A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (37) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ТЭАДОР УІКС | ||||
«Мы» ці «яны»? Беларусы і імперская Расія ў 1863–1914 гг.
У апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. нацыянальнасць як «класіфікацыйны прынцып» упершыню сталася важным фактарам расійскай імперскай палітыкі. Сярод найбольш далікатных праблем, з якімі сутыкнулася імперская бюракратыя, было вызначэнне межаў «рускага народу». Добра вядома, што афіцыйны Пецярбург ніколі не ўважаў ні ўкраінцаў (якіх у тыя часы часцей звалі маларосамі), ні беларусаў за асобныя народы. З іншага боку, афіцыйная Расія цалкам не адмаўляла моўных альбо культурных адрозненняў гэтых дзвюх групаў. Пра апошняе сведчаць і катэгорыі, ужытыя ў перапісе насельніцтва 1897 г.: на пытанне аб «роднай мове» (не дзіўна, што паняцці «нацыя» альбо «этнічная прыналежнасць» у той час не фігуравалі ў перапісе) рэспандэнты маглі адказаць «велікаруская», «маларуская» ці «беларуская». Што праўда, усе гэтыя тры катэгорыі траплялі ў шырэйшую – «расійская»1. Аналагічным чынам расійская бюракратыя ніколі не адмаўляла, што беларусы ў некаторых аспектах адрозніваліся ад сваіх пабрацімцаў-велікаросаў з цэнтральнай Расіі. Аднак чыноўнікі з пагардай адкідалі ідэю, што адрозненні настолькі істотныя, каб не лічыць беларусаў адгалінаваннем расійскага народу.
У гэтай працы я паспрабую паказаць беларусаў перш за ўсё вачыма царскіх адміністратараў – як мясцовых, так і пецярбургскіх. У якасці карэктывы да гэтага відавочна перадузятага пункту гледжання будуць прапанаваны некаторыя статыстычныя звесткі што да беларусаў у Расійскай імперыі. Безумоўна, дакладнасць звестак – як і ўсёй статыстычнай інфармацыі аб нацыянальнасцях, сабранай у варунках несвабоднага палітычнага ладу – можна паставіць пад сумнеў, але тагачасныя крытыкі (і крытыкі пазнейшых часоў) збольшага згаджаліся, што перапіс быў праведзены прафесійна і без прадузятасці. У любым разе, гэтыя звесткі забяспечваюць іншы ракурс погляду на «беларускае пытанне» ў параўнанні з царскімі чыноўнікамі. Рэшта маёй працы будзе падзелена на тры часткі. Па-першае, мы прааналізуем агульныя ўяўленні і падыходы расійскіх чыноўнікаў, ужываныя для апісання беларусаў і расійскай палітыкі ў дачыненні да іх. Па-другое, будзе разгледжана вострая праблема беларусаў-каталікоў і іхняй прыналежнасці – ці непрыналежнасці – да «расійцаў». Урэшце, мы закранём сумежную праблему «вызвалення беларусаў ад польскага ўплыву». Аналіз розных аспектаў успрымання беларусаў афіцыйнымі расійскімі ўладамі вядзе нас да высновы, што ў разгляданы перыяд яны не надавалі беларусам асаблівай увагі (калі не зважаць на агульную рыторыку). «Беларускае пытанне» амаль заўсёды заставалася ў цяні больш злабадзённых пытанняў, а менавіта «яўрэйскага» і «польскага». Да таго ж, сітуацыя з беларусамі яшчэ раз паказвае, што ў Расійскай імперыі было амаль немагчыма аддзяліць «рэлігію» ад «этнічнай прыналежнасці»: нягледзячы на рытарычныя заявы аб прыняцці беларусаў-каталікоў у лона «рускага народу», усё адно дамінавала формула «каталік=паляк». Як і ў іншых выпадках, рыторыка і палітыка афіцыйнай Расіі адносна беларусаў дэманструе, што «русіфікацыя» – нават калі яна ўжывалася да ўяўных «расійцаў» – у позні перыяд існавання Расійскай імперыі рэдка набывала форму паслядоўнай і агрэсіўнай палітыкі2.
|
выкладчык катэдры гісторыі ўнівэрсытэту Паўднёвага Ілінойсу (Southern Illinois University Carbondale). Дасьледуе мадэрную ўсходнеэўрапейскую гісторыю. Аўтар кніжкі «Nation and State in Late Imperial Russia: Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863–1914» (1996). Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу аўтара. 1 Пры ўсіх недахопах перапіс 1897 г. застаецца каштоўнай крыніцай для гісторыкаў і сацыёлагаў гісторыі. Цэнтральны статыстычны камітэт пры Міністэрстве ўнутраных справаў апублікаваў вынікі перапісу ў 89 тамах (у альфабетным парадку паводле губерняў), а таксама масіўны «Агульны звод» у 2-х тамах (гл.: Первая всеобщая перепись населения Российской империи, 1897 г. Издание Центрального статистического комитета МВД / Ред. Н. А. Тройницкий. – СПб: МВД, 1899–1904). Адзін з найлепшых аглядаў перапісу з гледзішча вывучэння нацыянальнага пытання пад рэдакцыяй г. Башэра, А. Капэлера і В. Рота: Die Nationalitдten des Russischen Reiches in der Volkszählung von 1897. – Stuttgart: Fritz Steiner Verlag, 1991.
|
Любая спроба «навуковага» вызначэння граніц этнакультурных групаў сама па сабе вырачана на паразу. І ўсё-такі было б важна вылучыць некаторыя параметры, праз якія праглядаецца існаванне пэўнай нацыянальнай групы. Для беларусаў такія параметры мелі як геаграфічны, так і сацыяльны характар. Як мы ўбачым, беларусы былі пераважна сялянамі, жылі ў сельскагаспадарчых рэгіёнах, не выяўляючы вялікай «нацыянальнай свядомасці». Нават у канцы XIX ст. яны працягвалі жыць у грамадстве, дзе этнічная і класавая прыналежнасць амаль супадалі: беларусы складалі сялянскі стан, яўрэі жылі пераважна ў мястэчках і дамінавалі ў занятках, характэрных для «сярэдняга класу», такіх як гандаль ураздроб і гуртовы; што ж да «вышэйшага класу» – чыноўнікаў і землеўладальнікаў – то ў ім выразна пераважалі палякі і расійцы.
Згодна з перапісам 1897 г., беларуская мова займала чацвёртае месца паміж «родных моваў»: на ёй гаварылі каля 6 мільёнаў чалавек, альбо 4,57 % насельнікаў Расійскай імперыі3. Асноўная маса беларускамоўных – больш за 90 % – жыла ў пяці губернях Паўночна-заходняга краю: Магілёўскай, Менскай, Гарадзенскай, Віцебскай і Віленскай4. Ва ўсіх гэтых губернях жыхары займаліся пераважна сельскай гаспадаркай, а ўзровень урбанізацыі заставаўся нізкім. Паколькі ў афіцыйнай статыстыцы часцяком не праводзілася адрознення паміж расійцамі і беларусамі, не заўсёды можна з дакладнасцю сказаць, колькі беларусаў налічвалася сярод гарадскіх жыхароў, але выглядае, што іх было вельмі нямнога. У любым выпадку, зірнуўшы на найбольшыя гарады краю – Вільню, Віцебск, Магілёў, Гомель, Менск, Беласток – мы ўбачым, што «расійцы» (катэгорыя, якая ўключала і беларусаў, і ўкраінцаў) нідзе не складалі большасць гарадскіх жыхароў. Паўсюль яўрэяў у гарадах было болей, чым усіх «расійцаў», разам узятых, хаця часам і ненамнога5. Найбольш урбанізаванай з усіх пяці губерняў была Гарадзенская з 16 % гарадскога насельніцтва, але гэтым яна абавязана нетыпова вялікаму Беластоку, цэнтру тэкстыльнай прамысловасці на заходняй мяжы імперыі. Доля гарадскога насельніцтва ў Віленскай і Віцебскай губернях складала 10–15 %, а ў Менскай і Магілёўскай – 5–10 %6. Ні ў водным з губернскіх цэнтраў колькасць насельніцтва не перавышала 200 000 чалавек – адно Вільня набліжалася да гэтай адзнакі. Толькі ў Вільні і Віцебску жыло больш за 100 000 чалавек ды яшчэ ў Менску – амаль 100 0007. Калі ўзяць усіх беларусаў імперыі ў 1897 г., то з іх менш чым 3 % жылі ў гарадах, у параўнанні з 5,6 % украінцаў і 18,3 % палякаў8. Не дзіўна, што ўзровень пісьменнасці ў беларусаў – пераважна вяскоўцаў і сялянаў – быў зусім невысокім. Добра вядома, што ў Расійскай імперыі школьная справа была пастаўлена кепска, дарма што ў ёй пад канец XIX ст. былі дасягнутыя значныя поспехі. Паколькі выкладанне ў школах вялося па-расійску, шанцы беларускіх сялянскіх дзяцей стаць поўнасцю пісьменнымі змяншаліся яшчэ больш. Так ці інакш, у 1897 г. пераважная большасць беларусаў (85,04 %) была непісьменнай. Дзеля параўнання варта зазначыць, што ва ўкраінцаў узровень непісьменнасці быў яшчэ вышэйшы, хоць і ненамнога (86,16 %). Усяго 0,35 % беларусаў мелі асвету, вышэйшую ад пачатковай9. Блізу 80 % беларусаў зараблялі сабе на жыццё з сельскай гаспадаркі, і толькі 0,5 % заявілі аб тым, што зарабляюць «свабоднымі прафесіямі» («Freie Berufe»)10. У пэўным сэнсе было б анахранізмам і недарэчнасцю гаварыць аб «беларусах» як аб існай і бясспрэчнай этнічнай катэгорыі. І пад канец імперскага перыяду, і ў пазнейшыя часы мноства сведкаў даводзілі, што нацыянальная свядомасць у беларусаў не развілася добра11. У цэлым беларускія сяляне (як мы бачылі, у перыяд да 1914 г. гэтая фармулёўка мела даволі таўталагічны характар) атаясамлівалі сябе з вёскай, рэлігійнай прыналежнасцю і сацыяльным становішчам, а не з «нацыянальнасцю», катэгорыяй, якая мела малое значэнне ў іх штодзённым жыцці. У той жа час як афіцыйны Пецярбург, так і расійскае чынавенства рашуча найстойвала на «рускасці» сялянства названых губерняў – тых самых людзей, якіх мы цяпер называем «беларусамі». Чыноўнікі – а, бадай, і ўсё адукаванае расійскае грамадства – былі цвёрда перакананыя, што беларусы, як і ўкраінцы, у культурным, моўным і (збольшага) рэлігійным плане былі настолькі блізкія да сваіх пабрацімцаў з Курскай, Разанскай або Цвярской губерняў, што як след адладжаная адукацыйная і адміністрацыйная сістэма неўзабаве поўнасцю злучыць іх з расійскім народам. Зараз мы якраз і звернемся да расійскіх чыноўнікаў і іх бачання беларусаў як часткі «расійскага народу».
Як мы толькі што пабачылі, беларусы складалі вельмі вялікі пласт у насельніцтве г. зв. «паўночна-заходніх губерняў». Аднак у афіцыйных справаздачах краёвых чыноўнікаў часцей гаворыцца пра яўрэяў ці палякаў, чым пра беларусаў. Тутака зноў трэба мець на ўвазе «аптычны падман»: беларусы як такія трапляюць у катэгорыю «сялянаў» або «расійцаў», і іх даволі рэдка называюць проста «беларусамі». У адрозненне ад палякаў і яўрэяў, беларусы не ўяўлялі для ўраду першачарговай праблемы. Нарэшце, трэба ўлічваць, што, паколькі беларусаў, як правіла, уключалі ў катэгорыю «расійцы», агульная палітыка ў рэгіёне, скіраваная на «ўзмацненне расійскага землеўладання», магла тычыцца і іх. Можна заўважыць, што этнічныя адрозненні паміж беларусамі і расійцамі ўсё часцей прызнаюцца з канца XIX ст.; гэтай жа парой датуецца рост цікавасці да беларусаў. Аднак думка аб тым, што беларусы ёсць нечым большым, чым адгалінаваннем расійскага народу, так і не была прынятая. Найбольш «ліберальныя» чыноўнікі заўважалі, што на ўрадавым узроўні трэба прызнаць адрозненні паміж цэнтральнай Расіяй і беларускімі губернямі, каб пераканаць беларусаў у іх расійскім, а не – крый Божа! – польскім паходжанні. Амаль нідзе не знойдзеш клопату пра беларускую нацыянальную свядомасць як такую. Збольшага ўзмацненне свядомасці беларускай адметнасці ўспрымалася проста адной з праяваў узмацнення расійскай свядомасці – найважнейшай справай для ўрадавай палітыкі ў рэгіёне. Беларуская нацыянальная свядомасць разглядалася як праблема толькі тады, калі службовыя асобы меркавалі, што палякі і іншыя «нягоднікі» спрабуюць скарыстаць яе, каб разарваць «відавочныя, натуральныя і вечныя» сувязі беларусаў з велікаросамі. Адразу пасля польскага паўстання 1863 г. расійская палітыка ў беларускіх губернях мела на мэце найперш зменшыць польскае эканамічнае і культурнае панаванне. Дзеля гэтага ажыццяўляўся ўціск каталіцкага духавенства, былі зачыненыя ўсе кляштары, якія дапамагалі паўстанцам, увогуле, ставіліся ўсе магчымыя перашкоды пашырэнню «пальшчызны» праз каталіцкі касцёл. У той жа час пецярбургскія ўлады заяўлялі, што не жадаюць парушаць права каталікоў маліцца паводле сваіх абрадаў, а хочуць толькі абараніць некаталікоў ад драпежных душаловаў накшталт езуітаў. Тады і пазней і ў афіцыйных заявах, і ў масах каталіцкі касцёл непазбежна асацыяваўся з Польшчай і польскай культурай. Сапраўды, каталіцкія семінарыі ў Расійскай імперыі празвалі «рассаднікамі пальшчызны», і элементам урадавай палітыкі пасля 1863 г. было абмежаванне гэтага ўплыву. Да каталіцкіх святароў і тады, і пасля высоўвалася прэтэнзія: маўляў, яны прымушаюць непалякаў гаварыць малітвы па-польску. Патуранне паланізацыі беларусаў-каталікоў здавалася «расійскім патрыётам» недапушчальным, і многія з іх ахвотна падпісаліся б пад прапановай, ананімна дасланай у Міністэрства ўнутраных справаў у канцы 1865 г.:
Каталікам трэба дазволіць поўную свабоду ў выбары мовы малітваў – хай моляцца хоць па-кітайску або па-татарску. Аднак святары, якім урад плаціць зарплату, падчас выканання сваіх службовых абавязкаў маюць звяртацца да каталікоў на агульнадзяржаўнай мове, зразумелай усім жыхарам Расіі без выключэння12.
|
2 Даследаванні «русіфікацыі» (як мінімум, праблематычны тэрмін) і нацыянальнай палітыкі царызму зазналі росквіт у пачатку XXI ст. Вось некаторыя ранейшыя працы: Haltzel Michael, Lundin C. Leonard, Plakans Andrejs, Raun Toivo U., and Thaden Edward C. Russification in the Baltic Provinces and Finland, 1855–1914. Princeton: Princeton University Press, 1981; Hosking Geoffrey. Russia: People and Empire. – Cambridge, MA: Harvard University Press, 1997; Kappeler Andreas. The Russian Empire: A Multiethnic History / Trans. Alfred Clayton. – New York: Longman, 2001; Slezkine Yuri. Arctic Mirrors: Russia and the Small Peoples of the North. – Ithaca: Cornell University Press, 1994; Weeks Theodore R. Nation and State in Late Imperial Russia: Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863–1914. – DeKalb: Northern Illinois University Press, 1996. 3 Больш дакладныя звесткі – 5 886 000 чалавек, пераважалі колькасна толькі велікаросы, украінцы і палякі. Гл. табліцу ў: Weeks Theodore R. National Minorities in the Russian Empire, 1897–1917 // Russia under the Last Tsar: Opposition and Subversion 1894–1917 / Anna Geifman, ed. – Oxford: Blackwell, 1999. P. 118. 4 Колькасць беларусаў і іх доля ў насельніцтве ў кожнай з губерняў была наступнай: Віленская губ. – 891 903 (56,05 %), Віцебская – 788 599 (52,95 %), Гарадзенская – 705 045 (43,97 %), Менская – 1 633 091 (76,04 %), Магілёўская – 1 389 782 (82,39 %). Гл.: Общий свод по империи результатов разработки данных первой всеобщей переписи населения Российской Империи / Под ред. Н. А. Тройницкого. Т. 2. – Санкт-Петербург: МВД, 1905. с. 20–21. 5 Дакладныя афіцыйныя звесткі па гэтых шасці гарадах у 1910 г.: Вільня – 22,9 % «расійцаў», 28,6 % палякаў, 39,8 % яўрэяў; Магілёў: 38,6 % «расійцаў», 5,0 % палякаў, 43,2 % яўрэяў; Гомель: 47,5 % «расійцаў», 1,8 % палякаў, 50,5 % яўрэяў; Менск: 43,0 % «расійцаў», 11,4 % палякаў, 43,3 % яўрэяў; Беласток: 29,2 % «расійцаў», 2,9 % палякаў (відавочна, памылка: у гэтым горадзе было шмат палякаў), 64,9 % яўрэяў. Крыніца: Города России в 1910 г. – Санкт-Петербург: Центральный статистический комитет МВД, 1914. с. 90–93, 554–557. 6 Ежегодник России 1904 г. (Год первый). – Санкт-Петербург: Центральный статистический комитет МВД, 1905. с. 85–86. 7 Дадзеныя падлічаны паводле зборніка «Города России в 1910 г.», табл. 4, с. 90–92. Дакладная колькасць жыхароў, калі верыць гэтай крыніцы: Вільня – 181 442, Віцебск – 101 005, Магілёў – 49 583, Менск – 99 762, Горадня – 49 707, Беласток – 80 303. 8 Bauer et al. Nationalitäten des Russischen Reiches. Vol. B. Table 3. P. 74. 9 Bauer et al. Nationalitäten des Russischen Reiches… Table 12. P. 93. 10 Ibid. Table 22. P. 153. 11 Безумоўна, тэма развіцця нацыянальнай тоеснасці беларусаў вымагае дадатковага даследавання, але ў любым разе цяжка аспрэчыць, што да XX ст. беларуская нацыянальная свядомасць не была моцна развітай. Нават сучаснік, настроены на карысць беларусаў, наракаў на «забітасць і апатыю», што панавалі сярод іх (Новина Антон. Белорусы // Формы национального движения в современных государствах. Австро-Венгрия. Россия. Германия / Под ред. А. И. Кастелянского. – Санкт-Петербург: Общественная польза, 1910. с. 389). Вельмі цікавыя даследаванні ўспрымання паняцця «нацыя» беларусамі Гарадзеншчыны ладзіліся ў 1993–1994 гг. Гл. Engelking Anna. The natsyas of the Grodno Region of Belarus: A Field Study // Nations and Nationalism. Vol. 5. No. 2. 1999. P. 175–206.
|
Аднак нават у гэтай прапанове не прагучала слова «беларус». Тое самае мы назіраем у справаздачах губернатараў, якія штогадова дасылаліся ў Пецярбург з кожнай губерні. У першыя дзесяцігоддзі пасля 1863 г. прыметнік «беларускі» рэдка сустракаецца ў дакументах, а калі і сустракаецца, то найчасцей абазначае рэгіён, а не народ13. У далейшыя дзесяцігоддзі, у прыватнасці, у XX ст., ужыванне слова «беларускі» становіцца больш частым, але і пасля 1905 г. многія штогадовыя справаздачы, дэталёва апісваючы палякаў і яўрэяў, нават не згадваюць пра большасць насельнікаў краю або згадваюць толькі мясцовых расійцаў. Карацей кажучы, беларускае сялянства не бачылася ні як праблема, ні як арганізаваная «група інтарэсаў», з якой трэба было ўзаемадзейнічаць. Таму расійскія службоўцы маглі, не называючы гэтага, трактаваць беларусаў як «нашых» або проста як пасіўную, забітую масу, што чакае належнага стымулу «зверху», каб дарасці да статусу «сапраўдных расійцаў». За некалькі месяцаў да пачатку Першай сусветнай вайны ва ўрадавай справаздачы аб рэгіёне гаварылася: «Развіццё нацыянальнага руху сярод беларусаў слабое, у народных масах ён амаль не існуе; толькі частка беларускай інтэлігенцыі спрабуе абудзіць у беларусаў нацыянальную свядомасць прэсай і іншымі сродкамі». Нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці ў беларусаў кантраставаў з сітуацыяй сярод літоўцаў, дзе «рух разгортваецца мацней»14. Хаця ў Вільні ў 1914 г. выходзілі два перыёдыкі на беларускай мове («Наша Ніва» і «Беларус»), іх уплыў на сялянаў быў, здаецца, вельмі слабым. У кожным разе, нават літоўцы ў Вільні мелі восем перыёдыкаў, расійцы і палякі – 14 і 22 адпаведна, што дае нам пэўнае ўяўленне аб адноснай колькасці чытачоў15. У той жа справаздачы ёсць нараканне, што беларусы-каталікі, апытаныя наконт мовы, на якой яны гавораць дома, часта адказвалі «панская» альбо «польская», хаця іх адказы яўна не былі праўдзівыя. Паводле завядзёнкі, крыніцу такіх адказаў шукалі ў падрыўной дзейнасці каталіцкіх ксяндзоў-паланізатараў16. Калі ж згадваюць канкрэтна беларусаў, згадкі гэтыя кароткія і не вельмі дадатныя. Так, у 1911 г. магілёўскі губернатар дакладваў, што беларускае насельніцтва, адрозна ад палякаў і яўрэяў, было палітычна добранадзейнае. Ён таксама дадаваў, што «культурны ўзровень» і норавы ў яго губерні былі нізкімі і адзначаў вострую патрэбу ў адкрыцці большай колькасці школ, каб вывесці мясцовае насельніцтва з цемры17. У 1906 г. тамтэйшы генерал-губернатар рапартаваў, што «беларускае племя» паводле мовы і нораваў знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне паміж карэннымі расійцамі і палякамі. Хоць генерал-губернатар К. Кршывіцкі не меў на ўвазе зняважыць беларусаў, ён лічыў, што больш развітыя палякі заасімілююць беларусаў, калі ўрад не зробіць энергічных захадаў дзеля абмежавання ўплыву польскай культуры і «ўсімі сродкамі культуры не абудзіць нацыянальнай свядомасці ў Беларусі, каб захаваць беларусаў для расійскай культуры». Цікава, што генерал-губернатар выказваўся за ўжыванне беларускай мовы ў школах, за ўвядзенне яе ў цэрквах і за дзяржаўныя субсідыі беларускім сялянам, якія жадалі набыць зямлю18. Нямногія службоўцы ішлі гэтым шляхам: часцей у літаратуры можна сустрэць цьмяныя спасылкі на «абрусенне краю». Апошняе, паводле дакладу менскага губернатара 1902 г., ішло марудна з-за абыякавасці расійскіх землеўладальнікаў. Той факт, што насельніцтва правінцыі было пераважна беларускім або, з афіцыйнага гледзішча, «расійскім», увогуле не згадваўся19. У дакументах, прыкладам, у вялізным памерам дакладзе генерал-губернатара П. Святаполк-Мірскага, можна знайсці заклік да каталікоў губерні маліцца «на роднай мове» («на их родном языке»), што ў дадзеным кантэксце магло азначаць толькі беларускую/расійскую – аднак мова проста не называецца20. Трапляюцца і больш красамоўныя сведчанні: так, камісія, якая ў 1905 г. расследавала абмежаванні, накладзеныя на палякаў, прыйшла да высновы, што, хаця «мясцовыя мовы» (то бок, усе, акрамя расійскай) варта заахвочваць ва ўсіх сферах, уключаючы адукацыю, выкладанне на ўкраінскай і беларускай мовах было б залішнім і недарэчным: «маларасійскі і беларускі дыялекты настолькі блізкія да расійскай мовы, што няма патрэбы ў адначасовым выкладанні («совместном преподавании») на іх. Больш за тое, беларускі дыялект, на якім амаль не існуе літаратуры, наўрад ці можна нават выкладаць як самастойны прадмет»21. Гэтае меркаванне было падтрымана на іншым узроўні, у справаздачы 1910 г. аб стане рэчаў у Віленскай губерні. Віленскі губернатар скардзіўся, што прэстыж польскай культуры застаецца высокім, так што любы селянін, які атрымаў нават сціплую адукацыю, адразу ж пачынае засвойваць польскія культурныя маркеры, у тым ліку і мову22. З іншага боку, справаздача змяшчае на рэдкасць негатыўную ацэнку беларускай інтэлігенцыі, што знаходзілася пад згубным уплывам сацыялістычных ідэй. Яшчэ горшым, паводле высноваў губернатара, выяўляецца «новы тып вясковага настаўніка», які прэтэндуе на годнасць патрыёта і чалавека з народу, а насамрэч шальмуе землеўладальнікаў усіх нацыянальнасцей23. Ці не была гэтая цьмяная скарга рэакцыяй на новы тып палітызаванага беларускага нацыянальнага пачуцця сярод маладых, радыкальна настроеных беларускіх настаўнікаў?
З 1863 г. да 1914 г. афіцыйныя дыскусіі пра беларусаў шмат у чым захоўвалі пастаянства. Для расійскіх уладаў беларусы заставаліся «цёмнай» сялянскай масай, падпалай пад польска-каталіцкі ўплыў, але ў цэлым пасіўнай і няздольнай да самастойнага развіцця. Нягледзячы на ўсю ўрадавую рыторыку пра патрэбу аднавіць «ісцінна рускі характар» заходніх губерняў, самому беларускаму насельніцтву адводзілася невялікая роля ў гэтым праекце. Прапагандаванае Пецярбургам «абрусенне краю» мелася праводзіцца вакол і для беларусаў, але не пры актыўным удзеле іх саміх.
|
12 О Западной России. – Санкт-Петербург: Российский государственный исторический архив [далей РГИА]. Ф. 869, оп. 1, 1865, д. 563, л. 14. 13 Спашлюся толькі на некаторыя прыклады ў цэлым усёахопных справаздач, дзе, аднак, няма жаднай згадкі пра беларусаў (хаця палякаў, каталікоў і яўрэяў рэдка ігнаруюць): РГИА. Ф. 1263, оп. 4, 1871, д. 46 (Віленскі генерал-губернатар, 1868–1870); РГИА. Ф. 1263, оп. 1, 1874, д. 3723 (Віленскі генерал-губернатар, 1871–1873); РГИА. Ф. 1284, оп. 223, 1886, д. 186 (Віленскі генерал-губернатар, 1884–1886); РГИА. Ф. 1281, оп. 7, 1870, д. 56 (Гарадзенская губерня, 1869); тамсама, 1866, д. 79 (Менская губерня, 1865); РГИА. Ф. 1267, оп. 1, 1864, д. 8 (Магілёўская губерня, 1863); РГИА. Ф. 1281, оп. 7, 1867, д. 74 (Віцебская губерня, 1866); РГИА. Ф. 1284, оп. 7, 1865, д. 34 (Віленская губерня, 1864). 14 РГИА. Ф. 1821, оп. 150, 1913, д. 174, л. 14. Гэтая справаздача не датавана, але інфармацыя, што ў ёй змяшчаецца, і прыкладзеныя дакументы дазваляюць нам выказаць здагадку, што яна была напісана ўвесну 1914 г. 15 Тамсама. Л. 19–21. 16 Тамсама. Л. 29v. 17 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1912, д. 38. 18 РГИА. Ф. 1284, оп. 190, 1899, д. 84А, л. 88–89. 19 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1903, д. 98. 20 РГИА. Ф. 1284, оп. 190, д. 84б, л. 12v. Святаполк-Мірскі таксама заклікае чыноўнікаў змагацца супраць агульнапашыранага атаясамлівання «каталікоў» і «палякаў». 21 РГИА. Ф. 1276, оп. 1, 1905, д. 106, л. 419v. 22 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1911, д. 72, л. 7v. 23 Тамсама. Л. 19v, 23v.
|
Бадай самай праблемнай групай сярод беларусаў, якая найчасцей станавілася прадметам дыскусій, былі каталікі. Беларусы пераважна вызнавалі праваслаўе (хаця большасць іх была нашчадкамі уніятаў, перахрышчаных у 1839 г.)24, але больш за мільён чалавек (18 % ад усіх беларусаў у 1897 г.) вызнавалі каталіцкую веру25. Улічваючы вельмі шчыльную сувязь паміж канфесійнай і нацыянальнай прыналежнасцю ў гэтым рэгіёне, становіцца зразумелай урадавая заклапочанасць гэтымі «расійцамі»-каталікамі, якія сваім існаваннем кідалі выклік звыклай катэгарыяльнай сістэме. Характэрная згадка менскага губернатара ў 1901 г. пра «беларусаў-каталікоў, якія лічаць сябе палякамі», і пра дзейнасць рымска-каталіцкіх ксяндзоў, якія «яшчэ і цяпер ставяць знак роўнасці паміж верай і нацыянальнасцю, каталіцтвам і пальшчызнай»26. Але ў атаесамленні веры і нацыянальнасці каталіцкія ксяндзы не былі самотнымі. У справаздачы 1908 г. магілёўскі губернатар радзіў не дазваляць каталікам купляць зямлю ў губерні, тлумачачы, што дазвол на куплю павінен выдавацца зыходзячы не з нацыянальнага, а з рэлігійнага («вероисповедного») прынцыпу27. Прыкладна ў той жа час менскі губернатар адкрыта заявіў: «у Заходнім краі «каталік» і «паляк» – сінонімы»28. З аднаго боку, і грамадства, і ўлада збольшага звязвалі каталіцызм з польскай нацыянальнасцю і «пальшчызнай». З другога, урад не хацеў мірыцца з асіміляцыяй «каталікоў-расійцаў» у польскую нацыю. Аднак нават аспрэчваючы атаесамленне каталікоў з палякамі, у афіцыйнай рыторыцы захоўваліся дзіўныя двухсэнсоўнасці і супярэчнасці. Напрыклад, рэзка выступаючы супраць атаесамлення рэлігіі і нацыянальнасці, віленскі генерал-губернатар, князь П. Святаполк-Мірскі, скончыў так: «у той жа час я не магу не спадзявацца, што, калі беларускае племя ўсвядоміць сваю прыналежнасць да расійскага народу, яно само вернецца ў лона праваслаўнай царквы»29. Іншымі словамі, нават для «ліберальнага» ўрадоўца, якім быў Святаполк-Мірскі, паняцце расійца-каталіка было непрымальным у доўгатэрміновай перспектыве. Падобную двухсэнсоўнасць можна знайсці ў мемуарах Фердынанда Сенчыкоўскага, каталіцкага ксяндза, які набыў пэўную вядомасць дзякуючы энергічнаму ўвядзенню расійскай мовы ў набажэнствы. Сенчыкоўскі, чые адносіны з каталіцікімі іерархамі абвастрыліся настолькі, што ён быў змушаны пакінуць край, выказваўся наконт сваёй рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці вельмі супярэчліва. Ён нарадзіўся ў 1837 г. у бацькоў-уніятаў (хаця, мажліва, яго маці была праваслаўнай), скончыў семінарыю ў 1861 г. У час паўстання 1863 г. ён, паводле ўласнага прызнання, карыстаўся «беларускай і расійскай [мовамі ў касцёле] замест польскай», спрабуючы так прадухіліць закрыццё касцёлаў расійскімі ўладамі30. Сваю праграму ён апісаў наступным чынам: «Перш за ўсё я хацеў знішчыць пальшчызну, вярнуць паланізаваны расійскі народ Беларусі ў расійскае ўлонне, і, захоўваючы заходнюю абраднасць у догмах [sic], паяднаць іх з праваслаўем, каб раз і назаўсёды адарваць гэты цёмны народ ад польскай палітычнай прапаганды»31. Сапраўды, даволі дзіўна для каталіцкага святара гаварыць пра навяртанне ягонай паствы да праваслаўя, і здзіўленне толькі яшчэ больш нарастае, калі Сенчыкоўскі, нібыта жадаючы пацвердзіць сваю «рускасць», доўга пералічвае ўласных сваякоў, якія былі праваслаўнымі. Яшчэ раз мяняючы курс, Сенчыкоўскі абрынаецца супраць ідэі выключэння неправаслаўных вернікаў з складу расійскай нацыі: «І ўрэшце, хіба ж толькі праваслаўныя могуць быць расійцамі? Хіба адна рэлігія робіць чалавека ісцінна-рускім? Хіба мала было праваслаўных з расійскімі імёнамі, якія здрадзілі Расіі?»32. Для тых, хто так і не зразумеў гэтай ідэі, рэдактар праз некалькі старонак урачыста падкрэслівае: «Несумненна, з ранніх гадоў душа Сенчыкоўскага, пад уплывам яго маці, хілілася да праваслаўя. У той жа час, народжаны каталіком, ён разумеў, што яму наканавана навечна заставацца ва ўлонні Рымска-каталіцкай царквы, такой чужой яму»33. Ізноў-такі каталіцтва можа быць прымальнае як часовы стан, але ні ў якім разе не як пастаянная і глыбока ўкарэненая ўласцівасць «ісцінна-рускага чалавека». Аднак імперскія ўрадоўцы стараліся не лезці так у душу. Для іх надзённай праблемай пасля 1863 г. было як мага большае абмежаванне польскага ўплыву. Пры адсутнасці развітай школьнай сістэмы каталіцкая царква была, відавочна, найбольш значным польскім культурным інстытутам у краі. Улічваючы, што беларусы колькасна дамінавалі сярод каталікоў у большасці мясцовасцяў паўночна-заходніх губерняў (за выняткам літоўцаў у Ковенскай губерні і інш.), было вельмі зразумела, што ўрад энергічна ўзяўся за «распалячванне касцёлу». У канцы 1869 г. быў прыняты закон, згодна з якім было дазволена добраахвотнае карыстанне расійскай мовы ў каталіцкіх храмах, калі мясцовы святар і парафія таго пажадаюць34. Аднак, калі прынцып добраахвотнасці захоўваўся, закон не меў эфекту. Нягледзячы на намаганні такіх энтузіястаў як Сенчыкоўскі, ужыванне расійскай (або беларускай) мовы не набыло вялікай папулярнасці сярод каталікоў-парафіянаў. Мясцовыя ксяндзы ўпарта супраціўляліся ўжыванню расійскай мовы ў гімнах, малітвах і казанях, не без поспеху адхіляючы ад службаў ці іншымі сродкамі змушаючы замаўчаць святароў накшталт Сенчыкоўскага, якія спрабавалі прасоўваць беларускую альбо расійскую мову. Ватыкан пайшоў далей, выдаўшы пастанову ад 11 ліпеня 1877 г., у якой цалкам забаранялася выкарыстанне расійскай мовы ў «дадатковых службах» (г. зн. у казанях, малітвах, гімнах і г. д.). У сярэдзіне 1890-х гг. менскі губернатар заявіў, што спробы ўвесці расійскую мову былі зроблены ў 30 з 50 каталіцкіх храмаў губерні, аднак «у цяперашні час усяго каля дзесяці» ўжываюць іншую мову, чым польская, для гімнаў, казаняў і г. д.35. Успрыманне ўрадам беларусаў-каталікоў як «групы рызыкі» яшчэ больш абвастрылася пасля ўказу 17 красавіка 1905 г., якім быў дазволены пераход з праваслаўя ў іншую канфесію (раней пераход быў дазволены толькі з іншых хрысціянскіх і нехрысціянскіх канфесій у праваслаўе, але не наадварот). Віцебскі губернатар скардзіўся на «масавае навяртанне» ў каталіцызм на працягу 1905 г. – скарга, уласцівая многім афіцыйным справаздачам 1905 г. і наступных гадоў36. Праз два гады гарадзенскі губернатар паскардзіцца, што каталіцкія ксяндзы ўсё яшчэ спрабуюць паланізаваць губерню37, а ў 1910 г. віцебскі губернатар напіша, што каталіцкія ксяндзы спрабуюць навярнуць у сваю веру праваслаўных сялянаў і вядуць рэлігійную адукацыю выключна па-польску38. Мова катэхізіса («Закона Божага») і «родная мова» мясцовых каталікоў выклікалі вялікі клопат для ўладаў. Многія губернатары адзначалі, што ксяндзы навучаюць сваіх парафіянаў называць роднай мовай («родным языком») мову, на якой яны моляцца39. Паколькі ўсе беларускія каталікі ўмелі маліцца адно па-польску, такі падыход яшчэ больш адасобіў бы іх ад расійскай культуры. Мясцовыя чыноўнікі баяліся, што ад вызначэння польскай мовы як «роднай» (у асяроддзі вернікаў) да патрабаванняў увядзення польскай у пачатковыя школы адзін крок, хоць пасля 1905 г. навучанне па-польску было, у прынцыпе, дазволена. Аднак улады баяліся згубіць мільён «рускіх людзей» у выпадку, калі не будуць зроблены паслядоўныя і энергічныя контрзахады. Як пісаў напярэдадні Першай сусветнай вайны менскі губернатар: «беларускі народ рымска-каталіцкай веры – галіна чыста расійскага паходжання. Апрача рэлігіі, гэтыя людзі нічым не адрозніваюцца ад праваслаўных беларусаў: тая ж народная беларуская мова, тыя ж абрады, тыя ж песні, адзенне, звычаі і тое ж становішча ў грамадстве»40. Губернатар заахвочваў ужыванне расійскай мовы ў каталіцкіх храмах сваёй губерні, прызначаючы ксяндзоў беларускага паходжання ў парафіі, паставіўшы непаляка (літоўца) на чале менскай каталіцкай семінарыі41. Карацей, урад імкнуўся рабіць усё патрэбнае для стварэння бар’ераў паміж палякамі і беларусамі, сцвярджаючы, што нават беларусы-каталікі амаль нічым не адрозніваюцца ад іншых «рускіх» з гледзішча мовы, культуры і нават палітычных сімпатый. Гэтых «расійцаў-каталікоў» належала любой цаной бараніць ад пальшчызны.
|
24 Пра уніяцкую царкву і расійскія ўлады, у прыватнасці, пра стаўленне апошніх да «ўз’яднання» уніятаў з праваслаўнай царквой, гл.: Weeks Theodore R. Between Rome and Tsargrad: The Uniate Church in Imperial Russia // Geraci Robert P., Khodarkovsky Michael, eds. Of Religion and Empire: Missions, Conversion, and Tolerance in Tsarist Russia. – Ithaca: Cornell University Press, 2001. P. 70–91. 25 Bauer et al. Die Nationalitдten. Vol. B, table 6. p. 77. Больш дакладна, сярод беларускамоўнага насельніцтва (5 885 547 чалавек) было 4 787 391 праваслаўных, 38 458 старавераў, 1 054 451 каталікоў рымскага абраду, 1345 іудзеяў, 2738 мусульманаў, а таксама некалькі соцень лютэранаў, каталікоў армянскага абраду ды інш. 26 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 53А, Минск 1901. с. 2–3. 27 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1909, д. 105, л. 10. 28 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1908, д. 56, л. 2. Гэтая заява была зроблена ў справаздачы 1907 г. 29 РГИА. Ф. 1284, оп. 190, д. 84В, л. 12v–13. 30 Журкевич А. В. Из-за русского языка. (Биография каноника Сенчиковского, в двух частях, с алфавитным указателем и тремя фотографиями.) Часть 1-я. На родине Белоруссии // Минская старина. Выпуск 3. – Вильна: Русский почин. с. 11. 31 Тамсама. 32 Тамсама. с. 12–14. Цытата са с. 14. 33 Тамсама. с. 29.
|
Заклікі «бараніць беларусаў ад пальшчызны» сталі асабліва частымі і гучнымі пасля 1905 г. Часам ужывалася проста слова «пальшчызна», хаця часцей чыноўнікі пісалі пра незвычайную эканамічную, культурную і рэлігійную магутнасць палякаў у заходніх правінцыях. І пасля 1863 г., і раней вобраз польскага пана ці ксяндза-русафоба, які «па-езуіцку» спрабуе падбухторыць «цёмных сялянаў» на карысць польскай справы, быў вельмі папулярным, і нягледзячы на рыторыку ў ім прысутнічала доля праўды. Падобная рыторыка прабіваецца ў справаздачах розных часоў, напрыклад, у справаздачы менскага губернатара за 1895 г., паводле якой беларускія каталікі несамастойныя ў сваіх меркаваннях і дзеяннях з прычыны моцнага ўплыву каталіцкага клеру польскага паходжання42. Магілёўскі губернатар, які кіраваў найменш паланізаванай (і найменш каталіцкай) губерняй краю, адзначаў у 1900 г., што ўплыў палякаў, якія складалі ўсяго каля 3 % насельніцтва, заставаўся вялікім, і назваў як адну з прычын апантаны патрыятызм полек43. Годам пазней з Гарадзенскай губерні прыйшло данясенне, што эканамічная моц польскіх памешчыкаў і антырасійскія тэндэнцыі ў асяроддзі польскіх ксяндзоў, спалучаныя разам, ёсць крыніцай пашырэння антырасійскіх пачуццяў сярод мясцовых сялянаў-каталікоў (беларусаў)44. Пасля 1905 г. такіх скаргаў паболела, а аб’ём іх павялічыўся. Магілёўскі губернатар падкрэсліваў, што каталіцкае духавенства дабіваецца істотных поспехаў у справе паланізацыі, а вось праваслаўным святарам не ўдаецца гэтак добра абуджаць у вернікаў пачуццё прыналежнасці да расійскага народу45. У справаздачах 1907 і 1909 гг. віленскі губернатар развіў гэтую тэму. Яго падыход адрозніваўся яснасцю: «увогуле, у цяперашні час паняцце «паляк» страціла ў Віленскай губерні этнаграфічны характар і набыло амаль заўсёды палітычны сэнс»46. Таму палітычна мэтазгодна падтрымліваць і бараніць мясцовых беларусаў, у тым ліку беларусаў-каталікоў, сярод якіх жыве «шматвяковае пачуццё адданасці і любові да Расіі». Дзеля гэтага ўладам трэба заахвочваць нацыянальную свядомасць беларусаў, патрабаваць ужывання беларускай мовы ў мясцовых храмах і прызначаць святароў-беларусаў у мясцовыя парафіі47. У працяг гэтых разважанняў праз два гады губернатар напіша, што беларускія сяляне дужа спаланізаваліся і маюць патрэбу ў неадкладнай абароне ад польскіх памешчыкаў48. Ён адхіліў ідэю аб навяртанні краю ў праваслаўную веру, адначасова адзначыўшы патрэбу ў ачышчэнні мясцовых каталіцкіх храмаў ад польскага ўплыву.
Прыкметай таго, што беларуская праблема набыла значнасць для цэнтральных уладаў, стаў шэраг дыскусій наконт яе напярэдадні Першай сусветнай вайны. У сярэдзіне 1912 г. міністр унутраных справаў Макараў пісаў, што ўрад павінен заахвочваць пачуццё «рускасці» ў беларусаў: «Урад, разам з мясцовай расійскай грамадскасцю, абавязаны ўсімі магчымымі сродкамі забяспечваць у беларускіх народных масах падтрымку і далейшае развіццё свядомасці іх кроўнай нацыянальнай і культурна-гістарычнай блізіні да Расіі». Сярод сродкаў называліся «расійскія нацыянальныя школы», укараненне расійскай мовы ў каталіцкіх касцёлах і супрацьдзеянне польскаму ўплыву на беларусаў49. У наступным годзе (1913) аб захадах супраць паланізацыі беларусаў было напісана яшчэ больш. Так, дзейны губернатар Гарадзенскай губерні, П. М. Баярскі, склаў даўжэзную справаздачу аб пальшчызне і спосабах барацьбы з ёю. Паводле Баярскага, у падначаленай яму губерні «няма польскага народу, а толькі паны і ксяндзы»50. На няшчасце для «расійскай справы», яе ўласныя сілы вельмі слабыя і некультурныя, як у выпадку мясцовага аддзялення Саюза расійскага народу ў Беластоку. Палякі ж адрозніваліся дысцыплінай, арганізаванасцю і валодалі фінансавымі сродкамі. У такой сітуацыі, пісаў Баярскі, ураду трэба давесці да агульнага ведама, што ён не плануе нікога ні русіфікаваць, ні навяртаць у праваслаўе. Кожнаму каталіку трэба гарантаваць права вызнаваць сваю веру «пры ўмове поўнага палітычнага зліцця з карэнным расійскім насельніцтвам, каб яны [каталікі] маглі стаць шчырымі, праўдзівымі і лаяльнымі расійскімі грамадзянамі»51. Ізноў выяўляецца, што, хаця каталікам было «дазволена» захоўваць сваю рэлігію, «зліць» іх з расійскай нацыяй можна было толькі пры дапамозе адмысловых захадаў. Нават у 1913 г., калі расійскія ўрадоўцы схіляліся да больш «мадэрнага», з акцэнтам на этнічным паходжанні, разумення нацыянальнасці, яны працягвалі разглядаць каталікоў-беларусаў як патэнцыйных, але ўсё-такі не паўнавартасных сяброў расійскага народу.
За паўстагоддзя паміж апошнім польскім паўстаннем і Першай сусветнай вайной вобраз беларусаў у вачах расійскай адміністрацыі змяніўся нязначна. У 1860-я гг., як і ў перыяд пасля рэвалюцыі 1905 г., яна бачыла беларусаў найперш забітай, беднай, непісьменнай, пасіўнай масай, падпалай пад панаванне памешчыкаў-палякаў і надта часта падуплыўнай хітрым і падступным каталіцкім ксяндзам. Спробы абмежаваць польскі ўплыў у каталіцкіх храмах у 1870–1880-я гг. выявіліся непаспяховымі, і, зважаючы на масавы (прынамсі, такім ён здаваўся) пераход у каталіцтва пасля 1905 г., улады звярталіся да мацнейшых і больш эфектыўных захадаў дзеля стрымлівання каталіцтва і пальшчызны. Расійскія чыноўнікі зыходзілі з таго, што, калі беларусаў, у тым ліку каталікоў, вызваліць ад польскага ўплыву, яны ўсвядомяць сваю прыналежнасць да вялікай расійскай нацыі. Ідэі аб асобнай беларускай культуры або мове, не кажучы ўжо аб нацыянальнасці, рэдка нават агучваліся, а калі і гучалі, то выкрываліся як яшчэ адзін спосаб, якім палякі спрабавалі паланізаваць тутэйшых расійцаў. У адрозненне ад украінскай мовы, ужыванне беларускай не разглядалася як пагроза; мажліва, праз адсутнасць беларускага «П’емонта», якім для Украіны была Галіччына, што знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі. Нарэшце, расійскія ўлады ніколі не ўспрымалі беларусаў усур’ёз. І для мясцовага чынавенства, і для афіцыйнага Пецярбургу адзіная праблема палягала ў тым, ці стануць беларусы паўнавартаснымі, свядомымі і адукаванымі «рускімі людзьмі», ці такі канчаткова спаланізуюцца, страціўшы тым самым сваю «ісцінна-рускую» сутнасць. Нават у 1914 г. афіцыйная Расія не магла паверыць, што беларусы здольныя на выпрацоўку і развіццё ўласнай нацыянальнай культуры.
Пераклаў з амерыканскай Уладзімір Паўловіч |
34 Больш падрабязна тэма асвятляецца ў: Weeks Theodore R. Religion and Russification: Russian Language in the Catholic Churches of the «Northwest Provinces» after 1863 // Kritika. Vol. 2. № 1. 2001. P. 87–110. Два сведчанні прарасійскіх сучаснікаў: А. П. Владимиров. История располячения Западно-русского костела. – Москва: Университетская тип., 1896; Д. Н.Чихачев. К вопросу о располячении костела в прошлом и настоящем. Сборник статей. – Санкт-Петербург: А. с. Суворин, 1913. 35 РГИА. Ф. 1284, оп. 223, 1895, д. 145, л. 9. 36 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1906, д. 45, л. 2v. 37 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 22, Гродно 1907, л. 94. 38 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1911, д. 34, л. 12v–13. 39 Тамсама. Л. 14. У справаздачы з Горадні (1910 г.) можна знайсці аналагічны тэзіс: там сцвярджаецца, што каталіцкія ксяндзы падбухторваюць бацькоў патрабаваць, каб іх дзеці вучылі Закон Божы па-польску: РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 22, Гродно 1910, л. 102. 40 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 53А, Минск 1913, л. 1. 41 Тамсама. Л. 4–6. 42 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 53А, Минск 1895, л. 10. 43 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 54, Могилев 1900, л. 5. 44 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 22, Гродно 1901, л. 74–76. 45 РГИА, чытальная зала. Оп. 1, д. 54, Могилев 1907, л. 10. 46 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1908, д. 66, л. 6. 47 Тамсама. Л. 9v–10. 48 РГИА. Ф. 1284, оп. 194, 1910, д. 69, л. 3v–4v. 49 РГИА. Ф. 821, оп. 128, 1912, д. 697, л. 11–12. 50 РГИА. Ф. 821, оп. 150, 1912, д. 167, л. 8v. 51 Тамсама. Л. 22.
|
|