A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ | ||||
А як вы ставіцеся да «крывавай Мэры»? Галоўны недахоп кнігі дыялёгаў – нястача шасьці старонак. Іх 660, а магло б быць і 666. У выніку быў недарэчна згублены апакаліптычны сымбалізм і атрымаліся бессэнсоўнымі кроплі крыві зь літараў назову на вокладцы. – Скажыце мне, Андрэй, хто зацікавіцца 660-старонкавым эсэ пра тое, як вы бачыце сусьвет? – Гэта абраза? – Гэта вымушанае працьверажэньне аўтара, што знаходзіцца ў рэвалюцыйнай эўфарыі. – А як жа мае прыхільнікі? – Тыя дзьве тысячы замест паўмільёна? – Але ж будуць іншыя. – І замест кожнага забітага ўстане пяць? – Мы з вамі па розныя бакі барыкадаў? – Мы з вамі жывём у розных Беларусях. – Гэта добра, што ў кожнага з нас розная Беларусь. – Але ці добра, што ў тэарэтыка рэвалюцыі Беларусь адрозьніваецца ад Беларусі шараговага грамадзяніна ці нават ад Беларусі выканаўцы рэвалюцыйных праектаў? – Гэтую кнігу я пісаў дзеля вас. Гэта не дыялёг з кнігі, гэта мой уяўны дыялёг з аўтарам. Непахісны ў сваёй веры ў сябе, аўтар дыялёгаў сягае далёка за межы, самадазволеныя сучаснымі беларускімі апазыцыянэрамі. Андрэй Клімаў выпускае здаравенную задуменную кнігу 50-тысячным накладам, адкрыта прызнаецца, што бачыць сябе прэзыдэнтам, і ў той жа час не-не дый жыгане ўласны народ сатырай: «– Справа нават не ў табе. – А ў кім? – У нашым народзе. – Чым жа табе народ насаліў? – А ён ужо без дыктатараў ня можа абысьціся» (з дыялёгу «Павал Уладзімераў»)1.
|
журналіст, філёзаф. Жыве і працуе ў Магілёве. |
«– Калі б яны [людзі] маглі сябе рэалізаваць у звычайным жыцьці, навошта ім трэба было б захапляцца перад звышнатуральнымі магчымасьцямі ўлады й грошай?
– Аднак хіба можна бяз гэтага ўсяго абысьціся? – А хіба не? – Вось чаму беларусы дэградуюць і цалуюць зад дыктатару» (з дыялёгу «Павал Данэйка»). «– Выходзіць, беларусы толькі тым і занятыя, што дзень пры дні, гадзіна за гадзінай забіваюць свой інтэлект?» (з дыялёгу «Васіль Старавойтаў»). Кніга, прэзэнтаваная як палітычны маніфэст, па сутнасьці працягвае даўнюю філязофскую традыцыю выкладаць палемічныя тэмы й палітычныя канцэпцыі ў форме размовы. Прыклады – дыялёгі Плятона, канфуцыянскі «Лунь Юй», творы П’ера Абэляра. У нашым выпадку чытач ад самага пачатку паглыбляецца ў хаатычную мяшанку фразаў, пазбаўленых выразнага кантэксту і, наагул, гледзячы па ўсім, разьлічаную на спрацоўваньне ў чытача эфэкту дадумваньня. Вельмі зручная форма палітычнага маніфэсту, дарэчы. Уплеценыя ў жывую размову, лёзунгі ажываюць, і ў той жа час няма патрэбы іх абгрунтоўваць і тлумачыць. Надзвычай элегантна эфэкт дадумваньня спрацоўвае ў дыялёгу «Кама сутра». Ужо толькі прачытаўшы назву гэтага дыялёгу, я прыкладна ўявіў сабе, што зьбіраецца рабіць з электаратам А. Клімаў. Апісваючы стратэгію й тактыку паводзінаў узорнай каханкі, што імкнецца заваяваць прыхільнасьць мужчыны, аўтар кароткімі фразамі ілюструе ўсю гаму сваіх верагодных адносінаў зь беларускім народам. «– [Яна, каханка] будзе хаваць свой гнеў. – [Ён, народ] ня будзе на мне спаганяць зло, назьбіранае за часы кіраваньня Лукашэнкі? – Ніколі ня будзе пагарджаць ім у ложку, калі ён паварочвае да яе свой твар. – Заўсёды з гатоўнасьцю пойдуць на размову са мной? – Будзе лашчыць любую частку цела, якую ён пажадае. – Прымуць, што маім саюзьнікам на выбарах будзе Пуцін? – Будзе цалаваць і абдымаць яго, пакуль ён сьпіць. – Пачнуць прапагандаваць маю кандыдатуру сярод родных, сяброў і знаёмых?» Ці то задуменнасьць і разважлівасьць, ці то флегматычнасьць аўтара, ці то наўпрост паважлівы ўлік уяўнай і татальнай разважлівасьці, чытай – флегматычнасьці беларускага чытача, але думку аўтара ў кнізе нельга назваць імклівай. Яна нетаропка перапаўзае з дыялёгу ў дыялёг, пакідаючы адну-дзьве ясныя фразы на пару старонак. Абвяшчэньне рамантычных памкненьняў аўтара («– Выходзіць, ты адзін бярэсься біцца з Лукашэнкам? – Так»2), ягоных індывідуальных амбіцыяў («Значыць, табе ўсё ж такі спатрэбіцца падтрымка прадпрымальнікаў. – Ня зараз. – Калі? – Калі ўлада ўжо будзе ў маіх руках»3), характарыстыка прыкладных умоваў для перамогі («Ад Лукашэнкі можна пазбавіцца, толькі вярнуўшы да ўлады Вярхоўны Савет 13-га скліканьня?»4), некаторыя рысы магчымай рэвалюцыі («– Возьмуць уладу на месцах яшчэ да завяршэньня падліку галасоў?»5), сымболіка стратэгіі палітычнай барацьбы («У краіне, дзе заасфальтаваныя ўсе палі чалавечых эмоцыяў, прабівацца да сумленьня людзей можна толькі адбойным малатком»6), а таксама філязофскія развагі («– Ты ўсё ж скачаш з аднаго трамваю. – Але трапляю ў іншы? – Затое ў цябе ўжо няма страху перад скачком»7) – зярняты, рассыпаныя па полі. І па гэтым полі млява крочыць Андрэй Клімаў, поўны надзеяў, што хоць зернейкі засохлыя былі, усё ж такі жыцьцёвая іх сіла – і гэтак далей паводле тэксту.
|
1 Тут і далей пераклад з расейскай мой. – А. Б. |
Найлепшы паводле сюжэту й пабудовы дыялёг, як і трэба было чакаць – «Аляксандар Лукашэнка». У інтэрпрэтацыі Андрэя Клімава размова аўтара з «Сашам» – сустрэча пэрсаніфікаваных дабра і зла адпаведна («Ён стаіўся. Выклік кінуты. Але ж дзе адбудзецца паядынак? Тут, на Зямлі, мы аднолькава бясьсільныя»). Звыклае да элегантных перамог, зло прапанавала аўтару папрысутнічаць пры тайнай размове ўсіх лідэраў апазыцыі. Размова адбывалася ў авальным кабінэце на Карла Маркса, 38. («Ты вырашыў зрабіць мне выпрабаваньне ў маім будучым кабінэце?» – вырвалася ў аўтара.) Удар, падрыхтаваны «Сашам», быў магутны. Вячорка, Садоўскі, Саньнікаў, Фралоў, Лябедзька, Скрабец, Манаеў, Карбалевіч, Халіп, Дабравольскі, Гразнова, Лявонаў, Чыгір, Багданкевіч, Статкевіч, Красоўская, Ганчар, Палевікова, Оргіш, Калякін, Ганчарык, Казлоўскі, Гілевіч, Раманчук, Нісьцюк і Пашкевіч, нягледзячы на статус скансалідаваных сілаў сьвятла, упалі духам ад безвыніковасьці ўласнай палітычнай барацьбы, прыйшлі да высновы, што з гэтым народам што ні рабі, ён і не паварушыцца (Чыгір: «…часам мне здаецца, што з глузду зьехала ўся краіна. – Ну, скажам, я яшчэ ў сваім розуме, – адказаў Багданкевіч. – Праўда, ад гэтага я ня стаў адчуваць сябе больш камфортна»), і ўрэшце вуснамі Пашкевіча падвялі рысу, што дапамагчы дэмакратычнай апазыцыі зможа хіба толькі Бог.
Удар у адказ дабро, увасобленае ў А. Клімаву, нанесла бязьлітасны: «Мы паедзем у саўгас «Гарадзец» – і гэтыя словы гучаць для Сашы як прысуд». Тут засядалі якраз цёмныя сілы, хцівыя і беспрынцыповыя вышэйшыя чыноўнікі дзяржавы8 плюс Абрамава, Навасяд, Марыніч (во табе на), Янкоўскі. Баючыся і свайго гаспадара, і апазыцыі, нарада падыходзіць да канцэптуальнага рашэньня: «Дэбіл не дэбіл, а дзесяць гадоў нас усіх у страху пратрымаў, – уставіў Лявонаў9. – Пара з гэтым канчаць». Вынік размовы сілаў зла быў падведзены Жураўковай: «Атрута, удаўка, куля ці абмяжуемся вар’ятняй?» Пабачыўшы, які канец рыхтуе яму бліжэйшае акружэньне, маральна зломлены Саша згаджаецца з аўтарам (аўтар пачынае й выйграе: «Ты абкружыў сябе прайдохамі. – Сам бачу. – А ў выніку ты за ўсіх адкажаш. – Так і будзе»), але здацца паабяцаў толькі «ня ў гэтай кнізе».
|
2 Дыялёг «Леў Марголін». 3 Тамсама. 4 Дыялёг «Сунь-Цзы». 5 Дыялёг «Кама сутра». 6 Дыялёг «Юры Хадыка». 7 Дыялёг «Ігар Губерман».
|
Палітык Андрэй Клімаў назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі як дэпутат, які выступіў у 1996 г. у парлямэнце з прапановай імпічмэнту прэзыдэнта. Гэта самы значны ўчынак у ягонай палітычнай кар’еры. Пасьля доўгага перапынку ў актыўнай публічнай дзейнасьці, Андрэй Клімаў цяпер выглядае чалавекам, які цьвёрда вызначыўся са сваімі мэтамі. Калі ў кнізе «Прагулкі з вампірам» ён заяўляе пра намер стаць прэзыдэнтам, дык у рэальным жыцьці ён працуе на рэалізацыю свайго намеру. Выступ 25 Сакавіка, харызматычнае бунтарства ў цэнтры падзеяў і, немалаважная рыса, зьбіраньне назаўтра вузялкоў для зьняволеных удзельнікаў «рэвалюцыі 25 Сакавіка» – няйначай граматны і пазытыўны (для пэўных колаў) PR. Пасьля тых вулічных падзеяў і пасьля выхаду гэтай кнігі ўзьнікае заканамернае пытаньне: як жа дагэтуль палітычная аналітыка абыходзілася без Андрэя Клімава? Кім ён разглядаўся і ў якой ролі? Хто гэтая асоба – чорцік з табакеркі, казырны туз у рукаве, штосьці трэцяе? Разгляданая кніга нейкі момант падаецца сублімацыяй мрояў аўтара пра прэзыдэнцтва. Надта шмат тут адпаведных грувасткіх намёкаў, часам Клімаў выглядае ня столькі тэарэтыкам, колькі фантазэрам. Пасьля Ўкраіны ды Кыргызстану людныя й пратэстныя вуліцы апанавалі сны не аднаго беларускага палітыка. Але. Эўфарыя ад дэмакратычных рэвалюцыяў залагодзіла душы беларускіх апазыцыянэраў толькі-толькі пад канец мінулага году. Кніжка ж была напісаная не пазьней за лета 2004-га (здадзеная ў друк – 30.07.2004). Грузінскі прыклад быў тады яшчэ адзінкавым і яўна ня мог раскрыць цэлую тэндэнцыю дэмакратычных рэвалюцыяў. А гэта, у сваю, чаргу паказвае на пэўную самастойнасьць у мысьленьні Клімава – ня так хваля захапіла яго, як ён чакаў хвалі і цяпер імкнецца на яе сесьці і накіраваць яе рух. Магчыма, калі б аўтар пісаў гэтую кнігу ўсё ж пасьля падзеяў ва Ўкраіне ды Кіргізіі, не было б і тых усплёскаў самакрытыкі і ўпадніцтва, накшталт: «Вы ўсе – бяздарныя гульцы адной каманды. Пакуль вы тут высьвятляеце, хто з вас лепшы, іншыя забіваюць вам гол. З гэтым вы нічога зрабіць ня можаце. (…) Так жа не бывае, каб мільёны адначасова зьехалі з глузду. (…) Вы – мёртванароджанае дзіця» (з падразьдзелу «Іосіф Бродзкі». Тут у фінале размовы Бродзкі крытыкуе Клімава, які прасіў у паэта падтрымкі ў разгар ваеннага процістаяньня на вуліцах Менску). Акрамя таго, цікава было б ведаць, ці выкрэсьліваў Клімаў нейкія фразы ці падразьдзелы з сваёй кнігі пасьля рэфэрэндуму?
Частка «Плошча Незалежнасьці» пачынаецца трагічна й гераічна. Дзяржаўны пераварот у Менску, паўстанцамі захоплены Дом ураду. Не хапае боепрыпасаў, з дахаў суседніх дамоў страляюць снайпэры, будынак ачэплены войскамі, а праз пэўны час у неба падымаюцца падуладныя А. Р. бамбавікі. Лідэр паўстанцаў А. Клімаў прапаноўвае ўсім, хто хоча, пакінуць Дом ураду, але ахвотных няма. Іншы варыянт разьвязкі прапанаваны далей, у главе «Нобэль». Тут А. Клімаў з поясам шагіда прабіраецца ў той самы будынак Адміністрацыі прэзыдэнта на Карла Маркса, 38. Выбух спыняе сам вынаходнік дынаміту, Альфрэд Нобэль, бескампрамісна заяўляючы Клімаву, што ён для падобнага ўчынку заслабы. «Дзеля таго, каб помсьціць, як мінімум трэба быць моцным або небеларусам». Гэтая разьвязка спробы рашыць праблему адным выбухам паказвае, што аўтар кнігі далёкі ад думкі, нібыта віна за сучасны стан палітычнага жыцьця ў Беларусі ляжыць на адным чалавеку. Сваю частку віны ён пакідае кожнаму, і сабе ў тым ліку. Віна галоўнага нэгатыўнага пэрсанажа тут ня ў тым, што ён нешта зьмяніў у мэнталітэце масаў, а ў тым, што, на думку Клімава, ён адпавядае гэтаму мэнталітэту.
У наступнай, трэцяй частцы кнігі, якая называецца «Менск-2016», Андрэй Клімаў ня Віктар Юшчанка, ня бог і нават не марскі цар. У першым падразьдзеле ён вязень, у другім – кандыдат у прэзыдэнты ў дзень галасаваньня. У гэтай апошняй якасьці ён выступае пад лёзунгам «Галасуй за Кліма, а то Лука вернецца» і не саромеецца ў сродках, падкупаючы і прыпалохваючы чыноўнікаў, падтасоўваючы вынікі галасаваньня. Матывацыя нячэснасьці ў барацьбе адна – а вы ўспомніце, як той з намі абыходзіўся. Перамога кандыдату Клімаву даецца дзякуючы дамове з д’яблам. У трэцім падразьдзеле прэзыдэнт Клімаў адмаўляецца мяняць сыстэму дзяржаўнага кіраваньня (бо былая, «часоў А. Р.», працавала зусім няблага) і склад новага ўраду. Д’ябал радасна пацірае рукі. Гэткае публічнае прызнаньне наяўнасьці маленькага «лукашэнкі» ў сабе павінна, відаць, пераканаць чытача ў тым, што гэты самы маленькі «лукашэнка» знаходзіцца пад поўным кантролем.
Для тых самых чытачоў, каму асобы Клімава ў кніжцы Клімава дагэтуль падалося недастаткова, аўтар (цяпер гэта Яўген Агурцоў) прадугледзеў частку № 4, «Той самы Клімаў». Прычыну падобнага ўчынку ён растлумачыў даволі завуалявана. Назва «Той самы Клімаў», паводле Я. Агурцова, узьнікла таму, што імя Клімава перасьледавала абываталя шчэ з 1992 г. Была і газэта Андрэя Клімава, і банк таго ж імя, і малое прадпрыемства, і акцыянэрнае таварыства. Абываталь мусіў бачыць дэпутацтва А. Клімава ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня працягам прамоўшэну аднаго толькі імя, тады як насамрэч гэта было сьведчаньнем «нараджэньня палітыка новай хвалі»10. Кніга, успрынятая чытачом спачатку як прамоўшэн усё таго ж імя, павінна, па задумцы аўтара/аўтараў, відаць, стаць, у першую чаргу, сьведчаньнем рэінкарнацыі палітыка новай хвалі. Тым больш што Клімаву цяпер ужо ёсьць трыццаць пяць, і канстытуцыйнае права балятавацца ў прэзыдэнты ён мае. Крымінальная судзімасьць, праўда, згадваецца, аднак калі быць пасьлядоўным праціўнікам лукашэнкаўскіх палітычных новаўтварэньняў, то судзімасьць не павінна замінаць.
|
8 Азначэньне, якое вынікае з тэксту А. Клімава. Каб дарма не рэклямаваць гэтых людзей і каб не падстаўляць пад удар часопіс «ARCHE», сьпіс не зьмяшчаецца тут. 9 Той самы? |
І, шчыра кажучы, калі ў дадзенай кнізе зьмяшчаюцца хаця б на палову ўласныя думкі, перажываньні, страхі, надзеі А. Клімава, то на тле масавага вобразу непісьменнага і некультурнага, часам беспрынцыповага сучаснага палітыка А. Клімаў выглядае чаканай фігурай для вузкага кола інтэлігентаў. Для больш шырокіх колаў гэты чалавек мог бы заявіць сябе ўжо ня толькі эпатажным палітыкам-рамантыкам, але і палітыкам-інтэлектуалам з стратэгічным мысьленьнем, зь вялікім капіталам пасьпяховага прадпрымальніка, з арэолам пакутніка, нарэшце. «Прагулкі з вампірам» сьведчаць кожным радком – ён сапраўды такі, ён сапраўды прэтэндуе, падыходзіць і гэтак далей.
Напісаная густоўна, хоць часам і нуднавата, кніга ўспрымаецца як тэкст шчыры й амбіцыйны. Як зьява шчырая, яна часам выклікае натуральны недавер у паўнаце сваёй шчырасьці. А як любая амбіцыйная заява, для таго, каб выклікаць да сябе давер чытача, яна павінна была б падмацоўвацца нейкім сапраўды значным палітычным учынкам. Але і гэты ўчынак (той самы, 25 Сакавіка) успрымаецца, хутчэй, як працяг усё той жа амбіцыйнасьці аўтара. Літаратурны тэкст – як раскіданая па старонках палітычная фантазія, палітычная практыка, як літаратурны твор з фантастычным адценьнем. Менавіта так, магчыма, будуць успрымаць маладога Клімава пазьней. Калі ён зьменіцца. Калі ён зьменіцца. |
10 с. 506. |
|