A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ДАМІНІК АРЭЛЬ | ||||
Парадоксы Памаранчавай рэвалюцыі
Памаранчавая рэвалюцыя, найважнейшая палітычная падзея ўва Ўсходняй Эўропе пасьля падзеньня Бэрлінскага муру, заснаваная на парадоксах. Гэтая рэвалюцыя мела на мэце стварыць палітычную нацыю, зьмяніць прыроду палітычнага рэжыму ва Ўкраіне дый накіраваць палітычнае разьвіцьцё ў бок «адкрытага грамадзтва», якое цяпер ёсьць сынонімам слова Эўропа. Разам з тым, сваім існаваньнем Памаранчавая рэвалюцыя абавязаная магутнаму нацыянальнаму руху ўва Ўкраіне. Нацыянальнаму акурат у сэнсе нацыяналізму.
Нацыянальная вера ператварылася, хай сабе і нечаканым чынам, у выбарчую большасьць, а яе посьпехі ў вырашэньні найцяжэйшай задачы – арганізаванага дый працяглага грамадзкага дзеяньня – пусьцілі скразную расколіну ў старым рэжыме. Мы ўжо далёка адышлі ад часоў Ганса Кона, які бачыў у нацыяналізьме на Ўсходзе адныя толькі эмоцыі, ірацыяналізм і пагрозу адкрытаму грамадзтву. Край, дзе разгарнуліся падзеі Памаранчавай рэвалюцыі, быў для Кона глыбокім Усходам, бо, вядома ж, ягоны Ўсход пачынаўся на француска-нямецкай мяжы. Аднак, калі Ўкраіна цяпер накіроўваецца да адкрытага грамадзтва, дык гэта адбываецца ў значнай меры акурат дзякуючы сіле ейнага нацыяналізму. Справу ўскладняе і глыбокая крыза легітымнасьці, якую перажывае ўкраінскае грамадзтва. Непамаранчавая частка электарату, што ў трэцім туры выбараў 26 сьнежня складала 44 %, не прызнае народнага паўстаньня на Майдане легітымным. Памаранчавы электарат з сваёй невялічкай перавагай у 52 % не прызнае, што непамаранчавым была нанесеная абраза. На гэта можна было б не зважаць, як на нармальную дынаміку вынікаў выбараў зь пераможцам і пераможаным, калі б палярызацыя памаранчавага і непамаранчавага электаратаў не набыла такіх надзвычайных геаграфічных прыкметаў. Украіна ў нейкім сэнсе ўжо была геаграфічна палярызаваная, калі на выбарах 1994 году ўладу здабыў Леанід Кучма, але сёньня гэтая краіна палярызаваная значна больш. Адначасова, як пабачым далей, у гэтым няма супярэчнасьці: высокі ўзровень непрыманьня Віктара Юшчанкі ўва ўсходняй Украіне цалкам супастаўны з узроўнем непрыманьня Леаніда Краўчука ў 1994 годзе, задоўга да Памаранчавай рэвалюцыі. Наважуся дапусьціць, што тут ідзецца пра нешта больш істотнае: пра страх адасабленьня. У зьвязку з гэтым адметна, што ўпершыню пасьля паўстаньня Савецкае Ўкраіны ўва ўрадзе амаль адсутнічае ўсходняя Ўкраіна.
Памаранчавая рэвалюцыя распачалася 22 лістапада 2004 году, калі стала зразумела, што стары рэжым скраў выбары. Фальшаваньне вынікаў галасаваньня падчас барацьбы вымагае пэўнага мастацтва, аднак у фальшаваньні ў Данбасе, сілавой базе тагачаснага прэм’ер-міністра Януковіча, не было нічога мастацкага. Данецк афіцыйна абвесьціў пра ашаламляльную перамогу Януковіча (97 %), зрэшты, не зусім неверагодную, бо на Галіччыне мы сутыкаемся з амаль такой жа аднадушнай падтрымкай Юшчанкі. Але Данецк аж занадта «загнуў», дакладваючы пра пагалоўную яўку выбарцаў, бо тыя ж 97 % на 10 % перавышаюць яўку ў любой вобласьці па-за Данбасам, на 16 % – сярэднюю яўку ўва Ўкраіне ды на 19 % – у самой Данецкай вобласьці ўсяго тры тыдні перад тым. Тое, што абачлівы статыстык прызнаў бы малаймаверным, Майдан (а за ім і ўрады Захаду) назваў немажлівым. Ішлося пра тое, што ў Данбасе было сфабрыкавана прынамсі тры чвэрткі мільёна галасоў, і ўжо толькі гэта ставіла пад сумнеў маленькую (2,9 %) афіцыйную перавагу Януковіча ў агульнанацыянальным выніку. Вядома, не бракавала і сведчаньняў пра тысячы парушэньняў у мясцовых акругах усёй усходняй ды паўднёвай Украіны, уплыў якіх на агульнанацыянальны вынік ацаніць складана. Неўзабаве ўсплылі доказы таго, што адміністрацыя прэзыдэнта перахоплівала і зьмяняла дадзеныя, якія высылаліся ў ЦВК тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі. Пра гэта сьведчылі запісаныя тэлефонныя размовы, хаця высьвятленьне іх аўтэнтычнасьці зазвычай вымагае часу. Акурат шок, спрычынены перадусім відавочнымі і грубымі парушэньнямі ў Данецку, змусіў АБСЭ ды заходнія ўрады адмовіцца прызнаць вынікі другога туру, і акурат гэта, відаць, вывела людзей на Майдан. Як апавядаў адзін расеец-наглядальнік ад эўрапейскай арганізацыі, на радзіме Януковіча яго ўразілі ня так самі парушэньні, як адкрытасьць і бессаромнасьць, зь якімі іх зьдзяйсьнялі. Гэтае нахабства – назавем яго пыхай некампэтэнтнасьці – зрэшты, і вынесла рэжыму прысуд, але для яго скіданьня патрэбны быў працяглы грамадзкі ціск. І акурат у гэты момант усе, пачынаючы зь Юшчанкі, блукалі ў поцемках. Таму хаця ў размовах пра тое, што Памаранчавая рэвалюцыя, маўляў, была наступствам заходняга ўмяшаньня, ёсьць нейкае зярнё праўды, аднак у сутнасьці яны глыбока памылковыя. Студэнцкі рух «Пора», на якім трымаліся памаранчавыя, быў сапраўды вельмі добра арганізаваны і, бясспрэчна, абавязаны сваім вышкалам як сэрбскім і грузінскім калегам, гэтак і амэрыканскім фундацыям. Каб утрымліваць пасярод Кіева намётавае мястэчка, былі патрэбныя сродкі, прычым немалыя, але гэтыя рэсурсы сыходзілі хутчэй ад кола заможных хаўрусьнікаў Юшчанкі (якія, дарэчы, зь цягам часу склалі ядро кабінэту Цімашэнкі), чым ад усюдыіснага дзядзькі Сэма. Ува Ўкраіне абарочваліся значныя грашовыя сумы, і ня ўсе яны належалі прыхільным да Януковіча алігархам. Ад самага пачатку памаранчавых падзеяў адбыўся масавы выхад людзей на вуліцы, і тых, хто выходзіў, усё большала, а ня меншала. Можна спрачацца наконт колькасьці народу на вуліцах, але аднаго позірку на Майдан хапала, каб у галаву прыходзілі Бэрлін, Прага ці Бухарэст 1989 году. Або Бялград 2000-га ці Тбілісі 2003-га. З пункту гледжаньня тэорыі рацыянальнага выбару, была дасягнутая «крытычная кропка», калі перавагі ўдзелу ў калектыўных дзеяньнях пераважылі меркаваную цану за гэта. Гэтага ніхто ня мог спрагназаваць. Гэтага не магло адбыцца ўва Ўкраіне. На ўсіх сэмінарах па ўкраіністыцы, якія я наведваў цягам апошніх гадоў, у прыватнасьці і на тым, які я зладзіў за месяц да другога туру, усе аднадушна згаджаліся: грамадзянская супольнасьць ува Ўкраіне заслабая, каб зрынуць постсавецкі аўтарытарны рэжым. Прага-1989 у Кіеве? Ня варта нават і марыць. Але акурат гэта і адбылося. Рэвалюцыя была перадусім адкрыцьцём таго, што ўкраінскае грамадзтва карэнна зьмянілася за гады незалежнасьці. У выніку масавага, але мірнага паўстаньня ў цэнтры Кіева пад ціск патрапілі хутчэй старыя эліты рэжыму, а не заходнія ўрады. Захаду было значна прасьцей не прызнаць вынікаў выбараў, зважаючы на такую колькасьць людзей на вуліцах і відавочныя фальшаваньні ў Данецку, нават дарма што Францыя ды Нямеччына, якія заўжды пільнуюць свае нафтавыя інтарэсы ў заклапочанай памаранчавым рухам Расеі, зусім ня мелі патрэбы ў гэтым. Ад таго часу, калі ў тэрмінах вулічных дэманстрацыяў была пераадоленая крытычная кропка і Захад пачаў трымацца ў баку ад Украіны, лёс Памаранчавай рэвалюцыі залежаў ад згуртаванасьці элітаў старога рэжыму. Як піша ельскі палітоляг Кіт Дардэн у кніжцы «Шантажысцкая дзяржава», стары рэжым (насамрэч адмысловае і ня надта даўняе ўтварэньне пэўнага постсавецкага асяродзьдзя) мусіў падарваць уладу дзяржаўных установаў (бясьпеку, фіскальную сыстэму, рэгіёны, асьвету) на карысьць аднаго з кандыдатаў і ягоных прыхільнікаў. У пэўным сэнсе гісторыя паўстаньня «Нашае Ўкраіны», Юшчанкавай палітычнай машыны, ёсьць гісторыяй асобных чыноўнікаў, якія працавалі на Кучмаў рэжым, але зь цягам часу праз прымус альбо расчараваньне адышлі і пасьля аб’ядналіся, каб кінуць выклік гэтаму рэжыму. З другога боку, Памаранчавая рэвалюцыя ёсьць гісторыяй магутных элітаў, якія парвалі з Кучмавым рэжымам, захаваўшы кантроль над сваімі інстытуцыямі. Перад першым турам толькі Ўладзімер Літвін, колішні кіраўнік Кучмавай адміністрацыі, які як старшыня парлямэнту меў бы стаць Кучмавым паплечнікам, быў на мяжы адступніцтва; пасьля 27 лістапада, калі Вярхоўная Рада не прызнала вынікаў другога туру, да гэткага выбару пачалі схіляцца і іншыя асобы. Пад ціскам вуліцы адступніцтва прыняло характар лавіны. Рэктары ўнівэрсытэтаў дазволілі студэнтам браць удзел у дэманстрацыях. Абласныя рады абвесьцілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў. Дыпляматы за мяжой асудзілі фальсыфікацыі. Мэдыйныя магнаты аслабілі адміністрацыйны кантроль над праграмамі навінаў. І найважнейшае: сілы бясьпекі адмовіліся ўжываць сілу. Апошняй кропляй стала пастанова Вярхоўнага Суду, якой быў скасаваны другі тур і прызначаны трэці, насуперак выказанай Кучмам волі. Да рэвалюцыі тыя, хто сачылі за падзеямі ўва Ўкраіне, ведалі, што пералом будзе залежаць ад таго, ці адступіць крытычная маса эліты ад старога рэжыму. Немагчыма было прадбачыць, што запусьціць гэтую сьпіраль рэнэгацтва. Інакш кажучы, немагчыма было прадбачыць памаранчавы рух. Але чым ён быў? Бо тут жа ідзецца не пра пытаньні палітыкі, якія звычайна займаюць галоўнае месца ў выбарчых баталіях, а пра пэўны працэс. Ідзецца не пра радасную гатовасьць пераняць нэалібэральную мадэль эканомікі і не пра геастратэгічныя інтарэсы Амэрыкі, а пра сыстэматычныя злоўжываньні выканаўчай улады ўва Ўкраіне ды няшчырасьць абвяшчэньня стратэгічнага курсу на Эўропу на фоне рэгрэсу ўва ўсіх палітычных, эканамічных і праўных паказьніках эўрапейскасьці. Памаранчавая рэвалюцыя – гэта твор грамадзянскае супольнасьці ў рэальным часе, на нашых вачах: упершыню ўва ўкраінскай гісторыі арганізаванае грамадзтва дало рады выступіць супраць улады. Адкуль жа ўзялася гэтая грамадзянская супольнасьць? Мне падаецца, што крытычную ролю адыгралі два чыньнікі: генэрацыйны і нацыянальны. Памаранчавы рух пачаўся з «Поры» – групы студэнтаў, якія на час абвяшчэньня незалежнасьці былі дзецьмі альбо падлеткамі, і закончыўся ці не наймаладзейшым урадам з часоў бальшавіцкай рэвалюцыі (сярэдні век міністраў – 44 гады). Бясспрэчна, на Майдане былі прысутныя прадстаўнікі ўсіх узроставых групаў, і больш сталых людзей там таксама не бракавала. Аднак здаецца справядлівым сьцьвярджэньне, што рухавіком як «у нізох», так і ў цэнтральным кіраўніцтве было пакаленьне, якое ня мела ўплыву ў савецкі пэрыяд. Лягічна дапускаць, што сваімі поглядамі на дзяржаву яно можа быць чым заўгодна, але ня Homo sovieticus-ам. Акурат гэта найбольш непакоіць суседзяў-аўтакратаў на чале з Расеяй, калі яны ацэньваюць экспартны патэнцыял Памаранчавай рэвалюцыі. Вядома, з чаго б гэта маладое постсавецкае пакаленьне ў Расеі павінна павесьці сябе інакш пры такой самай нагодзе? Што да нацыяналізму – дык шмат для каго гэта непрыстойны тэрмін, якім імкнуцца празьмерна часта не карыстацца. Нягледзячы на гэта, ён важны як панятак параўнальнага палітычнага аналізу. Тут я хачу як мага выразьней патлумачыць, што маю на ўвазе. Нацыяналізм – гэта заява на палітычны сувэрэнітэт, што грунтуецца на сьцьвярджэньні культурнай адрознасьці. Зазвычай уважаюць, што француская мадэль нацыі супярэчыць гэтаму сьцьвярджэньню, але ўрэшце французы вызначылі французаў як тых, хто гаворыць па-француску, дый годзе. Яны былі і застаюцца вельмі неталерантнымі да моўнае разнастайнасьці. Ува Ўкраіне нацыяналізм можна ўважаць адным з чыньнікаў рэвалюцыі, бо адна частка электарату значна больш згуртаваная ў разуменьні прыроды культурнай адрознасьці Ўкраіны. Гэты электарат найбольш шчыльны ў заходняй Украіне, на абшарах, што аж да Другой сусьветнай вайны (за адным напаўвыняткам) не належалі да расейскай дзяржавы – ні імпэрскай, ні савецкай. Заходнія ўкраінцы не запоўнілі Майдану толькі сабой, але, амаль няма сумневу, што іх, асабліва галічанаў, было на Майдане найбольш. Выдаліўшы іх з раўненьня, мы атрымаем сур’ёзную арганізацыйную праблему. Але калі мы пакінем іх на Майдане ў самоце, дык атрымаем яшчэ большую праблему. Памаранчавая рэвалюцыя не была галіцкім бунтам. Мы хутчэй сьведкі таго, як украінцы заходняй і цэнтральнай Украіны ўпершыню сыходзяцца рэальна, а не сымбалічна, як у 1919 годзе. З пункту гледжаньня выбарчай арытмэтыкі, прарыў Юшчанкі, несумненна, адбыўся акурат у цэнтральнай Украіне. Хаця мы яшчэ ня маем доступу да сыстэмных дадзеных, але трэба меркаваць, што большасьць дэманстрантаў, якія не паходзяць з заходняй Украіны, паходзяць з цэнтру. На ўзроўні элітаў адметны таксама склад новага Кабінэту міністраў. З дваццаці трох міністраў толькі чатыры паходзяць з усходу, але і ўсяго чатыры – з захаду. Амаль дзьве траціны – з цэнтральнай Украіны. Данбаскія СМІ часьцяком стваралі прывід Галіччыны, якая захапіла Ўкраіну, але насамрэч з Галіччыны паходзіць толькі адзін міністар. Дзяржаўную палітыку сёньня вызначае цэнтральная Ўкраіна. Чаму гэта важна? Грамадзянская супольнасьць, якую адкрыла Памаранчавая рэвалюцыя, пусьціла сваё карэньне акурат там, дзе ўкраінская нацыянальная сьвядомасьць мае больш пасьлядоўны характар. Гістарычна нацыяналізм, вядома, можа прышчапіцца да любой ідэалёгіі. У міжваеннай заходняй Украіне ўкраінскі нацыяналізм арыентаваўся на аўтарытарную мадэль грамадзтва, вельмі пашыраную ў тагачаснай Цэнтральнай Эўропе. На пачатку незалежнасьці нацыяналістычны мэйнстрым, здавалася, больш апекаваўся мундурам дзяржаўнасьці, чымся зьмястоўнымі рэформамі. Але Кучмагейт давёў, што адзінай групай, здатнай чыніць арганізаваны – хай нават пакуль што беспасьпяховы – супраціў зьнішчэньню дэмакратыі, зьяўляюцца нацыяналісты. Калі не зважаць на радыкалаў, дык нацыяналісты ў гэты вырашальны момант паказалі сябе дэмакратамі, больш за тое – адзінымі дэмакратамі. Пытаньне, якое мы мусім сабе паставіць, гучыць так: чаму тады і цяпер людзі мабілізаваліся ў адных рэгіёнах (захад і цэнтар), але не мабілізаваліся ў іншых (усход і поўдзень)? Мой адказ тычыцца таго, як людзі ставяцца да нацыянальнай ідэнтычнасьці. Украінцы цэнтру ды захаду маюць больш выразнае бачаньне сваёй ідэнтычнасьці, а глыбейшае пачуцьцё салідарнасьці ўмацоўвае іх здольнасьць да калектыўных дзеяньняў. Акурат такі нацыяналізм і спрычыніўся да Памаранчавай рэвалюцыі, якая набыла форму народнага паўстаньня за адкрытае грамадзтва, арыентаванае на Эўропу. А досьведу нацыяналізму «інтэгральнага» даўно ўжо месца на звалцы гісторыі. Але памаранчавы рух заваяваў толькі палову краіны, і яна геаграфічна вельмі канцэнтраваная. Што мы з пэўнасьцю ведаем пра гэтую палярызацыю? У трэцім туры выбараў Януковіч перамог у дзесяці абласьцях, сабраўшы галасы трохі менш чым паловы (48 %) усяго электарату. Юшчанка перамог у сямнаццаці абласьцях, набраўшы трохі больш за палову (52 %) усіх галасоў. Перамагаючы, Януковіч набіраў у сярэднім 75 % галасоў. Перамогу Юшчанкі вызначалі 80 %. Толькі ў адной вобласьці разрыў быў параўнальна невялікім – на Херсоншчыне, дзе Януковіч перамог Юшчанку зь лікам 51 % супраць 43 %. У астатніх тэрыторыях розьніца паміж кандыдатамі была велічэзнай. Найменшы пасьля Херсону разрыў бачым на Кіраваградчыне, якая якраз і злучае цэнтар з поўднем. Тут Юшчанка перамог Януковіча з розьніцай у 31 адсотак (63 % супраць 32 %), якая ў любым іншым месцы лічылася б разгромнай. Можна паглядзець на ўсё гэта інакш, калі падзяліць Украіну на рэгіёны. У прафэсійных дасьледаваньнях ідзе цікавая дыскусія наконт таго, як найлепей іх вылучаць, але дазволю сабе зьвярнуцца да прынцыпаў, якімі карыстаюся ўжо цягам дзесяці гадоў, вызначаючы пяць рэгіёнаў і беручы Кіеў у дужкі. Паводле гэтага падзелу, да Януковічавай зоны належаць прамысловы ўсход і напаўпрамысловы-напаўсельскагаспадарчы поўдзень, тады як пераважна сельскагаспадарчая Юшчанкава зона дзеліцца на тры рэгіёны, адпаведна часу іх падпаданьня пад уладу Масквы: Левабярэжжа (з 1640-х гадоў), Правабярэжжа (з 1790-х) і Захад (з 1940-х). Сталіца Кіеў як прамысловы магніт ёсьць велізарным выняткам з гэтага сельскагаспадарчага краявіду. 26 сьнежня Януковіч набраў 79 % на ўсходзе ды 70 % на поўдні, а Юшчанка – 72 % на Левабярэжжы, 78 % у Кіеве, 78 % на Правабярэжжы ды 89 % на Захадзе. Геаграфічная палярызацыя больш яркая і адчувальная, чым дзесяць гадоў таму, калі на выбарах 1994 году колішні прэм’ер-міністар Кучма нечакана абышоў тагачаснага прэзыдэнта Краўчука на 6 %, здабыўшы 51 % супраць 45 %. На тых выбарах не ішлося пра дэмакратыю, бо галасаваньне адбылося параўнальна празрыста й свабодна, і ніхто не аспрэчваў легітымнасьці Кучмавай перамогі. Павучальным ёсьць параўнаньне рэгіянальнага падзелу галасоў з выбарамі 2004-га году. Калі супастаўляць іх зь Януковічам і Юшчанкам, дык падтрымка Кучмы і Краўчука паміж 1994 і 2004 гадамі практычна не зьмянілася на ўсходзе, поўдні і захадзе: пераможца здабыў 75 адсоткаў на ўсходзе і поўдні, і 90 % – на захадзе. Амаль усе зьмены адбыліся ў цэнтры: на Лева- ды Правабярэжжы, а таксама ў сталіцы. Левы бераг падтрымаў Кучму ў адносінах два да аднаго (66 да 31 адсотка), і тады гэты было найвялікшай загадкай. Цяпер Левы бераг тры да аднаго прагаласаваў за Юшчанку (72 да 24 адсоткаў). Правабярэжжа прайшло шлях ад параўнальна блізкага выніку (54 да 42 адсоткаў за Краўчука) да татальнай падтрымкі Юшчанкі чатыры да аднаго (78 да 19 адсоткаў). У 1994-м годзе крытыкі тэорыі палярызацыі сьцьвярджалі, што Правабярэжжа выконвала ролю буфэра паміж палярызаванымі ўсходам і захадам. Але цяпер, за выняткам маленькага Херсону, такога буфэру больш няма. Паміж 1994 і 2004 гадамі электаральную арыентацыю істотна зьмяніла адна праслойка грамадзтва – сяляне. Да нядаўняга часу толькі на захадзе, то бок там, дзе не было досьведу сацыяльных катаклізмаў калектывізацыі і голаду трыццатых гадоў, сялянства было нацыянальна арыентаваным. У сельскагаспадарчым сэрцы цэнтральнай Украіны сяляне пераважна галасавалі за сацыялістаў ці камуністаў. Паўтараліся 1917–1918 гады, хаця і зь іншых прычынаў: нацыянальны рух апанаваў захад, сталіцу і некаторыя ўрбанізаваныя раёны цэнтру, але ня даў рады прарвацца ў вёску. Найвялікшым Юшчанкавым дасягненьнем стала ягоная здольнасьць сабраць пад сваім штандарам вясковую Ўкраіну. Гэта пачалося падчас парлямэнцкіх выбараў 2002 году і набыло гегеманічны характар у апошнім туры прэзыдэнцкае сагі 2004 году. Мы яшчэ ня ведаем, як само сялянства стала памаранчавым. Зноў жа, патрэбныя сур’ёзныя палявыя дасьледаваньні. Ёсьць два магчымыя сцэнары. Першы – актывацыя грамадзкае клясы, якую фактычна зламалі ў трыццатыя гады. За апошняе дзесяцігодзьдзе сялянства магло разьвіць палітычную сьвядомасьць, якая настроіла яго крытычна да ўлады і спачувальна да памаранчавых ідэяў. Сялянства, можа, і не стаяла на Майдане ў лістападзе–сьнежні, але акурат яго ўстаноўка галасаваць за зьмены абумовіла долю старога рэжыму. Магчыма, упершыню за ўкраінскую гісторыю сялянства стала палітычна актыўным складнікам маладой палітычнай нацыі. Другая магчымасьць вытлумачэньня засяроджаная на элітах. Верагодна, што сяляне (ці з-за эканамічнай залежнасьці, ці з-за спадчыны 1930-х гадоў) і надалей збольшага слухаюцца мясцовай улады, але за апошняе дзесяцігодзьдзе лад яе паводзінаў зьмяніўся. Пры ўсіх размовах пра тое, як «адмінрэсурс», то бок злоўжываньне мясцовымі адміністрацыйнымі пасадамі, перакруціў вынікі першага туру выбараў у кастрычніку 2004 году, ніхто ня здолеў мне ўцямна растлумачыць, чаму адмінрэсурсы павінны былі спрацаваць ува ўсходняй і паўднёвай Украіне, але ня ў іншых месцах. Зьвярніце ўвагу на тое, што гэта адбывалася ўва ўмовах, калі ўлада чыніла ціск на ўсе мясцовыя адміністрацыі, каб тыя падтасавалі вынікі за Януковіча, і калі Юшчанку выключылі зь перадачаў асноўных тэлеканалаў, якія трансьлююцца ўва ўсіх рэгіёнах. Чаму шантажысцкая дзяржава не змагла шантажаваць усіх, асабліва ў аддаленых вясковых мясцовасьцях? Амэрыканскі палітоляг Люкан Вэй зазначыў, што праект аўтакратычнай рэстаўрацыі, здавалася б, пасьпяховы ў Расеі, ува Ўкраіне спатыкнуўся аб структурную праблему, якая палягае ў падзеле ўкраінскіх элітаў па нацыянальным пытаньні. Нягледзячы на шантажысцкую дзяржаву, да рэвалюцыі парлямэнт ува Ўкраіне быў больш незалежным, чым у Расеі, а выбарчы працэс – значна больш канкурэнтным. Паводле Вэя, ува Ўкраіне разьвіўся выпадак «дэфолтнай дэмакратыі», правілы якой у любы момант парушаліся выканаўчай уладай, аднак гэтая дэмакратыя была дастаткова моцнай, каб не дазволіць рэжыму забясьпечыць патрэбныя яму вынікі выбараў. Яшчэ ў кастрычніку 2004-го ніхто ня мог прадбачыць Памаранчавай рэвалюцыі, але й ніхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, чым скончацца выбары. (Пэсымісты з украінскай інтэлігенцыі прадракалі змрочны апакаліпсыс і страшэнна памыліліся.) Насамрэч перад рэвалюцыяй справа выглядала так: незважаючы на геркулесавыя намаганьні рэжыму Кучмы сарваць выбары, яму не ўдалося перашкодзіць дэмакратычнаму прэтэндэнту зрабіць пераканаўчы крок да перамогі. Такі ўзровень плюралізму ў сыстэме, цалкам зьнішчаны ў Беларусі, моцна аслаблены ў Расеі, але інтрыгоўна магутны ў Малдове ды ўва Ўкраіне, Вэй тлумачыць існаваньнем структурнага падзелу ў элітах у стаўленьні да нацыяналізму. Нэасавецкая дзяржава не змагла цалкам перацэнтралізавацца, усталяваць нанова тое, што расейцы і ўкраінцы называюць «вэртыкальлю» дзяржаўнай улады, бо эліты маюць стымул аб’ядноўвацца вакол двух полюсаў, і гэты стымул «аўтаматычна» прышчапляе пэўны ўзровень плюралізму ў сыстэме. Чаму элітам у вясковых раёнах цэнтральнай Украіны ўдалося выстаяць перад ціскам сумнавядомага адмінрэсурсу з цэнтру? Бо яны адчулі глыбінную зьмену ляяльнасьці сярод выбарцаў? Ці, можа, тут дзейнічае нешта яшчэ, што зрабіла іх успрымальнымі да памаранчавага дыскурсу? Гэтта я хацеў бы ўвесьці моўную пераменную. Украіна – дзьвюхмоўная краіна, – не па дзяржаўнай палітыцы, а з пункту гледжаньня сацыялягічных дасьледаваньняў, – і ейнаму насельніцтву ўласьцівае няпростае стаўленьне да мовы. Украінцы бачаць розьніцу паміж мовай, зь якой яны сябе атаясамліваюць; мовай, якой яны аддаюць перавагу ў камунікацыі, калі маюць выбар, і мовай, на якой бы яны хацелі, каб іх дзеці навучаліся ў школе. Мова выбару ды падтрымка Януковіча ці Юшчанкі ў рэгіёнах, як высьветлілася, выдатна карэлююць паміж сабой. У цэнтральнай і заходняй Украіне частка насельніцтва, што хоча карыстацца ўкраінскай мовай, складае прыблізна 75–80 %, і падтрымка Юшчанкі тут практычна такая самая. Ува ўсходняй і паўднёвай Украіне ад 75 да 80 адсоткаў насельніцтва аддаюць перавагу расейскай мове, і падобную ж падтрымку аказваюць Януковічу. Памаранчавая рэвалюцыя занялася на ўкраінскамоўных абшарах, дзе «ўкраінскамоўны» азначае практычныя паводзіны, а не сымбалічную адданасьць. Паводле практычных крытэраў сялянства цэнтральнай Украіны, то бок група, што прывяла Юшчанку да перамогі, на 99 % украінскамоўная. Гэта зноў вяртае нас да нашага пытаньня. Што падштурхоўвае сялянства і/або вясковыя эліты ўспрымаць памаранчавыя ідэі? Ці можа гэта мець нейкае дачыненьне да таго, што яны жывуць у пераважна ўкраінскамоўным сьвеце? Паміж другім і трэцім турамі выбараў агульнанацыянальныя СМІ адкрыліся, а назіральнікі заўважылі, што асьвятленьне абедзьвюх кампаніяў збалянсавалася і Януковіч, які раптоўна падаўся ў адпачынак, страціў падтрымку адмінрэсурсаў. Досыць дзіўна, што тры тыдні памаранчавай ліхаманкі не зрабілі адчувальнага ўплыву на ўсходнюю ды паўднёвую Ўкраіну. Падтрымка Януковіча на гэтай пераважна ўрбанізаванай тэрыторыі засталася нязьменнай, і калі нейкія нязначныя зьмены і адбыліся, дык зноў жа ў сельскай мясцовасьці. Аднак у цэнтральнай Украіне і без таго даволі нізкі адсотак за Януковіча абваліўся. З улікам фальсыфікацыі яўкі выбарцаў у Данецку, галоўным адрозьненьнем паміж другім і трэцім турам было тое, што памаранчавая зона стала яшчэ больш памаранчавай, паглыбіўшы палярызацыю. Як нам трактаваць гэты стан? Адзін падыход прапануе адкінуць палярызацыю як неправамерную, г.зн., з аднаго боку, лічыць, што адсотак, які Юшчанка здабыў у трэцім туры, адлюстроўвае сапраўдныя жаданьні ягоных выбарцаў, а з іншага – адначасова не згаджацца з тым, што ў Януковічавым выпадку адбылося тое самае. Іншымі словамі, адсотак за Юшчанку сапраўдны, а адсотак за Януковіча сумнеўны. Адна з варыяцыяў гэтага аргумэнту, якая, здаецца, натхняе Цімашэнку і Юшчанку, такая: хаця падлік галасоў у трэцім туры быў легітымным, аднак умовы, што змусілі людзей галасаваць так, як яны прагаласавалі, легітымнымі не былі. Грамадзянская супольнасьць не прышчапілася ўва ўсходняй і паўднёвай Украіне, і людзі тут значна больш уразьлівыя да маніпуляцыяў сваіх элітаў. Адсотак, набраны Януковічам, ня быў легітымным, бо быў прадуктам закрытага грамадзтва. Паколькі кампанія за адкрытае грамадзтва бярэ пачаткі ў заходняй і цэнтральнай Украіне, дык і сыстэматычныя рэформы давядзецца навязваць з-за межаў усходняй Украіны. У выніку гэтае высновы фармуецца такі Кабінэт Міністраў, у якім мізэр украінцаў з усходу. Складваецца ўражаньне, нібыта Ўкраіну насяляюць два сьветы, адзін зь якіх намагаецца разьвітацца з савецкай грамадзкай мадэльлю, а другі дагэтуль ня мае ніякай ініцыятывы ў процівагу дзяржаве, нягледзячы на глыбінныя эканамічныя зьмены. Чаму гэтае насельніцтва супраціўляецца зьменам? Я раіў бы пайсьці далей за дапушчэньне, што людзі яшчэ не ўсьведамляюць сваіх інтарэсаў, і зьвярнуць увагу таксама на нацыянальнае пытаньне. Геаграфічная палярызацыя ўва Ўкраіне ня ёсьць этнічнай. Большасьць насельніцтва ўсходу і поўдня Ўкраіны ўспрыняла ўкраінскую ідэнтычнасьць у тым варыянце, у якім яе пашырала савецкая нацыянальная палітыка. Акурат таму страх сэпаратызму беспадстаўны, бо цяжка сабе ўявіць, з чаго б гэта людзі, якія атаясамліваюць сябе з украінцамі, хацелі б адасобіцца ад тэрыторыі, што называецца Ўкраіна, якой яны да таго ж практычна кіравалі цягам васьмідзесяці гадоў. Адзіным выняткам тут ёсьць Крым, дзе этнічныя расейцы дагэтуль складаюць большасьць і дзе сэцэсійны рух у дзевяностых гадох меў сапраўдны патэнцыял. Аднак цягам усёй Памаранчавай рэвалюцыі Крым заставаўся пасіўным, і яўка выбарцаў у гэтым рэгіёне, у адрозьненьне ад Данбасу, была ніжэйшай за сярэдні паказьнік ува Ўкраіне. Усходнія ўкраінцы называюць сябе ўкраінцамі, але ня так, як заходнія. (Тут, спрошчана, «усходнія» павінна азначаць усходніх і паўднёвых, «заходнія» – цэнтральных і заходніх украінцаў.) Усходнія ўкраінцы, у адрозьненьне ад заходніх, не ўспрымаюць ідэнтычнасьці як нечага вынятковага. У савецкі пэрыяд яны адчувалі сябе адначасова ўкраінцамі і савецкімі грамадзянамі. Зь зьнікненьнем савецкай ідэнтычнасьці яны адчуваюць сябе кінутымі на волю лёсу, яны няпэўныя, да чаго ім прымацаваць сваю ўкраінскую ідэнтычнасьць. А за апошняе дзесяцігодзьдзе ў цэнтральнай Украіне цалкам магла выкрышталізавацца ўкраінская ідэнтычнасьць. Я намагаюся тут падкрэсьліць сувязь нацыянальнай ідэнтычнасьці, г.зн. таго, як людзі пазыцыянуюць сваю ідэнтычнасьць, з большым цэлым. Сувязь дае ўпэўненасьць у сабе. А ўпэўненасьць выклікае зусім іншае стаўленьне да Расеі, што насьцярожвае расейскі ўрад і расейцаў наагул. Усходнія ўкраінцы – не расейцы, аднак яны адчуваюць сябе вельмі блізкімі да Расеі ў тым, як інтэрпрэтуюць сваю мінуўшчыну і будучыню. Заходнія ўкраінцы не адчуваюць гэтай сувязі, а калі і адчуваюць, дык у значна меншай меры. Рэч у тым, што заходнія ўкраінцы схіляюцца да думкі, што гэтае двухслойнае разуменьне ідэнтычнасьці на ўсходзе можна перабудаваць. Гэта можна назваць «нацыятварэньнем» у этнічным сэнсе; мовай нацыянальных актывістаў гэта называецца зрабіць з усходніх украінцаў «сапраўдных» украінцаў. Але цалкам магчыма, што ў рэгіянальным досьведзе ўсходняй Украіны ёсьць штосьці пругкае, што ператварае гэты праект у ілюзію. Справа ня ў мове як такой, але ў мове, што існуе ў пэўным гістарычным рэгіёне. Усходнія ўкраінцы глядзяць на Памаранчавую рэвалюцыю праз прызму свайго рэгіянальнага досьведу, і расейская – мова, на якой яны гавораць, робіцца сымбалем гэтага самабачаньня. Яны адкідаюць памаранчавасьць не таму, што прыроджана не ўспрымаюць праекту адкрытага грамадзтва, а таму, што адчуваюць сваю адасобленасьць ад яго. У Памаранчавай рэвалюцыі ішлося пра нараджэньне ўкраінскай палітычнай нацыі, то бок пра ўзьнікненьне ў насельніцтва здольнасьці арганізоўвацца незалежна ад дзяржавы ды не паддавацца дзяржаве ў часы крызы. Аднак гэтую палітычную нацыю пакуль абмяжоўваюць выразныя гістарычныя рэгіёны: цэнтар і захад. Найбліжэйшым выклікам для Ўкраіны ў наступныя гады стане праблема, як пашырыць гэтую палітычную нацыю на ўсход і поўдзень, даць іх насельніцтву зразумець, што яно актыўна належыць да Ўкраіны, напоўніць зьместам яго грамадзянства (ці грамадзянскую ідэнтычнасьць). Але далучэньне да палітычнай нацыі наўрад ці зьдзейсьніцца ад аднабаковага бачаньня таго, як трэба канструяваць нацыянальную ідэнтычнасьць. Калі расейцы ў Расеі мусяць зразумець, што яны ня могуць аднабакова навязваць украінцам сваё бачаньне ўкраінскасьці, дык і заходнія ўкраінцы ня могуць накідаць свайго разуменьня ўкраінцам усходу. Ідзецца пра стварэньне магчымасьцяў для існаваньня розьніцы, якая грунтуецца на ідэнтычнасьці. Можа, час расшыфруе ўсе гэтыя заклікі да «фэдэралізму» на ўсходзе як кодавае слова, што азначае дапасаваньне. Мы мусім памятаць, што ўсходнія ўкраінцы могуць успрыняць першыя сыгналы постпамаранчавасьці як самазьдзяйсьняльнае прароцтва: Юшчанка забараняе нават слова «фэдэралізм», а ў Кабінэце Цімашэнкі няма нікога, хто прадстаўляе ўсход у вачах усходу, вось і выходзіць, што героі Памаранчавай рэвалюцыі імкнуцца іх ігнараваць.
Пераклаў з украінскай Сяргей Богдан паводле: Критика 4/2005 |
(Dominique Arel) – палітоляг, прафэсар Атаўскага ўнівэрсытэту, спэцыяліст з праблем цэнтральнаўсходнеэўрапейскай палітыкі. Сурэдактар (разам з Дэйвідам Кетцэрам) калектыўнай манаграфіі «Census and Identity: The Politics of Race, Ethnicity and Language in National Censuses» (Cambridge, UK, 2002), рэдактар акадэмічнага інтэрнэт-бюлетэню «The Ukraine List» (UKL). Аўтарская назва зьмешчанага тут тэксту – «The "Orange Revolution": Analysis and Implications of the 2004 Presidential Election in Ukraine» (The 3d Annual Stasiuk-Cambridge Lecture on Contemporary Ukraine). |
|