека і выклікаюць пагрозу для сваіх суседзяў. Еўрапейцам таксама цяжка ганарыцца болей высокай маральнасцю свайго стаўлення да навакольнага свету. Напрыклад, еўрапейскія палітыкі часцяком абвінавачваюць Злучаныя Штаты ў тым, што яны трацяць занадта мала на дапамогу краінам трэцяга свету. У той жа час, нагадвае Эш, такія крытыкі забываюцца, што Еўразвяз выдаткоўвае ў сярэднім толькі 8 долараў дапамогі на жыхара найбяднейшых краін Афрыкі і каля 900 – на субсідыі для ўтрымання адной каровы на тэрыторыі ЕЗ. Да таго ж, ідэолагі еўрагалізму мусяць самі адказваць на абвінавачанні ў імкненні падпарадкаваць інтарэсы больш слабых дзяржаў уласным амбіцыям – амаль ні для каго не сакрэт, што аб’яднаная Еўропа бачыцца многімі ў Францыі як шлях да задавальнення яе прэтэнзій на ролю сусветнай дзяржавы. Аднак, сцвярджае Эш, еўрагалізм контрпрадуктыўны для тых гульцоў, якія яго спавядаюць. Ідэя Еўропы як «не-Амерыкі» ці «анты-Амерыкі» вядзе да расколу ў самой Еўропе і такім чынам аслабляе міжнародныя пазіцыі ЕЗ, дазваляючы ЗША гуляць у гульню па прынцыпе «падзяляй і пануй».

Па-трэцяе, Эш проста не бачыць магчымасцяў для ЕЗ стаць звышдзяржавай па прыкладзе ЗША. Еўропа, сцвярджае ён, ужо стала эканамічнай звышдзяржавай («параўнайце наш «Airbus» з іх «Boeing» і паглядзіце, як камісар ЕЗ па канкурэнцыі забараняе зліццё «General Electric» ды «Honeywell», і вам усё стане зразумела», – сказаў ён у адным са сваіх шматлікіх інтэрв’ю). Да таго ж акурат прыхільнасць да спецыфічных «еўрапейскіх вартасцяў», вызначаных Габэрмасам і Дэрыдой (такіх, як прыхільнасць да сацыяльнай дзяржавы) і немагчымасць канчатковага ператварэння «Еўропы айчын» у «айчыну Еўропу» не пакідае ЕЗ ані палітычных, ані фінансавых магчымасцяў зрабіцца вайсковай звышдзяржавай.

Па-чацвёртае, перад абліччам сусветных выклікаў у будучыні, такіх, як міжнародны тэрарызм, галеча, экалагічныя крызісы альбо новыя геапалітычныя рэаліі, розніца паміж амерыканскім і еўрапейскім Захадам выглядае не толькі нязначнай, але і нацягнутай, усяго толькі праявай «злачыннага самазадавальнення», альбо, карыстаючыся мовай Фрэйда, «нарцысізму дробных адрозненняў». Гэтыя праблемы Еўропа і Амерыка могуць вырашыць толькі разам, яны, хутчэй, дапаўняюць адно адным, чым канкуруюць.

Нарэшце, і самае галоўнае, розніца паміж Еўропай і ЗША знікае перад абліччам пагроз для ўсяго заходняга свету. Так, міжнародны тэрарызм не робіць розніцы паміж часткамі «альянсу крыжакоў і сіяністаў», што размешчаныя па абодва бакі Атлантычнага акіяна. Тэракты 11 верасня былі атакай на Злучаныя Штаты, аднак выбухі 11 сакавіка 2004 г. у Мадрыдзе развеялі ілюзію аб мірнай і бяспечнай Еўропе. Эканамічны ўздым паўднёвай і паўднёва-ўсходняй Азіі прывядзе да вайсковага і палітычнага ўздыму дзвюх новых звышдзяржаў – Кітая і Індыі, якія ўжо валодаюць ядзернай зброяй, і насельніцтва кожнай з іх паасобку пераўзыходзіць насельніцтва ўсяго Захаду. Праз дваццаць гадоў, на думку Эша, Захад у цэлым ужо будзе не здольны канструяваць свет паводле сваіх прынцыпаў і кантраляваць яго так, як ён кантралюе сёння.

Эш як быццам бы паўтарае перасцярогі Сэмюэла Гантынгтана ў яго кнізе «Сутыкненне цывілізацый». Аднак яго рэцэпт супраць падзення Захаду кардынальна адрозніваецца ад таго, што прапанаваў Гантынгтан: замест самаабмежавання і самаабароны ў культурна гамагенным каталіцкім і пратэстанцкім «Захадзе», Эш заклікае да максімальнага пашырэння і інстытуцыянальнага замацавання «вольнага свету» як супольнасці дэмакратый, не толькі і не столькі дзеля таго, каб супрацьстаяць новым сусветным цэнтрам у будучыні, але каб мець магчымасць уцягнуць іх некалі ў сістэму «вольнага свету». У гэтым і палягае «дзіўная», паводле вызначэння Эша, будучыня Захаду: сённяшні раскол павінен выклікаць новае разуменне непазбежнасці адзінства. На ўсё пра ўсё, паўтарымся, застаецца каля дваццаці гадоў. Што ж можна і патрэбна зрабіць за гэты перыяд? Тут Эш вылучае тры галоўныя задачы.

Па-першае, пашырэнне абшару «вольнага свету». У першую чаргу, гэта працяг Еўразвяза амаль да геаграфічных межаў Еўропы (уключаючы Украіну, Беларусь і Малдову, а таксама Турцыю) і ўсталяванне «трывалага партнёрства» з «блізкім замежжам» ЕЗ, асабліва з Расеяй і арабскім светам. Па-другое, гэта максімальнае ўзмацненне «мяккага» аспекту ўплыву заходняга свету (soft power) на яго сумежныя краіны. Гаворка найперш пра ўзмацненне салідарнасці з насельніцтвам бяднейшых рэгіёнаў, павелічэнне высілкаў для ліквідацыі галечы ў «трэцім свеце», пашырэнне гандлю, ліквідацыю бар’ераў для прасоўвання тавараў з трэцяга свету і спісанне яго даўгоў. Па-трэцяе, гэта ўзмацненне высілкаў для ліквідацыі экалагічных пагроз на ўсім свеце.

Заўзяты крытык Буша, Эш такім чынам зрабіў поўнае кола і вярнуўся фактычна да высноў другой інаўгурацыйнай прамовы цяперашняга амерыканскага прэзідэнта (нагадаем яе ключавыя словы: «выжыванне свабоды ў нашай краіне ўсё больш залежыць ад умацавання свабоды за нашымі межамі»). Місія Эша – данесці да еўрапейцаў, што гэта адносіцца і да іх, і да амерыканцаў, што выжыванне свабоды без адраджэння паўнавартаснага трансатлантычнага альянсу (а значыць, і без большай увагі да Еўропы, як «старой», так і «новай») немагчыма. У гэтым Эш пацвярджае сваю рэпутацыю майстра парадоксаў і нечаканых высноў: ён і антыбушаўскі еўраатлантыст, і асцярожны ўілсанаўскі рамантык.

Парадаксальна, але заклік да ўмацавання заходняй супольнасці і пашырэння «вольнага свету», цалкам уілсаніянскі маніфест Эша, базуецца ўрэшце на тых самых страхах і хваляваннях, што і высновы яго ідэалагічных апанентаў: на зляканасці перад невядомасцю і «іншым», не-заходнім светам (прагнозы Эша нечым нагадваюць алармізм некаторых саветолагаў саракагадовай даўніны, якія прадказвалі, што Савецкі Саюз праз пару дзесяцігоддзяў дагоніць і перагоніць Амерыку ў эканамічнай і ваеннай моцы). Але ці высакародныя мэты памагчы трэцяму свету мусяць быць прадыктаваныя выключна пачуццём пагрозы, а не больш альтруістычнымі, гуманістычнымі пабуджэннямі, і ці рэальна абудзіць пачуццё пагрозы да такой ступені, што глабальныя праблемы сапраўды будуць уключаныя ў палітычны парадак дня пад націскам грамадскай думкі, а не прыродных ці сацыяльных катаклізмаў? Ці ўсведамленне каштоўнасцяў свабоды і дэмакратыі вымагае сталага пачуцця пагрозы (якое ўзаемна падзяляецца абапал Атлантыкі), вобразу супольнага ворага (хай Кітая, а не Савецкага Саюза), а гэтыя каштоўнасці не могуць выклікаць павагу самі па сабе? Ці патрэбны вонкавы вораг для мацавання супольнасці дэмакратый гэтаксама, як і для падтрымання таталітарнага парадку?

Эш не да канца тлумачыць сваё бачанне суадносін паміж «Захадам» і «вольным светам». На сённяшні дзень у свеце налічваецца каля ста дваццаці так званых «электаральных» дэмакратый, у якіх пражывае большасць насельніцтва свету, з іх каля дзевяноста – паўнавартасныя ліберальныя дэмакратыі. Заходні свет складае прыкладна палову з гэтай колькасці. Як будзе Захад будаваць свае адносіны з такімі краінамі, як Індыя, Інданезія ці Бразілія, ці здолеюць і нават згодзяцца яны падзяліць дэмакратычныя заходнія каштоўнасці не толькі ўнутры сябе, але і звонку, г. зн. падтрымаць і ўдзельнічаць у палітыцы прасоўвання дэмакратыі на свеце? З іншага боку, ці ёсць будучае ўмацаванне Індыі выклікам Захаду альбо магчымасцю, з улікам таго, што гэта найбуйнейшая дэмакратычная дзяржава на планеце, для беспрэцэдэнтнага ўзмацнення «вольнага свету»?

У цэлым, кніга Эша складае цалкам лагічны і пераканаўчы маніфест-заклік да ўмацавання і пашырэння заходняй супольнасці як вольнага свету. Але гэтая дзіўная будучыня можа падацца шмат каму на Захадзе страшнай – падтрымліваць традыцыйныя альянсы і захоўваць адзінства вакол базавых каштоўнасцяў зноў даводзіцца не ад добрага жыцця.

 
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/16