A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АЛЕСЬ АРКУШ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алесь Аркуш
Сысова сьвятасьць і паганства


ЗНАЁМСТВА

З Анатолем Сысом я пазнаёміўся напачатку ліпеня 1986 году ў рэдакцыі «Маладосці». Я прынёс Яўгеніі Янішчыц новыя вершы для публікацыі, і на калідоры сустрэў Сыса з Шніпом. Апошні мяне і прадставіў. Прыйшоў у Дом друку я зь дзяўчынай. Пакуль размаўляў у кабінэце зь Янішчыц, Сыс, разьвітаўшыся са Шніпом, чакаў мяне з Ларысай на калідоры. Сам прапанаваў схадзіць куды-небудзь разам.

Пайшлі ў кавярню «Батлейка». Сыс пачаў агітаваць, каб паўсюль гаварылі па-беларуску – ня толькі міжсобку. Маўляў, спачатку нязручна, нібыта сорамна, ніякавата, але варта сябе пераадолець. «Вось глядзіце, як я зараз зь ім буду размаўляць». Сыс падыходзіць да стойкі і зьвяртаецца да бармэна: «Калі ласка, нам тры марозівы і тры філіжанкі кавы». Маладзён пачаў выконваць замову. «Ну, во, зразумеў зь першага разу», – узрадавана канстатаваў Сыс.

Мы селі за столік, Сыс узяўся нас абслугоўваць.

– А ты ведаеш, што ён мне сказаў, пакуль мы цябе чакалі? – пытаецца Ларыса гульлівым голасам.

– І што? – мне сапраўды цікава, пра што яны гаварылі на калідоры безь мяне.

– Сказаў, што ты добры хлопец, і мне варта трымацца цябе.

– І слушна сказаў, – жартую з пачуцьцём удзячнасьці да новага знаёмага.

Гучна сьмяёмся.

У размовах мінулі амаль дзьве гадзіны. Анатоль гаварыў пра «Талаку», пра моладзь, якая выбрала беларушчыну, пра маладую беларускую літаратуру, параіў зьвярнуць увагу на Разанава і Галубовіча. Напрыканцы сустрэчы запрасіў узяць удзел у масоўцы чарговай тэлеперадачы пра беларускую рок-музыку, якую рабіў на БТ Віталь Сямашка.

Перадача запісвалася 15 ліпеня з удзелам «Бонды». Я прыйшоў з Ларысай і братам Віктарам. Брат троху паздымаў нас сваім «Зэнітам». Гэта, бадай, найлепшыя здымкі Анатоля, якія ёсьць у маім архіве. Малады, амбітны, са сьветлым тварам. І толькі калі Сыс пасьміхаўся, на ягоным твары праяўлялася блазенская пячатка.

УРОКІ ЛІТАРАТУРЫ

Увосень 1986 году мы сустракаліся амаль штотыдзень. Пераважна на літаратурных вечарынах. 23 верасьня ўпершыню пабачыў і пачуў, як Сыс чытае свае вершы са сцэны. У Доме літаратара адбывалася сустрэча рэдакцыі «Маладосці» з чытачамі. Свае вершы чыталі Някляеў, Макаль, Аўрамчык, Канапелька і Сыс. Анатоль «прашаманіў» свае галоўныя «гіты»: «Спаўзаючы зь церня…», «У гэтай краіне ня маю я дому…», «Пацір». Нават Някляеў, які меў багаты досьвед чытаньня з эстрады, выглядаў побач з Сысом блякла. Гэта быў тэатар аднаго паэта. І нават не тэатар, а нешта стыхійнае, містычнае – рытуальныя малітвы на паганскім капішчы. Слухаць чытаньне Сыса было страшна.

У той жа час я ўпершыню наведаў інтэрнацкі пакой Сыса на Авангарднай. Ён у той час працаваў на тэлебачаньні, прычым ня творчым супрацоўнікам, а тэхнічным, і ад працы меў жытло. Мяне зьдзівіў парадак у пакоі. Я быў студэнтам «наргасу» і прывык да бязладзьдзя студэнцкіх клятушак. А тут пабачыў амаль хатнюю ўтульнасьць. Дарэчы, у Сыса быў таксама надзвычай ахайны почырк.

Пасярэдзіне пакою, дзелячы яго на дзьве часткі (з Сысом разам жыў нехта яшчэ, але начаваў рэдка), стаяла вялікая кніжная паліца. Чаго там толькі ні было! Памятаю, як Сыс, нібыта найвялікшую каштоўнасьць, паказваў цяжкую таміну «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Ластоўскага, іншыя «нацдэмаўскія» старадрукі. Сыс любіў Разанава і шмат яго чытаў. З расейскіх паэтаў у той час захапляўся Юр’ем Кузьняцовым. Зь вялікай павагай і цеплынёю ён ставіўся да Ларысы Геніюш. Наведваючы родную Гомельшчыну, Сыс заўсёды скупляў усе вартыя кнігі ў вясковых і местачковых кнігарнях – і дарыў знаёмым. Ёсьць сысоўскія падарункі і ў маёй бібліятэцы, напрыклад, «На чабары настоена» Ларысы Геніюш.

Сыс, ці то жартам, ці ад жаданьня, як сапраўдны вялікі паэт, мець вучняў, прапанаваў мне свае ўрокі паэзіі. Я прыносіў Анатолю новыя вершы, ён іх уголас дэклямаваў і выносіў вэрдыкт. Часта гэта гучала нешматслоўна: «херня».

Існуе легенда, што Сыс быў самародкам з божым таўром, народжаны ў пажары. Сыс сам гэтую легенду пашыраў, даводзячы, што ў яго «выпендрываньняў няма». Насамрэч, ён быў адукаваным і начытаным паэтам. Сын вясковай настаўніцы, ён скончыў філфак Гомельскага ўнівэрсытэту, свой шлях у літаратуру пачынаў з эпіграмаў на «сямідзясятнікаў», а гэта значыць, добра ведаў літаратурны наробак сваіх папярэднікаў, разумеў яго хібы і вартасьці. Няшмат ягоных калегаў па літцэху мелі такую адукацыю. Галубовіч і Шніп, якія таксама прыйшлі ў літаратуру зь вёскі, побач зь ім выглядалі самавукамі. Сыс разьбіраўся ў тэорыі вершаскладаньня, мог адрозьніць ямб ад харэю, жаночую рыфму ад мужчынскай, – гэта было рэдкай зьявай у коле тагачаснай літмоладзі. Культура вершаскладаньня добра заўважная ў ягоных вершах. Яны прасякнуты літаратурнымі алюзіямі, культурніцкімі беларускімі мітамі, схаванымі цытатамі.

НАРОДЖАНЫ АДРАДЖЭНЬНЕМ

Шмат хто ўва ўспамінах пра Сыса згадвае, што ён называў сябе сынам Янкі Купалы. Я таксама ад яго гэта чуў. У 1986 годзе Анатоль паўсюль хадзіў са значкам з выяваю Купалы. Па-мойму, няслушна трактаваць гэтае сысоўскае «прымазваньне» да клясыка як праяву «зорнага трызьненьня». Гэтым «самазванствам» Сыс, найперш, імкнуўся засьведчыць сваю місію «будзіцеля нацыі», каб завершыць справу Купалы.

Менавіта Сыс першым у 1980-х выйшаў на палітычныя мітынгі з паэтычным словам. Ягоныя выступы несьлі вялікі эмацыйны зарад. Яны заводзілі натоўп, як добрая рок-музыка. У той час ніводнае масавае палітычнае мерапрыемства ў Менску не адбывалася без удзелу Сыса. Я бачыў дзясяткі яго выступаў: на сцэне Дому літаратара, на мітынгу ў Верхнім горадзе, на паседжаньнях «Тутэйшых», у Вязынцы ля помніка Купалу, на Вальным Сойме маладзёвых суполак. Сыс рыхтаваўся да іх, як рок-музыґкі рыхтуюцца да канцэрту. З раніцы напярэдадні выступу ён хваляваўся, «накручваў» сябе, як спружыну.

Дарэчы, Сыс любіў рок-музыку. Неяк апавёў мне пра тое, як займаўся патрыятычным выхаваньнем хлопцаў з гурту «Магістрат», якія пасьля яго «апрацоўкі» засьпявалі па-беларуску. А аднойчы прызнаўся, што калі б не заняўся паэзіяй, дык абавязкова стаў бы рок-музыґкам. Сыс вельмі ўсьцешваўся, калі на ягоныя вершы пісалі песьні. Ён мог бы стаць і добрым акторам.

У «Тутэйшых» Сыс ачольваў фракцыю «патрыётаў», якія ператваралі літсуполку ў палітычную арганізацыю, што ішла ў фарватэры моладзевага нацруху разам з «Талакой».

Калі хваля адраджэньня 1980-х разьбілася аб хвалярэзы 1990-х, з Сысом адбылася трагедыя разбурэньня. Гэтак бывае з прафэсійнымі спартоўцамі, якія кідаюць займацца спортам.

СУПРАЦЬСТАЯНЬНЕ З ГЛЁБУСАМ

Мне цяжка сказаць, у чым тое супрацьстаяньне палягала, але яно было і адбілася на жыцьці Сыса. У 1986–1987 гадах, калі я часта бачыўся і размаўляў з Сысом, амаль пры кожнай гутарцы ён згадваў Глёбуса. Пераважна нэгатыўна, маўляў, ён і піша ня так, і паводзіць сябе несумленна. Сыс нават прыдумаў тэрмін для ўрбаністычнай паэзіі Глёбуса – «гудрон», а суполку Глёбуса – Сьцяпан, Шайбак, Клімковіч, Сіўчыкаў – называў не інакш як «глябусятнік». Неаднойчы чуў аповеды пра бойкі між Сысом і Глёбусам, пра канфлікты, разборкі, зьвягі.

23 кастрычніка 1986 году я наладзіў у «наргасе» сустрэчу студэнтаў з Сысом і Сіўчыкавым. Яна скончылася канфліктам паміж гасьцямі. Усё, што нахвальваў Сіўчыкаў, Сыс ваяўніча аспрэчваў. «Наргасаўская» шматтыражка «Экономист» з гэтай нагоды 29 кастрычніка 1986 году напісала:

Когда закончилось чтение, разошлись не сразу. И о прозвучавших стихах спор разгорелся, и о позиции авторов. И даже сами поэты крепко поспорили.

Сыс мэтанакіравана адваджваў мяне ад «глябусятніка». «Я цябе пазнаёмлю зь іншымі людзьмі», – сказаў Анатоль пасьля «наргасаўскай» сустрэчы і павёз на кватэру Ганны Фурс, якую прадставіў мне як сяброўку Ларысы Геніюш.

Віктар Шніп у шостым нумары «Крыніцы» за 2001 год, прысьвечаным Сысу, апісаў, як Глёбус «разьбіраў» рукапіс першай кнігі Анатоля:

З усяго рукапісу (будучага «Агменю») Глёбус пахваліў нейкую пару вершаў. Сыс заплакаў… Пазьней мне Глёбус казаў, што рукапіс вельмі сыры і слабы, а да ўсяго – з Сыса нічога асаблівага ня будзе (выдасьць пару кніжак, і ўсё) і закончыць ён вельмі дрэнна…

Ня думаю, што крыўда ад тае бязьлітаснай крытыкі і сталася прычынай супрацьстаяньня паэтаў. Было нешта іншае, больш істотнае, сьветагляднае. Сыс пачуваўся побач з сынам вядомага пісьменьніка, якому было значна прасьцей уладкоўвацца ў жыцьці, гэткім клясычным «пралетарам», які мусіць сам дамагацца «месца пад сонцам». Але і гэта не галоўнае. Па-мойму, між імі ішла барацьба за лідэрства ў тагачасным асяродзьдзі літмоладзі. І кожны не зьбіраўся саступаць адзін аднаму. Гэтая барацьба ўзмацнілася падчас заснаваньня і дзейнасьці літсуполкі «Тутэйшыя». Кожнае паседжаньне завяршалася «перабрэхваньнем» паміж Сысом і Глёбусам.

У беларускай савецкай вёсцы 1970-х, якая выхавала Сыса, быць «крутым» значыла многа піць і быць мацнейшым у бойцы. У горадзе канца 1980-х «круцізна» вызначалася іншым паказчыкам: колькасьцю і вартасьцю купюраў у кішэні.

Сыс з Глёбусам спаборнічалі да канца.

ЗОРНАЯ ХВАРОБА

Тое, як Сыса пачала апаноўваць «зорная хвароба», адбывалася ўжо не на маіх вачах – у другой палове 1987-га я зьехаў у Полацак.

Але і раней Сыс пры любой нагодзе дэманстраваў сваю творчую перавагу над іншымі, асабліва ў асяродзьдзі раўналетак. Памятаю, у траўні 1987-га едзем на электрычцы ў Вязынку на сьвята паэзіі. Сыс нешта апавядае-апавядае і раптам зьвяртаецца да мяне:

– А ты ніколі ня будзеш пісаць лепш за мяне!

Я мушу годна адказаць:

– Буду, пачакай, мой час наперадзе.

Як бы падыгрываю яму.

– Давай паспрачаемся на пляшку каньяку!

– Давай!

Спрачаемся, нехта перабівае нам рукі. Анатоль адразу пераключаецца на нешта іншае. Гучна сьмяецца з сваіх, часам задужа прымітыўных, жартаў.

У 1992 годзе на музычны фэст «Басовішча» на Беласточчыну прыехаў ужо зусім іншы Сыс, якога я ня ведаў раней. Ён беспрабудна піў і скандаліў. Бедная Міра Лукша некалькі дзён запар цягала яго на сваіх дзявочых плячах. У мяне ёсьць відэазапіс, як Сыс выйшаў на сцэну пасьля выступу «Крамы» і пачаў чытаць «Пацір». Лысы, у бруднай майцы, у нагавіцах зь неахайна задранымі калашынамі. Разагрэтая публіка пачала сьвістаць і галёкаць. Сыса гэта яшчэ больш распаліла. Ён пачынаў раўсьці ў мікрафон нечалавечым голасам. Прачытаўшы радок «і сталі дружна, шчыра, шчыльна», ён спыніў чытаньне, нясьпешна прайшоўся па сцэне, прафэсійна вытрымаў паўзу, узяў загадзя падрыхтаваную шклянку з гарэлкай у рукі і дачытаў верш:

      І сталі дружна, шчыра, шчыльна,
      Як на касьбе ці на сяўбе.
      Паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
      І кожны выпіў за сябе…

Гэта выглядала прыкладна гэтак сама, як Маякоўскі чытаў у кавярнях у жоўтай кофце: «Вот вы, мужчина, у вас в устах капуста…»

Скончыўшы чытаньне, Сыс тэатральна выпіў шклянку гарэлкі. Адразу загучалі першыя акорды «Мроі». Сыс пачаў танчыць і блазнавацца на сцэне, затым за руку выцягнуў з натоўпу на подыюм хлопца. Удвух яны ўзяліся імітаваць ігру на гітарах. «У мяне сола, а ў яго бас», – пракрычаў Сыс у мікрафон. Відэакамэра здымала са сцэны, чуваць, як Сыс на вуха кажа хлопцу: «Ня бойся». Гэтых «гітарыстаў» ледзь сьцягнулі з сцэны.

Гэта быў вялікі пэрформанс. Сыс разьвітваўся з мроямі. Сусьвет не зьмяніўся ад ягоных малітваў. Беларусь не пачула беларуса. «Ніхто яго не пакахаў…»

ПАЭЗІЯ – ГЭТА СЬВЯТОЕ

Пры ўсёй дэпрэсіі, у якой Сыс знаходзіўся апошнія 15 гадоў свайго жыцьця, уласная паэзія заставалася для яго вялікай сьвятыняй. Ён заўсёды верыў у яе прызначэньне і «абранасьць».

Але ён зайздросьціў тым пісьменьнікам-раўналеткам, хто здолеў стварыць нармальныя сем’і, нарадзіць дзяцей. Ён разумеў, што з гэтым шчасьцем незваротна разьмінуўся. Ён шкадаваў, што не пабраўся ў маладосьці шлюбам зь дзяўчынай, якую кахаў. Ён маніў, што недзе растуць яго дзеці, часта называў імёны жанчын – іх матак. Выглядала гэта непрыгожа, бо жанчыны гэтыя мелі сем’і, і дзеці тыя былі абсалютна не сысоўскія. Ён марыў! Ён трызьніў!

Сваю першую кнігу «Агмень» ён падпісаў мне наступным чынам: «Алесь, віншую цябе з нараджэньнем сына і з выхадам кніжкі! 30.ХІ.88 г. Менск». Ён як бы падкрэсьліваў, што сын важнейшы за кніжку.

Сыс гасьцяваў у мяне ў Полацку аднойчы. Напрыканцы лістапада 1999 году разам з Чаропкам ён прыехаў на прэзэнтацыю сёмага нумару часопісу «Калосьсе». Я сустрэў іх на чыгуначным вакзале п’яных і добра пакамечаных. Па дарозе яны ад душы «накаруселілі». Сыс пачаў калярытна, як тое мог рабіць толькі ён, апавядаць пра іх прыгоды. Пасьля доўга мяне ўгаворваў, каб я даў яму выпіць да прэзэнтацыі. Прыйшлося здацца. Але найперш Сыс прыняў ванну і адпрасаваў свой гарнітур, які прывёз з сабой.

– Падарунак з Амэрыкі, ад Валі Якімовіч, – патлумачыў ён нам.

– Сыс, канчай ты ўжо піць, пара за розум узяцца, – сказала яму мая жонка Тацяна.

– Ты што, мне сьмерці хочаш? Ды я не магу без гарэлкі, мой бацька мяне такім зрабіў, калі зачаў – палова было спэрмы, палова алькаголю.

Я прапанаваў Сысу выдаць ягоны новы зборнік у сэрыі «Бібліятэка часопісу «Калосьсе».

Ён спытаў:

– А ты ганарары плаціш?

– Не.

– Ну дык чаго прапаноўваеш, я выдаюся толькі ў «Мастацкай літаратуры».

І адмовіўся.

У наваполацкай бібліятэцы, дзе адбывалася прэзэнтацыя, ён перапужаў сваім чытаньнем і сьпітым тварам бібліятэкарак, якія сядзелі ў першым радзе. Чытаць у яго не выходзіла. Спыніўся на палове першага ж верша і скрушна прамовіў: «Чаму так плакаць хочацца?» На ягоныя вочы сапраўды наварочваліся сьлёзы. Сеў, затым зноў пачаў чытаць са зборніка «Пан лес», затым зь нейкіх паперак, якія шпурнуў па прачытаньні ў залю. Ён заставаўся артыстам, але гэта ўжо была цьмяная копія Сыса канца 1980-х. Для чытаньня сваіх вершаў ужо не было энэргіі. Чары зьніклі, бо ў грамадзтве зьнікла запатрабаванасьць у гэтых чарах. Сьвятасьць аказалася апаганенай. Капішча раскіданым. Адраджэньне скончылася чарговым правалам.

Увечары, калі пасьля прэзэнтацыі ён зноў выпіў, яму зрабілася блага. Жаліўся на язву страўніка, піў ваду з содай. Але празь нейкі час зноў сеў за стол з чаркамі.

Сыс, нават з хворым страўнікам, працягваў піць. У яго зьявілася плойма эпігонаў, якія капіявалі ягоныя «антысацыяльныя» паводзіны і ў п’яным чадзе разважалі пра сваю абранасьць. Дапамагчы Сысу было ўжо немагчыма. Набліжаўся канец.

Чэрвень 2005, Полацак

  пісьменьнік, публіцыст. Выдавец легендарных альманахаў «Калосьсе» і «Ксэракс беларускі». Яго апошняя паэтычная кніжка – «Прывід вясны» (Менск: Логвінаў, 2003).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07